А чего это вы по-белорусски разговариваете?



Уводзіны

Гомельская гарадская арганізацыя Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ладзіць вялікую колькасць культурніцкіх мерапрыемстваў, праводзіць кампаніі, займаецца беларускамоўнай адукацыяй у Гомелі.

Некалькі гадоў таму адбыўся першы сезон гуртка "Лемантар", на занятках якога была звернута ўвага на развіццё аратарскіх здольнасцяў ягоных наведвальнікаў, адметных якасцяў і прыгажосці мовы, вучыліся весці дыялогі, дыспуты і размовы на роднай мове.

Навучыўшыся дасканала фармуляваць думкі і пераводзіць іх у прамовы, удзельнікі гуртка і наведвальнікі першага сезону прадэманстравалі прысутным свае здольнасці і ўменне весці дыялог, чытаць тэксты, дэкламаваць творы класікаў.

Разам з тым яны прызналіся, што калі са сваімі моўнымі здабыткамі выходзілі ў грамадства, то сустракаліся шмат з якімі цяжкасцямі. Маглі іх і не зразумець, здзіўляліся нават, што ад іх чуюць беларускую мову. Сустракаліся з грэблівымі адносінамі да пачутых слоў.

Таму Гомельская філія ТБМ прыняла рашэнне аб арганізацыі курсаў ужытковай мовы "Лемантар", дзе наведвальнікі будуць вучыцца, як рэагаваць на тыповыя пытанні да беларускамоўных, мадэляваць канфліктныя сітуацыі і шукаць з іх выйсце. Падтрымка такога кшталту патрэбная не ўсім беларускамоўным пачаткоўцам, школьнікам, дасведчаным тэрмінатарам і тым, хто вагаецца ў прыняцці рашэння на карысць мовы, што згуртаваліся вакол ініцыятывы.

Нашая каманда ўздымала розныя пытанні, абмяркоўвала навіны, пераклала меню для рэстарацыі, спрачалася, прыгадвала гісторыю, праводзіла форум-тэатры. У дапаможніку мы сабралі тэмы, што нас хвалявалі ў гэтым годзе на занятках "Лемантара".

Дадзены метадычны дапаможнік мае на мэце:

· пазнаёміць людзей з асноўнымі тыповымі сітуацыямі, з якімі сутыкаецца беларускамоўны жыхар нашай краіны;

· распавесці, як лёгка і хутка перайсці на беларускую мову і карыстацца ёю ў штодзённым жыцці;

· рэпрэзентаваць сваю дзейнасць.

У метадычцы прадстаўлены: парады і разважанні пра тое, якую мову варта вучыць у дзіцячым садку і чаму беларускамоўны клас – гэта наша ўсё; спосабы пашырэння слоўнікавага запасу;  тэст, які дапаможа зрабіць выбар, узважыўшы ўсе "за" і "супраць", на карысць станаўлення сябе як беларускамоўнага грамадзяніна.

Гомельская філія ТБМ выказвае шчырую падзяку наведвальнікам Цэнтра беларускай мовы і камандзе, якая працавала над стварэннем дапаможніка, асаблівая падзяка за руплівы ўдзел –

 

Уладзіміру Яначкіну,

Антаніне Каржавінай,

Зміцеру Якаўцову,

Ірыне Яраш,

Яўгену Якавенку,

Алесі Аўласевіч,

Уладзіміру Чараўхіну,

Анатолю Бароўскаму,

Марыне Драбышэўскай,

Арыне Разжывінай і

Станіславу Ячменеву.

 

Мы ў сацыяльных сетках:

Https://vk.com/beltsentr

Https://www.facebook.com/klicznik.klicza

https://www.instagram.com/mova_centre/

Як размаўляць на мове з незнаёмымі людзьмі?

    Кожны, хто хоць раз спрабаваў размаўляць па-беларуску з незнаёмымі людзьмі, сутыкаўся з разнастайнымі рэакцыямі на мову. Якія яны бываюць і як рэагаваць на іх, распавядзем у гэтай частцы.

    Дзьве парады, як пачаць размову з невядомым чалавекам па-беларуску.

    У нашым рускамоўным свеце шасцярэнькі ў галаве большасці на вуліцах рускамоўнага горада наладжаныя на рускую мову. Толькі на рускую мову. Калі бываеш за мяжой у турыстычных месцах, то часта чуеш розныя мовы і бачыш людзей з розных краін. На іх не абарочваюцца мінакі са здзіўленнем. У нас жа, з прычыны малой турыстычнай плыні, іншых моваў на вуліцах не чуваць, таму да таго, што чалавек зараз пачуе шэраг словаў, пра сэнс якіх яму давядзецца задумацца, яго трэба падрыхтаваць.

Як пачаць размову

    Пачаць размову лепей з яскрава беларускага, але абсалютна ўсім зразумелага выразу накшталт: "Падкажыце, калі ласка" , "Выбачайце", "Дазвольце спытаць".

    Пасля першага гэтага выразу чалавек настройваецца на беларускую мову і далейшыя вашыя словы яго не ўгоняць у ступар і не паставяць вас у няёмкае становішча. Калі давядзецца паўтараць і тлумачыць нешта па 2 разы, вы будзеце больш упэўнены.

    Такі ж прыём можна выкарыстоўваць, адказваючы на невядомы нумар па тэлефоне:

- Ало, слухаю ўважліва.

    Рабіце паўзы, даючы гэтым субяседніку магчымасць дадумаць, што вы мелі на ўвазе.

Як рэагаваць на агрэсію

    Зрэдку на беларускую мову можна пачуць у адказ нешта накшталт:

- Говорите по-русски.

- Вам, наверное, платят?

- Со мной можете не стараться.

- Говори нормально.

- Говори человеческим языком.

    Гэтыя выразы трэба проста ведаць і не губляцца, калі чуеш іх у свой адрас. Найлепшае, што спрацоўвае ў такім выпадку, спакойна працягваць размаўляць па-беларуску. Нашая задача ёсць камунікацыя, а не агітацыя ці прапаганда. Няма сэнсу адказваць банальнае: я па-чалавечы размаўляю, я нармальна размаўляю, гэта мая мова і г.д.

    Па сітуацыі можна аджартавацца. "Так, плоцяць. Трэба ж неяк круціцца ў крызіс!"

    Або так (а чего это вы на ненормальном языке говорите?): "Ды мне даплочваюць - трэба ж неяк круціцца".

"Па-руску ня ўмею. Па-руску толькі са слоўнікам"  (больш агрэсіўныя варыянты).

    Аднойчы на выраз "Говори по-человечески" аднаму з наведвальнікаў Цэнтра давялося прасіць кнігу скаргаў ("А я па-сабачы, значыць, размаўляю?").

    Ёсьць больш агрэсіўныя варыянты рэакцыі:

Оппозиционер/бэнээфовец? бандэровец? фашист/нацист? і самае цікавае "националист?"

    Тут таксама варта весці сябе па сітуацыі. Вашыя паводзіны залежаць ад таго, як бы вы рэагавалі на іншага хамаватага чалавека, які проста не прапусціў бы вас або плюнуў пад ногі, дзесьці на вуліцы.

    Мяркуем, што трэба разбураць міф, калі беларускамоўны значыць "апазіцыянер", якому вечна нешта не падабаецца, які бадзяецца па плошчах у рабочы час ды замінае жыць паспалітым беларусам. Кніга скаргаў і канфлікт павінныя быць абсалютна апошнімі сродкамі. Такія сітацыі могуць узнікаць рэгулярна, таму штораз псаваць на іх час і нервы не варта.

Заведама цяжкія для ўспрымання словы можна навучыцца тут жа паўтараць:

 - Вашае імя? (асабліва калі трэба адшукаць скажам імя ў спісах)

 - Яўген, Евгений.

    Такі спосаб часта правакуе наступны адказ: "Я понимаю по-белорусски, можете не повторять", бо ўспрымаецца людзьмі як выклік. І гэта цудоўна! Пасля атрымання такога кард-бланшу, варта "сыпаць" самай сакавітай лексікай, якая толькі прыйдзе ў галаву!

    Часта, ідучы на пагадненне прынцыпам у падобнай сітуацыі, падбіраеш словы, сугучныя з рускай мовай "мне два піражкі з павідлам". Гэта няпросты шлях бо, пачуўшы ад вас далей нешта больш уласнабеларускае, суразмоўца часам можа спытаць: "А что это вы то по-русски, то по-белорусски"? Можна растлумачыць сугучнасць, а можна, як і ў папярэднім выпадку, пачаць "сыпаць буйнакалібернымі": "Гарбата на зёлках з цытрынай бяз цукру".

    Калі вы сумняваецеся, ці вас зразумелі, адразу наўпрост спытайце: "Добры дзень, ці вы ведаеце, што такое "гарбата"? (аўтару пытання аднойчы нават пасля станоўчага адказу прынеслі каву). "А ці вы ведаеце што такое воцат"?

У краме

1. Улічваючы той факт, што амаль усе крамы зараз на самаабслугоўванні, камунікацыя з прадавачкамі зводзіцца да мінімуму.

2. Як правіла, крамы, як і іншыя грамадскія публічныя месцы (пошты, кавярні, цырульні) мы наведваем адны і тыя ж, што знаходзяцца на шляху да месца працы і штодзённых спраў ці ля дома. Кожнае гэтае месца дастаткова наведаць 1-2 разы, і вас запомняць і здзіўляцца ўжо не будуць. Не пераймайцеся, супрацоўнікі ў крамах мяняюцца так часта, што мала хто скажа: "Волечка, а что это ты вдруг начала по-белорусски говорить". А калі нават і спытаюць... Але пра гэта ніжэй.

3. Каб вас дакладна зразумелі, то, просячы нешта, можна максімальна апісаць гэты прадмет, як мы апісваем яго, калі выбіраем з вітрыны менавіта зялёную асадку, чырвонага слоніка, або гарбату ў сінім пакунку злева.

4. Можна назваць кошт і марку ці вытворцу чыпсаў/ялавічыны/цукру.

5. Калі вы чуеце: "Я вас не понимаю", то можаце ўжыць наступныя адказы:

- Паклічце, калі ласка, таго, хто разумее.

- А ці вы ўсведамляеце, што вы ў Беларусі не разумееце беларуса? Можа вы ня тое месца/краіну (як больш агрэсіўны варыянт) для працы абралі?

- Значыць вы не адпавядаеце патрабаванням да дзяржслужачых (калі гаворка з імі).

- Дайце, калі ласка,  кнігу водгукаў і прапаноўпа першым маім патрабаванні, чакаю 3 хвіліны і выклікаю міліцыю.

- Ну і што тады будзем рабіць? Як будзем дамаўляцца?

- Ня можа быць!? Мо я вам так спадабаўся/лася, што вы пазнаёміцца захацелі, дык я жанаты/замужняя/ёсць дзяўчына/ёсць хлопец  -  пераводзім у жарт.

- Як не разумееце? Беларусізацыя ж пачалася! Хіба ня чулі? Хутчэй мову вывучайе, бо з працы папруць  -  зноў жарт.

 

6. "Уксус па-вашаму". Выкарыстоўваць у асабліва цяжкіх выпадках. Добры варыянт перавесці ў жарт і звярнуць увагу на тое, што вы ідзецё насустрач - паўтарыць (ці адразу замена без вымаўленьня беларускага слова):

- Дайце, калі ласка, мне воцат?

- ??? -

- Уксус па-вашаму.

    Або так: "Дайце, калі ласка, мне воцат, уксус па-вашаму".

    Ці заборыстае: "Дайце мне калі ласка воцат... ну гэта, як гэта... уксус па-вашаму" (тут можна рабіць адмыслова наіграна, а можна цалкам натуральна забыць на імгненне слова – залежыць ад вашага тэатральнага майстэрства). Дарэчы, беларускамоўныя не дадуць схлусіць, што часцяком даводзіцца прыгадваць, як гучыць тое ці іншае слова, паняцце па-руску (калі да таго даходзіць справа).

    У гэтым выразе хаваеца вельмі важны акцэнт: мы ўсе беларусы і ўсе разумеем беларускую мову, таму перапытваць тут было залішнім.

7. Калі зусім ніяк не ідзе размова, то не хвалюйцеся і пераходзьце на англійскую. Файна, калі вы гэта можаце, бо трэба ж неяк дамаўляцца!

Калі выпраўляюць памылкі

    Часта знаўцы мовы пачынаюць выпраўляць памылкі або вышукваць у вас хаця б адно падобнае на рускае слова і тут жа кпяць:
"А по-белорусски вот так правильно".

    Варыянты адказу:

Дзякуй, буду ведаць.

Дзякуй, я толькі вучуся.

Дык калі вы так добра мову ведаеце, то далучайцеся!

Цудоўна, што вы ведаеце добра мову, можна буду распавядаць сваім сябрам, каб яны сюды смела заходзілі (калі гэта крама/цырульня ці нешта падобнае).

А чего это вы по-белорусски разговариваете?

    Вяртаемся да важнага моманту.

    Самае частае пытанне, пасля якога суразмоўца выказвае адно са стэрэатыпных меркаванняў пра беларускамоўных:

бэнээфавец/апазіцыянер/настаўнік і г.д.

    У якасці жарта адказваць на такое можна канструктарам з прыведзенай ніжэй таблічкі:

- Я настаўнік-бэнэфавец з вёскі.

- Бандэравец-інтэлігент з Менску.

- Ды я западэнец-выкладчык з Польшчы.

    Для надання большай камічнасці сітуацыі можна выкарыстаць абрэвіатуру "з ВКЛ" ці поўную назву і г.д.

Настаўнік Бандэравец З вёскі
Апазіцыянер Інтэлегент З Менску
Бэнэфавец Настаўнік З Украіны
Бандэравец Апазіцыянер З Польшчы
Інтэлегент Бэнэфавец З эміграцыі
Западэнец Выкладчык З ВКЛ
Выкладчык Западэнец З марса

 

    Іншыя варыянты адказаў:

- Такі я смешны звярок.

- Бо кітаец.

- Ой, я з адной далёкай і малавядомай краіны - Беларусь называецца. Чулі пра такую?

    Апошнія два варыянты падкрэсліваюць абсурднасць пытання: чаму гэта ў Беларусі беларус размаўляе па-беларуску?

- Вось калі ў Францыі кажуць па-французску, а ў Германіі па-нямецку, дык ніхто не здзіўляецца, тады што тут дзіўнага?

    Калі запытваюць, ці вы настаўнік, то можна адказаць наступным чынам: "Ну вось вы па-руску размаўляеце, дык вы, мусіць, настаўнік рускай літаратуры?

У нас два государственных языка!-досыць тыповы выраз, які асабліва часта сустракаецца ў афіцыйных лістах чыноўнікаў. Магчымая рэакцыя на яго:

- Калі дзяржаўныя мовы ў нас дзьве, дык чаму ў вас усё толькі на адной?

 - Дзяржаўных моў ў нас дзьве, але нацыянальная - адна, беларуская!

- То і вы мусіце валодаць кожнай з іх (дзьвюма) - калі гаворка пра чыноўніка, або чалавека са сферы асблугоўвання.

Мова - зброя

    Як бы гэта не гучала, але мова сапраўды можа быць зброяй. Калі вы пачынаеце казаць па-беларуску, то ініцыятыва, перавага ў размове адразу на вашым баку, вы выглядаеце мацнейшым, бо чалавек не ў стане адказаць вам на мове, пачынае скажаць словы і пачувае сябе як малаадукаваным, выбачаецца. І ён, вялікі чыноўнік ці вельмі важная касірка ў банку, адчувае, што ўжо не ён тут галоўны і пад яго ўсе павінны падладжвацца, а якраз наадварот.

Пазітыўная рэакцыя

    Ня гледзячы на тое, што большасць апісаных вышэй выпадкаў блізкія да стану стрэсу, найчасцей за беларускую мову будуць дзякаваць і захапляцца! Адкажыце кароценькім пазітывам: "Далучайцеся!"

    Насамрэч, самае натуральнае і прыемнае - гэта адсутнасць рэакцыі і выбачэнняў. Сітуацыя, калі вас ніяк не вылучаюць праз вашу мову - самая файная, бо менавіта так павінна быць у цывілізаваным грамадстве.

Яўген Якавенка


Дата добавления: 2018-02-15; просмотров: 679; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!