ВЕРБАЛІЗАЦЫЯ КЛЮЧАВОГА САЦЫЯЛЬНАГА ПАНЯЦЦЯ «РАДЗІМА»



Ў БЕЛАРУСКАМОЎНАЙ ПРАСТОРЫ

Калеснікава А.А.,

аспірантУА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Рудэнка А.М., доктар філал. навук, прафесар

 

Уводзіны. Паняцце «радзіма» з’яўляецца адным з ключавых у сферы культуры і нацыянальнага менталітэту, рэпрэзентуецца ў любой мове і мае асаблівае значэнне для кожнага чалавека. Акрамя таго, лексема радзіма ўваходзіць у першую тысячу самых частотных слоў беларускай мовы, а значыць, з’яўляецца часткай ядра моўнай свядомасці беларусаў.

Мэтай нашага даследавання з’яўляецца аналіз асаблівасцей вербалізацыі канцэпта «радзіма» ў беларускамоўным дыскурсе.

У працы мы выкарыстоўвалі аналіз слоўнікавых дэфініцый ключавога слова і яго сінонімаў, аналіз афарызмаў, фразеалагізмаў і парэмій, у якіх аб’ектывуецца абраны канцэпт, статыстычны метад.

Асноўная частка. Нагадаем, што ў сучаснай беларускай мове лексема радзіма мае наступныя значэнні:

1. Краіна, якая гістарычна належыць пэўнаму народу і якую гэты народ насяляе; бацькаўшчына.

2. Месца ўзнікнення, паходжання чаго-н. [5; 554].

Аналіз кантэкстаў, у якіх вербалізуецца канцэпт, дае магчымасць выявіць дадатковыя кагнітыўныя прыметы, частка якіх прыхавана ў свядомасці моўнікаў. У прааналізаваным матэрыяле радзіма выступае ў якасці адной з вышэйшых чалавечых каштоўнасцей. Гэта тое, што трэба любіць, веліччу чаго трэба захапляцца, тое, што павінна быць незалежным і свабодным. Аднак радзіма можа апынуцца ў небяспецы, і калі далейшаму шчасліваму яе лёсу нешта пагражае, трэба без лішніх ваганняў прынесці сябе ў ахвяру і стаць героем: За Радзіму сваю будзь героем у баю [4; 503]; Хто за Радзіму гарой, той сапраўдны герой [4; 530].

Паводле прааналізаваных парэміялагічных адзінак, любоў да роднага краю, да сваёй бацькаўшчыны выражаецца таксама ў плённай і добрасумленнай працы на яе карысць: Той бацькаўшчыну любіць, хто ёй сумленна служыць [4; 502]; Ад душы працуеш – Радзіму мацуеш [4; 503]; У нашай працы – Радзімы багацце [4; 557].

З паняццем «радзіма» цесна звязаны асноўныя этапы жыцця чалавека: нараджэнне і смерць. Любоў да месца, дзе чалавек з’явіўся на свет, моцная цяга да родных мясцін з узростам становяцца больш вострымі, і кола жыцця імкнецца быць замкнутым, завяршыцца там, дзе пачалося: Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма [6; 37]; На радзіме і паміраць лягчэй [1; 59].

З’яўляючыся для кожнага чалавека неад’емным спосабам выражэння яго нацыянальнай ідэнтычнасці, канцэпт «радзіма» вымушаны несці на сабе і ўвесь цяжар палітычнай гісторыі краіны. Так, у прааналізаваным матэрыяле знаходзяць сваё ўвасабленне адбіткі Вялікай Айчыннай вайны і рэаліі савецкіх часоў: Радзіму любіць – фашыстаў біць [4; 539]; Па-ленінску жыць – Радзіме служыць [4; 495].

Паводле М.К. Клышкі, у сінанімічныя адносіны ўступаюць наступныя адзінкі: бацькаўшчына, радзіма, айчына, родны край, свой край, наш край, родная краіна, свая краіна [2; 43], дзе дамінантай з’яўляецца першае слова. Падлік частаты ўжывання аднакампанентных сінонімаў у сабраным матэрыяле дае наступныя вынікі: радзіма – 74 %, айчына – 14 %, бацькаўшчына – 12%. Таму, на наш погляд, дамінантай у адпаведным сінанімічным радзе мэтазгодна лічыць лексему радзіма.

Вывады. У сучасных канцэпталагічных даследаваннях пры аналізе таго ці іншага канцэпта выкарыстоўваецца, як правіла, адразу некалькі крыніц матэрыялу. Аналіз вылучаных дадатковых канатацый дазваляе больш глыбока вывучаць важнейшыя паняцці матэрыяльнай і духоўнай культуры, якія транслююцца ў моўным увасабленні ад пакалення да пакалення.

 

Літаратура:

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / Склад. Ф. Янкоўскі. – 3-е выд., дапрац., дап. – Мн.: «Навука і тэхніка», 1992. – 491 с.

2. Клышка, М.К. Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў / М.К. Клышка; Пад рэд. Л.А. Антанюк. – 2-е выд., выпр. і дапоўн. – Мн.: «Выш. шк.», 1993. – 445 с.

3. Мажэйка, Н.С. Частотны слоўнік беларускай мовы / Н.С. Мажэйка. – Мн.: «Зоркі гор», 2006. – 658 с.

4. Прыказкі і прымаўкі ў дзвюх кнігах. Кн. 2. / Рэд. А.С. Фядосік. – Мн.: «Навука і тэхніка, 1976. – 616 с.

5. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5-ці т. Т. 4. – Мн.: «Беларус. Сав. Энцыклапедыя», 1980. – 768 с.

6. Янкоўскі, Ф. Крылатыя словы і афарызмы з беларускіх літаратурных крыніц / Ф. Янкоўскі. – Мн.: «Выдавецтва Акадэміі Навук БССР», 1960. – 136 с.

 

 

НАМІНАЦЫЯ АСОБЫ Ў АПОВЕСЦІ У. КАРАТКЕВІЧА

«ДЗІКАЕ ПАЛЯВАННЕ КАРАЛЯ СТАХА»

Калешка Д.І.,

студэнтка 2 курса УА “БДПУ імя М. Танка”, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Васілеўская А.С., канд. філал. навук, дацэнт

 

Адна з асноўных функцый беларускай мовы – эстэтычная, якая рэалізуецца пераважна ў мастацкай літаратуры. Кожнае слова, уваходзячы ў сістэму мастацкага твора, набывае здольнасць выклікаць пэўныя пачуцці, перадаваць аўтарскія ацэнкі. Прасочым гэта на намінацыях галоўнай гераіні аповесці У. Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха».

Для намінацыі Надзеі Яноўскай аўтар ужывае агульныя і ўласныя назоўнікі. Самымі частотнымі з’яўляюцца ўласныя назвы Яноўская і Надзея Раманаўна (намі налічана каля 120 ужыванняў). Імя Надзея мае славянскі корань. На думку даследчыкаў, гэта калька з грэчаскай мовы elpus ‘надзея’. Імя Раман ‘рымлянін, моцны’ лацінскае па паходжанні. Такім чынам, у імені галоўнай гераіні спалучыліся кволасць і сіла – рысы характару, уласцівыя Надзеі.

Прозвішча Яноўская утворана ад імя Ян (беларуска-польская форма кананічнага імені Іаан) пры дапамозе агульнаславянскага фарманта –скі. На думку М.В. Бірылы, такія прозвішчы з’яўляюцца пераважна шляхецкімі, што падкрэслівае паходжанне гераіні.

Намі выпісана каля 30 кантэкстаў асабовых намінацый з агульнымі назоўнікамі. Найменшая колькасць назваў – саманазвы. Галоўная гераіня называе сябе гаспадыняі апошняя з Яноўскіх: Я гаспадыня Балотных Ялін. Надзея Яноўская [1, с. 30]; – Але мне было б непрыемна, каб пра апошнюю з Яноўскіх сказалі, што яна забыла старадаўнюю гасціннасць [1, с. 32]. У гэтых словах – і гонар за прыналежнасць да роду, і ўсведамленне свайго трагічнага лёсу.

Большая частка намінацый гучыць з вуснаў іншых герояў твора. Так, Дубатоўк выкарыстоўвае словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі донечка, донька, Надзейка, Надзеечка: Дзень-вечар добры, донечка! [1, с. 66], словы з пераносным значэннем каралева, каралеўна: – Бач, якая ты каралеўна стала [1, с. 67]. У гэтых словах адбіваецца своеасаблівая любоў апекуна да Надзеі.

Найвышэйшай ацэнкай для Рыгора з’яўляецца слова баба, якое ў кантэксце набывае грубаватую, але станоўчую ацэнку, узмоцненую прыметнікам добрая: – Пра Яноўскую не скажу. Добрая баба. Яе шкада [1, с. 119].

Праз намінацыі, якія выкарыстоўвае Андрэй Беларэцкі, прасочваецца ўвесь шлях яго пачуцця да Надзеі. Спачатку гэта нейтральныя назвы пані, гаспадыня, пані Надзея: Гаспадыня, пані. Дальбог я не ведаў [1, с. 31]. Адценне іроніі праўляецца ва ўжыванні назоўнікаў шляхцяначка, паненка: Размаўляць з малазнаёмай паненкай пра каханне [1, 33].

Ужыванне ацэначнай лексікі з пераносным значэннем адлюстроўвае змены ў адносінах Андрэя і Надзеі. Спачатку Беларэцкі не заўважае прыгажосці ў гэтай дзяўчыне, што і перадаецца пры дапамозе назоўнікаў заморыш, дзіцёнак, брыдкае качанё: А гэта – проста заморыш. [1, с. 28]. Потым Беларэцкі пачынае разумець незвычайную прыгажосць гераіні: Гэта была каралеўна-лебедзь, уладарка бурштынавага палаца, словам, чорт ведае што, толькі не даўняе брыдкае качанё[1, с. 79].Метафары каралеўна-лебедзь, уладарка бурштынавага палаца, брыдкае качанё ўзнікаюць на аснове параўнання Надзеі з казачнымі персанажамі. Такое бачанне лагічнае для фалькларыста Беларэцкага.

Нейтральныя назоўнікі дзяўчына, чалавек набываюць ацэначнасць у кантэксце твора праз спалучэнне з азначэннямі: дзяўчына незвычайная, прыгожая, дзіўная, бязвінная, запалоханая, чалавек добры і шчыры: Толькі тут я зразумеў, якая мужная, якая нязломная была душа ў гэтай да смерці запалоханайдзяўчыны [1, с. 127].

Сталенне і вызваленне ад страху перадаецца ў аповесці праз ужыванне назоўніка жанчына: Яна змянілася за апошнія дні, магчыма, проста пачала ператварацца ў жанчыну[1, с. 126].

Мы бачым пераход ад нейтральных назваў да глыбока інтымным, пранізаных пачуццём: Я з жахам думаў, што яна, мая першая, адзіная, назаўжды свая, магла, каб гэтыя мярзотнікі дабіліся свайго… [1, с. 199], Яна была больш чым проста жонкай, яна была другам да смерці[1, с. 202].

Такім чынам, намінацыі асобы гераіні цесна звязаны з сюжэтам аповесці, сістэмай вобразаў. Аналіз асабовых намінацый дае магчымасць зразумець адносіны аўтара да персанажаў, паказаць характар герояў ва ўсёй складанасці і супярэчнасці.

 

Літаратура:

1. Караткевіч, У. Дзікае паляванне караля Стаха: аповесць; Чорны замак Альшанскі: раман / У. Караткевіч. – Мн.: «Маст. літ.», 2000. – 574 с.

2. Бірыла, М.В. Беларуская антрапанімія. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі / М.В. Бірыла. – Мн.: «Навука і тэхніка», 1969. – 508 с.

3. Шур, В. З гісторыі ўласных імёнаў / В. Шур. – Мн.: «Вышэйшая школа», 1993. – 156 с.

 

 

НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНЫ КАМПАНЕНТ МОВЫ Ў БЕЛАРУСКІХ ФРАЗЕАЛАГІЧНЫХ І ПАРЭМІЯЛАГІЧНЫХ АДЗІНКАХ СА ЗНАЧЭННЕМ ВЕРБАЛЬНЫХ ПАВОДЗІН

Каснікоўская М.В.,

студэнтка 5 курса УА ВДУ імя П.М. Машэрава, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Дзядова А.С., канд. філал. навук, дацэнт

Уводзіны.Мова і культура з’яўляюцца непарыўна звязанымі кампанентамі чалавечага жыцця. Нацыянальна-культурная самабытнасць мовы, як вядома, найбольш выразна выяўляецца ў яе фразеалагічным і парэміялагічным фондзе, які з’яўляецца каштоўнай лінгвакраіназнаўчай спадчынай, дзе адлюстравана нацыянальная культура, своеасаблівае бачанне свету і гісторыя пэўнага народа. Мэта нашага артыкула – даследаваць адлюстраванне асаблівасцей характару, менталiтэту і этнапсiхiчнага складу беларусаў на аснове лінгвакультуралагічнага аналізу фразеалагізмаў, прыказак і прымавак са значэннем вербальных паводзін.  

Асноўная частка. Чалавекам даўно былі заўважаны незвычайныя «здольнасці» слова, якое магло валодаць магічнай сілай. Гэтыя «ўласцівасці» слова знайшлі сваё выражэнне ў шматлікіх фраземах і парэміях тыпу на ўзвей вецер гаварыць ‘пустасловіць’; рабіць з мухі слана, з камара каня рабіць ‘беспадстаўна перабольшваць што-небудзь’, з ветру вяроўкі віць ‘пляткарыць, выдумваць’ і інш.

У склад многіх фразеалагізмаў беларускай мовы са значэннем вербальных паводзін уваходзяць структурныя кампаненты, якія з'яўляюцца назвамi расліннага і жывёльнага свету: боб з гарохам мяшаць, гарох з капустаю мяшаць ‘гаварыць пра розныя несумяшчальныя рэчы’, як рэпу грызці ‘бойка, гладка, без запінкі гаварыць’, жаба на языку не спячэцца ‘вельмі гаваркі, балбатлівы’, залівацца салаўём ‘красамоўна, з захапленнем гаварыць’і інш. У фраземах залівацца салаўём пець салаўём, засвістаў як салавей, у прыказках свішчы не свішчы, а салаўём не будзеш; не вучы салаўя песні пець салавей з’яўляецца эталонам развітай маўленчай здольнасці, умення чалавека красамоўна гаварыць. 

У свядомасці беларусаў многія расліны (каноплі, боб, мак) маюць сімвалічнае значэнне з адмоўнай канатацыяй, што і знайшло адлюстраванне ў фразеалагізмах тыпу рэдзьку драць ‘моцна сварыцца’, мак зялёны трэсці ‘абгаворваць, пляткарыць’.Так, паходжанне апошняй фразеалагічнай адзінкі звязана са старажытным абрадам закляцця з дапамогай зялёнага маку. Для таго, каб опіум хутчэй выцек з зялёнай сырой каробачкі расліны, мак трэба было трэсці, калаціць. Прычым трэслі, калацілі зялёны мак абавязкова на пэўнага чалавека з мэтай яго закляцця ці праклёну. Значэнне ‘сварыцца’ з’явілася пазней, у той час, калі ўжо сам абрад «разбурыўся», а з часам і зусім перастаў выкарыстоўвацца нашымі продкамі. 

Семантызацыя этнакультурныхнормаў вербальных паводзiн у складзе фразеалагізмаў, прыказак i прымавак даволі часта адбываецца за кошт пэўных лексічных адзінак, сярод якіх варта адзначыць наступныя:

1) назвы сялянскага побыту:плот (гарадзіць плот); прысак (прысаку  падсыпаць); калаўрот (язык як калаўрот); пуга (язык як дзедава пуга); кашэль (плесці кашалі); печ (языком у Вільні, а галавой за печчу); парог (каб нагі тваёй на маім парогу не было);  пранік(пляснуць як пранікам па вадзе), дзе пранік – драўляны брусок з ручкай, якім пралі бялізну пры мыцці або палотны пры адбельванні; 2) назвы ежы і страў беларускай нацыянальнай кухні – хлеб ( хлеб-соль еш, а праўду рэж); бліны, кісель (кісялём бліны мазаны на паркане сушацца); аладкі (каму што, а Базылюаладкі); зацерка ‘зацiрка’ (ляснуць як Пярун узацерку); 3) назвы адзення, яго частак і абутку: каўнерык (чужы роцік не каўнерык – яго не зашпіліш); хуста ‘хустка’ (на чужыя вусны не накiнеш хусты); лапаць(лапцем па вадзе ляпнуць); пасталы (у пасталы абуць), дзе пасталы – скураныя лапці, вядомыя са старажытных часоў; боты (боты падшыць) ;

4) назвы музычных інструментаў: цымбалы (ляпнуць як лапцем па цымбалах), дудка ( у сваю дудку  дуць, гаворыць як у дудку грае);

5) назвы пабудоў: хата (выносіць смецце з хаты);  карчма (крычаць як у карчме); хлеў (чужы рот не хлеў – не зачыніш).

Асаблiвасцi нацыянальнай культуры беларусаў выразна выяўляюцца таксама ў анамастычнай лексіцы. Асабовыя імёны ў складзе прыказак i прымавак не толькі сведчаць пра асаблівасці беларускага нацыянальнага іменаслова, але і называюць тыя або іншыя чалавечыя якасці, становяцца паказчыкамі пазітыўнага ці негатыўнага стаўлення да чалавека з боку іншых. Напрыклад, мужчынскія імёны Іван, Апанас з’яўляюцца ўвасабленнем балбатлівасці:мялі, Апанас, цяпер твой час; мялі, Iване, дакуль ветру стане. У прыказцы мялі, васпане, пакуль язык стане ўжытыў клічным склоне назоўнік васпане – распаўсюджаная ў былыя часы на Беларусі форма ветлівага звароту да шляхціца.

Вывады. Такiм чынам, даследаваны моўны матэрыял семантызуе ў сабе не толькі тыя ці іншыя міфалагічныя вобразы, прыкметы, павер’і нашых продкаў, але і асаблівасці светапогляду нашага народа ў старажытнасці, дае ўяўленне пра рэаліі, прадметы і з’явы, звязаныя з гісторыяй і культурай Беларусі.

 

 

КАЗАЧНЫЯ ЭЛЕМЕНТЫ Ў ПРЫПАВЕСЦЯХ ВАСІЛЯ БЫКАВА

Клеменціёнак А.А.,

студэнт 2 курса УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Падстаўленка В.Ф., канд. філал. навук, дацэнт

Уводзіны.Мэта артыкула – выявіць спецыфіку выкарыстання казачнай атрыбутыўнасці ў прыпавесцях Васіля Быкава. Асноўныя метады: структурна-аналітычны, параўнальна-супастаўляльны.

Асноўная частка.У творчасці Васіля Быкава к. XX – пач. XXI стст. прыпавесць займае трывалае месца. Спецыфіка дадзенага жанра патрабуе выкрыцця адмоўных момантаў з жыцця чалавечага асяроддзя праз алегарычную мастацкую сістэму. Адным з важных структурных кампанентаў яе з’яўляецца выкарыстанне казачных элементаў для дасягнення іншасказальнасці. Жанры казкі і прыпавесці блізкія па сваёй мэце – дыдактычным уздзеянні на чытача. Менавіта таму ў абодвух жанрах выкарыстоўваюцца пэўныя агульныя прыёмы сюжэтабудовы.

У прыпавесцях Васіля Быкава маюць месца наступныя казачныя элементы: выкарыстанне вобразаў жывёл і міфічных істот, якім надаюцца чалавечыя здольнасці; ідэйнае супрацьпастаўленне добрых і злых сіл; разгортванне дзеяння ў далёкія ад сучаснасці часы. Дадзеныя элементы ўжываюцца аўтарам з мэтай узмацнення завуаляванага алегарычнага сэнсу і для актывізацыі крытычнай пазіцыі чытача на раскрытую ў прыпавесці праблему. Аднак, нягледзячы на агульныя рысы, у прыпавесцях Быкава заўважаецца галоўны для двух жанраў размежавальны крытэрый – трагічны фінал амаль ва ўсіх прыпавесцях, што абумоўлена асаблівасцямі дадзенага жанру. Таму можна сцвярджаць, што казачныя элементы ў жанры прыпавесці з’яўляюцца дадатковым сродкам у пабудове сюжэта і ўзмацняюць алегарычнасць.

Так, у прыпавесці «Герой» дзеянне адбываецца ў першабытна-абшчынны час. Носьбітам злой сілы ў дадзеным творы з’яўляецца Дракон, што дазваляе правесці паралель паміж дадзенай прыпавесцю і рускімі казкамі-былінамі. Носьбітам жа добрай сілы з’яўляецца хлопец Кім, які мужна змагаецца з Драконам і перамагае яго. Але фінал прыпавесці трагічны: хлопец сваім учынкам перайначыў кансерватыўныя законы племені, і таму забабонныя сапляменнікі выракаюцца свайго вызваліцеля.

У прыпавесці «Кошка і мышка» выкарыстаны казачны прыём пераносу чалавечых здольнасцяў на жывёльныя істоты. У дадзеным творы аўтар надзяляе мышку розумам, што адлюстроўваецца праз апісанне яе разваг, ацэнак існуючай сітуацыі. Прыпавесць заканчваецца смерцю мышкі, што паказальна дэманструе вынік жыцця залішне даверлівага чалавека, вобраз якога завуаляваны ў галоўным героі твора. Тут носьбітам злой сілы з’яўляецца кошка, якая ўяўляе сабой вобраз злодзея, што нажываецца на даверлівасці іншых.

Казачны канфлікт станоўчага і адмоўнага пачаткаў яскрава праяўляецца ў прыпавесці «Вуціны статак». Тут дадатным з’яўляецца вобраз старога вуцяка, які сімвалізуе сабой мудрага і разважлівага чалавека. Яму супрацьпастаўляецца вобраз вуцінага статка, у якім завуаляваны вобраз натоўпу, гатовага дзеля ўласнага дабрабыту і лёгкага ўзбагачэння рызыкаваць жыццём. У канцы прытчы ўвесь статак чакае трагічны фінал: статак загінуў ад маразоў разам са старым вуцяком. У дадзенай прытчы адсутнічае элемент канкрэтнага змагання супрацьлеглых сіл, як гэта адбывалася ў папярэдніх творах.

Мастацкі прыём «ачалавечвання» жывёл выкарыстоўваецца Васілём Быкавым і ў прыпавесці «Хвастаты». У дадзеным творы пацук Хвастаты надзяляецца чалавечымі рысамі. У прыпавесці ідзе змаганне пацука з хітрым чалавекам, дзе першы трапляе ў пастку і ў руках чалавека становіцца зброяй для знішчэння сабе падобных. Такім чынам, у творы няма супрацьпастаўлення добрых і злых сіл, але ў параўнанні чалавека з галоўным героем прыпавесці адмоўныя рысы апошняга яскрава прасочваюцца, паколькі чалавек у творы выступае нейтральным персанажам.

Своеасаблівы казачны элемент прысутнічае і ў прыпавесці «Тры словы нямых». Тут акцэнтуецца ўвага на сімволіцы, «магіі» лічбы, указанай у назве твора. У вобразе глуханямога чалавека, які пасля доўгага маўчання вымавіў фразу з трох слоў, іншасказальна прадстаўлены вобраз змагара, што нарэшце пачаў супраціўляцца прыгнятальнікам. Але фінал прыпавесці трагічны, бо народ так і не змог працягнуць пачатую змагаром справу, а праз некаторы час увогуле забыўся на яго самога.

Высновы. Такім чынам, аналізуючы прыпавесці Васіля Быкава, можна зрабіць выснову, што асноўны казачны элемент у творах – наданне вобразам жывёл чалавечых якасцей, што часцей за ўсё праяўляецца ў апісані «плыні свядомасці» дадзеных герояў, іх разваг, аналізу падзей і г.д. У прыпавесцях амаль заўсёды супрацьпастаўляюцца не персаніфікаваныя добрыя і злыя сілы, а ідэйна станоўчае і адмоўнае, што таксама характэрна для дадзенага жанра. Прычым змаганне супрацьлеглых герояў часцей светапоглядна-маральнае, чым фізічнае, што тлумачыцца сканцэнтраванасцю праблематыкі прыпавесцей на выкрыцці амаральных заган грамадства і чалавека.

 

 

историко-литературное значение
романа И.В. гете «Страдания юного Вертера»

Концевич М.А.,

студентка 2 курсаУО «ВГУ им. П.М. Машерова», г. Витебск, Республика Беларусь

Научный руководитель – Терещенко Е.В., канд. пед. наук, доцент

Жизнь Гете в веках, его влияние на литературы разных народов – одна из интереснейших тем, издавна привлекающая к себе внимание исследователей. Многогранное, необычайное по широте и универсальности творчество Гете явилось зеркалом, отразившим величие и противоречия переходной исторической эпохи. Отношение к Гете современников и потомков выражалось не только в восприятии и использовании его опыта, но и в споре с ним, в полемическом отклонении тех или иных сторон его мировоззрения и творчества. Целью нашей работы является определить значение романа для общества того периода, а также актуальность произведения для эпохи в целом.

Эпистолярный роман «Страдания юного Вертера» – одно из самых выдающихся произведений немецкого и европейского сентиментализма. Главное в нем – это «эмоциональный пантеизм», стремление героя хотя бы в своем «сердце» придти к уравновешенному состоянию [1, c. 90]. Невозможность его достижения логически приводит к развязке – безвременной гибели Вертера.

Книга потрясла Германию, потому что любовь к невесте друга, метания от чувства к долгу, болезненный надрыв и экзальтация, бегство – все, что и легло в основу сюжета романа – было в равной мере символично и для самого Гёте, и для его эпохи. Современники Гете, особенно молодежь, прекрасно уловили трагическую раздвоенность Вертера и с азартом, достойным лучшего применения, взялись ему подражать. По всей Европе, когда «Вертер» перешагнул границы Германии, женщины носили на платьях банты, а юноши одевались в синие фраки, желтые жилеты и сапоги с отворотами.

На родине поэта вышло полтора десятка изданий книги Гете, еще больше в Англии и особенно во Франции. Появились подражания и пародии на сочинение Гете. А тем временем книга пересекла океан, достигнув Америки и проникнув даже в Китай. И всюду ее читали, проливая потоки слез. Безысходность и отчаяние в несколько месяцев сделались «болезнью века». И многие, как Вертер, предпочитали добровольное уничтожение. Эпидемия самоубийств привела власти в ужас. Однако они оказались бессильны перед последним криком сердечной моды. В течение первых девяти месяцев после выхода «Вертера» случаи самоубийства были отмечены повсюду – в Германии, Франции, Италии, Англии. И число самоубийств росло по мере того, как книготорговцы объявляли о выходе романа Гете. Не приходится удивляться, что «Страдания юного Вертера» были запрещены в Саксонии, в Милане и Лейпциге, где подпольная продажа книги каралась штрафом. Кто-то подсчитал, что начиная с сентября 1774 года, несколько сот человек покончили с собой таким же способом, что и Иерузалем [2, c. 115]. Подавляющее большинство этих самоубийств объяснялись неудачами в любви. Но разве Гете был виноват в этом смертельном психозе?

Затем начались подражания в литературе. Один за другим появлялись романы, получившие название «вертеровских». Литературе такого рода отдали дань Нодье, Шатобриан, Сенанкур, Констан, Фосколо и другие. Всеобщее увлечение «Вертером» в эпоху чувствительности находит выражение в многочисленных подражаниях и переделках и в русской литературе. В.В. Сиповский, посвятивший русской вертериане специальную работу, приводит названия четырнадцати повестей и романов, созданных в конце XVIII в. под влиянием Гете. Первой в этом ряду стоит «Бедная Лиза» Н.М. Карамзина, в которой, по мнению некоторых исследователей, нашла отражение тема самоубийства покинутой девушки, намеченная в романе Гете. В России появляются поэтические отклики на «Вертера», отображающие переживания возлюбленной гетевского героя: «Шарлотта при гробе Вертера» (Д. Баранов, 1787), «Стихи на гроб Вертера» (Д. Вельяшев-Волынцев, 1789), «Лотта при гробе Вертера» (К.Э. Рейтценштейн, 1775). В таком же трогательно-сентиментальном духе выдержаны стихотворения и поэмы, посвященные теме предсмертного письмa Вертера к Лотте. Произведения этого рода – оригинальные и переводные – пользовались популярностью в течение всей первой трети XIX в., одно из них упоминается в поэме Гоголя «Мертвые души» (эпизод 7-й главы, где Чичиков читает Собакевичу «Послание в стихах Вертера к Шарлоте») [1, c. 83].

Таким образом, именно личностный характер романа определил степень его реализма, до тех пор непредставимую в немецкой литературе. Голос Вертера так пронзителен потому, что это голос самого Гете, изнемогающего от страстей.

 

Литература:

1. Людвиг, Эмиль. Гете: пер. с нем. / Эмиль Людвиг. – М.: «Молодая гвардия», 1965. – 608 с.

2. Белоусов, Р.С. Тайны Иппокрены / Р.С. Белоусов. – М.: «Советская Россия», 1978. – 318 с.

 

 

ВОБРАЗ ЖАНЧЫНЫ Ў ВАЕННАЙ ТВОРЧАСЦІ АЛЕСЯ АДАМОВІЧА

І ГЕНРЫХА БЁЛЯ

 

Коршун Г.Ю.,

магістрант УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Лапацінская В.В., канд. філал. навук, дацэнт

 

Творы Алеся Адамовіча і Генрыха Бёля на ваенную тэматыку разглядалі і разглядаюць навукоўцы розных нацыянальнасцей. Даследчыкі сцвярджаюць, што ў сваіх творах пісьменнікі разважаюць над такімі філасофска-этычнымі праблемамі, як здрадніцтва і маральны выбар, чалавек і чалавечнасць, трагічнасць вайны, сэнс жыцця. Падкрэсліваецца, што празаікі стварылі багатую галерэю вобразаў. У дадзеным артыкуле, выкарыстоўваючы апісальны і кампаратыўны метады, увага будзе сканцэнтравана на жаночых вобразах ў творчасці даследуемых аўтараў.

Так, у творы Алеся Адамовіча «Нямко», Паліна – гэта не толькі маладая, прыгожая, але і моцная духам дзяўчына. Кіруючыся ў сваіх паводзінах правіламі чалавечай маралі, яна разам з немцам Францам, які выратаваў Паліну і яе маці ад смерці, супрацьстаіць розным выпрабаванням: даглядае Франца, калі той хварэе на тыф, спрабуе выжыць у лагеры і ўладкаваць жыццё ў пасляваенны час. Таму эпіграф да твора: «Ich werde dich schützen» («Я цябе абараню»), варта аднесці не столькі да дзеянняў Франца, колькі да намаганняў Паліны.

Філасофскія заўвагі аўтара толькі падкрэсліваюць складанасць той сітуацыі, у якой апынуліся героі: «Мой друг-философ поймал удачную мысль: а что если подсчитать, сколько раз слово «вдруг» и его синонимы встречаются на одной странице у различных авторов, сколь часто – жизнь спотыкается на бегу… Ну, а если саму жизнь можно было бы вот так разметить, собственную или чью-то? Сколько раз «вдруг» в течение дня? Повороты, рывки, неожиданные события. Ну, а если существование, как у Франца с Полиной, когда неожиданностью не является уже и смерть? Она – повседневность, исчезла грань, граница между жизнью, бытием и небытием» [1, с. 34].

Калі ў А. Адамовіча жанчыны з’яўляюцца непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей, актыўнымі змагарамі (варта прыгадаць і гісторыі жанчын з дакументальных прац «Я з вогненнай вёскі…», «Блакадная кніга»), то ў творах Г. Бёля вобраз жанчыны больш аморфны. Так, напрыклад, герой апавядання «Я не магу яе забыць» пакахаў «студэнтку-медычку», якую бачыў толькі адзін раз пад час адступлення. Скончылася вайна, былыя салдаты спрабуюць вярнуцца да звычайнага жыцця, «но у меня есть другое, куда более важное занятие: я ищу ее… К счастью, они обязаны платить мне пенсию, и я могу позволить себе ждать и искать, ибо знаю, что найду ее…» [2, с. 563]

Аналагічная сітуацыя ўзгадваецца і ў аповесці «Цягнік прыйшоў у час»: салдат Андрэас не можа забыць францужанку, якую выпадкова ўбачыў у Парыжы. Мінула тры гады, але яе вобраз застаўся ў памяці, і герой упэўнены ў тым, што кахае.

Побач з нерэальнай, уяўнай жанчынай з Францыі ў аповесці ўзгадваецца больш дзейсны персанаж – куртызанка Аліна. Дзяўчына вымушана шпіёніць, выведваць і перадаваць інфармацыю ад савецкіх ваенных у іншыя інстанцыі (дзеянне разгортваецца ў Галіцыі). Аліна прыгожая, адукаваная, да вайны займалася музыкай. Калі Андрэас больш дэпрэсіўны, схільны думаць пра смерць, упэўнены ў тым, што загіне бліз мястэчка Стрый, то Аліна – моцная духам, спрабуе пераканаць Андрэаса ў несапраўднасці яго думак, хоча ўратаваць салдата ад гібелі, толькі «два скрежещущих ножа с дикой яростью вонзаются в металлическое тело машины и кромсают его, один сзади, другой спереди, машина опрокидывается, кружится на месте под вопли сидящих в ней…» [2, с. 129] Такое адчуванне, што думкі Андрэаса нібыта паспрыялі рэальнаму здзяйсненню, прыблізілі жудасны момант.

Героі асуджаюць вайну, не апраўдваюць жорсткасць і агрэсію. Так, напрыклад, Аліна, калі ўзгадвае мінулае, сям’ю, вучобу, вайну параўноўвае са знікненнем, гібеллю перспектыў, планаў на будучае. Андрэас выказвае наступнае меркаванне: «Каждая смерть – убийство, каждая смерть на войне – убийство, за которое кто-то несет ответственность» [2, с. 106]. Не захапляецца палітыкай Германіі і былы салдат, герой апавядання «Бледная Ганна». Ён абураецца, што дзяўчыны, з якімі ён сустракаўся, так захапляліся ваеннымі, размяшчалі над сваімі ложкамі партрэты Гітлера. Магчыма таму ён так жадае сустрэць Ганну, якую не ведае ўласна, але пазнае на старым фотаздымку, які паказала гаспадыня кватэры, бо дзяўчына – гэта вобраз даваеннага светлага жыцця.

Такім чынам, у творах А. Адамовіча і Г. Бёля назіраецца тыпалагічныя адрозненні ў адлюстраванні жаночых вобразаў: у А. Адамовіча вобраз жанчыны дынамічны, дзейсны, актыўны, у Г. Бёля – аморфны, рэтраспектыўны, абстрагаваны, уяўны.

 

Літаратура:

1. Адамович, А. Немой: Быль / А. Адамович // Знамя. – 1992. – № 12. – 3–50.

2. Бёлль, Г. Собрание сочинений. В 5-ти т. Т. 1. Романы; Повесть; Рассказы; Эссе. 1947–1954 / Г. Бёлль. – М.: «Худож. лит.», 1989. – 703 с.

 

«МІЖ ПТУШКАМІ І ЛЮДЗЬМІ…»: ЛІНГВІСТЫЧНЫ АНАЛІЗ НОВЫХ ЖАНРАЎ А. РАЗАНАВА НА МАТЭРЫЯЛЕ ЗЛЁСАЎ СА ЗБОРНІКА

«І ПОТЫМ НАНАВА ПАЧАЦЬ»

Крыжаноўская В.А.,

студэнтка 5 курса УА “БДУКіМ”, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Пісарэнка А.М., канд. філал. навук, дацэнт

 

У пачатку 2011 г. убачыў свет чарговы зборнік вершаў А. Разанава «І потым нанава пачаць». Адзін з раздзелаў зборніка складае новая літаратурная форма, якой аўтар дае назву «злёсы». Яны, як і большасць паэтычных жанраў А. Разанава, маюць невялікі памер, але ў адрозненне ад зномаў і пункціраў, кожны злёс мае назву. Сам аўтар сцвярджае: «Характарызаваць злёсы можна як іскрынкі чалавечых пачуццяў, лёсаў, сітуацый» [1]. Відавочна, што слова «злёс» матывуе назву новага жанра. А. Разанаў імкнецца праілюстраваць словам лёс Беларусі ў цэлым і лёс асобных людзей, падпарадкаваны пэўным жыццёвым заканамернасцям. Наяўнасць у слове прыстаўкі з-нібы паказвае на крыніцу з’яўлення думак аўтара, стварэння вобразаў для вершаў: усё гэта вынікае з лёсу. Як і ў сваіх ранейшых творах іншых жанраў, у злёсах аўтар закранае праблемы нацыянальнага значэння: забыццё народнам сваіх каранёў, роднай мовы, гісторыі, народных традыцый, а таксама выміранне вёскі. Амаль ва ўсіх злёсах гучаць матывы адзіноты і жыццёвага заняпаду: Між птушкай і людзьмі / развітваецца кулік / страла скіравана ў самоту…(«Страла»); На паверхні / некалі выплыве мёртвая рыба / з весткай пра небяспеку / што называецца – гіне («Вестка»).

Для перадачы асноўнай думкі, для фарміравання адпаведнага эмацыйнага фону аўтар карыстаецца сродкамі стварэння слоўнай выразнасці, а таксама разнастайнымі вобразнымі сродкамі мовы: тропамі і стылістычнымі фігурамі.

Найбольш ужывальныя сродкі – сінонімы; яны дапамагаюць аўтару «абыграць» сэнс пэўнага слова, надаць яму дадатковую эмацыйную афарбоўку: А гэта твая / каторую сцішыць / каторую кнот паправіць / каторую згасіць…(«Свечкі»).

А. Разанаў часта ўжывае антонімы; на з’яве антаніміі засноўваюцца такія стылістычныя фігуры, як паралелізм і антытэза: Нарэшце апынецца крык безптушкі…/ Нарэшце апынецца шэпт без гнёздаў («У белай кашулі»); …Кубак падсунуты да сябе /…Кубак адсунуты ад сябе («Кіслае малако»).

 На прыёме паралелізму заснаваны амаль усе злёсы А. Разанава. Праз гэты прыём аўтар супастаўляе і адначасова супрацьпастаўляе з’явы, станы, адчуванні персанажаў, што дазваляе закцэнтаваць увагу на пэўным слове, вобразе-сімвале (у злёсах іх шмат). Напрыклад, у творы «У белай кашулі» паўстаюць і пераплятаюцца вобразы белага колеру, які ў беларускай народнай культуры мае некалькі значэнняў, адно з якіх – смерць (гэта значэнне – ключавое ў творы); другое значэнне белага колеру – чысціня. Гэтай якасцю аўтар надзяляе Беларусь: яе гістарычнае мінулае і народ: Кашулю вар’яцтва тчэ белая птушка…/ Кашулю збавення тчэ белая птушка.

Думаецца, што белая птушка – гэта бусел, які з’яўляецца спрадвечным сімвалам Беларусі. Каб паказаць яго спрадвечнасць, А. Разанаў ужыў традыцыйную перыфразу. Сярод вобразаў-сімвалаў у злёсах варта адзначыць наступныя: пясок (магчыма, сімвалізуе ў творы забыццё, а можа, бег часу), гнёзды (вясковыя хаты са сваімі жыхарамі), карэнне (сімвалізуе ў творы «Разора» адначасова пачатак і канец, жыццё і смерць) і інш.

Дзякуючы паралелізму ствараецца адметная рытміка твораў гэтага жанра. На стварэнне рытма «працуюць» таксама анафара і эпіфара («Кіслае малако», «Акно», «Разора», «У белай кашулі» і інш.): …Што бачыў на вуліцы ў пяць / а што ўшэсць / а што ў сем гадзін («Акно»); А смерць не гаворыць мне / годзе…/ Не ўмею за некага вымавіць / годзе («У белай кашулі»).

 Гэтыя стылістычныя фігуры дапамагаюць вылучыць з тэксту сэнсававажныя словы, што абазначаюць з’яву, прадмет або дзеянне, з мэтай надаць дадатковую сэнсавую і эмацыйную нагрузку, а таксама структурна арганізаваць верш, зрабіця яго лаканічным.

Злёсы як паэтычная форма вызначаюцца адметным сінтаксісам: самастойныя простыя сказы, як і часкі складаных, не раздзяляюцца кропкамі і коскамі. Як і пункцірам, злёсам уласцівы толькі двукроп’е і зрэдку працяжнік. Сказы і словы зліваюцца ў адно непадзельнае цэлае, і форма такога верша па будове нагадвае замкнёнае кола, у якім адбываюцца з’явы супрацьпастаўлення і кантраснасці. Акрамя таго, большасць злёсаў складаюцца з адных і тых жа лексем ці іх формаў, на чым заснаваны такія прыёмы, як стылістычны паўтор і таўталогія.

Да тропаў, якімі часцей за ўсё карыстаецца аўтар, адносіцца метафара з яе разнавіднасцю метаніміяй. З іх дапамогай паэт метафарызуе з’явы жывой і нежывой прыроды, чым надае малюнку вобразнасць і дынамізм: Ціша спявае і ціша будзіць («Падмурак»); Кубку не наталіцца («Кубак»).

У злёсах ўжывальныяэпітэты, паколькі творы гэтага жанра – невялікія апавяданні, кожнаму з якіх уласцівы апісальныя моманты: …Рынецца вобзем абвуглены крык («Кнігаўкі»); Разлучаныя рукавічкі («Чырвоныя рукавічкі»).

Такім чынам, злёсам, як і ранейшым творам А. Разанава, уласцівы сімвалічны змест, спецыфічная пунктуацыя і метафарызацыя.

 

Літаратура:

1. Сяленя, Я. Мужны голас [Электронны рэсурс] / Я. Сяленя. – Рэжым доступу: http: // maiak. by/? p=18699.

ПАРАДЫГМА СУМЛЕННАСЦІ–НЕСУМЛЕННАСЦІ ПРАЗ ПРЫЗМУ АСАБОВЫХ НАЙМЕННЯЎ У БЕЛАРУСКАЙ І НЯМЕЦКАЙ МОВАХ

Кузняцова М.М.,

аспіранткаУА “ГрГУ імя. Я. Купалы”, г. Гродна, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Сцяцко П.У., доктар філ. навук, прафесар

 

Разважаючы пра ўнутраныя якасці часцей за ўсё мы маем на ўвазе сумленне чалавека: адчуванне голасу свайго сумлення, адносіны да іншых людзей, пэўныя ўчынкі ці жыццёвы выбар. Адным з моўных сродкаў, якія найбольш выразна падкрэсліваюць сумленнасць ці нядобрасумленнасць, з’яўляюцца найменні асобы. Мэта даследавання – разгледзець спосабы адлюстравання гэтых якасцяў у беларускай і нямецкай мовах праз прызму асабовых найменняў. Асноўныя метады даследавання – метад суцэльнай выбаркі, метад кампанентнага і колькаснага аналізу.

Характарызуючы адносіны чалавека да працы, выканання сваіх абавязкаў, можна вылучыць адзінкі з пазітыўнай ацэнкай: працавік, рабацяга, прафесiянал / прафесiяналiст [4]. У нямецкай мове іх адпаведнікі: Arbeiter m, arbeitsamer Mensch m, unermüdlicher Arbeiter m [1, с. 408],  Arbeitspferd n, Meister (seines Faches) m, Könner m, Fachmann m [3]. Гэтыя назвы звязаныя з актыўнай дзейнасцю, намаганнямі чалавека, што выражаецца ў семах ‘праца’, ‘работа’. З коранем работ- бытуе слова работнічак, якое ў залежнасці ад кантэксту можа набываць пазітыўнае дэмінутыўнае (памяншальна-ласкальнае) значэнне або адмоўную адзнаку: работнічак памянш.-ласк. да работнік // разм. зневаж. ‘пра дрэннага работніка’; руплівец разм. ‘пра дбайнага, клапатлівага, стараннага чалавека’; службіст ‘той, хто старанна, рупліва адносіцца да сваіх службовых абавязкаў // разм. неадабр. ‘той, хто на выгляд стараецца, а на справе фармальна выконвае службовыя абавязкі’. Тут назіраецца энантыясемія (супрацьлеглыя значэнні ў адным слове) [2, c. 13].

Агентывы, якія характарызуюць чалавека паводле адмоўных адносінаў да працы: фармаліст, бракароб (параўн. ням.: Ausschusserzeuger m, Schulderer m) галавацяп, нядбайнік, разгільдзяй (параўн. ням.: schlampiger Kerl m); прагульшчык, халтуршчык, партач [4].

У нямецкай мове нядобрасумленнасць у адносінах да працы, выканання сваіх абавязкаў адлюстроўваюць наступныя агентывы: Stümper m, Huschelpeter m, Pfuscher m, Murkser m, Bummelant m, Bummler m, Arbeitsbummelant m, Arbeitsschwänzer m,Schwänzer m [3, 5]. Значная колькасць нямецкіх субстантываў, якія называюць дрэннага працаўніка, звязана з дзеясловам bummeln ‘гуляць’.

У пэўным сэнсе несумленнасць чалавека і яго ўчынкі ў адносінах да іншых адлюстроўваюць і такія асабовыя найменні, у якіх падкрэсліваецца схільнасць чалавека да падману, хітрасці, махлярства, пошуку ўласнай выгады, напрыклад: падманшчык, падтасоўшчык, шулер, шэльма. Адпаведнікамі ў нямецкай мове будуць субстантывы: Lügner m,Betrüger m, Schwindler m, Falschspieler m, Nepper m [3, 5].

Субстантывы спец, штукар і спрытнюга маюць некалькі супрацьлеглых значэнняў у адным слове, а найменні камбінатар, лаўкач, атлёт, арап, прайдзісвет / прайдоха, пралаза, крутадушнік, крутасвет, круцель, шарлатан (параўн. ням. Scharlatan m), машэннік, махінатар, махляр, мазурык, ашуканец, аферыст, маніпулятар, кар’ерыст, гандляр (параўн. ням.: Krämer m, Krämerseele f [5, с. 669]), вымагальнік (ням. Erpresser m), прадпрыемец / прадпрымальнік, вараціла [4] адназначна сведчаць аб несумленнасці асобы.

Адпаведнікамі згаданых назваў у нямецкай мове з’яўляюцца Schlaukopf m , Schlaumeier m, Schlauberger m, Cleverle m, Gauner m, Rattenfänger m, Schuft m, Fuchs m, Schlaufuchs m, Bauerfänger m, Filou m [3, 5].

Колькасны аналіз асабовых найменняў, якія перадаюць сумленнаць або несумленнасць асобы, паказаў, што ў абедзвюх мовах прыкладна роўная прапорцыя гэтых намінацыйных сродкаў. Невялікая перавага іх у беларускай мове, калі несумленнасць асобы адлюстроўваецца ў больш шырокім сэнсе.

 

Літаратура:

1. Беларуска-нямецкі слоўнік / Belarussisch-Deutsches Wörterbuch: больш за 70 тысяч слоў і выразаў / Пад рэдакцыяй Мікалая Кур’янкі, Лявона Баршчэўскага і Томаса Вайлера. – Мн.: «Зміцер Колас», 2010. – 608 с.

2. Кузняцова, М.М. Назвы-характарыстыкі асобы паводле ўнутраных якасцяў у беларускай і нямецкай мовах: дыс. …магістр. філалаг. навук: 1-21 80 03 / М.М. Кузняцова; Установа адукацыі «Гродзенскі дзярж. ун-т імя Я. Купалы». – Гродна, 2009. – 57с.

3. Немецко-русский синонимический словарь / Под ред. И.В. Рахманова. – М.: «Рус. яз.», 1983. –704 с.

4. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / Пад рэд. К. Атраховіча. – Мінск: «БелСЭ», 1977–1984. – 5 т.

5. Großwörterbuch Deutsch als Fremdsprache / D. Götz, G. Haensch, H. Wellmann. – Berlin und München: «Langenscheidt», 2010. – 1343 s.

 

 

ЭЎФЕМІЗМЫ ЯК ПРАЯВА САЦЫЯЛЬНАЙ КАРЭКТНАСЦІ

Ў СУЧАСНАЙ ПУБЛІЦЫСТЫЦЫ

 

Кулеш Д.І.,

студэнтка 3 курсаУА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Арцямёнак Г.А., канд. філал. навук, дацэнт

 

Жыццё мовы і жыццё людзей цесна ўзаемадзейнічаюць. Толькі чалавек вызначае, дзе і калі павінна ўжывацца кожная канкрэтная моўная адзінка. У наш час шырока распаўсюджаным прыёмам стварэння выразнасці і тактоўнасці маўлення становяцца эўфемізмы. Эўфемізм (грэч. eu добра, phemia гавару) – гэта моўная адзінка, якая валодае семантычнай неакрэсленасцю, што дазваляе змякчыць негатыўную ацэнку дэнатата, мае станоўчыя канатацыі ў значэнні і не парушае праўдзівасці выказвання. Асноўнай мэтай эўфемізацыі маўлення з’яўляецца імкненне пазбягаць камунікатыўных канфліктаў і няўдач, не ствараць у суразмоўнікаў адчування камунікатыўнага дыскамфорту. Больш спецыфічнай – у сацыяльным сэнсе – з’яўляецца другая мэта: вуаліраванне, «камуфляж» сутнасці справы. Таксама мае месца ў зносінах імкненне паведаміць штосьці адрасату такім чынам, каб гэта было зразумела толькі яму.

 

Мэтай даследавання стала выяўленне эўфемізмаў і прычын іх выкарыстання ў тэкстах беларускіх перыядычных выданняў. Былі прааналізаваны газеты «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Наша Ніва» за 2010–2011 гады. Прымяняліся методыкі назірання, апісання і кантэнт-аналізу моўнага матэрыялу.

Адной з тэм, пры раскрыцці якіх аўтар ацэньвае прадмет маўлення з пункту гледжання прыстойнасці / непрыстойнасці, грубасці / ветлівасці, з’яўляецца тэма сацыяльнага становішча чалавека. «Вядома, сацыяльная падтрымка вельмі важная, асабліва цяпер, калі літаратар не самы забяспечаны чалавек» (ЛіМ, 19 ліст. 2010). Аўтар артыкула ў мяккай форме звяртае ўвагу на той факт, што быць пісьменнікам не надта ўдзячная справа з фінансавага боку. Іншымі словамі, літаратар мала зарабляе, а магчыма, і з’яўляецца бедняком. Але такое найменне сфарміравала б у чытача агульнае негатыўнае ўспрыманне сказа і, як вынік, адпаведнай прафесіі. Таму з мэтай больш нейтральнай ацэнкі выкарыстоўваюцца сродкі эўфеміі. Зніжаецца негатыўная канатацыя слова бедны і шляхам замены яго пашыраным у СМІ сінонімам-эўфемізмам малазабяспечаны: «Складкі ідуць на самае неабходнае, бо па большасці падапечныя клуба – дзеці з малазабяспечаных сем’яў» («Наша Ніва», 20 кастр. 2010).

«Камедыя з нескладаным сюжэтам зроблена калектывам, які працаваў за ідэю» (ЛіМ, 6 студз. 2010). У апошнім сказе ўжыта шматкроп’е (семантычны эліпсіс), каб папярэдзіць пра нечаканасць далейшай інфармацыі і пазбегнуць выкарыстання лексемы бясплатна, што выразна падкрэсліла б крытычныя акцэнты. Рэдукцыя семы, якая ўваходзіць у прагматычны цэнтр намінацыі, дасягаецца заменай непажаданага азначэння, што крыху размывае сэнс. Тут эўфемізацыя хоць і змякчае выказванне, але пакідае думку пра тое, што, каб мастацтва выжыла, даводзіцца працаваць за саму ідэю творчасці.

Яшчэ адной негатыўнай праявай чалавека ў грамадстве з’яўляецца п’янства. «На агульным праблемным жыццёвым фоне (алкагалізм, галеча і хваробы ў сучаснай сям’і; жорсткасць і зайздрасць, дабро і зло) упэўнена прагледжваецца аўтарская думка пра тое, што цяжкасці, з якімі сутыкаюцца дзеці ў падлеткавым узросце, маюць агульначалавечы характар…» (ЛіМ, 19 лют. 2010). Тут выкарыстаны медыцынскі тэрмін алкагалізм для надання выказванню больш афіцыйнага гучання і нейтралізацыі адмоўнай канатацыі слова п’янства. Аднак з цягам часу слова алкагалізм перастала ўспрымацца ў якасці эўфемістычнай замены, набываючы тыя ж самыя рысы канатацыйнай афарбоўкі, што і прамое найменне.

Маральнае аблічча грамадства хвалюе публіцыстаў і ў іншых аспектах. «Ці жаночае высакародства, культ сям’і, пачуццё мацярынства ўсталёўваюць вольныя ад маралі аголеныя прыгажуні?»(ЛіМ, 19 ліст. 2010). У такой іншасказальнай манеры гаворыцца пра дзяўчат, якія зарабляюць з дапамогай сваіх целаў. Выкарыстанне эўфемістычнай перыфразы дазваляе выказаць эмоцыі з пэўнай доляй іроніі ці нават сарказму.

Важным аспектам гармоніі ў грамадстве з’яўляецца выразная акрэсленасць правоў і абавязкаў людзей. «Маладосць князёўны несла на сабе адбітак эпохі – праз прыхільнасць да левых ідэй і ў агульным настроі на ідэі эмансіпацыі жанчын» («Наша Ніва», 27 кастр. 2010). Пры выкарыстанні сацыялагічнага тэрміна на першы план выходзіць перцэпцыя станоўчага дэнатата, выказванне ўспрымаецца адабральна.

Многія праявы чалавечага жыцця з’яўляюцца для пэўнага пласта соцыуму непрымальнымі, непрыстойнымі і набываюць кантраснасць негатыўных эмоцый. Таму з мэтай стварэння больш спрыяльных умоў для ўспрымання паведамлення ўзнікае апраўданая патрэба ў эўфемістычнай замене. Ужыванне этычна маркіраваных эўфемізмаў у мове СМІ можа быць эфектыўным інструментам для фарміравання талерантных, карэктных паводзін. Спецыфікай масавых выданняў з’яўляецца тое, што менавіта яны ў наш час дэманструюць высокую актыўнасць у фарміраванні паважлівага стаўлення да людзей. Сам факт выкарыстання ў масавых выданнях эўфемізмаў выяўляе імкненне аўтараў да рэалізацыі прынцыпаў талерантнасці і тактоўнасці ў публічнай камунікацыі.

 


Дата добавления: 2018-02-18; просмотров: 1279; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!