ВАЛЬЖЫНА МОРТ: ПАЭЗІЯ СУЧАСНАСЦІ



Дубоўская Т.А.,

магістрантУА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Русілка В.І., канд. філал. навук, дацэнт

 

Сучасная беларуская паэзія прадстаўлена шматлікімі імёнамі: Віктар Слінко, Зміцер Вішнёў, Алесь Замкоўскі, Віка Трэнас, Алесь Давыдаў і многія іншыя. Інтэлектуальная накіраванасць, філасафічнасць, метафарычнасць, асацыятыўнасць, імкненне да сінтэзу, роздуму над быційнымі праблемамі – рысы, якія характарызуюць творчасць вышэйназваных паэтаў. Асобнае месца сярод гэтых аўтараў займае Вальжына Морт.

Мэта даследавання – аналіз творчасці В. Морт, вызначэнне ідэйна-тэматычных, жанравых і стылёвых асаблівасцей паэзіі аўтара.

Метады даследавання – дэскрыптыўны і структурна-тыпалагічны.

Вальжына Морт – беларуская паэтка, якая жыве за мяжой (у ЗША) і піша свае вершы па-беларуску. Яе творы перакладзены на нямецкую, польскую, шведскую, англійскую, літоўскую, латышскую, славенскую, балгарскую, украінскую мовы. В. Морт з’яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў «Я тоненькая, як твае вейкі» (2005), «Фабрыка слёз» (2008).

Вобразнасць, метафарычнасць, наяўнасць глыбокага падтэксту, эпатажнасць – асноўныя рысы паэзіі В. Морт.

У сваёй творчасці аўтар прытрымліваецца апалінэраўскай традыцыі. Свабодная форма верша, адсутнасць знакаў прыпынку, вынясенне ключавых слоў у асобны радок – усё гэта робіць творы паэткі шматсэнсоўнымі і глыбокафіласофскімі.

Адна з цэнтральных тэм творчасці В. Морт – тэма бацькоў. Галоўная фігура ў вершах В. Морт – бабуля Яніна, якой прысвечана кніга паэткі «Фабрыка слёз»: «мая бабуля / ня ведае болю / яна думае што / голад – гэта ежа / галота – гэта багацьце / смага – гэта вада / < … > яна глытае сонечныя зайчыкі таблетак / называе інтэрнэт тэлефонам у амэрыку» [2, с. 303].Успаміны пра бабулю поўняцца ў аўтара шчымлівым болем за яе нялёгкае жыццё, пяшчотнай любоўю і замілаваннем: «… і я сяджу на кукішках / і выю ваўком / на белую поўню тваёй галавы / бабуля / я кажу табе гэта ня боль / гэта так моцна цябе абдымае бог / цалуе і коле сваёй няголенай шчакою» [2, с. 303].

Паэзія В. Морт – гэта роспачны крык аўтара, гэта змаганне за родную мову і яе самастойнае існаванне: «… мова такая маленькая, / што яшчэ й размаўляць ня ўмее. / а ты, беларусь, у гістэрыцы, / табе ўсё здаецца, / што акушэркі пераблыталі скруткі. / што ж табе зараз карміць чужое дзіця, / сваім малаком паіць мову чужую?» [2, с. 304]. Верш прасякнуты лініяй барацьбы аўтара паміж цынізмам і патрыятызмам: «гэта ня мова, / бо няма ў ёй ніякай сыстэмы. / яна, як сьмерць, раптоўная й неразборлівая, / як смерць, ад якой немагчыма памерці, / як сьмерць, ад якой мерцьвякі ажываюць» [2, с. 305]. Недагаворанасць, намёк на праблемнасць, спроба крытычнага асэнсавання існуючых праблем узмацняюць эмацыйны бок твора.

Захаванне маральна-этычных каштоўнасцей у чалавеку – тэма многіх вершаў В. Морт: «… мы ня ведаем ні дабра ні зла / часам нашымі словамі можна рэзаць мяса / калі нам здраджваюць / мы заходзім глыбока ў ваду / і глядзім як нашае сэрца / ўзьбівае акіян у пену / і адкідвае высокія хвалі / ў якіх на беразе захлынаюцца дзеці» [1, с. 143]. Жорсткаць, бессардэчнасць чалавечых адносін падкрэсліваецца праз алегарычны змест верша. Адначасова аўтар уздымае праблему пасіўнасці, бяздзейнасці, абыякавасці чалавека да асабістага жыцця, што прыводзіць да яго духоўнай дэградацыі: «Мы надта маладыя, каб жыць, / і старыя, каб ісьці на вайну. / Наш занятак – / хутчэй астыць. / Наша справа – пайсьці ка дну. / Нашая ганьба – нашая слава…» [1, с. 145]

Асобнае месца ў творчасці В. Морт займае тэма кахання. Інтымнасць, незвычайная вобразнасць, лаканічная метафарычнасць – характэрныя рысы лірыкі кахання паэткі: «такое белае тваё цела / што падае на мяне як сьнег / у нас кожную ноч – зіма» [1, с. 143]; «ці гэта згублены табою волас / пусьціў карэнне / пасьля таго як на пустыню прасьціны / ўпалі / дажджом доўгачаканыя целы…» [2, с. 302]. Экспрэсіўнасць лексікі і вынясенне ключавых слоў у асобны радок падкрэсліваюць ідэйную аснову вершаў і надаюць творам эмацыйную напружанасць.

Такім чынам, В. Морт – гэта аўтар, якога хвалююць тэмы сучаснага жыцця. Паэтка заклапочана сённяшнім станам роднай мовы і роднай краіны, узаемаадносінамі паміж людзьмі, захаваннем імі маральна-этычных каштоўнасцей. Экспрэсіўнасць лексікі, асацыятыўнасць, імкненне да нечаканай вобразнасці, да эпатажнасці робяць паэзію В. Морт арыгінальнай і запамінальнай.

 

Літаратура:

1. Морт, В. «Дэгустацыя галасоў»: [вершы] / В. Морт // Дзеяслоў. – 2008. – № 4. – С. 142–146.

2. Морт, В. Музыка саранчы: [вершы] / В. Морт // Arche. – 2005. – №. 6. – С. 301–306.

 

 


Дата добавления: 2018-02-18; просмотров: 1081; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!