ТЭМА V. «Арганізацыйна-вытворчы аналіз сцэнарыя свята»



Пытанні:

 

1. Этапы арганізацыйна-вытворчага аналізу сцэнарыя.

2. Творчае забеспячэнне свята.

3. Матэрыяльна-тэхнічнае і арганізацыйнае забеспячэнне.

Мэта: Выяўленне магістральных пытанняў увасаблення свята і шляхоў іх вырашэння.

 

                      Тэкст лекцыі.

1.1. Адным з галоўнейшых этапаў i самым вырашальным на пачатковай стадыi стварэння знешняй формы свята з’яўляецца аналiз сцэнарыяў святочных дзей з пункту гле-  джання iх творчага, матэрыяльна-тэхнiчнага, арганiзацыйнага i фiнансавага забеспячэння.

Iдэальным лiчыцца той варыянт, калi арганiзатары пры ўвасабленнi свята iмкнуцца выканаць усё, што закладзена ў сцэнарыi. Пры такiм падыходзе не ўзнiкае нiякiх праблем, бо ўсё, што задумана творцамi-сцэнарыстамi i пастаноўшчыкамi, падвяргаецца неадкладнаму вырашэнню i выкананню па ўсiх аспектах забеспячэння. Але гэта здараецца даволi рэдка.

На сучасным этапе з прычыны цяжкiх эканамiчных абставiн краiны сродкi на вызначаны пералiк свят плануюцца як Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь, так i яго падначаленымi структурнымi падраздзяленнямi на год наперад, прычым кошт кожнага канкрэтнага свята акрэслiваецца вельмi прыблiзна. Як правiла, гэтых сродкаў не хапае, каб забяспечыць творчыя задумы пастаноўшчыкаў i работнікаў мастацтва i культуры. Таму прыходзiцца па некалькi разоў перарабляць сцэнарна-рэжысёрскiя распрацоўкi.

Аднак нягледзячы на складаную сiтуацыю (у любым варыянце ўвасаблення свята) этапы арганiзацыйна-вытворчага аналiзу застаюцца нязменнымi. Гэта:

1) творчае забеспячэнне;

2) матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне;

3) фiнансаванне свята.

На ўсiх трох этапах сцэнарый разглядаецца з розных пазiцый i ва ўзаемасувязi, што дазваляе скласцi дакладную карцiну мер, якiя неабходна прыняць для таго, каб адбылося свята.

 

1.2.Першапачатковым, галоўным i вырашальным этапам арганiзацыйна-вытворчага аналiзу сцэнарыя з’яўляецца высвятленне пытанняў творчага забеспячэння свята, ад дэталёвай распрацоўкi якога залежыць лёс увасабляемых святочных дзей.

Такі аналiз праводзяць галоўны рэжысёр, галоўны мастак, рэжысёры-пастаноўшчыкi i гукарэжысёр. Ён ажыццяўляецца па наступных кiрунках:

1. Вызначэнне калектываў (мастацкiх, спартыўных, гульнёвых, ваенна-паказальных i iнш.), а таксама асобных выканаўцаў, якiя будуць выступаць з гатовымi праграмамi.

Даволi часта ў сцэнарыi ўжо закладзены пералiк калектываў-удзельнiкаў, i iх назвы трэба толькi выпiсаць для далейшых удакладненняў. Але калi такi пералiк адсутнiчае, пастаноўшчыкi павiнны ўнесцi свае прапановы.

Напрыклад, у сцэнарыi не закладзены пералiк, а толькi занатавана, што фестываль мастацтваў на свяце працягваецца з 15.00 да 19.00 гадзін.

Рэжысёр, у сваю чаргу, зыходзячы з творчых меркаванняў, выступленне аднаго калектыву абмяжоўвае 30 мінутамi.

Падзялiўшы 4 гадзiны (агульны час правядзення фестывалю) на 30 мінут (час выступлення аднаго калектыву), пастаноўшчык атрымлiвае лiчбу 8, якая i вызначае колькасць калектываў-удзельнiкаў.

Затым рэжысёр на аснове дакладнага ведання мясцовых творчых сiл прапануе, якiя канкрэтна калектывы, як мясцовыя, так i запрошаныя, павiнны, на яго думку, прыняць удзел у фестывалі.

2. Выпiска новых пластычных нумароў, апiсаных у сцэнарыi, якiя трэба падрыхтаваць пры ўвасабленнi абрадава-рытуальных, мастацкiх, гульнёвых i спартыўных дзей.

Высвятляючы гэту пазiцыю, пажадана, каб рэжысёры не толькi зрабiлi пералiк новых творчых распрацовак, але i iх iнтэрпрэтатараў i выканаўцаў. Гэтым яны значна палегчаць далейшую работу дырэктара, адмiнiстратара i бухгалтара свята.

3. Высвятленне нумароў музычна-гукавой партытуры свята.

Галоўны рэжысёр разам з музычным кiраўнiком i гукарэжысёрам разглядаюць, якiя, згодна са сцэнарыем, новыя песнi, музычныя фрагменты неабходна стварыць для суправаджэння святочных дзей i якога кампазiтара запрасiць для гэтых мэт. Падобная работа праводзiцца i ў адносiнах да фанаграмы свята (якiя музычныя i моўныя нумары павiнны гучаць у эфiры з указаннем iх аўтараў, назваў i ў выкананнi якiх калектываў i асобных выканаўцаў).

4. Выяўленне прапанаванага ў сцэнарыi вобразнага вырашэння свята ў архiтэктурна-дэкаратыўным афармленнi.

Галоўны мастак, прааналiзаваўшы вобразную сiстэму свята, пасля кансультацый з галоўным рэжысёрам распрацоўвае прасторавае вырашэнне, план размяшчэння зон дзеяння, галоўны i дадатковыя мiзансцэнiчныя пункты i робiць папярэднiя эскiзы ўсiх аб’ектаў архiтэктурна-дэкаратыўнага афармлення (часовых пабудоў, касцюмаў, рэквiзiту i інш.).

5. Дэталёвая распрацоўка поўнага складу пастановачнай групы.

На аснове творчых патрэб, выяўленых у працэсе аналiзу сцэнарыя, галоўны рэжысёр абгрунтоўвае склад пастановачнай групы, прытрымлiваючыся наступных крытэрыяў:

— кожнае святочнае мерапрыемства, якое патрабуе творчай распрацоўкi i ўвасаблення, павiнна мець свайго рэжысёра-пастаноўшчыка, паколькi галоўны рэжысёр займаецца агульным кiраваннем творчага працэсу i пастаноўкай цэнтральных вузлавых фрагментаў: адкрыццё, закрыццё i кульмiнацыйная дзея свята;

— кожны новы нумар, якi будзе ўведзены ў структуру святочных дзей, згодна з зацверджаным сцэнарыем, павiнен увасабляць асобны пастаноўшчык адпаведнага жанру (балетмайстар, кампазiтар, хормайстар, рэжысёр па спорту, гульнёвых, пiратэхнiчных дзей i інш.);

— у кожнай зоне свята пры рэжысёры-пастаноўшчыку павiнна быць дапаможная творчая група (1—2 асiстэнты рэжысёра, 1—2 вядучых або дыктараў);

— на кожным з гукавых пунктаў свята павiнен працаваць асобны гукааператар.

Удакладнiўшы i занатаваўшы на паперу ўсе вызначаныя пазiцыi, а таксама дадаўшы да iх спiс галоўных творчых асоб, зацверджаных палажэннем аб правядзеннi свята, галоўны рэжысёр складае структуру пастановачна-творчай групы з пералiкам адказных творчых асоб, iх пасад i званняў.

1.3.Пасля выяўлення рознабаковых аспектаў творчага забеспячэння свята пачынаецца наступны этап арганiзацыйна-вытворчага аналiзу сцэнарыя — высвятленне пытанняў матэрыяльна-тэхнiчнага i арганiзацыйнага забеспячэння. Гэтую частку работы праводзяць дырэктар i адмiнiстратар свята, якiя пры ўзнiкненнi пэўных пытанняў кансультуюцца з бухгалтарам i галоўным рэжысёрам.

Аналiз грунтуецца на аснове глыбокага, удумлiвага вывучэння сцэнарыя і плана творчага забеспячэння свята, якi зацверджаны галоўным рэжысёрам.

Аналiз складаецца з нiжэйпералічаных аспектаў.

1. Арганiзацыйна-вытворчае дасье на творчыя калектывы.

Разглядаючы пералiк удзельнiкаў свята, дырэктар i адмiнiстратар асобна павiнны правесцi пэўны аб’ём папярэднiх iнфармацыйна-даведачных работ аб кожным калектыве з мэтай складання арганiзацыйна-вытворчага дасье, якое распрацоўваецца па наступных параметрах:

— дакладная, поўная назва калектыву, яго адрас, тэлефон, спiс удзельнiкаў з поўным указаннем прозвiшча, iмя, iмя па бацьку кожнага з iх;

— звесткі пра мастацкага кiраўнiка калектыву з поўным указаннем прозвiшча, iмя, iмя па бацьку, ганаровага звання, рэгалiй (калi такiя ёсць);

— анатацыя творчай дзейнасцi калектыву;

— пералiк нумароў мастацкай праграмы, з якой калектыў будзе выступаць на свяце, з указаннем назвы твора, яго аўтара i выканаўцаў;

— кошт аднаго выступлення калектыву;

— на якi тэрмiн для ўдзелу ў святочных дзеяннях запрашаецца калектыў (некалькi гадзiн, адзiн—два днi, тыдзень i г.д.);

— хто забяспечвае калектыў аўтатранспартам (калi транспарт аргкамiтэта, даведацца дату, час i адрас, адкуль забiраць калектыў, куды даставiць i калi адвозiць дадому — дата, час i месца прызначэння. Калi калектыў сам забяспечвае аўтатранспарт, то неабходна прызначыць месца яго стаянкi пад аховай мiлiцыi ў начны час);

— прозвiшча, iмя, iмя па бацьку, месца работы i тэлефон куратара творчага калектыву;

— мужчынскi i жаночы склад калектыву;

— месца размяшчэння калектыву на начлег;

— месца i час харчавання ўдзельнiкаў калектыву;

— месца i час правядзення рэпетыцый i выступленняў калектыву;

— месца пераапранання калектыву ў час святочных дзеянняў (аўтатранспарт калектыву, палатка для пераапрананняў на адкрытым паветры або грымуборныя з указаннем iх нумароў);

— якая мэбля (крэслы, сталы, лавы i інш.) патрэбна калектыву для выступлення;

— колькi мiкрафонаў i якая гукаапаратура (прайгравальнікі лазерных дыскаў, касетныя або лентачныя магнiтафоны) патрэбны для тэхнiчнага забеспячэння выступлення;

— месца захавання элементаў мастацка-дэкаратыўнага афармлення (касцюмаў, рэквiзiту i інш.) калектыву;

— набыццё святочных сувенiраў калектыву i яго ўдзельнiкам;

— забеспячэнне калектыву праграмай, афiшамi i буклетамi свята;

— арганiзацыя сустрэчы i суправаджэння аўтатранспарту калектыву спецыяльным аўтатранспартам ДАI.

Арганiзацыйна-вытворчае дасье на асобных выканаўцаў складаецца па такім жа прынцыпе.

Што тычыцца дасье дэлегацый гасцей свята, то тут iнфармацыйна-даведачная работа абмяжоўваецца пайменным пералiкам гасцей з указаннем iх пасад i ганаровых званняў, а таксама ўключае пытаннi харчавання, пражывання, вызначэнне куратара групы i забеспячэнне гасцей аўтатранспартам, праграмай свята i сувенiрнай прадукцыяй.

2. Матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне працэсу падрыхтоўкi новых нумароў.

Вызначаючы меры матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння нумара, якi патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкi, дырэктар i адмiнiстратар спачатку выпiсваюць з плана творчага забеспячэння пералiк такiх дзей, а затым вывучаюць i аналiзуюць сцэнарную распрацоўку, у якой кожны нумар мае арыенціровачнае апiсанне.

Напрыклад, у сцэнарыi занатавана:

«На поле стадыёна выходзяць 600 гiмнастак у бела-блакiтных спаднiчках i блузках. У руках яны трымаюць двухбаковыя сiне-зялёныя шалiкi i маленькiя закрытыя парасончыкi. На фоне лiтаратурна-музычнай кампазiцыi гiмнасткi робяць многафiгурныя пабудовы беларускага нацыянальнага арнаменту, затым утвараюць “бягучую плынь ракi”. Па “рацэ” плывуць “лодкi”, з якiх дзяўчаты ў беларускiх нацыянальных строях (удзельнiцы танцавальных калектываў) апускаюць у “раку” вянкi. Частка гiмнастак, прысеўшы, накрывае сябе зялёнымi шалiкамi i раскрывае парасончыкi-кветкi, утва-раючы “кветкавае поле”. У цэнтры яго ўзнiкае высокае полымя дэкаратыўнага вогнiшча, вакол дзяўчаты—удзельнiцы танцавальных калектываў (60 чалавек) — водзяць купальскi карагод».

Каб гэта маляўнiчае вiдовiшча змагло адбыцца, дырэктар i адмiнiстратар у вынiку аналiзу апiсанага дзеяння павiнны прадугледзець наступнае:

— на базе якiх арганiзацый i ўстаноў (школы, ПТВ, ВНУ і інш.) будуць фармiравацца групы ўдзельнiкаў нумара;

— хто будзе ўвасабляць аналiзуемы нумар (прозвiшча, iмя, iмя па бацьку пастаноўшчыка);

— якую колькасць удзельнiкаў можа прадставiць кожная вызначаная арганiзацыя цi ўстанова;

— хто з прадстаўнiкоў вызначаных устаноў будзе адказваць за арганiзацыю i правядзенне рэпетыцый на сваiх мясцовых спортпляцоўках i ў танцавальных залах, за дастаўку ўдзельнiкаў на зводныя рэпетыцыi, а таксама за кантроль i захаванне працоўнай дысцыплiны ў час рэпетыцыйнага працэсу i на свяце;

— якiм чынам будзе здзейснена дастаўка ўдзельнiкаў нумара на зводныя рэпетыцыi i свята (пехатой, на транспарце ўстановы цi на службовым транспарце свята);

— якiх памераў павiнны быць вопратка, абутак i шкарпэткi для 600 гiмнастак;

— якiм чынам забяспечыць гiмнастак вопраткай i абуткам (арэнда цi часовае дабрачыннае ахвяраванне ў спартыўных установах, калi там усё вызначанае ёсць у наяўнасцi, або пашыў касцюмаў у вытворчых майстэрнях);

— колькi метраў матэрыялу трэба набыць у магазiне i колькi ён каштуе;

— хто будзе здзяйсняць заказ па вырабе вопраткi i абутку i колькi каштуе гэта работа;

— якая арганiзацыя будзе вырабляць, згодна з распрацаванымі мастаком эскiзамі, рэквiзiт i бутафорыю нумара (двухбаковыя шалiкi, парасончыкi, лодкi, вянкi, дэкарыраваную канструкцыю вогнiшча);

— колькi будзе каштаваць выраб кожнай адзiнкi рэквiзiту i бутафорыi;

— у якiм месцы будуць захоўваць касцюмы, абутак, рэквiзiт i бутафорыю i хто будзе іх выдаваць i прымаць ад       удзельнiкаў нумара;

— на базе якой студыi будзе адбывацца гуказапiс фанаграмы музычна-лiтаратурнай кампазiцыi;

— колькi каштуе арэнда студыi гуказапiсу i аплата работы артыстаў;

— хто будзе здзяйсняць работу гукааператара нумара на рэпетыцыях i свяце i колькi каштуе яго праца;

— якiм чынам будзе ажыццяўляцца дастаўка гукаўзмацняльнай i гукааднаўляльнай апаратуры на рэпетыцыi i свята.

Такi або падобны арганiзацыйна-вытворчы аналiз i канкрэтныя прапановы па вырашэнні праблем здзяйсняюцца па кожным новым нумары, якi рыхтуецца ў праграме святочных дзеянняў.

1.3. Матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне падрыхтоўкi мастацка-дэкаратыўнага афармлення.

Дырэктар i адмiнiстратар свята, грунтуючыся на эскiзах мастацкага афармлення, распрацаваных галоўным мастаком i прадстаўленых у плане творчага забеспячэння, высвятляюць:

— колькi эстрадных, гульнёвых пляцовак, пiратэхнiчных канструкцый, гандлёвых i iншых часовых пабудоў неабходна вырабiць;

— з якога матэрыялу будзе выраблена кожная часовая пабудова i кошт гэтага матэрыялу;

— хто зможа ажыццявiць пастаўку неабходных матэрыялаў;

— якiя арганiзацыi будуць займацца вырабам пляцовак, агульны кошт iх вытворчых i мантажных работ;

— якiя вытворчыя майстэрнi будуць вырабляць элементы мастацка-дэкаратыўнага афармлення, якi для гэтага патрабуецца аб’ём работ, iх кошт;

— каму зрабiць заказ на выраб бутафорыi i рэквiзiту свята, колькi будзе каштаваць iх выраб;

— якая арганiзацыя ажыццявiць дастаўку на пляцоўкi i мантаж вырабленага мастацкага афармлення святочнага дзеяння;

— якiя часовыя электралiнii трэба пабудаваць на тэрыторыi свята i хто будзе вырашаць гэта пытанне;

— якiя арганiзацыi паставяць святлоапаратуру свята (пражэктары, праекцыйныя апараты, лазерныя ўстаноўкi i iнш.) i хто ажыццявiць iх мантаж;

— пералiк i найменаванне адзiнак мэблi, патрэбнай на сцэнiчных пляцоўках (з якiх арганiзацый можна яе ўзяць у часовае карыстанне);

— якiм чынам будзе здзейснена касцюмiраванне ўдзельнiкаў свята (падбор з касцюмерных тэатраў i Палацаў культуры, арэнда цi выраб у майстэрнях), хто будзе вырашаць гэтае пытанне.

У кожным свяце матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне, падрыхтоўка мастацкага афармлення маюць спецыфiчныя асаблiвасцi i дэталiзуюцца на аснове аналiзу сцэнарыя i эскiзаў мастака.

Паколькi мы асвятляем пытаннi, найбольш характэрныя для ўсiх свят, этапы мастацка-дэкаратыўнага афармлення больш падрабязна будуць разгледжаны далей.

Трэба адзначыць, што дырэктар i адмiнiстратар свята разам з занатаваннем агульных аспектаў i дэталiзацыi асобных момантаў творчага, матэрыяльна-тэхнiчнага i арганiзацыйнага забеспячэння свята вызначаны аб’ём i кошт усiх работ перадаюць у бухгалтэрыю свята.

 

Кароткія вывады.

На пачатковым этапе стварэння свята арганізацыйна-вытворчы аналіз сцэнарыя з”ўляецца самым вырашальным з пункту гледжання пастаноўкі і вырашэння задач творчага, матэрыяльна-тэхнічнага, арганізацыйнага і фінансавага забеспячэння ўсіх святочных дзей.

У творчым накірунку прадметам аналіза становяцца творчыя калектывы з гатовымі праграмамі, новыя пластычныя нумары і нумары музычна-гукавой партытуры свята, мастацка-дэкаратыўнае афармленне, склад пастановачнай группы.

У напрамку матэрыяльна-тэхнічнага і арганізацыйнага забеспячэння свята важнейшымі аспектамі аналізу з”ляюцца распрацоўка арганізацыйна-вытворчага дасье на творчыя калектывы і асобных выканўцаў, забеспячэнне стварэння новых нумароў.

 

Ключавыя паняцці: арганізацыйна-вытворчы аналіз, вытворчае дасье , склад пастановачнай групы, вытворчы працэс падрыхтоўкі новых нумароў.

Пытанні для самастойнай працы па тэме:

1. Якім чынам праводзіцца аналіз творчага забеспячэння свята ?

2. Па якіх параметрах робіцца дэталёвая распрацоўка поўнага складу пастановачнай групы ?

3. Як складаецца арганізацыйна-вытворчае дасье на творчыя калектывы ?

4. Прывядзіце прыклады аналізу матэрыяльна-тэхнічнага і арганізацыйнага забеспячэння падрыхтоўкі новых нумароў.

5. Якім чынам здзяйсняецца аналіз матэрыяльна-тэхнічнага і арганізацыйнага забеспячэння падрыхтоўкі мастацка-дэкаратыўнага

афармлення ?

 

6. Назавіце этапы арганізацыйна-вытворчага аналізу сцэнарыя.

 

ЛІТАРАТУРА.

 

1. Гуд П.А. Тэхналогія стварэння свята. – Мн., 2004.- с.45 – 55.

 

 


Дата добавления: 2018-04-04; просмотров: 327; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!