Прычыны існавання мноства канцэпцый (тэорый) паходжання дзяржавы і права.



У грамадстве, для якога ўласціва якасная і колькасная маёмасная няроўнасць, заканамерна складваюцца самыя розныя сацыяльныя групы са сваімі адметнымі эканамічнымі, сацыяльнымі і палітычнымі інтарэсамі. Кожная з іх натуральна імкнецца абараніць свае інтарэсы самымі рознымі сродкамі. Адным з іх з’яўляецца навуковае, ідэалагічнае абгрунтаванне ўласных інтарэсаў на ўзроўні ўсяго дзяржаўна-арганізаванага грамадства, фармуляванне такіх поглядаў на паходжанне дзяржавы і права і іх сутнасць, якія б найбольш спрыялі рэалізацыі інтарэсаў тых ці іншых сацыяльных груп, паказвалі іх значнасць для ўсёй супольнасці і, адпаведна, абгрунтоўвалі становішча гэтай сацыяльнай групы ў сацыяльнай іерархіі, альбо прэтэнзіі на змяненне сацыяльнага і прававога становішча ў грамадстве. Здаўна ў грамадстве вельмі добра разумелі значнасць дзяржаўна-прававых інстытутаў у адстойванні інтарэсаў, а таму імкнуліся даказаць шляхам распрацоўкі розных ідэалагічных канцэпцый, што гэтыя сацыяльныя інстытуты павінны абслугоўваць інтарэсы толькі пэўнай сацыяльнай групы.

Такім чынам, разнастайнасць і нават супярэчлівасць інтарэсаў розных сацыяльных груп абумоўлівалі распрацоўку розных, нават супрацьлеглых ідэалагічных канцэпцый і падыходаў да абгрунтавання сутнасці дзяржавы і права і прычын, якія абумовілі іх з’яўленне ў грамадстве. Гэтыя праблемы ва ўсе часы знаходзіліся на самым вастрыі ідэалагічнай барацьбы[99].

Пры стварэнні шэрагу тэорый аб паходжанні дзяржавы і права іх распрацоўшчыкі карысталіся вопытам развіцця і функцыянавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства і права ў пэўных рэгіёнах Зямлі і рабілі высновы, абагульняючы менавіта гэты «вузкарэгіянальны» вопыт. Таму створаныя пад уздзеяннем гэтага фактару асобныя канцэпцыі аб паходжанні дзяржавы і права маюць «вузкарэгіянальнае» значэнне і не могуць прэтэндаваць на раскрыццё агульных заканамернасцяў паходжання дзяржавы і права. Тым не менш, яны маюць перш-наперш навуковае значэнне, таму што паглыбляюць нашыя веды аб шляхах (формах) узнікнення дзяржавы і права. Такім чынам, «вузкарэгіянальны падыход» да фармулявання канцэпцый прыводзіць да таго, што ў поле зроку даследчыкаў трапляе толькі нейкая, можа быць, і не самая значная частка гістарычных звестак аб фармаванні дзяржаўна-арганізаванага грамадства і права, а ахопліванне рознага па свайму характару і зместу навуковага матэрыялу аб паходжанні дзяржавы і права заканамерна прыводзіць і да розных агульнатэарэтычных абагульненняў аб заканамернасцях і формах іх узнікнення.

Вядомыя зараз канцэпцыі аб паходжанні дзяржавы і права былі распрацаваны ў розныя, адрозныя адна ад другой, гістарычныя эпохі. Адны з іх былі сфармуляваны на самым досвітку чалавечай цывілізацыі, калі чалавецтва накапіла яшчэ вельмі мала ведаў аб самім сабе, валодала невялікім аб’ёмам інфармацыі аб сусвеце, аб месцы ў ім чалавека. Развіццё чалавецтва заканамерна суправаджаецца накапленнем усё новых і новых ведаў аб умовах і заканамернасцях развіцця, розных праявах чалавечага існавання, у тым ліку і аб паходжанні дзяржавы і права. Паколькі веды маюць уласцівасць мяняцца і мяняцца карэнным чынам, няма нічога дзіўнага ў тым, што з набыццём новых альбо дадатковых навуковых дадзеных мяняюцца погляды на адны і тыя ж сацыяльныя рэальнасці, у тым ліку і аб паходжанні дзяржавы і права, шляхах (формах) іх узнікнення.

Асабліва моцны ўплыў на перамену поглядаў аб дзяржаве і праве, іх генезісе і эвалюцыі аказвае метадалогія іх даследавання. Пры пераменах у метадалогіі даследавання нават адны і тыя ж гістарычныя, антрапалагічныя і этнаграфічныя звесткі і дадзеныя аб узнікненні дзяржавы і права можна выкласці ў рознай паслядоўнасці і пабудаваць такім чынам прынцыпова розныя тэорыі аб паходжанні дзяржавы і права. Яскравым прыкладам сказанага можа служыць перамена ў светапоглядных пачатках, якая адбылася ў Еўропе ў Новы час і сутнасць якой зводзілася да таго, што рэлігія згубіла ў гэты час сваю ролю адзіна правільнай ідэалагічнай сістэмы, а яе месца паступова стала займаць матэрыялістычная ідэалогія, якая стала вытлумачваць прыроду чалавека і грамадства выключна матэрыяльнымі пачаткамі.

З пераменай у светапоглядах грамадства ў гэты час адбываюцца і перамены ў канцэпцыях аб паходжанні дзяржавы і права. На змену тэалагічнай тэорыі аб паходжанні дзяржавы і права прыходзяць дактрыны, якія сцвярджаюць, што дзяржава і права з’яўляюцца справай рук чалавека.

Вядома, што як грамадства цалкам, так і дзяржава і права ў прыватнасці – складаныя сацыяльныя з’явы. Яны ўзнікаюць і развіваюцца пад уздзеяннем мноства самых разнастайных фактараў – біялагічных, прыродна-кліматычных (геаграфічных), сацыяльна-эканамічных. Пры гэтым адзначаныя фактары ўздзейнічаюць на працэсы фармавання дзяржавы і права комплексна, праўда, кожны з іх мае сваю «велічыню» ўздзеяння на працэсы развіцця грамадства, дзяржавы і права. У залежнасці ад таго, якім фактарам надаецца пры распрацоўцы тэорыі большае ці меншае значэнне, атрымліваюцца і вынікі навуковага даследавання, фармуецца змест тэорыі паходжання дзяржавы і права.

На змест створаных канцэпцый аб паходжанні дзяржавы і права непасрэдна ўплывае і ацэначная пазіцыя распрацоўшчыкаў наконт ролі і значнасці дзяржавы і права ў жыцці грамадства. Калі аўтары лічаць, што вядучую ролю адыгрывае дзяржава, то адпаведна гэтаму вытлумачваецца працэс узнікнення і развіцця права. Калі ж, наадварот, першаснае значэнне адводзіцца праву, то працэсы ўзнікнення і развіцця дзяржавы разглядаюцца інакш. Асобныя аўтары пры распрацоўцы канцэпцый аб паходжанні дзяржавы і права нават зусім не звярталі ўвагі ці то на дзяржаву, ці то на права, лічачы іх другаснымі, вытворнымі з’явамі.

У развіцці навукі здаўна назіраецца заканамернасць, сутнасць якой у тым, што дасягненні і высновы, зробленыя ў адной галіне навук (натуральных ці грамадскіх), навукоўцы імкнуцца выкарыстаць пры вырашэнні «вузкаспецыяльных» праблем. Часта гэта прыносіць свой плён, асабліва пры выкарыстанні матэматычных сродкаў і метадаў у іншых натуральных навуках. Недарэмна матэматыку здаўна лічаць «царыцай усіх навук». Аднак далёка не заўсёды такія захады навукоўцаў з’яўляюцца карэктнымі, бо для кожнай навукі, якая мае свой адметны прадмет даследавання, існуюць адэкватныя гэтаму прадмету метады даследавання, дакладней, іх сістэма.

Ёсць, умоўна кажучы, тры групы тэорый, у якіх даецца тлумачэнне пытанняў аб паходжанні дзяржавы і права. Першую з іх складаюць тыя вучэнні (канцэпцыі), у якіх размова ідзе аб узнікненні як дзяржавы, так і права. Да іх складу можна, напрыклад, аднесці тэалагічную тэорыю, тэорыю гвалту, марксісцкую канцэпцыю. Т.В. Кашаніна прапанавала даволі цікавы падыход да асвятлення працэсаў паходжання дзяржавы і права пад назвай тэорыі спецыялізацыі, у якой таксама разглядаюцца пытанні паходжання як дзяржавы, так і права[100]. У склад другой групы
ўваходзяць тэорыі, у якіх разглядаюцца пераважна разнастайныя аспекты паходжання дзяржавы. Гэта, напрыклад, ірыгацыйная, арганічная, спартовая і інцэстная тэорыі. І, нарэшце, трэцюю групу складаюць такія тэорыі аб паходжанні права, як рэгулятыўная і прымірэнчая, а таксама гістарычная тэорыя права.

Безумоўна, такая класіфікацыя з’яўляецца схематычнай, але яна адпавядае рэчаіснасці і дазваляе пры далейшым разглядзе пытанняў, якія складаюць змест дадзенай главы дапаможніка, засяродзіць увагу на разглядзе канцэпцый (тэорый), якія ўваходзяць у склад кожнай з адзначаных груп, каб даць уяўленне аб іх асаблівасцях.

Пры разглядзе навуковых поглядаў папярэднікаў выкарыстоўваюцца розныя метадалагічныя і метадычныя падыходы, пачынаючы ад агульнай іх крытыкі і абвінавачвання аўтараў у розных «смяротных грахах» да ацэнкі створанага і зробленага іншымі аўтарамі праз прызму тых дадатных і адмоўных момантаў, якія ўласцівы іх распрацоўкам, асабліва распрацоўкам на ўзроўні канцэпцый і тэорый. І калі першы, «аглабельны» падыход увогуле непрымальны для сапраўднай навукі, то апошні нельга лічыць бездакорным хаця б таму, што ацэнка поглядаў іншых аўтараў з падзелам часткі іх высноў на дадатныя, а часткі – на адмоўныя заснавана на пэўных перакананнях і метадалагічных пасылках таго, хто робіць такую ацэнку.

У гэтым сэнсе ацэнка можа быць карэктнай толькі пры ўмове, што яна грунтуецца на неадпаведнасці зробленых папярэднікамі высноў канкрэтна-гістарычнаму, факталагічнаму матэрыялу ці на супярэчнасцях у пабудове пэўнай тэарэтыка-метадалагічнай канструкцыі. Сказанае вызначае падыход да разгляду сфармуляваных у навуцы канцэпцый (тэорый) паходжання дзяржавы і права. Усё, што аўтар дадзенага навучальнага дапаможніка хацеў сказаць аб тым, як узніклі дзяржава і права, ён выклаў у папярэдніх главах. А таму пры разглядзе поглядаў папярэднікаў на тыя ж самыя працэсы, тым больш канцэпцый і тэорый сусветна вядомых аўтараў, лепш «даць слова» ім самім і давесці да чытача асноўныя, самыя цікавыя моманты гэтых тэорый і канцэпцый, спаслаўшыся пры гэтым на арыгінальныя крыніцы, у якіх яны былі выкладзены.

 


Дата добавления: 2018-08-06; просмотров: 222; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!