Вяртанне да прэзідэнцыялізму



Прыхільнікі рэанімацыіі канстытуцыйнага прэзідэнцкага кіравання ўзору 1994 года лепей улічваюць канкрэтныя рэаліі, апелююць да рэальных традыцыяў, асаблівасцей менталітэту сучаснага беларускага насельніцтва. На іх думку, у сітуацыі падзення жыццёвага ўзроўню, перманентнага эканамічнага крызісу, расколатасці і неструктураванасці грамадства толькі моцная выканаўчая ўлада, у спалучэнні з эфектыўным парламенцкім кантролем, здольна правесці неабходныя рэформы і вывесці краіну на траекторыю сацыяльна-эканамічнага росту.

Небяспека, аднак, заключаецца ў тым, што ў краінах з доўгімі аўтарытарнымі традыцыямі прэзідэнцыялізм часцей за ўсё выраджаецца ў суперпрэзідэнцкую форму кіравання. Невыпадкова большасць краін на постсавецкай прасторы аказаліся суперпрэзідэнцкімі рэспублікамі з той ці іншай ступенню персаналізацыі ўлады. Беларусь на гэтым фоне не з’явілася выключэннем. У выніку дзяржаўнага перавароту ў лістападзе 1996 г. ў Беларусі была прынята новая канстытуцыя з суперпрэзідэнцкай формай кіравання. Па гэтай канстытуцыі прэзідэнт мае неабмежаваныя правы па прызначэнню і змяшчэнню прэм’ер-міністра і іншых членаў урада, кіраванню работай урада і прыняццю рашэння па яго адстаўцы. Прэзідэнт карыстаецца і неабмежаванымі заканадаўчымі паўнамоцтвамі. Ён не толькі можа накласці вета на прыняты Палатаю Прадстаўнікоў закон, але і выдаваць дыкрэты, што маюць сілу закона Літаральна неабмежаваным з’яўляецца права прэзідэнта вызначаць і вызваляць суддзяў усіх узроўняў. Настолькі неабмежавана і права прэзідэнта разпускаць парламент. У сваю чаргу груваздкая працэдура імпічмента практычна выключае магчымасць датэрміновага змяшчэння прэзідэнта.

Што ж штурхае новаспечаных «дэмакратычных» лідэраў у абдымкі прэзідэнцыялізму? Гэта, перш за ўсё, іх аўтакратычныя звычкі, узятыя ў спадчыну ад таталітарнага мінулага. Канцэнтрацыя вялікай улады ў руках прэзідэнта, яго адносная незалежнасць ад парламенту і тое, што прэзідэнт заўсёды прадстаўляе (няхай нават адносную) большасць выбаршчыкаў, значна палягчае прыцісканне апазыцыі і ўстанаўленне персаналісцкай дыктатуры. Парадокс у тым, што, з аднаго боку, прэзідэнцкая рэспубліка з яе прынцыпам двайной легітымнасці патрабуе большай культуры ўзгаднення інтарэсаў між заканадаўчым органам і ўрадам, чым чыста парламенцкая мадэль, а з іншага, сістэму прэзідэнцкага кіравання выбіраюць, як правіла, тыя краіны, якія пазбаўленыя падобных традыцый.

Да таго ж трэба мець на ўвазе, што ў расколатым грамадстве прэзідэнту вельмі цяжка дамагчыся стабільнай большасці ў парламенце. Больш за тое, непазбежны раскол кааліцыі, якая ўтварылася вакол кандыдата, які перамог: калі ўрад падпарадкаваны не парламенту, а прэзідэнту, няма лепшага спосабу набраць палітычныя балы для наступных выбараў, чым канфрантацыя з прэзідэнцкай уладай, адказнай за ўсе. Прэзідэнт, у сваю чаргу, не можа не патрабаваць усё новых і новых паўнамоцтваў, а гэта ўсё больш абвастрае супярэчнасці з парламентам і палітычнымі партыямі.

Менавіта ў сілу гэтых абставін прэзідэнцкая дэмакратыя нараджае ў пераходных грамадствах (асабліва ва ўмовах абвастрэння сацыяльна-эканамічнага крызісу) жорсткі канфлікт між прэзідэнтам і апазіцыяй у заканадаўчым органе, адзіным выхадам з якога становіцца дзяржаўны пераварот, які ініцыюецца, як правіла, выканаўчай уладай.

Існуюць, па меншай меры, тры ўмовы, неабходныя для хаця б частковай нейтралізацыі прэзідэнцыялізму ў расколатым грамадстве:

Першае. Неабходная такая сістэма прэзідэнцкіх выбараў, якая магла б забяспечыць шырока размеркаваную падтрымку выбранага прэзідэнта. Напрыклад, метад альтэрнатыўнага галасавання, калі выбаршчык можа галасаваць за некалькіх кандыдатаў на пост прэзідэнта, расставіўшы іх у парадку перавагі. У гэтым выпадку кандыдаты могуць пабудаваць сваю большасць на другіх і трэціх перавагах тых выбаршчыкаў, якія аддалі свой першы голас іншым кандыдатам. Ці гэта можа быць прынцып «двайной умовы». Калі кандыдату ў прэзідэнты для выбрання неабходна мець не толькі большасць галасоў, але і атрымаць падтрымку ў пэўнай колькасці тэрыторый.

Другое. Патрэбна такая сістэма парламенцкіх выбараў, якая спрыяла б таму, каб колькасць «дзейных» палітычных партый не перавышала 3-4. Гэта можа быць выбарчая сістэма адноснай большасці, якая спрыяе зацвярджэнню дзвюхпартыйнасці, ці мажарытарныя выбары ў два туры, якія вядуць да з’яўлення ў парламенце дзвюх устойлівых партыйных кааліцый. Чым большая колькасць партый у парламенце, тым менш шанцаў на захаванне стабільнай прэзідэнцкай партыйнай кааліцыі, тым вышэй верагоднасць, што прэзідэнт будзе кіраваць краінай ва ўмовах пастаяннай меншасці яго прыхільнікаў у парламенце з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі (немагчымасць правядзення хуткіх і жорсткіх рэформ, непазбежнасць канфліктаў і прымянення сілавых метадаў). Вось чаму ва ўсіх трывалых дэмакратычных сістэмах прэзідэнцкага тыпу дзейнічае не больш чым 2-6 палітычных партый.

Трэцяе. Здольнасць і гатоўнасць палітычных эліт да супрацоўніцтва і кампрамісу, што, у прынцыпе, у расколатым грамадстве з’яўляецца хутчэй добрым пажаданнем.

Да ўмоваў, якія памяншаюць небяспеку інстытуту моцнага прэзідэнта, можна было б, у прынцыпе, дадаць (4) увядзенне інстытуту калегіі выбаршчыкаў і (5) спрашчэнне звычайна празмерна ўскладненай працэдуры імпічмэнту пры наяўнасці даказанага абвінавачвання кіраўніка выканаўчай улады ў службовых злачынствах. Аднак усе пералічаныя вышэй умовы з’яўляюцца неабходнымі, але зусім не дастатковымі для нармальнага функцыяніравання прэзідэнцкай дэмакратыі ў падзеленым грамадстве. Сістэма прэзідэнцыялізму пазбаўляецца ад большасці сваіх недахопаў толькі ва ўмовах, магчымых пры кансалідаваным дэмакратычным рэжыме. Да ліку такіх умоваў адносяцца:

- Трывалы кансэнсус у грамадстве адносна дэмакратычных працэдур і інстытутаў як найлепшага спосабу кіравання.
- Дзвюхпартыйная сістэма, пры якой партыі не ідэалагізаваныя, не адлюстроўваюць супрацьлежныя палітычныя плыні расколатага грамадства, а усмоктваюць у сябе асноўную частку спектру палітычных настрояў. (Аднак, нельга не адзначыць, што дзвюхпартыйная сістэма даволі рэдкая з’ява ў сусветнай практыцы, і ствараць яе «па замове» немагчыма.)
- Дэцэнтралізацыя кіравання (федэралізм ці развітае мясцовае самакіраванне ва ўнітарнай дзяржаве), калі рэальная палітыка робіцца на ўзроўні рэгіёнаў і лакальных супольнасцей. Важнейшыя сферы прыняцця рашэнняў кантралююцца мясцовымі органамі улады. Цэнтар не нясе адказнасці «за ўсё» і гэта памяншае небяспеку ціску на яго.
- Агульнапрызнаная роля Канстытуцыйнага суду як арбітру ў спрэчках паміж заканадаўчай і выканаўчай галінамі ўлады, паміж цэнтральным урадам і мясцовым самакіраваннем.

Паколькі ў пераходным грамадстве гэтыя ўмовы адсутнічаюць па вызначэнні, то небяспека прэзідэнцыялізму рэзка ўзрастае. І гэта падцвярджае як лацінаамерыканскі досвед, так і навейшы досвед краін СНД і Беларусі. У сітуацыі крызісу, ва ўмовах палярызаванага грамадства «чысты» прэзідэнцкі рэжым з падпарадкаванымі яму вертыкальнымі структурамі часцей за ўсё аказваецца контрпрадуктыўным. Ён яшчэ больш падзяляе грамадства, замест таго, каб прывесці яго да згоды, і таму не гарантуе стабільнасці.


Дата добавления: 2016-01-05; просмотров: 12; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!