Патрыярхальная тэорыя паходжання дзяржавы і права.



Асобныя моманты патрыярхальнай тэорыі паходжання дзяржавы і права былі сфармуляваны яшчэ ў старажытнасці. Цікавыя меркаванні аб патрыярхальным шляху паходжання дзяржавы і права былі выказаны Платонам, асабліва ў яго працах «Дзяржава» і «Законы» і Арыстоцелем у працы «Палітыка». Думкі знакамітых
грэкаў аб патрыярхальным паходжанні дзяржавы падзяляў таксама не менш знакаміты рымлянін Цыцэрон, шэраг з якіх выказаў у працы «Аб дзяржаве».

Платон лічыў, што дзяржава (поліс) узнікае як сумеснае пасяленне людзей, якое ўзнікае з таго, што людзі маюць агульныя патрэбы. Кожны чалавек па асобку не можа задаволіць усе свае патрэбы, а таму людзі збіраюцца разам, каб жыць супольна і аказваць адзін аднаму дапамогу[118]. Разам з тым, найлепшым чынам, на думку Платона, людзі ў супольным (дзяржаўным) жыцці ў стане ажыццявіць свае мары і задаволіць свае патрэбы, калі падзяляюцца на пэўныя саслоўі, кожнае з якіх выконвае свае адметныя функцыі – кіраўнікоў, воінаў і вытворцаў[119].

З патрэбаў супольнага пражывання выводзіў абгрунтаванне паходжання дзяржавы і вучань Платона Арыстоцель. Аб’яднанне некалькіх сем’яў з мэтай абслугоўвання іх патрэбаў прыводзіць, на яго думку, да ўтварэння паселішчаў, а супольнасць, якая складаецца з некалькіх паселішчаў, ёсць цалкам завершаная дзяржава. Ён пісаў аб тым, што грэчаскія дзяржавы таму спачатку і кіраваліся царамі, што яны ўтвараліся з элементаў, якія прызнавалі над сабой царскую ўладу, бо ва ўсялякай сям’і старэйшы надзелены паўнамоцтвамі цара. Арыстоцель заўважае: «Власть же отца над детьми может быть уподоблена власти царя: родитель властвует над детьми в силу своей любви к ним и вследствие того, что он старше их, а такой вид власти и есть именно царская власть… Царь по природе должен отличаться от подданных, но быть одного с ними рода. И так же относится старший к младшим и родитель к ребенку»[120]. Такім чынам, дзяржава, дзяржаўная (царская) улада, на думку Арыстоцеля, як бы ўзнікае, вырастае арганічна з разросшайся сям’і, а таму дзяржаўная (царская) улада ёсць заканамерны працяг бацькоўскай улады.

Выказваючы меркаванні аб паходжанні дзяржавы і права, Платон і Арыстоцель абапіраліся перш-наперш на вядомы ім вопыт узнікнення дзяржавы і права ў старажытнай Грэцыі і старажытнай Італіі. Пры гэтым яны звярнулі галоўную ўвагу на той бясспрэчны гістарычны факт, што ў станаўленні дзяржаўнасці ў гэтых рэгіёнах значную ролю адыгрывалі старэйшыны родаў, кіраўнікі саветаў старэйшын. Менавіта гэтая катэгорыя насельніцтва арганізоўвала вытворчасць і гандаль, наладжвала стасункі з суседзямі і кантралявала тавараабмен. Менавіта з гэтага слою падчас ваенных дзеянняў выбіралі военачальнікаў, а затым па меры павелічэння колькасці насельніцтва і ў мэтах эфектыўнага кіравання супольнасцю сталі выбіраць правадыроў. Менавіта з кола старэйшын паходзілі і першыя цары.

У гэтым рэгіёне Зямлі, такім чынам, працэс стварэння дзяржаўна-арганізаванага грамадства пайшоў як бы па патрыярхальнаму тыпу, г. зн. па тыпу разрастання кроўнароднаснай сям’і, а цар ужо станавіўся «бацькам» (патрыярхам) усяго народа. Такім чынам, узнікненне дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў гэтай
часткі чалавечай супольнасці выглядае як заканамерны вынік разросшайся сям’і, а дзяржаўная ўлада ўзнікае ў выніку паступовага пераўтварэння ўлады бацькі ва ўладу валадара, уладу манарха[121].

Найперш трэба адзначыць тое, што прыхільнікі дадзенай тэорыі шукаюць свае аргументы, як і распрацоўшчыкі тэалагічнай дактрыны, у Кнізе Кніг – у Бібліі. Абапіраючыся на Святое пісанне, яны лічаць, што адначасова з стварэннем чалавека ствараецца і правобраз дзяржавы: першая сям’я і з’яўлялася першай дзяржавай. Бо, ствараючы Адама і Еву, Гасподзь прадугледзеў і заклаў у іх узаемаадносіны два вельмі важныя «дзяржаваствараючыя» прынцыпы – прынцып іерархічнасці ва ўзаемаадносінах Адама і Евы – «сотворим ему помощника» (Быт. 2.18) і адначасова прынцып іх роўнасці. Такім чынам, па сутнасці, адначасова з стварэннем асобнай чалавечай істоты была створана таксама чалавечая супольнасць і закладзены асноўныя элементы дзяржаўна-арганізаванага грамадства і яго прававой сістэмы.

Дэталёвую распрацоўку гэтай канцэпцыі зрабіў англійскі даследчык сэр Роберт Філмэр у трактаце «Патрыярх: абарона натуральнай улады каралёў супраць ненатуральнай свабоды народа», які быў напісаны ў 1637-1638 г., а апублікаваны толькі ў 1680 г. Асобныя моманты канцэпцыі Р. Філмэра выкладзены таксама ў такіх яго творах, як «Неабходнасць абсалютнай улады ўсіх каралёў» і «Анархія абмежаванай ці змешанай манархіі».

Абапіраючыся на тэкст Бібліі, Філмэр даказваў, што кароль валодае ўладай як патрыярх і нашчадак патрыярха Адама, ён з’яўляецца бацькам сваіх падданых. Р. Філмэр сцвярджаў, што біблейскі Адам атрымаў ад Бога не толькі бацькоўскую, але і каралеўскую ўладу над сваімі нашчадкамі. Ад Адама ўлада перайшла да яго старэйшага сына – патрыярха, ад якога ў сваю чаргу паходзяць каралі.

Галоўны тэзіс Р. Філмэра зводзіцца да таго, што людзі ад прыроды не з’яўляюцца свабоднымі, бо яны ад нараджэння падпарадкоўваюцца сваім бацькам. Вось гэтую ўладу бацькоў Р. Філмэр называе манархічнай, бацькоўскай уладай, правам бацькоўства. Ён сцвярджае, што права бацькоўства пачалося ад Адама, працягвалася натуральным шляхам, бесперапынна падтрымлівала парадак у свеце ў часы патрыярхаў да ўсяленскага патопа. Права бацькоўства выйшла з каўчэга разам з Ноем і яго сынамі, яно прывяло да ўлады і падтрымлівала ўсіх манархаў на Зямлі да ягіпецкага палону ізраільцян. Падчас гэтага палону дадзенае права было як бы замуравана да таго часу, пакуль Бог не даў ізраільцянам цароў. Са з’яўленнем жа царскай улады ў ізраільцян было ўзноўлена і першапачатковае права на спадчыну бацькоўскай улады па прамой лініі.


Дата добавления: 2018-08-06; просмотров: 233; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!