Чаму людзі пераходзяць на беларускую мову?



    Гэтае пытанне мы ў Цэнтры беларускай мовы разбіралі на сустрэчах гуртка "Лемантар" не адзін раз. Было цікава даведацца і зразумець, калі і чаму адбываюцца такія моцныя змены ў жыцці чалавека. Што з'яўляецца адпраўным пунктам? Мы сустракалі людзей, якія з дзяцінства беларускамоўныя, але іх было зусім не шмат. У асноўным людзі з часам прыходзілі да беларускай мовы, а некаторыя нават пасля моцнай нянавісці да мовы. 

    Гісторыі людзей былі падобныя паміж сабой, але кожная з іх была ўнікальная цэлым спектрам эмоцый і пачуццяў. Асноўныя адпраўныя пункты, што мы сустракалі:

Беларусізацыя 90-х гадоў

        Такі досьвед мае і пазітыўны і негатыўны вынік. Беларуская мова пачала шырока выкарыстоўвацца ва ўстановах адукацыі, справаводстве. Узмацніўся кантроль выканання заканадаўчых актаў, якія гарантавалі развіццё нацыянальнай культуры і роднай мовы, свядомасці і выхавання павагі. Беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай.

    З самых адмоўных прыкладаў мы чулі гісторыі, калі "прымусовым" чынам адбываўся пераход на беларускую мову ва ўсіх сферах жыцця людзей. Шмат хто быў не гатовы да гэтага, таму той час пакінуў у некаторых не самыя лепшыя ўспаміны. 

    Час 90-х мае сваіх нашчадкаў, якія і сёння карыстаюцца выключна беларускай мовай, прыахвочваюць да беларушчыны дзяцей.

Школа

        Беларусізацыя 90-х адбілася і на адукацыі, але і зараз ёсць выпускнікі беларускамоўных школ. Большасць нашых наведвальнікаў прыгадваюць сваё навучанне ў пачатковай школе, дзе навучанне адбывалася на беларускай мове і пакінула шмат пазітыўных успамінаў. У гэтым разе школа закладае падмурак любові да беларускай мовы.

Настаўнік-натхніцель

        Безумоўны ўнёсак у стаўленне да мовы выхоўвае настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Сваім прыкладам, розумам і аўтарытэтам ён уплывае на з'яўленне беларускамоўных.  

Уплыў аўтарытэта

        Такую ролю можа трансляваць настаўнік, пісьменнік, спявак, грамадскі дзеяч, знаёмы беларускамоўны. Пераход у беларускамоўнае жыццё ў такім выпадку адбываецца не навязліва, але захоплівае вельмі хутка.

Асяроддзе, тусоўка

        Кожны памятае першага беларускамоўнага чалавека, якога сустрэў па-за школай. Асабліва вы можаце сустрэць такую матывацыю сярод студэнтаў Мінскіх вышэйшых навучальных устаноў. Калі чуеш жывую мову, якая не з'яўляецца штучнай і транслюе абсалютна звычайныя тэмы, то разумееш, што беларуская не нейкі артэфакт, а мова зносін.

Палітычныя падзеі, дэмарш

        Самымі моцнымі прычынамі цікаўнасці да мовы можна назваць трагедыю Курапатаў, падзеі 2006 і 2010 гадоў. Па досьведу можам сказаць, што такіх гісторый вельмі шмат. Разуменне годнасці чалавека, праўды, аналізу сучасных падзей у кантэксце гісторыі Беларусі моцна змяняе памяркоўнасць на дэмарш.

Пазітывісцкія тэндэнцыі 10-х 

    З'яўленне шматлікіх культурных пляцовак, разнастайных моўных курсаў, беларускамоўных тусовак, прэзентацый, імпрэз, сустрэч з беларускамоўным дзеячамі, моцна змянілі жыццё Мінска. Існуе нават такі тэрмін як "Менскае нацыянальнае адраджэнне". За сталіцай павольна ідуць і рэгіёны, там не віруе беларуская мова, але ейны ўжытак і роля павялічваюцца. Менавіта таму не варта параўноўваць культурніцкае жыццё сталіцы з іншымі гарадамі. Часта бывае, што тыя, хто заканчваюць навучанне ў месцы беларускамоўнага ўздыму, едуць у іншыя гарады, гуртуюць асяроддзе на месцы і па прыкладзе ствараюць альтэрнатыву рускамоўнаму застою.

Захапленне гісторыяй

        У такіх выпадках значную ролю адыграць можа і настаўнік, але цікавасць да гістарычных падзей краіны, аналіз, знаёмства са славутымі дзеячамі і бачанне падзей у агульнай карціне мяняе шмат людзей.

Узровень адукацыі

        Можна аднесці гэты варыянт да стэрэатыпу, дзе беларускамоўны дарослы і разумны чалавек, які мае шмат адукацый, піша кнігі і ўзначальвае грамадскую арганізацыю, змагаецца за правы беларускамоўных, пакутуе і вядзе блог. Мова маладзее і ейныя носьбіты маюць высокі ўзровень адукацыі. Можа быць так, што чым больш чалавек чытае, назірае, вывучае, тым болей пачынае разумець і аналізаваць сучасныя і гістарычныя падзеі. Разумець небаходнасць мовы.

Сям'я

        Калі бацькі беларускамоўныя і дзіця расце ў такім асяроддзі, то ён валодае і рускай, і беларускай мовамі. Выбар звычайна надаецца беларускай. Зразумела, што беларускамоўныя бацькі транслююць не толькі мову, але і сваю філасофію, аснову культуры народу, павагу да гісторыі.

Разуменне каштоўнасці мовы

        Цікавая і асобная матывацыя, таму што дакладнага рашэння, каб паўсюль яго выкарыстоўваць і тлумачыць гэтае разуменне не проста. Напэўна, каштоўнасць спалучае шэраг падзей, які чалавек сустракае ў жыцці і яны маюць накапляльны эфект.

Непалітычны пратэст

        Апошнім часампалітыкі-апазіцыянеры моцна падарвалі свой аўтарытэт. Большасць беларусаў не гатовыя ісці за імі, і свой пераход да беларускай мовы не звязваюць з палітычнымі падзеямі. Варыянт непалітычнага дэмарша вельмі частая гісторыя, але ў такіх людзей ёсць баязнь таго, што пры пераходзе на мову на іх якраз і павесяць цэтлік: беларускамоўны, таму што гэта палітычная пазіцыя. Гэты пратэст звязаны з болем за Беларусь, унутраным "не" русіфікацыі.

Самаадукацыя

        Сярод наведвальнікаў Цэнтра беларускай мовы ў Гомелі шмат людзей, якія актыўныя ва ўсім і цікавяцца вялікай колькасцю рэчаў. Беларуская мова дадатковы выклік вывучаць нешта новае, глядзець фільмы, абмяркоўваць і вучыцца чамусьці новаму кожны дзень.

    Трэба дадаць, што кожны можа знайсці для сябе матывацыю і ў супольнасці разнастайных крыніц. Гэта добра бачна на малюнку ніжэй, бо ўсе яны так ці інакш перагукаюцца між сабой.

Г - гісторыя, М - мова, Л - літаратура, Кр - карязнаўства, Кл - культура.

 

 

         Алеся Аўласевіч

 

Спосабы пашырэння слоўнікавага запасу, мыслення па-беларуску

1. Пачаць трэба з усведамлення сябе як чалавека, які толькі вучыцца. Калі вам нехта яўна дасведчаны скажа, што вы размаўляеце на трасянцы - не здзіўляйцеся. Як бы не было балюча для самалюбства - гэты факт трэба ўсвядоміць, прызнаць праблемай і паспрабаваць даць ёй рады.

2. Каб развіваць і ўзбагачаць сваю мову, вам варта зразумець, што жыццё складаецца са звычак. Пачынайце з маўлення. Чым больш мы размаўляем па-беларуску, тым лепш мы размаўляем па-беларуску. Можна пачаць, а часам і скончыць з размовай у вузкім коле "беларускамоўных", у гэтым разе трэба дбаць, каб вашая кампанія не замыкалася на сабе і слоўнікавы запас заўсёды ўзбагачаўся. Шукайце "спецыяліста". Як правіла, такія людзі досыць публічныя і адкрытыя, і пачаць з імі камунікаваць нескладана. Варта прасіць ненавязліва выпраўляць вашыя памылкі, запамінайце іх. 

3. Больш эфектыўны метад пашыраць свой слоўнікавы запас - чытанне беларускамоўнай мастацкай літаратуры, кніг па гісторыі, культуралогіі і інш. Літаратуры ў сучасным свеце інтэрнета знайсці можна безліч. Чытанне ўзбагачае ваш слоўнікавы запас і прызвычайвае думаць па-беларуску. Пагадзіцеся, лепш вывучаць мову з дапамогай захапляльнага трыллера, чым слоўніка. Незнаёмыя словы тады разумеюцца з кантэкста кнігі, на крайні выпадак - ёсьць той жа слоўнік. Занатоўвайце незнаёмыя словы з перакладам у нататнік - тут спрацуе маторная памяць, потым пераглядайце свае запісы.

    Калі задацца пытаннем што чытаць, апроч знаёмых са школы класікаў, можам параіць Р. Барадуліна А. Вярцiнскага, В. Зуёнка, Я. Сіпакова, Н. Гiлевiча, У. Караткевіча, М. Стральцова, Г. Бураўкіна, В. Быкава. Тым, хто любіць яшчэ больш сучасную літартуру: Я. Янiшчыц, М. Мятліцкага, А. Разанава, Р. Баравікову, І. Багдановiч, П. Вераб’ёва, Л. Рублеўскую, В. Шнiпа, М. Шабовіча, М. Башлакова, А. Сыса, Л. Дранько-Майсюка, А. Глобуса, М. Дуксу і інш.

    Самая маладая генерацыя маладых літаратараў прэзентавана імёнамі В. Жыбуля, А. Хадановіча, А. Камоцкага, В. Трэнас, Зм. Вішнёва. З сучаснай літаратурай трэба быць пільнымі, бо адносна яе няма адзінага меркавання, які стандарт лепей: наркамаўка ці тарашкевіца ці яшчэ нешта сваё. Варта звярнуць увагу на гістарычны часопіс Аrche, які, да ўсяго, і ўзбагаціць вашыя веды па гісторыі. Варта адзначыць часопісы "Дзейслоў" і "Прайдзісьвет". Для электроннага чытання звяртайцеся на kamunikat.org.

    Чытайце беларускамоўныя газеты ды версіі сайтаў.

Дзе браць слоўнікі?

    Найперш гэта электронны рэсурс slounik.org. З папяровых слоўнікаў, якія адкрываюць багацце менавіта народнай па паходжанню мовы - 700-старонкавы слоўнік Байкова Некрашэвіча. Пры гэтым варта памятаць, што створаны ён быў досыць даўно і напісаны тарашкевіцай, гэта значыць правапісам, які афіцыйна не прыняты ў Беларусі (да рэформ).

4. Пісаць у сацсетках. Пісаць па-беларуску, бо важна выпрацаваць звычку думаць па-беларуску. Перад тым, як набраць тэкст, вы пракручваеце яго ў галаве. Да таго ж Facebook, напрыклад, гэта глабальнае сеціва, дзе нашыя допісы бачаць замежнікі, так што пішучы па-беларуску, мы ствараем адпаведны імідж краіны. Не лянуйцеся, трымайцеся годна, не ганіцеся за праглядамі і лайкамі, тым больш, што ў сеціве "прымусіць" чалавека зразумець беларускую прасцей, чым у рэальным жыцці. У інтэрнеце значна прасцей не рэагаваць на хамства, і ніхто не заявіць, што ён не разумее беларускай мовы, бо тут жа пад рукой ёсьць перакладчыкі.

5. Важным крокам на шляху да мовы могуць стаць спробы творчасці па-беларуску. Не важна, будзе гэта дзённік, вершы ці аўтабіяграфія. Сэнс гэтай творчасці будзе палягаць не ў тым, каб ствараць сур'ёзнае. Наадварот, сур'ёзнае стварыць адразу не можа ніхто, таму не здзіўляйцеся, калі вас і не закрытыкуюць, дык проста праігнаруюць (гэта больш балюча). У працэсе творчасці вы будзеце ўзгадваць найбольш сакавітую лексіку, праглядваючы свае нататкі, прапускаць праз сябе і запамінаць ужо назаўсёды. Асабліва эффектыўныя ў гэтым плане спробы вершаскладання, бо яны патрабуюць найбольшых творчых высілкаў у падборы лексікі. Гэтыя спробы пакажуць, наколькі вялікі слоўнікавы запас вы маеце.

    Наш сучаснік Андрэй Горват пачынаў творчы шлях звычайным блогам-дзённікам у фэйсбуку, потым надрукаваў яго асобнай кнігай, і ў выніку стаў самым папулярным сучасным пісьменнікам у Беларусі. І што важна, самым прадаваемым.

    Магчыма, і ў вас атрымаецца. Калі распачалі тварыць не закідвайце гэта, майстэрства і імпэт прыходзяць з часам.

    Як наглядны прыклад пераклад прышпільнага вершу.

Арыгінал Пераклад
В пакете красиво, У слоіку прыгожа,  
Не перестаю шуршать, Не спыняюсь шаматаць,  
Звуки на максимум, І гукі ўзбройваю,
Чтобы всем мешать. Каб усім замінаць.

 

6. Яшчэ раз чытаць, чытаць і чытаць. Адмыслова паўтараем гэты пункт, ён самы важны.

7. Асобным чынам варта вылучыць музыку.

    Беларускамоўнай музыкі зараз хапае на любы густ ад рок-фолка да Зміцера Вайцюшкевіча, якога вельмі любяць нашы маці. Карыстайцеся tuzinfm.by і, асабліва, experty.by, дзе можна паслухаць і пачытаць рэцэнзіі на ўсё свежанькае. Слухайце беларускамоўнае радыё euroradio.by, racyja.com (музыка) ці svaboda.org (аналітыка).

    З папяровых кніг, прысвечаных не толькі року, але беларускай музыцы, варта адзначыць "222 альбомаў беларускага року" Вітаўта Мартыненкі, што была выдадзена ў 2006. Нягледзячы на даўнасць выдання, кніга каштоўная ведамі пра розныя музычныя напрамкі. Фактычна ў ей ёсць рэцэнзіі на ўсе альбомы беларускамоўных выканаўцаў за перыяд ад перабудовы да 2006 года. На мой погляд, найбольш цікава прадстаўлены перабудовачныя гурты: "Мроя", "Уліс", "Бонда", "Крама".

8. Дагэтуль мы вучыліся думаць па-беларуску, зараз мы будзем вучыцца размаўляць бегла. Галоўнае - не сакралізаваць мову, памятаць, што яна ў першую чаргу сродак камунікацыі і ваша мэта сказаць нешта, а не сказаць прыгожа.Не варта пераймацца, калі вы будзеце выкарыстоўвываць русізмы, англіцызмы і асабліва слэнг, пранікненне словаў з мовы ў мову - справа нармальная сама па сабе. Так бывае, калі выхадцы з заходняй Украіны свядома ўжываюць слова "прикол". Не замарочвайцеся, у большасці выпадкаў складанае слова, якое вы не можаце прыгадаць, ваш суразмоўца не ведае таксама. Такім чынам вы дасягнеце добрага тэмпу маўлення.

9. Папрактыкуйцеся быць "сурдаперакладчыкам" на ТВ. Паспрабуйце глядзець відэа (асабліва цікава гэта працуе з навінамі) і ў галаве пракручваць пачуты тэкст па-беларуску. Гэта значна прасцей за тое, каб вымаўляць словы ўслых. З цягам часу вы пабачыце, што добра авалодалі мовай.

10. Знайдзіце ў вашым горадзе беларускамоўную тусоўку, моўныя курсы ці проста беларускамоўных у сацсетках.

Зміцер Якаўцоў

Прапануем вам прайсці сур'ёзны тэст, каб праверыць, наколькі вы падрыхтаваныя да пераходу на беларускую мову:

Адкажыце на пытанні, складзіце колькасць балаў у дужках.

1. Як вы пачуваецеся ў ролі "белай вароны"?

- я і ёсць белая варона (1 бал)

- добра, чаму б і не? (2 балы)

- кепска, не хачу вылучацца (3 балы)

- хіба што калі ўсе вароны назавуцца белымі, тады і мне давядзецца (4 балы)

- зусім кепска, ніяк не ўяўляю сабе гэта (5 балаў)

2. Ад чаго вы больш за ўсё залежыце?

- я абсалютна не залежны, гэта ад мяне хутчэй усе і ўсё залежыць (1 бал)

- кнігі, перачытваю ўлюбёныя па тры разы (2 балы)

- інтэрнэт, не магу без апошніх навін (3 балы)

- торцікі, жарсць як люблю сябе пацешыць (4 балы)

- тэлебачанне, не магу без тэлевізара (5 балаў)

3. З кім бы вы найперш пачалі размаўляць па-беларуску ў сям'і?

- з бацькамі (1 бал)

- з дзецьмі/братам/сястрой (2 балы)

- з мужам/жонкай (3 балы)

-з катом (4 балы)

- хіба што з люстэркам (5 балаў)

4. Што рабіць з усеагульнай рускамоўнай адукацыяй?

- Прымушу выкладаць мне па-беларуску (1 бал)

- Беларусізую спачатку аднакашнікаў (2 балы)

- Пачну з сябе, астатнія падцягнуца (3 балы)

- Першым чынам трэба набыць квіток у іншы горад, дзе з гэтым палепей (4 балы)

- Я сам дырэкатр школы! Развялі мне тут! (5 балаў)


Дата добавления: 2018-02-15; просмотров: 1032; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!