Пытанні для самастойнай працы па тэме. 



 

1. Назавіце лялек – сімвалічных персанажаў беларускіх народных свят каляндарнага цыклу.

2. Якія паняцці адлюстроўвала лялька ва ўсе часы свайго існавання?

3. Прывядзіце прыклады атаясамлівання мастацкага вобразу лялькі з тэмай і мастацкім вобразам свята або святочнай дзеі.

4. Што з”яўляецца вызначальным пры распрацоўцы буйнагабарытнай лялькі ?

5. Назавіце галоўны крытэрый адбору матэрыялаў пры стварэнні дзеючай лялькі ?

6. Прывядзіце прыклады спосабаў руху і выразных магчымасцей дынамічных буйнагабарытных лялек.

7. Якая існуе паслядоўнасць работ у працэсе стварэння буйнагабарытнай лялькі ?

 

Літаратура.

 

1. Гуд, П.А. Тэхналогія стварэння свята / П.А. Гуд. – Мн.,

2004.

2.  Малюченко Г.С. Первые театральные опыты новой эпохи // У

    истоков: Сб.ст.  / Г.С. Малюченко. – М.: [Б.и.], 1960. – С. 277

- 280.

3. Немиро, О.В. Праздничный город / О.В.Немиро.- Л., 1987.

4. Фонштейн, В. Куклы театрализованного представления

 // Художник и зрелище: Сб. ст. / В. Фонштейн.– М.:

Сов. художник, 1990. – С.44.

5. Режиссура и организация массовых зрелищ: Хрестоматия /

 Сост., ред., автор введения В.Н. Айзенштадт. – Харьков, ХГИК, 1973.

 

ТЭМА  XIII.  «Пастановачнае асвятленне свята, выраб

                      мастацка-дэкаратыўнага афармлення».

Пытанні.

1. Віды светлатэхнічнага абсталявання і іх выразныя

магчымасці. Распрацоўка пастановачнага асвятлення.

2. Светлавыя рэпетыцыі. Светлавая партытура дзеі.

3. Выраб мастацка-дэкаратыўнага афармлення.

 

Мэта:

    Раскрыццё асаблівасцей пастановачнага асвятлення і запуску мастацка-дэкаратынага афармлення ў вытворчасць.        

Тэкст лекцыі.

1.1.Мастацкае асвятленне свята — адзiн з важнейшых кампанентаў у сiстэме выразных сродкаў, якi непасрэдна звязаны з выяўленчым адлюстраваннем iдэйна-тэматычнай задумы пастаноўкi.

У сучасных прадстаўленнях і святах на адкрытым паветры знаходзяць шырокае прымяненне розныя вiды святлотэхнiчнага абсталявання: пражэктары, праекцыйныя апараты статычнага i дынамiчнага, мона- i полiэкраннага дзеяння з выкарыстаннем слайдаў, вiдэа- i кiнастужкi, каляровамузычнага жывапiсу, лазернай тэхнiкі, а таксама розных пiратэхнiчных i светлавых эфектаў.

Сiстэма пастановачнага асвятлення любой сцэнiчнай пляцоўкi на свяце павiнна ўключаць унутрысцэнiчнае i вынасное абсталяванне.

Святлотэхнiчнае абсталяванне ўнутранай сцэнiчнай дзеi павiнна забяспечыць верхняе асвятленне (пражэктары, праекцыйныя прыборы, ультрафiялетавыя апрамяняльнiкi); бакавое асвятленне за кошт размяшчэння прыбораў на рознай вышынi ў партальных (бакавых) зонах злева i справа; нiжняе асвятленне (гарызантальная рампа), якое ўсталёўваецца на планшэце сцэны. У групу вынаснога святлотэхнiчнага абсталявання, размешчанага за межамi сцэны, у глядзельнай зале, уваходзяць прыборы верхняга i бакавога асвятлення, якiя трэба замацаваць на спецыяльных стойках рознай вышынi або на зманцiраваных асвятляльных устаноўках; прыборы франтальнага або лабавога асвятлення (апаратура размяшчаецца за межамi глядзельнай залы). Прыборы праекцый на прасвет рэкамендуецца манцiраваць за задняй часткай ар’ерсцэны.

Часам на святах для пастановачнага асвятлення сцэны ў якасцi агульнага франтальнага асвятлення выкарыстоўваюць пражэктары, якiя даюць агульнае рассеянае святло, а ўнутрысцэнiчнае асвятленне забяспечваюць вынаснымi падсветамi.

Светлавыя сродкi дазваляюць ствараць на дэкарацыях, планшэце сцэны i ў глядзельнай зале разнастайныя светлавыя ўзоры, эфекты падаючага снегу, дажджу, рух аблокаў, усход i захад сонца, панарамы зорнага неба з месяцам. На паравых i дымных аблоках дэманструюць рознакаляровую дынамiку руху лазерных праменяў, а на дэкарацыях — каляровамузычны жывапiс i кiна-, вiдэа-, слайдпраекцыi. Але мастацкае ўздзеянне святла становiцца выяўленчым i выразным толькi ў тым выпадку, калi яно з’яўляецца адлюстраваннем вобразнай сiстэмы дзеяння.

Яшчэ на стадыi эскiзна-праектных работ галоўны мастак свята далучае да распрацоўкi пастановачнага асвятлення сцэны мастака па святлу.

Асновай для поўнага каларыстычнага малюнка святла з’яўляецца жывапiсны эскiз. Аналiзуючы сцэнарый святочнай дзеi i жывапiсны эскiз, галоўны мастак i мастак па святлу загадзя плануюць асноўныя светлавыя пункты, вызначаюць колькасць i характар светлавых праекцый i эфектаў, вымяраюць адлегласць ад месцаў размяшчэння апаратуры да асвятляемых аб’ектаў, а таксама вызначаюць, якiя прыборы для пастановачнага асвятлення ёсць, а якiя трэба набыць або ўзяць у арэнду.

Часам усе тэхнiчныя i арганiзацыйныя пытаннi па асвятленні сцэны ўскладаюцца на спецыяльныя прыватныя арганiзацыi, якiя займаюцца рашэннем падобных задач. З iмi заключаецца працоўнае пагадненне i вядзецца далейшая работа толькi ў творчым кiрунку.

Але ў тым выпадку, калi сцэна асвятляецца ўласнымi сiламi, асвятляльнiкi займаюцца набыццём неабходнай апаратуры, вырабам эфектных прыбораў, асвятляльнай бутафорыi i iншымi падрыхтоўчымi работамi.

1.2.Рэпетыцыя па ўстаноўцы святла адбываецца толькi тады, калi зроблены мантаж дэкаратыўнага афармлення. У адваротным выпадку рабiць светлавую рэпетыцыю бессэнсоўна, таму што “светлавая партытура знаходзiцца ў прамой залежнасцi ад многiх дэталяў, якія ўздзейнiчаюць на велiчыню адлюстраванага святла, ступень паглынання светлавога патоку, танальную афарбоўку ўсяго афармлення” [ 1, 213]

 Першая светлавая рэпетыцыя звычайна адбываецца без выканаўцаў, але мастак i асвятляльнiкi павiнны ведаць галоўныя мiзансцэнiчныя пункты дзеяння i загадзя адзначыць дзялянкi сцэны, якiя абыгрываюцца акцёрамi, у сваёй светлавой партытуры. Асвятленне сцэны — адна з найбольш складаных задач: мастаку па святлу, святлоаператару неабходна iмкнуцца дасягнуць не толькi добрай бачнасцi, але i павышэння выразнасцi знешняга аблічча, што не заўсёды патрабуе ўзмоцненага асвятлення. У многiх выпадках сцэнiчная выразнасць вобраза патрабуе прыцямнення фiгуры або твара выканаўцы.

Для асвятлення аднаго або групы акцёраў карыстаюцца мясцовым святлом. Неабходна мець на ўвазе, што, высвечваючы акцёра ўсiмi прыборамi адначасова, можна пазбавiць яго вобраз выразнасцi. Аднак нельга карыстацца i якiм-небудзь адным прыборам, напрыклад вынасным пражэктарам: могуць з’явiцца ценi i светлавая пляма на дэкарацыi.

Для раўнамернага асвятлення выканаўцаў часта карыстаюцца верхнiм вынасным святлом, што не зусiм правiльна, таму што верхняе святло зацямняе вочы, падкрэслiвае скулы, стварае правалы шчок. Калi прымянiць толькi рампу, то твар будзе выглядаць тоўстым i курносым. Пры адначасовым выкарыстанні сафiтаў i рампы ценi ад аднаго з прыбораў аслабляюцца дзеяннем iншых прыбораў.

Выбар прыёму асвятлення дэкарацый залежыць у першую чаргу ад якасцей i фактуры асвятляемых матэрыялаў: сукно нейтральнага, чорнага i цёмна-сiняга колераў можна прымяняць у сцэнiчных дзеях, дзе галоўная ўвага засяроджваецца на асвятленнi выключна артыста, дапамагаючы яму стварыць пэўны вобраз, адлюстраваць псiхалагiчную нюансiроўку ролi, падкрэслiць яго мiмiку, жэст. Светлае сукно дзякуючы светлафiльтру можна афарбаваць у розныя колеры, ствараючы агульную танальнасць карцiны. У гэтым выпадку асаблiва добра ўспрымаецца колер на сукне шэра-блакiтнага, крэмавага i бэзавага колераў. Белы або светла-блакiтны заднiк, некалькi прыцямнёны ўверсе, можа служыць экранам для светлавых пейзажных дэкарацый, выкананых метадам праекцыi.

Для асвятлення плоскiх жывапiсных дэкарацый, акрамя рассеянага белага святла, карыстаюцца каляровым асвятленнем, што не толькi ўзмацняе iнтэнсiўнасць колеру выяў блакiтнага неба, зелянiны лiсця, але i забяспечвае рад простых пастановачных эфектаў: свiтанак, золак, вечар, ноч. Пры   асвятленнi рэльефных аплiкацыйных дэталяў прымяняюць камбiнаванае святло, выкарыстоўваюць бакавыя падсветы i пражэктары, таму што гледачы ўспрымаюць рэльеф толькi пры бакавым асвятленнi.

Бакавое асвятленне, якое дае выразны святлацень i выяўляе рэльеф, шырока прымяняецца i для асвятлення аб’ёмных дэталяў дэкарацый. У многiх выпадках для падкрэслiвання ўзаемасувязi прадметаў у прасторы выкарыстоўваюць падсвет з тыльнага боку. Контражурнае святло, якое падае на асобныя прадметы афармлення, прыдае iм вялiкую аб’ёмнасць. Тое ж святло, накiраванае на дзеючых асоб, стварае па контуры фiгуры дадатковае асвятленне i прыдае ўсёй фiгуры вялiкую дынамiчнасць i выразнасць[3, 77].

Паколькi ва ўмовах падрыхтоўкi свята можна разлiчваць на правядзенне толькi адной — дзвюх светлавых рэпетыцый, то рэжысёр i мастак павiнны прыйсцi на яе з дакладным разуменнем характару i задач асвятлення. Усiх асвятляльнiкаў неабходна загадзя расставiць па месцах, у iх распараджэннi павiнны быць неабходная апаратура, фiльтры. Рэжысёр-пастаноўшчык зацвярджае вынiкi манцiроўкi святла. Зной- дзенае святло дакладна фiксуецца на нумарах святочнай праграмы. У час генеральнай рэпетыцыi яно ўдакладняецца i запiсваецца ў канчатковым варыянце ў агульную светлавую партытуру.

Запiсы светлавой партытуры адлюстроўваюць наступныя асноўныя даныя: сцэнiчная дзея (нумар, эпiзод), рэплiка або сiгнал на ўключэнне, аб’ект асвятлення, назва прыбора або светлавой праграмы, колер, накiраванасць i змяненне асвятлення (гл. узор).

Узор

Светлавая партытура тэатралiзаванага канцэрта “Калядныя зоркi”

 

№ пп Сцэнiчная дзея (нумар, эпiзод) Рэплiка або сiгнал на ўключэнне Аб’ект асвят-лення

Назва прыбора або светлавой праграмы і колер

Накiраванасць i змяненне асвятлення
1 Пралог Указанне рэжысёра  Аван-сцэна Пiсталетны прамень  Белы  На калядную зорку (апарат №24)
2 Пралог Калядная песня (фанаграма) Аван-сцэна “Снег” на зал i сцэну Белы У час фанаграмы калядная зорка iграе агнямі

1.3. Калектыў, якi займаецца падрыхтоўкай i правядзеннем свята, — гэта заўсёды часовае ўтварэнне, якое не мае пастаяннай матэрыяльна-тэхнiчнай базы. Таму адзiн з завяршальных этапаў падрыхтоўкi свята — запуск мастацка-дэкаратыўнага афармлення ў вытворчасць — здзяйсняецца адначасова ў розных арганiзацыях i ўстановах. Але ў любым выпадку зыходнымi данымi для вытворчасцi з’яўляюцца рабочыя чарцяжы, тэхналагiчнае апiсанне i каштарыс.

Выраб мастацкага афармлення значна спрашчаецца, калi вырашэннем пастаўленых задач займаюцца вызначаныя для гэтых мэт прадпрыемствы. У практыцы даволi часта на іх рахунак пералiчваюць сродкi з каштарыса свята, перадаюць чарцяжы i тэхналагiчнае апiсанне вырабаў (або iх робяць непасрэдна на вытворчасцi), а мастаку застаецца толькi кантраляваць выраб дэкаратыўнага афармлення.

У выпадку, калi вырабам дэкарацый у поўным або частковым аб’ёме даводзіцца займацца ўласнымi сiламi, гэта значыць сiламi мастакоў культасветустаноў (якiя знаходзяцца на бюджэце i аплата iх работы не здзяйсняецца з каштарыса свята), задача арганiзатараў у пэўнай ступенi ўскладняецца. Загадчык пастановачнай часткі складае пералiк патрэбных матэрыялаў i ўказвае iх колькасць з наменклатуры, названай у каштарысе. Затым ён займаецца набыццём матэрыялаў. Але адбор тканiн для дэкарацый i касцюмаў, мэблi, упрыгожванняў робіцца абавязкова паводле кансультацыi мастака.

Планаванне вырабу дэкарацый увязваецца з агульным графiкам падрыхтоўкi свята, у якiм самым важным звяном з’яўляюцца мантажныя, прагонныя i генеральныя рэпетыцыi. Да пачатку мантажных работ усе неабходныя дэкарацыi, светлавое i гукавое абсталяванне павiнны быць гатовы.

Загадчык пастановачнай часткі пастаянна сочыць за выкананнем намечанага плана, прымае аператыўныя рашэннi ў выпадку затрымак i змен, якiя ўзнiкаюць па розных прычынах. Перыядычна адказныя асобы збiраюцца на пасяджэннi аргкамiтэта, дзе ўдакладняюцца тэрмiны выканання заданняў, разбiраюцца пытаннi, звязаныя з забеспячэннем, прыцягненнем дадатковых рэзерваў, арганiзацыяй работ i інш.

 

Кароткія вывады. У сістэму сучаснага пастановачнага асвятлення сцэны ўваходзяць розныя віды унутрысцэнічнага і вынаснога абсталявання, якія твараюць разнастайныя светлавыя ўзоры і эфекты. Асновай каларыстычнага малюнка

з”яўляецца жывапісны эскіз, на аснове якога высвятляецца колькасць і характар светлавых праэкцый, эфектаў. Выбар прыёма асвятлення, які залежыць ад якасцей і фактуры асвятляемых матэрыялаў, адбываецца ў час рэпетыцый па ўстаноўцы святла. Знойдзенае святло фіксуецца па нумарах у светлавой партытуры. Выраб дэкарацый, які пачынаецца адначасоваў розных арганізацыях і установах, здзяйсняецца да пачатку мантажных работ

 

Ключавыя паняцці.

Віды і выразныя магчымасці светлавога абсталявання. Асаблівасці правядзення светлавых рэпетыцый. Светлавая партытура. Выраб мастацка-дэкаратынага афармлення.

 


Дата добавления: 2018-04-04; просмотров: 227; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!