ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ ІІ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ: ПРАВАВЫ СТАТУС (1921 – 1939 гг.).



УЗ’ЯДНАННЕ З БЕЛАРУСКАЙ ССР

АНАТАЦЫЯ

Выкладзены юрыдычныя аспекты ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай, асноўныя рысы канстытуцыйнага ладу Польшчы і грамадска-палітычнага жыцця на заходнебеларускіх землях. Адначасова паказана барацьба супраць нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту, асвятляюцца падзеі ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР.

ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН

1. Рыжскі мірны дагавор і сутнасць сапраўднага статуса Заходняй Беларусі

2. Органы ўлады і кіравання: вышэйшыя і мясцовыя

3. Нацыянальна-вызваленчы рух

4. Міждзяржаўныя дамоўленасці СССР і Германіі аб размежаванні “сферы інтарэсаў”

5. Часовыя органы кіравання ў Заходняй Беларусі і ўз’яднанне тэрыторыі Беларусі

6. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа і стварэнне мясцовых органаў савецкай улады ў заходніх абласцях

 

1. Рыжскі мірны дагавор і сутнасць сапраўднага статуса Заходняй Беларусі

 

Падзеі першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. дазволілі польскаму народу аднавіць сваю дзяржаву. 29 жніўня 1918 г. СНК РСФСР выдаў дэкрэт, якім прызнаваліся страціўшымі сілу ўсе трактаты аб падзелу Польшчы паміж Расіяй, Прусіяй, Аўстрыяй, падпісаныя ў ХVІІІ ст.

Пры падтрымцы заходніх дзяржаў у Польшчы былі створаны вайсковыя легіёны пад камандаваннем Ю. Пілсудскага, якія ў канцы 1918 – пачатку 1919 г. пачалі акупацыю беларускіх зямель. Спекулюючы на пачуццях нацыянальнага дзяржаўнага адраджэння, захопнікі разгарнулі вайну супраць Савецкай краіны з мэтай стварыць Вялікую Польшчу “ад мора да мора”.

У кастрычніку 1920 г. паміж Савецкай Расіяй і Польшчай было падпісана перамір’е, а 18 сакавіка 1921 г. у Рызе – мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй і Савецкай Украінай, з аднаго боку, і Польшчай – з другога. Згодна з гэтым дагаворам заходнія вобласці Беларусі разам з заходняй часткай Украіны адышлі да Польскай дзяржавы, а Расія і Украіна адмаўляліся ад “всяких прав и притязаний на земли, расположенные к западу от границы, описанной в статье II настоящего договора” (Мирный договор между Россией и Украиной, с одной стороны, и Польшей – с другой // Спадчына. 1993. № 4. С. 15). Паводле артыкула VІІ гэтага дагавора, Польшча павінна была прадаставіць рускім, украінцам і беларусам, якія апынуліся пад яе юрысдыкцыяй, усе правы па забеспячэнні свабоднага развіцця культуры, адукацыі, мовы і выканання рэлігійных абрадаў. Згодна з польскай Канстытуцыяй 1921г., правы грамадзян беларускай нацыянальнасці прызнаваліся цалкам і без сумненняў. Але, як паказаў час, польскі ўрад не забяспечваў свабоднае развіццё нацыянальных меншасцяў. Улада абмяжоўвала нацыянальна-культурнае будаўніцтва, праводзіла паланізацыю беларускага народа. Да 1939 г. у Заходняй Беларусі не было ні адной беларускай школы (супраць прыкладна 350 да акупацыі), польскія школы не забяспечвалі навучання ўсіх дзяцей. У дзяржаўных установах было забаронена выкарыстанне беларускай мовы, беларусы не дапускаліся на дзяржаўную службу: у мясцовыя органы ўлады і кіравання прызначаліся толькі палякі, і, як правіла, ураджэнцы самой Польшчы, выхадцы з багатых слаёў насельніцтва. Каб не дапусціць простых людзей на працу ў дзяржаўным апараце ў 1933 г. быў прыняты закон, згодна з якім нават на пасады ў гміннае праўленне маглі “выбірацца” толькі асобы, якія мелі сярэднюю адукацыю і павінны былі вытрымаць экзамены ў спецыяльнай павятовай каміссіі. Была распаўсюджана рэлігійная нецярпімасць да праваслаўных.

Згодна з сакавіцкай Канстытуцыяй 1921г., Польшча лічылася буржуазна-дэмакратычнай, парламенцкай рэспублікай. Але абвешчаныя свабоды слова, друку, сходаў, арганізацый пастаянна парушаліся, асабліва на “крэсах”. Тут дэмакратызм быў толькі на словах, а на практыцы паліцыя і органы бяспекі (дэфензівы) здзекаваліся над народам як маглі. Правячыя колы Польшчы разглядалі Заходнюю Беларусь як сваю ўнутраную калонію, сыравінны прыдатак да прамыслова развітых раёнаў этнічнай Польшчы і рынак збыту польскіх прамысловых тавараў. У выніку такой палітыкі прамысловасць у Заходняй Беларусі не развівалася, а знаходзілася ў заняпадзе. Пастаянным спадарожнікам прамысловага развіцця ў Заходняй Беларусі было беспрацоўе. Яно няўхільна павялічвалася.

У цяжкім становішчы знаходзілася і сельская гаспадарка, якая займала ў пачатку 1930-ых гг. каля 80 % насельніцтва. На заходнебеларускай тэрыторыі пашыралася гаспадаранне на былых дзяржаўных землях ваенных і цывільных каланістаў (асаднікаў) з цэнтральных раёнаў краіны, якім урадам даваліся надзелы да 45 га фактычна з мэтай забеспячэння ваеннай і палітычнай апоры рэжыму.

На заходнебеларускай тэрыторыі быў уведзены прыняты ў Польшчы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел: ваяводствы, паветы, гміны (воласці), грамады. Яе землі ўвайшлі ў чатыры ваяводствы: Віленскае, Навагрудскае, Беластоцкае і Палескае. За азначанымі тэрыторыямі замацавалася неафіцыйная назва “Заходняя Беларусь”. У польскіх афіцыйных колах Заходнюю Беларусь называлі Крэсамі ўсходнімі (усходнімі ўскраінамі) або Белапольшчай, а беларусаў лічылі крэсавякамі”, тутэйшымі. У верасні 1939 г. насельніцтва Заходняй Беларусі складала каля 5 млн чалавек, пераважная большасць з іх – беларусы. Устаноўленаму адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу адпавядалі мясцовыя органы кіравання і самакіравання.

2. Органы ўлады і кіравання:

вышэйшыя і мясцовыя

Вышэйшымі органамі ўлады і кіравання ў Польшчы былі: Прэзідэнт рэспублікі, сейм, сенат і савет міністраў.

Прэзідент, як галоўная асоба, кіраваў органамі выканаўчай улады, ён прадстаўляў краіну ў міжнародных зносінах, выдаваў заканадаўчыя акты, часам карыстаўся паўнамоцтвамі суддзі, прызначаў і звальняў міністраў і іншых вышэйшых асоб дзяржапарату, ажыццяўляў абавязкі галоўнакамандуючага, мог пераносіць даты чарговых і надзвычайных сесій сейма і сената. Прэзідэнт прызначаў суддзяў і вырашаў пытанні аб памілаванні. Дзяржаўныя акты прэзідэнта павінны былі быць засведчанымі старшынёй урада і адпаведным міністрам, якія неслі адказнасць за іх змест перад сеймам. Кандыдат у прэзідэнты выбіраўся Нацыянальным сходам на сем гадоў.

Пасля майскага (1926 г.) дзяржаўнага перавароту (раней яго называлі фашысцкім), калі прэзідэнт Ю. Пілсудскі сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу пад лозунгам “аздараўлення” (“санацыі”) сітуацыі ў краіне, ён мог самастойна распускаць сейм і сенат, выдаваць заканадаўчыя акты. Тым самым роля сейма і сената была зведзена да зацвярджэння бюджэту. Хаця раней сейм і сенат былі асноўнымі заканадаўчымі органамі (Бардах Ю., Леснодарск и й Б., Пиетрчак М., История государства и права Польши. М., 1980. С. 449 – 453, 458).

Паводле Канстытуцыі Польшчы 1935 г. і Закона аб выбарах у сейм і сенат, выбіраць дэпутатаў у сейм маглі грамадзяне ва ўзросце не раней як 24 гады, а быць выбранымі – 30 гадоў. Сейм складаўся з 208 дэпутатаў, а сенат – з 96 сенатараў. 32 сенатары прызначаліся прэзідэнтам, а 64 выбіраліся толькі грамадзянамі па дасягненні 30 гадоў, мелі заслугі перад дзяржавай, вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, афіцэрскае званне або займалі кіруючыя пасады ў грамадскім ці дзяржаўным апараце. Выбранымі ў сенат маглі быць толькі грамадзяне, якія карысталіся выбарчым правам сенатараў і дасягнулі 40 гадоў. Такія ўмовы, зразумела, істотна абмяжоўвалі ўдзел у выбарах калектыўных заканадаўчых органаў улады асноўных сацыяльна-класавых груп грамадства і апазіцыйна настроеных партый і рухаў. З другога боку, не спрыялі ўстараненню супярэчнасцей у грамадстве.

Цэнтральным выканаўча-распарадчым органам дзяржаўнага кіравання быў Савет міністраў – урад Польшчы. Ён складаўся са старшыні, яго намеснікаў і міністраў. Міністры выконвалі двайную функцыю: з аднаго боку, яны ўдзельнічалі ў рабоце Савета міністраў, з другога – кіравалі працай апарату свайго міністэрства.

Канстытуцыйныя акты вызначалі кампетэнцыю мясцовых органаў дзяржаўнай улады, якія ўтварыліся ў ваяводствах, паветах, гмінах і грамадах. На ўзроўні ваяводства функцыі органаў дзяржаўнай адміністрацыі выконвалі ваявода і ваяводскае ўпраўленне. Ваявода прызначаўся прэзідэнтам па прапанове міністра ўнутраных спраў, зацверджанай Саветам міністраў. Ваявода, як прадстаўнік урада на тэрыторыі ваяводства, мог ажыццяўляць кантроль і над тымі ўстановамі, якія непасрэдна яму не падпарадкоўваліся. Свае функцыі ваявода выконваў праз ваяводскае ўпраўленне. Яно мела аддзелы: агульны, бяспекі, самакіравання, адміністрацыйны, аховы здароўя, вайсковы, земляробства, прамысловасці, працы і інш. Галоўная ўвага ваявод у заходнебеларускіх землях накіроўвалася, па меркаваннях спецыялістаў, на апалячванне (паланізацыю) краю, на недапушчэнне нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага народа, устанаўленне жорсткага кантролю за прэсай, грамадскімі і палітычнымі рухамі, партыямі і арганізацыямі.

Павятовую адміністрацыю ўзначальваў стараста, які прызначаўся міністрам ўнутраных спраў і падпарадкоўваўся ваяводзе. Свае функцыі стараста выконваў праз павятовае ўпраўленне – староства. Паўнамоцтвы старасты шмат у чым нагадвалі паўнамоцтвы ваяводы. Павятовыя ўпраўленні параўнаўча з ваяводскімі мелі меншую колькасць аддзелаў і называліся яны рэфератамі.

Да 1933 г. у паветах функцыянавалі павятовыя сеймікі – органы мясцовага самакіравання, дэлегаты на якія выбіраліся гміннымі саветамі (радамі). Пасля 1933 г. у паветах былі ўтвораны павятовыя рады, якія выбіраліся гміннымі радамі. Выканаўчымі органамі павета сталі павятовыя ўправы з шасці чалавек на чале са старастам. На справе, аднак, гэтыя органы самакіравання былі пераважна дэкаратыўнымі, бо самі яны, як адзначаюць В. А. Круталевіч і І. А. Юхо, без старасты нічога не вырашалі (Круталевіч В. А., Юхо І. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917 – 1945) Мн., 1998. С. 206).

Вялікія гарады, з колькасцю насельніцтва за 75 тыс. чалавек, выдзяляліся ў самастойныя гарадскія паветы і ўзначальваліся гарадскімі старастамі. Малыя гарады, як і сельскія паветы, утваралі гміны.

Гмінную адміністрацыю складалі войт і гміннае праўленне ў асобе намесніка войта і 23 засядацелей. Апошнія выбіраліся гміннай радай, у склад якой ўваходзіла 1015 радцаў. Гмінную раду выбіралі дэлегаты гміннага сходу, які складаўся са 100150 прадстаўнікоў мясцовых паселішчаў – грамад (жыхароў некалькіх хутароў або невялікіх вёсак). Часам і адна вёска ўтварала грамаду. Грамаду ўзначальваў солтыс, які па закону павінен быў выбірацца на сходзе грамадзян або рады, але на справе ён, як і гмінны войт, прызначаўся павятовым старастам.

Але не будзем забываць: уся сістэма мясцовых органаў дзяржаўнай улады грунтавалася на прынцыпе бюракратычнага цэнтралізму, на поўным падпарадкаванні месц цэнтру без уліку мясцовых інтарэсаў, на падаўленні ўсяго беларускага. З улікам гэтага цяжка не пагадзіцца з думкай: органы мясцовага самакіравання мала што маглі зрабіць для народа (Круталевіч В. А., Юхо І. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917 – 1945). С. 207; Вішнеўскі А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000. С. 219).

Нацыянальна-вызваленчы рух

 

Нацыянальнае і сацыяльнае прыгнечанне выклікалі шырокі нацыянальна-вызваленчы рух. Ён меў, вядома, два напрамкі: рэвалюцыйна-вызваленчы, на чале з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ) і нацыянальна-дэмакратычны, які прадстаўлялі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) і група А. Луцкевіча. КПЗБ (звыш 3 тыс. чалавек) дзейнічала нелегальна, абапіраючыся на падтрымку кампартыі (у Мінску, Камінтэрна), праводзіла лінію на далучэнне рэвалюцыйным шляхам Заходняй Беларусі да БССР. Пад яе ўплывам з 1926 г. знаходзілася Беларуская сялянска-рабочая Грамада (БСРГ) – масавая дэмакратычная арганізацыя (каля 120 тыс. чалавек). Яе праграма прадугледжвала самавызначэнне Заходняй Беларусі, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада, перадачы сялянам без выкупу памешчыцкай зямлі. У 1927г. Грамада была разгромлена польскімі ўладамі. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчай барацьбы польскімі ўладамі арыштоўваліся, саджаліся ў турмы, канцлагеры. Адпаведна з Законам ад 14 лютага 1928 г. паліцыі і іншым збройным сілам дзяржавы было дазволена расстрэльваць дэманстрацыі і інш., а згодна з Дэкрэтам прэзідэнта Польшчы і Савета міністраў ад 17 чэрвеня 1934г. кожны чалавек мог быць “затрыманы і прымусова змешчаны ў месца ізаляцыі…” Паводле Крымінальнага кодэкса Польшчы, уведзенага ў дзеянне ў 1932 г., абвінавачаныя ў вызваленчай барацьбе падлягалі самым суровым карам, у тым ліку пакаранню смерцю.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны польскія ўлады забаранілі дзейнасць усіх дэмакратычных партый. У 1938 г. пастановай Выканкома Камінтэрна КПЗБ спыніла свае існаванне. Кіраўнікі яе, абвінавачаныя кіраўніцтвам СССР у сувязях з польскай тайнай паліцыяй, былі рэпрэсіраваны. Аднак ніякія расправы не маглі спыніць барацьбітоў нацыянальна-вызваленчага руху.

4. Міждзяржаўныя дамоўленасці СССР і Германіі аб размежаванні “сферы інтарэсаў”

 

Ва ўмовах абвостранага міжнароднага становішча і ў прыватнасці, калі Гітлер рыхтаваўся да ваеннага захопу Польшчы, а польскае кіраўніцтва гэтага не разумела, урад СССР, у сваю чаргу, не змог праявіць “выдержки” і заключыў з Германіяй 23 жніўня 1939 г., як лічаць гісторыкі, памылковы дагавор аб ненападзе. Ён вядомы як пакт Рыбентропа – Молатава. Дагавор меў сакрэтны дадатковы пратакол (арыгінал яго пакуль што не выяўлены), згодна з якім тэрыторыя Польшчы і некаторых іншых дзяржаў падзялялася на сферы ўплыву СССР і Германіі (у Польшчы на лініі рэк Нарва, Вісла, Сан). Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна ўваходзілі ў сферу інтарэсаў СССР.

Падпісаны дагавор дазволіў Германіі 1 верасня пачаць вайну з Польшчай і праз некалькі тыдняў разграміць яе. Гэта ў сваю чаргу дало магчымасць беларусам і ўкраінцам аб’яднаць свае спрадвечныя землі, скасаваць захопніцкі Рыжскі мірны дагавор 1921 г. 17 верасня Чырвоная Армія па загаду савецкага ўрада на падставе нібыта спынення існавання Польскай дзяржавы ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Да 25 верасня заходнебеларускія землі былі ўзяты пад кантроль савецкімі войскамі. Гэтыя дзеянні былі замацаваны дагаворам СССР з Германіяй аб дружбе і межах 28 верасня 1939 г. У той жа час яны ўскладнілі адносіны СССР з Польшчай на перспектыву.

5. Часовыя органы кіравання ў Заходняй Беларусі і Ўз’яднанне тэрыторыі Беларусі

 

Першапачаткова на тэрыторыі Заходняй Беларусі па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў Чырвонай Арміі ствараліся часовыя органы народнай улады -– камітэты сёл, сялянскія валасныя камітэты, з’езды і нарады сялянскіх камітэтаў валасцей (гмінаў) і паветаў, упраўленні (управы) гарадоў і паветаў, упраўленні абласцей. Усе органы часовай улады дзейнічалі пад наглядам і кіраўніцтвам ЦК КП (б) Беларусі адпаведна з прынцыпамі “дыктатуры пралетарыяту”, што праводзіўся органамі Народнага камісарыяту ўнутраных спраў СССР. Гэта значыць, пры выкарыстанні жорсткіх рэпрэсій супраць мясцовага насельніцтва.

У кастрычніку 1939 г. на аснове савецкай выбарчай сістэмы ў Заходняй Беларусі адбыліся выбары ў Народны (Нацыянальны) сход. Удзельнічаць у ім мелі права ўсе жыхары, якія дасягнулі 18 гадоў. Было створана 929 выбарчых акруг і выбрана 927 дэпутатаў.

28 30 кастрычніка ў Беластоку адбыўся Народны (Нацыянальны) сход. На ім былі абмеркаваны і ўхвалены чатыры дэкларацыі: 1) Аб дзяржаўнай уладзе; 2) Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР; 3) Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель; 4) Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці (гл.: Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Са старажытных часоў да нашых дзён. Вучэбны дапаможнік. Мн., 1998. С. 245 – 249). Адпаведна ім на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўсталёўваўся новы палітычны лад, у якім улада належыць працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў працоўных, беларускі народ аб’ядноўваўся ў адну дзяржаву; памешчыцкія землі канфіскоўваліся, а ўся зямля, банкі і буйная прамысловасць нацыяналізіраваліся . Тым самым закладваўся падмурак перабудовы народнай гаспадаркі заходніх абласцей Беларусі на сацыялістычнай аснове.

Дэкларацыі Народнага (Нацыянальнага) сходу сталі юрыдычнай асновай для прыняцця 2 лістапада Вярхоўным Саветам СССР Закона “Аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза ССР і ўз’яднанні яе з Беларускай ССР” і Закона Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 14 лістапада 1939 г. “Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. У выніку ўз’яднання тэрыторыя БССР павялічылася са 125, 5 тыс. кв. км да 225, 7 тыс. кв. км, насельніцтва павялічылася ў два разы і склала больш за 10 млн чалавек.

6. АдміністраЦыйна-тэрытарыяльная рэформа і стварэнне мясцовых органаў савецкай улады ў

Заходніх абласцях

 

Пасля ўз'яднання з БССР на тэрыторыі Заходняй Беларусі да вясны 1940 г. былі сфарміраваны органы Савецкай улады і кіраўніцтва, дзейнічала ўсё заканадаўства Саюза ССР і Беларускай ССР, у адпаведнасці з імі ўведзена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне.

Адначасова з праводзімай перабудовай эканомікі краю на савецкі лад тут ствараліся мясцовыя органы савецкай улады, якія прадугледжваліся Канстытуцыяй Беларускай ССР 1937 г. 4 снежня 1939 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ аб стварэнні ў Заходняй Беларусі пяці абласцей: Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай. У студзені 1940г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 32 паветы былі рэарганізаваны ў 101 раён у разліку на 35 – 50 тыс. жыхароў. З мэтай стварэння савецкіх органаў улады і кіравання ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 7 снежня 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі зацверджаны абласныя выканаўчыя камітэты, хаця па Канстытуцыі Беларускай ССР іх павінен быў выбіраць адпаведны абласны Савет. Аблвыканкомы ў сваю чаргу ўтварылі рай- і сельвыканкомы. У склад абл- і райвыканкомаў уваходзілі старшыня, яго намеснікі, сакратар і члены выканкома.

24 сакавіка 1940 г. у заходніх абласцях БССР адбыліся выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР. З 22 дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР 16 былі абраны ў Савет Саюза і 6 у Савет Нацыянальнасцей. У Вярхоўны Савет БССР было выбрана 202 дэпутаты.

Заключным акордам у фарміраванні савецкіх органаў улады ў заходніх абласцях Беларусі сталі выбары ў мясцовыя Саветы 15 снежня 1940 г. У Саветы дэпутатаў працоўных было выбрана больш за 40 тыс. чалавек. Правядзенне выбараў у абласныя, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя Саветы пасля ўтварэння іх выканкомаў сведчыла аб уключэнні мясцовых органаў улады ў рэчышча камандна-адміністрацыйнай сістэмы, іх дэкаратыўна-прапагандысцкай ролі ў палітычнай сістэме грамадства.

Тым не менш да канца 1940 г. на вызваленай ад акупантаў тэрыторыі быў завершаны новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел (вобласць, раён, горад, пасёлак, сяло) і фарміраванне адпаведнай яму сістэмы мясцовых органаў улады і кіравання (абласныя, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя Саветы дэпутатаў працоўных). Адбыўся працэс тэрытарыяльнай кансалідацыі беларускай нацыі ў яе этнаграфічных межах. Хаця пры гэтым адпаведна з дагаворам СССР з Літоўскай Рэспублікай ад 10 кастрычніка 1939 г. Вільня і значная частка былога Віленскага ваяводства ў сувязі з дзеяннем пакта Рыбентропа-Молатава была перададзена Літве. У жніўні 1940 г. законам СССР Літве, у сувязі з уваходам яе у склад Савецкага Саюза, былі перададзены Свенцянскі раён, часткі Відзоўскага, Гадуцішкаўскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў Беларускай ССР.

Нельга не заўважыць, што ўсталяванне савецкай улады адбывалася на фоне парушэнняў законнасці, правядзення рэпрэсій супраць так званых ворагаў народа, эканамічна развітых сялянскіх гаспадарак. Пры гэтым высылкай у аддаленыя раёны СССР было ахоплена да 10 % насельніцтва. Неапраўданай была і практыка недаверу мясцовым кадрам на карысць работнікаў усходніх абласцей або з Расіі.

Аднак у цэлым уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР прыхільна было сустрэта пераважнай большасцю людзей заходнебеларускіх зямель. Яно аднавіла тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, ліквідавала антынародную польскую паліцэйска-бюракратычную сістэму нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту, накіраванага на апалячванне беларусаў, уз’яднала беларускі народ у адзіную сям’ю.

ЛІТАРАТУРА

Асноўная

1. Васілевіч Р. А., Доўнар Т. І., Юхо І. А. Гісторыя кансты-туцыйнага права Беларусі. – Мн., 2001.

2. Вішнеўскі А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. дапаможнік. – Мн., 2003.

3. Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Са старажытных часоў да нашых дзён. Вучэб. дапаможнік. – Мн., 2003.

4. История Беларуси в документах и материалах/Сост. И. Н. Кузнецов, В. Г. Мазец. – Мн., 2000.

5. Круталевіч В. А., Юхо І. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917 – 1945). Вучэб. дапаможнік. – Мн., 1998; 2000.

Дадатковая

1. Бардах Ю., Леснодарский Б., Пиетрчак М. История государства и права Польши. – М., 1980.

2. Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР. Документы и материалы: В 2-х т. – Мн., 1962. Т. 1;1972. Т. 2.

3. Дакументы да змовы Гітлера і Сталіна да пачатку другой сусветнай вайны // Спадчына. 1994. № 1. С. 7984.

4. История государства и права Белоруской ССР: В 2-х т. – Мн., 1976. Т. 2 (19371975).

5. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. – Мн., 2000-2002. Ч. 2. ХІХХХ стагоддзі: Курс лекцый. – Мн., 2002.

6. Сарокін А. М. На ростанях айчыннай гісторыі. Беларуская вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (19171990-ыя гады). – Мн., 1999.

7. Сборник законов Белоруской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938 – 1955. Мн., 1956.

ГЛ АСАРЫЙ

Паняцце

Сэнс паняцця
Асадніцтва

Інстытут ваенных і цывільных каланістаў (асаднікаў), якіх польскі ўрад перасяляў з цэнтральных раёнаў краіны ў Заходнюю Беларусь. Пачалося згодна з законам (снежань 1920 г.) аб надзяленні зямлёй салдат, якія “асабліва вызначыліся”ў вайне супраць Савецкай Расіі

Ваявода

Прадстаўнік урада на тэрыторыі ваяводства, каардынаваў і кантраляваў дзейнасць усіх дзяржаўных устаноў на падуладнай яму тэрыторыі з мэтай правядзення агульнай дзяржаўнай палітыкі

Дэфензіва

Палітычная паліцыя (аддзяленне аховы) у Польшчы (19181939) для вядзення барацьбы з апазіцыйным ураду рухам

Павятовыя рады

Дзейнічалі пасля 1933 г. як органы мясцовага самакіравання. Выбіраліся гміннымі радамі

Павятовыя сеймікі

Органы мясцовага самакіравання ў паветах да 1933 г. Выбіраліся гміннымі саветамі

Паланізацыя

Агульная назва палітычных установак і практычных мерапрыемстваў польскага ўрада ў адносінах да беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі

Рэфераты

Аддзелы павятовых упраўленняў

Санацыя

Назва дыктатарскага рэжыму ў Польшчы (19261939) Паходзіць ад лозунга “аздараўлення” (“санацыі”), абвешчанага падчас ваеннага перавароту 1926 г. Ю. Пілсудскага

Солтыс

Кіраўнік вясковай грамады, які ці то выбіраўся на грамадскім сходзе або грамадскай радай (па закону), ці прызначаўся павятовым старастам

Стараста

Кіраўнік павятовай адміністрацыі – староства (павятовае ўпраўленне), які падначальваўся ваяводзе
     

ТЭСТ

1. Паводле якога дакумента адбылося ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай:

 

1. Рашэнняў Версальскай Канферэнцыі

2. Брэсцкага мірнага дагавора

3. Прадпісання перамір’я паміж Расіяй і Польшчай у кастрычніку 1920 г.

4. Дагавора паміж РСФСР і Літвой (ліпень 1920 г.)

5. Рыжскага мірнага дагавора

 

2. Як называлі насельнікаў Беларусі польскія ўлады:

 

1. Літоўцамі 3. Маскалямі
2. Крэсавякамі 4. Тутэйшымі

 

3. Якую частку Польшчы складала тэрыторыя Заходняй Беларусі?

 

1. Другую 3. Сёмую
2. Пятую 4. Трэцюю

 

4. У якія ваеводствы ўваходзілі заходнебеларускія землі:

 

1. Беластоцкае   5. Навагрудскае
2. Брэсцкае   6. Палескае
3. Вілейскае   7. Пінскае
4. Віленскае    

 

5. Якімі канстытуцыямі вызначаліся дзяржаўна-прававыя інстытуты ІІ Рэчы Паспалітай:

 

1. Канстытуцыяй 3 мая 1791 г.

2. Канстытуцыяй 1921 г.

3. Канстытуцыяй 1935 г.

 

 

6. Якія дамоўленасці паміж дзяржавамі абумовілі гітлераўскую агрэсію і паход Чырвонай Арміі ў Польшчу:

 

1. Рыжскі мірны дагавор

2. Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй ад 28 верасня 1939 г.

3. Перагаворы СССР, Англіі і Францыі вясной- летам 1939 г.

4. Савецка-германскі дагавор аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 г.

ТРЭНІНГ

 

1. Назавіце канкрэтныя вынікі паланізацыі беларусаў.

2. Выявіце напрамкі нацыянальна-вызваленчага руху.

3. Раскажыце аб прававым становішчы насельніцтва Заходняй Беларусі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай і Беларускай ССР.

4. Аднавіце парадак работы Народнага (Нацыянальнага) сходу Заходняй Беларусі і значэнне прынятых ім дакументаў для палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця заходніх абласцей, беларускага народа.

5. Вызначце сістэму вышэйшых і мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання ў Польшчы.

6. Ахарактарызуйце працэс стварэння сістэмы мясцовых органаў савецкай улады, іх структуру.

7. Узгадайце адносіны насельніцтва Заходняй Беларусі да першых мерапрыемстваў савецкай улады.


 

ДЗЯРЖАВА І ПРАВА Беларускай ССР ВА ЎМОВАХ АЖЫЦЦЯЎЛЕННЯ СПРОБ ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ САВЕЦКАГА ГРАМАДСТВА І АДЫХОДУ АД ІХ

(1953 – СЯРЭДЗІНА 1980- ых гг.)

Праваахоўныя органы і прававая сістэма Беларусі: 1953 – 1958 гады

Анатацыя

Выкладзена практыка перабудовы праваахоўных органаў, перагляду заканадаўства па судова-прававых пытаннях, пашырэння грамадзянскіх правоў насельніцтва і звужэння крайняга цэнтралізму ў сферы заканатворчасці з боку саюзнай дзяржавы на карысць нацыянальных рэспублік.

Тэматычны план

1. Прычыны, перадумовы, падыходы…

2. Рэарганізацыя праваахоўных органаў

3. Абнаўленне заканадаўства: галоўныя напрамкі

4. Узмацненне прававога забеспячэння рэабілітацыі пацярпелых

 

1. Прычыны, перадумовы, падыходы…

Не ставячы ў рамках гэтага матэрыялу задачу аналізу гістарычнай і гісторыка-юрыдычнай літаратуры па пытаннях шматпланавай тэмы, нагадаем, што іх ацэнка даволі часта нясе яўны адбітак часу. Пры гэтым супярэчлівае і неадназначнае іх вырашэнне афіцыйная гістарыяграфія або замоўчвала, або разглядала хутчэй апалагетычна, чым крытычна асэнсоўвала зробленае. Ва ўмовах галоснасці і вызвалення ад стэрэатыпаў былога рашаючае значэнне для аналізу мае строгі гістарычны падыход да ацэнкі падзей, вызначаемы прынцыпамі аб’ектыўнасці і навуковасці, маральнасці і гуманізму. Гістарыяграфія апошняга часу змяшчае ў цэлым больш праўдзівыя ацэнкі ходу і вынікаў перагляду заканадаўства, дэмакратызацыі ўсёй прававой сістэмы. У ёй справядліва адзначаецца, што ХХ з’езд КПСС (люты 1956 г.) цалкам падтрымаў праведзеныя меры па лібералізацыі грамадскага жыцця і нацэліў органы ўлады і кіравання на актыўнае развіццё гэтай тэндэнцыі. Аднак прывязка яе да зробленага раней, уяўляецца, пададзена ў самай агульнай форме. І таму ненатуральнай выглядае значнасць праведзенай работы паводле пашырэння дэмакратычных рысаў права, захадаў па больш поўнаму набыццю рэспублікай атрыбутаў дзяржаўнасці. Адсюль спроба паслядоўнага аналізу прававога забеспячэння дзяржаўнай палітыкі на аснове раскрыцця агульнага і асаблівага ў ажыццяўленні гэтага працэсу.

У цэнтры аўтарскай увагі асэнсаванне практыкі перабудовы праваахоўных органаў, перагляду заканадаўства па судова-прававых пытаннях, палітыкі самавольства і бяспраўя ў законе (прававога бязмежжа), пашырэння грамадзянскіх правоў шырокіх мас насельніцтва, звужэння крайняга цэнтралізму ў сферы заканатворчасці з боку саюзнай дзяржавы на карысць нацыянальных рэспублік на працягу вясны 1953–1958 гг. Іначай кажучы, усё тое, што было накіравана на дэсталінізацыю грамадства і ажывіла прававую думку, садзейнічала падрыхтоўцы і прыняццю Асноў заканадаўства СССР і саюзных рэспублік па тых ці іншых галінах права. Яны, з аднаго боку, замацавалі аслабленне цэнтралізацыі ў заканатворчасці, з другога – заклалі трывалы падмурак для распрацоўкі новых, істотнага перагляду дзеючых кодэксаў і законаў у саюзных рэспубліках адпаведна з адзінымі для СССР прынцыпамі і нормамі прававога рэгулявання пэўных грамадскіх адносін з улікам спецыфічных умоў кожнай рэспублікі. У выніку распачатыя ў сярэдзіне другога пяцігоддзя 50-ых гадоў кадыфікацыйныя работы мэтазгодна разглядаць як актывізацыю працэсу абнаўлення і сістэматызацыі заканадаўства.

Пры распрацоўцы тэмы ўлічваўся і фрагментарны характар раскрыцця яе ў вучэбнай літаратуры. Прапануемы тэкст – кароткі, але храналагічна паслядоўны агляд ходу змены вектару праваадносін, кампетэнцыі і арганізацыі праваахоўных органаў. Асвятляюцца і асноўныя моманты пашырэння правоў нацыянальных рэспублік у саюзнай дзяржаве. Мэта работы – паспрыяць студэнтам сфарміраваць творчы падыход да аб’ектыўнага асэнсавання пытанняў тэмы.

 

* * *

Смерць І. В. Сталіна 5 сакавіка (па афіцыйнай інфармацыі) 1953 г. не толькі прадвызначыла сур’ёзныя змены ў адносінах паміж народамі і ўладай, але і адкрыла шлях рэформам, на якія спадзяваліся грамадства і частка правячай вярхушкі з часоў заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

У разглядаемы перыяд кіраўніцтвам СССР прадпрымаліся захады па лібералізацыі заканадаўства, па прыпыненні бязмежжа мер пакарання, якое развівалася з канца 1920-ых гадоў. Выкарыстанне дзеючага прававога механізму на практыцы спрыяла юрыдычнаму самавольству, злачыннай дзейнасці органаў улады і кіравання таталітарна-адміністрацыйнага рэжыму, генацыду супраць суайчыннікаў (пры знішчэнні найбольш актыўнай часткі сялянства – парадку 15 млн, каля 45 тыс. камандзіраў Чырвонай Арміі), адыходу ад сусветна прызнанага прыярытэту правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Менавіта ў 50-ыя гады стала відавочна, што без лібералізацыі законаў, усёй прававой сістэмы грамадству будзе цяжка вытрымаць выпрабаванне часам, саперніцтва з краінамі Захаду. У канчатковым выніку гаворка ішла аб магчымасцях дэмакратызацыі ўсяго палітычнага рэжыму, хаця пытанне аб межах гэтых магчымасцей заставалася адкрытым.

Пачатак перагляду заканадаўства, які выявіў новыя рэаліі ў палітычным жыцці краіны, адносіцца да першых месяцаў дзейнасці новага кіраўніцтва СССР у 1953 г., асабліва паглыблены ў 1956–1958 гг. Ён быў накіраваны ў значнай ступені на ўстараненне негатыўных з’яў у практыцы органаў расследавання, пракуратуры і суда, супраць злоўжыванняў уладай, супраць злачынстваў органаў дзяржаўнай бяспекі і ўнутраных спраў, якія мелі месца ў апошнія гады дзейнасці І. В. Сталіна, а пасля ХХ з’езда КПСС – з сярэдзіны 30-ых гадоў.

Сярод галоўных прычын парушэнняў сацыялістычнай дэмакратыі, у тым ліку законнасці, называліся “слабае кіраўніцтва” і страта дзейснага кантролю партыі за работай органаў Міністэрства дзяржаўнай бяспекі – Міністэрства ўнутраных спраў (МДБ – МУС), што нібыта ператварыла іх у асобую сістэму татальнага кантролю практычна ўсіх сфер жыцця і дзейнасці – ад нізоў да вышэйшага эшалона кіраўніцтва, спрыяла адыходу ад прынцыпу калектыўнага кіраўніцтва. Так, з аднаго боку, былі ўзняты важныя пытанні аднаўлення законнасці і правапарадку, вызначаны контуры трансфармацыі прававой сістэмы, з другога – тлумачэнне злачынстваў сталінскай эпохі было дадзена ў духу былога часу – пошуку канкрэтных вінаватых пераважна сярод “стрэлачнікаў”. Гэта значыць, па-за сувязі з законамі функцыянавання дзяржаўнай улады, прычынамі, якія парадзілі вінаватых.

Разам з тым поступ юрыдычнай рэвізіі былога, рэпрэсіўнай палітыкі ў прыватнасці, залежаў ад падыходу палітычнай эліты да ацэнкі пытання культу асобы і ліквідацыі яго наступстваў у дзейнасці партыйнага і дзяржаўнага апарату. Прычым роля вышэйшых органаў партыйна-дзяржаўнай улады саюзных рэспублік у вырашэнні гэтага пытання на фоне адпаведнай дзейнасці цэнтральных органаў улады і кіравання была вытворнай, другараднай: іх заканадаўчыя акты звычайна дубліравалі прынцыповыя падыходы агульнасаюзных дакументаў па рэгуляванні праваадносін і развіцця заканатворчасці як агульнаабавязковых. Тым больш што да пачатку 1957 г. на аснове залішняй цэнтралізацыі заканадаўчай практыкі і ажыццяўлення правасуддзя саюзныя рэспублікі, па сутнасці, згодна з Канстытуцыяй СССР 1936 г. (арт. 14) былі пазбаўлены права прымаць сваё заканадаўства аб судовым ладзе і судаводстве, грамадзянскі і крымінальны кодэксы. Да таго ж рэспублікі не маглі самастойна вырашаць пытанні аб абласным адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні, кіраўніцтва дарожным будаўніцтвам, транспартам і прадпрыемствамі сувязі рэспубліканскага значэння (гл.: История Советской Конституции (в документах). 1917–1956. М., 1957. С. 711). Гэта ўскладняла (і ўскладняе) палітыкам і вучоным пошук аргументаў па вызначэнні статусу нацыянальных рэспублік у саюзнай дзяржаве, неад’емнай часткай якой з’яўлялася і Беларусь.

Прынятыя пасля 1953 г. нарматыўныя прававыя акты па абмежаванні апекі саюзных рэспублік з боку цэнтральных органаў улады і кіравання выявілі тэндэнцыю пашырэння правоў суб’ектаў федэрацыі ў галіне гаспадарча-культурнага будаўніцтва і фінансавай дзейнасці, па пытаннях ажыццяўлення правасуддзя, у прыняцці імі ўласных найбольш важных заканадаўчых актаў. У сувязі з прыняццем Вярхоўным Саветам СССР 11 лютага 1957 г. закона “Аб аднясенні да кампетэнцыі саюзных рэспублік вырашэння пытанняў абласнога, краявога адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення” (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 80) органы ўлады БССР практычна набылі права самастойна вырашаць усё, што адносілася да адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення рэспублікі (Круталевич В. А. Административно-территориальное устройство БССР. Мн., 1966. С. 22). Выключна важнае значэнне ў замацаванні новых правоў мелі ўнесеныя (сакавік 1957 г.) змяненні ў арт. 19 Канстытуцыі БССР 1937 г. У выніку пашырэння правоў саюзных рэспублік у пытаннях дзяржаўнага планавання, фінансавання, у справе рэгулявання рэспубліканскіх бюджэтных сродкаў, змянення практыкі планавання сельскагаспадарчай вытворчасці актывізавалася дзейнасць вышэйшых органаў улады БССР (Вярхоўнага Савета – заканадаўчага органа, яго Прэзідыума – вышэйшага выканаўчага органа і Савета Міністраў – урада рэспублікі), устараняліся крайнія праявы тых негатыўных з’яў, якія назіраліся раней.

Усё гэта абумовіла развіццё кантрольна-назіральнай і гаспадарчай дзейнасці Вярхоўнага Савета БССР, утварэнне ў ім новых пастаянных камісій па падрыхтоўцы законапраектаў і кантролю за выкананнем законаў, іх эфектыўнасцю (пры выкарыстанні ініцыятывы спецыялістаў і перадавікоў народна-гаспадарчага комплексу). Пры гэтым Вярхоўны Савет БССР, акрамя прыняцця законаў аб дзяржаўным бюджэце, зацвярджэння ўказаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі, пачынаючы з 1957 г., стаў рэгулярна разглядаць і зацвярджаць гадавыя народна-гаспадарчыя планы, вырашаць пытанні развіцця народнай асветы, аховы здароўя, пенсійнага забеспячэння, гандлю, парадку адклікання дэпутатаў рознага ўзроўню, судовага ладу і інш.

У рэспубліцы сталі рыхтавацца і выдавацца зборы законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў БССР. Тым самым прызнавалася мэтазгоднасць ператварэння вышэйшых органаў дзяржаўнай улады саюзных рэспублік у працуючы парламент, надзялення іх сапраўднымі (а не фіктыўнымі або дэкаратыўнымі) ўладнымі паўнамоцтвамі.

У пачатку 1957 г. у сувязі з агульнасаюзным законам ад 11 лютага таго ж года “Аб аднясенні да кампетэнтцыі саюзных рэспублік заканадаўства аб судовым ладзе саюзных рэспублік, прыняцця грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальных кодэксаў” у рэспубліцы была створана Урадавая камісія па падрыхтоўцы новых кодэксаў (крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага, грамадзянскага, грамадзянска-працэсуальнага, працоўнага і сямейнага) (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 63; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. Мн., 1969. С. 184, 196; История государства и права Белорусской ССР: В 2 т. Мн., 1976. Т. 2. 1937–1975 гг. С. 270). Гэта дазволіла распачаць падрыхтоўку новых рэспубліканскіх кодэксаў. Пры гэтым адпаведна з Законам СССР ад 10 мая 1957 г. “Аб далейшым удасканаленні арганізацыі кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам” старшыні Саветаў міністраў саюзных рэспублік былі ўключаны ў склад Савета Міністраў СССР па пасадзе (арт. 20). У выніку Старшыня Савета Міністраў рэспублікі стаў з’яўляцца членам урада СССР з правам рашаючага голасу і ўдзельнічаць у вырашэнні пытанняў агульнасаюзнага значэння (Решения партии и правительства по хозяйственным вопросам: В 5 т. М., 1968. Т. 4. 1953 – 1961 годы. С. 343 – 347; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 194).

Як паказаў аналіз, савецкія рэспублікі сталі пашыраць рысы прыкмет сапраўднага дзяржаўнага ўтварэння. Канкрэтнай праявай развіцця гэтай тэндэнцыі з’явіліся, у прыватнасці, указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 24 верасня 1955 г. “Аб дзяржаўным гімне Беларускай ССР” і ад 8 мая 1956 г. “Аб зацвярджэнні Палажэння аб Дзяржаўным сцягу Беларускай ССР”. Праўда і ў тым, што сам сцяг быў зацвержданы указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета Рэспублікі ад 25 снежня 1951 г. Паўсюднае выкананне гімна (словы М. Клімовіча, музыка Н. Сакалоўскага) было ўведзена з 1 кастрычніка 1955 г. (Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938 – 1967 гг. В 2 т. Мн., 1968. Т. І. С. 56–57). Хаця пры гэтым не падлягала сумненню, што рэальнай паўнатой улады ў краіне і саюзных рэспубліках павінны валодаць верхнія эшалоны апарату ЦК КПСС і кампартый рэспубліканскіх партарганізацый, якія дубліравалі органы гаспадарчага кіраўніцтва. Менавіта пад іх апекай рыхтаваліся праекты найбольш важных дзяржаўных актаў, ажыццяўлялася дзейнасць дзяржаўных органаў, праводзіліся падбор і расстаноўка кадраў для работы ў іх. Апошнія, у сваю чаргу, мусілі (абавязаны былі) “правільна” разумець “генеральную лінію”.

2. Рэарганізацыя праваахоўных органаў

Прадпрынятыя вышэйшым кіраўніцтвам СССР на працягу сакавіка – чэрвеня 1953 г. акцыі па пераходу да калектыўнага кіраўніцтва, ліквідацыі некаторых злоўжыванняў уладай, у тым ліку па перагляду некалькіх сфальсіфікаваных спраў, выявілі новыя рэаліі ў палітычным жыцці краіны. Гэтаму адпавядала і ўвага новага кіраўніцтва да інструментаў ажыццяўлення карнай палітыкі: органаў аховы ўнутранага парадку, дзяржаўнай бяспекі, суда, пракуратуры, юстыцыі і інш. Ужо 17 красавіка 1953 г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у адпаведнасці з агульнасаюзным законам ад 15 сакавіка таго ж году “Аб пераўтварэнні Міністэрстваў СССР” Міністэрства дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі аб'ядноўваюцца ў адзінае Міністэрства ўнутраных спраў БССР (Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938–1955 гг. Мн., 1956. С. 59).

З улікам рашэнняў ліпеньскага (1953) пленума ЦК КПСС сталі праводзіцца меры па ўмацаванню правапарадку і законнасці: аздараўляўся кадравы склад, змяняліся структура і кампетэнцыя МУС – МДБ, змест дзейнасці органаў расследавання, пракуратуры і суда. Пачаўся дэмантаж ГУЛАГа (Галоўнага ўпраўлення прапаноўча-працоўных лагераў, працоўных пасяленняў і месцаў зняволенняў). Яго структуры з падпарадкавання МУС былі перададзены Міністэрству юстыцыі і іншым міністэрствам. Новае кіраўніцтва імкнулася адмежавацца ад негатыўнага вопыту папярэднікаў, змякчыць правілы распарадку ў лагерах і калоніях.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 верасня быў адменены выключны (несудовы) парадак разгляду спраў, скасавана Асобая нарада пры міністры унутраных спраў СССР і іншыя неканстытуцыйныя органы МУС, якія акрамя суда разглядалі крымінальныя справы аб дзяржаўных злачынствах “без фармальнасцей”,гэта значыць – пры спрошчаным працэсе следства (насуперак арт. 102 Канстытуцыі СССР і арт. 80 Канстытуцыі БССР). У выніку разгорнутая сетка ваенных трыбуналаў і ваенных пракуратур была скарочана, а кампетэнцыя іх – звужана. Устанаўлівалася, што справы аб контррэвалюцыйных і іншых злачынствах разглядаюцца ў звычайным працэсуальным парадку звычайнай юрыдычнай сістэмы (адпаведна з кампетэнцыяй яе састаўляючых). Вярхоўны суд атрымаў права пераглядаць рашэнні па справах спецпадсуднасці (былых “троек” НКУС, Асобай нарады НКУС – МДБ – МУС і калегій АДПУ), дзе адпаведна прынцыпу – “признание вины – царица доказательств” галоўным доказам было “выбітае” прызнанне “віны” падсудным. Тым самым у савецкім працэсуальна-крымінальным праве вызначылася тэндэнцыя ажыццяўлення прынцыпу правасуддзя толькі на падставе прыгавораў судоў, быў прадвызначаны пераход ад празмернай цэнтралізацыі судовага нагляду да пашырэння правоў пракурорскага нагляду. Пры гэтым справы аб найбольш цяжкіх дзяржаўных злачынствах (здрада Радзіме, тэрарыстычныя акты, дыверсіі), здзейсненыя неваеннаслужачымі, якія раней былі падсудны ваенным трыбуналам, перададзены ў сферу кампетэнцыі Вярхоўных судоў саюзных рэспублік (Органы государственного управления Белорусской ССР (1919–1967 ). Мн., 1968. С. 304; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 251; История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. С. 366). Абмежаванне падсуднасці ваенных трыбуналаў пашырала паўнамоцтвы абласных і Вярхоўных судоў у разглядзе спраў аб дзяржаўных злачынствах.

На пазбаўленне якой-небудзь аўтаноміі механізма “дзяржаўнай бяспекі” было накіравана выдзяленне яго ў сакавіку 1954 г. з сістэмы МУС СССР і ўтварэнне КДБ пры Савеце міністраў СССР (у рэспубліцы – на падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 19 мая) (История Советской Конституции (в документах). 1917–1956. С. 888; Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938–1955 гг. С. 66). На службу дзяржбяспекі ўскладалася забеспячэнне дзяржаўнай бяспекі, выяўленне і прыцягненне да крымінальнай адказнасці шпіёнаў, дыверсантаў, тэрарыстаў, здраднікаў Радзімы і іншых агентаў замежных разведак, засылаемых у СССР. Праўда, пры звужэнні сферы дзеянняў, яна працягвала палітычны вышук у інтарэсах выяўлення ступені спеласці будаўнікоў новага грамадства. Пры гэтым было праведзена значнае абнаўленне кадраў, уведзены пракурорскі нагляд за ўсёй службай дзяржбяспекі. У цэнтры, у рэспубліках і абласцях яна была пастаўлена пад пільны кантроль адпаведных партыйных камітэтаў (ЦК – яго Прэзідыума або бюро ЦК кампартый саюзных рэспублік, абкомаў, крайкомаў, гэта значыць, пад кантроль партакратыі). Тым самым без санкцыі статутных партыйных органаў член партыі не мог быць кінуты ў турму.

З улікам новых задач адбывалася перабудова ўсёй сістэмы судовых органаў. З мэтай узмацнення ролі мясцовых судоў у ажыццяўленні судовага нагляду Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 жніўня 1954 г. у складзе вярхоўных судоў саюзных рэспублік, краявых і абласных судоў былі ўтвораны прэзідыумы. Яны маглі пераглядаць у парадку нагляду крымінальныя і грамадзянскія справы па пратэстах пракурораў (або іх намеснікаў) і старшыняў судоў (намеснікаў) на прыгаворы, рашэнні і вызначэнні судовых калегій Вярхоўнага суда рэспублікі, абласнога ці народнага судоў. Парадак дзейнасці прэзідыумаў абласных судоў і Вярхоўнага суда БССР, як і іншых савецкіх рэспублік, вызначаўся Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 красавіка 1955 г. Пастановы прэзідыума абласнога суда маглі быць апратэставаны пракурорам саюзнай рэспублікі, старшынёй Вярхоўнага суда рэспублікі і іх намеснікамі у адпаведную судовую калегію Вярхоўнага суда саюзнай рэспублікі. Пастановы прэзідыума Вярхоўнага суда рэспублікі маглі быць апратэставаны Генеральным Пракурорам СССР, Старшынёй Вярхоўнага суда СССР (іх намеснікамі) у адпаведную калегію Вярхоўнага суда СССР (арт. 11) (Ведомости Верховного Совета СССР. 1954. № 17. Ст. 360; Тамжа. 1955. № 7. Ст. 166; Мартинович И. И. История суда в Белорусской ССР (1917–1960 .). Мн., 1961. С. 145; История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. С. 366, 376).

Чарговыя крокі ў звужэнні функцыі судовага нагляду Вярхоўнага суда СССР і пашырэнні наглядных паўнамоцтваў Вярхоўных судоў саюзных рэспублік былі замацаваны ў прынятым 12 лютага 1957 г. Вярхоўным Саветам СССР Палажэнні аб Вярхоўным судзе СССР (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 85). У адрозненне ад ранейшай практыкі Вярхоўны суд СССР стаў разглядаць у парадку нагляду справы, падсудныя судам саюзнай рэспублікі, толькі па разглядзе іх вышэйшай нагляднай інстанцыяй рэспублікі (пленумам Вярхоўнага суда), а вынесеныя ёй прыгаворы, рашэнні і пастановы супярэчылі агульнасаюзнаму заканадаўству або парушалі інтарэсы іншых саюзных рэспублік. Пастановы Вярхоўных судоў саюзных рэспублік маглі быць перагледжаны ў парадку нагляду па пратэсту Старшыні Вярхоўнага суда СССР або Генеральнага Пракурора СССР толькі пленумам Вярхоўнага суда Саюза ССР. У выніку далейшага пашырэння правоў органаў правасуддзя саюзных рэспублік Вярхоўнаму суду БССР, як і іншых нацыянальных рэспублік, стала належаць, як правіла, апошняе і канчатковае слова па справах, падсудных судовым органам рэспублікі. Паказальна і тое, што Старшыня Вярхоўнага суда саюзнай рэспублікі стаў уваходзіць у склад Вярхоўнага суда СССР па пасадзе (арт. 3). Тым самым, як сведчаць даследчыкі, дасягалася не толькі забеспячэнне правядзення адзінай судовай палітыкі, але і ўмацаванне штодзённай сувязі Вярхоўнага суда СССР з судовымі органамі саюзных рэспублік (Мартинович И. И. История суда в Белорусской ССР (1917–1960 ). С. 148; История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. С. 367).

Праведзеная дэцэнтралізацыя жорсткага судовага нагляду, набліжэнне апошняга да народнага суда (ў адмену норм закона СССР “Аб судовым ладзе СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік” ад 16 жніўня 1938 г.) у спалучэнні з пашырэннем кола асоб, якія мелі права прыносіць пратэсты ў парадку нагляду, спрыяла аператыўнай праверцы законнасці і абгрунтаванасці дзеючых судовых рашэнняў. Створаныя прэзідыумы судоў правялі значную работу па перагляду прыгавораў на асоб, асуджаных за дзяржаўныя злачынствы ў 1937 – 1938 гг. (Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 214).

У сувязі з абмежаваннем падсуднасці ваенных трыбуналаў да кампетэнцыі абласных і Вярхоўных судоў саюзных рэспублік былі аднесены справы аб дзяржаўных злачынствах, акрамя спраў аб шпіянажы. Па прычыне скасавання (люты 1957) транспартных судоў на народныя, абласныя і Вярхоўныя суды нацыянальных рэспублік адпаведна іх кампетэнцыі быў ускладзены разгляд спраў аб злачынствах, здзейсненых на транспарце (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 86).

Абмяжоўвалася і падсуднасць народнага суда ў вырашэнні некаторых катэгорый крымінальных і грамадзянскіх спраў. Так, па прычыне замены крымінальнай адказнасці за самавольнае пакіданне прадпрыемстваў і ўстаноў, неаднаразовы або працяглы прагул без уважлівай прычыны мерамі дысцыплінарнага або грамадскага ўздзеяння (красавік 1956) народныя суды былі вызвалены ад разгляду гэтых спраў (Ведомости Верховного Совета СССР. 1956. № 10. Ст. 203). Трэба адзначыць, што гэта мера не толькі звузіла кампетэнцыю народных судоў на карысць грамадскай самадзейнасці, але і сведчыла аб развіцці тэндэнцыі паслаблення рэпрэсіўнай палітыкі.

Праведзенае звужэнне залішне шырокай кампетэнцыі вышэйшага судовага органа краіны, зразумела, спрыяла ўзмацненню ролі мясцовых судовых органаў у ажыццяўленні судовага нагляду, пашырэнню іх паўнамоцтваў і ўмацаванню ўсёй сістэмы органаў правасуддзя рэспублікі.

Дададзім сюды той факт, што далейшаму вырашэнню задачы паляпшэння арганізацыі судовай сістэмы рэспублікі з улікам яе нацыянальных, адміністрацыйна-тэрытарыяльных і іншых асаблівасцей адпавядаў закон СССР ад 11 лютага 1957 г. “Аб аднясенні да кампетэнцыі саюзных рэспублік заканадаўства аб судовым ладзе, прыняцця грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў” (абмежаванні былі замацаваны арт. 14 Канстытуцыі СССР 1936 г.) (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 63). У сакавіку гэтага года Вярхоўны Савет рэспублікі з мэтай замацавання гэтага права змяніў арт. 19 Канстытуцыі БССР 1937 г. (Четвертая сессия Верховного Совета Белорусской ССР. 2–15 марта 1957. Стенограф . отчет. Мн., 1957. С. 305–306). Да кампетэнцыі вышэйшых органаў улады і дзяржаўнага ўпраўлення рэспублікі стала адносіцца практычна ўсё, што тычылася адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення, вырашэння пытанняў кіраўніцтва дарожным будаўніцтвам, транспартам і прадпрыемствамі сувязі рэспубліканскага значэння, а таксама прыняцце заканадаўства аб судовым ладзе і судаводстве, грамадзянскага і крымінальнага заканадаўства.

У выніку ствараліся нармальныя ўмовы функцыянавання народна-гаспадарчага комплексу, для ўстаранення крайніх праяў тых негатыўных з'яў, якія мелі месца ў папярэднія гады. Да таго ж стымулявалася не толькі заканадаўчая дзейнасць Вярхоўнага Савета БССР, яго Прэзідыума, але і наладжванне актыўнай кадыфікацыйнай работы па галінах права, падрыхтоўкі закона аб судовым ладзе рэспублікі. Апошняя стала асабліва інтэнсіўнай па зацвярджэнні Вярхоўным Саветам СССР 25 снежня 1958 г. “Асноў заканадаўства аб судовым ладзе Саюза ССР, саюзных і аўтаномных рэспублік”. Асновы замацавалі адзіную трохзвёнавую судовую сістэму ў краіне, у тым ліку і рэспубліцы: народны, абласны і Вярхоўны суды. Пры гэтым быў уведзены адзіны раённы (гарадскі) народны суд (замест незалежных адзін ад другога ўчасткаў у адным адміністрацыйным раёне) як асноўнае звяно судовай сістэмы. Па-ранейшаму прадугледжвалася справаздачнасць народных суддзяў перад выбаршчыкамі, а судоў – перад адпаведнымі Саветамі. Быў замацаваны прынцып незалежнасці судовага корпусу і падпарадкаванне яго толькі закону (арт. 9). Асновы канчаткова заканадаўча замацавалі прынцыпы ажыцяўлення правасуддзя ў дакладнай адпаведнасці з законам (арт. 6), удзел у судзе грамадскасці (арт. 15, 19, і інш.)

Прынцыповыя палажэнні агульнасаюзных Асноў былі закладзены ў рэспубліканскія законы аб судовым ладзе (у БССР такі закон быў прыняты Вярхоўным Саветам у лістападзе 1959 г.) (Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938 – 1967: В. 2 т. Мн., 1969. Т. П. С. 115 – 129). Яны не толькі замацавалі змены ў судовай сістэме пасля 1953 г., але і вызначылі перспектывы развіцця судовых органаў саюзных рэспублік на аснове агульнасаюзных прынцыпаў. Імі кіраваліся з невялікімі зменамі да прыняцця новага Закона “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” (студзень 1995)

Законам СССР ад 25 снежня 1958г. было зацверджана Палажэнне аб ваенных трыбуналах (Ведомости Верховного Совета СССР. 1959. № 1. Ст. 14). Уваходзячы ў адзіную сістэму судовых органаў краіны, кіруючыся адзінымі для ўсіх судоў прынцыпамі правасуддзя, трыбуналы будаваліся ў адпаведнасці з арганізацыйнай структурай арміі.

Устараненню адмоўных з'яў у працэсуальным парадку вытворчасці спраў у судах адпавядала рэарганізацыя сістэмы пракурорскіх органаў, прыняцце захадаў па ўзмацненні пракурорскага нагляду ў забеспячэнні законнасці і правапарадку. Згодна з Палажэннем аб пракурорскім наглядзе ў СССР, зацверджаным Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 мая 1955г., і загадам Генеральнага Пракурора СССР у рэспубліцы на працягу кастрычніка – лістапада 1955 г. былі ўтвораны міжраённыя пракуратуры на тэрыторыі двух – трох адміністрацыйных раёнаў. Сярод найбольш важных задач пракуратуры Палажэнне вызначала (арт. 3) нагляд за захаваннем усімі органамі дазнання і папярэдняга следства ўстаноўленага законам парадку расследавання злачынстваў, а таксама абгрунтаваных прыгавораў, рашэнняў, вызначэнняў і пастаноў, законнасцю іх выканання і ўтрымання вязняў у месцах пазбаўлення волі. Палажэнне абавязвала пракурораў асабліва ўважліва адносіцца да санкцыяніравання арышту. Вышэйшы нагляд за дакладным выкананнем законаў усімі дзяржаўнымі органамі і ўстановамі, асобнымі службовымі асобамі, а таксама грамадзянамі ўскладваўся на Генеральнага Пракурора СССР (Ведомости Верховного Совета СССР. 1955. № 9. Ст. 222; История Советской Конституции (в документах). 1917–1956. С. 897–908). Тым самым цалкам аднаўляўся нагляд пракуратуры за дзейнасцю органаў унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі, а паўнамоцтвы яе ў ажыццяўленні правасуддзя і ўмацаванні правапарадку пашыраны. Адначасова было пакончана з практыкай выключнага, спрошчанага парадку расследавання і судовага разгляду спраў аб некаторых дзяржаўных злачынствах, якая ўжывалася ў савецкім крымінальным працэсе да 1956 г. (Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 255). Пракуратуру СССР узначальваў Генеральны Пракурор, які прызначаўся Вярхоўным Саветам ССР тэрмінам на 7 гадоў. Генеральны Пракурор по-ранейшаму прызначаў пракурораў саюзных рэспублік і абласцей на 5 гадоў. Падначаленыя ім міжраённыя і раённыя (гарадскія) пракуроры зацвярджаліся на 5 гадоў. Пракуратура была падкантрольнай адпаведным партыйным камітэтам КПСС. Ні адзін пракурор не мог быць прызначаны на пасаду або зволены з яе без рашэння адпаведных партыйных органаў (Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Дапаможнік. У 2 ч. Мн., 2003. Ч. 2. С. 202)

Пасля прыняцця Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР 24 мая 1955 г. Палажэння аб пракурорскім наглядзе ў СССР і Вярхоўным Саветам СССР 25 снежня 1958 г. Палажэння аб ваенных трыбуналах (Ведомости Верховного Совета СССР. 1955. № 9. Ст. 222; Там жа. 1959. № 1. Ст. 14) гаварыць аб канструяванні трыбуналаў як самастойнай і адасобленай карнай сістэмы мог толькі той, хто нічога не зразумеў у поступе новых рэалій ці адносіўся да катэгорыі яўных і тайных агентаў НКУС.

На дэмакратызацыю карнай сістэмы, было накіравана праведзенае ў снежні 1956 г. Прэзідыумам Вярхоўнага савета БССР аб'яднанне абласных упраўленняў Міністэрства ўнутранных спраў і ўпраўленняў міліцыі ў адзіным ўпраўленні ўнутранных спраў выканаўчых камітэтаў абласных Саветаў дэпутатаў працоўных. Да таго ж было ўведзена двайное падпарадкаванне органоў МУС абласцях, гарадах і раёнах.

Такім чынам, праведзеныя меры па ўмацаванні правапарадку і законнасці, гуманізацыі судовай сістэмы значна абмежавалі магчымасці для незаконных дзеянняў з боку органаў аховы грамадскага парадку, дзяржаўнай бяспекі і суддзяў, узмацнілі гарантыі асобы пры ажыццяўленні правасуддзя. На фоне агульнай дэмакратызацыі сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця папярэднія прынцыпы (шмат у чым спрошчаныя) функцыянавання прававой сістэмы былі надламаны. Далейшае сваё развіццё і канкрэтызацыю яны знайшлі ў кадыфікацыі заканадаўства рэспублікі 60 – першай паловы 80-ых гадоў.

3. Абнаўленне заканадаўства: галоўныя напрамкі

 

Адзначаныя змены ў кампетэнцыі і арганізацыі праваахоўных органаў (паводле тэрміналогіі папярэдняга часу – карных) спалучаліся з пераглядам заканадаўства, рэвізіяй (напачатку з дапамогай следчых груп і камісій МУС СССР) пераважна найбольш позніх па часу прыгавораў па справах буйных дзеячаў партыі і дзяржавы.

Першым крокам на шляху перагляду жорсткай рэпрэсіўнай сістэмы і ліквідацыі злоўжыванняў былых гадоў стаў указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 сакавіка 1953 г. аб амністыі для ўсіх вязняў, асуджаных на тэрмін да 5 гадоў уключна за службовыя, гаспадарчыя і некаторыя вайсковыя злачынствы (пераважна гаспадарнікі і партработнікі – ахвяры кампаній 1951–1952 гг.), а таксама непаўналетнія, састарэлыя, хворыя, жанчыны, якія мелі малалетніх дзяцей і цяжарныя. Да таго ж агалошвалася скарачэнне тэрмінаў па прыгаворах да больш працяглага зняволення. Усяго з месцаў заключэння належала вызваліць 1 203 421 чалавек, а таксама спыніць следчыя справы на 401 120 чалавек (па даных на 18 красавіка 1953 г.). На 10 жніўня 1953 г. з месцаў зняволення было вызвалена па амністыі 1 032 000 чалавек.

Аднак амністыі не падлягалі асуджаныя на тэрмін больш як на пяць гадоў і прыцягнутыя да адказнасці як “контррэвалюцыянеры”, буйныя раскрадальнікі сацыялістычнай уласнасці, бандыты і злосныя забойцы. Разам з тым актам быў зроблены акцэнт на неабходнасці перагляду крымінальнага заканадаўства з мэтай замены крымінальнай адказнасці за некаторыя службовыя, гаспадарчыя, бытавыя і іншыя менш бяспечныя злачынствы мерамі адміністрацыйнага і дысцыплінарнага парадку, а таксама змякчэння крымінальнай адказнасці за асобныя злачынствы (Ведомости Верховного Совета СССР. 1953. № 4; Лаврентий Берия. 1953. Стеногр. июльского пленума ЦК КПСС и др . документы /Под ред. А. Н. Яковлева. М., 1999. С. 398). З цягам часу менавіта абмежаванне сферы крымінальна караемых дзеянняў стане адным з галоўных напрамкаў на шляху перагляду жорсткай рэпрэсіўнай практыкі.

Амаль праз месяц пасля смерці І. В. Сталіна, 3 красавіка, Прэзідыум ЦК КПСС цалкам рэабілітаваў усіх прыцягнутых да адказнасці і арыштаваных органамі дзяржаўнай бяспекі “няправільна, без якіх-небудзь законных падстаў” па так званай справе аб урачах-шкодніках. У апублікаваным на наступны дзень у газеце “Правда” паведамленні Міністэрства ўнутраных спраў СССР гаварылася: прыцягнутыя па гэтай справе асобы сталі ахвярамі правакацыі супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі і што інкрымініраваныя арыштаваным абвінавачванні былі на самай справе атрыманы шляхам прымянення “недазволеных і строга забароненых савецкімі законамі прыёмаў следства”. Таму “асобы, вінаватыя ў няправільным вядзенні следства”, “самых грубых скажэннях савецкіх законаў” (дакладней, фальсіфікацыі фактаў) арыштаваны і прыцягнуты да крымінальнай адказнасці (Лаврентий Берия. 1953. С. 23–25, 398). Гэта значыць, у адпаведнасці з нормамі сталінскага перыяду, якія апраўдвалі жорсткія рэпрэсіі.

Тым не менш эфект праведзенай аперацыі пераўзышоў усе чаканні: яна падтрымлівала надзею ў грамадстве на ажыццяўленне пераходу ад бяспраўя да законнасці, сістэмнага пераасэнсавання прынцыпаў і практыкі функцыянавання апарату карных органаў, змякчэння таталітарнага рэжыму. Гэта пацвярджаецца патокам просьбаў аб рэабілітацыі, якія захліснулі органы пракуратуры і суда, шматлікімі хваляваннямі і паўстаннямі асуджаных за “контррэвалюцыйныя злачынствы”. У выніку расследавання былой дзейнасці служб бяспекі ў 1953 г. было выпушчана на волю каля 4 тыс. чалавек. Хаця гэта быў яўна недастатковы адказ на запыты, ён стаў першай непасрэднай спробай новага кіраўніцтва зрабіць брэш у сталінскай рэпрэсіўнай сістэме (Боффа Дж. История Советского Союза: В 2 т. М., 1990. Т. 2. От Отечественной войны до положения второй мировой державы. Сталин и Хрущев. 1941–1964 гг. / Пер. с итал. М., 1990. С. 413).

Працягвалася работа па ўрэгуляванні пытанняў амністыі пацярпелых. 8 верасня 1953 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была адменена забарона прымяняць амністыю для асоб, асуджаных за раскраданне сацыялістычнай уласнасці і за спекуляцыю. Гэта значыць, за злачынствы, вызначаныя пастановамі ЦВК і СНК СССР ад 7 і 22 жніўня 1932 г., а таксама Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 чэрвеня 1947 г. Аднак, як сведчаць даследаванні, захаванне ўстаноўленых раней высокіх санкцый на ўсе віды раскраданняў, скупку–перапродаж тавараў незалежна ад ступені іх рэальнай грамадскай бяспекі стварала нямала цяжкасцей у практыцы пракурорска-следчых органаў пры вызначэнні пакарання па справах аб нязначных правапарушэннях. Адсюль не спыняўся рост колькасці асуджаных за злачынствы, якія не ўяўлялі сур’ёзнай пагрозы для дзяржавы.

Адначасова была адменена ўведзеная перад вайной або падчас яе крымінальная адказнасць за самавольны уход рабочых і служачых з работы, прагулы, дэзерцірства з прадпрыемстваў ваеннай прамысловасці, невыпрацоўку абавязковага мінімуму працадзён у калгасах (уведзены ў маі 1939 г.) дамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20–50-ых гадоў на Беларусі. Мн., 1994. С. 139–140). Тым самым былі перакрыты істотныя крыніцы напаўнення месцаў зняволення. Дарэчы, па няпоўных звестках, толькі ў 1949 г. па СССР за невыпрацоўку мінімуму працадзён да судовай адказнасці было прыцягнута 14–19 % усёй колькасці калгаснікаў, якія не выпрацавалі ўстаноўленай нормы працадзён (Вербицкая О. М. Российское крестьянство: От Сталина к Хрущеву. Середина 40 – начало 60-х годов. М., 1992. С. 55).

У красавіку 1954 г. былі рэабілітаваны ахвяры так званай ленінградскай справы – партыйныя і гаспадарчыя кіраўнікі (Лаврентий Берия. 1953. С. 403). 4 мая ЦК КПСС была прынята пастанова “Аб пераглядзе спраў на асоб, асуджаных за контррэвалюцыйныя злачынствы, якія ўтрымліваюцца ў лагерах, калоніях і турмах МУС і знаходзяцца ў ссылцы і на пасяленні” (Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20–50-ых гадоў на Беларусі. С. 140), што значна пашырыла прававую базу па забеспячэнні законнасці і правапарадку, а таксама актывізавала рэабілітацыю па судовых каналах.

У адпаведнасці з указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 красавіка і 14 ліпеня 1954 г. па асобных катэгорыях правапарушэнняў аднаўляўся судовы парадак датэрміновага і ўмоўна-датэрміновага вызвалення, адменены Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 чэрвеня 1939 г. Пытанне аднаўлення прымянення інстытута ўмоўна-датэрміновага вызвалення было разгледжана 18 студзеня 1955 г. на пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Прыняты на ім указ аднавіў дзеянне адмененых у 1939 г. арт. 61 і 62 Крымінальнага кодэкса БССР, якія рэгулявалі ўмовы і парадак прымянення сістэмы “ўмоўна-датэрміновага вызвалення лагернага кантынгенту”. Больш дасканалая працэдура забеспячэння ажыццяўлення карнай палітыкі дзяржавы судовымі органамі ў адносінах асоб, якія падлягаюць датэрміноваму і ўмоўна-датэрміноваму вызваленню з месцаў зняволення, вызначалася Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 красавіка 1955 г. (Сборник нормативных актов по советскому исправительно-трудовому праву. М., 1959. С. 318; Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938–1955 гг. С. 292–293; Сборник законов СССР и указов Президиума Верховного Совета СССР. 1938–1956гг. М., 1956. С. 417; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 253–254; История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. С. 396, 399). Гэтыя акты не толькі сведчылі аб замацаванні тэндэнцыі паслаблення рэпрэсіўнай практыкі, але і спрыялі працэсу рэабілітацыі “палітычных вязняў”, неабгрунтавана пакараных за “контррэвалюцыйныя злачынствы”.

Да таго ж прымаліся меры па забеспячэнні сацыяльных правоў рэабілітаваных, пэўнай кампенсацыі ім матэрыяльных і маральных страт. Цалкам рэабілітаваныя аднаўляліся ў партыі, члены сем’яў пасмяротна рэабілітаваных атрымлівалі аднаразовыя дапамогі, забяспечваліся пенсіямі (Лаврентий Берия. 1953. С. 40, 398–399, 400). Пастановай Савета Міністраў СССР ад 8 верасня 1955 г. “Аб працоўным стажы, працаўладкаванні і пенсійным забеспячэнні грамадзян, неабгрунтавана прыцягнутых да крымінальнай адказнасці і ў далейшым рэабілітаваных”, такога роду пацярпелым час зняволення або ссылкі залічваўся ў агульны працоўны стаж і ў стаж работы па спецыяльнасці. Да таго ж выплачваўся двухмесячны заробак, пенсіі па старасці прызначаліся незалежна ад наяўнасці ў іх стажу па вызваленні з месцаў зняволення ці ссылкі (Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20 – 50-ых гадоў на Беларусі. С. 140).

22 лістапада 1955 г. ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР завяршыла рэвізію працэсу Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта і спыніла справу “за адсутнасцю саставу злачынства”. Аднак рашэнне аб рэабілітацыі ўсіх падсудных да канца 1988 г. заставалася не аб’яўленым публічна (В Комиссии Политбюро ЦК КПСС по дополнительному изучению материалов, связанных с репрессиями, имевшими место в период 30 – 40-х годов и начала 50-х годов : О так называемом “деле Еврейского антифашистского комитета” // Из вестия ЦК КПСС. 1989. № 12. С. 34 – 35, 40).

Між тым значная частка спраў аб рэабілітацыі праводзілася ў індывідуальным парадку, пры наяўнасці заяў і скаргаў грамадзян у партыйна-ўрадавыя ўстановы і органы юстыцыі. У цэлым колькасць вызваленых з лагераў, дэпартаваных і сасланых заставалася нязначнай да верасня 1955 г., калі былі амнісціраваны, незалежна ад тэрміну пакарання, асобы, асуджаныя за супрацоўніцтва з немцамі (служба іх у арміі, паліцыі і спецыяльных фарміраваннях), былыя ваеннапалонныя, інтэрніраваныя па вяртанні ў СССР. Праўда, поўная рэабілітацыя ваеннапалонных адбылася толькі ў канцы 80-ых гадоў. Большасць асуджаных за “контррэвалюцыйную дзейнасць” чакала свайго вызвалення. Да таго ж сама працэдура рэабілітацыі, звязаная з праходжаннем спраў праз Вярхоўны суд СССР або яго “ваенную калегію”, займала шмат часу. Пры ўсім тым назапашаны вопыт, будучы да пачатку другой паловы 50-ых гадоў у значнай ступені прыхаваным, спрыяў выпрацоўцы аптымальных (па мерках часу) падыходаў да арганізацыі перагляду спраў пацярпелых, прыняццю дакументаў, якія садзейнічалі рэабілітацыі. Нарэшце, паслабленню рэпрэсіўнага рэжыму, зняццю хвалі масавых рэпрэсій, нарошчванню тэмпаў рэабілітацыі, аднаўленню сацыяльнай справядлівасці і ліквідацыі практыкі бяспраўя ў законе.

Разам з тым працэс патрабаваў больш дбайнага падыходу. 31 снежня 1955 г. Прэзідыумам ЦК КПСС была створана спецыяльная камісія па вывучэнні матэрыялаў аб масавых рэпрэсіях членаў і кандыдатаў у члены ЦК ВКП (б) у 1935 – 1940 гг. Вынікі яе працы актывізавалі перагляд жорсткага рэпрэсіўнага ўхілу ў заканадаўстве, прадвызначылі працэс масавай рэабілітацыі асоб, неабгрунтавана пацярпелых, абумовілі карэнны перагляд адносін да лёсу ахвяр рэпрэсіўных органаў.

Распачатая лібералізацыя заканадаўства праявілася і ў развіцці тэндэнцыі звужэння сферы крымінальнай адказнасці, дэкрымінілізацыі некаторых правапарушэнняў. Так, 5 жніўня 1954 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была адменена крымінальная адказнасць цяжарных жанчын за ўчыненне аборту, уведзеная ў 1936 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 лістапада 1955 г. “Аб адмене забароны абортаў” крымінальная адказнасць за аборт абмежавана выпадкамі яго ўчынення па-за бальніцамі або лячэбнымі ўстановамі, у антысанітарных умовах ці асобамі, якія не мелі спецыяльнай медыцынскай адукацыі (Ведомости Верховного Совета СССР. 1955. № 22. Ст. 425; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 248).

Карэкціроўка сферы крымінальна караемых паводзін суправаджалася агульнай гуманізацыяй карнай палітыкі. Напрыклад, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 студзеня 1955 г. “Аб крымінальнай адказнасці за дробнае раскраданне дзяржаўнай грамадскай маёмасці” за падобныя дзеянні, здзейсненыя ўпершыню, прадугледжвалася пазбаўленне волі тэрмінам на тры месяцы або папраўчыя работы ад шасці месяцаў да аднаго года, а пры паўторнасці – пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да двух год (Уголовный кодекс РСФСР. М., 1957. С. 109). Ажыццёўленае выдзяленне з родавага саставу раскрадання грамадскай і дзяржаўнай маёмасці (за якія да гэтага прадугледжвалася пазбаўленне волі на тэрмін адпаведна не менш 5 і 7 гадоў паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 чэрвеня 1947 г.) дробнага раскрадання сацыялістычнай маёмасці спрыяла, на думку спецыялістаў, агульнаму змякчэнню судовых санкцый за раскраданне такой маёмасці (Ведомости Верховного Совета СССР. 1947. № 19; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 248).

У сакавіку і маі 1955 г. указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было адменена выкарыстанне практыкі крымінальных рэпрэсій і ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць за самавольны праезд у таварных цягніках; за продаж, абмен і водпуск на бок кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый невыкарыстоўваемага абсталявання і матэрыялу (Ведомости Верховного Совета СССР. 1955. № 5. Ст. 114; Та м ж а. 1955. № 8. Ст. 193; Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938–1955 гг. С. 293, 294).

Адпаведна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 красавіка 1956 г. “Аб адмене судовай адказнасці рабочых і служачых за самавольнае пакіданне прадпрыемстваў і ўстаноў і за прагул без уважлівай прычыны”, крымінальнае пакаранне рабочых і служачых за такія ўчынкі замянялася мерамі дысцыплінарнага, матэрыяльнага або грамадскага ўздзеяння, а народныя суды вызваляліся ад разгляду гэтых спраў (Ведомости Верховного Совета СССР. 1956. № 10. Ст. 203). У выніку такіх дзеянняў былі спынены судовыя праследаванні рабочых і служачых (у тым ліку раней асуджаных і адбыўшых пакаранне). Пры гэтым рабочыя і служачыя маглі мяняць месца працы паводле папярэджання аб гэтым адміністрацыі за два тыдні (хаця калгаснікі па-ранейшаму не маглі па свайму жаданню легальна пакінуць свой калгас).

Пастановай Савета Міністраў СССР ад 4 кастрычніка 1956 г. “Аб працоўным стажы грамадзян, якім пры пераглядзе крымінальнай справы зніжана мера пакарання”, час іх знаходжання ў месцах зняволення звыш тэрміну, вызначанага пры пераглядзе справы, залічваўся ў агульны працоўны стаж і ў стаж работы па спецыяльнасці, па якой грамадзянін працаваў да прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Паказальна і тое, што даная пастанова распаўсюджвалася на грамадзян, якім мера пакарання была зніжана пры пераглядзе крымінальнай справы да выдання гэтай пастановы (Собрание постановлений правительства Союза Советских Социалистических Республик (СП СССР). 1957. № 2. Ст. 10).

У мэтах узмацнення аховы правоў і інтарэсаў рабочых і служачых на падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 студзеня 1957 г. быў зменены арт. 6 Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 красавіка 1956 г. Устанаўлівалася, што рабочым і служачым, звольненым з работы па асабістаму жаданню, дапамога па часовай непрацаздольнасці, якая наступіла ў выніку працоўнага калецтва ад прафесійнага захворвання, выдаецца незалежна ад працягласці работы на новым месцы (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 3. Ст. 55).

Прымаліся захады і па ўздыму вельмі нізкага матэрыяльнага ўзроўню сялян, больш поўнаму забеспячэнню іх сацыяльных правоў. У сакавіку 1956 г. ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прадаставілі калгаснікам права дапаўняць і змяняць, з улікам мясцовых, канкрэтных умоў, асобныя палажэнні Прыкладнага статута сельгасарцелі 1935 г. (КПСС в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК (1898–1986). Изд. 9-е, доп. и исправл. М., 1986. Т. 9. 1956–1960. С. 91–97 (КПСС в решениях и резолюциях…)). З 1956 г. калгаснікам пачалі выдаваць штомесячныя грашовыя авансы на працадні (замест штоквартальных). У 1958 г. грашовыя авансы не выдавалі толькі 11,7% калгасаў рэспублікі (Р ешения партии и правительства по хозяйственным вопросам: В 5 т. М ., 1968. Т. 4. 1953 – 1961 годы. С. 289 – 290; Сорокин А.Н. Органи-зационно-хозяйственное укрепление колхозов Белорусской ССР в 1953 – 1958 гг. // Из истории социалистического строительства / На материалах Белорусской ССР. Мн., 1979 . С. 124). А яшчэ ў сакавіку 1955 г. былі пашыраны правы калгасаў і саўгасаў у галіне планавання (КПСС в резолюциях и решениях… М., 1985. Т. 8. 1946–1955. С. 492–498).

Пастановай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 4 ліпеня 1957 г. “Аб адмене абавязковых паставак сельскагаспадарчых прадуктаў дзяржаве гаспадаркамі калгаснікаў, рабочых і служачых” (СП СССР. 1957. № 7. Ст. 77) з 1 студзеня 1958 г. былі адменены абавязковыя пастаўкі дзяржаве ўсіх сельгаспрадуктаў названымі катэгорыямі гаспадарак (замест праведзенага ў 1954 г. памяншэння норм абавязковых паставак і адмены іх толькі адносна збожжавых). У выніку знікла судовая адказнасць калгаснікаў і іншых груп працоўных па гэтаму віду дзеянняў. Істотныя карэктывы ў прававое рэгуляванне дзейнасці калгасаў былі ўнесены ў сакавіку 1958 г. у сувязі з прыняццем Вярхоўным Саветам СССР Закона аб рэарганізацыі МТС (Закон аб далейшым развіцці калгаснага ладу і рэарганізацыі машынна-трактарных станцый, прыняты Вярхоўным Саветам СССР 31 сакавіка 1958 г. // Решения партии и правительства по хозяйственным вопросам. Т. 4. С. 397–401).

У адпаведнасці з агульнасаюзнымі актамі з Крымінальнага кодэкса БССР выключаліся артыкулы па таму ці іншаму саставу правапарушэнняў, а пры неабходнасці – уводзіліся новыя. Так, у сувязі з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 красавіка 1956 г., Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі ад 29 жніўня таго ж года ў КЗаП БССР была заменена рэдакцыя арт. 46. Ім прадугледжвалася магчымасць спынення рабочым і служачым дагавора, які заключаны на няпэўны тэрмін, у любы час, але пры абавязковым папярэджанні аб гэтым адміністрацыі прадпрыемства (установы) за два тыдні. Разам з тым кодэкс быў дапоўнены арт. 47-а. Ён устанаўліваў меры дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці або адказнасць перад таварыскім судом для рабочых і служачых за прагул без уважлівай прычыны (Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской. Т. І. С. 443 – 444). Як паказалі падзеі, тым самым было пакончана з рэшткамі антырабочага заканадаўства аб працы перадваеннага ці ваеннага часу.

Такі вектар заканатворчасці быў настолькі неардынарным, што ЦК КПСС, Савет Міністраў СССР і ВЦСПС 16 мая 1956 г. звярнуліся да падведамасных арганізацый, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, да ўсіх рабочых і служачых не перабольшваць у барацьбе з парушальнікамі працоўнай дысцыпліны (прагульшчыкамі, летунамі, гультаямі і рвачамі) “значэння мерапрыемстваў адміністрацыйнага характару”. Прызнавалася мэтазгодным узняць узровень выхаваўчай работы, пашырыць прымяненне мер “грамадскага ўздзеяння”, выкарыстанне таварыскіх судоў, павысіць якасць “усёй гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў і будоўляў”, сістэматычнага “стварэння нармальных вытворчых і культурна-бытавых умоў”. У пісьме адзначалася, што “ўмацаванне свядомай працоўнай дысцыпліны і барацьба з яе парушальнікамі ёсць кроўная справа саміх працоўных” (КПСС в резолюциях и решениях… Т. 9. С. 102–104).

Састарэлыя правілы разгляду вытворчых канфліктаў 1928 г. былі заменены Палажэннем аб парадку разгляду працоўных спрэчак, зацверджанага Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 студзеня 1957 г. У адпаведнасці з ім працоўныя спрэчкі падлягалі разгляду ў народным судзе, як правіла, пасля разгляду іх у камісіях па працоўных спрэчках і фабрычна-завадскімі камітэтамі прафсаюзаў (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 58; Хвостов А. М. Роль профсоюзов и советского суда в охране трудовых прав рабочих и служащих // Сборник научных трудов. Вып. II . Вопросы государства и права БССР. Мн., 1959. С. 75 – 76). Гэтыя змяненні 15 мая 1959 г. Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР былі ўключаны ў Кодэкс законаў аб працы Беларускай ССР (Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской. 1938 – 1967 гг. Т. І . С. 447 – 453).

Імкненне да дэмакратызацыі дзяржаўнага жыцця знайшло вырашэнне ў мерах, накіраваных на павышэнне ролі Саветаў. У студзені 1957 г. ЦК КПСС прыняў пастанову “Аб паляпшэнні дзейнасці Саветаў дэпутатаў працоўных і ўзмацненні іх сувязяў з масамі” (КПСС в резолюциях и решениях… Т. 9. С. 156–166). Яна спрыяла развіццю прававой дзейнасці Саветаў, у тым ліку у саюзных рэспубліках. У кастрычніку 1957 і чэрвені 1958 гг. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў палажэнні аб сельскім, пасялковым, раённым і гарадскім Саветах дэпутатаў працоўных (Збор законаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (ЗЗ БССР). 1957. № 10. Арт. 243; Там жа. 1958. № 6. Арт. 92). Яны былі накіраваны на паляпшэнне дзейнасці мясцовых органаў улады ў вырашэнні пытанняў гаспадарчага і сацыяльна-культурнага будаўніцтва. У тым ліку на ўдзел іх у каардынацыі распрацоўкі і кантролі выканання гадавых і перспектыўных вытворчых планаў прадпрыемствамі сельскагаспадарчага профілю, у распрацоўцы планаў жыллёвага, сацыяльна-культурнага будаўніцтва і добраўпарадкавання, ажыццяўляемых непадведамаснымі прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі Савета.

У адпаведнасці з Законам СССР ад 25 снежня 1958 г. “Аб адмене пазбаўлення выбарчых правоў па суду” 27 снежня Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР адмяніў прымяненне пазбаўлення выбарчых правоў па суду ў якасці меры крымінальнага пакарання. Да таго ж усе асобы, асуджаныя судамі рэспублікі да пазбаўлення выбарчых правоў, былі вызвалены ад гэтага пакарання. 29 снежня Прэзідыум Вярхоўнага Савета рэспублікі ўнёс адпаведныя змены ў артыкулы 2, 14 і 21 Палажэння аб выбарах у мясцовыя Саветы (Ведомости Верховного Совета СССР. 1959. № 1. Ст. 7; Сборник законов Бело русской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938 – 1967 гг. Т. ІІ . С. 110; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 212).

У снежні 1958 г. Вярхоўным Саветам СССР былі прыняты таксама Асновы крымінальнага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік, законы аб крымінальнай адказнасці за дзяржаўныя, воінскія злачынствы і іншыя заканадаўчыя акты (Ведомости Верховного Совета ССР. 1959. № 1. Ст. 6, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15). У іх побач з замацаваннем тэндэнцыі на паслабленне цэнтралізацыі ў заканатворчасці атрымаў далейшае развіццё прынцып гуманнасці. У тым ліку шляхам значнага звужэння кола асоба бяспечных дзяржаўных злачынстваў у параўнанні з раней дзеючым Палажэннем аб дзяржаўных злачынствах (1927). З пераліку пакаранняў выключаліся найбольш антыгуманныя нормы: выдаленне за межы СССР, паражэнне ў палітычных правах па суду, “контррэвалюцыйныя злачынствы”, “абвяшчэнне ворагам народа”. Калі раней судзімасці маглі гасіцца толькі па нязначных злачынствах, то цяпер дапускалася рэабілітацыя па ўсіх іх відах. Агалошана адмова ад прынцыпу аналогіі. Забаронена звяртацца да пагроз і насілля для атрымання прызнання. Пакаранне магло прымяняцца толькі па прыгавору суда на аснове закона.

Важнае значэнне ва ўмацаванні аховы правоў мела абмежаванне прымянення смяротнай кары. Асновы крымінальнага заканадаўства 1958 г. (потым і Крымінальны кодэкс БССР) дапускалі яе прымяненне як выключнай меры пакарання за асабліва цяжкія злачынствы (здрада Радзіме, шпіянаж, дыверсію, тэрарыстычны акт, бандытызм, наўмыснае забойства пры абцяжарваючых абставінах, спецыяльна прадугледжаных заканадаўствам). Прычым не маглі быць прыгавораны і падвергнуты смяротнай кары асобы, якія не дасягнулі да здзяйснення злачынства 18 гадоў, і жанчыны, якія знаходзіліся ў цяжарным стане падчас здзяйснення злачынства, да моманту вынясення ці выканання прыгавору (арт. 22) (Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской. 1938–1967 гг. Т. П. С. 22–23, 109).

Але побач з гуманізацыяй, змякчэннем адказнасці за менш бяспечныя парушэнні законнасці ў праве гэтага часу праяўлялася і адваротная ёй тэндэнцыя: узмацненне кары за цяжкія злачынствы. У прыватнасці, пашыралася прымяненне такой меры пакарання, як смяротная кара. У красавіку 1954 г. яна была распаўсюджана і на асоб, якія здзейснілі наўмыснае забойства пры абцяжарваючых абставінах (Ведомости Верховного Совета СССР. 1954. № 11. Ст. 221; Шкурко В. А. Вопросы наказания в новом уголовном законодательстве // Сборник научных трудов. Вып. ІІ. Вопросы государства и права БССР. С. 9).

11 студзеня 1955 г. Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР была ўстаноўлена крымінальная адказнасць за наўмысныя патравы пасеваў і пашкоджанні насаджэнняў у калгасах і саўгасах (арт. 6) (Ведомости Верховного Совета СССР. 1955. № 1. Ст. 4). Хаця існуе думка, што пры захаванні законаў са значнымі мінімальнымі санкцыямі судовыя органы ўсё больш актыўна выкарыстоўвалі пакаранне ніжэй за ніжэйшую мяжу, або ўмоўнае асуджэнне (Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 248).

Адпаведна пастанове ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 6 сакавіка 1956 г. “Аб Статуце сельскагаспадарчай арцелі і далейшым развіцці ініцыятывы калгаснікаў у арганізацыі калгаснай вытворчасці і кіраванні справамі арцелі”, у цэлым накіраванай на пашырэнне слабай калгаснай дэмакратыі, працадзень замацоўваўся не толькі як норма кантролю працоўнай павіннасці, але і памеру зямельнага прысядзібнага надзелу (участка) калгаснага двара. У выпадку калі працаздольныя члены калгаснай сям’і або пастаянных рабочых МТС, якія жылі ў калгасе, не выпрацоўвалі ў калгасе ўстаноўленага мінімуму працадзён, то такія калгасныя двары павінны былі мець паменшаныя памеры прысядзібных участкаў. Пры гэтым пастанова забараняла павялічваць памеры прысядзібных участкаў за кошт грамадскіх зямель і нават рэкамендавала скарачаць іх. Пастанова замацоўвала прынцып на абмежаванне колькасці хатняй жывёлы для асабістага карыстання, “з улікам мясцовых умоў” (КПСС в резолюциях и решениях… Т. 9. С. 95–96). 27 жніўня пастановай Савета Міністраў СССР трымальнікам асабістай жывёлы забаранялася выкарыстоўваць у якасці кармоў хлеб, крупы і іншыя прадукты з дзяржаўных і кааператыўных магазінаў. Ва ўмовах адсутнасці іншых легальных крыніц забеспячэння асабістай гаспадаркі кармамі (акрамя сенакосу і агароду) гэта пастанова, у цэлым слушная, калі не лічыцца з канкрэтнай сітуацыяй, ставіла селяніна ў тупік. Яму даводзілася або парушаць толькі што прынятую пастанову, або скарачаць колькасць жывёлы ў сваёй гаспадарцы (История России. ХХ век. М., 1998. С. 525).

Захаванне ў заканадаўчых актах норм крымінальнага пакарання за антысавецкую агітацыю і прапаганду не спрыяла развіццю дэмакратычных настрояў у грамадстве, пашырэнню ўзаемаразумення паміж народамі свету.

Пры ўсім тым ажыццёўленыя крокі па абнаўленні заканадаўства і правапарадку не толькі ўстаранялі істотныя недахопы кіраўніцтва і факты безадказнасці, але і вызначалі напрамкі работы па сістэматызацыі і кадыфікацыі права.

 


Дата добавления: 2018-10-26; просмотров: 772; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!