Служба бяспекі дарожнага руху



У час правядзення свят, на якія звычайна з’язджаюцца не толькі жыхары наваколля, але і шматлікія госцi і дэлегацыі, творчыя калектывы з іншых раёнаў, гарадоў, пэўныя зоны святочнага дзеяння становяцца месцам збору вялікай колькасці людзей.

Вырашэнне комплексу пытанняў бяспекі дарожнага руху ўскладаецца на мясцовую службу ДАІ, супрацоўнікам якой неабходна каардынаваць сваю работу з дыспетчарам транспартнага руху свята.

У кожным канкрэтным свяце перад службай ДАІ могуць быць пастаўлены спецыфічныя задачы, але найбольш характэрнымі для любога свята i абавязковымi для выканання з’яўляюцца ніжэйпералічаныя.

Сустрэча гасцей. На свята часта прыязджаюць на сваім аўтатранспарце госці і творчыя калектывы з іншых гарадоў, абласцей, краін. Вадзіцелі аўтатранспартных сродкаў, як правіла, не ведаюць планіроўку населенага пункта або дрэнна ў ёй арыентуюцца. Таму неабходна арганізаваць сустрэчу гасцей на мяжы горада, мястэчка, з тым каб растлумачыць iм далейшы шлях або наладзіць суправаджэнне да загадзя вызначанага месца. Часта такая сустрэча праводзіцца разам з прадстаўнiкамі мясцовай адміністрацыі, культработнікамi, творчымі калектывамі і набывае часам тэатралізаваны характар: гасцей сустракаюць з хлебам-соллю, прывітальнымі прамовамі і песнямі, кветкамі, што стварае ў прыбыўшых святочны настрой.

Для таго каб арганізаваць сустрэчу за мяжой населенага пункта, работнікі ДАІ дамаўляюцца з аўтаінспектарамі, якiя знаходзяцца на дзяжурных пастах па маршруце руху транспарту, аб тым, каб яны рэгулярна паведамлямі ў штаб свята або ў ДАІ аб часе праходжання пэўнай машыны. Гэта дае магчымасць, па-першае, дакладна ведаць, дзе на дадзены момант знаходзіцца дэлегацыя, па-другое, прыблізна вылічыць, калі яна прыбудзе да мяжы горада, па-трэцяе, своечасова да- ставiць да месца сустрэчы прадстаўнікоў адміністрацыі і творчыя калектывы, якія маюць дастаткова часу для падрыхтоўкі і правядзення самога рытуалу сустрэчы. У некаторых мясцінах існуе і такая практыка: калі на свята едуць госці з замежжа, адмінiстрацыя месца яго правядзення дамаўляецца з выканкамамі іншых раёнаў аб папярэдняй сустрэчы гасцей і іх суправаджэнні работнікамі мясцовых ДАІ на пэўных участках маршруту па тэрыторыі гэтай мясцовасці. Такая форма сустрэчы пакідае ў гасцей вельмі прыемнае ўражанне, яны адчуваюць гасціннасць і клопат гаспадароў. Разам з тым гаспадары свята будуць упэўнены, што з іх гасцямі па дарозе не здарыцца ніякіх непаразуменняў, непрыемных выпадкаў, здарэнняў.

Рух транспарту на свяце. Месцам правядзення свят амаль заўсёды становяцца плошчы і вуліцы населенага пункта, а яны, як вядома, прызначаны для руху транспарту. Каб дапамагчы правядзенню свят і ў той жа час не парушыць работу жыццёва важных транспартных артэрый горада, мястэчка, мясцовыя ўлады павінны прыняць наступныя меры:

— аддаць распараджэнне аб перакрыцці пастамi ДАІ вуліц, праспектаў, плошчаў, на якiх будзе адбывацца святочнае дзеянне, і закрыцці праезду па іх усіх відаў транспарту, акрамя службовага;

— для гарадскіх і мiжгародных аўтобусаў, а таксама для грузавога, прыватнага транспарту распрацаваць спецыяльныя аб’язныя маршруты, каб не паралізаваць жыццё населенага пункта;

— кожная адзінка службовага аўтатранспарту (аўтобусы з творчымі калектывамі і дэлегацыямі гасцей, машыны з рабочымі брыгадамі, аўтафургоны з прамысловымi, сельскагаспадарчымі і харчовымі таварамі, конныя павозкі з вырабамі народных умельцаў, машыны гукаўзмацнення і інш.), якая працуе ў зоне дзеяння свята, павінна мець спецыяльны пропуск. Гэты пропуск, эскiз якога распрацоўваецца мастаком або тэкст якога складаецца дырэктарам свята, друкуюць, завяраюць пячаткай ДАІ або пячаткай выканкама, аддзела культуры і прымацоўваюць на ветравое шкло аўтамабіля. Калі па розных прычынах няма магчымасці ці часу вырабіць такі пропуск, то ім, па дамоўленасці з ДАІ, можа служыць афіша свята, замацаваная на ветравым ці бакавым шкле службовага аўтатранспарту.

Арганізацыя работы аўтавакзала свята.

На свята прыязджаюць многа людзей з навакольных мясцін і суседніх раёнаў на прыватным транспарце. Дзеля мэтанакіраванай арганізацыі бяспекі руху, каб пазбегнуць аўтамабільных затораў, мэтазгодна на тэрміны святкавання вызначыць у населеным пункце спецыяльнае месца для аўтавакзала свята, улічваючы мяркуемы прыток машын. Калi ў населеным пункце маленькія па памеры плошчы, то тэрыторыю мясцовага аўтавакзала можна размясціць за яго межамі. Напрыклад, у г.Скiдалі Гродзенскай вобласцi ў час правядзення абласнога кірмашу (1984) аўтавакзал свята размясцілі на полі, куды прыбылі некалькі тысяч аўтамабіляў.

Аўтавакзал свята неабходна падзялiць на ўчасткі для службовага і прыватнага транспарту. Шлях да аўтавакзала трэба забяспечыць спецыяльнымі паказальнікамі, а месца яго размяшчэння аформіць уваходнай брамай, акантаваць. Тут жа можна паставіць пост ДАІ, які і знаходзіцца на дзяжурстве ў населеным пункце i павінен накіроўваць на аўтавакзал свята як прыватны, так і службовы транспарт (які мае права праезду па тэрыторыі свята толькі ў выпадку патрэбы).

Наладжванне работы аўтавакзала свята дасць магчымасць у любым выпадку, калі існуе неабходнасць, адшукаць тую ці іншую машыну, а таксама паставіць аўтатранспарт пад нагляд ДАІ i работнікаў міліцыі.

Калі існуе магчымасць, на аўтавакзале рэкамендуецца па- ставіць гукаўзмацняльную апаратуру для таго, каб можна было папярэдзіць вадзіцеля пэўнай машыны аб неабходнасці яго прыбыцця для далейшай работы ў пэўнае месца. Пры адсутнасці такой магчымасці падобнае апавяшчэнне здзяйсняецца рассыльнымі кур’ерамі. Дарэчы, у час свята вадзiцелі службовага транспарту, каб не стварыць праблем рознага характару, пастаянна знаходзяцца каля машын.

Суправаджэнне. На свяце павінна быць забяспечана суправаджэнне машынамі ДАІ аўтакалон службовага транспарту, тэатралізаваных і святочных шэсцяў удзельнікаў свята.

Калі адбываецца феерверк, то работнікі ДАІ павiнны загадзя распрацаваць маршрут руху аўтамабіля з выбуховымi і пiратэхнічнымі сродкамі па вулiцах населенага пункта. Гэты аўтамабіль неабходна сустрэць за межамі горада, мястэчка, вёскі, суправадзіць машынай ДАІ да месца мантажу пiратэхнічных фігур, а ў дзень правядзення феерверку — да месца ўвасаблення піратэхнічнай дзеі. Усе арганізацыйныя моманты гэтага суправаджэння (час, маршрут, месца) удакладняюцца з членамі аргкамітэта, адказнымі за правядзенне мерапрыемства.

Меры бяспекі руху, якія неабходна прыняць у час падрыхтоўкі i правядзення свята, дадуць магчымасць у арганізаваным парадку вырашыць розныя транспартныя праблемы, пазбегнуць блытаніны пры перамяшчэнні творчых і гаспадарчых груп, забяспечыць парадак і ахову жыцця ўдзельнікам свята.

 

Служба аховы парадку

Дзеючымі нарматыўнымi актамі на транспарце на органы ўнутраных спраў ускладзены абавязкi па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні масавага мера- прыемства. Масавыя мерапрыемствы праводзяцца не на тэрыторыі аператыўнага абслугоўвання аддзялення ўнутраных спраў на транспарце (АУСТ). Прыбыццё і ад’езд удзельнікаў ажыццяўляюцца іншы раз чыгуначным транспартам. У сувязі з гэтым на аб’ектах павялічваецца паток пасажыраў ускладняецца аператыўная абстаноўка.

Тэрыторыя вакзалаў, станцый, іншых транспартных аб’ектаў мае свае граніцы і маштабы. Лесвіцы, уваходы, вагоны цягнікоў і іншае разлічаны на вызначаную прапускную здольнасць і часам не могуць адразу прыняць і прапусціць усіх жадаючых. У такіх абставінах складаюцца перадумовы для здзяйснення правапарушэнняў. Пры гэтым узнікае рэальная пагроза для жыцця і здароўя грамадзян, знішчаецца ці пашкоджваецца дзяржаўная, грамадская і прыватная маёмасць, спыняецца рух цягнікоў, выходзяць са строю цi разбураюцца асобныя аб’екты. У гэтых умовах перад службамі і падраздзяленнямі ўнутраных спраў ставіцца адзіная мэта — забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку, аказаць першую дапамогу пацярпелым і арганізаваць іх выратаванне.

У падрыхтоўчы перыяд кiраўнiк транспартнага органа,   атрымаўшы інфармацыю аб маючым адбыцца масавым мерапрыемстве, пасля ўдакладнення месца, часу, прыкладнай колькасці ўдзельнікаў і іншых дэталяў прымае рашэнне аб назначэннi адказных, а таксама вызначае колькасць сіл і сродкаў забеспячэння грамадскага парадку. Адказныя, кiраўнiк аддзялення ўнутраных спраў, разглядаючы рэальныя аператыўныя абставіны правядзення масавага мерапрыемства, вырашаюць, работнікі якіх службаў і ў якой колькасці будуць дзейнічаць.

Арганізацыйнай асновай узаемадзеяння службаў і падраз-  дзяленняў па ахове грамадскага парадку з’яўляецца план. Калі свята праводзіцца на значным аддаленні ад чыгуначнай дарогі і галоўнай задачай з’яўляецца забеспячэнне грамадскага парадку ў час прыбыцця і ад’езду ўдзельнікаў, то, як правіла, план не складаецца, а загадам начальніка органа ўнутраных спраў ствараюцца дадатковыя пасадачныя групы і групы суправаджэння цягнікоў. Пры неабходнасці рэгулявання руху пасажыраў на подступах да чыгуначнага вакзала ці станцыі ствараюцца міліцэйскія ланцужкі.

У складаным становішчы аператыўных абставін і маштабнасці праводзімага масавага мерапрыемства ў распрацоўваемых планах вызначаюцца:

— месца, час, мэта правядзення масавага мерапрыемства, прыкладная колькасць удзельнікаў;

— участак ачаплення;

— рэжым работы чыгуначнага транспарту і iншых чыгуначных аб’ектаў;

— сiлы і сродкі, іх расстаноўка (аддзяленне ўнутраных спраў, дабрачынныя грамадскія дружыны, рэзерв і інш.), парадак узаемадзеяння;

— распрацоўка абавязкаў нарадаў у залежнасці ад месца нясення службы;

— выкарыстоўванне тэхнiчных сродкаў, розных загарод, аўтамотатранспарту;

— арганізацыя сувязі паміж узаемадзеючымі суб’ектамі і штабам.

Па прычыне таго, што ў ахове грамадскага парадку прымаюць удзел шматлікія службы і падраздзяленні аддзела ўнутраных спраў, узнікае неабходнасць у іх узгодненай рабоце. Дасягнуць гэтага можна, калі кіраванне ўзаемадзеючымі суб’ектамі здзяйсняецца аператыўна і з адзінага цэнтра. З гэтай мэтай ствараецца аператыўны штаб, якім кіруе начальнік АУС ці адзін з яго намеснікаў. У састаў штаба ў якасці яго членаў уваходзяць кіраўнiкi службаў і падраздзяленняў ці іх намеснікі, якія з’яўляюцца адказнымі за пэўныя зоны. У са- ставе аператыўнага штаба ўтвараюць групы, якія займаюцца аховай грамадскага парадку, разборам спраў з затрыманымі, пажарнай аховай, інфармацыяй і сувяззю.

На начальнiка штаба як асноўнага кіруючага суб’екта ўс-  кладзена арганізацыя ўзаемадзеяння ўсіх службаў і падраз-  дзяленняў. Група арганізацыі грамадскага парадку забяспечвае ўзаемадзеянне паміж асабовым саставам, якi нясе службу ў сектарах, зонах; недапушчэнне на тэрыторыю ачаплення пабочных грамадзян; пропуск да месца правядзення масавага мерапрыемства ўдзельнікаў, запрошаных гасцей і гледачоў.

 Работнікі аператыўных службаў у час падрыхтоўкі і правядзення масавага мерапрыемства групамі па 2—3 чалавекі забяспечваюць прыкрыццё месцаў канцэнтрацыi асоб, ад якіх можна чакаць правапарушэнні, прымяняюць да іх адпаведныя меры ўздзеяння.

Для здзяйснення належнай сувязі паміж узаемадзеючымі суб’ектамі выкарыстоўваюцца радыёстанцыi, тэлефоны, гучнагаварыцелі, бесперабойную работу якіх абавязаны забяспечыць адказны за сувязь член штаба. У падрыхтоўчы перыяд у яго задачу ўваходзiць распрацоўка схем сувязi аператыўнага штаба з падначаленымі службамі і падраздзяленнямi, дзяжурнай часткай, тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў і іншымі структурамі.

Асабовы састаў аддзела ўнутраных спраў не пазней чым за суткі да пачатку свята праходзіць інструктаж, у ходзе якога ўсіх яго членаў знаёмяць з асаблівасцямі праводзімага мера-  прыемства, аператыўных абставін, спосабамі дзеяння пры іх змяненні. Устанаўліваюцца прыкладны пачатак і завяршэнне часу работы кожнай групы, спосабы сувязі з дзяжурнай часткай і кіраўніцтвам, вызначаецца матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, удакладняюцца старшыя груп і асобы, якія здзяйсняюць кантроль.

Прыкладна за 1—2 гадзіны да прыбыцця асноўных удзель-нікаў свята праводзіцца паўторны інструктаж, у якім асобам, што прымаюць удзел у ахове парадку, паведамляюць аб змяненнях у аператыўных абставінах, у расстаноўцы сіл і сродкаў.

Калі выканаўчы этап у арганізацыі ўзаемадзеяння службаў і падраздзяленняў тэрытарыяльных аддзяленняў унутраных спраў заканчваецца пасля завяршэння масавага мерапрыемства, то ў аддзяленні ўнутраных спраў на транспарце гэты этап працягваецца да моманту ад’езду асноўных мас пасажыраў за межы абслугоўваемых участкаў. У мэтах забеспячэння грамадзянскага парадку сярод пасажыраў узнікае неабходнасць іх разгрупавання на прыступках да аб’екта чыгуначнага транспарту. Гэта дасягаецца з дапамогай спецыяльных мілiцэйскіх ланцужкоў, якія ўтвараюць калідоры для калон ад’язджаючых.

Кіруючымі суб’ектамі ўзаемадзеяння службаў і падраздзяленняў у міліцэйскіх ланцужках з’яўляюцца старшыя нарадаў, якія нясуць усю адказнасць за забеспячэнне грамадскага парадку.

На платформах і ў цягнiках сярод ад’язджаючых працуюць супрацоўнікі пасадачных груп і груп суправаджэння.

Выканаўчы этап па арганізацыі ўзаемадзеяння службаў і падраздзяленняў у міліцэйскіх ланцужках заканчваецца з адыходам апошняга цягніка з удзельнікамі масавага мера-      прыемства, а груп суправаджэння — пасля вяртання асабовага саставу з паездкі. Таму заключны перыяд арганізацыі ўзаемадзеяння службаў і падраздзяленняў АУС і АУСТ у ахове грамадскага парадку пры правядзенні масавага мера- прыемства заканчваецца, як правіла, толькі на наступны дзень, калі падводзяцца вынікі работы, дзе даецца ацэнка дзейнасці ўсіх суб’ектаў, уносяцца канкрэтныя прапановы па далейшым удасканальванні іх арганізацыі.

 

Служба пажарнай аховы

Пытаннямі пажарнай бяспекі на свяце займаюцца адказныя супрацоўнікі мясцовай пажарнай аховы. У перыяд падрыхтоўкі свята яны праводзяць шэраг прафілактычных супрацьпажарных мерапрыемстваў з мэтай папярэджвання пажару.

Інспектар пажарнай аховы напярэдадні мантажу часовых электрычных ліній свята, электраасвятляльнай і гукаўзмацняльнай апаратуры павінен правесці гутарку або даць парады тэхнічным работнікам і пракантраляваць выкананне мерапрыемстваў супрацьпажарнай бяспекі.

Каб пазбегнуць пашкоджання ізаляцыі правадоў і кароткага замыкання, не дазваляецца:

— завязваць правады ў вузлы, скручваць, закрываць шчытамі, прапускаць іх праз сценку і перагародкі без дадатковай ізаляцыі фарфоравымі чашкамі і эбанітавымi трубкамі, карыстацца непрыгоднымі выключацелямі, замалёўваць і бяліць шнуры і правады;

— вешаць што-небудзь на шнуры і правады, прымацоўваць іх да газавых і вадаправодных труб, батарэй сiстэмы ацяплення;

— дапускаць сутыкненне электрычных правадоў з тэлефоннымі і радыётрансляцыйнымі, тэлеантэнамі, галiнамі дрэў, дахамi пабудоў;

— выкарыстоўваць у якасці правадніка электрычнага току тэлефонныя або радыёправады.

На сучасных святочных кірмашах, асабліва ў халодную пару года, работнікі гандлю ўжываюць электрычныя пліткі або электрапечкі для прыгатавання гарачых страў, напiткаў (гарбаты, кавы). Іх неабходна папярэдзiць пра наступныя правілы пажарнай бяспекі:

— награвальныя прыборы можна ўсталёўваць толькi на падстаўкі, вырабленыя з незгаральных матэрыялаў дастатковай таўшчынi;

— забараняецца пакiдаць без нагляду ўключаныя прыборы;

— забараняецца ўключаць у адну разетку адначасова некалькі прыбораў;

— неабходна назіраць за шчыльнасцю кантактаў у месцах далучэння прыбораў да вілкі, паміж сабой і інш.

Пры мантажы электраасвятляльнай апаратуры трэба прасачыць, каб у пражэктарах розных тыпаў, якія маюць стацыянарны белы свет, устаўлялі пры неабходнасці рознакаляровыя застаўкі, вырабленыя выключна са шкла. Выкарыстанне сiнтэтычных заставак не рэкамендуецца.

Асаблівую ўвагу прадстаўнікі пажарнай аховы і члены пастановачнай групы павінны ўдзяліць святочным фрагментам, звязаным з вогненным дзеяннем. Пастаноўшчыкам трэба ведаць, што ў падобных фрагментах не павінны ўдзельнічаць дзеці. Вогненныя дзеі даручаюцца толькi дарослым.

На святочных мерапрыемствах, якія ажыццяўляюцца ў вячэрні час (святлопiратэхнічныя спектаклі, мітынгі-рэквiемы, сустрэчы на месцах былых партызанскіх атрадаў і інш.), арганізатары выкарыстоўваюць свечкі, каскі з палаючым агнём. Пры ўжыванні гэтых атрыбутаў святочнага дзеяння трэба памятаць, што нельга замацоўваць расплаўленым воскам свечкі на стале, дошках, папяросных і запалкавых пачках, таму што свечка пры дагаранні можа быць прычынай пажару. Свечкі трэба ставіць на металічныя падсвечнікі або талеркі і інш. Пры выкарыстанні палаючых паходняў не рэкамендуецца ўжываць тэрмітныя саставы, таму што пры гарэнні выдзяляецца вялікая колькасць дыму, што будзе перашкаджаць як удзельнікам, так і гледачам. Напрыклад, на ўрачыстым адкрыцці ў г. Мінску алімпiйскага футбольнага турніру ХХ Алімпійскіх гульняў (1980) знакаміты беларускі барэц А.Мядзведзь з цяжкасцю змог занесці да вогненнай чашы факел, які, хаця і гарэў прыгожым чырвоным колерам, але распаўсюджваў велізарны дымны шлейф, што ахутваў спарт-смена. Мы раім арганізатарам для факелаў выкарыстоўваць кардонныя трубкі даўжынёй 50 см і дыяметрам 8 см, якія трэба шчыльна акруціць шнурам і прамачыць стэарынам. Такія факелы даюць даволі чыстае полымя і палаюць на працягу 30—40 мінут. Яны вельмі зручныя яшчэ i таму, што не баяцца ветру і дажджу, а загасіць іх лёгка шляхам перакрыцця доступу паветра (акунуць у шклянку з вадой або пакруціць некалькі разоў па зямлі).

 Салдацкія каскі з палаючым агнём рыхтуюць наступным чынам. У каску насыпаюць пясок цi зямлю, утрамбоўваюць, і на гэтую пракладку ставяць металічную талерку. У талерку рэкамендуецца пакласці некалькі кавалкаў або жменю сухога спірту, які пры згаранні дае роўнае, чыстае полымя. Калі гэтых мер не прыняць, то пры гарэнні каска моцна разагрэецца, і яе немагчыма ўтрымаць у руках. У выніку палаючая каска можа ўпасці і стаць прычынай пажару або пашкодзіць правядзенню ці ўспрыманню дзеі.

На многіх святах запальваюць кастры, без якіх не праводзяцца многія абрадава-рытуальныя або відовішчныя дзеі (напрыклад, вогнiшчы на Каляды, Масленіцу, Гуканне вясны, Юр’я, Сёмуху, Купалле, кастры дружбы на інтэрнацыянальных святах і ў дзіцячых летніках і інш.). Святочныя кастры ў мэтах пажарнай бяспекі трэба размяшчаць на значнай адлегласцi ад лініі электраперадач, пабудоў, лясных масіваў. Вельмі прыгожа глядзяцца кастры на вадзе, пабудаваныя на стацыянарных ці рухомых плытах. У горадзе, дзе на свяце прысутнiчае вялікая колькасць людзей, кастры павінны мець агароджу, якую звычайна робяць з металiчных канструкцый, а ў лесе пляцоўку для кастра можна акаймаваць земляным ровам.

З наступленнем навагодніх святкаванняў у кожнай мясцовасці на цэнтральнай плошчы ўпрыгожваюць ёлку, пры-        трымліваючыся наступных правiл супрацьпажарнай бяспекі: ёлку заўсёды ставяць на ўстойлівую падстаўку; упрыгожваюць яе толькі заводскай электрагірляндай; у электраправадоў не павінна быць аголеных месцаў; электрычную сетку забяспечваюць надзейнай абаронай — заводскімі электразасцерагальнікамі. Калі ў электраправодцы з’явіцца іскрэнне ці адбудзецца нагрэў правадоў, яе трэба адключыць, пакуль не будзе выяўлена прычына. На навагодніх святах свечкі, бенгальскія агні, хлапушкі неабходна прымяняць на адлегласці не менш за 5 м ад ёлкі. Вельмі небяспечныя вынікі могуць быць, калі ў не апрацаваныя спецсаставам карнавальныя касцюмы будуць апрануты людзі, асабліва дзеці.

Прамачыць марлю і вату саставам можна самім. Для гэтага ўжываюць водныя растворы наступнага саставу (па масе): дыямоній фасфат — 9 %, сернакіслы амоній — 6 %, керасінавы кантакт — 2%, вада — 83%.

На адну вагавую частку ваты бяруць 10—15 вагавых частак раствору, нагрэтага да тэмпературы 20—30о. Вату ў растворы вытрымліваюць 2—5 мінут да поўнага змочвання. Затым яе выціскаюць і сушаць пры тэмпературы не вышэй за 50о.

Эфектыўным сродкам эстэтычнага i эмацыянальнага ўздзеяння на свяце з’яўляюцца піратэхнічныя вырабы розных вiдаў — дымавыя і выбуховыя шашкі, сігнальныя i асвятляльныя ракеты, сiгнальныя міны, фантаны, мастацкія феерверачныя кампазіцыі i інш.

Пры выкарыстанні піратэхнічных сродкаў трэба выконваць ніжэйпералічаныя супрацьпажарныя правілы:

— месца правядзення піратэхнічных дзей павінна знаходзіцца на значнай адлегласці ад гледача — не меней за       50—100 м;

— кідок выбуховых шашак трэба рабіць убок ад лініі руху на адлегласцi не меней за 30 м з тым разлікам, каб выканаўца пластычнай дзеі ў момант выбуху знаходзіўся на адлегласці не меней за 5 м;

— пры выстралах з ракетніц удзельнікаў групы ракетнай дзеі неабходна размясціць за заслонай (шчыт, радыёаўтобус);

— сігнальныя міны, выкарыстанне якіх у вялікай колькасці дае эфект шматпавярховага салюту, трэба ўстанаўліваць за земляной, жалезнай, бетоннай заслонай або на вялікай адлегласці ад гледачоў (150—300 м), таму што ракеты пры выха- дзе з сігнальнай міны могуць паляцець не вертыкальна, а пад нахілам, і гэта можа з’явіцца прычынай пажару або няшчаснага здарэння;

— пры планiроўцы піратэхнічнай дзеі і размяшчэнні ракетных павільёнаў арганізатары павінны ўлічваць пастаянную ружу вятроў і разлічваць на аснове метэаралагічных прагнозаў магчымыя адхіленні ў руху паветраных мас. Калі на працягу дня мяняюцца напрамак і хуткасць ветру, арганізатары павінны перапланаваць (у залежнасці ад мясцовых умоў) месца размяшчэння і кiрунак выхаду ў паветра рознага тыпу ракет. У мэтах пажарнай бяспекі катэгарычна забараняецца запускаць ракеты ў бок пабудоў, лясоў і інш. Ігнараванне гэтага правіла можа прывесці да пажару. Напрыклад, пры святкаваннi 350-годдзя г.Мiёры ў Віцебскай вобласці адзін з піратэхнікаў у час салюту ажыццявіў запуск ракет па ветры. У выніку некалькі асвятляльных ракет на парашутах спланіравалі ў бок драўляных пабудоў, адна з iх трапіла на дах хаты, якая загарэлася, і хаця пажар хутка ліквідавалі, святочны настрой быў істотна сапсаваны;

— улік напрамку і сілы ветру — гэта адзін з важных аспектаў падрыхтоўкі піратэхнічнай дзеi і супрацьпажарнай бяспекi;

— пiратэхнічныя ўстаноўкі і вырабы паветранай дзеі (марціры розных калiбраў, сігнальныя міны, ракеты, піратэх-нічныя патроны) трэба размяшчаць па вертыкальнай лініі;

— на месцы правядзення феерверку неабходна паставіць на баявы пост нарад пажарнай аховы.

Своечасовае прыняцце прафілактычных і ахоўных мер пажарнай бяспекі будзе спрыяць захаванню здароўя і жыцця людзей, матэрыяльных каштоўнасцей, садзейнічаць эфектыўнасці эмацыянальнага i эстэтычнага ўспрымання свята.

Медыцынская служба

Экстранная медыцынская дапамога на свяце ажыццяўляецца спецыяльнай службай, якую ўзначальвае галоўны ўрач мясцовай бальніцы. У час падрыхтоўкі і правядзення свята гэтай службе неабходна вырашыць наступныя задачы:

— вызначыць персанал для абслугоўвання пры штабе медыцынскага пункта свята, супрацоўнікі якога (урач, медыцынская сястра) аказваюць гасцям і ўдзельнікам свята медыцынскую дапамогу пры раптоўным захворванні, абвастрэнні хранічнага працэсу або траўмы). Для медыцынскага пункта трэба пры штабе выдзелiць спецыяльны пакой, дзе павiнны знаходзiцца кушэтка i лекавыя сродкi. У практыцы свята могуць сустракацца выпадкi гвалтоўнай смерцi (нанясенне ран халоднай, вогнестрэльнай зброяй, сцісканне шыі пятлёй або рукамі і да т.п.). У гэтым выпадку разам з аказаннем пацярпеўшаму першай медыцынскай дапамогі і тэрміновым выклікам брыгады хуткай дапамогі на месца здарэння супрацоўнікі медыцынскага пункта павінны паведаміць у аддзяленне міліцыі аб выкліку, звязаным з падзеяй крымінальнага характару. Медыцынскі персанал, які аказвае хуткую дапамогу, абавязаны ў сваю чаргу тэрмінова інфармаваць аператыўную частку станцыі і адказнага дзяжурнага аддзялення міліцыі аб смяротным выпадку;

— выдзеліць для кожнай зоны святочнага дзеяння паходную аптэчку з лекавымі і перавязачнымі сродкамі першай дапамогі. Паходныя аптэчкі выдаюцца пад адказнасць рэжысёраў зон дзеяння свята;

— назначыць для аказання тэрмiновай хуткай дапамогі на свяце дзяжурных мнагапрофільнай спецыялiзаванай лінейнай брыгады. Машыны хуткай дапамогі ўвесь святочны дзень павінны знаходзіцца ў загадзя вызначаным месцы (звычайна побач або непадалёку ад радыёаўтобуса ці гукаўзмацняльнага цэнтра), аб чым інфармуюцца ўсе члены аргкамітэта і супрацоўнікi творчых, тэхнічных i гаспадарчых груп. Брыгада спецыялізаванай хуткай дапамогі мае права дастаўляць хворых і пастрадаўшых непасрэдна ў аддзяленне рэанімацыі, палаты інтэнсіўнай тэрапіi або ў спецыяльныя цэнтры (супраць-iнфарктныя, таксікалагічныя і да т.п.), абмінаючы прыёмны пакой. Стацыянар у гэтым выпадку загадзя апавяшчаецца праз аператыўны аддзел станцыі аб паступленні найбольш цяжкахворых.

Згодна з палажэннем аб гарадской станцыi хуткай медыцынскай дапамогі хворых i пастрадаўшых, дастаўленых машынамі хуткай дапамогі, павінны неадказна прыняць у прыёмным аддзяленні стацыянараў незалежна ад наяўнасці свабодных месцаў.

 

Кароткія вывады.

Дапаможныя службы свята дапамагаюць істотнейшым чынам паўплываць на вырашэнне шэрага арганізацыйных пытанняў. Так, транспартная служба наладжвае работу службовага і асобнага аўтатранспарту, служба бяспекі дарожнага руху – сустрэчу гасцей, суправаджэнне службовага аўтатранспарту і рух усіх відаў транспарту на свяце, арганізацыю работы аўтавакзалу свята; служба аховы парадку – забеспячэнне бяспекі пры правядзенні масавага мерапрыемства; служба пажарнай аховы- пажарную бяспеку ў перыяд арганізацыі і правядзення свята; медыцынская служба - экстраную медыцынскую дапамогу ў час рэпетыцый і непасрэдна на свяце.

 

Ключавыя словы.

 

Транспартная служба. Служба бяспекі руху. Служба аховы парадку. Служба пажарнай аховы. Медыцынская служба.

 


Дата добавления: 2018-04-04; просмотров: 287; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!