РАННЕФЕАДАЛЬНАЕ ПРАВА НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ



БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ ПРАВАЗНАЎСТВА   А. М. САРОКІН     СТАРОНКІ З ГІСТОРЫІ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА БЕЛАРУСІ   Мінск 2004 БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ ПРАВАЗНАЎСТВА     А. М. САРОКІН   СТАРОНКІ З ГІСТОРЫІ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА БЕЛАРУСІ   Вучэбн а-метадычны дапаможнік да кантралюемай самастойнай работы   Мінск НА ТАА “БІП-С” 2004   УДК [321+340](476)(091) ББК 63.3 (4 Беи)я73+67.3(4Беи)я73 С 20   Рэкамендавана да выдання рэдакцыйна-выдавецкім саветам БІП   Навуковы рэдактар: С. Ф. Сокал, доктар юрыдычных навук, прафесар   Рэцэнзенты: Пастухоў М. І., доктар юрыдычных навук, прафесар; Кадаўбовіч В. А., кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, загадчык кафедры дэяржаўна-прававых дысцыплін Мінскага інстытута кіравання; Стадуб І. Д., кандыдат гістарычных навук, прафесар;  

Сарокін А. М.

С 20
Старонкі з гісторыі дзяржавы і права Беларусі: Вучэб.-метад. дапамож. для кантралюемай самастойнай работы / А.М. Сарокін. – Мн.: НА ТАА “БІП-С”, 2004. – 94 с.

 

ISBN 955-6537-87-8.

 

Дапаможнік падрыхтаваны ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай па гісторыі дзяржавы і права Беларусі для студэнтаў вышэйшых юрыдычных навучальных устаноў. Мае сваёй мэтай актывізацыю самастойнага засваення студэнтамі курса адпаведнай вучэбнай дысцыпліны. Можа быць карысным для выкладчыкаў тэхнікумаў і вучылішчаў, настаўнікаў школ, ліцэяў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі айчыннай гісторыі.

 

 

УДК [321+340](476)(091)

ББК 63.3 (4 Беи)я73+67.3(4Беи)я73

 

ISBN 955-6537-87-8                    © А.М. Сарокін, 2004

 

УВОДЗІНЫ

 

Напылили кругом. Накопытили.

И пропали под дьявольский свист…

С.А. Есенин

 

 

Вучэбны дапаможнік па курсу “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі” падрыхтаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі, прадугледжанымі вучэбнай праграмай дысцыпліны для студэнтаў вышэйшых юрыдычных навучальных устаноў. Як тэарэтыка-гістарычная дысцыпліна гісторыя дзяржавы і права Беларусі ўяўляе сабой важную частку ўсёй сістэмы юрыдычных навук, фарміруе аснову прававой культуры і прававога мыслення студэнтаў. Належнае засваенне гэтай прававой дысцыпліны з’яўляецца неабходным элементам паспяховага авалодання студэнтамі спецыяльнымі юрыдычнымі дысцыплінамі (канстытуцыйным, грамадзянскім, крымінальным, працэсуальным правам і інш.).

Мэта вывучэння гісторыі дзяржавы і права Беларусі – выяўленне заканамернасцей і адметных рыс узнікнення, станаўлення і развіцця на тэрыторыі нашай краіны дзяржавы і права, прычын змены дзяржаўнай формы і элементаў прававой сістэмы, а таксама садзейнічаць фарміраванню ў студэнтаў навуковага светапогляду, павышэнню іх агульнай і прававой культуры.

Прапануемае выданне ўтрымлівае матэрыял па праблемах развіцця дзяржавы і права на тэрыторыі Беларусі ў IX – першай палове ХІІІст., падзелах Рэчы Паспалітай і ўваходжанні Беларусі ў склад Расійскай імперыі, месцы Заходняй Беларусі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай, уз’яднанні Заходняй Беларусі з Беларускай ССР, змены вектару праваадносін, кампетэнцыі і арганізацыі праваахоўных органаў у Беларускай ССР 1950-ых гадоў, якія ў адпаведнасці з вучэбным планам вывучаюцца студэнтамі. Зразумела, з'явы акрэсленага перыяду не могуць не быць вельмі цяжкімі. Фактычна мноства элементаў, якія іх складаюць, і праблем, народжаных імі, самі па сабе вельмі цікавыя і складаныя. Гэта датачыцца, напрыклад, да ўзаемасувязі падзелаў Рэчы Паспалітай з нацыянальна-дзяржаўным пытаннем або ўплыву тэндэнцыі дэмакратызацыі грамадскага жыцця 1950-ых гг. на трансфармацыю прававой сістэмы і статуса нацыянальнай рэспублікі ў саюзнай дзяржаве. Аднак гэта не адбілася на бачанні з'яў у цэлым і, спадзяемся, выяўленні іх ключавых праблем.

Мэта вучэбнага дапаможніка – аказаць дапамогу вывучаючым прадмет паспяхова авалодаць не толькі праграмным матэрыялам, але і развіць навыкі самастойнай працы. З улікам гэтага кожная з прапанаваных тэм пададзена як кантралюемая самастойная работа (КСР). Кожная з іх утрымлівае кароткую анатацыю, тэматычны план, тэкст, спіс асноўнай і дадатковай літаратуры, гласарый, тэставыя заданні і трэнінг з вызначэннем кантрольных пытанняў. Абраная форма выкладання матэрыялу дазваляе выкарыстоўваць яго ў дыстанцыйным навучанні.

Вучэбны дапаможнік можа быць выкарыстаны і пры падрыхтоўцы і правядзенні семінарскіх заняткаў, распрацоўцы адпаведных тэм у курсавых і дыпломных работах, таму што структура зместу кожнай КСР дазваляе зарыентавацца студэнтам у асвятляемых пытаннях і навуковых праблемах гісторыі дзяржавы і права Беларусі. З другога боку, КСР з’яўляюцца толькі падмуркам для далейшай паглыбленай працы студэнтаў над крыніцамі (дакументальнымі і літаратурнымі) і манаграфічнай літаратурай.


 

ДзяржаЎнасць на тэрыторыі Беларусі ў раннім сярэднявеччы ( IX – першая палова XIII ст.)

                                                                                                         

АНАТАЦЫЯ

У тэме выяўлены асноўныя канцэптуальныя падыходы да вызначэння часу ўзнікнення дзяржаўнасці ва ўсходніх славян, характар пераходу апошніх да класавага грамадства на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым разгледжаны характэрныя рысы грамадска-палітычнай сістэмы княжацка-вечавай дзяржаўнасці, у тым ліку сістэмы органаў улады і кіравання.

ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН

1. Канцэптуальныя падыходы да паходжання беларускай дзяржаўнасці

2. Першыя раннефеадальныя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях

3. Грамадска-палітычнае развіццё земляў-княстваў:

· асноўныя рысы грамадскага ладу;

· палітычны лад, сістэма органаў ўлады, іх кампетэнцыя

 

1. Канцэптуальныя падыходы да паходжання беларускай дзяржаўнасці

 

Бадай, найбольш цяжкім і спрэчным пытаннем у гістарыяграфіі курсу гісторыі Беларусі наогул і гісторыі дзяржавы і права ў прыватнасці з’яўляецца пытанне вызначэння часу ўзнікнення дзяржаўнасці ва ўсходніх славян. Існуе некалькі канцэпцый яе паходжання. Калі вядомы савецкі гісторык права С. В. Юшкоў першыя прыкметы дзяржаўнасці ў славян адзначае пасля VII ст. н. э., а акадэмік Расійскай акадэміі навук (РАН) Б. Д. Грэкаў “значна раней IX ст.”, то акадэмік РАН Б. А. Рыбакоў – намнога раней, недзе на памежжы старой і новай эры (гл.: Юшков С. В. Общественно-политический строй и право Киевского государства. М., 1949. с. 39, 44; Греков Б. Д. Киевская Русь. М., 1953. с. 451; Рыбаков Б. А. Киевская Русь и русские княжества XII – XIII вв. М., 1982. с. 30; Толочко П. П. Древняя Русь. Киев, 1987; Фроянов И. Я. Киевская Русь. Очерки социально-политической истории. Л., 1980; Фроянов И. Я. Киевская Русь. Очерки отечественной историографии. Л., 1990). Больш таго, яшчэ ў дасавецкай рускай гісторыка-прававой навуцы існавала думка аб наяўнасці славянскіх дзяржаў у перыяд да нашай эры (Татищев В. Н. История Российская. М., Л., 1962. т. 1. С . 108; Забелин И. История русской жизни с д ревнейших времен. Изд. 2-е. М., 1968. ч. 1 . Доисторическое время Руси. с. 459 , 3 63; Дьяконов М. Очерки общественного и государственного строя Древней Руси. Изд. 3 -е. СПб., 1910. с. 68–70).

На думку нашага сучасніка і суайчынніка гісторыка-правазнаўца Я. А. Юхо, на тэрыторыі Беларусі дзяржава ўзнікла задоўга да нашай эры. На яе рубяжы ішло станаўленне рабаўладальніцкага і адміранне абшчынна-патрыархальнага ладу. Абодва гэтыя лады працяглы час суіснавалі, дапаўняючы адзін аднаго. Пры гэтым рабаўладальніцкі лад, як і ва ўсёй Усходняй Еўропе, не быў даведзены да яго вышэйшага развіцця (як гэта было ў іншых народаў) і ў Х ст. пад нарастаючым уплывам фарміравання феадальных адносін пачаў занепадаць (Юхо Я. А. Узнікненне дзяржавы і яе сутнасць // Беларускі гістарычны часопіс. 1997. № 3. с. 45; Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. ч. 1. Мн., 2000. с. 73). Аб існаванні рабаўладальніцкай фармацыі (праўда, у параўнанні са старажытнымі цывілізацыямі – нядоўга) на тэрыторыі сучасных усходніх славян, якая закончылася сцвярджэннем феадальнай у ХII – XIII стст., сведчаць таксама даследаванні А. І. П’янкова і В. І. Гарамыкінай (гл.: Горемыкина В. И. Возникновение и развитие первой антагонистической формации в средневековой Европе. Мн., 1982. с. 147, 162 – 163, 167 – 168).

Аб наяўнасці дзяржаў ва ўсходнееўрапейскіх народаў, у тым ліку і тых, што пражывалі на сучаснай тэрыторыі Беларусі яшчэ да нашай эры, сведчаць паведамленні старажытных аўтараў, у прыватнасці грэчаскага гісторыка Герадота. Апошні сведчыў, што ў VI ст. да н. э. у будзінаў (гудзінаў) і неўраў (нарцаў) былі свае цары, якія разам са скіфамі абмяркоўвалі планы вайны з персамі. Акрамя таго, Герадот адзначаў: у “неўраў звычаі скіфскія”, а гэта значыць, што ў неўраў былі такі самы дзяржаўны лад, ваенная арганізацыя, як і ў скіфаў.

Беларускі даследчык Г. В. Штыхаў лічыць, што ў VI – VIII стст. у славян (у тым ліку іх этнічных супольнасцей або княжанняў) на тэрыторыі Беларусі: крывічоў (у вярхоўях Дзвіны і Дняпра), дрыгавічоў (паміж Прыпяццю і Дзвіной); радзімічаў (на Сажы) існавала патрыярхальнае рабства. Да гэтага на сучаснай беларускай тэрыторыі родаплемянное грамадства знаходзілася на стадыі ваеннай дэмакратыі (агульны сход воінаў, савет старэйшын, племянныя правадыры), для якой усё больш тыповым станавіўся пераход да манархічнай формы праўлення.

Апошнім часам беларускія вучоныя, здаецца, пагадзіліся з тым, што пачатак пераходу ўсходніх славян да класавага грамадства на тэрыторыі Беларусі адносіцца да другой паловы 1-га тысячагоддзя нашай эры. На працягу гэтага часу тут устанаўліваюцца шматукладныя сацыяльна-эканамічныя адносіны, развіваецца маёмасная няроўнасць, зараджаецца раннефеадальны ўклад жыцця, які прыкладна ў IX – X стст. становіцца вызначальным. Прычым у пераходны перыяд адначасова існавалі тры грамадскія ўклады: першабытнаабшчынны, рабаўладальніцкі і феадальны. Першы быў аджываючым, другі не атрымаў шырокага распаўсюджання, а трэці ўтварыў базіс для развіцця новай фармацыі (у Расіі і Беларусі – з IX ст. і да аграрнай рэформы 1861 г.) Станаўленне феадальных адносін на тэрыторыі Беларусі адбывалася ў IX – XIII стст. Дарэчы, у Заходняй Еўропе феадальны лад праіснаваў з часоў падзення Заходняй Рымскай імперыі (V ст.) да буржуазных рэвалюцый у Англіі (XVII ст.) і Францыі (XVIII ст.).

Як лічыць большасць даследчыкаў апошняга часу, пераходнаму перыяду адпавядае палітычная арганізацыя не ў выглядзе дафеадальнай дзяржавы (“пераддзяржавы” – С. В. Юшкоў), а ў форме палітычных аб’яднанняў – племянных саюзаў, што існавалі і на беларускай зямлі да ІХ ст. Яны ўяўлялі сабой не проста плямёны, як у раннім жалезным веку, а развітыя протанароднасці і адначасова дзяржаўныя ўтварэнні – княствы – або прота-дзяржавы (гл.: Рыбакоў Б. А. Радзімічы // Працы секцыі археалогіі Беларускай акадэміі навук. т. 3. Мн., 1932; Ранние этапы формирования смоленско-полоцких кривичей. М., 1990; Лысенко П. Ф. Дреговичи. Мн., 1991; Штыхаў Г. В. Крывічы: па матэрыялах раскопак курганоў у паўночнай Беларусі. Мн., 1992). Паводзіны насельніцтва ў гэты перыяд рэгуляваліся звычаёвым правам і правіламі, прадвызначанымі язычніцкай рэлігіяй.

Спосабы і час утварэння ва ўсходніх славян першых княстваў – папярэднікаў усходнеславянскай дзяржавы – Кіеўскай Русі (вядомай і як Старажытнаруская дзяржава), якая існавала з канца IX да пачатку XII ст. уключна, дакладна не вядомы. Разам з тым Кіеўская Русь не магла ўзнікнуць на пустым месцы. Ёсць падставы лічыць: на землях Усходняй Еўропы ўтварэнне раннефеадальных дзяржаў адбывалася ў VIII – X стст. Утварэнне Кіеўскай Русі – завяршальны этап аб’яднання ўжо існуючых княстваў ці дзяржаўна-племянных саюзаў пэўнай тэрытарыяльнай велічыні ў адну дзяржаву. Пісьмовыя крыніцы адлюстроўваюць адносіны гэтых утварэнняў з Ноўгарадам і Кіевам Х ст. Крывіцкі Полацк, палянскі Кіеў і славенскі Ноўгарад – першыя аб’яднальныя цэнтры ўсходнеславянскіх племянных саюзаў. У недатаванай частцы “Аповесці мінулых гадоў” (датаваная пачынаецца з 852 г.) паведамляецца: паляне, драўляне, славене, дрыгавічы і палачане мелі свае племянныя “княжанні” – правобраз першапачатковага дзяржаўнага ўтварэння. Артыкулы другой паловы IX – X ст. згаданага помніка называюць іх племяннымі цэнтрамі – гарадамі. Сярод іх – Полацк, Тураў, якія ўваходзілі (нярэдка не па волі і інтарэсах іх жыхароў) у склад Кіеўскай Русі – федэратыўнай дзяржавы ўсходняга славянства ранняга сярэднявечча. Полацк успамінаецца ў летапісе пад 862 г. Гэта быў цэнтр самастойнай дзяржавы-княства. Пад 980 г. у летапісах называюцца два княствы, што існавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Полацкае і Тураўскае. З другой паловы Х ст. маюцца звесткі аб розных баках жыцця беларускіх зямель – княстваў. У палітыка-прававых адносінах у іх дзейнасці адзначаюцца моманты як залежнасці, так і незалежнасці ад улады Кіева ці Ноўгарада, якія сапернічалі паміж сабой за аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель, як самастойнасці, так і агульнасці з імі. На працягу другой паловы XI – пачатку XII ст. усё Пабужжа і Панямонне таксама стала састаўной часткай Кіеўскай Русі. Для беларускіх зямель гэта быў час далейшага развіцця прадукцыйных сіл, умацавання раннефеадальных княстваў, пашырэння гандлю, развіцця культуры і гарадоў.

Такім чынам, раннефеадальная дзяржаўнасць на Беларусі стваралася ў кантэксце працэсаў, характэрных для ўсёй Еўропы. Хаця ў 30 – 80-ых гг. XX ст. айчынныя грамадазнаўцы адлічвалі гісторыю дзяржавы і права Беларусі з 1919 г. Разнастайныя крыніцы сведчаць: асновы беларускай дзяржаўнасці былі закладзены нашымі продкамі (пераважна ўсходнімі славянамі – крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі і балтамі – літвой, ятвягамі, дайноўцамі) яшчэ да ўтварэння Кіеўскай Русі.

Узнікненне інстытута дзяржавы – вынік распаду першабытнага ладу, пераходу ад радавой да суседскай (сельскай) абшчыны, паступовага выдзялення з агульнай масы творцаў прадстаўнікоў адміністрацыйна-класавай сістэмы, спецыялізацыі і канцэнтрацыі вытворчасці, узнікнення гарадоў, неабходнасці абароны зямель ад знешняга ворага. Пры ўзрастанні ролі ўзброенай часткі насельніцтва з найбольш знатных воінаў фарміравалася прывілеяваная частка грамадства. Сельская абшчына – “мір”, “вервь” засноўвалася на тэрытарыяльных сувязях, складвалася з асобных “сялянскіх” гаспадарак. Для яе было характэрным спалучэнне калектыўнага уладання зямлёй, раллёй, лясамі і вадаёмамі з індывідуальным (прыватным, сямейным) землекарыстаннем, прыватнай уласнасцю на прадметы працы і на вынікі працы сям’і. Тым самым ствараліся ўмовы для ўзбагачэння асобных сем’яў, старэйшын, военачальнікаў, жрацоў і, нарэшце, для ўзнікнення і развіцця класавага грамадства. Славяне спавядалі язычніцкую рэлігію. Яны верылі ў пантэон яе багоў: бога сонца – Ярылу, “скотьего бога” – Велеса (Волоса), які ахоўваў і спрыяў жывёлагадоўлі, Перуна і інш. Верылі ў жыццё пасля смерці. Вёскі размяшчаліся на ўзвышшы, агароджваліся драўлянымі сценамі.

На тэрыторыі Беларусі IX – першай паловы XIII ст. самымі значнымі сталі Полацкае і Тураўскае (Турава-Пінскае) княствы – папярэднікі арэалу будучага беларускага народа (этнасу). Летапісы згадваюць княствы з меншай тэрыторыяй: Віцебскае, Аршанскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Мсціслаўскае, Мазырскае, Мінскае, Гарадзенскае, Навагародскае і інш. (больш за 20). Утварэнне іх – часта вынік аслаблення і падзелу больш буйных тэрытарыяльна-палітычных адзінак, імкнення мясцовай феадальнай знаці да палітычнай адасобленнасці сваіх княстваў.

2. Першыя раннефеадальныя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях

 

Да сярэдзіны IX ст. на тэрыторыі Беларусі пачалі складвацца раннефеадальныя княствы. Сярод іх вызначаліся Полацкае і Тураўскае.

Паводле летапісных і іншых крыніц Полацкае княства ўтварылася ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны ў IX – X стст. Яно займала ў X – XI стст. усю паўночную Беларусь і межавала на поўначы з Наўгародскай зямлёй, на ўсходзе – са Смаленскім, на поўдні – з Турава-Пінскім княствамі, на захадзе – з землямі літоўска-латышскіх плямён. Акрамя крывічоў на Полацкай зямлі жылі дрыгавічы, рэшткі даславянскіх і, магчыма, фіна-угорскіх этнічных супольнасцей. Тэрыторыя княства дасягала 60 тыс. кв. км, яго валоданні дасягалі Рыжскага заліву.

Полацкае княства X – XI стст. – адно з буйнейшых і магутных ва Усходняй Еўропе, сапернік Кіева і Ноўгарада ў аб’яднанні зямель. Яго сацыяльна-эканамічны і культурны ўзровень не ўступаў развітым дзяржавам свайго часу. З княствам лічыліся ў еўрапейскім свеце. Сярод першых полацкіх князёў ў летапісах называецца імя Рагвалода. У княстве на працягу стагоддзяў захоўвала правы ўласная дынастыя – сведчанне самастойнай дзяржаўнасці зямлі.

Гісторыя Полацкай зямлі XI – XII стст. – гэта перыяд пашырэння яе тэрыторыі, раўнапраўных саюзніцкіх адносін з кіеўскімі князямі і часовай страты іх у жорсткіх ваенных канфліктах з імі (1067, 1120 і 1129). У гэтым знаходзіла свой адбітак і міжусобная барацьба мясцовых князёў за пераразмеркаванне зямель і ўлады. Полацкая зямля распалася на ўдзельныя княствы: Полацкае, Мінскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагойскае і інш.

З распадам у пачатку XII ст. Кіеўскай Русі на асобныя княствы і феадальныя рэспублікі ў межах старажытнабеларускіх дзяржаў-княстваў абуджаецца тэндэнцыя збліжэння беларускіх зямель паміж сабой. У 80 – 90-ыя гг. XII ст. аднаўляецца адноснае адзінства Полацкай зямлі, што, трэба думаць, стала важным фактарам яе ўдзелу ў пачатку XIII ст. у барацьбе з мечаносцамі дзеля абароны не толькі сваіх, але і ўсходне-еўрапейскіх інтарэсаў. Лепшыя здабыткі сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Полацкага княства ў другой палове XIII – пачатку XIV ст. былі пераняты Вялікім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім.

У дзяржаў-княстваў дрыгавічоў быў свой лёс. Сярод іх знаходзілася другое па значнасці раннефеадальнае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Беларусі – Тураўскае (Турава-Пінскае) княства. Яно сфарміравалася ў канцы IX – X стст. на аднароднай этнічнай аснове, аб’ядноўваючы дрыгавічоў басейна ракі Прыпяць і яе вытокаў. Пры гэтым частка яго тэрыторый знаходзілася ва ўладаннях больш моцных суседзяў: Полацкага, Кіеўскага, Чарнігаўскага, Уладзіміра-Валынскага княстваў. На працягу канца Х – першай паловы ХII ст. адзіным яго цэнтрам быў Тураў. У XII – XIII стст. з ім сапернічаў Пінск, які ўзяў на сябе цяжар барацьбы супраць галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў. Адсюль ужываецца і назва княства – Турава-Пінскае.

З самага пачатку свайго існавання – гэта самастойная дзяржаўная адзінка з усімі адпавядаючымі ёй атрыбутамі: тэрыторыяй, вярхоўнай уладай, асобым грамадска-палітычным ладам, вайсковай сілай. Да канца Х ст. у Тураве кіравала ўласная дынастыя, чыя дзейнасць (як і радавод наогул) была спынена падчас інтэграцыйна-кансалідацыйных дзеянняў Уладзіміра Кіеўскага. Страціўшы палітычную самастойнасць, Тураўскае княства заставалася эканамічна самастойным і тэрытарыяльна цэласным. Залежнасць абмяжоўвалася толькі штогадовымі выплатамі даніны. Пры гэтым былі шматлікія спробы разрыву з Кіевам і стварэння поўнасцю незалежнага княства. У 1158 г. княства канчаткова выйшла з пад уплыву Кіева, у ім зацвердзілася самастойная княжацкая дынастыя.

Аднак у канцы XII – пачатку XIII ст. Тураўскае княства пачало драбіцца на ўдзелы і княствы і згубіла сваё былое значэнне. У адрозненне ад Полацка Тураў не вярнуў сваё пануючае становішча сярод сваіх удзелаў. Раздробленая і аслабленая зямля паступова трапляе ў сферу інтарэсаў то галіцка-валынскіх, то літоўскіх князёў, з чым не жадала мірыцца.

У пачатку XIII ст. Турава-Пінская зямля ўсё больш звязвае свой лёс з Навагародскай зямлёй. Да сярэдзіны XIII ст. апошняя дасягнула высокага эканамічнага і культурнага развіцця, мела развітыя знешнія сувязі. Навагародак, які ў 40-ыя гады XIII ст. на пэўны час вырваўся з-пад палітычнага прыцягнення Валыні, стаў цэнтрам аб’яднання балта-славянскіх зямель у адзінай дзяржаве. З 40-ых гадоў Літва (паводле У. Ц. Пашуты, Г. Лаўмянскага, Р. Валкайтэ-Кулікаўсканэ і інш., усходнебалцкі саюз плямёнаў у міжрэччы Нёмана і Віліі, межы якога на паўднёвым усходзе праходзілі ў сучасных Шчучынскім, Лідскім, Вораноўскім, Іўеўскім, Ашмянскім і Астравецкім раёнах) выступае сапернікам Галіча за Тураўскія землі. У канцы XIII – пачатку XIV ст. пры Віцені і Гедыміне палескія княствы былі далучаны да Вялікага княства Літоўскага.

Берасцейская зямля (як і так званая Чорная Русь – Гарадзенскае, Навагародскае, Ваўкавыскае княствы) пасля распаду Турава-Пінскага княства трапіла ў склад Галіцка-Валынскай зямлі. Для Берасцейскай зямлі характэрна поліэтнічнасць насельніцтва, узаемадзеянае на яго тэрыторыі: дрыгавічоў, валынян, мазаўшан, ятвягаў. Будучы ў сферы геапалітычных інтарэсаў некалькіх моцных племянных саюзаў і княстваў (кіеўскіх, тураўскіх, пінскіх, мінскіх, галіцка-валынскіх і інш. Берасцейшына ніколі не выступала як незалежнае палітычнае самастойнае аб’яднанне. Тым не менш гэта была зямля, якая знаходзілася на ваенных стратэгічных рубяжах і ажыўленых водных шляхах, у якіх былі зацікаўлены суседнія народы і не дазвалялі ёй атрымаць самастойнасць.

Фарміраванне феадальных адносін прывяло да ўзнікнення і функцыяніравання на беларускіх землях своеасаблівых дзяржаў. Яны, будучы незалежнымі, мелі ўсе атрыбуты ўлады – заканадаўчай (веча), выканаўчай (князь) і судовай. Нярэдка іх развіццё не толькі стрымлівалася, але і згортвалася з-за сепаратызму мясцовых феадалаў і знешняй агрэсіі.

Закладзеныя ў старажытных дзяржавах-княствах інстытуты дзяржаўнасці ў спалучэнні з высокім узроўнем развіцця культуры і назапашаным палітычным вопытам станоўча ўздзейнічалі на фарміраванне Вялікага княства Літоўскага.

3. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ ЗЯМЕЛЬ-КНЯСТВАЎ

 

а) Асноўныя рысы грамадскага ладу

Ва ўмовах развіцця феадальных адносін зямля стала ўласнасцю феадалаў. Галоўным уласнікам зямлі быў князь. Асноўнымі класамі, якія фарміраваліся, з’яўляліся феадалы і феадальназалежныя людзі (сяляне – смерды, радовічы, ізгоі і інш.). Побач з імі існавалі рабы (халопы, чэлядзь нявольная), свабодныя гарадскія жыхары (рамеснікі, купцы, госці) і сяляне-даннікі. Апошнія дзве групы не залежалі ад асабных феадалаў, а выконвалі павіннасці і плацілі феадальную рэнту натурай або грашыма на карысць дзяржавы. Сяляне-даннікі захоўвалі сваю свабоду да XVII ст., выконваючы дзяржпавіннасці.

З ростам буйнога феадальнага землеўладання развіваецца клас феадалаў. У Х ст. з’яўляюцца княжацкае землеўладанне і княжацкія сёлы (вёскі), якія ў XII ст. атрымалі шырокае распаўсюджанне. Класс феадалаў уключаў вялікага князя, князёў-кіраўнікоў асобных зямель – княстваў, князёў дробных удзельных княстваў – вотчын і феадалаў – уладальнікаў маёнткаў. Апошнімі часцей за ўсё станавілася баярства, якое складвалася з мясцовай знаці або вышэйшых чыноў княжацкага двара. З прыняццем у канцы Х ст. хрысціянства паступова становіцца значным і манастырскае землеўладанне. Феадал надзяляў зямлёй сялян, якія траплялі да яго ў залежнасць. Існавалі дзве формы залежнасці: эканамічная (выкананне сялянамі феадальных павіннасцей: дані, аброку прадуктамі, грашыма, баршчына) і асабістая (пазбаўленне асабістай свабоды, пераход на іншае месца жыхарства).

Феадалы абапіраліся на войска. У войску князёў служылі феадалы з бліжняга акружэння “баяр” і “сільных людзей” сваіх уладароў. Яны ўтваралі старшую дружыну. Частка феадалаў мела ўласнае войска з васальных баяр і служылых людзей, рамеснікаў, што выйшлі з абшчыны сялян. Дружыннікі або баяры атрымлівалі ад князёў права збіраць даніну і кармленні (збор даходаў з воласці). Так узнікалі ва ўсходніх славян прыкметы васальнай залежнасці. Яна выглядала як права атрымання дружыннікам даніны з пэўнай тэрыторыі ў якасці васалаў вялікага князя.

Купцы і багатыя рамеснікі гарадоў пашыралі свой уплыў на палітыку дзяржавы.

 

б) Палітычны лад. Сістэма органаў улады, іх кампетэнцыя

У пачатку раннефеадальнага перыяду тэрміна дзяржава не існавала. Яму адпавядаў шэраг іншых тэрмінаў: зямля, горад, княства. Кожная “зямля” мела свой палітычны цэнтр – стольны град. Пераважалі дробныя дзяржавы-княствы, якія з развіццём феадальных адносін аб’ядноўваліся пад пратэктаратам больш моцных княстваў або зліваліся з імі як на аснове добраахвотных пагадненняў, так і прымусу.

Сістэма органаў улады і кіравання ў дзяржавах-княствах IX – XII стст. на тэрыторыі Беларусі не адрознівалася ад іншых славянскіх дзяржаў, якія складалі Кіеўскую Русь. Функцыі вышэйшых органаў улады ажыццяўлялі князь, савет (рада) князя, веча (сойм) – народны сход. Функцыямі органаў цэнтральнага кіравання надзяляліся службовыя асобы: пасаднікі, тысяцкія, падвойскія, ключнікі, а таксама вышэйшыя прадстаўнікі праваслаўнай царквы – епіскапы і ігумены, а мясцовых – намеснікі, воласцелі, старцы.

Па форме праўлення княствы з’яўляліся манархіямі. Князь – галоўная асоба ў сістэме ўлады. Яму належалі выканаўчая ўлада і куратарства ўсіх яе выканаўчых органаў. Ён валодаў правам вырашэння бягучых спраў дзяржаўнага кіравання, мог заключыць мір. Князь узначальваў ваенныя сілы, меў пры сабе дружыну, здзяйсняў суд, вёў войны, раздаваў воласці разам з гарадамі сваім васалам. Асноўным абавязкам князя была арганізацыя абароны дзяржавы ад знешняга нападу і падтрыманне ўнутранага парадку адпаведна з мясцовымі дзяржаўна-прававымі звычаямі.

Дзейнасць князя была абмежаванай і пры вырашэнні пытанняў па збору даніны, апалчэння, арганізацыі ваеннага паходу, пазбаўленні маёмасці феадальна незалежных людзей, выданні новых законаў, судовай дзейнасці. Ён вырашаў іх толькі пасля абмеркавання ў савеце са сваімі бліжэйшымі саветнікамі – “думчымі”, “лепшымі”, “добрымі”, “мужамі” або на вечы. Пры гэтым улічвалася і думка прадстаўнікоў праваслаўнай царквы. Аднак у цэлым уладныя паўнамоцтвы князя залежалі як ад яго асабістых якасцей, аўтарытэту сярод насельніцтва, так і ад падтрымкі вярхушкі пануючага класа.

У асабістым распараджэнні князя была невялікая дружына, якая часта наймалася з іншаземцаў. Яна не толькі ахоўвала княжацкі дом, але па даручэнні князя падтрымлівала парадак у дзяржаве, а ў ваенны час была ядром найбольш баездольнай часткі войска.

Узвядзенне князя на прастол адбывалася па-рознаму: праз уступку прастола свайму нашчадку, запрашэнне іншага князя, захоп улады на княжанне сілаю. Так ці інакш, але гэта не абарочвалася для дзяржавы стратай суверэнітэту ва ўнутраных і знешніх адносінах. Розныя спосабы ўступлення на княжацкі прастол можна паказаць на гісторыі жыцця славутага полацкага князя Усяслава Брачыслававіча, праўнука Рагнеды, што змешчана манахам Кіева-Пячорскага манастыра Нестарам у “Аповесці мінулых гадоў” (гл.: Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997. с. 26 – 28). Умовы ўступлення князя на пасаду прадугледжвалі прынясенне прысягі ахоўваць тэрыторыю дзяржавы і інтарэсы грамадзян, дзейнічаць адпаведна з мясцовымі дзяржаўна-прававымі звычаямі; афармленнем дагавора-рады, які заключаўся ім з вярхушкай пануючага класса. Так, полацкі князь у Грамаце 1511 г. абавязваўся перад палачанамі не ўмешвацца ў царкоўныя справы, не адбіраць маёмасці ў палачан, старых рашэнняў судоў не пераглядаць, не перашкаджаць выезду свабодных людзей за межы княства. Усё гэта сведчанне таго, што ўлада манарха была абмежаванай.

Рада князя не мела пастаяннага складу. У яе уваходзілі найбольш вядомыя ўдзельныя васальныя князі і баяры. Апошнія прадстаўлялі княжацкую дружыну, у якую ўваходзілі і дружыны васальных князёў. Князь мог запрашаць на нарады тых, каго ён жадаў. Але князь не мог ігнараваць думкі найбольш уплывовых у дзяржаве людзей, асабліва асоб цэнтральнага і палацавага кіравання (пасадскіх і тысяцкіх).

Кампетэнцыя рады фактычна адпавядала кампетэнцыі князя, бо ўсе пытанні, якія вырашаліся князем, звычайна ён абмяркоўваў са сваімі дарадчыкамі. Аб залежнасці полацкага князя ад свайго акружэння расказвае ісландская “Сага аб Эймундзе”. У ёй гаворыцца, што калі скандынавец Эймунд прыйшоў з дружынай наймацца на службу да князя Брачыслава, то князь сказаў яму: “Дайце мне час параіцца з маімі мужамі, таму што яны даюць мне грошы, а я толькі іх трачу”.

Пры вырашэнні асабліва важных пытанняў княжацкая рада збіралася ў поўным складзе. Яна акрамя пытанняў бягучай выканаўча-распарадчай дзейнасці вырашала і найбольш важныя судовыя справы ў адносінах да феадалаў і вышэйшых службовых асоб дзяржаўнага апарату. На радзе рыхтаваліся пытанні для абмеркавання на вечы. Пры неабходнасці склікалася народнае апалчэнне.

На вечы – сходзе гараджан – вырашаліся розныя праблемы. Яно ўяўляла пачатковую форму гарадскога самакіравання пад кантролем найбольш уплывовых мужоў, вярхоў органаў кіравання. Паўнамоцнымі ўдзельнікамі веча прызнаваліся толькі свабодныя людзі і непадначаленыя сямейнай уладзе. Роля веча ў палітычным жыцці Полацкай зямлі з канца 20 – 30-ых гадоў XII ст. узмацняецца. Баярска-купецкая вярхушка выкарыстоўвала вечавыя сходы ў сваіх інтарэсах. Веча актыўна вырашала пытанні вайны і міру, запрашала на прастол князёў і нярэдка праганяла іх з горада (1128, 1132, 1151, 1159), устанаўлівала раскладку павіннасцей і падаткаў, прымала захады па арганізацыі апалчэння і абароны, разглядала найбольш важныя судовыя справы, пытанні заканадаўства, гандлю і інш. Факт выгнання князёў і кантроль за іх дзейнасцю з боку веча – сведчанне слабасці княжацкай улады. З другога боку, такое ўзаемадзеянне веча і князя даследчыкамі разглядаецца ў выглядзе першых крокаў на шляху размежавання і падзелу ўладаў – заканадаўчай (веча) і выканаўчай (князь).

Пра грамадска-палітычны лад у Тураўскім княстве звестак мала. Магчыма, што ў Тураве, як і Полацку, актыўна дзейнічала веча. Паводле паведамлення “Жыцця Кірылы Тураўскага”, ён стаў епіскапам па просьбе князя “і людзей таго горада”. Выходзіць, гараджане Турава мелі права голасу пры абранні епіскапа. Паказальна і тое, што звычайна епіскап прызначаўся кіеўскім мітрапалітам.

Як ужо адзначалася, функцыі кіруючых органаў выконвалі пасаднік, тысяцкі, падвойскі, ключнік, цівун і інш. Пасаднік абіраўся вечам або прызначаўся князем у іншыя гарады дзяржавы ў якасці яго намесніка (прадстаўніка). Тысяцкія выбіраліся са знатных баяраў.

Знаходжанне ў Тураве адначасова князя і пасадніка, акрамя Ноўгарада Вялікага – з’ява незвычайная для іншых гарадоў. Аб існаванні пасадніка ў Полацку звестак не маецца.

Тысяцкі ажыццяўляў ваеннае кіраўніцтва. У час вайны ён узначальваў дружыну або апалчэнне, а ў мірны – сачыў за парадкам у горадзе. Падвойскі кантраляваў выкананне рашэнняў веча і распараджэнняў князя. Гаспадарчымі справамі, фінансамі і некаторымі судова-адміністрацыйнымі пытаннямі ў дзяржаве займаліся ключнік і цівун, якіх назначаў князь.

Істотным элементам палітычнай сістэмы была цесна звязаная з дзяржавай царква. Царква і духавенства актыўна ўдзельнічалі ў дзяржаўных і грамадскіх справах, трымаючы ў сваіх руках пытанні адукацыі, шлюбу, сям’і, апекі і маральнасці. Ідэалагічным падмуркам улады раннефеадальных дзяржаў на тэрыторыі Беларусі з’яўлялася праваслаўе.

ЛІТАРАТУРА

Асноўная

1. Вішнеўскі А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (IX – пачатак ХХ ст.). – Мн., 1996.

2. Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Са старажытных часоў да нашых дзён. Вучэб. дапаможнік. – Мн., 2003.

3. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст.: Курс лекцый. – Мн., 2000

4. Пичета В. И. История белорусского народа. – Мн., 2003.

5. Сокал С. Ф. Гісторыя дзяржавы і права БССР (дакастрычніцкі перыяд). – Мн., 1989.

6. Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. ч. 1. – Мн., 2000.

Дадатковая

1. Алексеев Л. В. Полоцкая земля в IX-XIII вв. – М., 1966.

2. Геродот. История в девяти книгах. кн. 4. – Л., 1972.

3. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. – Мн., 1991.

4. Татищев В. Н. История Российская. т. 1. – М.; Л., 1962. 

5. Беларускія летапісы. – Мн., 1997.

6. Белоруссия в эпоху феодализма. Сб. документов и материалов. т. 1. – Мн., 1959, 

7. Хрестоматия по истории Белоруссии с древнейших времен до 1917 г. – Мн., 1977.

ГЛ АСАРЫЙ

Паняцце Сэнс паняцця
Палюддзе Збор даніны са свабоднага насельніцтва на тэрыторыі, якой валодаў князь
Кармленне Права дружынніка, атрыманае ад князя, збіраць даніну і “карміцца” з той ці іншай тэрыторыі
Веча Сход гараджан для абмеркавання дзяржаўных і грамадскіх спраў
Рэцэпцыя права Засваенне і прыстасаванне норм права адных народаў іншымі на мясцовай (нацыянальнай) аснове (напрыклад, для права ўсходніх славян норм рымскага права, паўночных народаў і германцаў)

 

ТЭСТ

1. Укажыце, якія з прыведзеных ніжэй этнагруп жылі на тэрыторыі Беларусі?

 

1. Балты 4. Раманцы
2. Германцы 5. Славяне
3. Грэкі 6. Фіна-угры

 

2. Якія мела назвы насельніцтва Беларусі да IX ст. н. э.

 

1. Будзіны 7. Крывічы 13. Раманцы
2. Бужане 8. Нарцы 14. Персы
3. Вянеды 9. Неўры 15. Русь
4. Германцы 10. Норыкі 16. Сарматы
5. Грэкі 11. Паляне 17. Скіфы
6. Дрыгавічы 12. Радзімічы 18. Славяне

 

3. Укажыце найбольш верагодны пачатак пераходу ўсходніх славян да класавага грамадства.

 

1. VII – V стст. да н. э.

2. Першая палова 1-га тысячагоддзя н. э.

3. Другая палова 1-га тысячагоддзя н. э.

4. ІХ – ХІІІ стст. н. э.

 

4. Найбольш значныя першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях ранняга сярэднявечча?

 

1. Аршанскае 6. Навагародскае
2. Берасцейскае 7. Полацкае
3. Ізяслаўскае 8. Смаленскае
4. Мазырскае 9. Тураўскае
5. Мінскае 10. Чарнігаўскае

 

5. Выявіце сістэму вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання ў княствах-дзяржавах.

 

1. Веча (сойм) 5. Ключнік
2. Пасаднік 6. Старцы
3. Цівун 7. Савет (рада)
4. Князь 8. Воласцелі

 

6. Вызначце сістэму мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання ў княствах-дзяржавах.

 

1. Веча 5. Пасаднік
2. Воласцелі 6. Старцы
3. Князь 7. Цівун
4. Намеснікі  

ТРЭНІНГ

 

1. Што вы ведаеце пра прычыны ўзнікнення інстытута дзяржавы?

2. Назавіце атрыбуты ўлады раннефеадальных княстваў-дзяржаў.

3. Вызначце час утварэння і функцыянавання раннефеадальных княстваў-дзяржаў на тэрыторыі Беларусі.

4. Раскажыце пра спосабы ўзвядзення князя першых дзяржаўных утварэнняў на Беларусі на прастол.

5. Якім чынам утварыўся клас феадальназалежных людей?

6. Узгадайце характар паўнамоцтваў князя.

7. Назавіце найбольш характэрныя рысы раннефеадальнага права.

8. Што такое звычаёвае і пісанае права?

9. Дайце прыклады першых нарматыўных актаў пісанага права.

10. Выявіце месца царквы і рэлігіі ў палітычнай сістэме княстваў-дзяржаў ІХ – першай паловы ХІІІ ст.


РАННЕФЕАДАЛЬНАЕ ПРАВА НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

АНАТАЦЫЯ

У тэме разгледжаны вытокі прававой сістэмы раннефеадальнага грамадства, характар замацавання часткі норм звычаёвага права ў дзяржаўным пісаным заканадаўстве. Адначасова паказаны сфера рэгулявання звычаёвым і феадальным правам грамадскага жыцця, працэс пераходу ад звычаёвага да пісанага права, ахарактарызаваны асноўны змест першых помнікаў пісанага права Кіеўскай Русі, Полацкай і Віцебскай зямель, інтэрпрэтацыя ў іх паняццяў праваздольнасці асобы, суб’екта і аб’екта права, значэння сацыяльнага статусу асобы.

ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН

1. Крыніцы права ранняга сярэднявечча.

2. Асноўныя рысы раннефеадальнага права.

3. Характарыстыка помнікаў пісанага права.

4. Міжнародныя дагаворы як крыніца права.

5. Судаводства.


Дата добавления: 2018-10-26; просмотров: 987; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!