ПРАБЛЕМА РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ



Ў ПУБЛІЦЫСТЫЦЫ ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ ХХ СТАГОДДЗЯ

Вараб’ёва Т.В.,

студэнтка 5 курса УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Лапацінская В.В., канд. філал. навук, дацэнт

 

Публіцыстыка (ням. рublizistik ад лац. рublikus грамадскі), від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з'явам грамадскага жыцця. Яна скіравана на аператыўнае асэнсаванне рэчаіснасці шляхам спалучэння лагічнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў даследавання і адлюстравання жыцця. Публіцыстыка спецыфічным чынам удзельнічае ў працэсах дзяржаўнага, грамадскага і гаспадарчага кіраўніцтва, выконвае сацыяльна-педагагічныя, прапагандысцкія, інфармацыйныя функцыі, фарміруе грамадскую думку. Як від грамадска-палітычнай літаратуры публіцыстычныя жанры найбольш пашыраны ў журналістыцы.

Пісьменніцкая публіцыстыка прасякнута кампанентамі мастацкай творчасці. Асноўныя яе якасці: тэарэтычная абгрунтаванасць, доказнасць, праўдзівасць, прынцыповасць, тэндэнцыйнасць, палітычная вастрыня, эмацыянальнасць, палемічнасць. Асноўныя жанры публіцыстыкі: артыкул, агляд, карэспандэнцыя, рэцэнзія.

У літаратуразнаўстве вывучэннем публіцыстыкі XX стагоддзя займаліся А.Ф. Майсеенка, У.М. Казбярук, Н.Гілевіч, У.В. Гніламёдаў, В. Каваленка, Ю. Пшыркоў і інш.

У акадэмічным чатырохтомным выданні “Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.” аўтарытэтным даследчыкам М.Мушынскім упершыню зроблены агляд развіцця беларускай крытычнай думкі па дзесяцігоддзях. Фундаментальных жа прац па гісторыі беларускай журналістыкі адзначанага перыяду няма. Адсюль вынікае актуальнасць нашага даследавання, мэта якога — даць аналіз публіцыстыкі першай паловы XX ст. з пункту гледжання разгляду ў ёй праблем развіцця беларускай літаратуры.

Сёння надзвычай важная і неабходная задача – пошук найбольш эфектыўных шляхоў пераадолення ўсеагульнага заняпаду, выратавання самабытнай беларускага культуры, мовы, захавання і адраджэння багатай народнай спадчыны нашага народа. Значную, а часам і проста неацэнную дапамогу ў падобных пошуках могуць аказаць многія меркаванні і высновы, зробленыя ў розны час прадстаўнікамі інтэлектуальнай эліты – навукоўцамі, пісьменнікамі, грамадска-палітычнымі і культурнымі дзеячамі Беларусі.

Тэма “Праблема развіцця беларускай літаратуры ў публіцыстыцы першай паловы XX ст.” знаходзіцца на стыку літаратуразнаўства і журналістыкі, таму бачыцца неабходным вывучэнне і абзор праблемных нарысаў, артыкулаў, рэцэнзій, карэспандэнтскіх нататак і г.д., што датычаць шляхоў развіцця беларускай літаратуры гэтага перыяду, якія сістэматычна друкаваліся ў перыёдыцы.

Публіцыстыка ў сілу сваіх жанравых і стылявых асаблівасцей, па прычыне шырокай адкрытасці, масавай свядомасці заўсёды запатрабавана літаратурным працэсам. Пра гэта можна меркаваць нават па колькасці перыядычных выданняў у галіне літаратуры і культуры ў пачатку XX стагодддзя – гэта “Наша доля”, “Наша ніва”, “Саха”, “Маладая Беларусь”, “Лучынка”, “Крывіч”, “Гоман”, “Вольная Беларусь”, “Крыніца”, “Беларускі шлях”, “Дзянніца”, “Беларуская думка”, “Чырвоны шлях”, “Рунь”. У 1925 годзе на Беларусі выдаваліся 42 газеты, 43 часопісы. Пры такой колькасці літаратурных і грамадска-палітычных выданняў праблемы развіцця беларускай нацыянальнай літаратуры і культуры, перш за ўсё падымаліся і абмяркоўваліся менавіта ў публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулах. Дастаткова ўзгадаць дыскусіі ў газете “Наша ніва” аб традыцыях і месцы беларускай літаратуры ў свеце, аб традыцыях і авангардзе, аб рэалізме і неарамантызме і г.д.

Напачатку 1920-х гадоў беларуская прэса актыўна выступала за аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі, будаўніцтва школ і культурна- асветніцкіх устаноў, ліквідацыю беспрацоўя і непісьменнасці. Была створана сетка новых прафесіянальна арыентаваных, галіновых, маладзежных, дзіцячых і іншых выданняў. 3 1921 г. пачалі выходзіць газеты “Чырвоная змена”, “Беларускі піянер”.

У савецкі перыяд асноўнае месца займалі газеты “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, часопісы “Вольны сцяг”, “Искусство”, “Веснік Народнага камісарыяту асветы ССРБ”, альманах Інбелкульта “Адраджэнне”, “Полымя”, “Маладняк”.

Акрамя таго, неабходна адзначыць, што па розных прычынах (напрыклад, недастатковай колькасці прафесійных крытыкаў) у якасці публіцыстаў выступалі ў перыядычным друку ўсе без выключэння беларускія паэты і пісьменнікі, ад М. Багдановіча, М. Гарэцкага, В. Ластоўскага і да В. Быкава, А. Дударава, якія на працягу ўсяго свайго жыцця ўздымалі праблемы статуса беларускай мовы, беларускамоўных школ. Аналіз крытычных і публіцыстычных выступленняў гэтых аўтараў шмат у чым пралівае святло на іх грамадзянскую пазіцыю, іх эстэтычныя праграмы, густы і прыхільнасці ў галіне літаратуры і мастацтва.

Такім чынам, даследаванне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі першай паловы XX стагоддзя дае магчымасць прааналізаваць літаратурны працэс ва ўсіх дэталях і падрабязнасцях.

 

Літаратура:

1. Гніламёдаў У.В., Казлова В.В., Лазарук М.А. Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ ст. (20 – 50- гады): Падручнік /
У.В. Гніламёдаў, В.В. Казлова, М.А. Лазарук. – Мн. : “Вышэйшая школа”, 2000. – 511 с.

 

 

ГЕНДАРНАЯ ПРЫНАЛЕЖНАСЦЬ АСОБЫ АЎТАРА І СЕМАНТЫКА АФАРЫЗМА

Гаева Г.А.,

студэнтка 3 курсаУА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Арцямёнак Г.А., канд. філал. навук, дацэнт

Афарыстыка ахоплівае ўсе сферы чалавечага быцця і дае, як правіла, аб’ектыўную ацэнку пэўным з’явам, але вялікую ролю адыгрываюць і асабістыя погляды канкрэтнага аўтара. Гэта можна наглядна прасачыць на прыкладзе гендарна маркіраваных афарызмаў. Мэта артыкула – устанавіць карэляцыі паміж зместам афарызма і асобай яго аўтара. У даследаванні прымяняліся методыкі выбаркі, супастаўлення і кантэнт-аналізу моўнага матэрыялу.

Сярод выяўленых намі беларускіх афарызмаў з гендарнай маркіраванасцю толькі 5 выслоўяў належаць пяру жанчын. У чатырох з іх даецца характарыстыка цудоўнага полу і ў адным – моцнага. Жанчынам заўсёды даецца адабральная ацэнка: Жанчыны варты моцнага кахання. Усе кахання варты як адна. Д. Бічэль-Загнетава (2, с. 50); …жанчына, калі ёй чаго-небудзь хочацца, можа рабіцца відушчай не горай за самага вялікага мудраца. В. Іпатава (2, с. 51); Хіба ж не маем мы, жанчыны, права на салодкія хвіліны глупства і слабасці? В. Коўтун (2, с. 50). Мужчыны, наадварот, ацэньваюцца негатыўна: Добра мець дзьве жонкі: адну – для амурнасьці, а дру­­гую – каб гузікі прышываць. В. Аксак (2, с. 52). На наш погляд, апошняе выказванне не столькі характарызуе мужчын, колькі ілюструе імкненне жанчын паказаць хібы моцнага полу ў вернасці ці часам нават апраўдаць уласныя заганы, акцэнтуючы ўвагу на тым, што адна жанчына з цяжкасцю можа сумяшчаць процілеглыя функцыі. 

Афарызмы, якія належаць пяру мужчын, налічваюць 30 адзінак. Сярод іх 60 % прысвечана жанчынам, 30 % – мужчынам, 10 % даюць характарыстыку асобам абодвух полаў. Афарызмы пра жанчын па змесце можна падзяліць на адмоўныя, станоўчыя і нейтральныя. Да першай групы адносяцца адзінкі, якія характарызуюць адмоўныя якасці жанчын. Ой, дый язык жа ты жаночы: ці ёсць, ці не прычына тая – усё роўна менціць і кусае. Я. Колас (1, с. 60) – афарызм сведчыць пра тое, што мужчыны часам не разумеюць прычыну незадаволенасці жанчын, якая часцей за ўсё выражаецца ў выглядзе “колкасцей” у бок мужчыны. Паверыць жанчыне ўсё роўна, як дом збудаваць на пяску. Р. Барадулін (2, с. 49) – сведчанне ілжывасці жанчын. З тых пор як чорт гдзе не дарадзе, там слухае ён бабскіх рад. Ф. Багушэвіч(2, с. 50) – як і ў парэміялогіі, сцвярджаецца сувязь жанчыны з нячыстай сілай.

У другой групе большасць складаюць афарызмы, прысвечаныя працавітасці жанчын: Жаноцкія рукі – вялікае дзела. П. Місько (2, с. 51); Усё ўмеюць жаночыя рукі – і малярыць, і каўбасу рэзаць. І.Шамякін (2, с. 49). Адлюстравана і такая рыса, як спачувальнасць: Жаночае сэрца робіцца вялікае, як свет, калі яно чуе боль знявечанага дзіцяці. К. Чорны (2, с. 50).

Да трэцяй групы адносяцца, напрыклад, выслоўі: …прывабная жанчына і на рабоце павінна аставацца прывабнай. А. Кулакоўскі(2, с. 51); Дзіўная жаночая псіхалогія! Сарамлівасць іх залежыць ад часу і абставін. І. Шамякін(2, с. 48); У рэўнасці жанчына на ўсё можа пайсці. І. Шамякін (2, с. 48); Жанчыну раўнуй не раўнуй, – сама ва ўсім разбярэцца. А. Грачанікаў(2, с. 50); Жанчыны ёсць маладыя і старыя, другіх няма. У. Сьцяпан(2, с. 52).

Афарызмы, у якіх мужчыны характарызуюць самі сябе, маюць станоўчую ці нейтральную афарбоўку: Сапраўдны мужчына паспытвае толькі дзве прыемнасці – на грудзях у сімпатычнай жанчыны альбо на хрыбце ў добрага каня. А. Карпюк(2, с. 51); Мужы са скуры лезуць, каб жонкі ўлезлі ў шкуры! Р. Барадулін(2, с. 49); У кожнага мужчыны душа – пацёмкі, ніколі бабы іх таямніц не будуць ведаць… П. Місько(2, с. 51); У мужчыне сядзіць хлапчук да глыбокай старасці. Як ні ўтаймоўвае ён яго, а не-не дый вырвецца на сваволю… П. Місько(2, с. 51).Намі зафіксаваны адзіны афарызм, які ўтрымлівае адмоўную характарыстыку. Ён паказвае на невыкананне мужчынамі таго, што яны самі патрабуюць ад жанчын: Патрабуе каханак ад жонак чужых і спёкі паўдзённай, і вернасці лебядзінай. Р. Барадулін(2, с. 49). Гэты афарызм крытыкуе “мужчынскую” логіку.

Афарызмы, якія характарызуюць адначасова асоб абодвух полаў, сцвярджаюць у жанчын жаданне павучаць, а ў мужчын – ігнараваць заўвагі, а таксама хітрасць жанчын і слабахарактарнасць, даверлівасць мужчын: Так вядзеца спакон веку: жонкі лаюцца, вучаць розуму, а няўдзячныя мужы “матаюць” на вус ды цішком пахмяляюцца. В. Гардзей(2, с. 51).

На аснове праведзенага даследавання можна зрабіць выснову, што асоба аўтара афарызма мае вялікае значэнне: жанчыны ў сваіх выказваннях большую ўвагу надаюць станоўчым рысам характару цудоўнага полу, а мужчыны – моцнага.

 

Літаратура:

1. Іваноў, Я.Я. Афарыстыка мовы мастацкага твора. Паэма Я. Коласа “Новая зямля” : Лексікаграфічны аспект : Дапаможнік / Я.Я. Іваноў. – Магілёў : МДУ імя А.А. Куляшова, 2004. – 84 с.

2. Леванюк, А.Я. Майстры кажуць… Беларускія літаратурныя афарыстычныя выслоўі : слоўнік афарызмаў / А.Я. Леванюк. – Брэст : БрДУ, 2010. – 161 с.

 

 

З’ЯВА МАТЫВАВАНАСЦІ Ў НАЙМЕННЯХ ЛЕКАВЫХ РАСЛІН

 

Гецман А.В.,

студэнтка 4 курса УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Грачыха Т.А., канд. філал. навук, дацэнт

 

Батанічныя намінацыі могуць быць матываванымі і нематываванымі. Лексічная матываванасць указвае на пэўныя семантычныя прыметы, што знаходзяцца ў аснове назвы. Назвы лекавых раслін паводле матываванасці можна падзяліць на 5 груп: 1) намінацыі паводле знешняга выгляду; 2) намінацыі паводле лекавых уласцівасцей; 3) намінацыі паводле пэўных якасцей і асаблівасцей раслін; 4) намінацыі паводле месца існавання; 5) намінацыі, у аснову якіх пакладзены міфы, легенды, народныя павер’і.

1) Намінацыі паводле знешняга выгляду. У гэту групу ўваходзяць назвы лекавых раслін, у аснову намінацый якіх пакладзены колер і форма. Паводле формы ўтвораны найменні такіх кветак, як званочкі, гарлачык. Званочак –расліна, кветкі якой падобны на званок [1, c. 72]. Гарлачык так названы таму, шторасце ў азёрах, мае буйныя кветкі, формай падобныя на гарлач [1, с. 563].  У аснове метафарызаваных назваў шпажнік і гусялапка знаходзіцца знешні выгляд раслін. Шпажнікрасліна з мечападобным лісцем [1, c. 60]. Гусялапка –  расліна са складчастымі лісткамі, якія сваёй формай нагадваюць гусіныя лапкі [1, c. 65]. Колер стаў асновай матывацыі наступных назваў раслін: жаўтушнік, падбел, чарніцы. Жаўтушнік буйная расліна з жоўтымі кветкамі ў гронках [1, c. 70]. Падбел расліна, ніжні ліст якой апушаны, бок яго мяккі і светлы [2, т. 7, с. 144]. Чарніцы кусцікавая расліна са спажыўнымі чорнымі ягадамі [1, c. 171].

2) Намінацыі паводле лекавых уласцівасцей.Дадзеную групу прадстаўляюць наступныя назвы: жывакост, чыстацел, крываўнік, гарлянка. Жывакост шматгадовая лекавая травяністая расліна, якая валодае ўласцівасцю жывіць косці [3, с. 261]. Чыстацел расліна, якая выкарыстоўваецца пры скураных захворваннях для ачышчэння цела [3,   c. 160]. Крываўнік у народнай медыцыне ўжываюць як цудоўны кроваспыняльны і раназагойвальны сродак [3, c. 158]. Этымалагічны слоўнік звязвае намінацыю крываўнік з лексемай кроў [2, т.7, с. 128]. Гарлянка – расліна, настой якой ужываецца ад болю ў горле [3, c. 110].

3) Намінацыі паводле пэўных якасцей і асаблівасцей раслін.У дадзеную групу ўваходзяць наступныя назвы лекавых раслін: малачай, медуніца, дзьмухавец, балігалоў. Малачай расліна з млечным сокам [1, c. 92]. Медуніцатак называецца таму, з’яўляецца добрым меданосам [1, с. 115]. Дзьмухавец  расліна з жоўтымі кветкамі і пушыстым насеннем, якое разносіцца ветрам [1, с. 49]. Балігалоў буйная расліна, якая вызначаецца рэзкім пахам, ад якога можа балець галава [1, c. 53].

4) Намінацыі паводле месца існавання. Да дадзенай групы адносяцца такія найменні, як макрыца, падтыннік, багун. Макрыца – невялікая расліна з паўзучым сцяблом, расце на сырых месцах [1, с. 91]. Падтыннік называецца так таму, што расце каля хат, пад тынам [2, т. 10, с. 180]. Багун – вечназялёная раслін, якая расце на пясчаных месцах і берагах, не выключаецца, што найменне мае сувязь са словам багна ‘балота’ [2, т. 1, с. 216].

5) Намінацыі, у аснову якіх пакладзены міфы, легенды, народныя павер’і.У дадзеную групу ўваходзяць наступныя найменні: браткі, трыпутнік, васілёк. Браткітравяністая расліна сямейства фіялкавых з фіялетавымі, радзей белымі або рознакаляровымі кветкамі. Пра паходжанне кветкі створаны міф. Паводле міфа, па волі злога лёсу быў дапушчаны інцэстуальны шлюб брата і сястры. Даведаўшыся пра сваё кроўнае сваяцтва, маладыя муж і жонка жахнуліся: грэх быў недапушчальны, брат і сястра ператварыліся ў “травіцу брат-сястрыцу”, або“браткі” [5, c. 51]. Трыпутнік –травяністая расліна з шырокім лісцем і дробнымі кветкамі, якая расце абапал дарог, на лугах. Паводле міфалагічных уяўленняў,назва трыпутнік звязана з матывам трох пуцей-дарожак, вядомых у фальклоры. Трыпутнік – гэта ваяр, што застаўся адзін з усяго войска, трапіў на раздарожжа і там загінуў. На месцы яго гібелі вырасла трава, трывалая, гаючая, спачувальная да людзей, іх болю [5, c. 508]. Васілёк – расліна, якая расце ў азімых пасевах, на лугах і цвіце сінімі або ружовымі кветкамі [1, c. 58]. Васілёк адносіцца да нешматлікіх кветак, што носяць мужчынскае імя. Вядома паданне, што ў гэтую кветку ператварыўся прыгожы хлопец Васіль, у якога былі сінія вочы. Яго завабілі ў жыта русалкі і там загубілі, ён стаў кветкай [4, c. 243].

Такім чынам, дыферэнцыяцыя назваў лекавых раслін паводле матываванасці даволі разнастайная. Класіфікацыя адбываецца на падставе семантычных прымет рознага характару: формы, колеру, лекавых уласцівасцей, месца існавання, якасцей і асаблівасцей расліны, міфалагічных уяўленняў пра яе.

Літаратура:

1. Раслінны свет: Тэматычны слоўнік / склад. В.Д. Астрэйка і інш.; нав. рэд. Л.П. Кунцэвіч, А.А.Крывіцкі. – Мінск: Бел. навука, 2001. – 655 с.

2. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы: [у 12т.] – Мінск: Навука і тэхніка, Беларус. навука, 1978 – 2008.

3. Мурох, В.И. Наш зелёный исцеляющий друг / В.И. Мурох, Л.И. Стекольников. – Мінск: Ураджай, 1987. – 256 с.

4. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: у 2 т. / рэдкал.: Г.П.Пашкоў [і інш.]. – Мн.: БелЭн, 2005.

5. Беларуская міфалогія: Энцыкл. слоўнік / склад. С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч [і інш.]. – Мінск: Беларусь, 2004. – 592 с.

 

 


Дата добавления: 2018-05-09; просмотров: 789; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!