Вызначыць і ахарактарызаваць жанравую форму твора.



Алесь Разанаў

ВЕК

Век спалучаны з усімі істотамі, але найшчыльней з чалавекам.

Ён выяўляецца – і чытаецца – у яго твары і постаці, і калі

па якой-небудзь прычыне век парушаецца, то н я в е ч ы ц ц а

  і чалавек.

Век не аднолькавы са стагоддзем: ён утрымлівае ў сабе сваю

меру, якая вымяраецца не проста часам, а самой непаўторнасцю

часу, – і свой вектар, які скіроўваецца з пачатку ў канец,

з маладзіка ў ветах, з раніцы ў вечар, з жыцця, якое падуладна зменам,

у жыццё, якое зменам не падуладна, – у вечнасць.

Калі гарыць свечка, яна гарыць век, калі расце дрэва, яно расце век,

калі жыве чалавек, ён жыве век, і які б гэты век ні быў –

кароткі ці доўгі, роўны ці пакручасты, – ён усё роўна вялікі.

Вызначыць і ахарактарызаваць жанравую форму твора.

Алесь Разанаў

КАСА

Каса – косая, аднак там, дзе яна

праходзіць, застаюцца чыстыя, без

касмыкоў, касынкі лугоў і роўныя

каснікі пакосаў.

Каса не спакушаецца славай  і не

выстаўляецца напаказ: яна толькі

першаю, у расу, каштуе тые “смакосы”,

якія будуць каштаваць каровы і козы.

Каса касуе ўсё, што ўзводзілі вясна

і лета: яе кранае не краса званцоў, ка-

сачоў ці каласоўнікаў, а косінусы і ка-

тангенсы стасункаў з імі.

Пасада ў касы каставая – ад Касанддры:

яна прадказвае ўсім аднолькавы лёс і

сама вяршыць яго.

На касу, як на смерць, касавурацца

гусакі, на касу сыкае асака, яе куса-

юць камяні, ад яе адкасоўваюцца

кусты, але, вітаючыся з ёю, бярэ касу

касец Ясь і – развітваючыся з ёю –

касінер Кастусь.

Вызначыць жанравую форму твора.

Янка Купала

ЯК СПЫТАЮЦЦА НАС

Прыйдуць людзі з Усходу,

Прыйдуць з Захаду людзі

                              І спытаюцца нас:

“Скуль, якога вы роду?

Дзе зямля ваша будзе,

                              Дзе айчызна у вас?”

Мы ля плоту, пад плотам

Паглядзім, пашукаем,

                              Які даць тут адказ,

І адкажам: “Э, што там...

Мусіць, бабскім звычаем

                              Збегла ў прочкі ад нас”.

1911 г.           

1. Вызначыць мастацкі, сродак, ужыты аўтарам.

Раскрыць змест твора.

Янка Купала

       ***

...О так! Я – пралетар!..

Яшчэ учора раб пакутны –

Сягоння я зямлі ўладар

І над царамі цар магутны!

Мне бацькаўшчынай цэлы свет,

Ад родных ніў я адвярнуўся...

Адно... не збыў яшчэ ўсіх бед:

Мне сняцца сны аб Беларусі!

1924 г.

Раскрыць змест твора.

Вызначыць жанравую форму.

Янка Купала

                          ***

Наспелая постаць шчаслівых пасеваў

                   За вёскай, на сонным лясоў рубяжы,

                   Ссівелы ўжо колас схінула к мяжы

У сумным шаптанні: “Дзе, жнеі мае, вы?”

І жнеі сышліся. – Направа, налева

                   Кладучы ў снапы каласы-старажы,

                   Зашасталі глуха сярпы, як нажы,

Пад жніўныя вечна старыя напевы.

                   Спагадная, нудная песня плыве,

Губляючы ў пушчы свае пералівы,

У шэлестах белага коласу нівы.

                   Плыве гэта песня ка мне і заве,

І ў сэрцы звініць, як каса у траве:

“Ты так жа, брат, сееш... а дзе тваё жніва?”

1910 г.

Ахарактарызаваць жанравую спецыфіку твора.

                                          Максім Танк

ГОТЫКА “СВЯТОЙ АННЫ”

Загад пячаткай замацаваны –

Пярсцёнкам біскупа самога,

Каб грахаводніцу дзеўку Анну

   Аддаць на споведзь агню святога:

Агню за тое, што ўсіх чмурыла

Сваёй пякельнай прыгажосцю,

Аж мужыкі ўсе гублялі сілу,

     Гублялі розум ад грэшных млосцяў;

Што нат у варты, якая недзе

Яе злавіла ў часы купання,

 Зацяла мову, і варта ледзьве

Суду змагла даць сваё дазнанне;

    Што ў падзямеллі пад магістратам,

Дзе ў кайданы была закавана,

Нячыстай сілай былі ўсе краты

І ўсе запоры паадмыканы;

   Што нават ката змагла сурочыць,

Хоць і маліўся той miserere,

Бо намагаўся яе сцяць тройчы

 І тройчы выпала з рук сякера.

І вось высокі касцёр палае.

Ды дзіва-дзіўнае бачаць людзі:

Агонь, цалуючы, абдымае

 Сваёй ахвяры і стан, і грудзі

І застывае гатыцкім храмам,

          Дзе быццам з бронзы гараць чаканнай

Званіцаў вежы, апсіды, рамы...

                                                І вусны шэпчуць: “Святая Анна!..” (1972 г.)

Вызначыць жанравую прыналежнасць твора.

Даць характарыстыку формы.

Ларыса Геніюш

ПРАЦЯГЛАСЦЬ

На роднай зямельцы усе мы не госці,

усе мы чыесьці, усе мы кагосьці.

Хоць спарахнелі дзядоў нашых косці,

у нашай натуры ёсць іхняе штосьці.

У падняволлі ад пыхі адсталасць.

На вузкіх загонах народу трываласць.

Жаночая гожасць, мужчынская сталасць,

лагоднасць з сябрамі і з ворагам ярасць.

У цягліцах сіла, а ў сэрцы каханне.

У працы і ў песні без стомы, хістання.

Роднаму вернасць, да гнёздаў вяртанне,

з тугою бязмернай, ўсе крыху сяляне.

Усе з баразёнкі, ад нівы, ад плуга.

йдзем часам асфальтам, як полем ці лугам,

калі непасільна бывае і туга,

мы к ворагу грозна, а з сэрцам да друга.


Дата добавления: 2018-05-13; просмотров: 340; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!