Пытанні для самастойнай працы па тэме



 

1. Растлумачце паняцце тэрміну “ рэклама “.

2. Раскрыйце комплекс рэкламных мерапрыемстваў інфармацыйнай і творчай накіраванасці.

3. Якія задачы ставяцца перад прэс-цэнтрам свята ?

4. Якія існуюць спосабы актывізацыі работнікаў СМІ дзеля аб”ектыўнай і сваечасовай інфармацыі аб свяце ?

5. Якія перавагі дае карэспандэнту акрэдытацыя

на свяце ?

6. Пералічыце палажэнні дагавору на распрацоўку эскізаў

друкаванай прадукцыі.

 

Літаратура.

 

Гуд, П.А. Тэхналогія стварэння свята / П.А. Гуд. – Мн.: БДУКіМ, 2004.

 

 

ТЭМА XVIII.  «АРГАНІЗАЦЫЯ СВЯТОЧНАГА

КІРМАШУ».

Пытанні.

 

1.Састаў дырэкцыі кірмашу. Патрабаванні да месца правядзення кірмашу.

2.Гандлёва-гульнёвыя дзеі.

3.Культурная праграма кірмашу.

 

Мэта.  Раскрыццё методыкі арганізацыі кірмашу.

 

 

                          Тэкст лекцыі

  

 1.1. Для арганізацыі святочнага кірмашу пры аргкаміцеце свята ўтвараецца дырэкцыя, у якую ўваходзяць прадстаўнікі гандлёвых арганізацый, грамадскага харчавання, сферы абслугоўвання, органаў культуры і спорту. На сваіх пасяджэннях дырэкцыя кірмашу распрацоўвае план падрыхтоўкі святочнага гандлю і яго культурную праграму.

Паколькі кірмаш у Беларусі заўсёды быў з’явай інтэрнацыянальнай, то на сучасныя святочныя таргі (асабліва ў памежных раёнах) можна запрасіць гандлюючыя арганізацыі з суседніх раёнаў бліжняга замежжа і вызначыць для іх асобнае месца. У зоне харчовых тавараў можна было б наладзіць работу беларускай карчмы, украінскага шынка, рускага тракціра, польскай кавярні, каўказскай шашлычнай, сярэднеазіяцкай чайханы, малдаўскага віннага склепа і інш. Усе гандлёвыя пункты (кіёскі, палаткі, магазіны) павінны быць аздоблены элементамі мастацка-дэкаратыўнага афармлення, што садзейнічае больш эстэтычнаму ўспрыманню дзеі. Гандляроў неабходна апрануць у святочныя народныя строі, што надае таргам нацыянальны каларыт. Арганізатарам трэба ведаць, што традыцыйна беларускі святочны гандаль быў дробнарознічным. Таму асаблівую ўвагу належыць звярнуць на падрыхтоўку гандляроў-каробачнікаў, якія сваімі дзеяннямі ствараюць непасрэдную, жывую, гульнёвую атмасферу святочнага кірмашу

Выбар месца для размяшчэння і будаўніцтва аб’ектаў святочнага кірмашу (прадуктовых палатак, кіёскаў і іншых дробнарознічных гандлёвых пунктаў, а таксама баз для харчовых прадуктаў) узгадняецца з мясцовымі органамі санітарнага нагляду. Памеры тэрыторыі кірмашу ўстанаўліваюцца з улікам колькасці насельніцтва, якія будуць карыстацца таргамі. Кірмаш размяшчаюць з такім разлікам, каб да яго былі добрыя пад’язныя дарогі; яго плошчу фарміруюць з улікам сцёку вады. Кірмаш павінен размяшчацца на адлегласці не меней за 1,5 км ад месца збору смецця і не меней за 500 м ад прамысловых прадпрыемстваў і складоў, у якіх вытворчасць звязана з выдзяленнем пылу і пахаў, а таксама іншых аб’ектаў, якія могуць быць прычынай забруджвання тэрыторыі кірмашу.

Кірмашовую плошчу падзяляюць на дзве часткі — гандлёвую і абслуговую. У гандлёвай частцы ў адпаведнасці з відамі гандлю вылучаюць асобныя дзялянкі для:

а) гандлю харчовымі прадуктамі ў закрытых памяшканнях (магазіны, павільёны, ларкі і інш.);

б) гандлю харчовымі прадуктамі са сталоў, размешчаных радамі па роду прадуктаў (рыбныя, мучныя, малочныя, садавіна, гародніна і інш.);

в) гандлю харчовымі прадуктамі з вазоў і аўтамашын;

г) продажу хатніх жывёл;

д) прамысловых тавараў;

ж) вырабаў народных рамёстваў;

з) таргоў птушкай;

і) прадпрыемстваў культурна-бытавога абслугоўвання (медпункт, цырульня, майстэрня па рамонту абутку).

Санітарна-медыцынскія патрабаванні. Продаж харчовых прадуктаў на кірмашы дазваляецца толькі пасля праверкі іх у адпаведнасці з устаноўленымі правіламі ветэрынарна-санітарнай экспертызы.

На сучасных кірмашах пры продажы халодных і гарачых страў звычайна ўжываецца посуд разавага карыстання, выраблены з пластмасы. Кошт гэтага посуду, як правіла, уваходзіць у кошт страў, а часам аднаразавы посуд прадаецца і асобна. Але ў тых выпадках, калі на святочным гандлі ўжываюць металічны і фарфора-фаянсавы посуд, то на кірмашы неабходна ўсталяваць мыйныя перасоўныя памяшканні для мыцця лыжак, відэльцаў і іншага інвентару з   устройствам мыйных металічных ваннаў. Гандлёвыя пункты прадуктаў харчавання павінны быць забяспечаны ў дастатковай колькасці мылам, ручнікамі і шчоткамі для мыцця рук. У тых выпадках, калі гандаль праводзіцца некалькі дзён, кірмаш павінен быць далучаны да водаправода і каналізацыі, што дае магчымасць абсталяваць цёплыя прамыўныя прыбіральні з умывальнікамі. Калі каналізацыя адсутнічае, то можа быць дазволена ўстройства перасоўных прыбіральняў. Месца размяшчэння ўмывальнікаў пры адсутнасці каналізацыі ўзгадняецца з мясцовымі органамі санітарнага нагляду. На кірмашах, далучаных да водаправода, робяць водаправодныя калонкі, а таксама пітныя фантанчыкі ў тых месцах, дзе мясцовымі органамі санітарнага нагляду дазваляецца выкарыстанне сырой вады для піцця. У адваротным выпадку арганізатары павінны павялічыць аб’ём гандлю фруктовымі напіткамі, сокамі, мінеральнай вадой, квасам і інш .

На кірмашах, дзе тавар падвозяць аўтамабільным транспартам, устанаўліваюць металічныя зборнікі з крышкамі для збору смецця ёмкасцю 50 л. Для дробнага смецця ўстанаўліваюць урны. Тэрыторыю кірмашу ачышчаюць да пачатку гандлю і пасля яго заканчэння. У цёплую пару года абавязкова паліваюць вадой. Бягучую ўборку праводзяць на працягу ўсяго рабочага дня. Вываз смецця ў час таргоў не дазваляецца.

З пачатку таргоў трэба правесці санітарнае абследаванне аб’ектаў дробнарознічнага гандлю. Санітарны ўрач або яго памочнік правярае выкананне агульных санітарных патрабаванняў, абавязковых для харчовых прадпрыемстваў, правілы асабістай гігіены, парадак захавання прадуктаў, іх якасць і інш.

У цёплую пару года на кірмашах забараняецца продаж харчовых прадуктаў, якія хутка псуюцца.


1.2.Адметная асаблівасць традыцыйнага беларускага святочнага гандлю — разнастайныя гандлёва-гульнёвыя дзеі. Таму на аднаўленне і захаванне нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны дырэкцыя кірмашу павінна звярнуць вялікую ўвагу. Так, у зоне продажу хатніх жывёл можна наладзіць сельскагаспадарчую латарэю з розыгрышам бычкоў, парсючкоў, авечак і інш.; у зоне продажу птушак — птушыны аўкцыён; у месцы, дзе прадаецца рыба, — гандлёвыя атракцыёны “Міёрскі павук”, “Палеская рыбалка”, “Рыбная латарэя”; у радах гародніны і садавіны — мінскую латарэю “Па спісу”, “Воранаўскі чыгун”, валожынскую забаву “Не ляпніся ў лужу”; у зоне цацак — “Дзіцячую рыбалку”, “Івацэвіцкую рулетку”; у зоне продажу кандытарскіх вырабаў — атракцыён “Пастаўскі пернік”, латарэю цукерак у форме гульні “Цот — лішка”; на кніжным гандлі — кніжную латарэю і да т.п. Арганізацыя гульнёвых формаў гандлю дае магчымасць уцягнуць у дзею значную колькасць людзей, садзейнічае іх актывізацыі, стварае жыццярадасны настрой у гледачоў.

Адной з галоўных задач пры ўвасабленні гульнёвых формаў гандлю з’яўляюцца захаванне ў структуры кірмашу традыцыйных беларускіх гандлёвых атракцыёнаў і стварэнне на гэтай аснове новых гандлёва-гульнёвых формаўтварэнняў.

Гандлёвыя атракцыёны як адна з найцікавейшых формаў гандлёва-гульнёвага дзеяння ўзніклі на кірмашах Беларусі ў канцы XIX ст. Галоўнай мэтай арганізацыі гандлёвых атракцыёнаў была рэалізацыя тавару сродкамі гульні. Шырокай папулярызацыі гэтых гульнёвых дзей садзейнічала менавіта тое, што яны былі не толькі формай набыцця тавару, але і ператварыліся ў своеасаблівую форму адпачынку, дзе людзі маглі паўдзельнічаць у імправізавана-гульнёвым дзеянні.

У сучаснай кірмашовай культуры гандлёвыя атракцыёны сталі адметнай рысай беларускіх кірмашоў, іх этнічна-спецыфічнай асаблівасцю. Пачынаючы з 80-х гг. XX ст. яны былі адроджаны ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Змест і задачы гандлёвых атракцыёнаў вельмі простыя і зразумелыя, удзел у іх не патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі, і таму яны і сёння карыстаюцца велізарным поспехам.

Арганізацыйныя аспекты і методыку правядзення гульнёвых атракцыёнаў лёгка зразумець і асвоіць з ніжэйпрапанаваных апісанняў іх зместу і канструкцыйных асаблівасцей.

Палеская рыбалка.Гэтую форму гадлёва-гульнёвага дзеяння ў старадаўнія часы ладзілі на кірмашах Пінска, Століна , Турава, Жыткавіч, Кажан-Гарадка.

У драўляны чан з вадой запускалі жывую рыбу. Удзель-нікі, заплаціўшы пэўную суму грошай (заўсёды невялікую), рыхтаваліся да рыбалкі. Адначасова ў атракцыёне маглі ўдзельнічаць да двух дзесяткаў чалавек. У час гульні ім дазвалялася або стаяць з краю чана, або залазіць ў чан, але лавіць рыбу яны павінны былі толькі голымі рукамі.

Па свістку арганізатара атракцыёна гульцы пачыналі лавіць рыбу. Тэрмін — 5 секунд, якія ўсе гледачы лічылі хорам. Каб злавіць рыбіну за гэты кароткі час, трэба праявіць кемлівасць, рашучасць , сілу і хуткасць. Усё, што зловіш, — тваё! Некаторыя гульцы стваралі своеасаблівыя саюзы: адзін з іх залазіў у чан і гнаў рыбу ў другі канец, а астатнія выцягвалі яе з вады і ўжо затым дзялілі паміж сабой.

Гэты атракцыён і раней, і цяпер збірае мноства людзей (гледачоў і ўдзельнікаў). Смех, рогат, разнастайныя рэплікі- парады, жарты заўсёды суправаджаюць дзеянне гэтага атракцыёна.

Чан для “Палескай рыбалкі” ўяўляе прамавугольную канструкцыю з дрэва даўжынёй 10 м, шырынёй 1,5 м і вышынёй 1,0 м. Спачатку гэтыя чаны рабілі на драўляных стыках і загадзя запаўнялі вадой, каб шчыліны разбухлі і не прапускалі ваду, а непасрэдна ў час свята ваду ў чане замянялі. Гэтая канструкцыя ў старыя часы на кірмашах стаяла два — чатыры тыдні, і выраблялі яе звычайна з драўляных дошак або цэлых слупоў. У наш час з мэтай захавання сухога дрэва, якое затым можна выкарыстаць на іншыя патрэбы, на дно драўлянай канструкцыі ўкладваюць поліэтыленавую плёнку, каб чан не прапускаў ваду.

 

 

Не ляпнiся ў лужыну — гандлёвы атракцыён, якi праводзiлi звычайна на Спас. На Валожыншчыне ён быў вядомы яшчэ да Вялiкай Айчыннай вайны.

На агароджанай плотам пляцоўцы на козлах памерам 7х1 м стаялi некалькi начовак з вадой. На паверхнi вады плавалi велiзарныя прыгожыя смачныя яблыкi. Начоўкi былi так замацаваны на козлах, што лёгка пераварочвалiся.

Гулец, заплацiўшы невялікую суму, выходзiў на пляцоўку i адмерваў ад начовак 10 крокаў. Затым яму завязвалi вочы. Падняўшы рукi па камандзе арганiзатара, гулец павiнен быў тры разы павярнуцца вакол сябе, зрабiць 10 крокаў i рэзка апусцiць рукi. Калi рукi пападалi на яблык, гулец атрымлiваў яго ў якасцi прыза, а калi няўдала кранаў начоўкi — з iх на ўдзельнiка вылiвалася вада, што выклiкала рогат i кпiны гледачоў. Калi ж гулец пайшоў не ў тым напрамку, ён выбываў з гульнi, страцiўшы грошы. Пустыя начоўкi зноў запаўнялiся вадой, i гульня працягвалася.

Выйграць у гэтым атракцыёне на Валожыншчыне лiчылася справай ганаровай. Iснавала традыцыя: на Спас хлопец дарыў сваёй дзяўчыне (каханай цi сяброўцы) яблык з атракцыёна “Не ляпнiся ў лужыну”.

У 1984 г. на першым народным кiрмашы Мiнскай вобласцi ў Валожыне гэтая гульня мела вялiкi поспех i хутка распаўсюдзiлася па ўсёй Беларусi.

 

Воранаўскi чыгун. Гадлёвы кiрмашовы атракцыён “Чыгун” ладзiлi на кiрмашах Воранаўшчыны яшчэ да Вялiкай Айчыннай вайны, i ў iм разыгрывалi самыя разнастайныя прызы.

Канструкцыя атракцыёна ўяўляла чатырохвугольны фанерны макет печы, у якой на падстаўцы стаяў чыгун з прызам. Гулец, заплацiўшы грошы за ўдзел, адыходзiў на 10 крокаў ад печкi i станавiўся да яе тварам. Уладар або арганiзатар атракцыёна завязваў гульцу вочы хусткай i даваў у рукi вiлкi. Па камандзе арганiзатара гулец павiнен быў тры разы павярнуцца вакол сябе, зрабiць 10 крокаў, засунуць вiлкi ў печку i выцягнуць чыгунок. Калi гэта ўдавалася, ён атрымлiваў прыз, што знаходзiўся ў чыгуне, а калi не, то выбываў з гульнi.

Гледачы маглi падказваць гульцу, што рабiць, у якiм напрамку крочыць, i таму заўсёды вакол гэтага атракцыёна гучалi харавыя падказкi, лямант i рогат. Вельмi часта гульцы ў час трохкратнага пераварочвання вакол сябе гублялi арыентацыю ў прасторы i iшлi з вiлкамi ў руках на гледачоў, што выклiкала iх бурную рэакцыю.

Зараз атракцыён “Воранаўскi чыгун” ладзяць на розных кiрмашах і святах па ўсёй Беларусi.

 

Чыгуны. Гандлёвы атракцыён “Чыгуны” да 1917 г. быў адметнай асаблiвасцю кiрмашоў у вёсцы Падневiчы (цяпер Валожынскi раён), мястэчках Iвянец i Ракаў. Гэты атракцыён меў цiкавы i даволi складаны гульнёвы змест i карыстаўся папулярнасцю як у мужчын, так i ў жанчын.

На адлегласцi 6—7 м адзiн ад аднаго ў зямлю забiвалi два драўляныя шасты вышынёй 2,5 м, на якiх праз кожныя 10 см забiвалi цвiкi. Паверх шастоў ускладалi шасцi-, сямiметровы шост, i вышыню знаходжання гэтага шаста можна было мяняць шляхам апускання яго на цвiкi вертыкальных шастоў.

На гарызантальны шост на адлегласцi 50 см адзiн ад аднаго прывязвалi вяроўкамi чыгуны, а ўнiзе (на зямлi ля аднаго вертыкальнага шаста) клалi прызы (невялiкую бочачку мёду цi што іншае).

Гулец, якi плацiў за ўдзел у атракцыёне невялiкiя грошы, станавiўся ля аднаго з вертыкальных шастоў, на галаву яму надзявалi вялiзны чыгун так, каб чалавек мог бачыць толькi зямлю ля сваiх ног. Трэба было змейкай ісцi ад аднаго шаста да другога (дзе ляжалi на зямлi прызы) i па гэтай дарозе не зачапiць нiводны з чыгуноў, што вiселi над галавой. Калi правiлы гульнi выконвалiся, удзельнiка чакаў прыз. Але перамагчы ў гэтым атракцыёне было даволi складана, i часцей за ўсё пад звон закранутых чыгуноў i рогат гледачоў удзель-нiк выбываў з гульнi.

 

1.3. У сучаснай святочнай культуры Беларусi нiводны юбiлей цi свята горада, нiводная ўрачыстасць гарадскога, абласнога, тым больш рэспублiканскага маштабу не абыходзяцца без святочнага гандлю з вiдовiшчамi i забавамi.

Захоўваючы старадаўнiя беларускiя традыцыi правядзення кiрмашоў, сучасным арганiзатарам трэба iмкнуцца да таго, каб усе кiрмашовыя дзеi былi прасякнуты элементамi спаборнiцтва. У нашы днi кiрмашовая дырэкцыя многiх раёнаў Рэспублiкi Беларусь працягвае развiваць гэтую традыцыю: на конкурснай аснове работнiкi дзяржаўнага i кааператыўнага гандлю змагаюцца за лепшае мастацкае афармленне свайго павiльёна, рэкламу i продаж тавараў; калгасы i прыватныя асобы арганiзоўваюць конкурсныя выстаўкi з продажам сельскагаспадарчай прадукцыi; кожны сельсавет — выставу-продаж вырабаў народных рамёстваў; сельскi клуб змагаецца за лепшы калектыў мастацкай самадзейнасцi, а таксама выканаўцаў прыпевак, гумарыста, гарманiста цi iнструмен-тальны ансамбль.

Культурная праграма кiрмашовага свята павiнна складацца з наступнага: тэатралiзаванае адкрыццё; работа гандлёвых выстаў i творчых экспазiцый; фестываль мастацтваў; спартыўныя спаборнiцтвы; конкурсы народнай музыкi i асобных выканаўцаў; кiрмашовыя атракцыёны; гульнi i забавы; дзiцячая зона; урачыстае закрыццё кiрмашу з падвядзеннем яго вынiкаў i тэатралiзаваным фiналам.

У час правядзення кiрмашу яго тэрыторыя падзяляецца на вiдовiшчную, масава-гульнёвую, спартыўную i дзiцячую зоны дзеяння.

Відовішчная зона дзеяння. Структура праграмы можа быць складзена з фестывалю фальклорнага мастацтва, выступ-ленняў прафесiянальных творчых калектываў, народных вандроўных груп, конкурсаў народных iнструментальных ансамбляў, выканаўцаў прыпевак, гумару i інш.

Пры арганiзацыi вiдовiшчаў трэба ўлiчваць, што з’явы кiрмашовага тэатра павiнны перш за ўсё адлюстроўваць i развiваць беларускiя фальклорныя традыцыi, у вынiку чаго пазагандлёвая частка кірмашу набудзе адметныя нацыянальныя асаблiвасці.

Вызначаючы прасторавае вырашэнне кiрмашу, неабходна асаблiвую ўвагу звяртаць на галоўную сцэнічную канструкцыю, дзе будуць адбывацца цэнтральныя вiдовiшчныя мерапрыемствы. Дзеля гэтага трэба пабудаваць эстрадную пляцоўку вышынёй не меней за 1,2 м, каб гледачам было зручна назiраць прапанаваную дзею. Гэта пляцоўка можа быць стацыянарнай або часовай (на аснове платформаў грузавiкоў). Разам з тым трэба памятаць, што раней на беларускіх кiрмашах не было сцэнічных падмосткаў i артысты працавалi сярод гледачоў, у прамым кантакце з імі. Таму ў зоне вiдовiшчных дзей для вандроўных артыстычных груп, перасоўных музычных ансамбляў, маленькiх цыркавых калектываў можна зрабiць фрай (адзiн цi некалькi): акрэслены на зямлi канатамi цi вяроўкамi круг дыяметрам 13 м, дзе вызначаныя калектывы будуць выступаць. Канцэрты ў фраі, як паказвае практыка, з’яўляюцца моцным сродкам эстэтычнага i эмацыянальнага ўздзеяння таму, што ў гэтых умовах у значнай ступені сцiраецца мяжа памiж гледачамi i артыстамi, што павышае эфектыўнасць успрымання прапануемай дзеi.

У масава-гульнёвай зоне кiрмашу мы рэкамендуем наладзіць работу гарадка традыцыйных кiрмашовых забаў, дзе кожны чалавек зможа праявiць свае здольнасцi, паказаць сiлу i спрыт.

Методыка арганiзацыi i правядзення народных забаў прапануецца ў нiжэйпрыведзеных апiсаннях.

Слуп-кола. Гэтую забаву, якую ладзiлi на кiрмашах Вiцебшчыны, патрабавала ад удзельнiкаў значнай фiзiчнай сiлы i спрыту, таму ў ёй прымалi ўдзел пераважна маладыя хлопцы i мужчыны.

Для падрыхтоўкi атракцыёна выбiралi дрэва з роўным ствалом даўжынёй прыблiзна 15 м, якое напярэдаднi апрацоўвалi: здымалi кару i нацiралi ствол воскам.

На вяршыні слупа замацоўвалi ў гарызантальным становiшчы кола ад воза, да якога прывязвалi на вяроўках разна-  стайныя прызы: боты, гармонiк i інш. Слуп укапвалi ў зямлю. Удзельнiк атракцыёна павiнен быў залезцi на слуп i зняць адзiн з прызоў. Узлезцi па слiзкiм слупе задача не з лёгкiх i патрабуе значных намаганняў гульца, каб перамагчы.

Гэты атракцыён быў адроджаны ў Мiёрах у 1983 г. на свяце 350-годдзя горада.

Палескi прызавы слуп. Атракцыён быў падобны да вiцебскага слупа-кола, але меў свае канструктыўныя i тэхнiчныя асаблiвасцi.

Для гэтага атракцыёна выбiралася раўнаствольнае дрэва не менш чым 16 м. З дрэва здымалі кару, укапвалi ў зямлю, на канцы ўбiвалi тоўсты паўтараметровай даўжынi металiчны драб, да якога мацавалi ў вертыкальным становiшчы кола ад воза з прызамi. Удзельнiк павiнен быў залезцi на верх слупа, стаць на каленi цi на ногi, ухапiўшыся за прут i варочаючы кола, выбраць i адвязаць любы з прызоў.

Задача гульца была надзвычайна складанай, тым не менш гэты атракцыён карыстаўся вялiкай папулярнасцю, знаходзi-лася нямала ахвотнiкаў паказаць смеласць, сiлу, рашучасць i дабыць каштоўны прыз для сябе цi сваёй каханай.

Гэты атракцыён быў вернуты з забыцця ў вераснi 1982 г. у гарадскiм пасёлку Жыткавiчы Гомельскай вобласцi на I Рэспублiканскiм кiрмашы.

Гродзенскi слуп-падкавырка. Атракцыён зафiксаваны ў многiх месцах Гродзеншчыны, з’яўляецца унiкальнай забавай, якая вылучаецца з усiх прызавых слупоў беларускай зямлi арыгiнальнасцю тэхнiчнага вырашэння i гульнёвага зместу.

У зямлю на адлегласцi 4 м укапвалi два ачышчаныя ад кары слупы памерамi адпаведна 5 м i 15 м. У вяршынях слупоў прарэзвалi пазы (5х5 см), праз якiя прапускалi вяроўку даўжынёй 35 м. Над пазамi ў бярвёны забiвалi цвiкi, якiя скручвалi дугападобна, каб вяроўка не звалiлася на зямлю, а вольна праходзiла праз вяршынi слупоў. Адзiн канец вяроўкi навязвалi на цвiк, забiты на вышынi 1 м, а за другi канец вяроўкi прывязвалi прыз.

Вядучы, перабiраючы рукамi вяроўку, дастаўляў прыз да вяршынi вялiкага слупа i прапаноўваў удзельнiкам свята выпрабаваць сваю сiлу i спрыт — дастаць прыз.

Гулец пачынаў лезцi па вялiкім слупе. Калi ён не дабiраўся да вяршынi, а спыняўся недзе пасярэдзiне, арганiзатар трохi прыспускаў прыз, якi ўжо вiсеў амаль над галавой гульца. Гэта часта давала ўдзельнiку дадатковыя сiлы, i ён iмкнуўся забрацца вышэй i вышэй, услед за прызам, якi падымаўся, натуральна, патроху ўверх.

Такiм чынам, адбывалася своеасаблiвая гульня памiж гульцом i вядучым, у вынiку якой удзельнiк або даставаў прыз, або пад рогат i кпiны прысутных спускаўся ўнiз. Калi ж у атракцыёне ўдзельнiчалi дзецi, прыз вiсеў не надта высока i заўсёды аддаваўся ў падарунак смеламу дзiцяцi.

Гродзенскi слуп-падкавырка, упершыню адроджаны ў парку Скiдаля на кiрмашы 1982 г., вельмi хутка распаўсюдзіўся па ўсёй вобласцi i стаў адметнай гульнёвай асаблiвасцю свят Гродзеншчыны.

 

Турнiр “Кароль курка”. У сярэдзiне ХVIII ст. у Слуцку i Нясвiжы па загадзе князя Радзiвiла ладзiлi турнiры стральцоў “Кароль курка”, на якiх павiнны былi выступаць усе дарослыя мужчыны горада, а пераможцы атрымлiвалi прызы.

На аснове гэтых гiстарычных падзей культурнага жыцця старажытнага беларускага горада студэнты кафедры рэжысуры свят Мiнскага iнстытута культуры ў 1981 г. аднавiлi да-  дзенае спартыўнае змаганне ў Манькавiцкiм парку горада Столiна. Захаваўшы змест старажытнага спаборнiцтва, забава набыла новыя мастацкiя рысы.

На вялiкiм драўляным шчыце памерам 2,5 х 16 м праз кожныя 50 см на цвiк падвешвалi рознакаляровыя шарыкi, да якiх на вяровачках замацоўвалi розныя прызы. Гулец, заплацiўшы грошы за ўдзел, станавiўся на лiнiю стральбы, якая знаходзiлася на адлегласцi 25 м ад драўлянага шчыта, i атрымлiваў арбалет цi лук. Патрабавалася з аднаго выстралу папасцi ў паветраны шарык i атрымаць упаўшы на зямлю прыз. Гэты атракцыён карыстаецца вялiкiм поспехам, таму што дае магчымасць кожнаму жадаючаму паказаць сваю меткасць, вызначыцца сярод астатнiх удзельнiкаў.

 

Грунвальд.  На аснове старажытнай народнай забавы, у якой два ўдзельнiкі iмкнулiся спiхнуць адзін аднаго з бервяна, студэнты кафедры рэжысуры свят Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры прыдумалi новы атракцыён.

На драўляных слупах, укапаных у зямлю на 1,5 м, замацоўваецца ў гарызантальным становiшчы пяцiметровае бервяно, да якога з двух бакоў прыстаўлены лесвiцы.

На бервяно з бакоў узбiраюцца два “рыцары”. У аднаго з iх на галаве шлем формы воiна Вялiкага княства Лiтоўскага, а ў левай руцэ шчыт з выявай Пагонi. У другога — амунiцыя крыжаносца. У правай руцэ абодва рыцары трымаюць сетку з вялiкiм надзьмутым дзiцячым мячом. Задача гульцоў: абараняючыся шчытом, збiць мячом шлем з галавы сапернiка або яго самога з бервяна. Гулец, якi пераможа пецярых сапернiкаў запар, атрымлiвае прыз.

Гэты атракцыён зараз карыстаецца вялiкiм поспехам, асаблiва сярод падлеткаў.

 

Турнiр рыцараў. Атракцыён ладзяць на вадзе i ў ім удзельнiчаюць дзве каманды весляроў i два “рыцары”.

На карме кожнай з дзвюх лодак робяць метровае ўзвышэнне, на якое становiцца рыцар у шлеме i плашчы. У руцэ ён трымае трохметровую дзiду, на канцы якой прыбiты драўляны квадрат памерам 10 х 10 см.

Весляры выводзяць лодкi на цэнтр акваторыi i паступова пачынаюць зблiжацца. У задачу рыцараў уваходзiць спiхнуць дзiдай сапернiка з лодачнага ўзвышэння ў ваду.

У гэтым атракцыёне, якi ўяўляе сабой яскравае вiдовiшча, могуць прымаць удзел каманды.

 

Разам з традыцыйнымi забавамi ў масава-гульнёвай зоне кiрмашу можна правесцi фестываль культарганiзатараў раёна цi горада, дзе ўдзельнiкi могуць выступаць з разнастайнымi гульнёвымi праграмамi. Як паказвае практыка, так званае “гульнёвае поле”, дзе адначасова выступаюць дзесяткi арганiзатараў розных гульняў, часта з’яўляецца адным з самых яркiх i запамiнальных фрагментаў культурнай праграмы, таму што дае магчымасць сотням людзей прыняць удзел у прапанаваным гульнёвым дзеяннi.

Спартыўная зона.Абавязковай часткай сучаснага беларускага кiрмашу з’яўляецца спартыўная праграма. Папулярнасцю карыстаюцца тут традыцыйныя спартыўныя забавы беларусаў: турнiр асiлкаў, а таксама барцоў — прадстаўнiкоў розных вёсак, барацьба з ражаным мядзведзем, выпрабаваннi скакавых i рысiстых парод коней. Разам з тым на кiрмашах звычайна праводзяць i сучасныя спартыўныя гульнi.

Паколькi на раённых цi рэгiянальных кiрмашах прысутнiчае большасць насельнiцтва мясцовасцi, спартсмены выкарыстоўваюць гэтую сiтуацыю для папулярызацыi розных вiдаў спорту. Ладзяць фiналы раённых спаборнiцтваў па барацьбе, футболе, валейболе, шахматах, шашках, перацягванні каната, а ў асобных месцах па найбольш папулярным вiдзе спорту — веславанні (Скiдал), конным спорце (Вiлейка, Шумiлiна, Гродна, Воранава) i інш. На некаторых кiрмашах паказальныя выступленнi праводзяць баксёры, фехтавальшчыкi, майстры баявых адзiнаборстваў, майстры гiмнастыкi, культурысты. Людзi розных узроставых катэгорый удзельнiчаюць у старажытных i сучасных забавах: вызначэнне “караля курка” (стральба з арбалета, вiнтоўкi, паляўнiчая стральба), лепшага лучнiка ў стральбе са спартыўнага лука, спаборнiцтва на лепшага кольцакiдальнiка, самага спрытнага канатаходца, якi iдзе па тонкай жэрдцы, самага дужага ў атракцыёне “Сiламер”. Спартыўныя праграмы на кiрмашы сталi дзейсным сродкам актывiзацыi ўдзельнiкаў свята, садзейнiчаюць вырашэнню праблемы фiзiчнага выхавання чалавека, уносяць дынамiзм у святочны штогоднi гандаль.

 

Дзіцячая зона. Аналiз развiцця сучасных кiрмашоў Беларусi сведчыць, што ў iх актыўна ўдзельнiчаюць людзi розных узростаў. Таму на святочным гандлі арганiзатары шмат увагi надаюць дзецям, спецыяльна для якiх ладзяць гульнёвыя зоны, дзе выступаюць дзiцячыя калектывы мастацкай сама-  дзейнасцi школ, Дамоў i Палацаў культуры, Дамоў юнацтва, культарганiзатары праводзяць разнастайныя сюжэтна-гульнёвыя праграмы для дзяцей, вялiкую цiкавасць уяўляюць i сучасныя дзiцячыя пацехi. Паспрабуйце адгадаць iмя жывога пеўня, якое напiсана на паперцы, прывязанай да яго лапкi? Адгадаеце — ваш певень.

А вось дзiцячая рыбалка. За двухметровай чатырохграннай шырмай стаiць скамарох. За невялiкую плату дзiця атрымлiвае вудачку, закiдвае за шырму — i выцягвае прыз (якi чапляе яму ўдзельнiк, што сядзiць за шырмай).

А ў другім месцы бацька з мацi i дзецьмi становяцца на шалi, i калi iх вага будзе складаць, напрыклад 160 кг 300 г, яны заслугоўваюць прыз (падарунак).

На дзiцячых пляцоўках амаль заўсёды арганiзоўваюцца выстаўка-продаж дзiцячых вырабаў, майстроў малюнка i лепкi, конкурсы юных канструктараў, паказальныя выступленнi клубаў службовага сабакаводства, спаборнiцтвы авiя- i суднамадэлiстаў i інш. Гульнёвая дзiцячая пляцоўка — адметная асаблiвасць сучаснага беларускага кiрмашу — дазваляе з маленства далучаць дзяцей да нацыянальнай культуры, выхоўваць у iх павагу i любоў да спадчыны бацькоў i дзядоў.

Такiм чынам, кiрмаш, вырашаны ў творчым i арганiзацыйным плане як полiфункцыянальная з’ява, зможа адначасова задаволiць матэрыяльныя, эстэтычныя i фiзiчныя запатрабаваннi чалавека, з’явiцца сродкам эмацыянальнай разрадкi, актывiзацыi ўдзельнiкаў свята.

 

Кароткія вывады.

 

Для арганізацыі кірмашу пры аргкамітэце свята ўтвараецца дырэкцыя, якая распрацоўвае план падрыхтокі святочнага гандлю. Выбар месца кірмаша ўзгадняецца з мясцовымі органамі ўлады і яго тэрыторы падзяляецца на дзялянкі ў адпаведнасці з відамі гандлю. Продаж тавараў на кірмашы мае шэраг санітарна-медыцынскіх патрабаванняў.

Адметнай асаблівасцю беларускіх кірмашоў з”яўляюцца гандлёва-гульнёвыя дзеі ( латарэі, аўкцыёны, гандлёвыя атракцыёны). Культрная праграма кірмашу складаецца з работы відовішчнай зоны, масава-гульнёвай зоны, спартыўнай і дзіцячай зон дзеянняз адпаведным комплексам забаў.

 

Ключавыя словы.

Кірмаш. Састаў дырэкцыі кірмашу. Санітарна-медыцынскія патрабаванні. Гандлёва-гульнёвыя дзеі. Культурная праграма кірмашу.

 


Дата добавления: 2018-04-04; просмотров: 216; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!