З КАМПАНЕНТАМІ СЕМАНТЫЧНАГА ПОЛЯ «ВАДА»



Усцінава А.Р.,

студэнтка 4 курсаУА “ПДУ”, г. Полацк, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Лясовіч С.М., канд. філал. навук, дацэнт

 

Як і ў іншых мовах, у беларускай мове нароўні з лексічным існуе фразеалагічны слоўнікавы фонд, які налічвае каля 8000 устойлівых выразаў з непадзельным, цэласным сэнсам – фразеалагізмаў. Фразеалагізмы з’яўляюцца вынікам працяглага развіцця моўнай асобы, фіксуюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне грамадскі вопыт.

Да цяперашняга часу семантычнае поле «вада» з’яўляецца амаль не распрацаваным не толькі ў беларускай мове, але і ў іншых мовах. Была праведзена нязначная колькасць даследаванняў па вывучэнні дадзенага канцэпта ў творчасці розных беларускіх пісьменнікаў. Што датычыцца даследаванняў фразеалагізмаў з кампанентамі семантычнага поля «вада», то іх яшчэ менш. У нашай працы мы паспрабуем класіфікаваць такія адзінкі, прывесці кароткі аналіз вылучаных груп і тым самым зрабіць свой унёсак у распрацоўку дадзенага пытання.

Агульная колькасць зафіксаваных шляхам суцэльнай выбаркі на базе фразеалагічнага слоўніка [1] фразем з кампанентам семантычнае поле «вада» – 127 адзінак.

У залежнасці ад таго, якой часцінай мовы з’яўляецца «водны» кампанент у складзе фразеалагізма, увесь сабраны матэрыял можна размеркаваць на групы. Самай вялікай па колькасці групай фразеалагізмаў з’яўляюцца тыя, «водны» кампанент у якіх выражаны назоўнікам. Такіх фразеалагізмаў 68 адзінак, што складае 54 % ад агульнай колькасці сабранага матэрыялу.

Калі называць прыклады назоўнікаў, што ўваходзяць у склад фразеалагізмаў, то трэба адзначыць іх разнастайнасць. Так, вылучаюцца назоўнікі: вада (вада на млын, цёмна вада ва облацэх, лавіць рыбу ў каламутнай (мутнай) вадзе, садзіцца на хлеб і ваду); балота (чорт з балота); лёд (як лёду); мора (мора па калена); рака (малочныя рэкі [з кісельнымі берагамі]); лужына (садзіцца ў лужыну (у лужу)); ручай (у тры ручаі); крыніца (біць крыніцай); дождж (залаты дождж, пасля дожджыку ў чацвер); снег (зімой снегу не выпрасіш); раса (раса вочы выядае).

Акрамя таго, можна адзначыць выпадкі, калі «водны» кампанент, што ўваходзіць у склад фразеалагізмаў, з’яўляецца аддзеяслоўным назоўнікам: хоць патоп, пераліванне з пустога ў парожняе, перамыванне костачак, свабоднае (вольнае) плаванне.

Другой паводле колькасці з’яўляецца група фразеалагізмаў, дзе кампанент са значэннем «маніпуляцыі з вадой ці ў вадзе» з’яўляецца дзеясловам: выліваць бруд (памыі) на галаву, кругі ў вачах (уваччу) плывуць, заліваці кулі, ліць (праліваць) пот, плысці (плыць) між пальцаў, г.д. Колькасць названых фразеалагізмаў – 48 адзінак (37,5% ад усёй зафіксаванай колькасці).

Зафіксавана 7 выпадкаў (5,5%), калі водны кампанент у фразеалагізмах з’яўляецца прыметнікам: вочы на мокрым месцы; з дна марскога; мокрага месца не застанецца (не засталося); падводныя камяні; мокрыя курыца; марскі воўк; падводная плынь.

З пункту погляду сінтаксісу ўсе зафіксаваныя намі фразеалагізмы можна падзяліць на тры групы: фразеалагізмы пабудаваныя па схеме сказа, словазлучэння, ці спалучэння слоў.

Так, у першай групе вылучаюць фразеалагізмы, якія маюць форму простага двухсастаўнага сказа: душа (сэрца) крывёй абліваецца(аблілася); кругі ў вачах (уваччу) плывуць; раса вочы выядае; дождж за карак (за шыю) не лье (не капае).

Трэба звярнуць увагу на тое, што названыя вышэй фраземы маюць форму простага развітага сказа. Але зафіксаваны таксама прыклады, калі фраземы маюць структуру неразвітых сказаў: лёд растае (раставаў); як мокрае гарыць; вада не трымаецца (не трымалася, не ўстоіць); шмат вады сплыло; лёд крануўся; лёд растае (раставаў). Акрамя двухсастаўных, былі зафіксаваны прыклады і аднасастаўных сказаў: вадой не разальеш; вады не замуціць; як у ваду глядзеў; быў ды сплыў, і інш.

Былі вызначаны і такія фразеалагізмы, якія пабудаваны па схеме словазлучэння: брахаць на ваду; плысці за вадой; вазіць ваду; хаваць канцы ў ваду; чыстай (чысцейшай, найчысцейшай) вады, і інш.

Зафіксаваны таксама фразеалагізмы, якія маюць форму спалучэння слоў. У асноўным гэта спалучэнні назоўнікаў і прыназоўнікаў: у агонь і ў ваду; як лёду; хоць патоп; ад расы да расы.

Так, мы можам зрабіць выснову, што водны кампанент у фразеалагізмах у асноўным выражаны назоўнікам або дзеясловам. Сустракаюцца выпадкі, калі водны кампанент з’яўляецца аддзеяслоўным назоўнікам ці прыметнікам. Водных кампанентаў, выражаных іншымі часцінамі мовы, намі зафіксавана не было.

Большасць зафіксаваных фразеалагізмаў маюць форму словазлучэння (81%). Значна менш фразеалагізмаў, якія пабудаваны па схеме простага сказа (16,5%). Толькі 4% фразеалагізмаў уяўляюць сабой спалучэнне слоў.

 

Літаратура:

1. Лепешаў, І.Я. Слоўнік фразеалагізмаў. У 2 т. / І.Я. Лепешаў. – Мн.: «Беларус. Энцыклапедыя імя П.Броўкі», 2008. – 325 с.

 

 


Дата добавления: 2018-02-18; просмотров: 1095; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!