МІЖНАРОДНЫЯ ДАГАВОРЫ ЯК КРЫНІЦА ПРАВА



 

Сярод старажытных помнікаў пісанага права на Беларусі своеасаблівае месца належыць граматам аб адносінах Смаленска, Полацка і Віцебска з Рыгай, Гоцкім берагам, нямецкімі гарадамі і Інфлянцкім ордэнам, а таксама дагаворам 1229, 1263, 1265, 1338 г г. Яны тычыліся нормаў міжнароднага, цывільнага і крымінальнага права. Разам з тым гэтыя юрыдычныя дакументы – сведчанне існавання ўстойлівых гандлёвых і дыпламатычных адносінаў беларускіх і нямецкіх купцоў з прыкладна аднолькавым ўзроўнем грамадскага развіцця. Цікава і тое, што гэтыя сумесныя пагадненні нярэдка ўключалі нормы свайго мясцовага звычаёвага права. Так, Дагавор 1229 г. вядомы навукоўцам як “Смаленская гандлёвая праўда”, уяўляў сабой міжнароднае гандлёвае і палітычнае пагадненне Смаленскага, Віцебскага і Полацкага княстваў з Рыгай і Гоцкім берагам, які меў сілу на працягу ХІІІ – ХIV стст. Ён замацаваў прававыя нормы па зябеспячэнні нармальных адносін паміж заходне- і ўсходнееўрапейскімі народамі на аснове ўзаемнасці і раўнапраўя. Яго артыкулы прадугледжвалі замацаванне мірных адносін, вызначалі аб’ём адказнасці за крымінальнае злачынства, парадак і чарговасць спагнання доўгу, парадак судаводства. Пры гэтым ён замацоўваў розную крымінальную адказнасць злачынцы ў залежнасці ад сацыяльна-класавай прыналежнасці пацярпелага і вінаватага. Паводле Дагавору 1229 г., за забойства свабоднага чалавека з вінаватага спаганялася 10 грыўняў серабром, за папа або пасла – 20, за халопа – 1 грыўня серабром (арт. 1, 2, 6 – Готландская рэдакцыя).

Міжнародныя дагаворы раннефеадальных дзяржаў станоўча ўплывалі на развіццё беларускага нацыянальнага права, тэарэтычную распрацоўку паняційнага апарату і юрыдычнай тэрміналогіі на аснове засваення дасягненняў замежнай тэорыі і практыкі праватворчасці. Раўнапраўны міжнародны дагавор не толькі найбольш важная крыніца міжнароднага права, але і дзейсны сродак распрацоўкі іншых галін нацыянальнага права.

СУДАВОДСТВА

Судовы працэс пры разглядзе грамадзянскіх і крымінальных спраў насіў спаборніцкі (спрэчны) характар: ён пачынаўся толькі па ініцыятыве істца. Ісцец і адказчык мелі роўныя правы ў даказванні сваей праваты. Судаводства было адкрытым і вусным.

У аснове сістэмы доказаў знаходзіліся сведчанні відавочцаў злачынства (відоки); рэчавыя доказы (поличное); выпрабаванні агнём ці вадой, выпрабаванне жалезам (ордалии); прысягі (цалаванне крыжа). Князі, іх пасаднікі, іншыя службовыя асобы выконвалі функцыі пасрэднікаў у судовым працэсе, атрымліваючы за гэта пэўную суму – віру (штраф).

З канца Х ст. (пасля прыняцця хрысціянства) шэраг судовых спраў быў перададзены княжацкай уладай у ведамствы царквы. Царкоўнікі прыцягвалі да судовай адказнасці людзей, якія абвінавачваліся ў парушэнні хрысціянскай дагматыкі, абраднасці і царкоўных нормаў сямейнага права. Разам з княжаскім судом і судом феадалаў царкоўны суд з’яўляўся зброяй прыгнечання народных мас.

Вывучэнне княжацкіх статутаў, у прыватнасці старажытных тэкстаў Статута Яраслава, паказала, што напачатку роля царквы ў эвалюцыі старажытнарускага права і суда (працэсу) заключалася не столькі ва ўвядзенні новых караючых форм, колькі ва ўзурпацыі права суда па традыцыйных справах, якое належала ніжэйшым грамадскім арганізацыям. Так, у лік спраў, якія падлягалі вядзенню царквы, па Статуту Яраслава ўключаліся такія не ўласцівыя візантыйскаму царкоўнаму праву, але маючыя карані ў мясцовым жыцці старажытнарускага насельніцтва казусы, як незабеспячэнне бацькамі дачкі на выпадак іх смерці, скасаванне шлюбу з-за слепаты жонкі, замах на самагубства ў выніку прымусовага шлюбу, абраза чужой жонкі словам, абраза мужчыны пашкоджаннем валасоў, забойства ў час вяселля, абраза дзяўчыны адмовай ажаніцца на ёй пасля зговару і інш. Цяжка дапусціць, што ўсе гэтыя справы “вынайдзены” царквой з канца Х да сярэдзіны ХІ ст.

У судовай сістэме раннефеадальных княстваў-дзяржаў і пазней па традыцыі існаваў абшчынны (копны) суд, які падначальваўся феадальнай адміністрацыі і дзейнічаў да канца ХVIII ст. Ён разглядаў пераважна справы простых людзей. Суддзямі ў іх выступалі сяляне-гаспадары (“домохозяева”), іншыя садзейнічалі ў расследаванні спраў, трэція – удзельнічалі ў разборы. На судзе прысутнічалі старцы і прадстаўнікі дзяржаўнай або панскай адміністрацыі (возны або віж) у якасці ці то назіральнікаў за правільнасцю выканання копнага права, ці сведкаў.

Копныя суды разглядаліся як органы народнага правасуддзя, уяўлялі сабой пошук найбольш рацыянальнай дзейснай сістэмы прававога рэгулявання. Копнае судаводства мела дзе формы: звычайную капу (збіралася зацікаўленымі асобамі ў загадзя вызначаныя тэрміны – найчасцей прымяркоўвалася да рэлігійных свят) для разгляду пераважна грамадзянскіх спраў, межавых спрэчак, дробных крадзяжоў і гвалтоўную “капу” (“гарачую”, збіралася ў выпадках забойства, падпалу, нападу).

Копны суд збіраўся звычайна ў пэўных месцах – капавішчах, на майдане ў складзе 10 – 20 суддзяў – копных мужоў і копных старцаў. Копныя суддзі (звычайна, домаўласнікі) мелі роўныя галасы ў прыняцці пастановы. Копнае права не прызнавала саслоўнага падзелу грамадства, характэрнага для феадалізму. Таму ў копным судзе просты селянін і шляхціц часам выступалі як раўнапраўныя суб’екты працэсу. Пастановы копных судоў звычайна абскарджанню не падлягалі і выконваліся адразу, хаця прысутныя ад дзяржаўнай або панскай адміністрацыі (возны або віж) маглі затрымаць выкананне. Рашэнне копнага суда магло быць скасавана і ў выпадку, калі капа адбывалася не на сваім месцы.

Аператыўнасць разгляду спраў у копных судах спрыяла вырашэнню спраў паноў, шляхты, асабліва калі яны з’яўляліся істцамі ці зацікаўленымі асобамі. Згодна з копным правам злачынца мог быць адразу пакараны як штрафам ці лёгкім цялесным пакараннем, так і смерцю. Копнае судаводства характарызавала спалучэнне дзейнасці следчага і судовых органаў. Аб гэтым сведчыць неадкладнае збіранне гарачай капы па здзейсненаму злачынству для правядзення вышуку і праследавання (гону следа), а па затрыманні яго – неадкладнага асуджэння.

Копнае судаводства даволі цесна спалучала ў сабе нормы крымінальнага і грамадзянскага права, хаця гэта акалічнасць не была дастаткова акрэслена. Узбуджэнне ў ім справы не патрабавала выплаты папярэднай пошліны або выканання складаных папярэдніх дзеянняў. Змест рашэнняў копных судоў засноўваўся не на феадальным заканадаўстве, а на аснове правасвядомасці копных судоў. Абвінавачваны ў копным судзе выступае пераважна не як злачынец, а як шкоднік, абавязаны задаволіць патрабаванні істца (пацярпелага). Менавіта ад яго ініцыятывы залежаў выбар меры пакарання: “прощения” да пакарання смерцю. Ухіленне ад дачы паказанняў, нявыхад на капу разглядаліся як прыкмета саўдзелу ў правапарушэнні. Паказальна і тое, што ад копных мужоў, якія праводзілі следства, патрабавалася прысяга на прадмет таго, што ім нічога не вядома пра злачынцу.

Разам з тым нельга не пагадзіцца з думкай: недастаткова выяўлены сацыяльна-класавы антаганізм у старажытных дзяржавах-княствах не дазволіў суду заняць важнае месца ў сістэме ўлады старажытнай Беларусі.

ЛІТАРАТУРА

Асноўная

1. Вішнеўскі А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (IX – пачатак ХХ ст.). – Мн., 1996.

2. Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Са старажытных часоў да нашых дзён. Вучэб. дапаможнік – Мн., 2003.

3. История Беларуси в документах и материалах (с древнейших времен по ХХ- ст.) Сост. И. Кузнецов, Е. Мазец. – Мн., 2000.

4. Сокал С. Ф. Гісторыя дзяржавы і права БССР (дакастрычніцкі перыяд). – Мн., 1989.

5. Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. ч. 1. – Мн., 2000.

6. Юхо І. А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. – Мн., 1991.

Дадатковая

1. Алексеев Л. В. Полоцкая земля в IX – XIII вв. – М., 1966.

2. Геродот. История в девяти книгах. кн. 4. – Л., 1972. 

3. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. – Мн., 1991.

4. Татищев В. Н. История Российская. т. 1. – М. ; Л., 1962. 

5. Полоцкие грамоты XIII – нач. XVI в.: В 5 ч. Под ред. Хорошкевич А. Л. – М., 1977 – 1985.

6. Хрестоматия по истории Белоруссии с древнейших времен до 1917 г. – Мн., 1977.

ГЛ АСАРЫЙ

Паняцце Сэнс паняцця
Партыкулярызм (раз’яднанасць) звычаёвага права старажытнасці Наяўнасць у кожнай мясцовасці сваіх звычаяў, норм і правіл пры адсутнасці агульнадзяржаўнай прававой сістэмы
Традыцыяналізм і кансерватызм прававых норм старажытнага звычаёвага права Нязменнасць норм права
Дуалізм (дваістасць) звычаёвага права Фармальнае раўнапраўе свабодных грамадзян пры фактычным існаванні пераваг пануючага класа і наяўнасці поўнага бяспраўя рабоў – халопаў і чэлядзі нявольнай
Віра Штраф, які паводле норм “Рускай Праўды” прызначаўся толькі забойцам
Прывілеі Граматы на велікакняжацкае пажалаванне як цэламу саслоўю, так і асобам
Капа Месца выканання язычніцкіх культаў, правядзення грамадскіх сходаў і судоў вяскоўцаў па разгляду спраў аб забойстве, крадзяжы, тэрытарыяльных спрэчках

 

ТЭСТ

1. Назавіце галоўныя крыніцы старажытнага права ўсходніх славян.

1. Звычаі і традыцыі паўночных народаў і германцаў

2. Права германскага народа

3. Права польскага народа

4. Свае старажытныя народныя звычаі і правілы

 

2. Якія за старажытныя помнікі пісанага права былі распаў-сюджаны на Беларусі ў ІХ – першай палове ХІІІ ст.

1. “Аповесць мінулых гадоў” 4. Княжацкія статуты
2. Граматы і дагаворы 5. “Слова пра паход Ігаравы”
3. ”Баркулабаўскі летапіс”  

 

3. Узгадайце назвы асоб, упаўнаважаных дзяржаўнай або панскай адміністрацыяй на копным судзе

1. Возны 4. Віж
2. Лаўнік 5. Скарбнік
3. Староста 6. Цясляр

ТРЭНІНГ

 

1. Дайце вызначэнне звычаёвага і пісанага права.

2. Назавіце характэрныя рысы права старажытнай Беларусі.

3. Растлумачце сферу прававога зябеспячэння старажытным звычаёвым правам.

4. Як доўга ў часе звычаёвае права было пануючым у сістэме праваадносін?

5. Злачынствы і іх класіфікацыя старажытным правам.

6. Пакаранне і яго віды паводле старажытнага звычаёвага права.

7. Як вы разумееце праваздольнасць і адказнасць людзей старажытных дзяржаў на Беларусі?

8. Раскажыце пра абрад шлюбу паганскіх і хрысціянскіх часоў.

9. Ахарактарызуйце формы копнага судаводства.


Падзелы Рэчы ПаспалітаЙ

Анатацыя

Выяўлены абумоўленасць падзелаў Рэчы Паспалітай і спробы рэфармавання яе дзяржаўнага ладу з мэтай выхаду з крызіснага стану. Адначасова ахарактарызаваны дакументы, паводле якіх праводзіліся падзелы, далучэнне беларускіх зямель да Расійскай імперыі.

 

Тэматычны план

1. Крызісы Рэчы Паспалітай напярэдадні перамен

2. “Дысідэнцкае пытанне” і першы падзел Рэчы Паспалітай

3. Другі і трэці падзелы

4. Прававая ацэнка падзелаў Рэчы Паспалітай


Дата добавления: 2018-10-26; просмотров: 659; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!