СУСТРЭЧА 6. «Пакланіцеся , у нукі , дзедам»



Настаўнік: Добры дзень, дзеці. Вось і сустрэліся мы зноў, каб прадоўжыць рознакаляровае падарожжа па нашай любай Радзіме. І сенняшні ўрок будзе прысвечаны ЧЫРВОНАМУ колеру.

Здавён гэты колер заўжды быў побач з беларускім народам. Калі вы ўважліва паглядзіце на старажытныя сялянскія строі, то ўбачыце, што ў іх шмат чырвонага колеру. Ён складае аснову беларускага арнаменту. У беларускім арнаменце былі заўседы не толькі прыгажосць і зачараванне, але ж і вялікі сэнс. Кожны элемент у арнаменце мае асаблівае значэнне. (Далей настаўнік працягвае свой расказ, суправаджая яго ілюстрацыямі) Вось так, напрыклад, беларусы адлюстроўвалі Сонца (малюнак №1) і Зямлю (малюнак № 2) – галоўныя сімвалы жыцця. А Зорка у арнаменце сімвалічна выглядае так (малюнак № 3 ). Заўсёды ў беларускім арнаменце былі сімвалы Маці і Дзіця (малюн кі № 5 і № 6 ), сімвал славянскага бога Пяруна (малюнак № 4).

Малюнак 1.                                 Малюнак 2.

Сімвал СОНЦА                                Сімвал ЗЯМЛІ

 

Малюнак 3.                                 Малюнак 4.

      Сімвал ЗОРКІ                         Сімвал бога ПЕРУНА

    

 

                  

Малюнак 5.                                  Малюнак 6.

Сімвал МАЦІ                                 Сімвал ДЗІЦЯ

 

Чырвоны беларускі арнамент прыйшоў да нас са старажытных часоў як сведка далёкага мінулага нашых продкаў. Сёння мы з вамі носім іншае адзенне. У ім амаль ніколі не сустрэніш элементаў беларускага арнаменту. Але чырвоны колер застаецца вельмі значным для сучаснага пакалення. Гэта таму, што ён сімвалізуе гераіч-нае мінулае беларусаў. Чырвоны колер – гэта колер крыві, пралітай бела-рускім народам у барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы; гэта чырвоныя зоркі на салдацкіх могілках; чырвоны крыж на палатках ваенна-палявога шпіталя; гэта Вечны агонь каля помнікаў часоў Вялікай Айчыннай вайны.

            Вечны агонь…-

            Гэта светлая памяць Радзімы

            Пра бессмяротных герояў яе.

            Гэта наша гатоўнасць быць імі.

            Гэта наша пракляцце вайне.

                                          (Міхась Пазнякоў)

А ці ведаеце вы, чаму гарыць Вечны агонь і ніколі не згасае? Каб вам было лягчэй зразумець, што такое Вечны агонь, і чаму ён гарыць заўседы, я прапаную паслухаць маленькае апавяданне Еўдакіі Пяршай. Яно так і называецца…

Вечны агонь

Пасярод плошчы стаіць высокі помнік. Перад ім гарыць Вечны агонь. Да помніка прыходзяць людзі: і старыя, і маладыя, і дзеці. Стаяць, маўчаць. Многія сюды прыносяць кветкі.

Савецкія воіны выгналі фашыстаў з нашай зямлі, разбілі іх армію, вызвалілі з няволі многія народы. У гэтых цяжкіх баях шмат воінаў і партызан загінула. Загінуўшым салдатам і партызанам паставілі помнікі…

Верачка прыйшла да помніка разам з мамай. Дзяўчынка была ў святочным плацці. У руках яна трымала чырвоную ружу. Ад ветрыку шапацела лісце ліп, варушыліся стужкі на вянках, што прынеслі да помніка людзі.

- Мама, - пытае Верачка, гледзячы на трапяткое полымя ля помніка. – Чаму гэты агонь называецца Вечны?

- Таму, што ён будзе гарэць заўседы і напамінаць пра тых, хто загінуў за нас з табою.

- Ён ніколі не згасне?

- Ніколі. Бо гэта Вечны агонь памяці гарыць не толькі тут, ля помніку, а ў людскіх сэрцах.

Маці стаяла моўчкі. Маўчала і Верачка. Потым яна нахілілася і паклала ля помніка сваю кветку.

Са слоў дзядоў сваіх мы знаем –

Даўно грымела ў нас вайна.

Ды засталася з родным краем

Навечна ў памяці яна.

Не замялі вятры дарогу,

Не зараслі ў палях сляды,

Дзе здабывалі Перамогу

Тады вы юныя, дзяды.

                                              (Пятро Прыходзька)

І сапраўды, сярод абаронцаў нашай Радзімы былі і зусім юныя героі. Гэта цяпер яны дзяды і бабулі, а калісь былі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, у якіх вайна адняла дзяцінства. Многія з іх не вярнуліся дамоў. Побач са сваімі бацькамі дзеці змагаліся з ворагам.

* Далей расказ настаўніка гучыць на фоне музыкі.

Кожны з жыхароў Берасцейшчыны памятае імены і прозвішчы малень-кіх абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Гэта Пеця Клыпа і Пеця Кацельнікаў, Коля Новікаў і Валодзя Казьмін, Валя Зенкіна і Нюра Кіжаватава.

Назаўсёды ў легендарнай Цытадэлі застанецца імя выхаванца музы-кантскага ўзвода 333 стралковага палка Пеці Васільева. Вось ён на фотаздымку сярод сваіх сяброў, яшчэ зусім юны, з добраю ўсмешкаю і марамі аб светлай будучыне. (Настаўнік звяртае ўвагу дзяцей на фотаздымак) Але прыйшла вайна… Брэсцкая крэпасць першай сустрэла яе. Разам з дарос-лымі ў штыковую атаку ідзе і Пеця Васільеў. Калі ў час боя цяжка раніла савецкага кулямётчыка, хлопчык яго замяніў. Ён заставаўся аднім з апошніх абаронцаў будынка афіцэрскага клуба і да апошняга патрона біў захоп-нікаў. У гэтым баю юны патрыёт загінуў смерцю храбрых. Месца подзвігу Пеці Васільева сапраўды завецца святым, бо ў гэтым будынку на тэрыторыі мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой» цяпер знаходзіцца праваслаўная царква. І калі хто-небудзь з вас будзе там, няхай вам на ўспамін прыйдзе імя юнага абаронцы крэпасці Пеці Васільева.

Назаўжды ў памяці народнай застанецца імя дванаццацігадовага Ціхана Барана, беларускага хлопчыка з вёскі Байкі Пружанскага раёна. (Настаўнік звяртае ўвагу на фотаздымак) Юны партызан завёў фашыстаў у такі гушчар, адкуль ні водны з ворагаў не змог выбрацца. Загінуў і маленькі герой.

У барацьбе з фашыстамі сваім жыццём ахвяраваў беларускі піянер Марат Казей. (Настаўнік звяртае ўвагу дзяцей на фотаздымак) Усяго чатырнаццаць гадоў было юнаму партызану. Май 1944 года… Апошні дзень яго жыцця…

«Граната сціснута ў руцэ хлапчука. Яна была апошняй, гэта граната. А ворагі набліжаліся, ворагі хацелі схапіць яго жывым. Марат. Няўлоўны, адчайны…

Ён узняўся са свайго акопа. Адшпіліў гранату ад пояса, вырваў засцерагальнік.

- Ну, чаго ж вы? Падыходзьце! Паспрабуйце!

Марат крочыў ім насустрач. Пасля выбуху ў лесе доўгі час не маглі супакоіцца птушкі…Ці памятаюць бярозы юнага партызана?… У брыгадзе змагаліся тысячы байцоў. Адважныя ўсе. Удалыя, моцныя. Але героем Савецкага Саюза стаў адзін – самы юны.»

                                                                                     (В. Марозаў)

Шмат гераічных іменаў нарадзіла зямля беларуская. Яна вытрымала ўсе выпрабаванні вайны. А ў мірны час зямля парасла абеліскамі з чырвонымі зоркамі. Глядзяць людзі на гэтыя зоркі і ніколі не забываюць пра тых, хто падарыў ім мірнае жыццё. І вам, дзеці, на памяць аб сенняшняй сустрэчы мне хацелася бы пакінуць чырвоныя зоркі. Але ж у народзе кажуць, што безыменных зорак не бывае. Таму я зараз прапаную кожнаму з вас на зорачных праменнях напісаць імёны юных герояў-абаронцаў, якія вы чулі на гэтым уроку. А калі ў вашай сям′і былі дзядулі і бабулі, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, напішіце, каліласка, іх імёны таксама.

*Дзеці працуюць самастойна. Настаўнік дапамаг ае тым, у каго заданне выклікае цяжкасці.

Настаўнік: Вось і скончылася наша сустрэча. Напаследак я хачу пажадаць, каб над вамі, дзеці, заўсёды было чыстае мірнае неба, а ў сэрцах вашых жыла памяць аб тых, хто ўсё гэта нам пакінуў. Да пабачэння.

*Дзеці развітваюцца з настаўнікам.

Сустрэча 7. «Я твой грамадзянін, Айчына!»

Настаўнік:Я – беларус, я нарадзіўся

                   На гэтай казачнай зямлі,

                   Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх

Адвеку прашчуры жылі.

    Я – беларус, я ганаруся,

      Што маю гэтае імя.

      Аб добрай славе Беларусі

      У свеце знаюць нездарма.

Я- беларус, і я шчаслівы,

Што маці мову мне дала,

Што родных песень пералівы

І зблізку чую і здаля.

      Я – беларус, і хоць сягоння

      Яшчэ малы. Але скажу:

      Я родам з племя непакорных

      І перад бядой не задрыжу!

                         (Ніл Гілевіч)

Добры дзень, мае маленькія сябры. Сёння адбудзецца наша апош-няя сустрэча. Падарожжа па краіне сімвалаў беларускай зямлі падыходзіць к канцу. І на гэтым занятку мы зробім з вамі апошні прыпынак. Ён будзе прысвечаны Дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь.

Сімвалы нашай дзяржавы – гэта такія рэчы, якія ўвасабляюць народ, яго суверэннасць, паўнапраўе і свабоду, яго векавую культуру. Сёння гаворка пойдзе пра ДЗЯРЖАЎНЫ СЦЯГ і ДЗЯРЖАЎНЫ ГЕРБ.

У далёкім мінулым людзі, якія жылі разам, утваралі роды і плямёны. Гэтыя людзі пакланяліся сваім героям, сваім багам, а таксама сонцу і зямлі. Добрыя абносіны да прыроды фарміравалі іхнія норавы і традыцыі. Нашым продкам выпадала адстойваць свабоду і незалежнасць ад шматлікіх ворагаў, якія не жадалі мірна працаваць, але хацелі захапіць багацці, створаныя чужой працай. У жорсткіх бітвах было дакладна адрозніваць сваіх ваяраў ад варожых прышэльцаў. Для гэтай мэты народ рабіў шчыты асобай формы і афарбоўкі. Гэтая неабходнасць неяк азначыць свае палкі, падбадзёрыць сваіх воінаў і адначасова запалохаць ворагаў прывяла паступова да стварэння сцяга. А ўпрыгожаны рознымі “знакамі лёсу” шчыт вядомага ваяра пераўтварыўся з цягам часу ў герб. І сцяг, і герб пераўвасобіліся ў знакі, у сімвалы, якія перадаюць сваёй формай, колерам і выявай вельмі істотныя звесткі, ці, як гавораць цяпер, інфармацыю пра тых, хто імі карыстаўся. Сцяг стаў знакам, які сведчыў аб прыналежнасці войска, горада, замка ці карабля да пэўнай краіны, дзяржавы. Герб стаў знакам, які сведчыў аб радавітасці караля, князя.

Цяпер сцяг і герб лічацца ва ўсіх краінах вышэйшымі сімваламі народа. Ім ужо не пакланяюцца як боскім знакам, але іх па-ранейшаму шануюць, як роднае слова, родны дом, родную культуру і звычаі. Яны сімвалізуюць для нас нашу Радзіму. Наша дзяржава называецца Рэспубліка Беларусь. Давайце ўважліва разгледзім герб нашай дзяржавы.

* Настаўнік прапануе дзецям паглядзець на малюнак, дзе адлюст-раваны Дзяржаўны герб Беларусі. Далей ён працягвае свой расказ, звяртаючы ўвагу выхаванцаў на асобныя элементы Дзяржаўнага герба.

Настаўнік: Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой сярэбранае поле, у якім размешчаны ЗЯЛЁНЫ контур Дзяржаўнай граніцы нашай краіны. Гэты контур накладзены на ЗАЛАТЫЯ промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая ЧЫРВО-НАЯ зорка. Поле абрамлено вянком з залатых каласоў жыта, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – БЛАКІТНЫМІ кветкамі льну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай. У сярэдзіне гэтай стужкі напісана ў два радкі золатам: “Рэспубліка Беларусь”. Кожная дэталь на нашым гербе мае важнае значэнне.

Першае, на што зверне ўвагу кожны з вас, - зялёны контур Беларусі. Гэты сімвал вызначае, што ўсе свае думкі грамадзяне скіроўваюць да Айчыны. Беларусь – наша зямля, нам чужой не трэба, але сваёй мы не аддадзім ні пядзі! Мы захаваем яе ў тых межах, у якіх яна нам перададзена продкамі, зробім яе магутнай і квітнеючай дзяржавай.

Вянок з каласоў, пераплецены кветкамі канюшыны і льну, - гэта сімвал ужо больш складаны. Спрадвеку вянок выкарыстоўваўся народам як узнагарода пераможцу. Разам з тым гэта сімвал памяці і непарыўнай сувязі сучаснікаў з продкамі. Вянок, утвораны з пучка жыта, са старадаўніх часоў меў свяшчэнны сэнс для ўсіх славянскіх народаў, да якіх адносяцца і беларусы. Славяне верылі, што пучок або сноп хлебных каласоў – самы дастойны спосаб звароту да божых сіл з просьбай аб пасланні ці дараванні новага ўраджаю і працвітання.

Канюшына – гэта сімвал сувязі са стваральным светам жывёл: канём, каровай, авечкай, для якіх канюшына – лепшы корм. Старажытныя людзі лічылі, што чалавек – частка ўсяго свету жывых істот і павінен захаваць астатні жывёльны свет. Лен - гэта бавоўна поўначы, сімвал пераўтвараль-най працы, знак дабра і дастатку, але аб гэтым мы з вамі ўжо казалі на папярэдніх занятках.

Ніжэй контуру граніцы Рэспублікі Беларусь змешчаны зямны шар з узыходзячым над ім сонцам і залатымі промнямі. Зямля ў сонечных пром-нях – гэта вера ў вечнасць жыцця. Яднанне Зямлі і Сонца з’яўляеца галоў-ным сімвалам жыцця.

А цяпер давайце паглядзім на чырвоную зорку. Яна падобна на чалавека: дзве рукі, дзве нагі і галава. Вось чаму зорку клічуць “пяцікан-цовай”. Сапраўды, зорка сімвалізуе чалавека і чалавецтва, яго мужнасць і памкненні. Гэты сімвал захаваўся ў гербе з часоў існавання вялікай дзяржавы Савецкі Саюз, у склад якой уваходзіла і Беларусь. Такім чынам, герб нашай краіны адлюстроўвае асноўныя нацыянальныя духоўныя каш-тоўнасці беларусаў: адзінства, працу, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду. Герб выкарыстоўваецца ўсімі дзяржаўнымі органамі і ўпрыгожвае ўрадавыя ўстановы.

А зараз паглядзіце вось на гэты сімвал…

* Настаўнік звяртае ўвагу выхаванцаў на адлюстраванне Дзяржаўнага сцяга. Ён прапануе разгледзіць кожны з элементаў гэтага дзяржаўнага сімвала.

Настаўнік: Вось ён – сцяг нашай дзяржавы. Ён адлюстроўвае істотна звесткі пра нашу краіну. Кожны грамадзянін павінен добра разумець мову беларускага сцяга. Наш сцяг мае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы.

Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя повязі, брацтва, барацьбу за справядлівую справу. Ён азначае высокае прызначэнне ў лёсе і перамогу. Зялёны колер – гэта колер Прыроды, нашай карміцелькі. Гэта колер палёў і лясоў, якія здаўна займалі асноўную частку нашай краіны. Калі вы памятаеце, мы з вамі аб гэтым ўжо неаднойчы гаварылі на працягу ўсяго падарожжа. Нарэшце, белы колер – гэта перш за ўсё колер свабоды. Нездарма наша краіна мае назву Белая Русь. Гэта таму, што яна ніколі не здавалася ворагам. Назва краіны звязана з непахіснай воляй народа да свабоды. Існавала, як вядома, і Чорная Русь: так умоўна азначаўся край славянскіх плямёнаў, які быў захоплены вора-гамі. Разам з тым белы колер – гэта колер маральнай чысціні і мудрасці.

Сцяг Беларусі мае яшчэ адну дэталь – чырвоны народны ўзор, які называюць арнаментам. Арнамент па сваім паходжанні з’яўляецца сімва-лічным малюнкам, графічным спосабам заклінання вышэйшых боскіх сіл. Праз такія ўзоры, ці арнамент, людзі выказвалі розныя пажаданні і запаве-ты новым пакаленням. Са шматлікіх варыянтаў беларускага народнага арнаменту на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь адлюстравана частка найбольш старажытнага і тыповага арнаменту. Гэты ўзор быў выкананы ў 1917 годзе простай сялянкай Матронай Маркевіч з вёскі Касцелішча Сен-ненскага павета. Што сімвалізуе гэты арнамент? Перш за ўсё працалюбства і майстэрства беларусаў.

Раней мы з вамі ўжо гаварылі пра беларускі арнамент і яго сімвалы. Калі вы ўгледзіцеся ў той узор, які адлюстраваны на беларускім сцягу, то, здаецца мне, знойдзіце ўжо знаёмыя вам элементы. Калі ласка адкажыце, на што падобныя сімвалы гэтага арнаменту?

* Дзеці спрабуюць адказаць на пытанне настаўніка. Сярод элементаў арнаменту, адлюстраванага на сцягу, выхаванцы павінны прызнаць сімвал Зямлі.

Настаўнік: Давайце прыгледзімся больш уважліва да гэтага арна-менту. У цэнтры яго ромб. Вы зусім верна адказалі: ромб – гэта старадаўні сімвал Зямлі і ўрадлівасці. Калі такі ромб у сярэдзіне мае малюнак , то разам з тым гэта сімвал засеянага, не пустога, як казалі даўней, поля. Ромб акружаны знакамі – “кручкамі”, ці “рагамі”, якія заклінаюць аб ураджаі, удачы і здзяйсненні праведных, добрых жаданняў. Больш дробныя ромбы азначаюць “хлябы”, якія трэба разумець як ежу для духа і ежу для цела. Вось, аказваецца, якія прымудрасці выказвае вышыўка простай сялянкі, што захавала для нас “пасланне” з далёкіх часоў!

Цяпер вы зразумелі, што беларускі сцяг не проста лунае над будын-камі дзяржаўных устаноў. Ён расказвае гісторыю беларускага народа, заклікае да ажыццяўлення самых высокіх памкненняў да свабоды, расквіту і дружбы народаў. У час суровых выпрабаванняў сцяг Айчыны заставаўся сімвалам мужнасці народа. Сцяг роднай краіны аберагаюць ад любой знявагі. Выратаванне сцяга ў баю лічыцца доблесным, гераічным учынкам. Страта сцяга воінскім падраздзяленнем азначае, што яно расфарміравана.

Цяперашнія Герб і Сцяг Рэспублікі Беларусь былі прыняты ў выніку ўсенароднага галасавання 14 мая 1995 года. Гэтыя Дзяржаўныя сімвалы утвараюць гарманічнае адзінства беларускага народа і азараюць наша жыццё ад нараджэння да смерці. Таму кожны з нас павінен ганарыцца сімваламі сваёй дзяржавы, шанаваць і паважаць іх, любіць так, як любім сваю Маці Зямлю.

                   Любіць сваё – зусім не значыць

                   Чужое ганіць, адмаўляць.

                   Вось за чужым свайго не бачыць,

                   Не вывучаць, не шанаваць –

                   Злачынствам будзе без сумлення,

                   Бо ёсць такі закон жыцця:

                   Шануй чужое аж да пакланення,

                   Сваё любі да самазабыцця!

Падыходзіць к канцу наша доўгае рознакаляровае падарожжа па краіне сімвалаў і фарбаў беларускай зямлі. Калі вы памятаеце, у самым пачатку падарожжа кожны з вас атрымаў білет сапраўднага вандроўніка. На ім адлюстраваны галоўныя Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь – Герб і Сцяг. Спадзяюся, што вы захавалі гэтыя білеты? Прапаную вам дастаць іх. Паглядзіце, чаго не хапае сімвалам нашай дзяржавы? (Дзеці павінны адказаць, што на адлюстраванні Дзяржаўных сімвалаў не хапае колераў) Здагадаліся? Зараз вам трэба будзе прыгатаваць свае рознакаля-ровыя алоўкі і расфарбаваць герб і сцяг на сваіх білетах. А каб лягчэй было ўспомніць, з якіх колераў яны складаюцца, неабходна паглядзець на сімвалы-падарункі, атрыманыя вамі на працягу ўсяго падарожжа. Гэта ЗЯЛЁНЫ дубовы лісток, ЗАЛАТЫ каласок жыта, БЕЛЫ буслік, БЛАКІТНАЯ кветка льну і ЧЫРВОНАЯ зорка мужнасці.

*Дзеці, гледзячы на элементы, атрыманыя на папярэдніх занятках, самастойна расфарбоўваюць сімвалы нашай дзяржавы. На працягу гэтага часу ў пакоі, дзе прходзіць урок можа гучаць запіс сучасных песень аб Радзіме.

Настаўнік: Малайцы, дзеці! Вы вельмі добра выканалі гэтае заданне. І цяпер вы бачыце, як прыгожа наша Радзіма! Колькі фарбаў патрэбна, каб адлюстраваць яе хараство і багацце, дабрыню і жыццёдайнасць. Наша падарожжа завершылася. Але гонар за сваю Радзіму і павага да яе, я спадзяюся, застанецца з вамі на ўсё жыццё…

                   Крочаць гісторыі вехі,

                   Рэхам клічуць здаля.

                   Толькі адна ты на векі

                   Ў сэрцы людскім, зямля.

                              Лёсам з табою адзіным

                              Я буду жыць, Беларусь,

                              Мінулым сваёй краіны

                              І славай яе ганарусь!

                   Шлях мой зямны, Айчына,

                   На схіле кожнай вярсты.

                   Толькі ты за плячыма,

                   Наперадзе – толькі ты!

Памятайце аб гэтым, дзеці! Усяго добрага вам. Да пабачэння.

*Гучыць музыка. Дзеці развітваюцца з настаўнікам.

 


ПРИЛОЖЕНИЕ №1


Дата добавления: 2019-03-09; просмотров: 685; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!