АСАБЛІВАСЦІ ФІЛАСОФІІ І СЮЖЭТНАЙ БУДОВЫ БІБЛЕЙСКАЙ КНІГІ



“НАЙВЫШЭЙШАЯ ПЕСНЯ САЛАМОНАВА”

 

Мацвееў Д.Ю.,

студэнт 5 курса УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Таранеўскі В.У., ст. выкладчык

 

Кніга “Найвышэйшая песня Саламонава” з’яўляецца выразным прыкладам рэлігійнай і філасофскай думкі, створанай на сумежжы дзвюх эпох – стараіўдзейскай і новаяўрэйскай. Па часе ўзнікнення яе тэкст амаль роўны яшчэ адной кананічнай частцы Старога Запавету – “Эклезіясту, або Кахелету” – прыкладна III-яе – пачатак II-га стагоддзя да н.э.

Тэмпаральная тоеснасць узнікнення абедзвюх кніг вымагае супадзення іх зместавага боку, але з істотнымі адрозненнямі ў сферы філасофскай думкі. Так, калі пры стварэнні “Эклезіяста” дамінаваў пераважна пошукава-эўрыстычны метад пазнання рэчаіснасці (яўрэйскі прапаведнік шляхам рэцэпторнага ўспрымання – праз органы пачуццяў –ацэньваў навакольны свет на прадмет схаванай дабрачыннасці), то герой “Найвышэйшай песні Саламонавай” – ерусалімская дзяўчына – кіруецца іншым падыходам. Яна абірае шлях стаіцызму, несупраціўлення злу, звычайнага сузірання, што больш характэрна новаяўрэйскай філасофіі, пакладзенай у аснову рэлігійных догматаў хрысціянства. Прычым сам метад пазнання паралельна з асноўным персанажам увесь час эвалюцыйнуе, а не знаходзіцца на стадыі статыкі. Гэта адбываецца па меры таго, як погляды на месца і ролю чалавека ў сусвеце, характэрныя стаіцызму, паступова замяняюцца экзістэнцыяльнымі меркаваннямі. Параўнаем асобныя часткі тэксту кнігі “Найвышэйшая песня Саламонава”:

1. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзіце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама! [1, с. 16] – выразны прыклад філасофіі неўмяшальніцтва ў законы быцця, характэрнай грэчаскім стоікам, а таксама прыхільнікам асобных плыняў Будызму;

2. ...каханне, як смерць – моцнае; рэўнасць, як пекла – лютая; стрэлы яго – стрэлы вогненныя; яно – полымя непагаснае. Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацці дома свайго за любоў, іх адхілілі б з пагардай. [1, с. 52 і 54] – прыклад экзістэнцыяльных поглядаў на прызначэнне чалавека, згодна з якімі ён вымушаны выбіраць менш згубнае для сябе выйсце і ўсё роўна пакутаваць.

Большую частку тэксту “Найвышэйшай песні Саламонавай” складаюць абаюдныя прызнанні ў каханні двух маладых людзей, пяшчотныя параўнанні чалавека з прадметамі, з’явамі жывой і нежывой прыроды. На першы погляд, здаецца, што гэта старазапаветная кніга ўвогуле пазбаўлена не толькі прыкмет філасофскай думкі, але і выразнай рэлігійнасці. Аднак ўсе асаблівасці біблейскіх кананічных твораў становяцца бачнымі пасля прачытання “Найвышэйшай песні Саламонавай” цалкам. Справа ў тым, што філасафічнасць выказванняў, мыслення герояў твора раскрываецца па меры таго, як прытчавы аповед набліжаецца да сваёй лагічнай развязкі. Да гэтага ж моманту ўсе думкі наконт прызначэння чалавека, быцця, законаў сусвету, вечных ісцін папросту ўмела зашыфраваны аўтарам кнігі ў структуру твора і выяўляюцца толькі ў падтэксце. Па сутнасці мы назіраем досыць распаўсюджаную ў рэлігійнай літаратуры новага этапу з’яву “рэбуснай будовы” твора, яго зместу. Яна бярэ за аснову загадкавасць выкладу нейкага аднаго пастулата, падзяляючы яго на асобныя сэнсавыя часткі і размячшаючы іх у розных пунктах тэксту. Гэтым спосабам выкладу асноўных філасофскіх думак і тлумачыцца сам факт перыядычных паўтораў досыць вялікіх, здавалася б нязначных з сэнсавага боку, момантаў. Так, напрыклад, кожны з васьмі раздзелаў старазапаветнай кнігі “Найвышайшая песня Саламонава” абавязкова змяшчае разгорнутыя параўнанні цела чалавека з рознымі аб’ектамі рэчаіснасці, якія характарызуюцца ідэнтычнасцю паўтарэння. Для прыкладу ўзгадаем адно з такіх апісанняў: Якая прыгожая ты, каханая, прыгожая ты! Вочы твае – галубіцы пад кудзеркамі тваімі; твае валасы – нібы козак чародка, што збягае з гор Галаадскіх, твае зубы – як стрыжаныя авечкі, што з купалні выходзяць, кожная з іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай; як чырвоная стужка – губы твае, і любасныя твае вусны; як палавінкі граната – шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі; як Давідава вежа – шыя твая, узнесеная ўгору, тысячай шчытоў увешаная, а ўсе шчыты – дужых. Грудзі твае – як двайняткі юнае сарны, пасуцца яны між лілеямі. [1, с. 28]

Галоўным філасофскім пытаннем, якое падрабязна разглядаецца ў творы, становіцца катэгорыя кахання. Яна ў “Найвышэйшай песні Саламонавай” з’яўляецца тым стрыжнёвым канцэптам, вакол якога разгортваецца ўсё дзеянне кнігі. Прытчавы характар гэтага твора, алегарычнасць аповеду, напластаванне ёмістых рэлігійна-філасофскіх тэзісаў прызвана раскрыць ці хаця б наблізіць чытача да асэнсавання ўсіх аспектаў, супярэчнасцей падобнага пачуцця. Менавіта ў гэтым мы і бачым дамінаванне экзістэнцыяльных метадаў пазнання сусвету, што выразна праявілася ў канцы твора: Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала – ён не азваўся. Спаткалі мяне дазорцы, што абыходзілі горад; паранілі мяне, пабілі мяне; дазорцы сцен гарадскіх сарвалі з мяне маё покрыва … я знемагла ад кахання. [1, с. 34] У алегарычнай форме размяжоўваюцца два адрозныя бакі аднаго паняцця: каханне сапраўднае і ўяўнае, з перавагай першага над апошнім.

Бачна, што “Найвышэйшая песня Саламонава” з’яўляецца выразным прыкладам біблейскай прытчавай літаратуры, у якім сінтэзаваны два філасофскія метады пазнання сусвету: стаіцызм і экзістэнцыяналізм.

 

Літаратура:

1. Сёмуха, В. Найвышэйшая песня Саламонава / В. Сёмуха. Мн.: “Мастацкая літаратура”, 1994. – 77 с.

 

 


Дата добавления: 2018-05-09; просмотров: 253; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!