Тэма II. « АРГАНІЗАЦЫЙНЫ КАМІТЭТ



Nbsp; Факультэт ТБК і СМ Кафедра рэжысуры абрадаў і свят                                                                                 П.А.. Г УД                 КУРС ЛЕКЦЫЙ ПА ПРАДМЕЦЕ                                                       “ ТЭХНАЛОГIЯ СТВАРЭННЯ СВЯТА”                  ( для спецыяльнасці “ рэжысура”  )                Лектар - прафесар Гуд П.А.             4 - 5 курс ФТБК і СМ , 21 лекцыя, 42 гадзіны .     Мінск 2007    

Тэма 1.      УВОДЗІНЫ.

 

Пытанні:

 1.1. Святочная культура Беларусі на сучасным этапе.

 1.2. Пачатковы этап падрыхтоўкі свята.

 1.3. Прынцыпы складання папярэдняга каштарысу свята.

 

Мэта: Выяўленне тэхналагічных праблем арганізацыі, работы ініцыятыўнай групы , спосабаў складання каштарысу свята. 

 

                         Тэкст лекцыі.

1.1.У нашай краіне заўсёды надавалася ўвага развіццю новай святочнай культуры і святочных абрадаў, якія адлюстроўваюць этнiчную спецыфiку i мастацкiя традыцыі беларускага народа. Сёння мы з упэўненасцю можам сказаць, што гэта праблема ў многiм вырашана. Па-першае, у краiне склалiся ўстойлiвыя традыцыi правядзення народных свят каляндарнага цыкла, такіх як Каляды, Масленiца, Вялiкдзень, Купалле, Дажынкi. Штогод ва ўсiх раёнах праводзяцца святочныя кiрмашы як абрадава-гульнёвая форма завяршэння сельгасработ. Па-другое, шырокае распаўсюджанне атрымалi святы мастацтваў рэгiянальнага i рэспублiканскага ўзроўняў, а такiя, як “Славянскi базар” (Вiцебск), “Сожскi карагод” (Гомель), “Музычная восень” (Мiнск), “Залаты шлягер” (Магілёў ), “Звiняць цымбалы i гармонiк” (Паставы) i iншыя, набылi мiжнародны статус, шырокавядомы ў нас i за мяжой. Па-трэцяе, у вынiку самаадданай творчай работы дзеячаў культуры i мастацтва з’явiлiся новыя унiкальныя святочныя формаўтварэннi: Свята беларускага пiсьменства (Полацк, Тураў, Навагрудак, Орша, Заслаўе, Мір), Дзень незалежнасцi, Дажынкi, Свята нацыянальных культур Беларусi (Гродна), Усебеларускае свята народнага гумару ў Аўцюках, святы народных рамёстваў, фестывалі ў гонар юбілеяў выдатных дзеячаў беларускай літаратуры, культуры і мастацтва i iнш. Пачалося станаўленне хрысцiянскiх мiстэрый i духоўных свят, новай студэнцкай абраднасцi (дзень ведаў, iнаўгурацыя ВНУ, святы выпускнiкоў). Вялiкай папулярнасцю карыстаюцца святы гарадоў i вёсак, феерверкi, пабудаваныя на пiратэхнiчных традыцыях ХVII—ХVIII стст.

Усё гэта сведчыць, што святочная культура Беларусi жыве i развiваецца. Плённая работа Мiнiстэрства культуры РБ, Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры і мастатваў, Саюза фалькларыстаў Беларусі, Беларускага інстытута праблем культуры, абласных навукова-метадычных i раённых цэнтраў культуры садзейнiчае вырашэнню многiх задач творчага характару.

Але ў працэсе станаўлення новай святочнай культуры ра- зам са шматлiкiмi творчымi знаходкамi выявiўся i шэраг тэхналагiчных праблем, звязаных з матэрыяльна-тэхнiчным, адмiнiстрацыйным i фiнансавым забеспячэннем свята. Новыя эканамiчныя ўмовы патрабуюць i новых падыходаў да ўвасаблення свята. У адрозненне ад практыкi мiнулых гадоў зараз любая творчая задума можа быць рэалiзавана толькi тады, калi мае значную эканамiчную базу. Рэжысёр сёння выступае не толькi ў якасцi творцы, як гэта было раней, але i ў значнай ступенi ў ролi арганiзатара, эканамiста, адміністратара, якi павiнен умець суадносiць маштаб творчай задумы з рэалiямi матэрыяльна-тэхнiчных i фiнансавых сродкаў, выдзеленых на пастаноўку.

Аналiз паказвае, што пераважная большасць рэжысёраў свят краіны не валодаюць або слаба знаёмы з ведамi ў галiне арганiзацыi свята. На гэтую тэму творчыя семiнары, на жаль, не праводзяцца нiводнай дзяржаўнай структурай. Курс “Арганiзацыйны план падрыхтоўкi свята”, якi чытаецца на кафедры рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры, забяспечвае толькi невялiкую колькасць будучых рэжысёраў i не можа пакуль што вырашыць пастаўленую задачу ў масштабе ўсёй дзяржавы.

 Мiж тым якасць свят у многiм змяншаецца з-за няведання рэжысёрамi функцыянальных абавязкаў членаў структурных падраздзяленняў аргкамiтэта, спосабаў стварэння перадсвяточнай атмасферы, адсутнасцi навыкаў арганiзацыйна-вытворчага аналiзу сцэнарыя i стварэння на гэтай аснове рабочага плана падрыхтоўкi свята, яго творчага i матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння. У многiх раёнах святы лiтаральна “правальваюцца” з прычыны недакладнага вырашэння вытворчых аспектаў арганiзацыi абслугоўвання запрошаных гасцей i творчых калектываў, рэкламы свята, работы дапаможных службаў, дрэннага гукавога i мастацка-дэкаратыўнага афармлення.

Таму ў блiжэйшыя гады вышэйшым i сярэднiм навучальным установам культуры i мастацтва, метадычным падраз-  дзяленням сiстэмы Мiнiстэрства культуры Беларусі трэба звярнуць увагу на распрацоўку методыкі арганiзацыi свята .

 

 

I. 2. Нараджэнне свята можа адбывацца па-рознаму: з сацыяльнага цi прыватнага заказу, абумоўленага неабходнасцю адлюстравання падзеi ў жыццi грамадства, калектыву, асобы; са з’яўлення новай аўтарскай iдэi, у якой прапануюцца святочныя формаўтварэннi або новыя рашэннi i творчыя падыходы да ўжо iснуючых святочных дзеянняў. Але ў любым выпадку на пачатковым этапе перад яго iнiцыятарамi паўстае шэраг арганiзацыйных пытанняў. Перш за ўсё гэта стварэнне iнiцыятыўнай групы з лiку творчых работнiкаў i заказчыкаў (або прадстаўнiкоў арганiзацыi, прадпрыемства, дзе мяркуецца ўвасобiць прапануемую ўрачыстасць), якiя ў далейшым будуць займацца распрацоўкай, арганiзацыяй i правядзеннем свята.

Работа любой iнiцыятыўнай групы, незалежна ад маштабу ўвасабляемай дзеi, складаецца з абгрунтавання выбранай тэмы, распрацоўкi агульнай канцэпцыi свята (творчай заяўкi), а таксама пастаноўкi агульных задач яе рэалiзацыi.

Творчая заяўка на правядзенне свята раскрывае наступнае:

1) актуальнасць i сацыяльную значнасць адзначаемай падзеi;

2) мэту і задачу свята;

3) навізну (або пераемнасць) у творчым адлюстраванні дзей;

4) праграму, састаўныя фрагменты або разгорнуты план ці агульны сцэнарый свята;

5) агульны план або пералік задач творчага, матэрыяльна-тэхнічнага, арганізацыйнага і фінансавага забеспячэння свята.

На аснове творчай заяўкi члены iнiцыятыўнай групы распрацоўваюць палажэнне аб правядзеннi свята. У палажэннi вызначаюцца мэты i задачы свята, умовы яго правядзення, склад аргкамiтэта з пералiкам галоўных адказных асоб. Часам у палажэнне ўключаюць комплекс заданняў, якiя неабходна вырашыць вызначаным арганiзацыям, установам i прадпрыемствам.

Калi святочнае дзеянне праводзiцца ў форме фестывалю або ў структуры свята ёсць конкурсы пэўнай накiраванасцi, то ў палажэннi павiнны знайсцi адлюстраванне крытэрыi ацэнак выступлення ўдзельнiкаў, а таксама склад журы. У журы неабходна ўключаць найбольш аўтарытэтных спецыялiстаў у тым жанры мастацтваў або вiдзе народных рамёстваў, спорту, конкурсаў прафесiйнага майстэрства, па якiх праводзiцца спаборніцтва ўдзельнiкаў. Гэта неабходна для таго, каб вынiковае рашэнне аб пераможцах было максiмальна аб’ектыўным i не выклiкала спрэчных пытанняў.

1.3. Самай цяжкай справай з’яўляецца складанне каштарыса выдаткаў на правядзенне свята. У тым выпадку, калi каштарыс складаецца “пад сцэнарый” (гэта значыць спачатку вызначаюцца ўсе аспекты фiнансавання, што з’яўляецца найлепшым варыянтам), а затым выдзяляюцца сродкi для творчага, вытворчага, матэрыяльна-тэхнiчнага i арганiзацыйнага забеспячэння свята, члены аргкамiтэта ў першую чаргу праводзяць арганiзацыйна-вытворчы аналiз сцэнарыя, каб можна было задаволiць усе патрэбы падрыхтоўкi i правядзення свята. Затым фiнансавыя пытаннi зводзяць у агульны каштарыс, якi зацвярджаецца яго заказчыкамi поўнасцю або з папраў-камi. У сучасных умовах з прычыны складанага эканамiчнага становiшча дзяржавы такi спосаб складання каштарыса свята ажыццяўляецца рэдка.

Звычайна выдзяляюць сродкi, загадзя распланаваныя Мiнiстэрствам культуры РБ асобнымi сумамi на кожнае канкрэтнае свята, якое мяркуецца ўвасобiць на працягу фiнансавага або каляндарнага года. Iснуе практыка долевага ўдзелу ў святах, калi зацiкаўленыя арганiзацыi, установы, прадпрыемствы выдзяляюць на яго правядзенне пэўную суму грошай або фiнансуюць у адпаведнасцi з калектыўнай дамоўленасцю вызначаную частку работ.

Каштарыс выдаткаў уваходзiць асобным раздзелам у палажэнне аб правядзеннi свята i складаецца з назвы выдаткаў, iх агульнага кошту, вызначэння адказных за аплату. Гэты агульны каштарыс затым ( у працэсе падрыхтоўкi свята) дэталiзуецца па асобных пазiцыях. Але пры такiх умовах фiнансавання пры ўвасабленнi свята сустракаюцца значныя цяжкасцi, таму што творчыя iдэi даводзіцца рэалiзоўваць у запланаваных рамках каштарыса.

Дэталёва распрацаванае палажэнне аб правядзенні свята члены iнiцыятыўнай групы падаюць на разгляд адпаведных дзяржаўных органаў, устаноў, якiя могуць вырашыць пытаннi яго правядзення (калегii розных мiнiстэрстваў, абласныя, гарадскiя або раённыя выканкамы, упраўленнi культуры, грамадскiя i прыватныя арганiзацыi i інш.). На спецыяльным пасяджэннi такой дзяржаўнай, грамадскай ці прыватнай установы або арганiзацыі абмяркоўваюць прапановы iнiцыятыў-най групы, уносяць пэўныя папраўкi i дапаўненні (калi iснуе неабходнасць) i зацвярджаюць палажэнне аб правядзеннi свята.

У пiсьмовым выглядзе палажэнне аб правядзеннi свята даводзiцца да ведама ўсiх творчых, арганiзацыйных, гаспадарчых i iншых структур, якiя прыцягваюцца да правядзення свята. Затым распачынаецца работа над рэалiзацыяй розных пытанняў увасаблення святочнага дзеяння.

 

Кароткія вывады.

 

На сучасным этапе ў працессе развіцця новай святочнай культуры Беларусі выявіўся шэраг праблем матэрыяльна-тэхнічнага, аранізацыйнага і фінансавага забеспячэння, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння.

Пачатковы этап падрыхтоўкі свята здзяйсняе ініцыятыўная група, якая распрацоўвае канцэптуальную аснову дзеі, складае аснову “ Палажэння аб правядзенні свята” і вызначае пачатковыя накірункі яго фінансавання.

 

 

Ключавыя паняцці: традыцыі і навацыі сучаснай святочнай культуры Беларусі, тэхналагічныя праблемы стварэння свята, ініцыятыўная група свята, каштарыс. 

 

Пытанні для самаправеркі па тэме лекцыі:

 

1.  Якія традыцыйныя і новыя святочныя формаўтварэнні

дзейнічаюць у сучаснай святочнай культуры Беларусі ?  

2. З якімі праблемамі матэрыяльна-тэхнічнага,

арганізацыйнага і фінансавага плану сутыкаюцца

сучасныя рэжысёры  ў час падрыхтоўкі свята ?

3. Па якіх накірунках можа адбывацца нараджэнне свята?

4. Якія задачы вырашае ініцыятыўная група па падрыхтоўцы свята ?

5. Як складаецца творчая заяўка і распрацоўваецца

“ Палажэнне аб правядзенні свята” ?

5. Якія існуюць спосабы складання каштарысу свята ?

 

 

Літаратура

Аўцюкі-2003. 1V Усебеларускі фестываль народнага гумару. — Гомель: КИПУП “ Сож “, 2003.

Гуд П.А. Тэхналогія стварэння свята.- Мн., БДУКіМ, 2004.- с. 3-8.

Звіняць цымбалы і гармонік. Міжнародны фестываль народнай музыкі: Даведнік фестывалю. — Мн.: Чатыры чвэрці, 1998.

Не старэюць душой ветэраны. Трэці рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў. — Мн.: РПКВ, 1977.

Пад белым крылом Беларусі. 1V Усебеларускі фестываль нацыянальных культур, Гродна, 7—8 чэрв. 2002 г. — Мн.: ТАА “Ковчег”, 2002.

Сожскі карагод. Второй международный фестиваль бальной хореографии. — Жлобин: Техническая книга, 1999.

 

 

 

 

Тэма II. « АРГАНІЗАЦЫЙНЫ КАМІТЭТ

                   ПА ПАДРЫХТОЎЦЫ СВЯТА “.

Пытанні:

     

  1. Склад аргкамітэта і яго яго структурных падраздзяленняў.                                                                                                            

2. Функцыянальныя абавязкі кіраўніцтва 

       аргкамітэта і яго.

3. Функцыянальныя абавязкі членаў пастановачнай групы свята.

4. Функцыянальныя абавязкі членаў творчай групы свята.

5. Функцыянальныя абавязкі членаў мастацка-пастановачнай групы свята.

 

Мэта: Раскрыццё схемы аргкамітэта, задач і функцыянальных абавязкаў кіраўнікоў і прадстаўнікоў структурных падраздзяленняў творчай накіраванасці.

 

 

                          Тэкст лекцыі.

 

1.1.Склад аргкамітэта і яго структурных падраздзяленняў

 

Аргкамiтэт свята — гэта часовае адмiнiстрацыйна-творчае аб’яднанне, створанае па загадзе органаў дзяржаўнай улады або адмiнiстрацыi грамадскай установы, арганiзацыi цi прыватнай асобы для вырашэння задач творчага, матэрыяльна-тэхнiчнага, арганiзацыйнага i фiнансавага забеспячэння свята ў перыяд яго падрыхтоўкi i правядзення

Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы свята складаецца са штаба, куды ўваходзяць старшыня аргкамітэта, намеснікі старшыні аргкамітэта, кіраўнікі структурных падраздзяленняў, сакратар; пастановачнай групы (мастацкі кіраўнік свята, аўтар сцэнарыя або сцэнарная група, галоўны рэжысёр, галоўны мастак, музычны кіраўнік, галоўны балетмайстар, гукарэжысёр, рэжысёры-пастаноўшчыкі розных святочных мерапрыемстваў, дзей, нумароў); творчай групы (памочнiк або асiстэнт галоўнага рэжысёра, рэжысёры, балетмайстры, хормайстры, дырыжоры, мастак-дэкаратар, мастак-бутафор, мастак-рэквiзiтар, мастак па грыму, кiраўнiкi творчых калектываў, асiстэнты рэжысёраў-пастаноўшчыкаў, трэнеры спартыўных калектываў, асобныя выканаўцы: вядучыя, дыктары, артысты розных жанраў, культарганiзатары, удзельнiкi груп тэатралiзаванай рэкламы на вазах, аўтамабiлях, трамваях,    цеплаходах i інш.); мастацка-пастановачнай часткі (машынiст сцэны, калi ёсць неабходнасць, гукааператары, аператары святлатэхнiкi, інжынер па разлiку канструкцый i дэкаратыўных аб’ёмаў, рэквiзітар, касцюмер, грымёр, бутафор, рабочыя сцэны); упраўлення па матэрыяльна-тэхнiчным забеспячэнні (намеснiк старшынi аргкамiтэта або дырэктар свята, кiраўнiкi або адказныя прадстаўнiкi арганiзацый, прадпрыемстваў, устаноў, якiя ўдзельнiчаюць у падрыхтоўцы свята, дырэкцыя кiрмашу, аддзел арганiзацыi харчавання ўдзельнiкаў свята: прадпрыемствы харчовай прамысловасцi, харчгандлю, грамадскага харчавання; транспартны аддзел: камунгас, ПМК, аўтабазы, трамвайна-тралейбусныя паркi, спартыўна-тэхнiчныя таварыствы, аўтасродкi воiнскiх i ваенiзаваных падраздзяленняў); арганізацыйнага аддзела (адмiнiстратар свята, жыллёвая гаспадарка: гасцiнiцы, iнтэрнаты, здраўнiцы, турбазы, палатачныя гарадкi; група рэкламы свята: прэса, радыё, тэлебачанне, друкарня; служба бяспекi руху; транспартная служба; медыцынская служба свята; служба пажарнай бяспекi; служба аховы парадку: мiлiцыя, падраздзяленнi ўнутраных войск, добраахвотныя дружыны аховы парадку); бухгалтэрыі свята (галоўны бухгалтар, бухгалтар, касiр).

 

1.2. Пры распрацоўцы структуры аддзелаў i службаў аргкамiтэта важна ведаць не толькi сiстэму падпарадкавання, але i дакладна вызначыць функцыянальныя абавязкi iх супрацоўнiкаў. Веданне функцыянальных абавязкаў супрацоўнiкаў дае магчымасць кампетэнтна абгрунтаваць аплату тых цi iншых вiдаў работ, уключыўшы iх пералiк у канкрэтнае працоўнае пагадненне або дагавор.

У кожным свяце ў залежнасцi ад яго маштабу функцыянальныя абавязкi членаў структурных падраздзяленняў могуць вызначацца ў большым цi меншым аб’ёме, але галоўныя моманты iх дзейнасцi застаюцца нязменнымi.

Старшыня аргкамiтэта звычайна прызначаецца з лiку адказных адмiнiстрацыйных асоб, здольных вырашыць пытаннi арганiзацыi свята на любым узроўнi. У рамках раёна, вобласцi, горада старшынёй аргкамiтэта, як правiла, становiцца старшыня мясцовага выканкама або яго намеснiк цi загадчык аддзела культуры; у невялiкiх святах мясцовага характару такiя функцыi можа выконваць дырэктар пэўнай арганiзацыi, прадпрыемства, кiраўнiк установы; у свяце, якое наладжваецца мiнiстэрствам пэўнай галiны, старшынёй арг-камiтэта прызначаюць намесніка мiнiстра, а ў вялікіх мiжнародных святах узначалiць такое часовае аб’яднанне можа кіраўнік пэўнай дзяржаўнай структуры.

Задача старшынi аргкамiтэта — здзяйсненне агульнага кiраўнiцтва i каардынацыя работ усiх структурных падраз- дзяленняў, перыядычнае правядзенне агульных пасяджэнняў аргкамiтэта, на якiх заслухоўваецца i аналiзуецца ход падрыхтоўкi свята, вырашаюцца найбольш вострыя арганiзацыйныя праблемы i спрэчныя пытаннi.

Намеснiк старшынi аргкамiтэта — гэта прадстаўнiк дзяржаўных органаў (або арганiзацыi, прадпрыемства, установы), якi практычна вядзе пастаянны кантроль работы ўсiх структурных падраздзяленняў i перыядычна робiць справа- здачы свайму кiраўнiку. У лiк намеснiкаў старшынi аргкамiтэта даволi часта (асаблiва пры ўвасабленнi свят мясцовага ўзроўню) уваходзяць дырэктар свята i галоўны рэжысёр.

Дырэктар свята вядзе практычную работу па кiраўнiцтве i кантролі за дзейнасцю гаспадарчых, арганiзацыйнай i фiнансавай структур аргкамiтэта. У асобных святах, увасабленне якiх звязана з выкананнем вялiкага аб’ёму работ, у склад супрацоўнiкаў аргкамiтэта могуць быць уведзены пасады генеральнага i выканаўчага дырэктараў, якiя памiж сабой дзеляць абавязкi па падрыхтоўцы i правядзенні свята.

Асобнае месца ў кiраўнiчым звяне аргкамiтэта займае галоўны рэжысёр (або мастацкi кiраўнiк). Справа ў тым, што гэтая асоба нясе асабiстую адказнасць за якасць творчага ўвасаблення свята. Таму дырэктар свята па ўсiх кардынальных пытаннях i ў тых выпадках, калi iснуе неабходнасць, раiцца з галоўным рэжысёрам, выконвае яго рэкамендацыi, парады. Пры ўзнiкненнi спрэчных момантаў або розных пазiцый на спосаб вырашэння таго цi iншага пытання яны звяртаюцца да старшынi аргкамiтэта, якi i выносiць канчатковае рашэнне.

 

 

1.3.Пастановачная група — гэта часовае творчае аб’яднанне, створанае для дэталёвай распрацоўкi творчай канцэпцыi свята i яе ўвасаблення ў лiтаратурным аспекце, пластычным, мастацка-дэкаратыўным, музычным рашэннях.

Стварэнне пастановачнай групы свята — прэрагатыва галоўнага рэжысёра (або мастацкага кiраўнiка); у залежнасцi ад аб’ёму творчых работ вар’iруецца i колькасны склад пастановачнай групы або пастановачных груп.

Мастацкi кiраўнiк — самы дасведчаны спецыялiст пэўнага жанру мастацтва ў структуры арганiзацыйнага камiтэта свята, творчыя распрацоўкi, парады i рэкамендацыi якога аказваюць iстотны ўплыў на якасць падрыхтоўкi i правядзення свята.

Пасада мастацкага кiраўнiка ўводзiцца ў склад пастановачных груп буйнамаштабных свят, якiя маюць мiжнародны, рэспублiканскi, рэгiянальны статус i патрабуюць паэтапнага ўвасаблення (спачатку ў рамках раёна, вобласцi i, нарэшце, на месцы правядзення заключнага мерапрыемства). Прыкладам такiх свят у нашай краіне могуць быць мiжнароднае свята народнай музыкi “Звiняць цымбалы i гармонiк”, Свята нацыянальных культур Беларусi, рэспублiканскія святы-конкурсы народных рамёстваў, народнага гумару, фестываль народнай гульні “ Карнавал весялосці” i iнш.

Мастацкi кiраўнiк адказвае за творчы працэс падрыхтоўкi свята. У яго функцыянальныя абавязкi ўваходзiць наступнае:

— стварэнне агульнай канцэптуальнай асновы, у якой прапануецца ўвасабленне новых святочных формаўтварэнняў або новых рашэнняў i творчых падыходаў да ўжо iснуючых святочных дзей цi захаванне i развiццё старадаўнiх народных святочных традыцый;

 — складанне агульнай праграмы свята;

 — распрацоўка агульных праграм (або сцэнарных планаў) рэгiянальных, абласных, раённых свят, якiя ўваходзяць у структуру буйнамаштабнага свята з улiкам мясцовых асаблiвасцей i адрозненняў;

— удзел у распрацоўцы палажэння аб правядзеннi свята, у якiм вызначаюцца яго мэты i задачы, умовы правядзення, склад аргкамiтэта i журы з пералiкам галоўных адказных асоб; уключэнне ў палажэнне агульнага комплексу заданняў, якiя неабходна вырашыць вызначаным арганiзацыям, установам i прадпрыемствам у перыяд падрыхтоўкi i правядзення свята; удзел у складаннi каштарыса свята;

— правядзенне творчых кансультацый з рэжысёрамi-паста-ноўшчыкамi, мастакамi, харэографамi, хормайстрамi, мастакамi па святлу, пiратэхнiкамi, гукарэжысёрамi, кiраўнiкамi творчых i трэнерамi спартыўных калектываў, якiя заняты ў арганiзацыi i ўвасабленнi пэўных фрагментаў свята або яго асобных нумароў;

— аналiз i зацвярджэнне лiтаратурных сцэнарыяў i рэжысёрскiх распрацовак разнастайных святочных дзей (урачыстае адкрыццё i закрыццё свята, тэатралiзаванае прадстаўленне, абрад, канцэрт, конкурс, гульнёвыя, спартыўныя i вiдовiшчныя праграмы);

— удзел у распрацоўцы рабочага плана падрыхтоўкi свята;

— правядзенне пасяджэнняў пастановачных груп свята, на якiх абмяркоўваюцца i вырашаюцца разнастайныя пытаннi яго ўвасаблення;

— агульнае кiраўнiцтва работай пастановачных груп рэгiянальных свят;

— кантроль за ходам падрыхтоўкi i аналiз правядзення свят у розных раёнах;

— асабістае кiраўнiцтва работай пастановачнай групы заключных мерапрыемстваў свята;

— аналiз арганiзацыi i правядзення свята на вынiковым пасяджэннi арганiзацыйнага камiтэта, вызначэнне творчых знаходак, удалых рашэнняў, выяўленне пралiкаў у творчых, арганiзацыйных, матэрыяльна-тэхнiчных i фiнансавых аспектах увасаблення свята, распрацоўка i прапанова практычных рэкамендацый па пераадоленні вызначаных недахопаў i далейшым удасканаленні свята.

Галоўны рэжысёр свята — гэта адзiная ў структуры арганiзацыйнага камiтэта асоба, якая вядзе і накіроўвае ўвесь комплекс пытанняў, звязаных з творчым увасабленнем свята.

Функцыянальныя абавязкi галоўнага рэжысёра наступныя:

— стварэнне iм асабiста або ў сааўтарстве агульнай канцэпцыi свята;

— правядзенне гiсторыка-рэтраспектыўнага аналiзу развiцця свята, якое будзе ўвасабляцца, выдзяленне яго агульнанацыянальных рыс, а таксама тэрытарыяльных i мясцовых адметнасцей i асаблiвасцей;

— распрацоўка агульнага сцэнарнага плана i лiтаратурнага сцэнарыя цэнтральных святочных мерапрыемстваў (урачыстае адкрыццё, урачыстае закрыццё свята, галоўная святочная дзея — тэатралiзаванае прадстаўленне, абрад, вiдовiшча, шоу, конкурс i да т.п.);

— падрыхтоўка пастановачнага плана свята;

— здзяйсненне кантролю за распрацоўкамі аўтараў іншых святочных дзей;

— кiраўнiцтва работай рэжысёраў-пастаноўшчыкаў асобных мерапрыемстваў;

— пастаноўка задач i кантроль за ходам практычнай падрыхтоўкi асобных нумароў, атракцыёнаў, спартыўных, пiратэхнiчных, харэаграфiчных, музычных, масава-гульнёвых i iншых дзей, якiя здзяйсняюць рэжысёры, хормайстры, балетмайстры, дырыжоры i кiраўнiкi iншых калектываў;

— вызначэнне з галоўным мастаком прасторавага i вобразнага вырашэння свята, зацвярджэнне эскiзаў i чарцяжоў канструктыўных элементаў, малых формаў дэкаратыўнага афармлення i здзяйсненне агульнага кантролю за iх вырабам;

— вызначэнне з галоўным балетмайстрам прасторавага i вобразнага вырашэння пластычных сцэн i кантроль за iх па- станоўкай;

— вызначэнне з музычным кiраўнiком прынцыпаў музычнага афармлення, кантроль за падборам музычных нумароў;

— вызначэнне з гукарэжысёрам прынцыпаў гукавога афармлення свята, запiс, перазапiс i мантаж фанаграм свята сумесна з гукарэжысёрам i гукааператарам;

— распрацоўка творча-тэхнiчнай дакументацыi (партытура рэжысёра, музычная партытура, партытура асвятлення, выпiскi на рэквiзiт, бутафорыю, касцюмы i абутак, парыкi i грым, мэблю, партытура тэхнiчных перастановак, графiк правядзення рэпетыцый);

— работа з творчымi калектывамi i асобнымi выканаўцамi па ўвасабленні святочных дзей;

— правядзенне застольных, планiровачных, мантажных, прагонных, зводных i генеральных рэпетыцый, а таксама    свята;

— здзяйсненне сумесна з дырэктарам свята перыядычнага кантролю работы ўсiх службаў, непасрэдна звязаных з творчым, матэрыяльна-тэхнiчным, арганiзацыйным i фiнансавым забеспячэннем свята;

— удзел у пасяджэннях арганiзацыйнага камiтэта свята.

Галоўны мастак свята. Стварэнне мастацка-дэкаратыўнага афармлення — адно з кардынальных пытанняў арганiзацыi свята, якое звязана з агульным планам дэкарыравання святочнай тэрыторыi, пабудовай разнастайных канструкцый аказiянальнай часовай архiтэктуры — сцэнiчныя пляцоўкi, гандлёвыя пабудовы, статычныя i дынамiчныя канструктыўныя элементы афармлення i да т.п. Мастацка-дэкаратыўнае афармленне павiнна ў яскравай, вобразна-сiмвалiчнай форме адлюстроўваць iдэю свята, несцi ў сабе пазнавальную i iнфарматыўную накiраванасць.

Здзяйсненнем задумы i кантролю за вырабам мастацка-дэкаратыўнага афармлення займаецца галоўны мастак, якi павiнен:

— азнаёмiцца з агульным сцэнарыем свята i сцэнарыямi яго асобных фрагментаў, творчай канцэпцыяй галоўнага рэжысёра i рэжысёраў-пастаноўшчыкаў;

— распрацаваць агульны план дэкарыравання мясцовасцi, дзе адбываецца свята;

— удакладнiць з галоўным рэжысёрам i распрацаваць план размяшчэння зон святочнага дзеяння i iх апорных пунктаў;

— распрацаваць вобразнае вырашэнне свята з улiкам яго тэматыкi, жанравых, стылёвых i нацыянальных асаблiвасцей;

— распрацаваць эскiзы мастацка-дэкаратыўнага афармлення (розных статычных i дынамiчных установак, светлавога афармлення, касцюмаў i грыму, рэквiзiту i бутафорыi, пiратэхнiчных фiгур i буйнамаштабных лялек i да т.п.);

— падабраць мастакоў i дэкаратараў, мастака-бутафора, мастака-рэквiзiтара, мастака-грымёра i мастака па асвятленні, якiя будуць выконваць адпаведныя вiды работ;

— праводзiць пастаянны кантроль за ходам усiх этапаў работ па вырабе мастацка-дэкаратыўнага афармлення;

— правесці нагляд мантажу мастацка-дэкаратыўнага афармлення на ўсiх пляцоўках кожнай зоны святочнага дзеяння;

— прымаць удзел у пасяджэннях пастановачнай групы i аргкамiтэта, а таксама ў правядзеннi мантажнай, прагоннай i генеральнай рэпетыцый;

— назіраць за ходам мантажных работ у час правядзення свята.

На ўсiх этапах работы галоўны мастак праводзiць кансультацыi з галоўным рэжысёрам з мэтай выпрацоўкi аптымальнага варыянта вырашэння пытанняў мастацка-дэкаратыўнага афармлення свята.

Музычны кіраўнік свята. На святах рознай тэматычнай i жанравай накiраванасцi, асаблiва такiх, як фестывалi народнай, духавой, камернай, эстраднай музыкi, свята песнi i iншых, дзе музыка з’яўляецца асноўным выразным сродкам, важная роля належыць музычнаму кiраўнiку, перад якiм ставяцца наступныя функцыянальныя патрабаваннi:

— азнаёмiцца са сцэнарыем свята i характарам музыкi той эпохi, якая адлюстравана ў свяце;

— распрацаваць музычны вобраз свята цi мелодыю-лейтматыў, якая будзе праходзiць скрозь асноўныя фрагменты дзеяння;

— вырашыць прынцыпы музычнага афармлення (iлюстрацыйны, кантрастны i інш.), а таксама асноўныя спосабы падачы музычнага матэрыялу (механiчны запiс — фанаграма, “жывы гук” у выкананнi музычных, харавых калектываў i асобных выканаўцаў або яднанне гэтых двух спосабаў);

— зрабiць падбор музычных нумароў, якiя б не толькi характарызавалi эпоху, але i спрыялi паглыбленню рэжысёрскай задумы свята, узмацнялi эмацыянальны ўплыў на гледача;

— пры неабходнасцi вызначыць кампазiтара, якi зможа напiсаць неабходную для свята музыку.

У сучасных умовах вельмi часта функцыянальныя абавязкi музычнага кiраўнiка ўскладаюцца на галоўнага дырыжора або гэтыя задачы вырашае галоўны рэжысёр сумесна з гукарэжысёрам.

Гукарэжысёр свята. Сучаснае свята не абыходзiцца без гукаўзмацнення, асаблiва гэта датычыцца свят на адкрытым паветры, дзе зоны дзеяння размешчаны на вялiкай тэрыторыi, а сцэнiчныя пляцоўкi знаходзяцца на значнай адлегласцi ад гледачоў. Работа па гукавым афармленні свята мае спецыфiчныя асаблiвасцi, звязана з пэўнымi творчымi, арганiзацыйнымi i тэхнiчнымi цяжкасцямi.

Перад гукарэжысёрам у працэсе падрыхтоўкi i правядзення свята ставяцца наступныя функцыянальныя патрабаваннi:

— на аснове выяўлення прасторавага вырашэння, ландшафтных i архiтэктурных асаблiвасцей месца святочнага дзеяння вызначыць сiстэмы агучвання i аб’ём гучання цэнтральнага мiзансцэнiчнага пункта свята, а таксама дадатковых сцэнiчных i масава-гульнёвых пляцовак;

— высветлiць тыя тэхнiчныя магчымасцi, якiя ёсць у дадзенай мясцовасцi для агучвання ўсёй тэрыторыi свята i асобных пляцовак;

— на аснове аналiзу сцэнарыя здзейснiць падбор неабходных музычных, шумавых i гукавых нумароў i зацвердзiць iх у галоўнага рэжысёра;

— распрацаваць партытуру музыкi i шумаў i вызначыць у адпаведнасцi з патрабаваннямi дзеi хранаметраж кожнага нумара;

— зрабiць запiс, перазапiс i мантаж фанаграм свята;

— кантраляваць мантаж тэхнiчнай апаратуры на ўсiх сцэнiчных i масава-гульнёвых пляцоўках;

— здзейснiць гукавое суправаджэнне рэпетыцый i самога свята;

— прыняць удзел у рабоце пастановачнай групы i аргкамiтэта.

У працэсе работы над гукавым афармленнем гукарэжысёру дапамагае гукааператар або гукааператары, асаблiва на этапе гукатэхнiчнага афармлення i суправаджэння свята. Але канчатковае рашэнне па ўсiх пытаннях гукавога афармлення прымае галоўны рэжысёр.

 

1.4. Творчая група свята — гэта ўдзельнікі будучых святочных дзей, запрошаныя для выканання канкрэтных відаў творчых работ: прафесiянальныя i самадзейныя калектывы, спартыўныя таварыствы i вайсковыя часцi, Дамы мадэляў i пiратэхнiчныя фiрмы, сярэднiя i вышэйшыя навучальныя ўстановы, Палацы дзяцiнства i інш.

Асобнае месца ў структуры творчай групы займае памочнiк рэжысёра, якi з’яўляецца звязуючым звяном памiж галоўным рэжысёрам i членамi творчай i пастановачнай груп.

Памочнiк (асiстэнт) — гэта непасрэдны паплечнiк галоўнага рэжысёра перш за ўсё па творчай, а затым па тэхнiчна-арганiзацыйнай лiнii. У яго функцыi ўваходзiць наступнае:

— удзельнічаць ва ўсiм працэсе падрыхтоўкi свята, пачынаючы з абмеркавання з галоўным рэжысёрам пастановачнага плана i заканчваючы выпускам самога свята;

— правесцi па даручэнні галоўнага рэжысёра рэпетыцыi з асобнымi калектывамi i выканаўцамi;

— кантраляваць работу розных тэхнiчных службаў;

— праводзiць работу па арганiзацыi рэпетыцый:

а) iнфармаваць калектывы i выканаўцаў, усе неабходныя службы аб графiку рэпетыцыйнага працэсу;

б) падрыхтаваць на сцэне згодна з рэжысёрскай планiроўкай выгарадку мастацка-дэкаратыўнага афармлення;

в) пракантраляваць мантаж i гатоўнасць да работы гукаўзмацняльнай i гукааднаўляльнай апаратуры;

г) праверыць гатоўнасць касцюмаў, рэквiзiту i бутафорыi;

д) у час рэпетыцый i святочнага дзеяння кантраляваць ход дзеi, своечасова абвяшчаць выканаўцам i калектывам аб iх выхадзе на сцэну; згодна партытур музыкi i шумаў, святла, тэхнiчных перастановак кiраваць работай асвятляльнiкаў, гукааператара i рабочых сцэны;

ж) выконваць усе творчыя i арганiзацыйныя даручэннi галоўнага рэжысёра па каардынацыi пытанняў увасаблення свята.

Памочнiк (асiстэнт) рэжысёра з’яўляецца кiраўнiком-каардынатарам творчай групы, праз якога ўсе творчыя i арганiзацыйныя пытаннi асобных выканаўцаў i калектываў даводзяцца да галоўнага рэжысёра i дырэктара свята i атрымлiваюць канчатковае вырашэнне

 

1.5. Стварэнне знешняй формы свята ўключае шэраг разнастайных вiдаў работ творчага i вытворчага характару, якой займаецца мастацка-пастановачная частка свята. Гэта структурнае падраздзяленне аргкамiтэта ўзначальвае спецыяльная адказная асоба — загадчык мастацка-пастановачнай часткі. Але ў тым выпадку, калi наладжваемае свята з’яўляецца невялiкiм па маштабе або ў каштарысе выдаткаў па розных прычынах не прадугледжана адзiнка загадчыка мастацка-пастановачнай часткі, яго задачы выконвае дырэктар свята.

Загадчык мастацка-пастановачнай часткі працуе ў па-      стаянным кантакце з галоўным рэжысёрам i галоўным мастаком; яго работа складаецца з наступных функцыянальных абавязкаў:

— арганiзацыя i правядзенне рабочых нарад мастацка-пастановачнай часткi;

— нагляд за матэрыяльна-тэхнiчным забеспячэннем свята;

— рэгуляванне абавязкаў i раскладу работы членаў мастацка-пастановачнай часткi;

— кантроль за вырабам, арэндай або падборам усiх неабходных кампанентаў мастацка-дэкаратыўнага афармлення;

— кантроль за правядзеннем мантажу абсталявання ўсiх эстрадных i гульнёвых пляцовак свята;

— арганiзацыя i правядзенне спецыяльных вiдаў рэпетыцый, якiя наладжваюцца мастацка-пастановачнай часткай (падгоначныя, манціровачныя, па асвятленні, гукавыя);

— падрыхтоўка разам з пажарна-тэхнiчнай камiсiяй i iнжынерам па тэхнiцы бяспекi актаў здачы i прыёму мастацка-дэкаратыўнага афармлення, святлатэхнiкi i разнастайных механiзмаў з пункту гледжання захавання нормаў i правiл умоў працы i супрацьпажарнай бяспекi;

— удзел у рабоце аргкамiтэта i каардынацыйная работа з членамi iншых структурных падраздзяленняў.

Пад кiраўнiцтвам загадчыка мастацка-пастановачнай часткі працуюць спецыялiсты рознага профiлю, якiя займаюцца канкрэтнай творчай i вытворчай дзейнасцю па стварэннi знешняй формы свята.

 

Караткія вывады.

Для вырашэння задач творчага, матэрыяльна-тэхнічнага, арганізацыйнага і фінансавага забеспячэння свята па загаду дзяржаўных улад або адміністрацыі грамадскай установы, арганізацыі ці прыватнай асобы складаецца аргкамітэт, склад якога залежыць ад масштаба ўвасабляемай дзеі.

 Структуру аргкімітэта мае наступную схему: штаб свята, пастановачная група, творчая група, мастацка-пастановачная частка, упраўленне па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, аранізацыйны аддзел,  бухгалтэрыя свята.

Перад структурнымі падраздзяленнямі творчай накіраванасці паўстае выкананне ніжэйпералічаных задач. Пастановачная група – распрацоўка і кантроль здзяйснення святочных дзей. Творчая група – ўвасабленне разнажанравых нумароў, эпізодаў, мерапрыемстваў. Мастацка-пастановачная частка – выкананне разнастайных відаў работ творчага і вытворчага характару па стварэнні знешняй формы свята.  Функцыянальныя абавязкі членаў стрруктурных падраздзяленняў вызначаюцца канкрэтным аб”ёмам работ.

 

Ключавыя паняцці: аргкамітэт свята, функцыянальныя абавязкі творчых структурных падраздзяленняў.

 

Пытанні для самаправеркі па тэме лекцыі:

 

1. Назавіце склад і функцыянальныя абавязкі кіраўніцтва

аргкамітэта. 

2. У якіх выпадках у аргкаміэт уводзяць пасаду мастацкага кіраўніка свята і што уваходзіць у яго абавязкі ?

3.  Якія функцыянальныя абавязкі галоўнага рэжысёра свята ?

4. Якія пытанні мастацка-дэкаратыўнага афармлення свята вырашае галоўны мастак ?

5. Пералічыце творчыя пытанні, якія вырашаюць музычны кіраўнік і гукарэжысёр свята.

6. Раскрыйце дзейнасць памочніка ( асістэнта ) рэжысёра як каарданатара работы творчай групы.

7. Назавіце функцыянальныя абавязкі членаў творчай групы.

8. Якія задачы вырашае загадчык мастацка-пастановачнай часткай свята ?

 

 

Літаратура:

1. Глан Б.Н. Праздник всегда с нами. – М.: СТД, 1988.

2. Гуд П.А. Тэхналогія стварэння свята. – Мн., БДУКіМ, 2004.-

                с. 11-28.

    3. Петров Б.Н. Массовые спортивно-театрализованные пред ставления. Основы режиссуры, технологии, организации и методи ки. – М.: СпортАкадемПресс, 2001

 

ТЭМА 111.  «  Упраўленне па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні “.

 

Пытанні: 1. Склад і задачы вытворчага і камунальнага

                 аддзелаў.

            2.Арганізацыйная структура дырзкцыі кірмашу, функцыянальныя абавязкі дырэктара і задачы падраздзяленняў дырэкцыі святочнага гандлю.

            3. Задачы транспартнага аддзела.

 

 Мэта: Выяўленне коплексу задач і функцыянальных абавязкаў па вырашэнні пытанняў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння свята.

 

                     Тэкст лекцыі.

   

1.1. Адным з вырашальных фактараў паспяховай арганiзацыi i правядзення свята з’яўляецца станоўчае рашэнне рознабаковых пытанняў яго матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння.

У падрыхтоўцы матэрыяльнай базы будучага свята, якое праводзiцца ў рамках раёна, горада, краіны, прымаюць удзел не толькi дзяржаўныя арганiзацыi, прадпрыемствы, установы, але i прыватныя фiрмы. Узначальвае гэта самае вялiкае структурнае падраздзяленне аргкамiтэта дырэктар свята або намеснiк старшынi аргкамiтэта, якi вядзе пастаянны кантроль за выкананнем запланаваных работ.

Кiраўнiкамi ўсiх службаў упраўлення з’яўляюцца дырэктары прадпрыемстваў або iх намеснiкi цi адказныя асобы, якiя далучаюць падначаленых супрацоўнiкаў да выканання работ.

Арганiзацыйная структура ўпраўлення па матэрыяльна-тэхнiчным забеспячэнні залежыць ад маштабу свята, аб’ёму вырашаемых пытанняў i ў кожным канкрэтным выпадку вызначаецца рабочым планам падрыхтоўкi святочных мерапрыемстваў.

У нашай леккцыі мы будзем разглядаць найбольш агульныя структурныя падраздзяленнi, якiя характэрныя амаль для любога свята.

Вытворчы аддзел

У структуру вытворчага аддзела ўваходзяць прадпрыем- ствы i арганiзацыі, якiя непасрэдна займаюцца вырабам элементаў мастацка-дэкаратыўнага афармлення, касцюмаў, абутку, бутафорыi, рэквiзiту, масак i лялек, арганiзацыяй гандлёва-гульнёвых дзей (латарэй, аўкцыёнаў, гандлёвых атракцыёнаў), пабудовай спартыўных i дзiцячых гарадкоў i інш. Увесь комплекс функцыянальных абавязкаў па выкананні пастаўленых задач абумоўлены нормамi i правiламi, распрацаванымi на прадпрыемстве, якое ўвасабляе вызначаны аб’ём работ.

 Камунальны аддзел

Напярэдаднi свята вялiкi падрыхтоўчы цыкл работ выконвае камунальны аддзел, структура якога складаецца з гарадской (раённай) камунальнай гаспадаркi, мясцовага лясгаса, архiтэктурнага аддзела мясцовага выканкама, санэпiдстанцыi, водаправодна-каналiзацыйнай гаспадаркi i будаўнiчых арганiзацый.

Камунальны аддзел працуе ў цеснай сувязi з iншымi структурнымi падраздзяленнямi аргкамiтэта i вырашае не толькi свае задачы, але i выконвае некаторыя iншыя вiды работ, замацаваныя за вытворчым аддзелам i дырэкцыяй кiрмашу.

Вядучую ролю ў камунальным аддзеле iграе гарадская (раённая) камунальная гаспадарка. У сферу яе функцыянальных абавязкаў уваходзiць вырашэнне наступных задач:

— правядзенне санiтарна-гiгiенiчных мерапрыемстваў (уборка вулiц, дарог, паркаў, сквераў i інш.), касметычны рамонт забудоў (афарбоўка будынкаў, загарож, рамонт дахаў i інш.);

— выраб i мантаж мастацка-дэкаратыўнага афармлення;

— правядзенне дадатковых работ па асвятленні населенага пункта, падсвету будынкаў i ўпрыгожванні вулiц святочнай iлюмiнацыяй;

— расклейка рэкламнай прадукцыi свята, размяшчэнне плакатаў-расцяжак;

— будаўнiцтва сумесна з лясгасам часовых святочных забудоў (эстрадных i гульнёвых пляцовак, спартыўнага, гульнёвага гарадка, туалетаў i да т.п.);

— забеспячэнне часовым водаправодам, а пры неабходнасцi i сiстэмай каналiзацыi гандлёвых пунктаў дзеяння свята;

— уборка тэрыторыi свята ў час яго правядзення i па яго завяршэннi.

1.2. У структуры пераважнай большасцi сучасных свят важнае месца займае святочны гандаль, якi дзейнiчае як асобая творча-гаспадарчая зона. Для арганiзацыi святочнага гандлю ўтвараецца дырэкцыя кірмашу, куды ўваходзяць прадстаўнiкi гандлёвых арганiзацый, сферы абслугоўвання, органаў культуры i спорта.

Узначальвае гэтае структурнае падраздзяленне аргкамiтэта дырэктар кiрмашу — звычайна начальнiк цi загадчык упраў-лення гандлю мясцовага выканкама; у тым выпадку, калi свята праводзiцца ў раённым цэнтры, — старшыня райспажыўсаюза.

Дырэктар кiрмашу працуе ў пастаянным кантакце з галоўным рэжысёрам i дырэктарам свята з мэтай максiмальна поўнага ўвасаблення задумы пастаноўшчыкаў. У працэсе сваёй работы дырэктар кiрмашу павiнен:

— дэталёва азнаёмiцца са сцэнарыем свята i асаблiва з распрацоўкай святочнага гандлю;

— распрацаваць рабочы план падрыхтоўкi святочнага гандлю;

— сумесна з рэжысёрам i мастаком выбраць месца правя-  дзення кiрмашу, распланаваўшы яго тэрыторыю на гандлёвую, абслуговую i вiдовiшчна-гульнёвую зоны;

— распланаваць гандлёвую зону на сектары дзяржаўнага, кааператыўнага i прыватнага гандлю, а тыя, у сваю чаргу, на дзялянкi прамысловых, бытавых, сельскагаспадарчых тавараў, вырабаў майстроў народных промыслаў, сферы бытавых паслуг;

— сумесна з прадстаўнiкамi гандлёвых арганiзацый вызначыць неабходны аб’ём i асартымент тавараў, колькасць гандлёвых пунктаў;

— сумесна з мясцовай санэпiдэмстанцыяй арганiзаваць правядзенне санiтарнага абследавання аб’ектаў кiрмашовага гандлю;

— распрацаваць праграму работы дапаможных службаў кiрмашу (ахова парадку, пажарная бяспека, медыцынская дапамога);

— правесцi работу з вызначанымi супрацоўнiкамi аддзела культуры, спорткамiтэта i аддзела народнай асветы па арганiзацыi i правядзенні культурнай праграмы кiрмашу (тэатралiзаваныя, масава-гульнёвыя i спартыўныя дзеi);

— кіраваць усiмi структурнымi падраздзяленнямi кiрмашу.

Арганiзацыйную структуру кiрмашовай дырэкцыi складаюць:

— гандлёвы аддзел, якi вырашае пытаннi арганiзацыi гандлю. У тым выпадку, калi святочны гандаль набывае мiжрэгiянальны або мiжнародны характар, пры гандлёвым аддзеле функцыянуе дагаворны аддзел для аператыўнага рашэння пытанняў, звязаных з афармленнем камерцыйных здзелак, дапамогi ўдзельнiкам кiрмашу рэалiзаваць сваю прадукцыю па дагаворных цэнах, а таксама для атрымання дазволу афiцыйных устаноў на права вывазу тавараў па зарэгiстраваных дагаворах з Рэспублiкi Беларусь. На мiжнародных святочных гандлях у каардынацыйным цэнтры па рабоце з замежнымi ўдзельнiкамi, якi працуе ў складзе гандлёвага аддзела, спецыялiсты ў галiне кан’юнктуры су-   светнага рынку праводзяць кансультацыi па сярэднесусветных узроўнях цэн на розныя тавары i паслугi, дапамагаюць скласцi кантракты, аформiць пратаколы аб намерах i мытную дэкларацыю;

— інфармацыйны аддзел, які дае камерцыйную iнфармацыю аб таварах i паслугах, прапануемых на кiрмашы, i даведачную iнфармацыю аб удзельнiках;

— радыёцэнтр кiрмашу арганiзуе трансляцыю радыёканцэртаў, рэкламных ролiкаў вытворцаў i гандляроў, дае аб’явы аб таварах i паслугах, культурнай праграме святочнага гандлю;

— аддзел рэкламы праводзiць прэзентацыi прадпрыем-     стваў—удзельнiкаў кiрмашу, на якiх удзельнiкi свята могуць атрымаць больш падрабязную iнфармацыю аб прадукцыi прэзентантаў, iх магчымасцях, перспектыўных планах, па-  трэбах;

— аддзел культурных праграм займаецца ўвасабленнем мастацкiх, спартыўных i масава-гульнёвых мерапрыемстваў для ўсiх катэгорый насельнiцтва;

— аддзел дапаможных службаў складаецца з брыгады грузчыкаў, транспартнай службы, медыка-санiтарнай службы, iнспекцыi пажарнай бяспекi, службы аховы парадку з адпаведным комплексам абавязкаў, якiя вызначаны рабочым планам падрыхтоўкi кiрмашу.

Усе пытаннi арганiзацыi i работы святочнага гандлю ўдакладняюцца i вырашаюцца на нарадах дырэкцыi кірмашу. Пры ўзнiкненнi праблем, непаразуменняў, якiя немагчыма вырашыць на ўзроўнi дырэкцыi кірмашу, канчатковае рашэнне прымае дырэктар свята, а ў найбольш складаных выпадках — старшыня аргкамiтэта.

Аддзел арганiзацыi харчавання ўдзельнiкаў свята

У час правядзення святочных урачыстасцей, асаблiва ў невялiкiх гарадах i раённых цэнтрах, колькасць прысутных на вiдовiшчна-гульнёвых дзеях, як правiла, у некалькi разоў перавышае колькасць насельнiцтва горада цi пасёлка гарадского тыпу, бо на святкаванне збiраюцца жыхары навакольных паселiшчаў.

З гэтай прычыны перад аргкамiтэтам паўстае праблема арганiзацыi харчавання гасцей, творчых калектываў i астатнiх удзельнiкаў свята, якая звязана з правядзеннем шэрага падрыхтоўчых работ.

Для вырашэння гэтай праблемы ў структуры ўпраўлення па матэрыяльна-тэхнiчным забеспячэнні ствараецца аддзел арганiзацыi харчавання ўдзельнiкаў свята, у якi ўваходзяць дзяржаўныя прадпрыемствы харчовай прамысловасцi (хлебазаводы, бiсквiтныя i кандытарскія фабрыкi, заводы алкагольных i безалкагольных напояў, мясакамбінаты і рыбакомплексы), гарадскiя цi раённыя ўстановы харчгандлю, прадпрыемствы грамадскага харчавання (сталовыя, кафэ, рэстараны, буфеты i iнш.), а таксама прыватныя фiрмы грамадскага харчавання.

Кiраўнiкi або прадстаўнiкi азначаных прадпрыемстваў, арганiзацый i ўстаноў, працуючы ў кантакце з дырэкцыяй кiрмашу i адмiнiстрацыйнай групай, вырашаюць наступныя задачы:

— знаёмства са сцэнарным планам цi праграмай свята, асаблiвасцямi арганiзацыi харчавання ўдзельнiкаў у зоне святочнага дзеяння, а таксама прагляд i аналiз эскiзаў мастацкага афармлення пунктаў грамадскага харчавання i гандлю харчовымi прадуктамi;

— вызначэнне мяркуемай колькасцi наведвальнiкаў святочных мерапрыемстваў, творчых калектываў i дэлегацый гасцей;

— выяўленне неабходнай колькасцi часовых пунктаў гандлю харчовымi прадуктамi, месца iх размяшчэння, асартыменту харчовых тавараў i меню святочных i абрадавых страў;

— нарыхтоўка неабходнай колькасцi прадуктаў, а ў выпадку немагчымасцi поўнага выканання гэтага пытання запрашэнне да ўдзелу ў свяце суседнiх спажывецкіх і гандлёвых арганізацый;

— вызначэнне асобных пунктаў харчавання для гасцей свята i творчых калектываў, распрацоўка графiка наведвання гэтых пунктаў, а таксама колькасцi прыёму ежы i складу меню;

— выраб i мантаж (згодна эскiзаў галоўнага мастака) элементаў мастацка-дэкаратыўнага афармлення часовых пабудоў грамадскага харчавання на адкрытым паветры;

— распрацоўка графiка пазменнай работы на свяце кухараў, афiцыянтаў, прадаўцоў;

— наладжванне выпуску сувенiрнай харчовай прадукцыi (напоi, кандытарскiя вырабы);

— кантроль за захаваннем санiтарна-гiгiенiчных нормаў i правiл, якія iснуюць пры продажы харчовых прадуктаў;

— асаблiвую ўвагу арганізацыя надае вырабу i продажу спецыфiчных абрадавых i святочных страў, уласцiвых культурна-бытавым традыцыям увасабляемага свята;

— распрацоўка графiка работы аўтатранспарту па дастаў-цы i эвакуацыi харчовых тавараў.

У працэсе работы супрацоўнiкi аддзела арганiзацыi харчавання ўдзельнiкаў свята падпарадкоўваюцца дырэктару свята або яго намеснiку па гэтым аддзеле (у вялiкiх гарадах — начальнiк або загадчык упраўлення гандлем выканкама, у раёне — старшыня райспажыўса.

1.3. Свята як масавае полiфанiчнае дзеянне заўсёды звязана з разнастайнымі транспартнымі сродкамі, якія выкарыстоўваюцца як у творчых фрагментах, так i ў дапаможных мэтах.

Паколькi на свяце выкарыстоўваюцца гужавыя, аўтамабiльныя, водныя, паветраныя i электратранспартныя сродкi, то ў арганiзацыйную структуру транспартнага аддзела (па ўзгадненні з галоўным рэжысёрам i дырэктарам свята) уключаюцца наступныя арганiзацыi: камунгас, аўтабазы, параходствы, трамвайна-тралейбусныя паркi, спартыўна-тэхнiчныя таварыствы, аўтабазы воiнскiх падраздзяленняў.

У кожным канкрэтным свяце спiс арганiзацый, што ўдзельнiчаюць у рабоце транспартнага аддзела, можа павялiчвацца або памяншацца згодна патрэб, вызначаных рабочым планам падрыхтоўкi, але агульныя функцыянальныя задачы, як правiла, застаюцца нязменнымi. Гэта:

— азнаёмiцца са сцэнарыем свята;

— вызначыць колькасць i маркi транспартных сродкаў, якiя патрэбны, згодна з рабочым планам падрыхтоўкi свята, для ўвасаблення тэатралiзаваных дзей;

— выявiць арганiзацыi, якiя будуць пастаўляць вызначаныя транспартныя сродкi;

— распрацаваць план i графiк падрыхтоўкi транспартных сродкаў да рэпетыцый тэатралiзаваных фрагментаў;

— здзейснiць мантаж мастацкага афармлення транспартных сродкаў згодна эскiзаў, распрацаваных галоўным мастаком;

— засвоiць i выконваць вызначаную асiстэнтам рэжысёра чарговасць i скорасць руху транспартных сродкаў у тэатралiзаваных дзеях;

— забяспечыць правядзенне асобнай рэпетыцыi транспарт-ных сродкаў, а таксама iх удзел у прагоннай, генеральнай рэпетыцыях i свяце;

— вызначыць арганiзацыi, якiя будуць забяспечваць транспартам выкананне розных гаспадарчых работ, падвоз i эвакуацыю творчых калектываў i гасцей свята;

— распрацаваць графiк работы транспарту i дакладна яго выконваць;

— забяспечыць кожную адзiнку службовага транспарту пропускам для руху па тэрыторыi свята (якi завераны супрацоўнiкамi аўтаiнспекцыi);

— вызначыць месца размяшчэння аўтавакзала свята для службовага i ўласнага транспарту;

— выдзелiць транспарт для службовых патрэб аргкамiтэта i асобна для пастановачнай групы, а таксама распрацаваць i выконваць графiк яго работы.

 

Кароткія вывады.

 

Упраўленне па матэрыяльна – тэхнічным забеспячэнні займаецца пытаннямі падрыхтоўкі матэрыяльнай базы свята.

У структуру ўпраўлення ўваходзяць дырэкцыя кірмашу, а таксама вытворчы, камунальны і транспартны аддзелы.

Функцыянальныя абавязкі членаў структурных падраздзяленняў залежаць ад масштабу свята, аб”ёму вырашаемых пытанняў і вызначаюцца рабочым планам падрыхтоўкі святочных мерапрыемстваў.

 

 

Ключавыя паняцці: Задачы вытворчага, камунальнага і транспартнага аддзелаў, дырэкцыі кірмашу. Функцыянальныя абавязкі членаў структурных падраздзяленняў

.

Пытанні для самастойнай працы па тэме:

 

1. Назавіце склад структурных падраздзяленняў упраўлення па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні свята.

2. Якія прадпрыемствы і арганізацыі ўваходзяць у склад вытворчага аддзела і які комплекс пастаўленых задач яны вырашаюць ?

3. Якія функцыянальныя абавязкі выконвае камунальны аддзел ?

4. Назавіце арганізацыйную структуру кірмашовай дырэкцыі. 

5. Якія пытанні вырашае дырэктар кірмашу ў працэсе сваёй работы ?

6. Пералічыце прадпрыемствы, якія ўваходзяць у аддзел харчавання ўдзельнікаў свята і падрыхтоўчыя работы, якія яны праводзяць.

7. Назавіце арганізацыі, якія ўваходзяць у склад транспартнага аддзела.

8. Якія агульныя функцыянальныя задачы паўстаюць перад супрацоўнікамі транспартнага аддзела ?

 

 

Літаратура.

 

1. Гуд П.А. Тэхналогія стварэння свята. – Мн., 2004 – с. 28-36.

 


Дата добавления: 2018-04-04; просмотров: 364; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!