Балада, байка, прытча як кананізаваныя жанры 2 страница



Былі перакладзены і выклікалі цікавасць у сярэднявечнага чытача таксама такія творы антычнай гістарычнай прозы як “Троя” і “Александрыя”. У першым з іх пераказваюцца калізіі вайны паміж Трояй і Спартай. Твор быў вядомы таксама пад назвамі “Прытча пра каралёў”, “Гісторыя разбурэння Троі” і “Гісторыя Траянскай вайны”. Другі твор – своеасаблівая біяграфія цара і палкаводца Аляксандра Македонскага. Элемент гістарычнай праўдзівасці ў “Троі” і “Александрыі” прыкметна меншы ў параўнанні з “Гісторыяй...” Іосіфа Флавія, аднак яны ўспрыймаліся ў свой час таксама як дакладныя сведчанні пра мінулае.

2. Ранняе Сярэднявечча. Рысы агульнасці прысутнічаюць ў развіцці еўрапейскіх літаратур ранняга сярэднявечча (з V па ХІІІ в. н.э.). Праўда, V – V ІІІ ст. н.э., “эпоха вялікага перасялення народаў”, былі мала прадуктыўнымі для літаратуры і, па сутнасці, выпадаюць з разгляду. На авансцэну гісторыі выходзяць народы Заходняй, а потым і Усходняй Еўропы. Яны гавораць на раманскіх, германскіх, славянкіх мовах. У літаратуры вылучыліся дзве ідэйна-творчыя плыні: царкоўная і свецкая. Кожная плынь мела сваю жанравую сістэму і сваю мову. У творах царкоўнай літаратуры характары людзей паказваліся ў рэлігійна-маралізатарскім плане. Вобразы былі ідэалізаванымі, схематычнымі, далёкімі ад рэальнага жыцця. Пры іх абмалёўцы звярталася ўвага на цярпімасць і цярплівасць чалавека, яго пакорлівасць, стойкасць ў барацьбе з мірскімі спакусамі (“Жыціе Барыса і Глеба”, “Жыціе Еўфрасінні Полацкай”, “Жыціе Сергія Раданежскага”). У супрацьлегласць антычнасці з яе радасным успрыманнем свету хрысціянскае сярэднявечча разумела свет як грахоўны і напоўнены злом. Чалавек вінаваты не толькі ў тым, што парушыў загад Стваральніка, ён вінаваты ў пакутах усяго жывога. На ім ляжыць адказнасць за выратаванне свету, чалавецтва, прыроды. Мастацтва сярэднявечча таксама разумелася як адзін са шляхоў выратавання чалавека.

Кантрастам творам царкоўнай, найперш жыційнай (агіяграфічнай) літаратуры выступалі свецкія воінскія аповеды (“Песня пра Раланда”, ХІ ст.; “Слова пра паход Ігараў”, ХІІ ст.), рыцарскія раманы (“Аповесць праТрышчана іІзольду”, “Аповесць пра Баву-каралевіча”). Героі свецкай літаратуры таксама былі ідэалізаванымі.У эпоху ранняга Сярэднявечча ўтварылася двухсветнасць чалавечага існавання, чаго не ведала Антычнасць. Свет ідэальны, боскі – і свет жывых – матэрыальны, грэшны. Мастацтва хрысціянскае, абстрактнае, безцялеснае, з апорай на неба – і мастацтва свецкае з апорай на зямлю, на чалавечую прыроду.

Для старажытных і сярэдневяковых літаратур характэрны сінкрэтызм (спалучэнне ў творах функцый эстэтычна-мастацкіх з немастацкімі). Побач з эстэтычнымі і этычнымі элементамі літаратуры ўключалі тэалагічныя і філасофскія, гістарычныя і прававыя, прыродазнаўчыя і геаграфічныя, медыцынскія, юрыдычныя і інш. звесткі). Адметнай асаблівасцю мастацтва слова ў эпоху ранняга Сярэднявечча выступае так званая літаратурная трасплантацыя, сутнасць якой – у адносна вольным абыходжанні перакладчыка і перапісчыка з тэкстам, што прыводзіла да стварэння рэгіянальных варынтаў і рэдакцый перакладнога твора. Так, у “Жыціе Міколы Цудатворца” славянскія аўтары дадалі чатыры новыя апавяданні, пры гэтым месцам дзеяння двойчы стаў Кіеў. Літаратурнай трансплантацыі падверглася “Александрыя”.

Мастацкая думка Сярэднявечча нарадзіла свае адметныя формы гістарычнай прозы, якая адносілася да свецкай літаратуры. Найперш гэта летапісы (“Аповесць мінулых гадоў”, “Кіеўскі летапіс”, “Летапіс вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г” і іншыя). Яна трансфармавала, надаўшы адметнасць, вядомыя хрысціянскія жанры агіяграфічнай літаратуры жыціі і хаджэнні (“Жыціе Феадосія Пячорскага”, “Жыціе Еўфрасінні Полацкай”, “Жыціе Аляксандра Неўскага”, “Хаджэнне ігумена Данііла ў Святую зямлю”, “Хаджэнне ў Царград і Іерусалім” Ігнація Смальняніна і інш.). Гэтыя творы ўтрымліваюць істотна важныя гістарычныя факты і звесткі. Так, дзякуючы “Аповесці мінулых гадоў”, мы ведаем радаслоўную кіеўскіх і полацкіх князёў, ведаем пра змаганне нашых далёкіх продкаў – усходніх славян – з полаўцамі і г.д. “Жыціе Еўфрасінні Полацкай” – адзіная крыніца звестак пра старажытную Асветніцу, нябесную заступніцу і апякунку беларускай зямлі.

3. Літаратурара Адраджэння (Рэнесансу) таксама звязана з Сярэднявеччам (позняе Сярэднявечча) ХІV–ХVІ стст. Некаторыя даследчыкі лічаць, што тэрмін Адраджэнне недастаткова поўна адбівае змест новай стадыяльнай агульнасці. Глыбокая цікавасць да антычнасці і яе мастацтва, што ахапіла многія краіны Еўропы і знаменавала пераход да позняга Сярэднявечча, была абуджана новым светабачаннем. Раней за іншых гэты выявілася ў Італіі. Новы склад светабачання атрымаў назву рэнесанснага гуманізму. Ён быў падрыхтаваны крушэннем саслоўнай замкнутасці сяр. вякоў, вялікімі геаграфічнымі адкрыццямі Калумба, Васка да Гама, пачаткам кнігадрукавання, адкрыццём пораху і інш. Адраджэнскі гуманізм быў скіраваны супраць падпарадкавання чалавечых волі і розуму старым феадальным і царкоўным нормам жыцця. Ён нёс маральнае разняволенне асобы ад царкоўных догмаў, сцвярджаў яе права на ініцыятыву дзеянняў, на задавальненне натуральных патрэб і схільнасцей. Мастацтва Адраджэння адмовілася ад боскай прадвызначанасці чалавечай сутнасці. Але не ад веры ў Бога, апошняе выяўляе пераемнасць, што існавала паміж гэтымі дзвюма стадыямі – ранняе і позняе Сярэднявечча. Мастацтва сцвярджала самакаштоўнасць чалавека, выцясняючы зямным, канкрэтна-пачуццёвым, уласна чалавечым зместам абстрактны, рэлігійна-фантастычны змест хрысціянскага мастацтва (“Сіксцінская мадонна” Рафаэля). Адрозненне ад Антычнасці, ідэі якой вярталіся: вызвалілі чалавека ад улады бога, далі яму неабходную свабоду дзеяння. ЛІТАРАТУра шукала прычыны трагічнага становішча чалавека ў жыцці, а не ў стаўленні да яго вышэйшых сіл.

Сутнасць рэнесанснага светабачання выяўлена ў першых мастацкіх апрацоўках вядомай легенды пра чарнакніжніка Фауста (“Трагічная гісторыя доктара Фауста”) Крыстофера Марло. Падкрэсліваецца імкненне Фауста спазнаць і падпарадкаваць сабе ўвесь свет з усёй яго бясконцасцю і багаццем.

                              ...Государям
                              Подвластны лишь владенья их. Не в силах

                              Ни тучи гнать они, ни вызвать ветер.

                              Его же власть доходит до пределов,

                              Каких достичь дерзает только разум.

Дзёрскія прэтэнзіі Фауста на ўсемагутнасць прыводзяць яго да трагічнага сутыкнення з Богам і Сатаной. Гэта калізія адлюстроўвае сутыкненне новых, гуманістычных сіл эпохі Адраджэння з існуючай (сярэдневяковай) сістэмай духоўнага і фізічнага падаўлення чалавека. У рамане Рабле “Гарганцюа і Пантагруэль”, які лічыцца “найбольш поўным і цэласным выўленнем рэнесанснага гуманізму”, чалавечая прырода паўстае ўжо поўнасцю распрыгоненай, ва ўсім багацці свайго свабоднага выяўлення.

Разам з тым у новым светапоглядзе мірна ўжываліся філасофскі матэрыялізм, апалогія “здаровага сэнсу” і містыка, напрыклад, вера ў падкопы д’ябла. Менавіта эпоха Рэнесансу пазначана вогнішчамі інквізіцыі, на якіх гарэлі кнігі і людзі – “ведзьмы”, “чарадзеі”, “ерэтыкі”. Сярод іх – ідэолаг чэшскай рэфармацыі Ян Гус (1371–1417), народная француская гераіня Жана д’Арк (1412–1431), італьянскі філосаф і паэт Джардана Бруна (1548–1600). Перад судом інквізіцыі ў 1633 г. паўстаў Галілеа Галілей (1564–1642). Ён адрокся ад ідэі геліацэнтрычнай сістэмы Сусвету, што, пэўна, уратавала яго ад вогнішча. Аднак апошнія гады жыцця выдатны італьянскі вучоны правёў у высылцы. Прыгадаем яшчэ адну трагічную старонку еўрапейскай гісторыі ХVІ ст., так званую Варфаламееўскую ноч 24 жніўня 1524 года, калі ў Парыжы адбылося масавае забойства прыхільнікаў кальвінізму. У.Конан зазначае: “Нягледзячы на сваю цэласнасць і гарманічнасць, рэнесансавая літаратура ў светапоглядным плане неадназначная, бо спалучае рацыяналізм з міфалагізмам, не заўсёды свабодная ад схаластыкі” (Гіст. бел. літ. ХІ–ХІХ стстс. Т.1. С.265).

 На землях ВКЛ эпоха Рэнесансу пазначана з’яўленнем першай друкаванай кнігі, высокамастацкіх твораў М.Гусоўскага і Я.Вісліцкага, а таксама жорскімі знішчальнымі войнамі з Маскоўскай дзяржавай і Крымскім ханствам, частковай стратай суверэнітэту краінай пасля заключэння Люблінскай уніі.

У развіцці культуры Рэнесансу вылучаюць тры перыяды: Ранні Рэнесанс (Петрарка, Бакачча, Альберці); Высокі Рэнесанс (Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Франсуа Рабле); Позні Рэнесанс (Шэкспір, Сервантэс).

У перыяд станаўлення і росквіту мастацтва Рэнесансу ў ім дамінуе светлая, аптымістычная вера ў магчымасць поўнага і ўсебаковага самавыяўлення чалавекам яго сапраўднай чалавечай прыроды. У працэсе далейшага развіцця мастакі Адраджэння сутыкнуліся з варожымі чалавечай свабодзе сіламі, якія аказаліся мацнейшымі за “натуральную прароду”. Аптымістычны, раблезіанскі пафас змяняецца на познім этапе рэнесанснага мастацтва шэкспіраўскім пафасам трагічнага лёсу першапачаткова правільнай прыроды чалавека (трагічная гісторыя кахання Рамэа і Джульеты). У рамане Сервантэса побач з развянчаннем сярэдневяковага рыцарства чуецца ўжо і горкая іронія ў сувязі з няспраўджанасцю рэнесансных гуманістычных ідэалаў. Рэнесанснае ўяўленне пра цэласнасць свету, вера ва ўласную мэтазгоднасць чалавечай прыроды разбураецца і знікае.

І.Волкаў літаратуры антычнасці, ранняга і позняга сярэднявечча называе ўніверсальнымі мастацкімі сістэмамі. Тлумачэнне: Чалавек ў гэтыя гістарычныя перыяды быў трывала замацаваны за нейкай замкнутай у сабе агульнасцю людзей – сям’ёй, родам, рабаўладальніцкай гаспадаркай, панскай сядзібай, сялянскай абшчынай, цэхам. Каштоўнасць чалавечага індывідуума вызначалася перш за ўсё па той лакальнай агульнасці, да якой ён належыў (князь, княжацкі дружыннік, смерд/селянін і г.д.). Гістарычны працэс рухаўся крайне марудна, незаўважна для пакаленняў, што стварала ўяўленне пра нязменнасць, наканаванасць чалавечага існавання. На гэтай аснове склаўся універсалізм – тып мастацкага засваення свету. Сучасныя ім канкрэтна-гістарычныя характары мастакі слова паказвалі як першапачаткова прадвызначаныя і магчымыя ва ўсе часы, г.зн. нязменныя. У Шэкспіра матэрыял з сярэдневяковай гісторыі браўся, каб ўвасобіць у ім характэрны змест сучаснай пісьменніку англійскай рэчаіснасці. Інш. словамі, сучасны змест выдаваўся Шэкспірам за ўласцівы ўсім эпохам, магчымы заўсёды і ўсюды. “Дзе б ні адбывалася ў яго творах дзеянне – у Італіі, Францыі, Дацкім каралеўстве,– па сутнасці, перад намі заўсёды яго мілая Англія” (Ф.Энгельс). Перавага універсальных форм доўжылася да ХVІІ ст., і толькі ў ХVІІІ ст. яно выцеснілася канкрэтна-гістарычнымі формамі. У асветніцкім мастацтве ХVІІІ ст. характары сучаснікаў ужо ўзноўлены, як правіла, у іх уласных канкрэтна-гістарычных формах.

Сутнасна іншае вылучэнне этапаў літаратурнага працэсу назіраецца ў літаратуры Новага часу. Фарміруюцца і змяняюць адзін другога літаратурныя напрамкі. Літаратурны напрамак – сукупнасць асноўных ідэйна-эстэтычных прынцыпаў, уласцівых многім пісьменнікам на працягу нейкага значнага часавага адрэзку. Творчыя прынцыпы сфарміраваны ў выглядзе тэарэтычных праграм і маніфестаў. Катэгорыя напрамку прадугледжвае аб’яднанне творцаў на аснове адзінства метаду, а таксама пэўную (большую ці меншую) падобнасць індывідуальных стыляў. З другой паловы ХVІ да другой паловы ХІХ ст. набылі развіццё шэсць вялікіх літаратурных напрамкаў: барока, класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм і натуралізм. Усе яны ахапілі не толькі сферу мастацтва слова, але і інш. віды мастацтва. Барока – гэта музыка Вівальдзі, Гендэля, Баха. Класіцызм – архітэктурны ансамбль Версаля, фасады Луўра. Сентыменталізм і рамантызм – жывапіс Фраганара, Делакруа.

Мяжа ХІХ–ХХ ст. пазначана з’яўленнем імпрэсіянізма і сімвалізма – першых літаратурных напрамкаў, што аб’яднаюцца пазней пад агульнай назвай “мадэрнізм”. У ХХ ст. зараджаюцца, існуюць і знікаюць многія мадэрнісцкія напрамкі – імажынізм, футурызм, акмеізм, экспрэсіянізм, сюррэалізм, экзістэнцыялізм, “тэатр абсурду”, “новы раман” і інш. У 1930-я гг. у савецкіх л-рах кананізуецца сацыялістычны рэалізм. На пачатку 1980-х гг. замежныя тэарэтыкі пачалі гаварыць пра новы феномен сучаснага мастацтва – постмадэрнізм. Дата яго нараджэння спрэчная, хоць большасць даследчыкаў пагаджаецца, што пераход ад мадэрнізму да постмадэрнізму адбыўся ў сярэдзіне 1950-я гг.

Літаратурны напрамак – з’ява неаднародная, ён мае цячэнні і школы. Тэрміны напрамак і цячэнне не уніфікаваны, у нек. даследчыкаў яны выступаюць сінонімамі, іншымі ж па-рознаму разумеюцца іх межы (што шырэйшае?). Мы зыходзім з таго, што літаратурнае цячэнне ёсць разнавіднасць літаратурнага напрамку (англійская “азёрная школа” як цячэнне ў рамантызме). Школа – паняцце яшчэ больш вузкае: падразумеваецца група паслядоўнікаў якога-небудзь выдатнага творцы. “Натуральная школа” ў рус. літаратуры – паслядоўнікі М.Гогаля.

Гісторыя літаратурных напрамкаў – гэта гісторыя іх суіснавання, узаемапранікнення і барацьбы. Так, ХVІІ ст. вызначалася барацьбой барока і класіцызму. У ХХ ст. палемізуюць між сабой ці не ўсе шматлікія напрамкі: экспрэаіянізм узнік як адмаўленне імпрэсіянізму, акмеізм – сімвалізму, імажынізм – футурызму. Мадэрнізм у цэлым – як рэакцыя на рэалізм.

Барацьба і змена літаратурных напрамкаў выяўляе заканамернасці развіцця літаратурнага працэсу. Разам з тым разглядаць гэтае развіццё як пераход ад аднаго напрамку да другога – значыць спрашчаць гісторыю літаратуры. “Гісторыя мастацтва – гэта не гісторыя напрамкаў. Хутчэй, гэта гісторыя таго, як мастацтва прабіваецца праз напрамкі, праз створаныя схемы”. Выдатным творцам заўжды цесна ў межах устаноўленых канонаў, рэгламентаваных прынцыпаў, патрабаванняў літаратурных маніфестаў. Яны не ўмяшчаюцца ў межы таго ці інш. напрамку. “Геній смяецца” (Лесінг) з усталяваных жорсткіх нормаў. Да таго ж – творчасць яркіх мастакоў слова нярэдка бывае багацейшай і шырэйшай за ўласныя тэорыі. Напрыклад, Заля-раманіст далёка не заўсёды пратрымліваўся высноў Заля-тэарэтыка. Тэарэтык “новага рамана” Ален Роб-Грыйе на практыцы аправяргае ўласныя мастацкія ўстаноўкі. Ён выганяў вобраз аўтара з рамана і стварыў на пачатку 1990-х аўтабіяграфічную трылогію “Раманескі”.

Барока – літаратурны і агульнамастацкі напрамак. Зарадзіўся ў Італіі і Іспаніі ў сяр. ХVІ ст. У еўрапейскіх літаратурах існаваў у ХVІІ–ХVІІІ ст. Тэрмін “барока” ўзнік у ХVІІІ ст. дзякуючы класіцыстам, якія бачылі ў ім цалкам негатыўную з’яву. Этымалогія тэрміна да канца не вызначана. 1. Жамчужына няправільнай формы. 2.Ад лац. “baroco”– разнавіднасць сілагізма, які вызначаецца асаблівай складанасцю і мудрагелістасцю. Спачатку тэрмін характарызаваў стыль у архітэктуры. З часам барока суаднеслі і з інш. відамі мастацтва. З канца ХІХ ст. даследчыкі пачалі гаварыць пра барока ў літаратуры. Барока як літаратурны напрамак вылучаюць не ўсе. Не заўважае яго, напрыклад, Г.Паспелаў. У бел. літаратуразнаўстве існаванне барока ў нацыянальным мастацтве, у тым ліку і літаратуры, абараняе А.Мальдзіс. Прадстаўнікі еўрапейскага барока: Гангары-і-Арготэ, Кальдэрон, Цірсо дэ Маліна, Кеведа (Іспанія), Тассо, Базіле (Італія), Сарэль, д’Абінье, Скюдзеры (Францыя), Кер’ю, Саклінг (Англія), ранні Ламаносаў (Расія) і інш. У бел., рус., укр. літаратурах: М.Сматрыцкі, С.Полацкі, Ф.Пракаповіч.

Росквіт еўрапейскага барока прыпадае на ХVІІ ст., якое яднае дзве вялікія эпохі – Рэнесанс і Асветніцтва. Барока, што прыйшло на змену Рэнесансу, працяглы час разглядалася як “рэакцыйнае мастацтва”, як “крок назад” – ад Адраджэння да Сярэднявечча. Слушная думка – лічыць барока сінтэзам, мастацтвам дзвюх эпох. Барока звяртаецца да зместу і формы гатычнага мастацтва (стылю ранняга Сярэднявечча), аднак пры гэтым не адмаўляецца ад рэнесансных культурных набыткаў. Прымаючы “адраджэнне” антычнай культуры, барока яе разумее інакш, чым рэнесанс. Барока робіць спробу аб’яднаць Антычнасць з хрысціянствам. Не адмаўляе і ўвагу да прыроды, але прырода разглядаецца як шлях да Бога. Барока не адкідае нават культ “моцнага чалавека”, толькі скіроўвае такога чалавека на служэнне Богу.   

Барочная мастацкая канцэпцыя гуманістычная па сваёй сутнасці. Аднак у адрозненне ад рэнесанснай, яна песімістычная. Чалавек – гэта пясчынка ў сусвеце. Жыццё – хуткаплыннае, у ім пануюць выпадак і фатум. Чалавек у творах барока губляе ранейшую (рэнесансную) цэласнасць натуры. У ім варагуюць і спалучаюцца два пачаткі: душа і цела, пачуццё і розум, прыродны пачатак і маральны імператыў.

Паэтыка літаратурнага барока яднае ў сабе разнародныя, супрацьлеглыя элементы і формы. Спалучае трагічнае з камічным, высокае з вульгарным, жахлівае з камедыйным, сімволіку з побытавым натуралізмам. Сінтэзуюцца хрысціянскія і язычніцкія элементы. Парадаксальнае сумяшчэнне несумяшчальнага. Для гэтага мастацтва не існуе ў рэчаіснасці нічога, што немагчыма было б спалучыць з дапамогаю метафары. Тыповая рыса – іншасказальнасць, якая выяўляецца праз сімвалізм, алегарызм, эмблемацізм. Барочныя пісьменнікі звярталіся да элементарных схематычных эмблем, сімвалаў і алегорый, агульназразумелых для свайго часу. Талент творцы выяўляўся ў асаблівасцях тлумачэння. Наступная рыса – ускладнёнасць. Твор, вобраз павінны быць неадназначнымі, мець некалькі тлумачэнняў.

Вылучаюць высокае, сярэдняе і нізкае барока ў адпаведнасці са зместам твораў і іх адрасатам (чытачом).

Класіцызм (ад лац. узорны, дасканалы) – літаратурны напрамак, які ўзнік у ХVІІ ст. у Францыі і існаваў у літаратуры Еўропы да сяр. ХІХ ст. Росквіт літаратуры класіцызму прыпадае на ХVІІ ст.: Малерб(паэт, пісаў оды і гімны, Рэнье(паэт), Лафантэн(байкапісец), Буало(тэарэтык), Карнэль і Расін(аўтары трагедый), Мальер(аўтар камедый) і інш. – у Францыі; Готшэд,раннія Шылер і Гётэ –Германія. У ХVІІІ ст. зараджаецца класіцызм у Расіі (М.Ламаносаў, А.Сумарокаў, Г.Дзяржавін, Д.Фанвізін). У бел. літаратуры класіцызм як напрамак не склаўся. Рысы класіцызму прысутнічаюць ў творах К.Марашэўскага (“Камедыя”), ранняга В.Дуніна-Марцінкевіча (“Ідылія”).

У класіцыстаў другі пасля творцаў Рэнесансу зварот да Антычнасці. Аднак сутнасць яго іншая. У эпоху Рэнесансу вярталася антычная радасць зямнога існавання, мастацтва сцвярджала самакаштоўнасць чалавека, уласна чалавечым зместам напаўняла абстрактны, рэлігійна-фантастычны змест хрысціянскага мастацтва. Класіцысты аб’явілі творы антычных аўтараў узорнымі і наследавалі ім. У творчасці пісьменнікаў-класіцыстаў пануе культ “класікаў” (найперш – антычных), культ розуму, нарматыўнасць і рэгламентаванасць. Як і ў антычных аўтараў, творы класіцыстаў пісаліся пераважна вершаванай мовай. Нават “Паэтыка” Буало напісана вершаванай мовай.


Дата добавления: 2018-05-13; просмотров: 291; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!