Пытанні для самастойнай працы па тэме



 

1. Прадстаўнікі якіх арганізацый уваходзяць у састаў дырэкцыі кірмашу ?

2. Якія існуюць патрабаванні да месца правядзення кірмашу ?

3. Пералічыце санітарна-медыцынскія патрабаванні да кірмашу ?

4. Раскрыйце змест кірмашовых гандлёвых атракцыёнаў Беларусі.

5. З якіх дзей складаецца праграма відовішчнай зоны кірмаша ?

6. Успомніце беларускія народныя забавы масава-гульнёвай зоны дзеяння кірмашу ?

7. Пералічыце традыцыйныя і сучасныя спартыўныя дзеі кірмашу ?

8. Якія святочныя дзеянні наладжваюць у дзіцячых зонах штогодніх святочных гандляў ?

 

                               Літаратура.

 

 

Басько, В. Пакровы на Магiлёўшчыне / В. Басько. — Мн.: БелІПК, 1993.

Гуд, П.А. Традыцыйнае і новае ў сучасных беларускіх восеньскіх святах / П.А. Гуд.  // Весці Акадэміі навук БССР. Сер. грамад. навук. — 1986. — № 6. 

Гуд, П.А. Народныя забавы беларусаў як сродак стварэння сучаснага гульнёвага комплексу ў парку / П.А. Гуд. — Мн.: Мін-ва культуры РБ, 1995.

Гуд, П., Гуд, Н. Беларускi кiрмаш / П.Гуд, Н. Гуд. — Мн.: Полымя, 1996.

Гуд, П.А. Тэхналогія стварэння свята / П.А. Гу. – Мн.: БДУКіМ, 2004.

Жук, В. Кірмаш, або Латарэя, у якой выйграюць усе / В. Жук. // Беларусь. — 1983. — № 2.

Жук, В. Кирмаш / В. Жук. // Трезвость и культура. — 1987. — № 1.

Козловский, И. Зельвенская ярмарка / И. Козловский. // Неман. — 1968. — № 5.

Устинюк, В. Кирмаш / В.Устинюк. // Вокруг света. — 1983. — № 9.

 

 

ТЭМА XIX. “ АРГАНІЗАЦЫЯ АБСЛУГОЎВАННЯ

ГАСЦЕЙ, АФІЦЫЙНЫХ ДЭЛЕГАЦЫЙ

І ТВОРЧЫХ КАЛЕКТЫВАЎ».

 

 

Пытанні.

 

1. Размяшчэнне запрошаных гасцей і калектываў.

2. Харчаванне ўдзельнікаў свята.

3. Распрацоўка культурнай праграмы для гасцей.

 

Мэта.

Вызначэнне шляхоў арганізацыі абслуговання удзельнікаў свята.

 

 

                       Тэкст лекцыі.

 

1.1. Размяшчэнне запрошаных гасцей і калектываў.

У перадсвяточныя дні напярэдадні вялікіх урачыстасцей у гарадах і вёсках узнікаюць складанасці з размяшчэннем лю-   дзей, таму што ў гэты перыяд атэлі звычайна перапоўнены.

Адміністратар або дырэктар свята ці вызначаны для вырашэння праблем засялення людзей член аргкамітэта павінен загадзя (за 1—3 месяцы да пачатку ўрачыстасцей) дамовіцца з гасцінічнай гаспадаркай горада (раёна) аб размяшчэнні на вызначаны тэрмін у пэўных атэлях усіх прыбываючых гасцей, а таксама ўдзельнікаў, якія заняты ў правядзенні свята.

Распрацоўваючы план размяшчэння ўдзельнікаў свята, спачатку трэба сабраць папярэднюю інфармацыю па гэтым пытанні.

1. Якія дэлегацыі, з якіх краін і абласцей прыбываюць на свята, іх агульная колькасць, мужчынскі і жаночы склад дэлегацый, сацыяльны і прафесійны статус удзельнікаў. Гэтую інфармацыю можна ўзяць з дасье на творчыя калектывы і дэлегацыі гасцей, якія распрацоўваюцца ў аргкамітэце.

2. Якія гасцініцы могуць прыняць людзей на вызначаны перыяд і якую колькасць, кошт пражывання на аднаго чалавека і агульны кошт іх утрымання. Калі атэльная гаспадарка не ў стане задаволіць неабходныя патрэбы ў гэтым плане або каштарыс не вытрымлівае выдаткаў на размяшчэнне гасцей, адміністратару свята трэба звярнуць увагу на інтэрнаты вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый. Справа ў тым, што амаль пры кожным інтэрнаце маюцца гасцінічныя комплексы або пакоі, таму частку дэлегацый можна размясціць і тут. У інтэрнатах (пры дамоўленасці з кіраўніцтвам арганізацыі) дэлегацыі гасцей можна размясціць не толькі ў гасцінічных пакоях і комплексах, а і ў пакоях навучэнцаў, студэнтаў, рабочых. Гэта няцяжка зрабіць, напрыклад, у той час, калі навучэнцы або студэнты знаходзяцца на зімовых ці летніх канікулах. У іншыя тэрміны або ў экстрэмальных сітуацыях адміністрацыя можа дамовіцца з пражываючымі ў інтэрнаце людзьмі аб іх кароткатэрміновым перасяленні ў іншыя ўжо заселеныя пакоі, а на вызваленыя месцы размясціць гасцей.

Умовы пражывання ў інтэрнаце могуць быць больш простыя і менш камфартабельныя, чым у атэлі, але гэта, па-першае, дазволіць станоўча вырашыць пастаўленую праблему, а па-другое, выдаткі на размяшчэнне будуць значна меншымі, чым у атэлях.

У некаторых выпадках арганізатары свят практыкуюць размяшчэнне запрошаных удзельнікаў свята ў турыстычных лагерах, санаторыях і дамах адпачынку. Для гэтага набываюць на неабходны тэрмін патрэбную колькасць пуцёвак, што адразу можа вырашыць як праблему размяшчэння, так і харчавання.

Сабраўшы папярэднюю інфармацыю, адміністратар разам з дырэктарам свята распрацоўваюць план размяшчэння ўдзельнікаў і зацвярджаюць яго ў старшыні аргкамітэта. Затым здзяйсняецца дагавор з адміністрацыяй атэляў або прадпрыемстваў ці навучальных устаноў, дзе маюцца інтэрнаты, і пералічваюцца на іх рахунак грошы за пражыванне ўдзельнікаў свята на вызначаны перыяд.

Позняй вясной або ранняй восенню (калі надвор’е не халоднае) удзельнікаў свята можна размясціць у дзіцячых летніках, якія ў гэты час яшчэ або ўжо не працуюць. Харчаванне ўдзельнікаў можна наладзіць непасрэдна ў летніку або ў бліжэйшых пунктах грамадскага харчавання.

У летні перыяд дапамогу ў вырашэнні праблемы размя-  шчэння гасцей можа аказаць спорткамітэт або турысцкая арганізацыя. У гэтым выпадку ў вызначанай арганізацыі згодна дамоўленасці неабходна арэндаваць турысцкія палаткі з драўлянай падстаўкай, спальныя мяшкі і пасцельныя рэчы (падушкі, прасціны, коўдры і інш.). У маляўнічым месцы (у лесе, на беразе возера, ракі) будуюць палатачны гарадок, што дае магчымасць сабраць усе дэлегацыі ў адным месцы. Да палатачнага гарадка трэба правесці часовую лінію электраперадач, зрабіць (згодна з санітарнымі правіламі) калодзеж або наладзіць штодзённы прывоз свежай вады. Харчаванне ўдзельнікаў на гэтым часовым жылым аб’екце можа адбывацца па спецыяльным графіку падвозу людзей на аўтобусах да пэўнага пункта грамадскага харчавання. Або наладжваецца работа паходнай кухні, якую можна арандаваць у вайсковым падраздзяленні. Такі ж палатачны гарадок мэтазгодна паставіць непадалёку ад здраўніц, дзе і будуць харчавацца людзі.

Вечарам у такіх палатачных гарадках можна арганізаваць разнастайныя культурныя мерапрыемствы (кастры дружбы, прагляд кінафільмаў на адкрытым паветры, сустрэчы з цікавымі людзьмі, песенныя фестывалі, спартыўныя спаборніцтвы і інш.).

Пабудова палатачнага гарадка дасць магчымасць у час правядзення свята вырашыць многія задачы: размяшчэння і харчавання людзей, арганізацыі вольнага часу, своечасовага збору на рэпетыцыі і інш.

У раённых цэнтрах, дзе гасцініцы невялікія па колькасці месцаў, адной са своеасаблівых формаў размяшчэння людзей можа з’явіцца арганізацыя перадсвяточнага фестывалю мастацтваў, так званыя тыдні культуры на вёсцы. У гэтым выпадку па спецыяльным графіку запрошаныя на свята калектывы ў перадсвяточныя дні даюць канцэрты ў загадзя вызначаных вёсках. Тут яны харчуюцца ў мясцовай сталовай, а на начлег размяшчаюцца ў мясцовай гасцініцы, інтэрнаце, школе або па хатах жыхароў. Усе гэтыя пытані трэба раней узгадніць з кіраўнікамі мясцовага сельсавета ці гаспадаркі. Канцэрты ў вёсках можна даваць бясплатныя. У гэтым выпадку выдаткі на ўтрыманне гасцей бярэ на сябе гаспадарка.

Часам такія канцэрты адбываюцца на платнай аснове з папярэднім продажам білетаў. Адной з формаў распаўсюджвання білетаў можа быць прамы разлік гледачоў праз касу, другой — пастанова сельскага сходу аб агульным праглядзе канцэрта з утрыманнем яго кошту ў канцы месяца з зарплаты работнікаў гаспадаркі або выплаты кошту канцэрта са сродкаў гаспадаркі, запланаваных на культмасавую работу. Частка грошай пералічваецца на рахунак творчага калектыву, а частка — у бухгалтэрыю гаспадаркі за ежу і жыллё. Размяшчэнне ўдзельнікаў творчых калектываў на начлег па хатах можа здзяйсняцца як на грамадскіх пачатках па дамоўленасці з асобнымі гаспадарамі, так і на платнай аснове за кошт гаспадаркі, якая прымае калектыў. Плата за начлег у такіх выпадках адбываецца па дамоўленасці бакоў.

У падобным варыянце размяшчэння ўдзельнікі творчага калектыву днём маюць магчымасць прыбыць на рэпетыцыю свята ў раённы цэнтр, а вечарам працягваць сваю гастрольную паездку, але ўжо ў іншай гаспадарцы. Такая практыка даволі распаўсюджана ў многіх раёнах краіны, дзе набыты пэўны вопыт у гэтым плане паказвае, што арганізацыя перадсвяточнага тыдня культуры на вёсцы дапамагае вырашыць пры падрыхтоўцы свята поліфункцыянальныя задачы, спрыяе якаснаму правядзенню святочнай дзеі.

Пры засяленні членаў замежных дэлегацый у атэль неабходна ўлічваць перш за ўсё ўзаемаадносіны прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. Каб пазбегнуць канфліктных сітуацый, не рэкамендуецца размяшчаць на адным паверсе прадстаўнікоў ваюючых паміж сабой дзяржаў.

Звесткі аб размяшчэнні калектываў і асобных гасцей даводзяцца да ведама кіраўнікоў груп: калі госці павінны засяліцца (хто і ў які нумар), а калі пакінуць месца пражывання. Часам куратару аддаюць толькі агульны пералік месцаў пражывання, а ўжо сам працэс рассялення адбываецца пры непасрэдным удзеле кіраўніка дэлегацыі. Але ў любым выпадку куратар нясе адказнасць за размяшчэнне сваёй дэлегацыі: згодна прадстаўленага яму плана ён забяспечвае сустрэчу дэлегацыі, суправаджае яе да месца размяшчэння і дапамагае рассяліць людзей, вырашаючы пры гэтым розныя пытанні.

1.2. Харчаванне ўдзельнікаў свята.

Свята запамінаецца не толькі ўражаннямі ад убачаных відовішчаў і разнастайных масава-гульнёвых дзей, але і тым, што людзі елі і пілі ў гэтыя святочныя дні. Таму арганізацыя харчавання з’яўляецца важным праблемным аспектам святочных дзеянняў.

Практыка паказвае, што на сучасных святах Беларусі работнікі грамадскага харчавання, супрацоўнікі прыватных фірмаў не заўсёды надаюць дастатковую ўвагу гэтым пытанням.

Таму дырэктару свята як яго галоўнаму каардынатару сумесна з арганізацыямі харчгандлю і прадпрыемствамі грамадскага харчавання неабходна вырашыць наступныя задачы.

1. Забеспячэнне кожнай зоны дзеяння свята сваім пунктам харчавання.

Пасля азнаямлення са сцэнарным планам і прынцыпам прасторавага вырашэння свята адказныя за харчаванне ўдзельнікаў павінны скласці план размяшчэння пунктаў харчавання, які неабходна ўдакладніць з галоўным рэжысёрам і галоўным мастаком. Напрыклад, у зоне кірмашу можна па-   ставіць кіёскі з халоднымі і гарачымі стравамі, у відовішчнай зоне — з прахаладжальнымі напіткамі і бутэрбродамі, у дзіцячай зоне — наладзіць продаж з латкоў марожанага, кандытарскіх вырабаў, напояў або работу кафэ “Ласунак” у форме лёгкіх павільёнаў са столікамі. Арганізатарам, зыхо-   дзячы з уліку мяркуемага прытоку людзей, трэба разлічыць неабходную колькасць пунктаў харчавання, каб не ствараць вялікую чаргу, што часта выклікае незадаволенасць           удзельнікаў, псуе ім настрой і перашкаджае эфектыўнаму ўспрыманню святочных дзей.

2. Разлік тэрміну работы пунктаў харчавання.

На многіх святах можна назіраць такую сітуацыю, калі пункты харчавання працуюць толькі першую палову дня, а вечарам, калі адбываецца масавы прыток людзей на святочныя мерапрыемствы, кіёскі і прылаўкі ўжо пустыя, што не спрыяе задавальненню матэрыяльных патрэб удзельнікаў і павышэнню іх святочнага настрою.

Зыходзячы з гэтага, дырэктару свята неабходна прасачыць, каб адказныя супрацоўнікі прадпрыемстваў грамадскага харчавання, па-першае, распрацавалі двухзменны графік работы прадаўцоў, а па-другое, разлічылі аб’ём і асартымент прадуктаў, неабходных на час іх работы (з улікам мяркуемай колькасці наведвальнікаў). Рашэнне гэтых задач дасць магчымасць арганізаваць бесперапынны гандаль, атрымаць большы даход ад рэалізацыі выстаўленых харчовых тавараў і, галоўнае, задаволіць патрэбы насельніцтва.

3. Аднаўленне культурна-бытавых традыцый беларусаў.

У Беларусі імклівымі тэмпамі ідзе працэс стварэння новай святочнай культуры, заснаванай перш за ўсё на народных традыцыях. Амаль ва ўсіх раёнах краіны адроджаны беларускія народныя святы каляндарнага цыкла. Але дагэтуль адным з самых вострых пытанняў застаецца захаванне і аднаўленне нашых спрадвечных культурна-бытавых традыцый. Якія Каляды без куцці, каўбас і іншых мясных страў, Масленіца без варэнікаў, галушак і бліноў, Гуканне вясны без выпечаных з цеста птушак і інш.? Але чамусьці ў народных святах каляндарнага тыпу гэтыя тыповыя беларускія святочныя стравы замянілі каўказскі шашлык, шаурма, плоў і кандытарскія вырабы сучаснага гатунку. Гэта разбурае цэласнасць народных свят, знішчае іх адметныя асаблівасці, нацыянальную спецыфіку і культурна-бытавую этнатрадыцыю.

Таму арганізатарам пры ўвасабленні народных свят асаблівую ўвагу трэба надаваць распрацоўцы рэцэптуры, вырабу і продажу абрадавых і святочных страў.

На некаторых святах продаж страў набывае гульнёвы характар: конкурс хатніх гаспадынь, якія прадстаўляюць на выставу нацыянальнай кухні вырабы свайго гатунку; конкурс прафесійных кухараў, якія на вачах у гледачоў змагаюцца за якасць і хуткасць прыгатавання розных страў (выпечка дранікаў, бліноў і інш.). Можна арганізаваць аўкцыён асобных беларускіх страў (смажанага парсючка, дзічыны, кумпякоў і інш.), пачынаючы аўкцыённыя таргі ад цаны сабекошту прадукцыі. На раённых святах часам наладжваюць выставу-продаж святочных страў з дэгустацыяй. На гэтай выставе       ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных вёсак, прычым адны стравы, напрыклад самаробныя каўбасы, удзельнікі з усіх паселішчаў выстаўляюць на адным стале, другія стравы — на другім стале, што дае магчымасць выявіць лепшых майстроў нацыянальнай кухні па кожнай канкрэтнай страве і выклікае вялікую зацікаўленасць ва ўсіх удзельнікаў свята. Формы гандлю могуць быць розныя, але галоўнае, каб на кожнам народным свяце быў на прылаўках свой спецыфічны набор традыцыйных страў, якія б спрыялі замацаванню беларускіх народных звычаяў.

Удзельнікі свята і госці, якія жывуць у гасцініцы, забяспечваюцца трохразовым харчаваннем — снеданнем, абедам і вячэрай. Але абеды і вячэры могуць быць арганізаваны і ў іншых пунктах грамадскага харчавання. Для своечасовай арганізацыі харчавання адміністрацыя рэстарана, кафэ, сталовай павінна загадзя ведаць тэрмін і рэжым работы, колькасць удзельнікаў свята. Сумесна з арганізатарамі свята адміністрацыя пункта харчавання вызначае час наведвання рэстарана, кафэ, сталовай, кошт дзённага рацыёну і парадак разліку. Меню ў гэтым выпадку складаюць загадзя і ўдакладняюць з заказчыкам, прычым часам прапануюць варыянты снеданняў, абедаў, вячэр.

Неабходнасць адначасовага абслугоўвання вялікай колькасці людзей патрабуе хуткасці і дакладнасці работы афіцыянтаў. Таму ў гэтыя дні пераглядаюць графік выхаду на работу абслуговага персаналу з тым, каб забяспечыць максімальную прысутнасць работнікаў у перыяд снедання і абеду.

 Найбольш зручна працаваць афіцыянтам, калі за кожным удзельнікам дэлегацыі замацавана пэўнае месца за сталом, а сталы сервіраваны загадзя. Да снедання, напрыклад, у адпаведнасці з заказам ставяць кубак для чая або кавы, падстаўку для яек, разеткі з джэмам, кісламалочныя прадукты. Для па-   скарэння абслугоўвання на стол можна падаваць чай у чайніках з разлікам на тое, што госці самі будуць наліваць гэты напітак. Хлеб таксама наразаюць загадзя і ўкладваюць на талеркі або хлебніцы, ставяць на сталы і накрываюць сурвэткай.

 Садзейнічаюць пашырэнню абслугоўвання дадатковыя раздачы ў зале.

Арганізацыя харчавання па безнаяўным разліку ўдзельнікаў прадугледжвае выдачу кніжак з разменнымі талонамі, раздзеленымі перфаратарам на часткі: снеданне, абед, вячэра. Калі харчаванне ўдзельнікаў мерапрыемстваў адбываецца за наяўны разлік, то афіцыянт робіць разлік у звычайным парадку.

Для абслугоўвання існуе і такая мера, як папярэдняе азнаямленне спажыўцоў з меню снеданняў, абедаў, вячэр. Меню раскладваюць на сталах. Наведвальнікі могуць адзначыць у іх стравы, якія яны жадаюць заказаць на заўтра. Метрдатэль абагульняе заказы і перадае іх загадчыку вытворчасці, што скарачае час харчавання.

Асаблівасці арганізацыі харчавання замежных гасцей.Прадстаўнікі аргкамітэта не пазней чым за месяц да пачатку свята заключаюць дагавор з арганізацыяй грамадскага харчавання (упраўленне, трэст, камбінат) на абслугоўванне замежных дэлегацый, у якім указваюць інтэрвалы абслугоўвання, умовы і парадак разліку за харчаванне. У далейшым прадпрыемствам за пяць дзён да пачатку абслугоўвання арганізатары свята прадстаўляюць графік прыбыцця замежных гасцей з указаннем краіны, з якой яны прыбываюць, колькасці ўдзельнікаў дэлегацыі, даты прыбыцця і працягласці знаходжання (у тым ліку дзяцей і гасцей, якія карыстаюцца дыетычным харчаваннем), колькасці асоб, якія суправаджаюць групу і для якіх таксама неабходна арганізаваць харчаванне, відаў прадстаўляемага харчавання (снеданне, абед, вячэра), даты і часу першага і апошняга абслугоўвання.

Арганізаванае харчаванне замежных гасцей праводзіцца ў асобных залах або за спецыяльна выдзеленымі сталамі ў агульнай зале. Калі абслугоўванне здзяйсняецца на працягу некалькіх дзён, то рэкамендуецца замацоўваць за замежнымі гасцямі пастаянныя месцы ў зале. Пры арганізацыі харчавання прадстаўнікоў розных краін у адной зале на сталы варта ўстанавіць флажкі гэтых краін.

Рэкамендуюцца наступныя арыенціровачныя інтэрвалы прыёму ежы: снеданне — з 8.00 да 10.00 гадзін, абед — з 12.00 да 15.00 гадзін, вячэра — з 17.00 да 20.00 гадзін.

Частка творчых і аматарскіх калектываў, асобных выканаўцаў прыязджаюць на свята толькі на адзін дзень, іх таксама неабходна забяспечыць харчаваннем. З гэтай мэтай дырэкцыя свята заключае дагавор з адміністрацыяй пункта грамадскага харчавання, вызначае меню комплексных абедаў, вячэр, распрацоўвае графік наведвання калектывамі рэстарана, кафэ ці сталовай, дзе яны будуць харчавацца. Куратары груп у адпаведнасці з графікам дастаўляюць калектывы ў пункты харчавання.

У многіх раёнах маецца наступная практыка: для харчавання калектываў, прыбыўшых на адзін дзень, выдзяляць адзін пункт харчавання, які закрываецца на гэты перыяд для вольнага наведвання і абслугоўвае толькі ўдзельнікаў свята. Гэта вельмі зручна ў арганізацыйным плане, таму што даецца магчымасць, па-першае, адразу ў адным месцы накарміць людзей, па-другое, у выпадку якіх-небудзь напрадбачаных абставін хутка замяніць тэрмін харчавання калектываў, памяняць іх месцамі, па-трэцяе, не парушаць работу іншых пунктаў харчавання, звярнуць іх намаганні на абслугоўванне святочных мерапрыемстваў.

У некаторых раёнах для паляпшэння ўмоў харчавання практыкуюць далучэнне да частковага або поўнага спонсарства мясцовыя сельскія гаспадаркі, якія бясплатна або на ўмовах аплаты па сабекошце прадукцыі ці па зніжанай цане прадстаўляюць частку прадуктаў рэстаранам, кафэ. У той жа час кафэ і рэстараны таксама могуць пайсці на частковае спонсарства, выставіўшы рахунак за абслугу, прыгатаванне страў не па сваіх расцэнках, а па расцэнках сталовай ІІ катэгорыі. Гэта значна памяншае выдаткі на харчаванне ўдзельнікаў і дазваляе зрабіць яго больш якасным.

Для членаў пастановачнай групы, якія ў дзень урачыстасцей заняты правядзеннем запланаваных дзей свята і не маюць часу наведаць пункт харчавання, па дамоўленасці з адміністрацыяй рэстарана яго супрацоўнікі дастаўляюць абеды ў штабную палатку, якая размяшчаецца звычайна каля гукаўзмацняльнага цэнтра.

 

1.3. Распрацоўка культурнай праграмы для гасцей

У наш час у Беларусі праводзіцца шмат традыцыйных святочных дзей вялікага маштабу, на якія часта запрашаюць з замежных краін і абласцей сваёй краіны афіцыйныя дэлегацыі, грамадскія арганізацыі, мастацкія і спартыўныя калектывы.

Як правіла, многія з гасцей упершыню прыбываюць у мясціны, дзе адзначаецца святочная падзея, таму аргкамітэту, акрамя вырашэння пытанняў размяшчэння і харчавання запрошаных, неабходна распрацаваць культурную праграму для кожнай канкрэтнай дэлегацыі ў час наведвання горада, раёна. Пры складанні праграм неабходна ўлічваць прафесійны, сацыяльны ўзровень дэлегацыі, яе інтарэсы і пажаданні. Асобныя раздзелы культурнай праграмы можна скарэкціраваць пасля першай сустрэчы з гасцямі, але ў агульным плане праграма застаецца нязменнай.

Культурная праграма — гэта комплекс мерапрыемстваў, мэта якіх — знаёмства гасцей з рознымі аспектамі матэрыяльнага і культурнага жыцця жыхароў пэўнай мясцовасці. Стварэнне плана культурнай праграмы і яе ўвасабленне дазваляюць мэтанакіравана, змястоўна і цікава арганізаваць вольны час гасцей у дні іх знаходжання ў гэтай мясцовасці.

Змест культурнай праграмы для ўдзельнікаў свята значна адрозніваецца ад агульнай праграмы свята тым, што ў яго ўключаны не толькі пералік святочных дзей, але і мерапрыемствы, у якіх вырашаюцца арганізацыйныя пытанні (работа аўтатранспарту, час і месца харчавання ўдзельнікаў, час правядзення рэпетыцый), а таксама культурна-масавыя дзеі, якія наладжваюць спецыяльна для ганаровых гасцей, прыбыўшых творчых калектываў, дэлегацый.

Культурная праграма, якая адлюстроўвае ўсе аспекты знаходжання дэлегацый і асобных прадстаўнікоў у дні святкавання, з’яўляецца асноўным дакументам, па якім працуюць куратары груп. Усе мерапрыемствы культурнай праграмы фінансуюцца са сродкаў, адпушчаных на правядзенне свята. Частка мерапрыемстваў можа быць наладжана на спонсарскіх ці грамадскіх пачатках, а частка — як дадатковая паслуга, якая аплачваецца самімі ўдзельнікамі. Культурная праграма распрацоўваецца ў ніжэйпералічаных кірунках.

1. Пазнавальна-інфармацыйны напрамак.

Каб пазнаёміць гасцей з мясцовасцю, дзе адбываецца свята, варта арганізаваць аўтобусныя, пешаходныя або водныя экскурсіі, у час правядзення якіх экскурсавод раскрывае гасцям гісторыю горада і этымалогію яго назвы, паказвае архітэктурныя пабудовы розных стагоддзяў, помнікі дзеячам навукі, культуры і мастацтва, наведвае разам з імі мемарыяльныя комплексы, выставачныя залы, паркі і інш. Калі такую маштабную экскурсію немагчыма арганізаваць, можна абмежавацца экскурсіяй у мясцовы краязнаўчы музей або праглядзець дакументальны кінафільм ці відэафільм аб горадзе, раёне. Але ў любым выпадку гасцей абавязкова трэба азнаёміць з гісторыяй краю, каб яны мелі аб ім пэўнае ўяўленне. Такую ж пазнавальную інфармацыю госці могуць атрымаць у час правядзення афіцыйнай сустрэчы з кіраўнікамі горада ці раёна, дзе адбываецца свята.

2. Прафесійны напрамак.

Для ўдзельнікаў дэлегацый мэтазгодна арганізаваць з улікам іх прафесійных інтарэсаў сустрэчы з дзеячамі працы, навукі, культуры, мастацтва, спорту. Гасцям было б цікава наведаць аднапрофільныя арганізацыі, прадпрыемствы, установы. Разам з тым можна наладзіць правядзенне круглых сталоў, прафесійных канферэнцый з шырокім абменам думкамі, вопытам работы.

3. Адпачынкавы напрамак.

На святах удзельнікі творчых і аматарскіх калектываў жадаюць не толькі дэманстраваць сваё майстэрства, але і змястоўна праводзіць свой адпачынак, пазнаючы адметныя асаблівасці культурнага жыцця таго краю, куды яны прыехалі.

З гэтай мэтай ім можна прапанаваць шэраг відовішчных, масава-гульнёвых мерапрыемстваў, якія б адлюстроўвалі мясцовую спецыфіку. У пералік такіх мерапрыемстваў можна ўключыць прагляд спектакляў мясцовых тэатраў, канцэртаў творчых калектываў, спаборніцтваў па нацыянальных відах спорту. Варта наладзіць удзел гасцей у вечарах адпачынку, дзе пазнаёміць іх з нацыянальнымі танцамі, мясцовымі гульнямі і забавамі.

У культурнай праграме жыццё прыбыўшага калектыву павінна быць адлюстравана пагадзінна на кожны дзень свята. За кожнай дэлегацыяй трэба замацаваць куратара, які будзе суправаджаць гасцей на ўсе мерапрыемствы.

 

Кароткія вывады.

Арганізацыя абслугоўвання гасцей складаецца з вырашэння шэрага праблемных пытанняў. План размяшчэнне запрошаных асцей і калектываў складаецца са сбору папярэдняй інфармацыі аб прыбываючых гасцях, дамовы з арганізацыямі  

жыллёвай гаспадаркі аб размяшчэнні гсцей, улічваючы іх узрост, сацыяльны статус і нацыянальнасць. Працэс засялення здзяйсняе куратар группы.

Пры вырашэнні пытання харчавання гасцей арганізатары забяспечваюць кожную зону дзеяння сваім пунктам харчавання, разлічваюць тэрміны іх работы, імкнуцца аднавіць беларускіякультурна-бытавыя традыцыі, арганізоваюць харчаванне па наяўнаму і безнаяўнаму разліку.

Культурная праграма для гасцей распрацоўваецца з улікам пазнавальна-інфармацыйнага, прафесійнага і адпачынкавага напрамкаў.

Ключавыя паняцці.

 

Размяшчэнне і харчаванне ўдзельнікаў свята. Культурная праграма для гасцей.


Дата добавления: 2018-04-04; просмотров: 223; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!