МІКРАТАПАНІМІЯ БЕШАНКОВІЦКАГА РАЁНА: СТРУКТУРНЫ АСПЕКТ



Сасноўская К.А.,

магістрант УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Мезенка Г.М., доктар філал. навук, прафесар

 

Мікратапонімы цесна звязаны з гаспадарчай дзейнасцю чалавека і  з’яўляюцца часткай культуры народа. Такія адзінкі маюць вузкае кола ўжывання, якое вядома толькі невялікай групе людзей. Галоўнай мэтай нашай працы з'яўляецца ўстанавіць структурныя асаблівасці мікратапаніміі Бешанковіччыны, выявіць найбольш пашыраныя тыпы неафіцыйных найменняў. У працы выкарыстаны агульнапрынятыя ў лінгвістыцы і анамастыцы метады даследавання, у тым ліку апісальны, элементы арэальнага і статыстычнага.

На тэрыторыі Бешанковіцкага раёна намі зафіксавана 108 неафіцыйных найменняў. Структуру мікратапонімаў складаюць адна- і двухкампанентныя адзінкі. Намінацыі ў Бешанковіцкім раёне падлягаюць самыя разнастайныя аб’екты: астранамічныя аб’екты, былыя вёскі, водныя аб’екты, вуліцы, выганы, горы, дарогі, месцы ў лесе, палі, сады, часткі тэрыторыі населеных пунктаў, хутары. Паводле словаўтваральных крытэрыяў усе мікратапонімы падзяляюцца на простыя, складаныя і састаўныя. Простыя мікратапонімы (Царкоўная вуліца, Шыпульская дарога) налічваюць 83 адзінкі, што складае 76,9%. Сярод іх назвы ў форме як адзіночнага (Пушча, Царкавішча, Чарняхоўка), так і множнага ліку (Астравы, Лодкі, Сажалкі, Шлюзы). Найменне раённага цэнтра – г.п.Бешанковічы – таксама прадстаўлена назоўнікам множнага ліку як у афіцыйнай, так і ў неафіцыйнай (Бешкі, Бішанковічы, Шалёнкавічы) формах. Мікратапонімы Зарэчча, Падборац утвораны прыставачна-суфіксальным спосабам. Даволі вялікая колькасць мікратапанімных адзінак з’явілася ў выніку анімізацыі: Астравы, Камень, Лінія, Масты, Мох, Омут, Палігон, Пушча. Як заўважае Я.М. Адамовіч, такі пераход агульных тапаграфічных назваў у мікратапонімы назіраецца толькі ў тых выпадках, калі ў дадзенай мясцовасці існуюць адзінкавыя геаграфічныя аб’екты [1]. З гэтым нельга не пагадзіцца. Сапраўды на даследаванай тэрыторыі такая з’ява таксама назіраецца: Барок, Гарадок, Леснічоўка, Пушча.

Складаных і састаўных мікратапонімаў на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна налічваецца ў тры разы менш, чым простых онімаў – 23,1%. Сярод неафіцыйных назваў аб’ектаў Бешанковіцкага раёна намі зафіксаваны толькі адзін складаны онім: Старадарожжа (накірунак дарогі), усе астатнія – састаўныя. Па словах А.В.Супяранскай, узнікненне састаўных тапонімаў звязана з немагчымасцю даць усім аб’ектам, якія знаходзяцца на дадзенай тэрыторыі, асаблівыя, не падобныя адзін на аднаго назвы. Паўтараючыся, яны патрабуюць дабавачных азначэнняў. Так узнікаюць двухслоўныя і шматслоўныя тапонімы. З іх найбольш тыповыя двухслоўныя. Больш доўгія адносяцца да сферы мікратапаніміі, дзе патрабуецца вельмі дакладнае апісанне месцазнаходжання невялікага ўчастка: Большой камень от Сиговицкой Теплицкой [2]. На даследаванай тэрыторыі да адзінак такога кшталту можна аднесці тыя, што ўтвораны ад уласных асабовых імёнаў: Архіпаў Хутар, Кузьміхіна Гара – назва ляснога аб’екта; Міколкава Магіла – ад імя Мікола, так мясцовыя жыхары называюць месца, дзе падчас вайны загінуў салдат па імені Мікола; Мурашкоўскі Абрыў – ад назвы былой вёскі Мурашкі. На сённяшні дзень дадзены населены пункт афіцыйна не зафіксаваны, але людзі захавалі паміж сабой памяць пра яго; Яцкоўскі Лес – ад тапоніма Яцукі, дзе пры ўтварэнні мікратапоніма адбылася фанетычная з’ява выпадзення галоснага у.

Сярод зафіксаваных адзінак сустракаецца мікратапонім, утвораны спосабам абрэвіяцыі рускамоўнага словазлучэння – МСО (Межрайонное Строительное Объединение). Дадзены онім функцыянуе ў г.п. Бешанковічы. У наш час такой арганізацыі няма, але назва часткі населенага пункта засталася ва ўжыванні людзей.

У мікратапаніміі рэдка можна сустрэць неафіцыйныя назвы нябесных цел. Але на даследаванай тэрыторыі такія выпадкі намі зафіксаваны: Бальшы Коўш, Малы Коўш ( Вялікая і Малая Мядзведзіцы) і Нябесная Звязда (так мясцовыя жыхары называюць Палярную зорку).

Такім чынам, у структурным плане большую частку мікратапонімаў Бешанковіцкага раёна складаюць простыя назвы, утвораныя шляхам анімізацыі, што характэрна для ўсей мікратапаніміі Беларусі ў цэлым. Сярод мікратапанімічных назваў пераважаюць лясныя і водныя. Большасць мікратапонімаў паходзіць ад асабовых імён уласнікаў, назваў населенага пункта, заснавальнікаў таго ці іншага месца: Кашчаўскі выган – в.Кошчава; Кузьміхіна гара; Міколкава Магіла; Міхалкін Хутар.

Літаратура:

1. Адамовіч, Я.М. Мікратапанімічныя назвы / Я.М. Адамовіч. – Мінск: Вышэйшая школа, 1971. – 112 с.

2. Суперанская, А.В. Структура имени собственного (фонология и морфология) / А.В. Суперанская. – М., 1969. – 207 с.

ТЭМА ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ Ў ДРАМАТУРГІІ АЛЯКСЕЯ ДУДАРАВА

Сцепаненка В.В.,

студэнтка 5 курса УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Аляксеева Т.У., ст. выкладчык

Да асэнсавання падзей Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай літаратуры звярталіся многія пісьменнікі. В. Быкаў, І. Навуменка, П. Панчанка, А. Куляшоў, К. Крапіва, А. Маўзон, У. Караткевіч і многія іншыя аўтары праўдзіва раскрылі жахі вайны, расказалі пра франтавое жыццё і дзейнасць падпольшчыкаў і партызанаў. Аляксей Дудараў нарадзіўся ў пасляваенны час, аднак таксама ў сваіх драматургічных творах засяродзіў увагу на трагічных старонках гісторыі. Драматург паказвае людзей на вайне, аналізуе іх паводзіны, учынкі. Пісьменнік “не адкрывае ў ваенных рэаліях штосьці невядомае ў літаратуры або гісторыі. Ён спрабуе падысці да падзей Другой сусветнай вайны з пазіцый агульналюдскіх, хрысціянскіх каштоўнасцей, высвечвае этычную неадназначнасць, складанасць нават у тых рэчах, якія нядаўна ўспрымаліся як неаспрэчныя” [1, с. 70].

П’есы “Узлёт” і “Радавыя” распавядаюць пра гераізм, самаахвярнасць, трываласць беларускага народа. Сам аўтар адзначаў, што “пра вайну нельга складаць небыліцы”, не трэба і “даслоўна ўзнаўляць летапіс ці дакумент [2, с. 70]. Вывучэнне твораў А. Дударава актуальна і ў наш час, бо людзі павінны ведаць аб вайне, разумець, якія страты яна прынесла беларускаму народу. Драматург не толькі канстатуе ваенныя падзеі, а ўводзіць чытача ва ўнутраны свет змагароў за незалежнасць сваёй краіны.

У драме “Радавыя” А. Дудараў “звяртаецца да падзей грознага ліхалецця, адлюстроўвае, як яно адбіваецца на сучасным жыцці, з філасофска-эстэтычных пазіцый асэнсоўвае немудрагелістыя жыццёвыя сітуацыі, распавядае пра няпростыя чалавечыя лёсы на вайне” [1;650]. На прыкладзе пяці галоўных герояў аўтар у творы паказвае драму ўсяго беларускага народа на вайне, гераізм, маральную нязломнасць простых людзей. Галоўныя персанажы (Дзерваед, Бушцец, Салянік, Дугін, Лёнька Адуванчык) – салдаты Вялікай Айчыннай вайны. Для герояў вайна з’яўляецца не толькі агульнай трагедый, але і асабістай. Кожны з персанажаў п’есы мае свой складаны лёс са шматлікімі пакутамі і стратамі. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці гэтыя людзі засталіся нязломнымі ў сваіх жыццёвых перакананнях, вернымі і адданымі Радзіме і народу. Гэта можна ўбачыць на прыкладзе лёсу Дзерваеда, у якога на вачах спалілі жонку і маленькага сына, але гора не зрабіла гэтага чалавека жорсткім і прагным да помсты: ён аддаў свой салдацкі паёк нямецкаму хлопчыку. Жаночыя вобразы ўвасабляюць у п’есе драму няздзейсненага мацярынства. Аўтар пераконвае: без дзяцей няма будучыні, а жанчыне не месца на вайне. А.Дудараў паказаў сваіх “радавых” не столькі пераможцамі, колькі ахвярамі вайны. Смерць салдатаў служыць доказам таго, што разбуральная сіла спынена.

Галоўныя героі п’есы “Узлёт” – тры лётчыкі (Грышчук, Вагура, Барткевіч), самалёт якіх пацярпеў аварыю над захопленай немцамі тэрыторыяй. У выніку дзеючыя асобы трапляюць у палон да ворагаў. Немцы, якія разумеюць, што гэтых людзей немагчыма зламаць фізічнымі катаваннямі, спрабуюць зламаць лётчыкаў маральна: даюць магчымасць застацца ў жывых, але шляхам здрады і падману. Аўтар спецыяльна паказвае герояў у напружаны перыяд гісторыі, бо толькі ў самых неспрыяльных умовах раскрываецца рэальная існасць кожнага. На думку драматурга, памяць пра вайскоўцаў не знікне бясследна. Гэта сапраўдныя патрыёты, моцныя духам. А. Дудараў выступае тут добрым псіхолагам і аналітыкам.

Усе гэтыя творы аб’ядноўвае паказ асобы, якая рада жыццю і гатова ахвяраваць ім дзеля іншых. Аўтар праз створаныя ім розныя сітуацыі распавядае, як можа паводзіць сябе чалавек, наколькі ён маральны ці наадварот амаральны ў сваіх учынках і памкненнях. Перад героямі заўсёды паўстае цяжкі выбар: застацца верным сваёй Радзіме або здрадзіць ёй, каб выратаваць сваё жыццё. Ва ўсіх драмах прысутнічае вобраз жанчыны. Драматург сцвярджае, што жаночая справа – гэта сям’я і гаспадарка. Вобраз маці ўзнікае ў драмах у той час, калі байцам немагчыма цярпець фізічны і маральны боль, калі ім неабходная падтрымка і слушная парада.

Такім чынам, Аляксей Дудараў у вышэйназваных п’есах раскрывае чалавечыя лёсы на вайне, заўсёды характарызуе персанажаў у становішчы маральнага выбару, паказвае духоўную моц і дасканаласць герояў. Творы аўтара ілюструюць асоб, якія застаюцца сапраўднымі людзьмі нават у самых жорсткіх і жудасных абставінах вайны.

 

Літаратура:

1. Васючэнка, П.В. Сучасная беларуская драматургія / П.В.Васючэнка. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2000. – 158 с.

2. Дудараў, А. “Пра вайну нельга пісаць небыліцы” / А. Дудараў; гутарыла Таццяна Команава // Культура. – 2008. – 28 чэрвеня – 4 ліпеня (№26). – С. 6.

 

 


Дата добавления: 2018-05-09; просмотров: 565; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!