Сюжэт і кафлікт у мастацкім творы



 

Тэма, праблема, ідэя і пафас мастацкага твора

СЛОЎНІК ЛІТАРАТУРАЗНАЎЧЫХ ТЭРМІНАЎ

 

Алегорыя (ад грэч. allēgoría — іншасказанне, ад allos — іншы, agoreúo — гавару) — адлюстраванне абстрактных паняццяў ці з’яў праз канкрэтныя вобразы; персаніфікацыя чалавечых якасцей з дапамогай аналогіі: баран — увасабленне тупасці, ліс — хітрасці, свіння — неахайнасці, конь — працавітасці і г.д.

 

Алітэрацыя (ад лац. ad — да, пры і litera — літара) — від гукапісу, паўтарэнне ў мастацкім тэксце аднолькавых або падобных зычных гукаў, прадвызначанае пэўнымі мастацкімі мэтамі; напрыклад: “У бубны дахаў вецер б’е” (М. Багадановіч).

 

Аналогія (ад грэч. аnalogía — падабенства, адпаведнасць) — прыём мастацкага супастаўлення, заснаваны на выкарыстанні падабенства паміж прадметамі і з’явамі рэчаіснасці; напрыклад, вобраз Ганны ў рамане І. Мележа “Людзі на балоце” раскрываецца праз апісанне (аналогію) прыгожай рабіны ў квецені.

 

Анафара (ад грэч. anaphorá — вынас уверх; паўтарэнне) — паўтарэнне спалучэння гукаў, слоў ці словазлучэнняў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строф.

Антытэза(ад грэч. antīthésis — супрацьпастаўленне) — мастацкі прыём, заснаваны на супастаўленні процілеглых прадметаў, з’яў, ідэй, пачуццяў і г.д. Антытэзы бываюць сюжэтныя, кампазіцыйныя, тэматычныя і г.д.; яны грунтуюцца на антаніміі, што падчас выяўляецца ў назве твора: “Агонь і снег” (І. Шамякін), “Свае і чужынцы” (І. Чыгрынаў).

 

Апавяданне — малы эпічны жанр; твор, у якім расказваецца, як правіла, пра які-небудзь адзін, вызначальны выпадак (сітуацыю, падзею) з жыцця чалавека. У апавяданні адна сюжэтная лінія, абмежаваная колькасць персанажаў, характары якіх паўстаюць перад чытачом ужо “сфарміраванымі”; апісанні адсутнічаюць альбо падаюцца надзвычай сцісла (“Васількі” М. Лынькова, “Сена на асфальце” М. Стральцова”, “Львы” І. Пташнікава).

Вершаванае апавяданне як жанр упершыню сустракаецца ў беларускай літаратуры ў В. Дуніна-Марцінкевіча (“Славяне ў ХІХ стагоддзі”, “Люцынка, або Шведы на Літве”, “Травіца брат-сястрыца”, “Літаратурныя клопаты”). Да яго звяртаўся і Ф. Багушэвіч (“Быў у чысцы”, “Хцівец і скарб на святога Яна” і інш.) Досыць шырока звярталіся да вершаванага апавядання пісьменнікі ў пачатку ХХ ст. (“Вераніка” М. Багдановіча, творы “Зяць”, “Доктар памог”, “Святы Ян” Якуба Коласа; “Сват”, “Страх”, “У Піліпаўку” Янкі Купалы і інш.).

Навела (ад італ. novella — навіна) многімі даследчыкамі разглядаецца як разнавіднасць апавядання. Яе сапраўды па аб’ёме можна супаставіць з апавяданнем, аднак навела характарызуецца напружаным, драматычым дзеяннем, лаканічным паказам падзей (як знешняга, так і ўнутранага жыцця персанажаў), нечаканым, нярэдка парадаксальным фіналам (“Бунт” Якуба Коласа, “Наталя” Янкі Скрыгана). Апісальнасць у навеле, такім чынам, практычна адсутнічае, кампазіцыя вызначаецца строгасцю, ядром сюжэта становіцца цэнтральная перыпетыя, з дапамогай якой жыццёвы матэрыял зводзіцца ў “фокус адной падзеі” (М. Эпштэйн).

Нарыс і памфлет некаторыя даследчыкі адносяць да публіцыстычныя жанры. Аднак у сучасным беларускім літаратуразнаўстве яны разглядаюцца і ў якасці жанравых разнавіднасцей апавядання. Нарыс —гэта мастацка-дакументальнае апавяданне, у якім апісаны падзеі, якія сапраўды здарыліся ў жыцці, а персанажы маюць рэальных прататыпаў і выступаюць пад сапраўднымі прозвішчамі (“Званы ў прадоннях азёр” У. Караткевіча).

Памфлет(ад грэч. pan ці pam — усё і phlego — палю, падпальваю) — невялікі твор выкрывальнага характару, дзе ў вострай сатырычнай форме высмейваюцца заганныя з’явы грамадскага жыцця, паводзіны тых ці іншых асоб і г.д.

Гумарэска — невялікі твор (вершаваны ці празаічны), у якім нязлосна, але дасціпна высмейваюцца асобныя прыватныя з’явы грамадскага ці асабістага жыцця, рысы чалавечага характару і г.д.

 

Аповесць — эпічны твор, у якім з дапамогай шэрагу эпізодаў, больш ці менш разгорнутых апісанняў выяўляецца сутнасць якой-небудзь падзеі, станаўленне характару аднаго ці некалькіх персанажаў у іх развіцці.

У старажытнай літаратуры паняццем “аповесць” пазначаўся любы аповед пра якія-небудзь падзеі (напрыклад, “Аповесць мінулых гадоў”). Сучаснае напаўненне тэрміна пачало акрэслівацца ў айчыннай традыцыі толькі ў ХІХ ст. Звычайна аповесць пішацца прозай, хаця існуюць і вершаваныя аповесці (як аповесці вызначаў свае творы “Гапон”, “Купала”, “Вечарніцы”, “Шчароўскія дажынкі” В. Дунін-Марцінкевіч; вершаваную “Аповесць пра залатое дно” напісаў А. Зарыцкі).

Існуе многа жанравых разнавіднасцей аповесці: сацыяльна-бытавая, прыгодніцкая, гістарычная, псіхалагічная, сатырычная, фантастычная, дэтэктыўная, мастацка-дакуметальная і інш.

 

Асананс (ад франц. assonance — сугучнасць) — паўтарэнне ў мастацкім творы аднолькавых або падобных галосных гукаў, закліканае ўзмацніць інтанацыйную выразнасць твора: “Дарагая зямля, радзіма! // Слова вымавіць немагчыма” (А. Куляшоў).

 

Аўтар (ад лац. аuctor — віноўнік, заснавальнік) — творца (пісьменнік), які можа выяўляць сябе ў творы адкрыта і прыхавана, “ускосна” ў залежнасці ад стылю, жанравай спецыфікі мастацкага тэксту і іншых фактараў.

 

Байка — жанр эпасу; невялікі вершаваны (радзей празаічны) алегарычны твор, сатырычны або павучальны па змесце, у якім жыццё чалавека адлюстроўваецца з дапамогай вобразаў жывёл, раслін, рэчаў і г.д.

Байка часта мае дыялагічную форму, шырока карыстаецца вольным (баечным) вершам. У кампазіцыі байкі выразна вылучаюцца дзве часткі: спачатку ідзе апісальная частка, затым афарыстычна выкладзеная мараль.

Першыя беларуская байкі Ф. Багушэвіча (“Воўк і авечка”, “Свіння і жалуды”), А. Абуховіча (“Ваўкалак”, “Старшына”), А. Гурыновіча (“Казельчык), як заўважае В. Рагойша, “часта былі апасродкаваным або прамым наследаванем І. Крылову”. Росквіт беларускай байкі ў ХХ ст. звязаны з творчасцю Кандрата Крапівы; у пасляваенны час плённа працавалі ў гэтым жанры У. Корбан, Э. Валасевіч, М. Скрыпка.

 

Балада(франц. ballade, ад праванс. balada — танцавальная песня) — жанр ліраэпічнай паэзіі; драматычна напружаны, сюжэтны вершаваны твор казачна-фантастычнага, легендарна-гістарычнага ці гераічнага зместу.

Балады бываюць фальклорныя (або народныя: з міфалагічнымі матывамі; казачныя і легендарныя; балады, якія мяшчаюць загадкі; гульнёва-карагодныя; навелістычныя ) і літаратурныя.

Вытокі беларускай літаратурнай балады звязаны з ХІХ ст., з творчасцю Ф. Багушэвіча і А. Рыпінскага, якія звярталіся да фальклорных першакрыніц. Выдатныя ўзоры балад на беларускім матэрыяле ствараў А. Міцкевіч (“Свіцязянка”, “Рыбка”, “Пані Твардоўская” і інш.). Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля таксама звычайна выкарыстоўвалі ў сваіх баладах фальклорныя сюжэты. Асаблівага росквіту дасягнула літаратурная балада ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці А. Куляшова. Звяртаюцца да балады і некаторыя сучасныя беларускія пісьменнікі: Янка Сіпакоў выдаў кнігу “Веча славянскіх балад”; найбольш актыўна зараз распрацоўвае гэты жанр Віктар Шніп.

 

Батлейка — народны лялечны тэатр, назва якога паходзіць ад слова Betleem — Віфлеем (паводле Евангелля, горад, у якім нарадзіўся Хрыстос).

У Беларусі батлейка з’явілася ў XVI ст. (была вядомая ў розных мясцовасцях таксама пад назвамі “Віфлеем”, “Яселка”, “Вяртэп” і інш.). Узнікненне яе звязана са святам Раства Хрыстова. Першапачаткова ўсе прадстаўленні разыгрываліся на біблейскія сюжэты, героямі іх былі Дзева Марыя, немаўля Іісус, святыя. Пазней з’явіліся інтэрмедыі — камедыйна-побытавыя эпізоды, якія ўстаўляліся паміж кананічнымі сцэнамі.

Для паказу прадстаўленняў з дрэва рабілі скрыню (звычайна ў выглядзе доміка ці царквы) з гарызантальнымі ярусамі-сцэнамі, у ніжняй частцы якіх рабіліся прарэзы для таго, каб можна было вадзіць лялькі. Упрыгожвалася скрыня рознакаляровай паперай, тканінай, на дальнім плане малявалі абразы, зоркі, вокны, крыжы і інш. Існавалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе “тэатру ценяў” (у Віцебску, Веліжы), а таксама батлейкі са зменнымі празрыстымі дэкарацыямі (у Докшыцах). Выкарыстоўвалі ў прадстаўленнях лялькі-марыянеткі на нітках, а таксама пальчаткавыя лялькі. Паказы суправаджаліся музыкай, песнямі. Батлеечнік нярэдка быў не толькі адзіным выканаўцам, але і драматургам, рэжысёрам, “канферансье”. Прадстаўленне батлейкі складалася з двух частак: рэлігійнай і свецкай, кожная паказвалася на сваім ярусе, адпаведна, верхнім і ніжнім. Найбольшай папулярнасцю ў публікі карысталіся востра-сатырычныя жанравыя сцэнкі свецкага характару, у якіх вобразам махляра-лекара, злоснага пана, сквапнага купца супрацьпастаўляліся кемлівыя і вясёлыя героі з народа. Батлейка праіснавала ў Беларусі да пачатку ХХ ст. У наш час яе спрабуюць адраджаць энтузіясты.

Белы верш(ад франц. vers blanc — белы верш) — нерыфмаваны верш у сілабічнай і сілаба-танічнай сістэмах вершаскладання, у якім вызначальная роля належыць клаўзулы (заключным складам вершаванага радка пасля апошняга націскнога склада), узмацняецца сэнсавыяўленчае і інтанацыйнае значэнне рытму.

Паходжанне тэрміна звязана з практыкай ранняга кнігадрукавання, дзе рыфмаваныя радкі пазначаліся чырвонай фарбай, а нерыфмаваныя — звычайнай. Калі ва ўсім вершы не было рыфмаў, ён друкаваўся звычайнай фарбай і называўся “белым”. У Беларусі белы верш сустракаецца ўпершыню ў Сімяона Полацкага (у вершах на лацінскай мове). Асаблівае пашырэнне ён атрымаў у пачатку ХХ ст. у творчасці Янкі Купалы, М. Багдановіча, У. Дубоўкі; пазней да яго звярталіся А. Куляшоў, П. Глебка, Максім Танк, П. Панчанка і інш.

 

Бурлеск (франц. burlesque, італьянск. burlesco — жартаўлiвы, ад burla — жарт) — жанр камiчнай парадыйнай паэзіі, заснаваны на несупадзенні сутнасці і формы выказвання.

Камiчны эфект абумоўлiваецца кантрастам памiж тэмай i характарам яе вырашэння, iнтэрпрэтацыi. Калi вiдавочна ўзвышаная тэма атрымлiвае падкрэслена будзённую, часам нават грубаватую трактоўку i выкладаецца “нiзкiм” стылем — гавораць пра травесцiю (ад італьянск. travestire — пераапранаць). Так, у беларускіх травесційных паэмах “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе” парадзіруюцца каноны класіцызму, пра багоў, міфалагічных герояў распавядаецца моваю звычайнай гутаркі. Калi ж “нiзкая” тэма ўвасабляецца ў відавочна “высокiм”, узвышаным стылi, такі твор называюць iроiкамiчным.

Верлібр (свабодны верш) (ад фр. vers libre — верш свабодны) — верш без памеру (інакш: дысметрычны) і без рыфмы; у аснове яго рытму — чаргаванне аднатыпных у інтанацыйна-сэнсавых адносінах вершаваных радкоў.

Як правіла, верлібр — гэта разважанне, медытацыя. Свабоднае мысленне тут спалучаецца з асацыятыўнай вобразнасцю, заснаванай на злучэнні канкрэтнага і абстрактнага паводле ледзь прыкметных, але відавочных змястоўных сувязей, падабенства. У сусветнай літаратуры верлібр мае больш даўнія традыцыі, чым у беларускай; да яго звярталіся П. Верлен, В. Брусаў, В. Хлебнікаў, В. Шымборска і інш. Ля вытокаў беларускага верлібра стаяў М. Багдановіч; прызнаным майстрам жанру лічыцца Максім Танк; цікавасць да верлібра ўзрастае з другой паловы ХХ ст. (творы А. Вярцінскага, А. Лойкі, Я. Сіпакова, А. Разанава і інш.).

 

Вершаскладанне (вершаванне, версіфікацыя) — сістэма арганізацыі вершаванай мовы, заснаваная на паўтарэнні пэўнага рытмастваральнага кампанента (вышыні гуку — у кітайскай паэзіі, працягласці галоснага гуку — у антычнай паэзіі, націскных ці ненацікных гукаў — у класічнай беларускай паэзіі і г.д.).

На розных этапах развіцця мастацтва слова складваліся розныя сістэмы вершаскладання — сукупнасці прынцыпаў стварэння вершаў, абумоўленыя фанетычнымі, лексічнымі, сінтаксічнымі асаблівасцямі той ці іншай нацыянальнай мовы, традыцыямі нацыянальнай культуры. Так, сувязь паміж вершам і музыкай вызначыла асноўныя асаблівасці народнага вершаскладання. Наяўнасць у старажытнагрэчаскай мове доўгіх і кароткіх складоў абумовіла ўзнікненне антычнай (метрычнай) сістэмы вершаскладання. Літаратуры, якія ствараюцца на мовах з пастаянным (строга вызначаным) націскам, аддаюць перавагу сілабічнай сістэме. Паэзія, што ствараецца на мовах з рухомым націскам, карыстаецца танічнай (у аснове — прыблізна аднолькавая колькасць моцных, ці апорных націскаў у радку) і сілаба-танічнай (раўнамерна чаргуюцца націскныя і ненаціскныя склады) сістэмамі вершаскладання.

Паводле В. Рагойшы, гісторыя развіцця асобных сістэм вершаскладання ў беларускай паэзіі пачынаецца з XVI ст., калі панаваў народны верш; тады ж беларускія паэты-лаціністы (Я. Вісліцкі, М. Гусоўскі) выкарыстоўвалі антычны (метрычны) верш. З таго ж часу вядзе свой пачатак і беларуская сілабіка (Ф. Скарына, А. Рымша, Я. Пашкевіч, пазней — Сімяон Полацкі). У канцы XVIII ст. узнікае беларуская сілаба-тоніка, якая з канца ХІХ ст. выцясняе сілабіку. Паступова да сілаба-тонікі далучаецца літаратурны танічны верш і свабодны верш.

 

Вобраз мастацкі — адметная форма эстэтычнага засваення і аднаўлення рэчаіснасці, канкрэтная, індывідуалізаваная і разам з тым абагуленая.

Літаратура (як і мастацтва наогул) часам вызначаецца як “мысленне вобразамі”. Мастацкі вобраз — гэта канкрэтна-пачуццёвая форма не толькі аднаўлення, але і пераўтварэння рэчаіснасці, у ім аб’ядноўваюцца суб’ектыўнае і аб’ектыўнае, сутнаснае і магчымае, адзінкавае і агульнае, ідэальнае і рэальнае. Мастацкая каштоўнасць літаратурнага вобраза звязана з яго цэласнасцю. У літаратуразнаўстве паняцце “вобраз” выкарыстоўваецца ў некалькіх значэннях. Гаворачы пра мастацкія вобразы, маюць на ўвазе і так званыя славесныя вобразы (тропы), і вобразы-персанажы (вобразы герояў твора), і вобразы разнастайных прадметаў ці з’яў.

Існуе некалькі класіфікацый літаратурна-мастацкіх вобразаў. Напрыклад, па ступені сэнсавай абагуленасці яны падзяляюцца на індывідуальныя, характэрныя, тыповыя, вобразы-матывы (часам вылучаюць і вобразы-настроі), топасы і архетыпы.

Індывідуальныя вобразы вызначаюцца самабытнасцю, непаўторнасцю, у іх пераважае фантазійны пачатак: Квазімода ў “Саборы Парыжскай Божай Маці” В. Гюго, Воланд у “Майстры і Маргарыце” М. Булгакава і інш.

Характэрны вобраз, у адрозненне ад індывідуальнага, з’яўляецца абагуленым. Ён утрымлівае агульныя рысы характараў і нораваў, уласцівых многім людзям пэўнай эпохі; раскрывае пэўныя заканамернасці грамадскага быцця (персанажы трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”, рамана Г. Бёля “Дом без гаспадара” і інш.).

Тыповы вобраз —вышэйшая ступень вобраза характэрнага, увасабленне найбольш істотных, важных рысаў, характэрных ці для самой сацыяльна-гістарычнай эпохі, ці для героя, народжанага гэтай эпохай (героі “Палескай хронікі” Івана Мележа).

Вобраз-матыў — тэма, якая ўстойліва паўтараецца ў творчасці якога-небудзь пісьменніка і выражаецца ў розных аспектах з дапамогай вар’іравання найбольш значных яе элементаў (напрыклад, вобраз крыжа ў Янкі Купалы).

Да топасаў (грэч. topos — месца, мясцовасць, літаральна: “агульнае месца”) адносяцца агульныя і тыповыя вобразы, якія ствараюцца ў літаратуры цэлай эпохі, нацыі (свет як тэатр у літаратуры эпохі Адраджэння, топас зямлі ў беларускай літаратуры, топас зімы ў рускай літаратуры і інш.).

Тэорыя архетыпаў (ад грэч. arhe — пачатак, týpos — вобраз) дэталёва была распрацавана швейцарскім псіхолагам К.Г. Юнгам (1875—1961), які разумеў архетып як агульначалавечы вобраз, што бессвядома перадаецца ад пакалення да пакалення. Вытокі архетыпаў звязаны з эпохай Архаікі, у прыватнасці, з арахаічнай міфалогіяй; менавіта архетыпы сталі асновай пазнейшых вобразаў. Юнг залічваў да архетыпаў не толькі вобразы міфалагічных герояў, але і агульначалавечыя сімвалы — агонь, шлях, дом, сад і інш.

Ад архетыпу, які бессвядома аднаўляе міфалагічныя матывы, сучасныя даследчыкі прапануюць адрозніваць міфалагему (міфему) (ад aнгл. mytheme) — свядомае запазычанне ў міфа матыва, тэмы ці яе часткі і аднаўленне ў больш позніх фальклорных ці літаратурных творах.

Літаратурны твор, такім чынам, заўсёды ўяўляе сабой складаную сістэму вобразаў, якая будуецца на аснове законаў кампазіцыі. У шырокім сэнсе яна ўключае не толькі вобразы-персанажы, але і вобразы-рэчы (іх разнавіднасць — вобразы-інтэр’еры; вобразы-пейзажы (да якіх адносяцца пейзажныя дэталі, прыродныя працэсы і з’явы, ланшафты, гарадскія пейзажы і да т.п.); вобразы жывёл, а таксама вобразы-сімвалы, вобразы-матывы і інш.

 

Герой літаратурны — вобраз чалавека ў літаратурным творы, які складаецца з сукупнасці знешніх і ўнутраных уласцівасцей, характарыстык (партрэтныя апісанні, мова, учынкі, паводзіны, уземаадносіны з іншымі героямі і інш.).

Побач з паняццем літаратурны герой ужываюцца паняцці персанаж, вобраз-персанаж (франц. personnage; ад лац. persona — твар, асоба, лічына), дзейная асоба(у драматургічных творах). Словазлучэннем “лірычны герой” абазначаюць вобраз, які ўзнікае ў свядомасці чытача ў выніку знаёмства з лірычным творам (або творчасцю) таго ці іншага паэта. Паняцце было ўпершыню сфармуляванае Ю. Тынянавым у 1921 г. у дачыненні да творчасці А. Блока; пазней тэрмін пачалі шырока выкарыстоўваць літаратуразнаўцы, праўда, і сёння яго напаўненне застаецца спрэчным. Вобраз лірычнага героя, з аднаго боку, нельга абсалютна атаясамліваць з асобай аўтара; разам з тым, нельга гаварыць і пра наяўнасць значнай “дыстанцыі” паміж лірычным героем і паэтам. У пэўным сэнсе, аўтар — гэта “прататып” свайго лірычнага героя.

У сучаснай літаратуры сродкі стварэння вобразаў-персанажў надзвычай разнастайныя. Гэта аўтарская характарыстыка; аповед ад першай асобы; формы дзённіка і ліставання, успамінаў, стылізаваных мемуараў і дакументаў; аповед ад імя назіральніка; выказванні іншых персанажаў пра нероя, апісанне інтэр’ера, навакольнага асяроддзя, рэчаў, якія належаць перасанажу; прыём псіхалагічнага аналізу, прыём кантрасту і інш.

Героі (персанажы) падзяляюцца на галоўных (цэнтральных), другарадных і эпізадычных. У драматургічных творах істотную ролю адыгрываюць пазасцэнічныя персанажы — героі, якіх няма на сцэне і якія не з’яўляюцца персанажамі ў літаральным сэнсе, але пра іх згадваюць іншыя дзейныя асобы ў дыялогах ці рэпліках.

Такім чынам, сістэма персанажаў (іх узаемаадносіны, узаемасувязі, удзел у сюжэце і да т.п.) — адзін з найважнейшых складнікаў твора.

 

Гіпербала(ад грэч. hyperbolē — перабольшанне) — стылістычная фігура ці мастацкі прыём, заснаваная на рэзкім, наўмысным перабольшанні ўласцівасцей, асаблівасцей прадметаў з мэтай узмацнення выразнасці і вобразнасці мастацкай мовы. Назвычай характэрная для фальклору (казак, былін, легенд, балад). Яркія ўзоры гіпербалы сустракаюцца ў творчасці А. Куляшова (“Балада пра вока”), П. Панчанкі (“Герой”). Супрацьлеглы гіпербале троп — літота.

 

Гратэск (франц. grotesque, італ. grottesco — незвычайны, ад італ. grotta — грот) — троп, а таксама мастацкі прыём адлюстравання рэчаіснасці, які заключаецца ў парушэнні сапраўдных форм, памераў, уласцівасцей, прымет рэчаў, прадметаў, з’яў; ён грунтуецца на спецыфічным спалучэнні і кантрасце рэальнага і фантастычнага, трагічнага і камічнага, прыгожага і пачварнага.

Гратэск адыгрываў значную ролю ў розныя літаратурныя эпохі і ў розных нацыянальных традыцыях: згадаем творы “Гарганцюа і Пантагруэль” Ф. Рабле, “Падарожжы Гулівера” Дж. Свіфта, “Пінскую шляхту” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Тутэйшых” Янкі Купалы, “Запіскі Самосна Самасуя” А. Мрыя, “Трыбунал” А. Макаёнка і інш. Як элемент стылю, завостраны камічны прыём гратэск уласцівы цэламу шэрагу жанраў — памфлету, фарсу, фельетону і інш.

 

Гукапіс — такiя гукавыя паўторы ў мастацкай мове, якiя ўзмацняюць яе сэнсавую выразнасць (напрыклад, алiтэрацыя, асананс, гукаперайманне, гукавыя анафара i эпiфара i iнш.).

 

Гуманізм (ад лац. humanus — чалавечы, чалавечны) у літаратуры — ідэі і матывы чалавекалюбства, чалавечнасці, міласэрнасці, спачування да чалавека і г.д., увасобленыя ў літаратурных творах. Склаўся ў эпоху еўрапейскага Адраджэння (XIV—XVI стст.) як пэўная плынь перадавой грамадскай думкі, якая перадусім сцвярджала каштоўнасць асобы.

 

Гумар(ад англ. humour — гумар, нораў, настрой, схiльнасць) — адна з галоўных праяў камiчнага ў лiатаратуры, якая мае на ўвазе, што смешнае выказваецца ў жартоўным, добразычлiвым тоне. У аснове гумару ў лiтаратуры — смешнае ў жыццi (з’явы, падзеi, людзi); звычайна сур’ёзнае ў дадзеным выпадку хаваецца пад маскай смешнага. У гумарыстычных творах могуць выкарыстоўваца выяўленчыя магчымасцi iронii, гратэску, парадоксу.

 

Драма (ад грэч. dráma — дзеянне) — 1) род лiтаратуры (побач з эпасам i лiрыкай), у аснове якога знаходзiцца дзеянне, скiраванае на вырашэнне якога-небудзь канфлiкту; 2) у больш вузкiм сэнсе слова — адзiн з асноўных жанраў драмы як лiтаратурнага рода (побач з трагедыяй i камедыяй), у аснове якога знаходзiцца сур’ёзны канфлiкт, якi дапускае магчымасць добрай развязкi.

1) Драма належыць адначасова i лiтаратуры, i тэатру (сцэнiчнасць — адно з галоўных патрабаванняў, што прад’яўляюцца да драматургiчнага твора). Для твораў гэтага лiтаратурнага роду — п’ес — характэрны востраканфлiктныя сiтуацыi, якiя пабуджаюць персанажаў (дзейных асоб) да дзеянняў. Большасць п’ес пабудавана на адзiным знешнiм дзеяннi з яго перыпетыямi. Аднак у драматычным творы можа пераважаць i ўнутранае дзеянне, калi героi не столькi здзяйсняюць што-небудзь, колькi перажываюць канфлiктныя сiтуацыi i напружана асэнсоўваюць іх.

У адрозненне ад эпасу i лiрыкi сродкамi стварэння дзейных асоб у драме з’яўляюцца iх уласная мова (дыялогi, маналогi, унутраныя маналогі, рэплiкi) i ўчынкi. Аўтарскiя каментарыi да п’есы абмяжоўваюцца рэмаркамi: атар як бы “перадаваярае” дзейным асобам свае думкi i пачуццi.

Аснову кампазiцыi драматычнага твора складае падзел яе тэксту на адносна роўныя па аб’ёме акты цi дзеяннi з паўзамi (антрактамi) памiж iмi.

Галоўнымi жанрамi драмы як лiтаратурнага рода з’яўляюцца трагедыя, камедыя i драма (у больш вузкiм значэннi).

2) Драма (у вузкiм значэннi) займае прамежкавае становiшча памiж трагедыяй i камедыяй. Падобна трагедыi, яна грунтуецца на сацыяльна-псiхалагiчных канфлiктах, але канфлiкт можа мець i нетрагiчную развязку. Падобна камедыi, драма звернута да адлюстравання сферы прыватнага жыцця, драматург iмкнецца прааналiзаваць сутнасць канфлiкту, а не “выправiць” яго з дапамогай смеху.

Драма ў яе сучасным значэннi ўзнiкае не раней першай паловы XVIII ст. i фiгуруе як “мяшчанская драма”. Следам за ёй на мяжы XVIII—XIX стст. Узнiкае i меладрама (грэч. melos — песня i drama — дзеянне), для якой характэрны павышаная чуллiвасць, эмацыянальнасць, напружанасць i заблытанасць iнтрыгi, маралiстычная завостранасць.

Сучасная драма выяўляе схiльнасць да змяшэння драматычнага i камiчнага, рэальнага i сiмвалiчнага, узвышанага i натуралiстычнага.

 

Дэталь мастацкая (ад франц. détail — падрабязнасць, дробязь) — сродак стварэння мастацкага вобраза, выразная падрабязнасць, якая мае ў творы істотную сэнсавую і эмацыйную нагрузку.

Да мастацкіх дэталяў належаць у асноўным прадметныя падрабязнасці ў шырокім разуменні: падрабязнасці побыту, пейзажу, партрэта, інтэр’ера, а таксама жэсту, суб’ектыўнай рэакцыі, дзеяння і маўлення (так званая маўленчая характарыстыка).

У залежнасці ад канкрэтнай аўтарскай устаноўкі дэталь можа ўдакладняць аўтарскую задуму, можа “факусаваць” аўтарскую ідэю, быць лейтматывам твора.

Жанр літаратурны (ад франц. gеnre — род, від) — гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып літаратурных твораў, дзе з пэўнай кампазіцыйнай будовай, вобразным ладам, моўнымі сродкамі звязана выяўленне больш ці менш канкрэтнага мастацкага зместу.

Генетычна кожны жанр звязаны з пэўным зместам; сувязь паміж зместам і формай працягвае захоўвацца і зараз: гімн — гэта выяўленне ў вершаванай форме ўрачыстасці, эпіграма — насмешкі, элегія — суму і да т.п.

У межах эпасу як літаратурнага роду ў якасці асноўных вылучаюцца жанры рамана, аповесці, апавядання і інш. Асноўнымі жанрамі лірыкі прынята лічыць песню і верш. Драма як літаратурны род уключае жанры трагедыі, камедыі і ўласна драмы.

У сваю чаргу, асноўныя жанры могуць разгортвацца ў сапраўдны “веер” жанравых разнавіднасцей. Напрыклад, апавяданне як эпічны жанр можа быць псіхалагічным, прыгодніцкім, дэтэктыўным, фантастычным, гумарыстычным і г.д.

 

Жыціе — жанр старажытнай жыційнай, агіяграфічнай (ад грэч. hagios — святы і graphō — пішу) літаратуры, твор, у якім апісваецца жыццё кананізаваных царквою асоб — святых (“Жыціе Еўфрасінні Полацкай”, “Жыціе Аўрамія Смаленскага” і інш.).

 

Ідэя (ад грэч. idea — паняцце, уяўленне) мастацкага твора — галоўная думка, увасобленая ў творы. Спасціжэнне ідэі, абумоўленай светапогляднай, грамадскай пазіцыяй аўтара, залежыць і ад светапогляду, ідэалаў, пазіцый чытача (часам аўтарская ідэя не супадае з той высновай, якую робіць чытач). У вялікіх творах, дзе вырашаецца шэраг праблем, можа быць і шэраг ідэй, падначаленых галоўнай ідэі; разм яны ўтвараюць ідэйны змест твора.

 

Інверсія (ад лац. inversio — перастаноўка) — адна з фігур літаратурнага сінтаксісу, расстаноўка слоў або словазлучэнняў у сказе, якая парушае іх звычайны граматычны парадак і мае на мэце дасягненне пэўнага мастацкага эфекту: “Жыццё закон нязломны мае: // Ніколі праўда не ўмірае” (М. Багдановіч); “Але і салодкі ад дружбы быў // Мой хлеб надзённы” (Максім Танк).

Інтрыга (франц. intrigue, ад лац. intrico — заблытваю) — складаны, заблытаны вузел падзей у творы, разгортванне якіх звязана з раскрыццём нейкай таямніцы. Вырашэнне інтрыгі, як правіла, знаходзіца ў развязцы. Інтрыга можа быць сацыяльна-палітычнай, псіхалагічнай, любоўнай, прыгодніцкай і інш.

 

Іронія (ад грэч. eirōnéia — прытворства), альбо антыфразіс (ад грэч. antiphrasis — ужыванне слова ў супрацьлеглым значэнні) — стылістычны прыём (троп), які мае на ўвазе выкарыстанне слова (словазлучэння, выразу) у супрацьлеглым сэнсе з мэтай насмешкі.

За знешняй пачцівасцю выказвання прыхоўваецца насмешка: з’яве наўмысна прыпісваецца ўласцівасць, якой яна не валодае, хаця ў адпаведнасці са “знешняй” логікай выказвання яго варта было б чакаць. “Ключ” да іроніі знаходзіцца не ў самім выразе, а ў кантэксце ці ў інтанацыі, часам — толькі ў сітуацыі выказвання.

Іронія можа мець не толькі значэнне тропа (стылістычнага прыёма), але і своеасаблівага мастацкага прынцыпу адлюстравання рэчаіснасці, асмяяння з “двайным дном”. Менавіта прыхаванасць насмешкі адрознівае іронію ад гумару і ад сатыры. Іранічныя адносіны могуць выяўляцца і з дапамогай гратэску, парадоксу, пародыі, гіпербалы і інш.

Злосная, з’едлівая іронія называецца сарказмам.

 

Камедыя (ад грэч. kōmōdia, ад kōmos — вясёлае шэсце, працэсія, натоўп і ōide — песня) — адзін з самых старажытных жанраў драмы як літаратурнага роду, у аснове яго знаходзіцца адметны тып канфлікту — камічнае супрацьстаянне.

Камедыя звернута да асмяяння “непрыгожага” (таго, што супярэчыць грамадскаму ідэалу ці норме). Гістарычна склаліся два асноўных тыпы камедыі: камедыя сітуацый (становішчаў) і камедыя характараў. У першым выпадку крыніцай камічнага з’яўляюцца падзеі, сітуацыі, заблытаная інтрыга; у другім выпадку камічныя супярэчнасці закладзены ў характарах герояў, што выяўляецца па меры разгортвання дзеяння. У камедыі могуць знаходзіць увасабленне розныя віды камічнага (як адной з найважнейшых эстэтычных катэгорый) — гумар, іронія, сатыра, сарказм. Надзвычай важным сродкам стварэння камічнага эфекту становіцца мова персанажаў.

Жанравы дыяпазон сучаснай камедыі вельмі шырокі: існуюць камедыі сацыяльна-бытавыя, лірычныя, рамантычныя, гераічныя, фантастычныя, а таксама вадэвілі, сатырычныя фарсы, памфлеты і інш.. Асаблівае распаўсюджанне ў ХХ ст. атрымала трагікамедыя, якая спалучае ў сабе рысы двух “супрацьпастаўленых” драматургічных жанраў.

 

Кампазіцыя (ад лац. compositio — складанне, упарадкаванне; ад componere — складваць, будаваць, афармляць) — 1) у шырокім значэнні — уся сукупнасць адносінаў паміж элементамі мастацкай формы; 2) у больш вузкім значэнні — пабудова твора, абумоўленая яго зместам (сюжэтам).

Часам адрозніваюць знешнюю будову, або архітэктоніку, і ўнутраную будову, або уласна кампазіцыю. Да архітэктонікі ў такім выпадку адносяць сістэму вонкавай арганізацыі твора (наяўнасць і размяшчэнне асобных раздзелаў, актаў, сцэн, страфічных форм).

Аднак у цэлым аналіз кампазіцыі павінен ахопліваць адначасова і знешнюю будову твора, і логіку раскрыцця зместу ўнутры раздзелаў, строф і да т.п. Таму, як правіла, кампазіцыя ўключае:

— знешнюю будову твора, логіку раскрыцця зместу ўнутры строф, актаў, сцэн, раздзелаў і г.д.;

— расстаноўку персанажаў, іх сістэму (у эпічных і драматургічных творах);

— чаргаванне сюжэтных і пазасюжэтных элементаў;

— змену прыёмаў апавядання ў эпічных творах (аўтарская мова, аповед ад першай асобы, дыялогі і маналогі персанажаў, разнастайныя віды апісанняў і інш.).

Да найбольш распаўсюджаных кампазіцыйных прыёмаў адносяць храналагічныя перастаноўкі асобных падзей ці некаторых кампанентаў сюжэта, умаўчанне, пазнаванне, адсутнасць экспазіцыі, развязкі дзеяння і г.д.

Часам асобныя творы могуць аб’ядноўвацца ў структурна-кампазіцыйныя комплексы: трыпціх (тры тэксты на адну тэму); цыкл (шэраг тэкстаў, аб’яднаных тэмай, галоўнай ідэяй ці жанравымі прыметамі); зборнік (кніга, цэласная і завершаная паводле задумы і размяшчэння ў ёй твораў), альманах (кніга, якую складаюць творы пісьменнікаў-сучаснікаў пэўнай мясцовасці альбо кірунку), анталогія(зборнік выбраных твораў розных аўтараў) і г.д.Дзве, тры, чатыры або пяць аповесцей (ці раманаў), аб’яднаных агульнымі героямі і ідэйнай задумай, утвараюць адпаведна дылогію (“Партызаны” і “Сыны ідуць у бой” А. Адамовіча), трылогію (“На ростанях” Якуба Коласа), тэтралогію (“Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы”, “І скажа той, хто народзіцца”, “Голас крыві брата твайго” В. Адамчыка), пенталогію (“Трывожнае шчасце” І. Шамякіна).

 

Кірунак (напрамак) літаратурны — творчае адзiнства груп лiтаратараў пэўнага гiстарычнага перыяду, блiзкiх паводле светапогляду i мастацкай манеры. Прадстаўнiкi аднаго лiтаратурнага кiрунку распрацоўваюць агульныя матывы i тэматыку, выкарыстоўваюць падобныя выяўленчыя сродкi; творчае адзiнства нярэдка замацоўваецца арганiзацыйна — праз стварэнне лiтаратурнай арганiзыцi, друкаваны орган, выступленне з манiфестам i г.д. Часам лiтаратурныя кiрункi ўтвараюцца ў межах адной мастацкай сiстэмы (акмеiзм, iмажынiзм, сюррэалiзм i iнш. — у межах мадэрнiзму).

 

Класіцызм(ад лац. classicus — узорны) — мастацкі метад і эстэтычны кірунак у еўрапейскім мастацтве і літаратуры XVII — пачатку XIX стст., аснову якога складалі прынцыпы рацыяналізму, “пераймання прыроды”, зварот да антычнага мастацтва як да эстэтычнага эталона.

Паэтыка класіцызму пачала складвацца ў эпоху позняга Адраджэння ў Італіі, але як цэласная эстэтычная сістэма ён сфарміраваўся ў Францыі XVII ст. Ля вытокаў тэорыі і практыкі класцізму стаяў Ф. Малерб, аднак закончанае, сістэмнае выражэнне паэтыка класіцызму атрымала ў вершаваным трактаце Нікаля Буало “Паэтычнае мастацтва” (1674), у якім быў абагулены мастацкі вопыт французскай літаратуры XVII ст.

Філасофская база класіцызму — рацыяналізм; яго прынцыпы вызначылі строгую нарматыўнасць эстэтыкі і паэтыкі гэтага “вялікага стылю эпохі”. Класіцысты сцвярджалі прыярытэт розуму і парадку над хаосам паўсядзённага жыцця; вялікая роля надавалася грамадска-выхаваўчай функцыі мастацтва. Характар героя, як правіла, будаваўся на адной галоўнай рысе. Патрабаваннямі рацыяналізму вызначаліся і законы стварэння мастацкага тэксту: яго часткі павінны быць суразмерныя і гарманічныя, твор мусіць вызначацца лагічнасцю, прадуманасцю кампазіцыі, прастатой сюжэта. Класіцысты абвясцілі прынцып “пераймання прыроды”, аднак вартым назірання і пераймання ў мастацтве лічыліся толькі разумныя праявы прыроды, яе лагічныя заканамернасці. Абавязковай умовай было і дакладнае выкананне правіл, запазычаных з антычнай паэтыкі (працы Арыстоцеля, Гарацыя) і мастацтва. Антычная літаратура лічылася прыкладам для пераймання, паколькі менавіта ў ёй быў увасоблены абсалютны ідэал прыгожага.

Класіцызм устанаўліваў строгую іерархію жанраў, якія падзяляліся на

1) “высокія” (трагедыя, эпапея, ода) — звернутыя да адлюстравання дзяржаўнага жыцця, гістарычных падзей, міфалогіі; іх героі — манархі, знакамітыя палкаводцы, міфалагічныя персанажы і г.д.;

2) “нізкія” (камедыя, сатыра, эпіграма, басня), дзе паказвалася паўсядзённае жыццё людзей сярэдніх саслоўяў.

Не дапускалася змяшэння ўзвышанага і нзкага, трагічнага і камічнага. Вядучым жанрам класіцызму была трагедыя, героі якой былі пастаўленыя перад неабходнасцю выбару паміж маральным доўгам і асабістымі страсцямі. Драматургі-класіцысты павінны былі прытрымлівацца правіла трох адзінстваў: часу (дзеянне ў п’есе абывалася на працягу 24 гадзін), месца (адна дэкарацыя), дзеяння (адсутнасць пабочных сюжэтаў).

Пад уплывам французскай літаратуры класіцызм развіваецца ў Англіі, Італіі, Германіі. У Расіі класіцызм пачаў складвацца ў другой чвэрці XVIII ст. — у творчасці А. Кантэміра, В. Традзьякоўскага, М. Ламаносава.

У беларускай літаратуры класіцызм прадстаўлены своесабліва — у ананімных парадыйна-сатырычных творах “Уваскрэсенне Хрыстова”, “Энеіда навыварат”, а таксама ў “Тарасе на Парнасе” К. Вераніцына. У “чыстым выглядзе”, як зазначае В. Рагойша, ён увасобіўся ў шматмоўнай літаратуры Беларусі канца XVII — пачатку ХІХ стст. у творах на лацінскай мове (М. Карыцкі), польскай (А. Нарушэвіч, Ю. Нямцэвіч, Ф. Багамолец), рускай (І. Сакольскі, І. Галянеўскі). Тэарэтычныя яго прынцыпы ў сваіх курсах паэтык распрацоўваў выкладчык Полацкай калегіі М. Сарбеўскі (“Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер”).

 

Крытыка літаратурная (ад грэч. kritike — мастацтва ацэньваць) — літаратурныя творы розных жанраў (артыкулы, рэцэнзіі, нататкі, эсэ і інш.), прысвечаныя ацэнцы, разбору і вытлумачэнню літаратурна-мастацкіх твораў; адзін з важнейшых складнікаў літаратурнага працэсу.

 

Летапіс — жанр старажытнай мемуарнай літаратуры, у якім запіс дакладных звестак пра пэўныя падзеі, сведкам якіх быў летапісец, спалучаўся з літаратурна апрацаванымі паданнямі пра легендарную мінуўшчыну.

 

Лірыка (ад грэч. lýra — музычны інcтрумент, пад акампанемент якога выконваліся вершы, песні; lyricós — той, хто спявае пад гукі ліры; музычны) — адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), у якім на першы план выходзіць суб’ект, яго пачуцці і перажыванні, адносіны да рэчаіснасці.

Прадметам адлюстравання ў лірыцы з’яўляецца духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і пачуццяў. Галоўная адметнасць гэтага літаратурнага роду — суб’ектыўнасць: аб’ектыўнае, рэчыўнае ў лірычным творы часцей за ўсё раствараецца ў суб’ектыўным.

У залежнасці ад зместу твораў адрозніваюць лірыку грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную; вылучаюць таксама лірыку медытатыўную (развагі над вечнымі праблемамі быцця) і сугестыўную (засяроджаную на перадачы эмацыянальнага стану).

Усю разнастайнасць жанраў і жанравых разнавіднасцей лірыкі можна ўмоўна аб’яднаць у дзве вялікія групы: песні і вершы. Найбольш старажытныя ананімныя народна-песенныя тэксты сямейна-абрадавай і каляндарна-абрадавай лірыкі.

Элементы лірыкі (лірызм) выяўляюцца і ў эпічных, драматычных творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў і інш.). У сваю чаргу, элементы эпасу (адзнакі сюжэтнасці) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выражэння і інш.) прысутнічаюць у самой лірыцы. Родавыя рысы як эпасу, так і лірыкі прысутнічаюць у лірычнай прозе — стылістычнай разнавіднасці мастацкай прозы, што аб’ядноўвае творы розных жанраў (станаўленне сучаснай беларускай лірычнай прозы звязана з творчасцю М. Стральцова і Я. Брыля).

Часцей за ўсё лірыка звяртаецца да вершаванай формы (само слова “лірыка” нярэдка выкарыстоўваецца як сінонім паэзіі).

 

Лiтаратуразнаўства— навука, якая вывучае мастацкую лiтаратуру як форму адлюстравання рэчаіснасці і як від мастацтва.

Сучаснае лiтаратуразнаўства — складаная i рухомая сiстэма розных дысцыплiн. Як правiла, адрознiваюць тры галоўныя галiны лiтаратуразнаўства: тэорыю лiтаратуры, гiсторыю лiтаратуры i лiтаратурную крытыку.

Тэорыя лiтаратуры даследуе агульныя законы структуры i развiцця лiтаратуры: яе сутнасць, своеасаблівасць прыгожага пісьменства як грамадскай з’явы і аднаго з відаў мастацтва; сацыяльна-гістарычную ролю і прынцыпы аналізу літаратуры. Гiсторыя лiтаратуры вывучае гістарычныя заканамернасці ўзнікнення і развіцця нацыянальных, рэгіянальных і сусветнай літаратур, устанаўлівае месца і значэнне творчасці тых ці іншых пісьменнікаў і асобных іх твораў у літаратурным працэсе. Крытыка лiтаратурная скіраваная на асэнсаванне бягучага літаратурнага працэсу і яго складнікаў.

 

Літота(ад грэч. litótēs — драбніца, умеркаванасць; прастата) — наўмыснае змяншэнне ці змякчэнне ўласцівасцей, прымет, значэнняў тых ці іншых прадметаў, з’яў з мэтай узмацнення эмацыйнага ўздзеяння і выражэння аўтарскіх адносін да аб’екта мастацкага адлюстравання, на якім засяроджваецца ўвага.

Выкарыстанне літоты разам з гіпербалай надае асаблівую дынаміку прадмету адлюстравання: “З камаровы нос сякерку // Сцісне, крэкне, замахае — // Зробе пашчу, як талерку, // Свет дрывамі закідае” (Ф. Багушэвіч. “Дурны мужык, як варона”).

 

Мадэрнізм (ад фр. moderne — найноўшы, сучасны) — агульная назва напрамкаў у мастацтве і літаратуры канца ХІХ — першай паловы ХХ стст, якія супрацьпастаўлялі сябе рэалістычнаму мастацтву і абапіраліся на эксперымент (у адносінах да мастацкай формы, мовы і г.д.).

У якасці акрэсленай мастацка-эстэтычнай сістэмы мадэрнізм выступае з 1920-х гг. Мадэрнісцкія кірункі (імпрэсіянізм, акмеізм, футурызм, экспрэсіянізм, імажынізм, сюррэалізм, дадаізм, школа “плыні свядомасці” і інш.) звычайна абвяшчалі пра сябе як пра мастацтва падкрэслена “сучаснае” (адсюль і паходжанне тэрміна). Найбольш важнымі рысамі мадэрнізму сталі разрыў з гістарычным вопытам мастацкай творчасці; сцвярджэнне каштоўнасці суб’ектывісцкага і індывідуалісцкага светаадчування; умоўнасць стылю; апора на сімволіку, міфалагізацыю, пастаяннае абнаўленне мастацкіх форма.

Літаратурны мадэрнізмпаўстае сукупнасцю школ і плыняў. Для мадэрнісцкай літаратуры ў цэлым характэрнае адмаўленне класічных традыцый ХІХ ст.: напрыклад, паэты-мадэрністы адмаўляліся ад традыцыйнай метрычнай сістэмы на карысць верлібра; празаікі Дж. Джойс і В. Вулф сцвярджалі “плынь свядомасці” як новы спосаб мастацкага аднаўлення ўнутранага свету чалавека і знешняй рэальнасці.

Цэнтральнае месца ў творчасці мадэрністаў займае тэма адзіноты. Мадэрнісцкае светаадчуванне (творы Ф. Кафкі, М. Пруста, Э. Паўнда і інш.) звязана з меркаваннем пра “несупадзенне” і нават глыбокі разрыў паміж духоўным вопытам асобы і жыццём грамадства. У мастацкім свеце, створаным пісьменнікамі-мадэрністамі, у цэлым дамінуюць адчуванні ізаляванасці чалавека ад навакольнага свету, адчужанасці, абсурдансці кожнага індывідуальнага існавання і рэчаіснасці ў цэлым.

Своеасаблівымі “вехамі” літаратурнага мадэрнізму з’яўляюцца раман Дж. Джойса “Уліс” і паэма Т. С. Эліята “Бясплодная зямля” (абодва творы пабачылі свет у 1922 г.).

У выяўленчым мастацтве першай чвэрці XX ст. вылучыліся заснавальнікі кубізму Ж. Брак і П. Пікаса. Пад уплывам кубізму складвалася творчасць аднаго з лідэраў літаратурнага авангарду таго часу, французскага пісьменніка Гіёма Апалінэра (псеўданім Альберта Уладзіміра Аляксандра Апалінарыя Вонж-Кастравіцкага, радавое гняздо якога, дарэчы, знаходзілася на беларускіх землях, у Наваградку). Футурысты свядома разрывалі з традыцыямі класічнай літаратуры, абагаўляючы тэхніку і свет, у якім перамагае хуткасць і энергія. Экспрэсіяністы адлюстравалі ў сваёй творчасці ўнутраныя перажыванні суб’екта. Дзеля больш дакладнага іх узнаўлення яны перадавалі навакольны свет у дэфармаваных, скажоных вобразах. Так, у мастацтве экспрэсіянізму былі распрацаваныя вобразы “крыку”: карціна “Крык” Э. Мунка, “крык-драма” ў Германіі (Э. Толер, Г. Кайзер). На хвалі антываеннага пратэсту ўзнік дадаізм, прадстаўнікі якога адкрыта адмовіліся ад удзелу ў вайне, ад традыцый папярэдняга мастацтва. Дадаісты ўпершыню ператварылі мастацтва ў “антымастацтва”: падмяніўшы мастацкі твор прадметам рэчавага свету, яны “растварылі” мастацтва ў рэчавым свеце, вылучылі абсурднасць як асобны мастацкі прыём. Сферу неўсвядомленага прызналі крыніцаю мастацтва прадстаўнікі сюррэалізму (тэрмін вынайдзены Апалінэрам), якія ўводзілі ў мастацтва “ашаламляльныя” вобразы: “аблезлае сонца жарэ ўдары сякеры” (Лейрыс), “куст — чырвоны, бы яйка, яшчэ зялёнае” (А. Брэтон). Аўтаматызм пісьма, спалучэнне неспалучальнага, увага да гукапісу і адмаўленне ад знакаў прыпынку — усё гэта вызначае мастацкі метад і паэтыку сюррэалістаў. Метад “плыні свядомасці” ўвайшоў у шырокі ўжытак у пачатку XX ст. дзякуючы творчасці Дж. Джойса, М. Пруста і інш. У другой палове XX ст. пашырыліся неаавангардысцкія кірункі і школы: тэатр абсурду, школа “новага рамана” ў Францыі, “канкрэтная паэзія” ў Аўстрыі і Германіі, ЗША і Японіі ды інш. Тэатр абсурду, прадстаўлены найперш драматургамі С. Бекетам і Э. Ёнэска, выяўляе ідэю татальнага адчужэння ў грамадстве, немагчымасць зразумець адзін аднаго, ідэю татальнай (духоўнай, маральнай, фізічнай) дэградацыі чалавека. Эксперыментальныя пошукі “рэчавістаў” (“шазістаў”) (М. Бютора, А. Роб-Грые і іншых прадстаўнікоў аднаго з адгалінаванняў “новага рамана”) былі скіраваныя на тое, каб “ачысціць” свет ад чалавечага “я”, ад непаўторнасці суб’ектыўнага ўспрымання, выключыць сюжэт і выдаліць дзеючых асоб, паказаць наваколле ў “чыстым” выглядзе, такім, якое яно нібыта і ёсць на самай справе. У той жа час другое адгалінаванне “новага рамана” — гіперпсіхалагізм (Н. Сарот) — акцэнт рабіла на максімальна суб’ектыўнай рэакцыі чалавека на навакольны свет.

 

Метад (ад грэч. méthodos — шлях даследавання, тэорыя, вучэнне) літаратурны — сістэма гістарычна абумоўленых прынцыпаў творчасці, якімі блізкія паводле ідэйна-эстэтычных пазіцый мастакі кіруюцца пры адборы, абагульненні і мастацкай ацэнцы жыццёвых з’яў.

Як правіла, тыя ці іншыя метады адначасова выяўляюцца ў разнастайных відах славеснага мастацтва (паэзія, проза, драматургія), а таксама мастацтва ўвогуле (літаратура, жывапіс, архітэктура і інш.).

Метад цесна звязаны з тыпам творчасці і літаратурным кірункам, у значнай ступені абумоўлівае стыль пісьменніка. У мастацтве — і ў літаратуры адпаведна — гістарычна змянялі адзін аднаго, а часам і суседнічалі разнастайныя літаратурныя метады: барока, класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм. Для кожнага з іх характэрны свае прынцыпы і сродкі адлюстравання рэчаіснасці, героі, пафас і г.д.

 

Метафара (ад грэч. metaphorá — перанос) — троп, заснаваны на пераносе назвы з аднаго прадмета на другі на падставе іх падабенства.

Ва ўтварэнні мастацкіх метафар галоўную ролю адыгрываюць асацыятыўныя сувязі паміж прадметамі: “На струнах хвой спявае вецер” (А. Куляшоў).

Метафару часта называюць “згорнутым параўнаннем”. Аднак калі ў параўнанні абодва складнікі (тое, што параўноўваецца, і тое, з чым параўноўваецца) захоўваюць сваю адносную самастойнасць, то метафара “стварае адзіны вобраз, як бы размывае межы паміж прадметамі і паняццямі” (Л. Чарнец).

Метафары могуць быць простымі (“Пакліч — былое адгукнецца” (А. Куляшоў) і разгорнутымі (ахопліваюць большую частку твора ці цалкам твор, звычайна лірычны, напрыклад, жыццё — акіян у паэме А. Куляшова “Цунамі”).

Адной з разнавіднасцей метафары з’яўляецца ўвасабленне, або персаніфікацыя (ад лац. persona — асоба і facio — раблю), адзін з самых распаўсюджаных тропаў у сучаснай паэзіі, які заключаецца ў наданні чалавечых уласцівасцей рэчам, прадметам, з’явам прыроды.

Насычанасць метафарамі прадвызначае метафарычнасць стылю пісьменніка (так, яскравым прадстаўніком сучаснай метафарычнай паэзіі лічыцца Р. Барадулін).

 

Міф (ад грэч. mýthos — аповед, паданне) — казанне (паданне), у якім увасобіліся ўяўленні старажытнага чалавека пра светабудову і навакольнае жыццё.

Міфалогія (ад грэч. mýthos — аповед, паданне і lógos — слова, паняцце, вучэнне) — сукупнасць міфаў пэўнага народа (навука, якая іх вывучае таксама называецца міфалогіяй). Касмаганічныя міфы апавядалі пра стварэнне свету, антрапагенічныя — пра паходжанне чалавека, тэаганічныя — пра багоў, салярныя — пра сонца, этыялагічныя — пра розныя аб’екты і з’явы прыроды, флору і фауну і г.д. Як зазначае Т. Шамякіна, “міфалогія — не казкі і не фантастычныя ўяўленні — гэта абагульнены вопыт жыццядзейнасці продкаў, адлюстраваны і захаваны праз сістэму вобразаў”; гэта своеасаблівая “філасофія ў вобразах”.

Міфалогія стала вытокам вобразных і выяўленчых сродкаў архаічнага і традыцыйнага фальклору, аказала (і працягвае аказваць) велізарны ўплыў на літаратуру і мастацтва ўвогуле. Напрыклад, антычныя міфы леглі ў аснову паэм “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Міфалагічныя матывы і вобразы знайшлі ўвасабленне ў творах класікаў беларускай літаратуры (М. Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа) і сучасных пісьменнікаў (адзін з самых яскравых прыкладаў — “Старасвецкія міфы горада Б.” Л. Рублеўскай).

 

Мова мастацкага твора —моўная аснова літаратурнага твора, індывідуальная рэалізацыя ў мастацкім тэксце патэнцыялу і магчымасцей нацыянальнай мовы.

Асновай мовы мастацкага твора з’яўляецца літаратурная мова, аднак пісьменнік можа выкарыстоўваць — у эстэтычных мэтах — усе магчымасці нацыянальнай мовы: прастамоўныя словы і выразы, дыялектызмы, архаізмы, прафесіяналізмы і г.д.

Унутры мовы мастацкага твора (калі разглядаць яе як сістэму) можна вылучыць некалькі ўзроўней:

фанетыка-марфалагічны(гукапіс і яго віды);

лексіка-фразеалагічны (уключае як агульнаўжывальную лексіку, так і тропы);

інтанацыйна-сінтаксічны (маецца на ўвазе літаратурны сінтаксіс).

Характэрнай асаблівасцю мовы мастацкага твора з’яўляецца яе вобразнасць.

У мастацкім творы суіснуюць дзве асноўныя сферы: мова аўтара і мова персанажаў. Паміж імі знаходзяцца пераходныя тыпы: няўласна аўтарскі аповед, няўласна-простая мова (выкарыстоўвае формы трэцяй асобы для абазначэння суб’екта маўлення) і сказ (аўтар перадае слова апавядальніку (расказчыку), які можа быць названы па імені альбо застаецца ананімным, пры гэтым у творы з’яўляецца ўстаноўка на вуснае маўленне). Усе гэтыя тыпы аповеду ў вялікім тэксце цесна пераплятаюцца.

 

Наватарства ў літаратуры — абнаўленне мастацкай славеснасці; творчае пераасэнсаванне і працяг зробленага папярэднікамі; у найбольш яркіх выпадках — з’яўленне ў літаратурным працэсе чагосьці беспрэцэдэнтна новага (напрыклад, пошукі і здабыткі А. Разанава ў галіне новых паэтычных жанраў). Меркаванні пра наватарства пісьменніка ці літаратурных кірункаў павінны абапірацца на веданне тых мастацкіх традыцый, якія яны атрымалі ў творчую спадчыну.

 

Памер (метр) вершаваны — найбольш агульная рытмічная схема верша; паняцце, звязане з колькасцю і характарам стоп у вершаваных радках (трохстопны амфібрахій, пяцістопны ямб і інш.). Асобныя памеры ў антычнай і сілаба-танічнай сістэмах вершаскладання маюць свае назвы (гекзаметр, пентаметр, александрыйскі верш і г.д.); у сілабічнай сістэме вершавання памер вызначаецца колькасцю складоў у вершаваных радках (дзесяціскладовік, трынаццаціскладовік і да т.п.).

 

Параўнанне — троп, іншасказальны выраз, у якім шляхам супастаўлення двух прадметаў, з’яў ці паняццяў сутнасць аднаго з іх тлумачыцца праз сутнасць другога.

 

Пафас (ад грэч. pathos — пачуццё, натхненне, жарсць) — ідэйна-эмацыянальная скіраванасць літаратурнага твора, што выяўляе спецыфіку мастацкага зместу ў сукупнасці ўсіх яго кампанентаў. Пафас можа быць трагічны (у творы супрацьдзейнічаюць высокае і высокае), гераічны (супрацьстаянне высокага і нізкага), камічны (нізкае і нізкае), сатырычны (нізкае і высокае), ідылічны (пры адсутнасці ў творы эстэтычна значнага канфлікту), а таксама сентыментальны, рамантычны, драматычны.

 

Паэзія(ад грэч. póiēsis — творчасць) — адзін з двух асноўных (побач з прозай) тыпаў славесна-мастацкай творчасці, характэрнымі асаблівасцямі якога з’яўляюцца павышаная эмацыянальнасць, яркая вобразнасць, музычны пачатак, вершаваны рытм як адметны спосаб арганзіцыі моўнага матэрыялу.

 

Паэма (грэч. póiēma — твор, ад póiēin — ствараць) — жанр ліраэпасу; вялікі па аб’ёме вершаваны твор, у якім аўтарская задума раскрываецца адначасова з дапамогай лірычных і эпічных сродкаў.

Асаблівасцю паэмы як жанру з’яўляецца спалучэнне адносна разгорнутага сюжэта з развіццём вобраза лірычнага героя, які адыгрывае ў творы актыўную ролю. У паэме могуць прысутнічаць і элементы драмы — у выглядзе скразнога напружана-канфліктнага дзеяння, маналогаў і дыялогаў. Часам гэтыя элементы пераважаюць настолькі, што ўзнікае своеасаблівая жанравая разнавіднасць — драматычная паэма “Адвечная песня”, “Сон на кургане” Янкі Купалы, “Хамуціус” А. Куляшова). Разам з тым ліраэпічная раўнавага можа парушацца і на карысць эпасу — у гэтым выпадку гавораць пра эпічную паэму (“Пан Тадэвуш” А. Міцкевіча, “Новая зямля” Якуба Коласа). У лірычных паэмах, наадварот, пераважае лірычны тып светаадчування і адлюстравання жыцця (“Лясная песня” А. Лойкі). Аднак у цэлым паэме як жанру ўласцівая гармонія лірычнага, эпічнага і драматычнага пачаткаў. У якасці асобнай разнавіднасці жанру разглядаецца паэма ў прозе (кніга Я. Сіпакова “Ахвярны двор”).

Паэтыка (ад грэч. poiētikē — паэтычнае мастацтва) — літаратуразнаўчая дысцыпліна, якая вывучае структуру літаратурнага твора, а таксама сістэму мастацка-эстэтычных сродкаў і прыёмаў, якія ў ім выкарыстоўваюцца.

Паэтыка як раздзел тэорыі літаартуры падзяляецца на агульную, апісальную і гістарычную.

Агульнаяпаэтыка даследуе ўсе магчымыя спосабы і сродкі ўвасаблення аўтарскай задумы, а таксама іх адпаведнасць літаратурным родам і жанрам. Апісальная паэтыка выяўляе асаблівасці канкрэтных твораў асобных аўтараў або цэлых перыядаў ці кірункаў. Гістарычная паэтыка вывучае паходжанне і развіццё разнастайных кампанентаў літаратурна-мастацкай сістэмы, выяўленчых сродкаў (тропы, рыфмы і інш.) і катэгорый (жанр, мастацкі час і г.д.).

У шырокім сэнсе паняцце “паэтыка” супадае з паняццем “тэорыя літаратуры”; у вузкім абазначае даследаванне мовы мастацкага твора. Акрамя таго, тэрмінам “паэтыка” абазначаюць сістэму мастацкіх сродкаў, характэрных для пісьменніка, кірунку, эпохі — напрыклад, “паэтыка беларускага рэалізму”.

Постмадэрнізм (англ. postmodernism, франц. postmodernisme, ням. postmodernismus) — тэрмін, які абазначае складаны комплекс філасофскіх, навукова-тэарэтычных і мастацка-эстэтычных з’яў, што ў значнай ступені абумовілі своеасаблівасць культуры канца ХХ ст.

У перакладзе з нямецкай мовы постмадэрнізм азначае “тое, што ідзе пасля мадэрну”. Дыскусія пра сутнасць і статус постмадэрнізму не заціхае і сёння. Некаторыя беларускія літаратуразнаўцы прапануюць лічыць яго мадэрнісцкім літаратурным кірункам, што заявіў пра сябе з другой паловы ХХ ст.; іншыя разглядаюць постмадэрнізм як сукупнасць твораў, што з’явіліся ў розных краінах свету і прынеслі з сабой прынцыпова новую філасофію, эстэтыку, мову. Падаецца слушным меркаванне расійскага даследчыка І. Ільіна, які прапануе трактаваць постмадэрнізм як спецыфічны спосаб светаўспрымання, светаадчування і ацэнкі як пазнавальных магчымасцей чалавека, так і ягоных месца, ролі ў навакольным свеце.

Светапоглядным грунтам постмадэрнізму стала глыбокае расчараванне ў ідэалогіі гістарычнага прагрэсу, сфармуляванай французскімі асветнікамі XVIII ст. У агульным сэнсе постмадэрнізм асэнсоўваецца як плюралізм і арыентацыя на фрагмент замест цэлага.

На думку большасці даследчыкаў, на Захадзе пераход ад мадэрнізму да постмадэрнізму прыпадае на сярэдзіну 1950-х, з другой паловы 1960-х ён ператвараецца ці не ў самую ўплывовую тэндэнцыю ў літаратуры, мастацтве, філасофіі. (Некаторыя вучоныя літаратурны постмадэрнізм звязваюць з творам Дж. Джойса “Хаўтуры па Фінегане” (1939). Гэты тэрмін аб’ядноўвае шырокі спектр разнастайных культурных працэсаў: адсутнасць адзінага каштоўнаснага цэнтра, крытычнае стаўленне да глабальных ідэалогій, увага да людзей “дна”, пошукі сінтэзу паміж мастацтвам і масавай культурай.

Постмадэрнізм у літаратуры звязваецца, як правіла, са спецыфічным “стылем пісьма”, які адлюстроўвае складанасць, хаатычнасць свету на памежжы стагоддзяў і тысячагоддзяў. Адной з галоўных адзнак постмадэрнізму становіцца перагляд самога паняцця “тэкст” і пашырэнне яго межаў (“свет як тэкст”). Гульня ў постмадэрнізме разумеецца як складаны дыялог культур унутры твора: тэкст ператвараўся ў інтэртэкст, а пасля — у гіпертэкст. Творчасць у постмадэрнісцкім кірунку патрабуе не толькі вытанчанага мастацкага густу, але і грунтоўнай літаратурнай, філасофскай, культуралагічнай падрыхтоўкі.

Постмадэрністы мяркуюць, што спасціжэнне рэчаіснасці даступна толькі інтуітыўнаму — “паэтычнаму” — мысленню. Постмадэрнізм не хавае сваёй цытатнай прыроды, “гуляе” з ужо вядомымі эстэтычнымі мадэлямі. Цэнтральнымі яго прынцыпамі з’яўляюцца інтэртэкстуальнасць, татальная іронія, фрагментарнасць аповеду і некаторыя іншыя. Свет у творах пісьменнікаў-постмадэрністаў ўспрымаецца як велізарны, шматузроўневы і шматзначны Тэкст, што складаецца з хаатычнага перапляцення разнастайных культурных моў, цытат. Уласна ж постмадэрнісцкі твор разглядаецца як гульня з чытчом, пэўная загадка, якую і прапануецца разгадаць чытачу. Пісьменнік-постмадэрніст уступае ў своеасаблівы дыялог з хаосам, збірае аскепкі разнастайных культур, спрабуе знайсці кампраміс паміж нізкім і высокім, цэласнасцю і фрагментарнасцю, фантазіяй і рэальнасцю, законам і асбурдам.

Працэс літаратурны — складанае, гістарычна абумоўленае развіццё літаратуры (нацыянальнай, сусветнай) як комплексу ўзаемазвязаных фактаў і з’яў.

Тэрмін “літаратурны працэс” з’явіўся на мяжы 1920-х—1930-х гг.; шырока ўжывацца пачаў з 1960-х. Літаратурны працэс і ў межах нацыянальнай літаратуры, і ў маштабе сусветнага мастацтва складваецца з літаратурных эпох (этапаў, перыядаў развіцця), кожная з якіх уключае як “старое”, так і “новае”.

Абавязковымі элементамі літаратурнага працэсу з’яўляюцца мастацкія творы ў рукапісах, публікацыях у перыёдыцы і асобных выданнях; выказванні і ацэнкі літаратурнай крытыкі; чытацкія водгукі, прадстаўленыя ў мемуарах і эпісталярнай літаратуры. Важная частка літаратурнага працэсу — узаемадзеянне мастацкай літаратуры з іншымі відамі мастацтва, а таксама з агульнакультурнымі, моўнымі, навуковымі, ідэалагічнымі з’явамі; яшчэ адзін істотны сегмент — пісьменніцкія ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы.

Узнікненне літаратурнага працэсу магчымае пры спалучэнні цэлага шэрага фактараў: павінна мецца дастатковая колькасць пісьменнікаў, здольных не толькі ствараць літаратурныя творы, але і ўступаць у ідэйна-творчае ўзаемадзеянне. Акрамя таго, дзеля разгортвання літаартурнага працэсу неабходныя друкаваная літаратурна-мастацкая перыёдыка і выдавецтвы.

Літаратурны працэс уключае як творчасць асобных пісьменнікаў, так і літаратурных груп, арганізацый, творчыя дасягненні літаратурных пакаленняў і інш. Ён характарызуецца масавасцю, неперарыўнасцю літаратурных з’яў, пераемнасцю і развіццём літаратурна-мастацкіх традыцый.

 

Проза (лац. prosa, ад prosa oratio — прамая, прама звернутая мова) — адзін з двух асноўных (побач з паэзіяй) тыпаў славесна-мастацкай творчасці, заснаваны на празаічнай мове, якая, у адрозненне ад вершаванай, не мае завершанай сістэмы рытмічных паўтораў. Аднак у дачыненні да прозы гавораць пра існаванне своеасаблівага рытму — так званага рытму прозы, або тэмпартыму, які грунтуецца не на рытмастваральных адзінках (націсках, колькасці складоў), а на асаблівасцях сінтаксічнай будовы фразы, законах дыхання і г.д.

 

Прытча, прыпавесць— невялікі алегарычны аповед павучальнага характару (прытчы К. Тураўскага, асобныя творы з “Казак жыцця” Якуба Коласа). У ХХ ст. прытча аказала такі вялікі ўплыў на паэтыку вялікіх эпічных твораў, што літаратуразнаўцы пачалі гаварыць пра прытчавасць прозы, напрыклад, А. Камю, Ч. Айтматава, В. Быкава. Нярэдка звяртаюцца да жанру прытычы і сённяшнія беларускія пісьменнікі (Я. Сіпакоў, Л. Галубовіч і інш).

 

Псіхалагізм (ад старажытнагрэч. psyche — душа і lógos — слова) у літаратуры — індывідуалізаванае аднаўленне ўнутранага свету людзей у літаратурных творах.

Паўната і глыбіня перадачы разнастайных душэўных станаў, рухаў тых ці іншых персанажаў залежыць ад мастацкіх задач пісьменніка, ад прынцыпаў, форм і прыёмаў аналізу ўнутранага свету чалавека, якім аўтар аддае перавагу.

Асноўныя формы псіхалагізму ў літаратуры ў цэлым можна прадставіць наступным чынам:

1) усюдыісны аўтар не толькі сам называе пачуцці, але і каменціруе іх, апавядае пра іх у форме ўскоснай мовы, выкарыстоўвае псіхалагічныя дэталі, партрэт, пейзаж і да т.п.;

2) характары выяўляюцца “звонку”: знешняя форма выяўлення, ці ўскосны псіхалагізм выкарыстоўвае апісанне асаблівасцей маўлення, мімікі, жэстаў, рухаў і інш.;

3) паказ характараў “знутры”, ці прамая форма псіхалагічнага выяўлення: шляхам самараскрыцця аднаўляецца плынь думак і пачуццяў у свядомасці і падсвядомасці персанажа (унутраны маналог, плынь свядомасці, сон, споведзь, дзённік).

У сучаснай літаратуры ўсе тры формы часта выкарыстоўваюцца адначасова.

 

Публіцыстыка (ад лац. publicus — грамадскі) — у шырокім сэнсе — усе літаратурныя творы, якія асвятляюць пытанні палітыкі і грамадскага жыцця.

 

Раман (ад франц. roman — першапачаткова, у эпоху позняга Сярэднявечча: твор, напісаны на раманскіх мовах, а не на латыні) — вялікі эпічны празаічны (часам — вершаваны) твор, для якога характэрны шырокі ахоп жыццёвых з’яў пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказ шматлікіх характараў у іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці.

Раман узнік на аснове старажытнага эпасу ў антычнай літаратуры (“Дафніс і Хлоя” Лонга, “Залаты асёл” Апулея), аднак у сучасным разуменні сфарміраваўся толькі ў XVI—XVIII стст. Росквіту жанр дасягнуў у ХІХ ст. у еўрапейскай і рускай рэалістычнай літаратуры.

Жанравая палітра рамана надзвычай разнастайная: гісторыка-біяграфічны, сацыяльна-псіхалагічны, філасофскі, прыгодніцкі, гістарычны, раман-прытча, утопія, антыўтопія, дэтэктыўны, сатырычны і г.д.

Эпічны твор, які вызначаецца маштабнасцю, гістарызмам мастацкага бачання, зваротам да асэнсавання шырокага кола праблем, якія маюць нацыянальнае і агульначалавечае значэнне, называецца эпапеяй (“Вайна і мір” Л. Талстога).

Разнавіднасцю жанра з’яўляецца “раман у вершах”. У ім асэнсоўваюцца значныя сацыяльныя падзеі пэўнага асяроддзя, нацыі, эпохі, разам з тым паэтычная мова дапамагае непасрэдна выявіць лірычнае перажыванне (“Родныя дзеці” Н. Гілевіча).

 

Рамантызм —мастацкі метад, які атрымаў распаўсюджанне ў мастацтве і літаратуры канца XVIII — першай паловы XIX стст.; для яго характэрна падкрэсленая цікавасць да асобы і яе стасункаў з навакольнай рэчаіснасцю, а таксама супрацьпастаўленне рэальнаму свету — ідэальнага.

Французскае romantisme ўзыходзіць да іспанскага romance. У XVIII ст. рамантычным (франц. romantique, англ. romantic) называлася ўсё фантастычнае, незвычайнае, дзіўнае, тое, што сустракалася толькі ў кнігах, але не ў рэчаіснасці. На мяжы XVIII і XIX стст. слова “рамантызм” становіцца тэрмінам для абазначэння новага літаратурнага кірунку, супрацьлеглага класіцызму.

Для рамантычнага мастацтва былі ўласцівыя настроі безнадзейнасці, адчаю, “сусветнай жалобы”. Тэма “страшнага (злога) свету” прайшла праз усю гісторыю рамантычнай літаратуры і найбольш поўна ўвасобілася ў “трагедыі прадвызначанага лёсу” (творы Дж. Г. Байрана, К. Брэнтана, Э.Т.А. Гофмана, Э. По і інш.).

Разам з тым, “энтузіязм”, заснаваны на веры ва ўсемагутнасць чалавечага духу, прага абнаўлення — таксама характэрная асаблівасць рамантычнага светаадчування. У рамантыкаў абвастраецца адчуванне разладу паміж ідэалам і рэчаіснасцю. Рамантызм супрацьпаставіў класіцыстычнаму “перайманню прыроды” творчую актыўнасць мастака з яго правам на пераўтварэнне рэальнага свету. Рамантыкі стварылі тып героя-бунтара, завастрылі ўвагу на выключных характарах, падзеях, пачуццях. Яны імкнуліся да ўсяго незвычайнага: іх вабілі фантастыка, народныя паданні, мінулыя гістарычныя эпохі, экзатычныя карціны прыроды, жыццё, побыт і норавы далёкіх краін і народаў. Паўсядзённасці яны супрацьпастаўлялі ўзвышаныя страсці (рамантычная канцэпцыя кахання) і жыццё духу, найвышэйшымі праявамі якога былі мастацтва, рэлігія, філасофія.

Эпоха рамантызму ў літаратуры звязана са з’яўленнем жанру гістарычнага рамана, фантастычнай аповесці, ліраэпічнай паэмы, з рэформай тэатральнай сцэны; надзвычайнага росквіту дасягнула лірыка.

Прыкладна з 1840-х гг. рамантызм саступае месца рэалізму і адыходзіць на другі план, хаця яго традыцыі застаюцца дзейснымі на працягу ўсяго XIX ст. і нават набываюць новыя імпульсы ў канцы XIX — пачатку ХХ ст. у мастацтве неарамантызму.

Першыя рамантычныя творы на Беларусі напісалі А. Міцкевіч (“Свіцязянка”, “Рыбка”. “Гражына”), Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч (“Вечарніцы”, “Шчароўскія дажынкі”, “Травіца брат-сястрыца” і інш.).

 

Род літаратурны — самая агульная катэгорыя ў класіфікацыі літаратурных твораў, спосаб адлюстравання рэчаіснасці мастацкай літаратурай.

У сучасным літартуразнаўстве вылучаюцца тры літаратурныя роды — эпас, лірыка, драма. Яны адрозніваюцца:

аб’ектам адлюстравання (падзея — у эпасе, пачуццё, эмоцыя — у лірыцы, дзеянне — у драме),

спосабам адлюстравання (пераважна празаічная мова — у эпасе, паэтычная — у лірыцы, дыялагічная — у драме),

суадносінамі аўтара і таго, што адлюстроўваецца (празаік знаходзіцца як бы наўзбоч ад тых падзей, пра якія апавядае; лірык выяўляе пачуцці праз суб’ектыўнае “я”; драматург перадавярае свае ідэі дзейным асобам, яго прысутнасць адчуваецца ў рэпліках і рэмарках).

Паміж літаратурнымі родамі існуе цесная сувязь. У асобных творах яна настолькі адчувальная, што гавораць пра своеасаблівае міжродавае ўтварэнне ліраэпас; часм у якасці такога ж вылучаюць лірадраму.

 

Рытм (ад грэч. rhythmós — суразмернасць) — перыядычнае паўтарэнне якіх-небудзь элементаў тэксту праз пэўныя прамежкі.

Увогуле рытмам называецца раўнамернае чаргаванне якіх-небудзь з’яў у часе ці прасторы (адпаведна, адрозніваюць рытм часавы і прасторавы).

Вершаваны рытм выяўляецца ў раўнамерным чаргаванні аднатыпных моўных з’яў — так званых рытмастваральных кампанентаў(ненаціскных і націскных альбо доўгіх і кароткіх складоў, аднолькавай колькасці складоў ці апорных націскаў у радках, аднолькавых слоў, радкоў, гукаспалучэнняў і інш.).

Адзінкай рытмічнай арганізацыі вершаванай мовы з’яўляецца радок, які вылучаецца не толькі графічна, але і міжрадковай паўзай, падкрэсліваецца рыфмай ці клаўзулай (апошнія склады вершаванага радка — пасля канцавога націскнога складу).

 

Рыфма (ад грэч. rhythmós — суразмернасць, узгодненасць) — паўтаральнае сугучча асобных слоў ці іх частак на пэўных месцах у вершаваных радках; менавіта замацаванасць пазіцыі адрознівае рыфму ад звычайных гукавых паўтораў.

Рыфма як адзін з важнейшых элементаў паэтыкі верша класіфікуецца паводле характару і ступенні дакладнасці, размяшчэння ў вершаваных радках і функцый.

Рыфмы могуць быць не толькі канцавымі, але і пачатковымі, і ўнутранымі. У залежнасці ад таго, на які склад падае націск, адрозніваюцца рыфмы мужчынскія (націск на апошнім складе: ураган — курган); жаночыя (націск на перадапошнім складзе: печы — плечы), дактылічныя (націск на трэцім ад канца складзе: долатам — волатам); гіпердактылічныя (націск падае на чацвёрты (і далей) склад ад канца: выпешчана — Віцебшчына).

Рыфмы, якія заканчваюцца на галосны гук, называюца адкрытымі (вясна — красна), на зычны — закрытымі (вёснаў — кроснаў), на йётаванымі (вясной — прыбой).

У залежнасці ад колькасці і якасці гукавых супадзенняў вылучаюцца рыфмы багатыя (супадаюць многія гукі: хмарамі — ударамі) і бедныя (мужчынскія адкрытыя рыфмы, у якіх супадаюць толькі націскныя галосныя: сям’ю — п’ю).

Размяшчэнне рыфмаў у вершах (вершаваных радках) адносна адна адной вызначае той ці іншы спосаб рыфмоўкі, якая можа быць сумежнай (aa бб); перакрыжаванай (aбaб); кальцавой (aббa).

Нерыфмаваныя вершы называюцца белымі.

 

Рэалізм (ад лац. realis — рэчыўны, сапраўдны) — мастацкі метад, які імкнецца да глыбіннага спасціжэння, шырокага ахопу і тыпізацыі з’яў рэчаіснасці; адлюстроўвае жыццё ў вобразах, адпаведных сутнасці рэальных з’яў.

Мастацтва рэалізму паказвае ўзаемадзеянне чалавека з асяроддзем, уздзеянне грамадскіх умоў на чалавечыя лёсы, уплыў сацыяльных абставінаў на норавы і духоўнае жыццё людзей.

У цэнтры ўвагі пісьменнікаў-рэалістаў аказваецца тыповае — як выражэнне заканамернага ў жыцці, адзінства абагуленага і індывідуальнага, праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці, паказ жыцця ў драматычных сутыкненнях. Тыповасць характараў і абставінаў, гістарызм, імкненне разглядаць рэаіснасць у развіцці, спасціжэнне чалавека ў яго грамадскіх сувязях — галоўныя асаблівасці рэалістычнай літаратуры.

У розныя перыяды літаратурнага працэсу пераважаў той ці іншы тып (від) рэалізму: асветніцкі, крытычны, сацыялістычны.

У беларускай літаратуры пераход да рэалізму намеціўся ў другой палове ХІХ стагоддзя; замацаваўся ён як вызначальны мастацкі метад у творчасці Ф. Багушэвіча. У літаратуры ўсяго ХХ ст., а таксама ў мастацкай славеснасці Беларусі пачатку ХХІ ст. рэалізму належыць вядучая роля.

 

Санет (італ. sonette, ад sonare— гучаць, звінець) — цвёрды (класічны) від верша, які складаецца з чатырнаццаці радкоў, напісаных пяцістопным ямбам (радзей шасці- ці чатырохстопным).

Аб’ядноўвае два чатырохрадкоўі і два трохрадкоўі, арганізаваныя пэўнай рыфмоўкай. У катрэнах адбываецца развіццё тэмы, у тэрцэтах — кульмінацыя і развязка; самым моцным па думцы і па вобразнасці павінен быць апошні тэрцэт (санетны замок). У адпаведнасці з класічнымі законамі, апошняе слова твора павінна быць своеасаблівым сэнсавым “ключом” санета; у той жа час ніводнае слова (акрамя дапаможных) не павінна паўтарацца.

Узнік санет у Італіі (ХІІІ ст.), потым пашырыўся ў іспанскай, партугальскай, французскай, англійскай і іншых літаратурах. У беларускай традыцыі ўпершыню з’явіўся ў 1610 г., калі М. Сматрыцкі змясціў у сваім “Трэнасе” ўласны пераклад аднаго з санетаў Ф. Пятраркі на лацінскую і польскую мовы. Першыя санеты на беларускай мове апублікаваў Янка Купала ў 1910 г. (“Жніво”, “Па межах родных і разорах”, “Запушчаны палац”). Следам за ім да санета звярнуўся М. Багдановіч (“***Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…”, “***Замёрзла ноччу шпаркая крыніца…” і інш.).

Вянок санетаў — вершаваная структура, якая складаецца з 15 санетаў: паўтарэннем асобных радкоў усе 14 санетаў звязаны паміж сабою, а таксама з магістралам — пятнаццатым, заключным санетам, што складаецца з першых рядкоў папярэдніх санетаў. Кожны наступны санет пачынаецца радком, якім заканчваецца папярэдні. Цэлы шэраг беларускіх паэтаў звяртаўся да гэтай складанай паэтычнай формы (напрыклад, адзін з самых апошніх па часе — вянок санетаў Ніны Мацяш “Бабіна лета ў Белаазёрску”).

Аднак самай складанай санетнай структурай з’яўляецца вянок вянкоў санетаў. Ён складаецца з 15 вянкоў санетаў; апошні, пятнаццаты вянок санетаў уключае ў сябе магістралы ўсіх папярэдніх. Першы беларускі (і ўвогуле славянскі) вянок вянкоў санетаў “Апакаліпсіс душы” надрукаваў у 1992 г. Змітрок Марозаў; таксама падобныя творы напісалі М. Віняцкі і С. Шах.

 

Сатыра (ад лац. satira — сумесь) — 1) спосаб мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, заснаваны на выкрыцці яе адмоўных, негатыўных рысаў; 2) у вузкім значэнні — сатырычны верш, у якім у з’едлівай, саркастычнай форме выкрываюцца найбольш небяспечныя заганы грамадства і асобных людзей.

У адрозненне ад гумару, сатыра вызначаецца вострым асмяяннем з’яў: праз адмаўленне негатыўнага яна сцвярджае станоўчае. Сатырычныя вобразы ствараюцца з дапамогай гіпербалізацыі, гратэску, парадзіравання, іроніі і г.д.Сатырычны спосаб адлюстравання рэчаіснасці характэрны ў той ці іншай ступені для ўсіх відаў мастацтва, аднак найбольш плённа ён сябе зарэкамендаваў у мастацкай славеснасці, дзе з ім звязана станаўленне жанраў камедыі, пародыі, эпіграмы, байкі, памфлета, фельетона, сатырычнага рамана (“Запіскі Самсона Самасуя” А Мрыя).

 

Сентыменталізм (франц. sentimentalisme, ад англ. sentimental — чуллівы, франц. sentiment — пачуццё) — кірунак у мастацтве і літаратуры XVIII — пачатку XIX стст., які абвясціў “культ пачуццяў”, што разглядаліся як найважнейшы складнік “чалавечай прыроды”.

Узнік сентыменталізм у канцы 1720-х гг. у Англіі (там ён атрымаў найбольш закончанае выражэнне). Пачынальнікам яго лічыцца Дж. Томсан, які ўвёў у апісальна-дыдактычную паэму “Поры года” (1730) мары пра сельскую ідылію. У процівагу класіцыстам, пісьменнікі-сентыменталісты засяродзіліся на паказе пачуццяў, перажыванняў. Культ пачуцця вызначаў і новыя адносіны да прыроды: пейзаж аказваўся сугучным асабістаму перажыванню, патрыярхальная ідылія на фоне прыроды спалучалася з меланхалічнай сузіральнасцю. У лірыцы пераважалі тэмы сяброўства, кахання і прыроды. Вядучым жанрам паэзіі ранняга сентыменталізму стала элегія; у другой палове XVIII ст. развіваецца сентыменталісцкая проза (аповесці, раманы).

Найбольш яркія прадстаўнікі сентыменталізму ў англійскай літаратуры — паэты Э. Юнг (паэма “Начныя думы”), Т. Грэй (“Элегія, напісаная на вясковых могілках”. Як своеасаблівы мастацкі метад сентыменталізм афармляецца ў творчасці Л. Стэрна: яго раман “Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі ” (1768) даў назву кірунку. Самым яркім творам французскага — і адначасова вяршыняй усяго еўрапейскага — сентыменталізму лічыцца эпісталярны раман Ж.Ж. Русо “Юлія, або Новая Элаіза”. У Расіі як самастойны кірунак сентыменталізм аформіўся ў 1790-х гг. у творчасці М. Карамзіна (“Бедная Ліза”, “Юлія”, “Споведзь”) і І. Дзмітрыева.

У беларускай літаратуры сентыменталізм часткова выявіўся ў творчасці Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча (“Гапон”, “Ідылія”).

 

Сімвал (ад грэч. sýmbolon — знак, прымета) у літаратуры — шматзначны вобраз, від іншасказання, які асноўваецца на падабенстве ці агульнасці прадметаў, з’яў і заключаецца ва ўмоўным абазначэнні сутнасці якой-небудзь з’явы, паняцця слоўна-вобразным знакам. У сімвале можа выражацца адапаведнасць паміж рознымі бакамі рэчаіснасці: прыродным светам і жыццём чалавека, грамадствам і асобай і інш. (напрыклад, вобраз-сімвал сасны ў творчасці Максіма Танка).

 

Сінтаксіс літаратурны — сістэма сінтаксічнай арганізацыі мовы мастацкай літаартуры, куды ўваходзяць рытарычныя і стылістычныя (сінтаксічныя) фігуры.

 

Стапа — група складоў з адным націскным (доўгім) і адным або двума ненаціскнымі (кароткімі) складамі, раўнамернае паўтарэнне якіх вызначае метр (памер) сілаба-танічнай і антычнай сістэм вершаскладання. У залежнасці ад колькасці складоў стопы сілаба-танічнага верша могуць быць двухскладовыя (ямб, харэй) і трохскладовыя (дактыль, амфібрахій, анапест).

 

Страфа (ад грэч. strophé — кужлянне, паварот, змена) група вершаваных радкоў, якія аб’яднаны тымі ці іншымі агульнымі фармальнымі прыметамі (пэўная сістэма рыфмоўкі, агульная інтанацыя і г.д.) і складаюць рытмічнае, сінтаксічнае і сэнсавае цэлае.

Галоўны вызначальнік страфы — колькасць радкоў, якія ў яе ўваходзяць (можа ўключаць ад 2 да 16 радкоў).

У беларускай паэзіі сустракаюцца:

двухрадкоўе,

трохрадкоўе (тэрцына; “***Я не лічыў бы салдатам сябе…” Максіма Танка),

чатырохрадкоўе (катрэн; самая распаўсюджаная страфа ў сучаснай паэзіі),

пяцірадкоўе (квінціла; “Смешная геральдыка” М. Лужаніна),

шасцірадкоўе (секстэт; “Бондар” П. Броўкі),

сямірадкоўе (септыма; “***У грымотах ашалелых веку…” В. Зуёнка),

васьмірадкоўе (актэт; “Тры мовы” С. Ліхадзіеўскага);

дзевяцірадкоўе (нона; “Панская ласка” Якуба Коласа),

дзесяцірадкоўе (дэцыма; “Палессе” Якуба Коласа).

Знакамітая чатырнаццацірадковая “анегінская страфа” беларускімі паэтамі не выкарыстоўваецца. Часам страфічная будова і спалучэнне строф вызначаюць асобныя лірычныя жанры, так званыя цвёрдыя формы верша (санет, трыялет, рандо, актава і інш.).

Графічна страфа адасабляецца ад іншых строф прабелам. Вершы, якія не падзяляюцца на строфы, называюць астрафічнымі.

 

Стыль (ад грэч. stylos — грыфель, завостраная палачка для пісьма) у літаратуры — устойлівая агульнасць вобразнай сістэмы, мастацкіх сродкаў, прыёмаў, якая характарызуе адметнасць творчасці пісьменніка, асобнага твора, літаратурнага кірунку ці цэлай літаратурнай эпохі.

Сучаснае літаратуразнаўства разглядае стыль як цэласнае адзінства сродкаў мастацкай выяўленчасці і выразнасці; канкрэтнае ўвасабленне адзінства формы і зместу.

Пад стылем пісьменніка (індывідуальна-творчым стылем) звычайна маюць на ўвазе ідэйна-мастацкую своасаблівасць яго творчасці. Стыль залежыць ад творчага метаду і літаратурнага кірунку, у рэчышчы якога працуе аўтар, ад яго светапогляду, творчага вопыту, мастацка-эстэтычных прыярытэтаў.

Адзінства стылю вынікае з адзінства яго кампанентаў (узроўняў), сярод якіх айчынныя літаратуразнаўцы вылучаюць сюжэт (заснаваны на той ці іншай сітуацыі — расстаноўцы персанажаў вакол пэўнага тыпу канфлікту); кампазіцыю; мастацкую мову; майстэрства дэталізацыі і інш.

Паняццем стылізацыя абазначаюць свядомую імітацыю знешніх, фармальных асаблівасцей чаго-небудзь, у тым ліку — стылю пісьменніка.

 

Сюжэт (ад франц. sujet — прадмет, змест) — сукупнасць здарэнняў, разгортванне падзей у апавядальных і драматычных (часам і ў лірычных) творах, якое раскрывае характары персанажаў і змест твораў у цэлым.

Сюжэт, як правіла, грунтуецца на канфлікце — супярэчнасці, процідзеянні, сутыкненні розных сіл (персанажаў паміж сабой, персанажаў і абставінаў, пазіцыі аўтара і некаторых персанажаў і інш.). Сюжэтнае дзеянне складаецца з эпізодаў — фрагментаў тэксту, кожнаму з якіх уласціва адзінства часу, месца (прасторы), дзеяння.

Кароткі пераказ падзей у іх прычынна-выніковай паслядоўнасці называецца фабулай, яе заўсёды можна прадставіць як ланцуг паслядоўных і лагічных падзей.

Сюжэт складаецца з наступных асноўных элементаў: экспазіцыі, завязкі, развіцця дзеяння, кульмінацыі і развязкі.

Экспазіцыя — элемент сюжэта, які ўтрымлівае апісанне жыцця герояў да таго, як яны пачнуць дзейнічаць у творы. Экспазіцыя можа быць “прамой” (знаходзіцца ў пачатку) і “затрыманай” (размяшчаецца пасля пачатку дзеяння). Завязка — зыходны эпізод сюжэта, першае сутыкненне рознаскіраваных сіл, якое абумоўлівае далейшае дзеянне. Развіццё дзеяння — паступовыя змены ў адносінах паміж персанажамі, выкліканыя характарам развіцця канфлікту пасля завязкі. Кульмінацыя — вяршыня ў развіцці дзеяння, момант яго найвышэйшай напружанасці. Развязка — чаканае альбо раптоўнае вырашэнне супярэчнасцей паміж персанажамі, заяршэнне падзей.

Акрамя асноўных, існуюць і дапаможныя — пазасюжэтныя — элементы сюжэта:

пралог (кароткі ўступны аповед, які звычайна не звязаны з падзеямі, што вызначаюць рух сюжэта, але дае ўяўленне пра папярэдняе жыццё персанажаў);

аўтарскае адступленне(выражае адносіны аўтара да якога-небудзь героя ці праблемы);

устаўная навела (кароткі аповед з самастойным сюжэтам, які спрыяе асэнсаванню таго, што адбываецца ў творы);

эпілог (утрымлівае звесткі пра лёс герояў пасля вырашэння асноўнага канфлікту твора).

Сукупнасць узаемазвязаных падзей, вакол якой групуюцца персанажы, называецца сюжэтнай лініяй.

Сюжэты могуць быць хранікальнымі, калі падзеі разгортваюцца ў часе паслядоўна, змяняючы адна адну, і канцэнтрычнымі, калі падзеі разгортваюцца на аснове прычынна-выніковых сувзей, г. зн. кожная падзея з’яўляецца прычынай наступнай і вынікае з папярэдняй.

Трагедыя (грэч. tragōdia літаральна азначае “казліная песня”, ад tragos — казёл і ōdē — песня) — найстаражытнейшы жанр драмы як літаратурнага роду, заснаваны на трагічным канфлікце паміж чалавекам і лёсам ці чалавекам і непераадольнымі сацыяльна-гістарычнымі абставінамі.

Трагедыя бярэ пачатак у антычных абрадах, звязаных з культам бога вінаградарства і віна Дыяніса, які выяўляўся ў вобразе сатыра з невялікімі рожкамі і барадой. У часе рытуальнага прадстаўлення ў ахвяру Дыянісу прыносілі казла — адсюль і назва.

Таргедыя адлюстроўвае рэчаіснасць як згустак унутраных супярэчнасцей, для яе ўласцівы выключна вострыя жыццёвыя канфлікты, якія вырашаюцца з максімальнай напружанасцю. Найбольш дакладны крытэрый, які дазваляе адрозніць трагічны канфлікт ад драматычнага, — характар перашкодаў, якія паўстаюць перад чалавекам, прынцыповая немагчымасць іх пераадолення. На думку сучасных даследчыкаў літаратуры, трагічны канфлікт прынцыпова не можа быць вырашаны на карысць чалавека, нягледзячы на яго асабістыя якасці і намеры. Трагічныя героі — гэта моцныя, цэльныя натуры, гатовыя загінуць, але не адступіць ад сваёй мэты.

 

Традыцыі (ад лац. traditio — перадача) у літаратуры — культурна-мастацкі вопыт мінулых эпох, успрыняты і засвоены пісьменнікамі ў якасці актуальнага і нязменна каштоўнага; вопыт, які стаў творчым арыенцірам. Узаемадапаўняльным элементам традыцыі з’яўляецца наватарства: іх гарманічныя суадносіны — важная ўмова плённасці і дынамічнасці літаратурнага працэсу.

 

Троп (ад грэч. trópos — паварот; зварот, вобраз) — вобраз, заснаваны на ўжыванні слова (спалучэння слоў, выразу) у пераносным значэнні.

У тропе на падставе якіх-небудзь агульных уласцівасцей ці рысаў супастаўляюцца дзве з’явы, адна з іх характарызуецца праз прыметы іншай.

Вылучаюць тропы моўныя і паэтычныя. У моўных тропах (іх яшчэ называюць сцёртымі) перанос амаль не адчуваецца (час ідзе). Да іх набліжаюцца вымушаныя тропы, што ўзніклі як асноўныя назвы прадметаў (нос лодкі, ножка стала); да вымушаных тропаў, у сваю чаргу, блізкія па сваёй стылістычнай нейтральнасці тропы-тэрміны (ружа вятроў, грудная клетка, свабодны верш).

У сучасным беларускім літаратуразнаўстве адрозніваюцца паэтычныя тропы простыя (эпітэт і параўнанне) і складаныя (метафара, метанімія, сінекдаха, гіпербала, літота, сімвал, алегорыя і інш.).

 

Фальклор (ад англ. folk lore — народная мудрасць) — вусна-паэтычная народная творчасць; самы старажытны від слоўнага мастацтва, для якога характэрны ананімнасць, калектыўнасць стварэння, масавая вусная форма бытавання, шматжанравасць, шматварыянтнасць.

Сярод фальклорных жанраў, якія карыстаюцца празаічнай мовай, асноўнымі з’яўляюцца казка, легенда, паданне, анекдот. Казкай называецца займальны па сюжэце фальклорны (хаця існуюць і літаратурныя казкі) твор пра неверагодныя прыгоды. Народныя казкі паводле зместу дзеляцца на чарадзейныя, сацыяльна-бытавыя і казкі пра жывёл. Легенда (ад лац. legenda — вартае прачытання) — невялікае апавяданне, у аснове якога ляжыць расказ пра незвычайную падзею або гераічны ўчынак выбітнага чалавека. Легенды могуць быць як фальклорнымі, так і літаратурнымі. Паданнем звычайна называюць апавядальны твор гістарычнага ці легендарнага зместу, у якім рэальная падзейная аснова спалучаецца з паэтызацыяй мінулага.

Вершаваная мова ўласцівая такім фальклорным жанрам, як песня, балада, прыпеўка. У асобных замовах, прыказках, прымаўках выкарыстоўваецца адначасова і празаічная, і вершаваная формы.

Фальклор — выток усёй літаратурна-мастацкай вобразнасці — і для сучаснага прыгожага пісьменства застаецца найважнейшай крыніцай ідэй, тэм, сюжэтаў, вобразаў, выяўленчых сродкаў і г.д.

 

Эпас (ад старажытнагрэч. épos — слова, аповед) — адзін з трох (побач з лірыкай і драмай) родаў літаратуры, які вызначаецца апавядальнасцю, аднаўленнем знешніх (у дачыненні да аўтара) падзей рэчаіснасці у іх паступальна-лагічным (сюжэтным) развіцці.

Аўтары эпічных твораў, як правіла, імкнуцца аб’ектыўна расказаць пра падзеі, як мага больш поўна адлюстраваць навакольную рэчаіснасць, стварыць галерэю персанажаў, паказаць іх адносіны да з’яў рэчаіснасці, да іншых людзей.

Аб’ектам адлюстравання ў эпічным творы становіцца падзея, якая паказваецца звычайна ў мінулым часе: яна ўжо адбылася даўно ці нядаўна.

Разам з тым, для эпасу ўласцівае і выяўленне пачуццяў, перажыванняў з дапамогай лірычных адступленняў аўтара, самараскрыццё персанажаў (прыметы, якія суадносяцца, як правіла, з лірыкай), а таксама драматычна-напружанае дзеянне, узаемараскрыццё герояў праз дыялогі.

Эпас мае цэлы арсенал разнастайных спосабаў і прыёмаў мастацкай выразнасці (апісанне, маналог, дыялог, няўласна-простая мова і інш.), а таксама валодае разнастайнымі спосабамі стварэння эпічнага вобразу (учынкі, дзеянні персанажа, аўтарская характарыстыка, раскрыццё характара праз мову, партрэт, пейзаж, інтэр’ер). Сучасны эпас выкарыстоўвае пераважна празаічную мову, хаця часам звяртаецца і да паэтычнай мовы.

Асноўнымі эпічнымі жанрамі з’яўляюцца раман, аповесць, апавяданне, навела, казка, легенда, нарыс, эсэ і інш.

Своеасаблівым вынікам узаемадзеяння эпасу і лірыкі сталі ліраэпічныя жанры: балада і паэма.

У больш вузкім значэнні эпасам называюць жанр ці групу жанраў, звернутых да гераічнага аповеду пра мінуўшчыну; сюды адносяць як “вялікі эпас” — кніжныя помнікі старажытнасці (“Іліяда”, “Адысея”, “Махабхарата”, “Рамаяна”) і Сярэднявечча (“Беавульф”), вусныя эпапеі (“Джангар”, “Манас” і інш.), так і “малы эпас народаў свету (быліны, юнацкія песні, сагі і інш.).

 

Эпітэт (ад грэч. epítheton — дадатак) — від простага тропа; вобразная, эмацыйна-выразная характарыстыка прадмета, з’явы, асобы ці падзеі, выражаная часцей за ўсё прыметнікам (белапенная квецень, зязюльчын ранак); можа выражацца назоўнікам (слова-гарт, слова-кліч), прыслоўем (чаёк піў упрыглядку), дзеепрыметнікам (здзічэлы голас).

 

Эпіфара (ад грэч. epiphorá — паўтарэнне) — паўтарэнне аднолькавых гукаў, слоў ці словазлучэнняў у канцы вершаваных радкоў або строф.

 


ІІІ. РАЗДЗЕЛ КАНТРОЛЮ ВЕДАЎ

КРЫТЭРЫІ АЦЭНАК

ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ СТУДЭНТА

Тыпавым вучэбным планам у якасці формы выніковага кантролю па дысцыпліне “Тэорыя літаратуры ” прадугледжаны залік і экзамен.

 

Крытэрыі ацэнак вынікаў вучэбнай дзейнасці

  Крытэрыі ацэнкі
“Незалічана” Адсутнасць ведаў і кампетэнцый у рамках адукацыйнага стандарту ці адмова ад адказу. Фрагментарныя веды ў рамках адукацыйнага стандарту; веданне асобных фактаў з літаратурных крыніц, якія рэкамендаваны праграмай дысцыпліны; няздольнасць выкарыстоўваць навуковую тэрміналогію; пасіўнасць на занятках. Недастаткова поўны аб’ём ведаў у рамках адукацыйнага стандарту; веданне часткі асноўнай літаратуры, якая рэкамендавана вучэбнай праграмай; выкарыстанне навуковай тэрміналогіі з памылкамі; няздольнасць арыентавацца ў асноўных тэорыях і канцэпцыях дысцыпліны; пасіўнасць на занятках
“Залічана” Сістэматызаваныя, глыбокія і поўныя веды па ўсіх раздзелах вучэбнай праграмы; выкарыстанне навуковай тэрміналогіі, лагічна вытраманыя адказы, здольнасць рабіць абгрунтаваныя вывады; засваенне асноўнай і дадатковай літаратуры праграмы дысцыпліны; здольнасць арыентавацца ў асноўных тэорыях і даваць іх крытычную ацэнку; самастойная і актыўная работа на занятках

 

 

Крытэрыі ацэнак вынікаў вучэбнай дзейнасці

Балы Крытэрыі ацэнкі
1 (адзін) Адсутнасць ведаў і кампетэнцый у рамках адукацыйнага стандарту ці адмова ад адказу
2 (два) Фрагментарныя веды ў рамках адукацыйнага стандарту; веданне асобных фактаў з літаратурных крыніц, якія рэкамендаваны праграмай дысцыпліны; няздольнасць выкарыстоўваць навуковую тэрміналогію; пасіўнасць на семінарскіх занятках
3 (тры) Недастаткова поўны аб’ём ведаў у рамках адукацыйнага стандарту; веданне часткі асноўнай літаратуры, якая рэкамендавана вучэбнай праграмай; выкарыстанне навуковай тэрміналогіі з памылкамі; няздольнасць арыентавацца ў асноўных тэорыях і канцэпцыях дысцыпліны; пасіўнасць на семінарскіх занятках
4 (чатыры) Дастатковы аб’ём ведаў у рамках адукацыйнага стандарту; засваенне асноўнай літаратуры, якая рэкамендавана вучэбнай праграмай; выкарыстанне навуковай тэрміналогіі; уменне рабіць вывады без істотных памылак; уменне арыентавацца ў асноўных тэорыях і канцэпцыях прадмета і даваць ім ацэнку; работа на семінарскіх занятках пад кіраўніцтвам выкладчыка
5 (пяць) Дастатковы ўзровень ведаў у рамках вучэбнай праграмы; выкарыстанне навуковай тэрміналогіі, здольнасць рабіць вывады; валоданне асноўнымі тэорыямі дысцыпліны; засваенне асноўнай літаратуры, якая рэкамендавана вучэбнай праграмай
6 (шэсць) Дастаткова поўныя і сістэматызаваныя веды ў аб’ёме вучэбнай праграмы; выкарыстанне неабходнай навуковай тэрміналогіі, лагічна вытраманыя адказы; уменне арыентавацца ў базавых тэрмінах і канцэпцыях дысцыпліны, даваць іх параўнальную ацэнку; самастойная работа на семінарскіх занятках, удзел у групавых абмеркаваннях, высокі ўзровень культуры выканання заданняў
7 (сем) Сістэматызаваныя, глыбокія і поўныя веды па ўсіх раздзелах вучэбнай праграмы; выкарыстанне навуковай тэрміналогіі, лагічна вытраманыя адказы, здольнасць рабіць абгрунтаваныя вывады; засваенне асноўнай і дадатковай літаратуры праграмы дысцыпліны; здольнасць арыентавацца ў асноўных тэорыях і даваць іх крытычную ацэнку; самастойная і актыўная работа на семінарскіх занятках
8 (восем) Сістэматызаваныя, глыбокія і поўныя веды па ўсіх зададзеных пытаннях у аб’ёме вучэбнай праграмы; выкарыстанне навуковай тэрміналогіі, здольнасць рабіць абгрунтаваныя вывады; валоданне метадамі комплекснага аналізу і здольнасць самастойна рашаць складаныя праблемы ў рамках вучэбнай праграмы; засваенне асноўнай і дадатковай літаратуры, якая рэкамендавана праграмай; здольнасць арыентавацца ў асноўных тэорыях і канцэпцыях і даваць іх крытычную ацэнку; актыўная самастойная работа на занятках, удзел у групавых абмеркаваннях
9 (дзевяць) Сістэматызаваныя, глыбокія і поўныя веды па ўсіх раздзелах вучэбнай праграмы; дакладнае выкарыстанне навуковай тэрміналогіі, у т.л. і на замежнай мове; валоданне інструментарыям вучэбнай дысцыпліны; здольнасць самастойна і творча рашаць складаныя праблемы ў рамках вучэбнай праграмы; поўнае засваенне асноўнай і дадатковай літаратуры, якая рэкамендована праграмай дысцыпліны; здольнасць арыентавацца ў асноўных тэорыях дысцыпліны і даваць іх крытычную ацэнку; самастойная і актыўная работа на ўсіх формах заняткаў, творчы ўдзел у групавых абмеркаваннях; высокі ўзровень культуры іх выканання
10 (дзесяць) Сістэматызаваныя, глыбокія і поўныя веды па ўсіх раздзелах праграмы, а таксама па асноўных пытаннях паза яе межамі; дакладнае выкарыстанне навуковай тэрміналогіі, у т.л. на замежнай мове; бездакорнае валоданне інструментарыем вучэбнай дысцыпліны, уменне эфектыўна яго выкарыстоўваць; яскрава выражаная здольнасць самастойна і творча рашаць складаныя праблемы; поўнае і глыбокае засваенне літаратуры, якая рэкамендавана праграмай дысцыпліны; здольнасць арыентавацца ў тэорыях вывучаемага курса і даваць іх крытычную ацэнку; самастойная і творчая работа на занятках, высокі ўзровень выканання заданняў

 

Пытанні да заліку па “Тэорыі літаратуры”

1. Узнікненне навукі аб літаратуры. Прадмет і задачы. Дапаможныя навукі ў літаратуразнаўстве. Сувязь з іншымі навукамі. Размежаванне тэорыі, гісторыі, літаратурнай крытыкі па аб’екту даследавання.

2.Літаратура як від мастацтва. Канцэпцыя сутнасці мастацтва як пераймання жыцця (VІ ст. да н.э.– ХVІІІ ст.).

3. Літаратура як від мастацтва. Канцэпцыі сутнасці мастацтва як суб’ектыўнай творчай здольнасці.

4. Літаратура як від мастацтва. Аб’ектыўна-гістарычныя канцэпцыі мастацтва.

5.    Літаратура як від мастацтва. Сучасныя тэорыі сутнасці мастацкай творчасці.

6. Мастацкі вобраз: шырокае і вузкае разуменне тэрміна. Характар. Тып. Архетып.

7. Тэарэтычнае абгрунтаванне падзелу літаратуры на роды ў залежнасці ад адносін мастацкіх твораў да аб’екта і суб’екта творчасці (Арыстоцель, Гегель, Бялінскі, Паспелаў, Весялоўскі).

8. Родавыя асаблівасці зместу і формы эпічных твораў: агульная характарыстыка.

9. Эпапея як літаратурны жанр, яе асноўныя характарыстыкі. Раман як аналаг эпапеі. Гістарычная эвалюцыя рамана. Адметнасць рамана ў рэалістычнай літаратуры.

10. “Сярэднія” і “малыя” апавядальныя формы: аповесць, апавяданне, навела. Іх жанравыя адметнасці і разнавіднасці.

11. Жанры фантастычнай або рэалістычнай тэматыкі, сумежныя з класічным апвяданнем(міф, казка, быліна, легенда, паданне, эсэ, нарыс, фелетон, памфлет, гумарэска).

12. Драма як літаратурны род. Тыпалогія драматычнага роду.

13. Трагедыя: змест назвы, жанравыя характарыстыкі, гістарычная эвалюцыя, сутнасць трагічнага канфлікту на розных этапах літаратурнага развіцця.

14.Камедыя: гісторыя нараджэння, жанравая спецыфіка. Старажытнагрэчаская і старажытнарымская камедыі. Жанравыя формы і разнавіднасці сучаснай камедыі.

15. Узнікненне драмы як “сярэдняга” жанру, яе характарыстыкі. Меладрама, вадэвіль: падобнае і адрознае. Формы міжжанравага сінтэзу (трагікамедыя, трагіфарс).

16. Лірыка. Паняцце пра лірычнага героя. Ролевы герой. Віды лірыкі.

17.Філасофска-медытатыўныя жанры(медытацыя, стансы, пасланне, ямбы, элегія).

18. Жанры лірыкі ўрачыста-хвалебнага зместу(ода, гімн, дыфірамб, мадрыгал, эпітафія, эпіталама), іх гістарычная эвалюцыя.

19. Сатырычна-выкрывальныя жанры (эпіграма, пародыя, інвектыва, сатыра).

20. Класічныя жанры лірыкі з цвёрдым адзінствам формы і зместу (ямбы, стансы, трыялет, канцона, тэрцына).

21. Санет. Гісторыя і тэорыя санета. Вянок санета. Вянок вянкоў санета.

22. Міжродавыя мастацкія ўтварэнні. Паняцце пра родавую і жанравую дыфузію, жанры і жанравыя формы са змешанымі родавымі прыкметамі. Паэма як жанр, яе гістарычная эвалюцыя.

23. Балада, байка, прытча як кананізаваныя жанры.

24. Аўтарскія жанры. Аўтарскія жанры Алеся Разанава(версэты, вершаказы, пункціры, квантэмы, зномы, і інш.).

 

Пытанні да экзамену па “Тэорыі літаратуры”

1. Развіццё літаратуры і літаратуразнаўства як асноўны аб’ект тэорыі літаратуры. Задачы і прадмет тэорыі літаратуры. Яе месца сярод літаратуразнаўчых дысцыплін. Паняцце пра паэтыку. Віды паэтык.

2. Паняцце “літаратура”. Літаратура як від мастацтва. Спецыфіка мастацкай літаратуры.

3. Функцыі літаратуры як мастацтва слова. Канцэпцыі сутнасці мастацкай творчасці.

4. Мастацкі вобраз як сістэма. Віды вобразаў. Паняцці “вечны вобраз”, “архетып”, “культурны герой”.

5. Паняцці “твор” і “тэкст” як ключавыя паняцці тэорыі літаратуры. Кантэкст. Падтэкст. Звыштэкст. Метатэкст. Паняцці пра інтэртэкст, мікра- і макратэксты.

6. Літаратурны працэс: тэорыя, тэрміналогія. Склад літаратуры. Глабальныя тэндэнцыі, характар і заканамернасці развіцця літаратурнага працэсу.

7. Стадыяльнасць літаратурнага развіцця. Перыядызацыя сусветнага і нацыянальнага літаратурных працэсаў. Паняцце пра літаратурную эпоху.

8. Напрамак (кірунак) у літаратуры. Параметры вызначэння напрамку.

9. Паняцце пра метад і метадалогію. Метад у літаратуразнаўстве. Творчы (мастацкі) метад.

10. Стыль: шматзначнасць тэрміна. Калектыўныя стылі. Мастацкія стылі. Стыль пісьменніка. Паняцце пра стылявую манеру. Стыль мастацкага твора. Экспрэсіўныя стылі мовы.

11. Антычная літаратура: скарбніца паняццяў з тэорыі літаратуры.

12. Сярэднявечча: склад літаратуры, сімвалізм і алегарызм мыслення. Карнавалізацыя.

13. Адраджэнне: тыпалогія літаратурнага працэсу.

14. Барока. Дваістасць канцэпцыі чалавека і свету. Асноўныя лейтматывы. Фармальныя адзнакі стылю.

15. Класіцызм. Картэзіянства. Асноўны канфлікт. Тэматыка. Прынцыпы. Прынцып строгага рацыяналізму і яго параметры.

16. Асветніцтва. Асноўныя ідэі. Шляхі негвалтоўнага змянення грамадства. Літаратурныя кірункі.

17. Сентыменталізм: тыпалогія, прадстаўнікі.

18. Рамантызм як літаратурны напрамак. Сістэма мастацкіх прынцыпаў, прыёмаў. Рамантызм у тэорыі і на практыцы. 

19. Рэалізм: тып творчасці, напрамак, метад, стыль. Тыпалогія рэалізму. Канкрэтна-гістарычныя праявы літаратуры рэалізму. Лёс рэалізму ў ХХ ст.

20. Натуралізм. Пазітывізм і яго ўплыў на літаратуру натуралізму.

21. Дэкаданс. Філасофія дэкадансу.

22. Сімвалізм: тыпалагічныя адзнакі. Прадстаўнікі.

23. Імпрэсіянізм: тыпалагічныя адзнакі. Прадстаўнікі.

24. Эстэтызм: тыпалагічныя адзнакі. Прадстаўнікі.

25. Мадэрнізм. Спосабы пабудовы вобраза. Асноўная формула. Псіхааналіз і аналітычная псіхалогія як філасофскія перадумовы.

26. Мадэрнізм: кірункі, плыні, школы ў літаратуры ХХ ст.

27. Экзістэнцыялізм. Асноўныя катэгорыі. Абсурд і бунт А.Камю, яго станоўчая праграма. Трактат “Экзістэнцыялізм – гэта гуманізм” Ж.П.Сартра: асноўныя палажэнні, рэалізаваныя ў творах.

28. Постмадэрнізм. Крызісны характар свядомасці. Ідэі дэканструкцыі. Паняцці “тэкст”, “інтэртэкст”. Вобразы-знакі (лабірынт, бібліятэка, карнавал і інш.).

29. Роды мастацкай славеснасці. Рода-відавыя і індывідуальныя мадыфікацыі. “Чацвёрты” род у літаратуры (сатыра, раман).

30. Міжродавыя формы (ліра-эпас: ліра-эпічныя паэмы, балады, лірычная проза і інш.).

31. Па-зародавыя формы (нарыс, эсэістыка, літаратура “плыні свядомасці”).

32. Жанр. Жанравыя структуры і каноны. Паняцце пра жанравую дамінанту, жанравую матрыцу, жанравую мадальнасць. Жанравая сістэма.

33. Жанравая сутнасць як мастацкі прынцып засваення жыцця ў структуры жанра. Жанравая сутнасць рамана. Раман-эпапея.

34. Жанравыя мадыфікацыі рамана ў літаратурах Старажытнага свету, Сярэднявечча, Адраджэння.

35. Жанравыя мадыфікацыі рамана ў ХVІІ – ХVІІІ стст.

36. Жанравыя мадыфікацыі рамана ў ХІХ ст.

37. Жанравыя мадыфікацыі рамана ў ХХ ст.

38. Сярэднія і малыя апавядальныя формы. Аповесць.

39. Сярэднія і малыя апавядальныя формы. Навела. Апавяданне.

40. Сярэднія і малыя апавядальныя формы. Эсэ. Мемуары. Нарыс. Фельетон. Памфлет.

41. Нацыянальна адметныя жанры ў літаратуры. Іх сувязь з народнай творчасцю. Уласна “беларускія” жанры (абразкі, гутаркі, быліцы, казкі, легенды, паданні і інш.).

42. Лірыка. Паняцце пра лірычнага героя. Віды лірыкі.

43. Жанры лірыкі і іх спецыфіка.

44. Паэма. Балада.

45. Драма як літаратурны род. Сістэма жанраў драматургіі.

46. Драма як жанр. З гісторыі развіцця драмы ў сусветнай і нацыянальнай літаратурах.

47. Трагедыя як від драмы. Гісторыя яе развіцця.

48. Камедыя і яе жанравыя разнавіднасці. З гісторыі развіцця камедыі ў сусветнай і нацыянальнай літаратурах.

49. Трагікамедыя. Меладрама. Вадэвіль. Фарс.

50. Класічныя формы верша (актава, трыялет, рандо, санет, рубаі, акраверш, танку, хокуі і інш.).

51. Паняцці пра свабодны верш. Аўтарскія формы верша (квантэмы, вершаказы, версэты, філасафемы і інш.).

52. Іерархія ў літаратуры. Літаратурная класіка. Белетрыстыка.

53. Масавая літаратура. Агульная характарыстыка. Жанры масавай літаратуры.

54. Дэтэктыў. Разнавіднасці дэтэктыўнай літаратуры.

55. Знешнія і ўнутраныя фактары развіцця літаратурнага працэсу.

56. Метады (падыходы) параўнальнага вывучэння літаратуры: параўнальны, генетычны, кантактны, тыпалагічны падыходы.

57. Узроўні параўнальнага вывучэння літаратуры.

58. Міжлітаратурныя сувязі і ўзаемадзеянні. Уплыў, наследаванне, перайманне.

59. Віды рэцэпцыі. Запазычанне. Паняцце пра рэмінісцэнцыю, алюзію, вобразную аналогію, літаратурную цытату.

60. Міжнародныя літаратурныя сувязі. Пераклад як форма ўзаемадзеяння літаратур. Віды перакладу. Пераклад і інтэртэкст.

61. Метадалогія літаратуразнаўства. Метады вывучэння літаратуры. Міфалагічная і неаміфалагічная (рытуальна-міфалагічная) школы.

62. Біяграфічны метад. Вызначальныя адзнакі (паводле Ш.Сент-Бёва).

63. Культурна-гістарычны метад (школа). Філасофская аснова (пазітывізм). Прынцыпы (“тры першапачатковыя сілы, тры крыніцы” І.Тэна).

64. Псіхалагічны кірунак. Псіхааналіз у літаратуразнаўстве. Вучэнне пра заканамернасці стварэння твора і тайну яго ўздзеяння на чытача.

65. Параўнальна-гістарычны метад. Кампаратывізм.

66. Метад літаратурнай герменеўтыкі.

67. Сацыялагічны метад. Сацыялагічнае літаратуразнаўства (марксісцкая крытыка, тэорыя сацыялістычнага рэалізму, вульгарны сацыялагізм).

68. Фармальны метад. Структуралізм. Семіётыка.

69. “Новая крытыка”. Фенаменалогія. Постструктуралізм. Дэканструктывізм. Фемінісцкая тэорыя. Новы гістарызм. Посткаланіяльная тэорыя. Тэорыя меньшасцей. Тэорыя іншасці.

70. Набыткі беларускага літаратуразнаўства.


Дата добавления: 2018-05-13; просмотров: 2167; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!