СЯДЗІБА СВЯЦКІХ ЯК ПОМНІК ПАЛАЦАВА-ПАРКАВАЙ АРХІТЭКТУРЫ



Бараноўскі А.В.,

студэнт 1 курса УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

У весцы Полымя Беліцкага сельскага савета Сенненскага раёна Віцебскай вобласці размяшчаецца былы сядзібны комплекс Свяцкіх, які ўключае палац, гаспадарчыя пабудовы, фрагменты парку. Сядзібны комплекс з'яўляецца помнікам палацава-паркавай архітэктуры першай паловы XIX ст. і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

З пачатку XIX ст. Беліца належыла сям’і роду Свяцкіх, герба “Слепаврон”. Беліца адносілася да найбольш багатых двароў Беларусі. У сярэдзіне XIX ст. яна належала Юзафу Свяцкаму, жонка яго была з году Ваньковічаў, а потым да канца першай сусветнай вайны - яго сыну Карлу. Карл Свяцкі меў шлюб з Марыіі Данімірскай герба “Брохвіч”, у якім нарадзіўся сын Станіслаў.

Свяцкія жылі ў мураваным з цэглы невялікім палацы, які быў пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. Пазней ён быў часткова перабудаваны і павялічаны. Будынак узводзіўся з абчэсанага каменя. Аднапавярховы, ён толькі ў высунутай рызалітам сярэдняй частцы быў падвышаны яшчэ на адзін паверх, у галоўным фасадзе сярэдні рызаліт меў на першым паверсе прысценны порцік з галоўнымі дзвярыма і двума вокнамі, па баках парамі тасканскіх паўкалонаў. Верхні паверх - з двума вокнамі спераду і па адным у бакавых сценах.

Фасад з боку сада быў сфарміраваны падобна да галоўнага. Палац быў пакрыты не вельмі высокім, гладкім двухсхільным дахам; першапачаткова — гонтавы, уапошнія часы — пакрыты бляхай.

У 1907-1911 гадах да левага крыла К. Свяцкі дабудаваў двухпавярховую васьмівугольную вежу, звязаную з корпусам палаца пры дапамозе кароткага пераходу. Вежа — работа познаньскага архітэктара Уладзіслава Мячкоўскага, змяшчала на першым паверсе пральню, ванны пакой, на другім — разбярную майстэрню Станіслава Свяцкага. Першапачатковае размяшчэнне пакояў у выніку розных перабудоў урэшце згубілася. Нязменнай засталася, галоўным чынам, двухпавярховая сярэдняя частка. У франтонавым рызаліце яна размяшчала сені, за імі — пярэдні пакой з камінам, аздобленым мармурам злева, і сходамі ў правым куце. 3 правага боку прыхожай быў таксама ўваход у прадстаўнічую сталовую, налева — у будуар гаспадыні дома. Абодва гэтыя пакоі захавалі праўдападобнасць сваёй першапачатковай формы, таксама як і высунуты рызалітам з боку сада ніжні авальны зал. Яго выкарыстоўвалі як галоўны салон альбо як залу для баляў. Усіх памяшканняў розных памераў у будынку было васемнаццаць.

Убранства інтэр’ера была адносна сціплае. Найлепш была прадстаўлена паркетная падлога, укладзеная геаметрычнымі ўзорамі. Рысы пэўнай элегантнасці надавалі некалькі камінаў у мармуровым акладзе, а таксама высокія печы, выкладзеныя гладкай белай кафляй.

У бібліятэцы налічвалася каля трох тысяч тамоў кніг, галоўным чынам на польскай, рускай і нямецкай мовах , з нешматлікімі экземплярамі на ангельскай, якія былі выдадзены, у пераважнай большасці, на мяжы ХІХ-ХХ стагодзяў.

Не вельмі разлеглы парк, які акружаў дом з усіх бакоў, меў характар пейзажных садоў. Яго злучаў квадрат алеі, абсаджаны ліпамі на старажытна-польскі узор. Ад пад’езда і ад процілеглых бакоў цягнуліся стрыжаныя газоны без дрэў з разбітымі на іх клумбамі ружаў і іншых кветак, якія змяняліся адпаведна з сезонам і вырошчваліся ў аранжарэіх і цяпліцах, што знаходзіліся недаалёка ад палаца. Звонку газонаў раслі па аднаму, групамі, дубы, ліпы, каштаны, елкі і бярозы.

У 1903-1904 гадах у гаспадара маёнтка Карла Свяцкага працаваў Янка Купала, народны паэт Беларусі. Спачатку ён служыў у канторы маёнтка, а потым з вясны 1904 года, быў малодшым прыказчыкам на полі, у сельскай гаспадарцы. У канцы 1904 года малады паэт пакінуў Беліцу, бо захварэла маці.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беліцы некалькі месяцаў панавала безуладдзе. Палякі якія аднавілі сваю дзяржаву накіроўвалі ў Беларусь узброеных легіянераў для аховы паноў і іх сем'яў ад пагромаў і рабаўніцтва У сярэдзіне студзеня 1918 года невялікая група польскіх легіянераў – каля паўтараста чалавек – з’явілася ў былы маёнтак памешчыка Свяцкага і адтуль суправаджала ўладальніка і яго дабро, якое ён вёз, праз вёску Загацце і мястэчка Талачын да межаў Польшы.

На базе панскага маёнтка ў савецкі час быў створаны саўгас “Беліца”, пазней перайменаваны ў племсаўгас “Полымя”. Тут працавалі вінзавод, цагельны і масла заводы. Ў панскім доме адкрыўся сельскагаспадарчы тэхнікум.

У Вялікую Айчынную вайну ў маёнтку размяшчаўся нямецкі гарнізон, які ў 1943 годзе быў знішчаны партызанамі. Пасля вайны ў панскім доме знаходзіліся: школа, дом культуры, бібліатэка.

У канцы 80-х гадоў ХХ ст. пачалася рэстаўрацыя сядзібы, з сядзібнага дома быў зняты дах, з-за адсутнасць грашовых сродкаў праца не была пачата, што прывяло яго да разбурэння.

Такім чынам, помнік палацава-паркавай архітэктуры, маёнтак Беліца мае вялікае значэнне ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Сучасны яго стан патрабуе неадкладных аднаўленчых работ. Прамаруджванне з гэтым прывядзе да поўнай страты помніка.

 

Літаратура:

1. Aftanazy, R. Bielica. / R. Aftanazy // Dziejów rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. - Warszawa, 1986. – S. 283-285.

2. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Сенненскага раёна. – Мінск: ПК “Паліграфафармленне”, 2003. – 616 с.: іл.

3. Белорусский государственный архив-музей литературы и искусства, Ф-149, оп.3, д.235. л. 1-7.

 


Дата добавления: 2018-05-09; просмотров: 340; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!