ФІЛАСОФСКА-АЛЕГАРЫЧНАЯ ПЛЫНЬ У ТВОРАХ М. БАГДАНОВІЧА І В. БЫКАВА



 

Клемянціёнак А.А.,
студэнт 3 курса УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Падстаўленка В.Ф., канд. філал. навук, дацэнт

 

У пераломныя, цяжкія часы грамадства пачынае асэнсоўваць жыццё, задумвацца над яго сэнсам. Асабліва гэта датычыцца пісьменнікаў, тых людзей, якія схільныя аналізаваць рэчаіснасць і адлюстроўваць свае назіранні ў мастацкім слове. У пачатку XX стагоддзя разважаў над праблемамі жыцця Максім Багдановіч. Напярэдадні XXI стагоддзя В. Быкаў у сваіх прыпавесцях імкнуўся скіраваць чытача да роздуму над духоўнымі аспектамі быцця, спрабаваў змяніць традыцыйнае ўяўленне пра свет.

Пры параўнанні праблематыкі філасофска-алегарычных твораў Багдановіча і Быкава назіраецца шмат адрозненняў, бо час, у які працавалі пісьменнікі, быў розным. Калі Багдановіч у сваіх празаічных творах даследаваў пераважна эстэтычныя пытанні, напрыклад, суаднесенасць жыцця і мастацтва ў паўсядзённай рэчаіснасці, то Быкаў закранаў розныя праблемы грамадства. Разыходжанні маюць месца і ў жанравай сутнасці твораў. Калі мастацкія ўзоры Багдановіча варта аднесці да жанру філасофска-алегарычных апавяданняў, то малая проза Быкава адпавядае жанру прыпавесці.

Так, у апавяданні “Музыка” Багдановіч сцвярджаў думку, што жывое мастацтва можа нарадзіць толькі сапраўдны майстар, і яно натуральна гучыць толькі тады, калі “музыка ўсю душу сваю клаў у ігру”. У творы “Апокрыф” названы аўтар распрацоўваў пытанне ролі мастацтва ў жыцці чалавека. У “Апавяданні аб іконніку і залатару” Багдановіч таксама раскрывае сутнасць сапраўднага мастацтва, вартасць якога ацэньваецца не адлюстраваннем узвышаных паняццяў, а ўменнем майстара прыгожа аздобіць прадмет. Гэтая ж ідэя раскрываецца і ў апавяданні “Шаман”. У дадзеным творы Багдановіч разважае над пачуццём прыгожага. Аўтар заўважыў, што чалавек хутчэй бачыць прыгажосць у сабе ці іншых людзях, але рэдка робіць аб’ектам прыгажосць зямлю, на якой жыве.

У сваіх прыпавесцях Васіль Быкаў раскрываў найбольш тыповыя заганы грамадства. Так, у апавяданні “Музыка” пісьменнік прааналізаваў трагічную сутнасць музыкі, які быў адарваны ад радзімы і ўсё сваё жыццё блукаў па свеце. У прыпавесці “Кошка і мышка” аўтарам раскрываецца сутнасць даверлівых, наіўных людзей, якія, трапіўшы ў кіпцюры махляроў, набліжаюцца да трагічнага фіналу. Амаральная сутнасць прагнасці да багацця, да бесклапотнага і недальнабачнага жыцця раскрываецца Быкавым у прыпавесці “Вуціны статак”, дзе, апантаны ілюзіяй пра спакойнае, заможнае жыццё, статак не паслухаўся парад старога і вопытнага важака і загінуў. У прыпавесці “Пагібель зайца” прадстаўлены трагічны лёс лідэра, які знаходзіўся не на сваім месцы, з-за чаго дазволіў кіраваць сабой і прывёў сам сябе да згубы. У прыпавесці “Герой” чалавек, які выратаваў племя ад неабходнасці жыць у небяспецы, стаў ахвярай гэтага ж племені, бо сваім геройскім учынкам знішчыў кансерватыўныя законы грамадства, якое страціла за доўгі час усе прыкметы маральнасці.

Алегарычныя творы абодвух аўтараў сутнасна адрозніваюцца і мастацкімі асаблівасцямі. У Багдановіча ва ўсіх апавяданнях дзейнічаюць вобразы людзей. Як дадатковыя, сустракаюцца таксама сімвалічныя вобразы прадметаў (скрыпка ў апавяданні “Музыка”, вобразы каласоў і васількоў у апавяданні “Апокрыф”) і вобраз Хрыста (апавяданне “Апокрыф”). Асаблівасці пабудовы філасофска-алегарычных апавяданняў Багдановіча не прадугледжваюць канкрэтнай трагічнай ці шчаслівай развязкі, паколькі размова ў творах ідзе не пра маральныя заганы грамадства, а пра эстэтычныя праблемы ў жыцці людзей. У апавяданнях Багдановіча адсутнічае падрабязнае псіхалагічнае раскрыццё вобразаў герояў, што таксама раз’ядноўвае яго філасофска-алегарычныя прыклады з апавяданнямі Быкава. Адзнакай твораў Багдановіча з’яўляецца і тое, што, у адрозненне ад Быкава, ён хутчэй сам разважае над праблемай, чым “хавае” яе пад алегорыяй і такім чынам прымушае чытача задумацца. Таму ўласна алегорыя выкарыстоўваецца Багдановічам толькі ў творах “Апокрыф” і “Музыка”. У іншых сімвалічны падтэкст развіваецца дзякуючы сістэме вобразаў людзей (іконнік, залатар, шаман і інш.).

У прыпавесцях Быкава дамінуюць вобразы жывёл (“Пагібель зайца”, “Вуціны статак”, “Кошка і мышка”, “Чародка мурашоў” і інш.). Падзеі ў творах адбываюцца ў мінулым (“Насарогі ідуць”, “Чародка мурашоў”, “Герой” і інш.). Алегарычны сэнс набываюць вобразы прадметаў (“Вежа”), міфічных істот (дракон у прыпавесці “Герой”) ці абстрактныя паняцці (“Тры словы нямых”, “Свіст”). У сюжэтах большасці прытчаў назіраецца трагічная развязка.

Агульным у пісьменнікаў бачыцца актыўная апеляцыя да алегорыі і вобразаў-сімвалаў, што ўзмацняе філасофскі падтэкст і дае чытачу магчымасць крытычна паставіцца да ўзнятай праблемы. Кампазіцыйная асаблівасць твораў абодвух аўтараў – невялікі памер апавяданняў, што характэрна для прыкладаў філасофска-алегарычнага зместу, бо аб’ектам раскрыцця ў іх з’яўляецца, звычайна, адна праблема, на раскрыццё якой накіраваны ўвесь змест твора.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што па большасці крытэрыяў філасофска-алегарычныя творы Максіма Багдановіча і Васіля Быкава адрозніваюцца паміж сабой. Але іх аб’ядноўвае галоўная рыса – аўтарскае імкненне прааналізаваць чалавечае грамадства, адшукаць у ім маральна-этычныя і сацыяльныя ідэалы.

 

 


Дата добавления: 2018-05-09; просмотров: 945; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!