Бабіна дарога ад печы да парога



                                                 Прымаўка

 

Патопчацца на досвітку ў двары,

свяцілу ўстаць з-за лесу дапаможа...

«Ты, сонейка, дзень добры сатвары,» –

уздыхне яна дый сядзе на парожак.

 

І будзе доўга, ціхая, глядзець

у неба з яснатою галубінай,

і да сябе падцягне ночвы з глінай,

і стане над падатлівай карпець.

 

Нязвыкла пуста ў полі і ў гаях,

бяроза без лісця дрыжыць над склепам,

мінаюць дні, а цётачка ўсё лепіць:

«Хутчэй ляпіся, птушачка мая...»

 

Ужо напіўся ўволю луг дажджу,

акраўкі хмар з ляшчын уздымае вецер...

- Што робіш, баба? – пасмяюцца дзеці.

- Ды на парожку, мілыя, сяджу...

 

Збанкі і чыгункі тырчаць на плоце,

прыблудны цуцык трэцца каля ног,

ды знаў бы хто, - жыццё прайшло

ў палёце

хоць і было ў ім – печка ды парог.

                                            

У гэтым вершы зачароўвае ўласцівае для паэзіі Р. Баравіковай адчуванне прасветленасці і суладдзя са светам. Яго гераіні (не лірычнай, аб'ектывізаванай) уласцівы стваральны пачатак, імкненне да творчасці і прыгажосці, яна мае патрэбу глядзець у неба «з яснстою галубінай», просячы ў сонца добрага дня і натхнення. Магчыма, і мае права на жыццё адна з тэорый узнікнення мастацтва, паводле якой першы мастацкі твор быў зроблены жанчынай, якая захацела ўпрыгожыць сваё жыллё. Ва ўсякім разе, скарбы беларускага народнага дэкаратыўнага мастацтва створаны пераважна жаночымі рукамі. Аднак сэнс верша глыбейшы, ён ўслаўляе чалавечую дабрыню. Варта прасачыць за тым, якімі звароткамі карыстаецца гераіня, прамаўляючы аднолькава ветла да нежывой прыроды., рэчы, дзяцей: «сонейка», «птушачка», «мілыя». Фальклорны антрапамарфізм, уласцівы вершу, узмоцнены ўжываннем складанай метафары: птушкай уяўляецца ўжо не цацка, а сама жанчына, якая жыве «ў палёце». А прымаўка, вынесеная ў пачатак і канцоўку верша, кантрастна ўзмацняе гэты высокі сэнс вобраза.

З гадамі ў паэзіі Р. Баравіковай узмацняецца філасофскі роздум, удумлівыя інтанацыі, звязаныя з асэнсаваннем агульначалавечых праблем:

Здзіўляемся загадцы Баальбека

і некалі загадкай станем самі,

час замяце крылатымі вяхамі

імгненне,

           што завецца нашым векам.

 

Парушацца глыбокіх нетраў дахі,

тысячагоддзяў расхінецца полаг,

адкрые нас дасужы археолаг,

адкрыўшы нашых збудаванняў гмахі.

 

І будзе зачароўваць рамяство

майстроў, чые пагубяцца імёны,

і вершы нашы будуць, як пісьмёны

што тояць дум высокіх хараство.

 

Стврэння прага будучыню кліча,

мой найхарошшы, сэрцам не грашы,

хачу заўсёды бачыць за аблічам

мне любым – хараство твае душы           

           

Як сведчыць апошняя страфа гэтага інтэлектуальна насычанага, удумнага па інтанацыі верша, і ў філасофскай лірыцы Р. Баравіковай выяўляецца адметны паэтычны характар лірычнай гераіні: праз зварот да «найхарошшага» і прагу душэўнага хараства. Тое ж можна сказаць і пра вершы «Старэюць людзі, дрэвы і кусты...», «Жыву, і дзякуй, не ў прасторы голай».

Сузіральна-павучальны пачатак, уласцівы жаночай лірыцы, годна выявіўся ў «Вершы да дзяцей», напоўненым сімвалічнымі вобразамі трывожнага часу і біблейскімі алюзіямі. Ён гучыць як малітва і заканчваецца запаветам будучым пакаленням: «шануй бацькоў, не ўкрадзь і не забі!».

 

 

ЯЎГЕНІЯ ЯНІШЧЫЦ

Творчасць Я.Янішчыц вызначаецца гранічнай шчырасцю, натуральнасцю паэтычнага голасу, незвычайнай адкрытасцю, напружанасцю і ўнутранай канфліктнасцю пачуцця, высокай мастацкай культурай паэтычнага мыслення, якое грунтуецца на традыцыйнай фальклорнай і класічнай беларускай літаратурнай аснове. Асноўны пафас яе творчасці – сцвярджэнне асноў народнай маралі і пратэст супраць бяздушнасці, чэрствасці, несправядлівасці як у прыватным жыцці чалавека, так і ў грамадстве ў цэлым.

Паэзія Я.Янішчыц дае рэдкі прыклад амаль поўнага супадзення стылю жыцця рэальнага чалавека і вобраза лірычнай гераіні. Паэтка і сама падкрэслівала гэта ў лістах да сяброўкі, якія цытуе Д.Бугаёў у прадмове да кнігі выбраных твораў Я.Янішчыц: “...кожная рана, кожны боль, кожны шчаслівы подых толькі рыхтуюць мяне ў сапраўдную паэзію і не для красамоўства”.1

Маючы талент, абсалютна лірычны (г.зн., змацыянальны) па сваёй прыродзе, паэтка кожную падзею грамадскага і асабістага жыцця прапускала праз сваё сэрца, жывучы ў душэўнай трывозе і неспакоі. Таму і верша яе пранізліва-пачуццёвыя, выпакутаваныя ўласным вопытам, узрушаныя і кранальныя.

Арганічнасць, глыбіня лёсам дадзенага таленту, патрабавальнасць да сваёй творчасці, нястомная работа над вершам дазволілі Я.Янішчыц стаць, па словах Д.Бугаёва, “самай яркай беларускай паэтэсай”.

Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Родная вёска, палескі край і яго прырода, вобразы бацькоў і аднавяскоўцаў назаўсёды сталі галоўнай крыніцай натхнення паэтэсы. Яе дэбют у рэспубліканскім друку адбыўся ў 1964, і вершы шаснаццацігадовай дзяўчынкі былі не толькі станоўча ацэнены крытыкай, але і сталі сапраўднай з’явай у літаратуры. Я.Янішчыц скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага унівесітэта, працавала загадчыцай бібліятэкі, рэдактарам у “Сельской газете” і часопісе “Маладосць”.

З першай кнігі “Снежныя грамніцы” (1970) паэтка была ў цэнтры ўвагі крытыкаў, якія ў цэлым высока ацэньвалі выхад яе новых зборнікаў: “Дзень вечаровы” (1974), “Ясельда” (1978), “На беразе пляча” (1980), “Пара любові і жалю” (1983, Дзяржаўная прэмія імя Я.Купалы), “Каліна зімы (1987), “У шуме жытняга святла” (1988).

Аднак жыццёвы лёс паэткі склаўся трагічна. Сямейная неўладкаванасць, людская зайздрасць і нядобразычлівасць, трывогі часу прыносілі ёй шмат пакут. “Высакосны лёс” Я.Янішчыц абмежаваўся дзвюма блізкімі датамі двух высакосных гадоў: 20 лістапада 1948 г. – 25 лістапада 1988 г., калі яе жыццё трагічна абарвалася.

Элегічны настрой, які вызначае паэзію Я.Янішчыц, заўсёды спалучаецца з роздумам, удумлівым асэнсаваннем жыцця, узыходжаннем ад канкрэтнай вобразна-пачуццёвай дэталі да абагульнення, абстрагавана-сімвалічнага яе сэнсу. Прычым ход гэтага мастацкага ўзбуйнення заўсёды нечаканы, пазначаны індывідуальным пошукам. Так, слова “сляза”, якое выразна суадносіцца з асноўным настроем паэзіі Я.Янішчыц апошніх гадоў, мае моцную і зразумелую кожнаму эмацыянальную афарбоўку. Аднак пастаўленае паэткай пытанне “Як называюцца слёзы?” дапамагае нам не толькі зразумець яе творчасць, але і ўбычыць агульную карціну свету з яго бедамі, трывогамі і надзеяй, адчуць асабістае як агульначалавечае. Пытанне паўтараецца, становячыся лейтматывам твора, і падключае чытача да актыўнага пошуку адказу.

  

Попел і чорныя цені майна.

Вые у комінах скруха.

Як называюцца слёзы? –

Вайна.

Смерць.

Галадоўка.

Разруха.

Спее сустветнага жаху града.

Хто пазбірае каменне?

Як называюцца слёзы? –

Бяда.

Здрада.

Разрыў.

Адчужэнне.

Мілы, мы зналі кахання палын,

Трушчыць як сэрцы – самота.

Святлынь.

Радасць.

Здзіўленне.

Пяшчота.

Крэўнасць зарук, нібы іскры з кастра...

Свеце бянтэжны мой, дзе я?

Як называюцца слёзы? –

Сястра.

Маці.

Планета.

Надзея.

 

     Карціна свету ўвогуле атрымліваецца дастаткова змрочная, таму і ўзнікае, як празарэнне, бібілейскае пытанне: хто пазбірае каменне? Вядома ж, чалавек, на якога ўся надзея і да якога і звяртаецца паэтка.

     І ўсе ж агульны пафас верша аптымістычны, у ім жыве надзея на гармонію і суладнасць у жыцці: шаснаццаць імён, якія знайшла Я.Янішчыц для слязы, роўна напалову дзеляцца на змрочныя і светлыя. Такім чынам перадаецца складанасць жыцця і яго аптымістычная сутнасць. Нездарма ж заканчваецца верш словам “надзея”, якое і сапраўды з’яўляецца жаночым імем.

     Гарманічнасць і эстэтычную вартасць гэтага верша ўзмацняе яго кампазіцыя, нават знешняя форма радкоў. У канцы кожнай новай страфы “імя” слязы падаецца асобным радком і з вялікай літары. Атрымліваецца “дарожка”, якая нагадвае след слязы на шчацэ чалавека. Так канкрэтныя дэталі ўзмацняюць эмацыянальную аснову твора.

Паміж паэзіяй Я.Янішчыц і чытачом ніколі не было бар’ераў, не трэба было рабіць нейкія асаблівыя намаганні, каб яе зразумець, бо паэтка заўсёды абапіралася на яркія канкрэтна-пачуццёвыя вобразы, з якіх вырастала яе натхненне. І чытача радавала не разгадка складаных умоўна-асацыятыўных хадоў ці інтэлектуальных рэбусаў (такая паэзія таксама павінна быць, але яна – іншая з’ява), а супадзенне пачуццяў і іх віртуознае ўвасабленне. Сапраўды, гэта так блізка кожнаму: самая светлая сляза – пры сустрэчы з роднымі мясцінамі, бацькамі, аднавяскоўцамі.

Тэма вяртання да каранёў, вытокаў традыцыйная для беларускай паэзіі ўвогуле і дамінантная для сучаснай беларускай лірыкі, асабліва 70-80-х гадоў, калі паэты, у абсалютнай большасці выхадцы з вёскі, востра адчувалі сваю чужароднасць у горадзе і бачылі ратунак у прыродзе і вясковай маралі. Сёння акцэнты змяніліся. Аднак унікальнасць паэзіі Я.Янішчыц у тым, што яе вершы, прысвечаныя “малой” радзіме, палескаму краю, сёння спакутаванаму ад экалагічных праблем, не губляюць сваёй прывабнасці і набываюць дадатковы падтэкст (“Прыедзь у край мой ціхі...”, “Старана мая азёрная”, “Тут”).

Светаадчуванне Я.Янішчыц вясковае, арыентаванае на спрадвечныя народныя асновы (“я – поле, я сціхлая ў горадзе вёска”), на фальклорную вобразнасць, таму такія частыя ў яе паэзіі вобразы каліны (ён сімвалізуе няшчасны жаночы лёс), рабіны, іншыя народныя архетыпы.

У паэзіі Я.Янішчыц, пачынаючы з першай кнігі, створана цэлая галерэя выдатных партрэтаў землякоў (“У бабулі Паланеі”, “Мама Марыя”, “Дзед Сымон”, “Нянечка Міла”, “Сава і Мары”, “Салдаткі”, “Павел і Нікан” і інш.). Аб’ектывізаваныя героі гэтых вершаў маюць рэальных прататыпаў, многія з якіх, напэўна, ужо адышлі з гэтага жыцця, але ўвекавечаны ў вершах Я.Янішчыц. Большасць лёсаў гэтых герояў абпалены вайной:

 

Даль паднімуць, сон развеюць.

Разбірай, лугі, касцоў! –

У бабулі Паланеі

Пяць асілкаў – малайцоў.

 

І ў спякоту і ў завею

Кліча вуліца хлапцоў –

У бабулі Паланеі

Пяць асілкаў – малайцоў.

 

Віктар, Косця, Пеця, Дзіма,

Самы меншанькі – Назар.

...На пажоўклы фотаздымак

Пакацілася сляза.

 

А чаму – пытаць не смею.

Для бабулі свет не міл –

 

У бабулі Паланеі

Пяць сыноў і пяць магіл.

 

Гэты верш яшчэ з першай кнігі паэткі, аднак трагедыя чалавечага лёсу, перайначанага вайной, увасоблена з вялікім майстэрствам. Дзве першыя страфы – лёгкія, радасныя, напеўныя, з фальклорным вобразам “асілкаў – малайцоў” – рэзка кантрастуюць з апошнімі радкамі, вынененымі асобна як жорсткая канстатацыя бяды. Так магло быць і так сталася – сутнасць гэтага кантрасту.

Вайна вызначыла і горкі ўдовін лёс сялянак, у характарах якіх Я.Янішчыц падкрэслівае дабрыню, вернасць і ахвярнасць як тыповыя рысы беларусак, у якіх “незваротным промнем зіхацяць // на пальцах скамяныя пярсцёнкі”.

На якія б тэмы ні пісала Я.Янішчыц, арыентацыя на народную мараль была для яе нязменнай. У тым ліку і ў інтымнай лірыцы, якая займае значную частку яе паэтычнага здабытку і высока ацэнена крытыкай: “Наогул інтымная лірыка Я.Янішчыц – адна з лепшых старонак беларускай паэзіі. У ёй найбольш выразна люструецца незвычайная эманацыя святла, духоўнай энергіі творцы...”[11] (Л.Гарэлік). Вобраз лірычнай гераіні інтымнай лірыкі Я.Янішчыц – гэта вобраз пяшчотнай, шчырай, ранімай, але гордай жанчыны.

Каханне для Я.Янішчыц – сляза і светлая, і трагічная. У першым зборніку яно светла рамантызавалася і асэнсоўвалася як нязменная аснова свету, радасць, шчасце (“Ты пакліч мяне. Пазаві...”, “Разлука ўпала на траву...”). Але ў наступных кнігах гэтая тэма гучыць шчымліва-балюча, нярэдка надрыўна.

 

                        Гэта, мілы мой, лёсу насмешка:

                        На якую такую бяду

Белым цветам усыпана сцежка,

Я ж – па лёстачцы хісткай іду.

 

І нашто столькі мройнага квету

Абляцела яшчэ без пары,

І якому шчасліваму лету

Зноў кукуе зязюля ў бары?

 

Ты ідзі стараною, старонкай,

Мой, да кропелькі мой, і – чужы!

Белым кветам, калінаю горкай,

Агнявою агромленай гронкай

Паўстаю на ўспамінак душы.

                            

     Вобраз кладкі – “лёстачкі хісткай”, – па якой ідзе лірычная гераіня, часта сустракаецца ў паэзіі Я.Янішчыц, сімвалізуючы яе безабароннасць і трывожнае светаадчуванне, якое наймацней выявілася іменна ў інтымнай лірыцы. Пераадольваючы боль, паэтка пераконвае сябе: “Застаюся каханай!”

 

Страшна ўвечары жыць

З незагоенай ранай.

Ты сказаў: “Адбаліць,

Заставайся каханай”.

 

Страшна ноччу мне быць

З гаркатой апантанай.

Ты сказаў: “Адшчыміць,

Заставайся каханай”.

Ах, нуда – не бяда

Ў цішыні расстралянай.

На праломе ільда

Застаюся каханай.

 

Валуны ды вуглы,

Золь дарогі калянай.

У праёме імглы

Застаюся каханай!

 

     Інтымная лірыка Я.Янішчыц застаецца непераўзыдзенай вяршыняй беларускай паэзіі. “Праз далучэнне чытача да трагедыйнага пафасу творчасці Я.Янішчыц, праз супакутніцтва, суперажыванне адбываецца ачышчэнне, духоўнае ўзвышэнне асобы, спасціжэнне чалавечай экзістэнцыі і ўсведамленне чалавечага жыцця як найвялікшай каштоўнасці на зямлі”.1

Асэнсоўваючы сутнасць паэзіі ў многіх сваіх вершах (“Паэт”, “Слоў медзякі...”, “А паэзія ўся ў невядомым...”, “Падставіць голасу лісток...”, “На голас ліры” і інш.), Я.Янішчыц сцвярджае высокае прадназначэнне паэта ў свеце і нібы папярэджвае маладых аб вялікай адказнасці за слова і той цане, якой прыходзіцца за яе плаціць творцу ўласным лёсам:

 

Яна раптоўнаму куплету

Здзівілася упершыню,

І захацелася ў паэты,

Нібыта птушцы ў вышыню.

 

Яна так лёгка улавіла

Рытмічны строй і рыфмы код.

Рыфмуе: “мілы – да магілы”

Ў няпоўных васемнаццаць год.

 

Дыктуе дзень на ўлонні лета

Ёй пра палі ды сенажаць.

...Дзяўчынцы хочацца ў паэты,

Што ў катаржанкі, - дзе ж ёй знаць?!

 

Вось са сваім адкрытым светам

Яна бяжыць праз сенакос.

Дзяўчынцы хочацца ў паэты...

О дай апомніцца ёй, лёс!

(“Паэтэса”)

 

Лёс жа самой паэткі пацвярджае, што паэзія – споведзь і самаахвярнасць, бясконцае самаўдасканаленне, праца над радком. Меладычна-напеўная, трывала ўгрунтаваная на глебе народных традыцый, удумлівая і далучаная да трывог свету, яе лірыка нязменна хвалюе і знаходзіць свайго чытача.

 

ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК

 

Л.Дранько-Майсюк – адзін з самых папулярных і арыгінальных сучасных беларускіх паэтаў. У.Гніламёдаў зазначыў, што Л.Дранько-Майсюк пачынаў у XX ст., але гэта паэт XXI  стагоддзя, маючы на ўвазе актуальнасць і самабытнасць яго эстэтычнага пошуку.

Паэт творча працягвае традыцыі эстэтызму у беларускай паэзіі, для яго, як і для М.Багдановіча, У.Дубоўкі, прыгажосць – найвышэйшы ідэал. “Арфеем, распятым на струнах ліры” назвала яго Г.Кісліцына, падкрэсліўшы адданасць паэта высокаму мастацтву, узвышана-рамантычны склад яго таленту.

Вершы Л.Дранько-Майсюка нязмушана ўводзяць чытача ў свет красы і гармоніі, яны прасякнуты суладнымі і вытанчанымі музычнымі інтанацыямі (нездарма на яго словы напісана звыш 40 песень, многія з якіх сталі вельмі папулярнымі ў выкананні “Сяброў”, Я.Паплаўскай і А.Ціхановіча і іншых спевакоў).

Для сённяшняга Л.Дранько-Майсюка характэрна інтэлектуальная глыбіня, медытатыўнасць, з'яднаная з канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю, высокая культура мастацкага мыслення, якая абапіраецца на добрае веданне традыцый сусветнага мастацтва, эстэтычны пошук і багацце вобразна-выяўленчых сродкаў.

Л.Дранько-Майсюк нарадзіўся 10 кастрычніка 1957 года ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Родны гарадок Л.Дранько-Майсюк апаэтызаваў у сваёй ранняй творчасці як асяродак сапраўднага нацыянальнага каларыту, увасабленне хараства палескай прыроды. Менавіта ад родных давыд-гарадоцкіх кветнікаў ў яго паэзію прыйшоў гэты адвечны сімвал прыгажосці – кветкі, у якіх, па жартаўлівым прызнанні Л.Дранько-Майсюка, яго і знайшла мама і якія “красой ахвярнай ратавалі талент” паэта. Першыя вершы надрукаваў у раённай газеце ў 1972 г. Скончыў Літаратурны інстытут у Маскве (1982), працаваў рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Выдаў кнігі вершаў “Вандроўнік” (1983), “Над пляцам” (1986), зборнікі вершаў і паэтычных эсэ “Тут” (1990), “Акропаль” (1994), “Стомленасць Парыжам”, сатырычных апавяданняў (“Пра тое, як я...”), кнігу выбраных твораў “Гаспода” (1998).

Архетыпам духоўнага пошуку, абнаўлення, незаспакоенасці лірычнага героя з’яўляецца вобраз вандроўніка, які яшчэ з першай кнігі трывала ўвайшоў у яго паэзію. Трэба сказаць, што і ў рэальным жыцці Л.Дранько-Майсюк многа падарожнічае: у Германію, Бельгію, Францыю, Грэцыю, Польшчу, Чэхію, Славакію, у выніку чаго з’яўляюцца шматлікія вершы і эсэ. Аднак вандроўкі нязменна прыводзяць яго да роднага парога, бо толькі тут ён адчувае сябе цэльнай асобай. І шлях паэта няспынны, бо толькі ў ім нараджаецца паэзія:

 

 

Я не знайшоў сабе супакаення

На вулках Браціславы і Масквы.

На вулках Бруге, што абклаў каменнем

 

Фламандскія каналы і ставы.

І нават Мінск мне не дае спакою,

І роднага Палесся паплавы,

 

Пакрытыя чарнобыльскай лускою...

Не супакоіць гэты свет і той

Вандроўніка, што зайздрасцю сляпою

 

Працяты, як атрутнаю стралой.

 

Паэзію Л.Дранько-Майсюк асэнсоўвае як вечнае служэнне прыгажосці і пошук эстэтычнага ідэалу. Здавалася б, паэт будзе вечна ўслаўляць красу, аднак у вершы “Прыгажосць” ён парадаксальна пярэчыць ёй, сцвярджаючы праз гэты кантраст складанасць і супярэчлівасць працэсу творчасці, бо толькі праз пярэчанне і магчымы шлях да ісціны.

 

Табе пярэчу, прыгажосць.

Наканавана мне пярэчыць

І з галавы да ног наскрозь

Працятым быць нязгодай вечнай.

 

Цябе прыняць такой, яе ёсць,

Адной табе ў жыцці маліцца

Не маю сілы, прыгажосць,

Не здатны я табе скарыцца.

 

Я – тут, а ты, вядома, скрозь,

Я шмат не разумею рэчаў,

Але я ўцяміў, прыгажосць,

Адно – штодзень табе пярэчыць.

 

Не адмаўляць цябе, крый бог,

Не абмінаць цябе ніколі,

Не абражаць, як хтосьці б мог, -

Пярэчыць толькі, і не болей.

 

О так – ты выратуеш свет,

Ты мову нашую ўратуеш,

І не адзін яшчэ паэт

У рыцарах тваіх звякуе.

 

Усюдыісную тваю

Уславіць велічнасць ад сэрца,

А мне праз глухату сваю

Ізноў пярэчыць давядзецца.

Прабач, я дрэнны служка твой,

А лепшым стаць не выпадала –

З маёй пачварнаю душой,

З маёй душой недасканалай.

 

Высокая патрабавальнасць паэта да самога сябе, палемічна падкрэсленая ў апошняй страфе, - сведчанне яго ўнутранай незаспакоенасці і духоўнага пошуку.Такое высокае разуменне паэтычнай творчасці найбольш дакладна і поўна выявілася ў празаічным разважанні “Пра паэта”, якое найбольш грунтоўна перадае эстэтычныя прынцыпы Л.Дранько-Майсюка. Паэзія, як сцвярджае Л.Дранько-Майсюк, – шлях да маральнага самаўдасканалення, на гэтым шляху абуджаецца інтэлект нацыі.

Адной з найбольш цэласных і ўдалых па мастацкім увасабленні пафасу творчасці з’яўляецца кніга Л.Дранько-Майсюка “Акропаль”. Паэт шукае новы творчы шлях, знаходзячы яго ў канцэнтрацыі і асацыятыўным паглыбленні адзінага тэматычнага поля кнігі, узмацненні культуралагічнага патэнцыялу слова і ў стварэнні своеасаблівага жанравага сінтэзу — прозапаэзіі.

Імкненне да збліжэння прозы і паэзіі — істотная, сутнасная для сучаснага літаратурнага працэсу ўвогуле тэндэнцыя. Мацнее гэтая плынь і ў нас — творчасць А.Разанава, У. Арлова, А. Кірвеля і многіх маладзейшых літаратараў сведчыць пра зрухі ў эстэтычнай свядомасці мастакоў, якія адкрываюць новыя магчымасці слова, шляхі самавыяўлення. Гэта гаворыць не пра вычарпанасць чыстай (у жанравым сэнсе) паэзіі, хутчэй пра яе здольнасць да развіцця і пра магчымасць адыходу ад традыцыйных уяўленняў пра род і жанр літаратуры.

Новы зборнік Л. Дранько-Майсюка складаецца з метафарычных еgo-essaі «Ратаванне Грэцыяй» і «Стомленасць Парыжам», што ствараюць своеасаблівы культ еўрапейскага мастацтва (найперш Антычнасці і французскага сімвалізму), і з інтымнай лірыкі, дзе — культ жанчыны-мары і чыстай эротыкі. Нічога чужароднага — таму паэзія свабодна пераліваецца ў прозу, а проза шчодра дзеліцца з вершамі канкрэтнымі дэталямі і вобразамі. Жанравыя межы робяцца чыстай умоўнасцю, нават сюжэты, матывы, рытмы рухаюцца ў кнізе свабодна, як антычны вецер і Гарынь-рака, як знакі, сімвалы і колеры, як цытаты з любімых мастакоў і паэтаў. I калі зборнік «Тут» яўна распадаўся на «богам створаную прозу» і «д’яблам высненыя вершы», то «Акропаль» больш арганічны і цэласны, у ім менш эклектыкі, найперш таму, што аўтар адмовіўся ад надзённых матываў, нават ад балючай і «абгалошанай» (паводле П.Васючэнкі) у ранейшых вершах тэмы роднай мовы, якая сёння паэта нават «душыць», прыгнятае звыклым лексічным даляглядам, перашкаджаючы пачувацца «рашшнім святлом на пыльным еўрапейскім лісці».

Аўтар вольна і нязмушана творыць свой утульны і гарманічны для ўсяго існага свет паводле законаў славутай вежы чыстага мастацтва, таго вечнага Акропаля, які наўрад ці заўважае мітусню каля яго падножжа.

 

I не марнее, жывіцца мастацтва

Глінянай прахалодаю быцця.

 Яшчэ магу кахаць і падабацца,

I чыстым быць, як зорка і дзіця.

Паіць віном паўлінавыя астры,

На пчол глядзець і цешыцца любой!

I ластаўку, якую сочыць ястраб,

Забраць адсюль у Грэцыю з сабой...

 

Угэтым наноў створаным свеце пануе радаснае адчуванне паўнаты жыцця, суладнасці закаханых душ і нейкай таемнай змовы людзей, рэчаў і прыроды, музыкі і фарбаў.

Кожны вытанчаны, насычаны мастацкімі рэмінісцэнцыямі і ўмоўна-бытавымі дэталямі паэтычны вобраз, кожная старанна вытачаная і дагледжаная празаічная фраза, у якой спрасаваны цэлыя культурныя пласты,— усё аб’яднана адной звышідэяй — служэннем Прыгажосці і ратаваннем ёю. Вядома, гэта эстэцтва, такое чаканае, кліканае і неабходнае нашай літаратуры.

У прыгажосці ёсць і звышнацыянальнае, і мы можам толькі ўспрыняць агульначалавечае і дадаць нешта сваё, як аддае Л. Дранько-Майсюк стомленай ад уражанняў Еўропе свае давыд-гарадоцкія маляўнічыя этыкеткі — «плату за радасць жыць паміж каханнем і паэзіяй», папярэдне апаэтызаваўшы кожную фарбу і кожньі пялёстак, нават характар кожнай кветкі.

«Я прывёз Петунію.

Яе не вяжуць у букеты, бо яна — сіні ластаўчын ускрык над наваль-нічнаю хмараю. Яе не дораць каханым, бо сцяблінкі ў далонях растаюць, як воск. Яна прывабная нават і ў жніўні, калі, адцвітаючы, паслухмяна аддае гаспадыні пяшчотнае насенне.

...Я прывёз Кларкію.

Пчала цалуе мініяцюрны крыж — пялёсткі ружовай Кларкіі... Пчаліны пацалунак, убачаны ў дзяцінстве, і ў старасці будзе пахнуць грэчкаю і забытымі вуллямі. ...Я прывёз Аксаміткі.

Колер аксамітак — сепія, прасвечаная сонцам — перамагае свой контур і вырываецца з яго. Як на Васілёвых малюнках, як на карцінах Дзюфі — колер не слухаецца контуру...»

Сальвія, «паненка без жаніха», «любімая Апалінэрам Лілія», каталіцкая Кампанула, Календула з жоўтымі аптэчнымі вуснамі... Кожная назва, як імя — з вялікай літары, і такое ўражанне, што ў матчыным гародзе жывуць малодшыя сёстры грэчаскіх німфаў, упрыгожваючы свет. 3 першай да апошняй старонкі кнігі яны побач з намі, і калі напачатку гэта непрывычна, то потым пераконваешся — прыгажосці не бывае замнога.

Найвышэйшая праява прыгажосці для Л.Дранько-Майсюка – каханне. “Паэт, які кахае”, як назваў Л.Дранько-Майсюка крытык А.Бельскі, найбольш поўна і дасканала выявіў інтымныя перажыванні свайго лірычнага героя ў цыкле “Вершы для А.”, “лірычнай сімфаньеце закаханай душы”1.

 

У Вашым голасе квітнеюць астры,

Якіх не бачыў я раней.

Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна...

У Вашым голасе квітнеюць астры,

I кожнай кветцы Бог сказаў: квітней.

 

Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна –

Ці варты музыкі такой?!

Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,

Калі гучаць арфічна Вашы астры

Па-над пустой канцэртнай асакой.

 

Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,

Не ведаю і ведаць не хачу.

Запамінаю голас Ваш прыязны;

Нібыта верш, запамінаю астры –

Па-школьнаму, на памяць іх вучу.

 

Запамінаю голас Ваш прыязны...

Пакінь, пакінь, глыбокая струна,

Шум глыбіні і неспакой рамансны,

Каб у крыві маёй квітнелі астры...

Кроў — гэта ваза, што не мае дна.

 

Верш будуецца па законах музычнай і жывапіснай гармоніі, адна фраза нараджае другую, адна метафара водсветам пазнаецца ў другой — усё гэта стварае адчуванне цэласнасці і прыгажосці.

Л. Дранько-Майсюку добра ўдаецца вобраз мужчыны, закаханага ў «жанчыну з чужога нечага жыцця», які ўмее прыгожа, эстэтычна абставіць сітуацыю “грэшнага кахання”. Героя трохі прыгнятаюць «сямейныя галеры», але ён упэўнены, што «усё як ёсць, так і павінна быць, нязрушаным павінна заставацца». Яму зручна ў закаханасці, але ён вельмі не хоча, каб яна перарастала ў каханне, «пачуццё тупіковае, на якім злавесна пацепваецца асінавае лісце нянавісці». Не варта спрабаваць высветліць, ці рэальная гэта сітуацыя, ці ёсць прататып у цудоўнай дранько-майсюкоўскай А. Гэта прыгожая фантазія, мары і мастацкая творчасць паэта.

Л. Дранько-Майсюк не хавае, а, наадварот, старанна падкрэслівае імёны сваіх літаратурных куміраў: «настаўнік мой Верлен», С. Малармэ, Г. Апалінэр, А. Блок... Выбудавана выразная паэтычная традыцыя, якая гарманіруе з агульным эстэтычным кантэкстам кнігі і з падарожнымі пошукамі «свайго Парыжа». Больш таго, у сваіх паэтычных вандроўках аўтар выразна пачувае сябе беларусам і натуральна ўпісвае нацыянальную эстэтычную традыцыю (Купала, Багдановіч, «Узвышша») у сусветную.

«Я гаварыў пра Купалу і Апалінэра, пра спадчынна-ўстойлівае непадабенства французскіх і беларускіх паэтаў, сэнс якога шмат у чым вызначаны дзеясловамі ш у к а ц ь і ч а к а ц ь. Французскія паэты-класікі шукалі свой лёс, а беларускія чакалі яго — і мелі, дарэчы, рацыю... I калі мы сапраўды адстаём ад сваіх суседзяў на сто, дзвесце ці нават на больш гадоў, калі мы часта прыстаём, стамляемся, басанож адольваючы дадзены гісторыяй шлях, то адставанне нашае (я ўпэўнены!) вельмі блізкае да той відавочнай розніцы, якая існавала паміж пакутнай хадою босых галілейскіх рыбакоў і зладжаным крокам абутых рымскіх легіянераў». 3 такім назіраннем цяжка не пагадзіцца.

Л.Дранько-Майсюк паслядоўна арыентуецца на сусветнае мастацтва. Імя аднаго са сваіх настаўнікаў — элегантнага і інтэлігентнага жывапісца, выдатнага майстра колеру і святла, удумлівага і арыгінальнага тэарэтыка маетацтва Анры Маціса — называецца Л. Дранько-Майсюком ахвотна і з любоўю. Трэба прызнацца, што гэты ўплыў на яго паэзію найбольш цікавы і творчы. Л. Дранько-Майсюк нідзе не ўжывае ніякіх цытат і дакументальна вывераных фактаў, пісьмо яго эсэ «пераможна-адвольнае», але заснаванае на глыбокім разуменні жывапісу Маціса, яго разважанняў аб спецыфіцы творчасці, а яшчэ — на яўным супадзенні мастацкага светабачання паэта і жывапісца, нават канкрэтных вобразаў і прыёмаў пісьма. Гэта зусім не дзіўна, Маціс — тая ж эстэтычная традыцыя. Л.Дранько-Майсюк пра гэта не гаворыць, але, паводле дакументальных звестак, літаратурныя прыхільнасці Маціса — П. Рансар, Ш. Бадлер, С. Малармэ, Г.Апалінэр, партрэты якіх мастак пісаў з вялікай любоўю. Найболыы блізкай да мацісаўскай ідэі спакойнага і чыстага мастацтва была эстэтыка Малармэ, кнігу якога «Паэзія» Маціс ілюстраваў з асаблівым задавальненнем, творча і свабодна выяўляючы ўласную асобу. Так, як выяўляе сябе ў «Стомленасці Парыжам» сам Л. Дранько-Майсюк. Яго цікавіць пераважна Маціс — лідэр фавізму, хоць гэты перыяд у творчасці мастака займаў толькі некалькі гадоў, цікавіць адчуванне свята жыцця, колеру і святла. I натуральна, што творы паэта таксама «падсвечваюцца» мацісаўскім святлом.

Зрэшты, жывапіснасць заўсёды была ўласціва Л. Дранько-Майсюку, як і музычнасць, ідэальнае адчуванне рытму і мелодыі — Мацісу. Ланцужкі, пярсцёнкі і завушніцы каханай жанчыны, знаёмыя мінскія сілуэты Лангбардава Вялікага тэатра і Кафедральнага сабора, гарадскіх вуліц — усё выпісана паэтам дакладна і зрокава адчувальна. А вось захапленне колерам, якога святочна многа ў «Акропалі», своеасаблівая колерамузыка — новая і канцэптуальна важная для кнігі рыса.

«Святло, выявіўшы сваю дамінанту, змякчыла абрысы дрэў, будынкаў, людзей. Краявід займеў сцішаныя лініі, далікатнае віёльнае гучанне. Цені зрабіліся каляровымі, пад лёгкім ветрам яны шамацелі, нібы крэпдэшын. Залаціста-блакітнае паступова сыходзіла ў аднатонна-сінюю далеч».

I блізкае да гэтай вечаровай музычнай імпрэсіі адчуванне ў вершы:

 

Табе разгортваючы Верлена,

Заўважыў: ужоўтым тваім агні

Зялёвы блакітуепыхваў імгненна,

На страхунастоены і чысціні...

 

Любімы колер Л. Дранько-Майсюка, вядома, сіні. Спрадвечны колер дэкадэнцтва і эстэцтва, узвышанскіх паэтаў, смутку, холаду і, разам з тым, спакою. Пасіўны колер, які, паводле вызначэння Гётэ, «не наступае, а адыходзіць». Менавіта колеру, як падкрэсліваў Маціс, уласціва выяўляць «святло мозга мастака». Так што ўсё апраўдана і эстэтычна, і псіхалагічна.

Дарэчы, дамінуючая гама карцін Маціса — таксама сіняя (асабліва тых твораў, што ёсць у музеях Масквы і Пецярбурга), а любімым колерам мастак называў бэзавы — блізкі да сіняга паводле эмацыянальнага ўздзеяння, хоць і некалькі больш актыўны. Маціс асабліва любіў пісаць кветкі як крыніцу радасці людзей і рознай формы вазы для вялікіх букетаў — тыя дэталі, якімі перапоўнены і творы Л. Дранько-Майсюка. Маціс ахвотна выкарыстоўваў самацытаванне ў карцінах, паўтараючы матывы і вобразы, часта «змяшчаў сябе ў свае карціны» і атаясамліваў сябе з мадэллю. Тыя ж прыёмы, як і філасофія знака, сімвала, прасторы, уласцівы і сённяшняму Дранько-Майсюку.

Творчасць Л.Дранько-Майсюка годна працягвае эстэтычную традыцыю сусветнага мастацтва і ўзбагачае яго ўласнымі знаходкамі паэта, зробленымі на глыбокім нацыянальным грунце.

 

 

АЛЕСЬ ПІСЬМЯНКОЎ

Паэзія Алеся Пісьмянкова, якога літаратуразнаўца А.Бельскі назваў “паэтам лірыка-рамантычнага светаўспрымання”, вызначаецца надзіва гарманічным спалучэннем адкрытай пачуццёвасці і спакойнага, глыбокага роздуму. Нездарма паэт, аднойчы шчыра захапіўшыся фразай Тодара Кляшторнага: “Вершы думаю...”, так любіў паўтараць яе. Для А.Пісьмянкова паэзія была не прафесіяй, а спосабам жыцця, мыслення, абсалютна арганічнай формай самавыражэння і самарэалізацыі. У вершах А.Пісьмянкова няма халодных эксперыментаў, але заўсёды ёсць арыгінальныя паэтычныя знаходкі, якія нараджаюцца ў выніку эмацыянальнай лірычнай споведзі і беспамылкова знаходзяць водгук у сэрцах чытачоў. Высокая культура паэтычнага мыслення, дадзеная паэту ад прыроды яго таленту і развітая праз няспынную вучобу ў класікаў сусветнай і беларускай літаратуры (найперш у землякоў А. Куляшова і А. Пысіна, а таксама А. Вялюгіна), меладычная дасканаласць верша, адмысловы гукапіс, афарыстычнасць і мудрая лаканічнасць выказвання – тыя рысы, якія надаюць вершам А. Пісьмянкова эстэтычную вартасць і робяць знаёмства з імі захапляльным і непаўторным.

Алесь (Аляксандр Уладзіміріваіч) Пісьмянкоў нарадзіўся 25 лютага 1957 года ў в. Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Успаміны дзяцінства, захапленне прыгажосцю родных мясцін заўсёды былі крыніцай натхнення паэта: “У час цяжкі, у момант паваротны свайго жыцця” я ўсё часцей вяртаюся ў шчаслівае маленства. Мае думкі і ўспаміны там, дзе нясуць свае светлыя воды мае любімыя Бесядзь, Зубар і Сураў, “дзе трымаюць зямлю на карэннях сваіх сасна і бяроза”, там, дзе некалі разам са мною радаваліся і журыліся, смяяліся і плакалі Бялынкавічы, Белы Камень, Мізырычы, Камічы, Калодліва, Белая Дуброва...”[12]. Гэтая цытата з эсэ “Пісьмянкоў луг” у многім характарызуе самога А. Пісьмянкова: і яго любоў да родных мясцін, і творчую вучобу ў А. Куляшова, і раскаваную метафарычнасць думкі, і ўменне ўслухацца ў назвы вёсак, адчуць іх паэзію. Разумеючы “таямнічую старажытную славянскасць” і паэтычнасць назваў вёсак, А. Пісьмянкоў і для першай сваёй кнігі, якая выйшла ў 1983 г., па парадзе паэта А. Вялюгіна абраў шматзначную назву “Белы Камень”.

Паэтычны дэбют А. Пісьмянкова адбыўся ў пятнаццацігадовым узросце, калі яго вершы былі надрукаваны ў касцюковіцкай раённай газеце. Ужо з ранніх вершаў у паэта было моцнае адчуванне Радзімы, роднай зямлі, каранёў роду, таму не дзіўна, што ў яго ўспамінах дзяцінства апаэтызаваны не толькі бацька і маці, але і дзяды Сямён Варфаламеевіч і Сямён Масеевіч, бабулі Алёна і Анісся, у якіх Алесь вучыўся сакавітай і трапнай народнай мове.

Філалагічную ж адукацыю А. Пісьмянкоў атрымаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які скончыў у 1980 г.

Працаваў у часопісе “Полымя”, быў галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва” і часопіса “Вожык”.

Пасля першага зборніка паэзіі “Белы Камень” (1983) выйшлі кнігі “Чытаю зоры” (1988), “Планіда” (1994), вершы для дзяцей “Заўзятары” (1993) і “Ласуны-веселуны” (1996), “Журавель над студняй” (1998), “Я не памру, пакуль люблю...” (2000, выбранае).

Назвай апашняй кнігі і многімі вершамі-разважаннямі пра жыццё і смерць А.Пісьмянкоў нібы напрарочыў сваё ранняе развітанне са светам. Хворае сэрца паэта не вытрымала заўсёднага эмацыянальнага напружання, і 23 красавіка 2004 года А.Пісьмянкоў раптоўна памёр.

Гістарызм паэтычнага светабачання, трывалая нацыянальна-культурная памяць з ранняй паэзіі былі вызначальнымі рысамі творчай індывідуальнасці А.Пісьмянкова. Характарызуючы лірычнага героя яго першай кнігі, крытык Т.Чабан падкрэслівала: “ Ён... – асоба гістарычная, і яго гістарычныя карані – у Беларусі старажытнай, славянскай”. Нават знешне Алесь надзіва адпавядаў традыцыйнаму генатыпу беларуса, вызначанаму У.Караткевічам у нарысе “Зямля пад белымі крыламі”: невысокі, каржакаваты і шыракаплечы, са светла-русай чупрынай і заўсёднымі пшанічнымі вусамі, з хітраватымі агеньчыкамі ў светлых прыжмураных вачах. Такімі мы, услед за паэтам, і ўяўляем нашых крэўных продкаў радзімічаў і крывічаў, Васіля Вашчылу і Кастуся Каліноўскага.

– Дзед, раскажы баладу роду,

– Што ні кажы, ты – старажыл...

 

* * *

– З Дняпра наш продак родам,

З зямлі Машэк, з зямлі Вашчыл.

Гарачы норавам і сэрцам,

Як люд у нашай старане,

Вачэй радзіміцкіх азерцы,

Крыху гарэзінкі на дне.

Любіў жыццё ён больш, чым Бога,

Як мёд, піў вусны маладзіц.

Яго жыццёвыя дарогі

Працялі стрэлы навальніц.

Хоць плугам трызнілі далоні,

Ды не ржавеў ягоны меч, -

З ліхім іржаннем неслі коні

Яго праз вогнішча і смерць.

Калі ў крывавы час напасцяў

Край бараніў ад груганоў,

Прымусіў многіх косці скласці...

Зірні, брат, колькі курганоў!

З пяром і граматай у згодзе

Ён жыў. І незнарок,

Казалі, князь пры ўсім народзе

Яму імя даў – Пісьмянок.

Ён і пачаў баладу роду,

Вянец ён першы залажыў.

З Дняпра наш продак родам,

З зямлі Машэкаў і Вашчыл!

Курганы моўчкі спяць на ўлонні,

Даўно ў музеі лук і меч...

А мне ўсё сняцца тыя коні,

Што неслі продкаў цераз смерць.

Балада роду”)

 

У гэтым вершы, напісаным яшчэ зусім маладым дваццацігадовым паэтам нібы “навырост”, сцвярджалася цэлая жыццёвая і эстэтычная праграма: продак Пісьмянок залажыў першы вянец у “баладу роду”, а справа нашчадкаў – годна працягваць справу, не выпускаючы з рук плуга, мяча і пяра.

Знойдзеным у юнацтве жыццёвым ідэалам паэт заставаўся верным заўсёды, асэнсоўваючы ўнутраную повязь самых галоўных слоў: “...Радзіны. / Радзіміч. / Радзіма.” (верш “Роднае”). Пераемнасць традыцый пацвярджае паэт і ў напісаным праз многія гады вершы “Продкі” са зборніка “Планіда”:

Калі марнею ад нягод

І сэрцу цесна,

Я ўспамінаю радавод

І продкаў песні.

 

Яны ідуць за годам год

З мячом і плугам.

О, мой нязводны род,

Ён моцны духам!

 

Імёны памяць берагла.

Вяла праз церні,

Каб я не сеяў зла,

А толькі – зерне.

 

Да іх іду я зноў і зноў,

Ім веру свята.

Таму й вяду сваіх сыноў

Да іх на раду.

 

Як і ў вершы «Балада роду», тут паўтараюцца нязменныя нацыянальныя архетыпы: плуг, сяўба, меч, сцвярджаецца нязводнасць і духоўная моц народа, паэтава вера і вернасць продкам. Аднак пасталелы паэт знаходзіць асабістыя і таму пераканальныя дэталі для таго, каб засведчыць неўміручасць роду і дзейснасць традыцый: «вяду сваіх сыноў да іх на раду». У мастацкай манеры і вобразна-выяўленчых сродках двух вершаў таксама адчуваецца час, пражыты А. Пісьмянковым у паэзіі: верш «Продкі» лаканічны і ёмісты, напісаны на адным перарывістым дыханні, нібы ў няспыннай хадзе, у ім многа дзеясловаў дзеяння (ідуць, вялá, не сеяў зла, а сеяў зерне, іду, вяду).

Вернасць народным традыцыям, славянскае міфалагічнае і хрысціянскае мысленне ва ўласцівай для беларусаў еднасці ўвасоблена ў вершы «Вяртанне»:

Радзіннага,

                     знаёмага,

Не вытруцілі з нас:

Аерам пахне

                     Сёмуха

І яблыкамі –

                     Спас.

Славянскае,

                     урачыстае,

Ўзнімаецца з глыбінь,

Нібы малітва чыстая,

Што ўспомніў блудны сын.

І даўняе,

       знаёмае,

Вяртаецца ў мой сказ:

Аерам пахне

                   Сёмуха,

І яблыкамі –

                     Спас.

 

Канкрэтна-пачуццёвыя дэталі (пах аеру і яблыкаў), паўтораныя рэфрэнам у гэтым невялікім вершы, узмацняюць яго эмацыянальнае ўздзеянне, ствараючы атмасферу такой жаданай для паэта чысціні, прасветласці, святасці.

Лейтматыў чысціні, прыроднай і духоўнай, настальгіі па светлых і святых рамантычных ідэалах праходзіць праз усю творчасць А.Пісьмянкова. А ўпершыню ён з высокай мастацкай дасканаласцю быў ўвасоблены ў раннім вершы паэта:

Ты адбі мне тэлеграму,

Што і ў нашай старане

Ў ціхай вёсцы Белы Камень

Выпаў белы-белы снег.

Вёсак многа. Ёсць другія.

Ў вёсках нашы карані.

У мяне не настальгія –

Проста сум па чысціні.

Проста сум па белым полі,

Па рабінавым агні,

Проста хочацца да болю

Першароднай чысціні,

Той, што мроіцца начамі,

Што з душы здымае грэх...

Проста ў вёсцы Белы Камень

Самы белы ў свеце снег.

 

У гэтым вершы, які так і застаўся адным з лепшых у паэзіі А.Пісьмянкова, паэт не толькі палемізуе з кідкай і моднай на той час фразай «ностальгия по настоящему» (А.Вазнясенскі), ён спакойна і суцішана разважае пра свае вясковыя карані, пра тое, што першародная чысціня радзімы, дзяцінства, бацькоўскага дому “з душы здымае грэх”. Адмаўляючы эстрадную гучнасць, паэт нібы імкнецца апраўдаць сваю сентыментальнасць, чатыры разы пачынаючы радок эпіфарай “проста”. Так мужчына звычайна стараецца прыхаваць слязінку расчуленасці, выкліканую ад замілавання самым дарагім: “проста ў вёсцы Белы Камень / Самы белы ў свеце снег”.

З гэтага верша бярэ пачатак магія белага колеру ў паэзіі А.Пісьмянкова, звязаная з моцна выяўленым пафасам духоўнага абнаўлення і маральнай чысціні. “Белая посцілка двара” з матчынымі слядамі; “мой белы конь... над чорнаю вадой”; “Белы бусел, белы бусел / Мой задумлівы сааўтар”; Я – пра белае, / Я пра белае, - Набалелае... / Яно выстае – яно чыстае!”, “У маленстве – белы снег”, “бялюткі кілім... свята”, “сон мой чорна-белы” – гэтыя і многія іншыя вобразы нясуць не толькі адзнаку колеру, але і маюць сімвалічнае, сакральнае значэнне. У паэзіі А. Пісьмянкова сустракаюцца і іншыя колеравызначэнні: зялёны, ружовы, залаты. Аднак менавіта беламу ў апазіцыі з чорным нададзена сэнсаваызначальная і сімвалічная роля: яны сімвалізуюць жыццё і смерць, душэўную чысціню, святасць і грэх, імкненне да самаўдасканалення. У такіх колеравых перавагах адчуваецца і ўплыў літаратурнага настаўніка Аляксея Пысіна, які побач з сімвалічным ужываннем чырвонага колеру часта выкарыстоўваў і белы і нават паэму, напісаную задоўга да выхаду ў свет першай кнігі Алеся Пісьмянкова, назваў так жа – “Белы камень”.

Матыў ачышчэння нязменна звязаны ў А. Пісьмянкова з паэтычным хранатопам вёскі маленства, трохі ідэалізаванай рамантычным паэтам, які далучае сябе да “апошніх з нашага роду, каму сняцца вясковыя сны”, “каго лучыць няўтольная смага / Па водары сонечных хат!” (верш “Спавядацца бяжым да прыроды...”).

А. Пісьмянкоў, як і многія сучасныя беларускія паэты, адчуваў сябе ў горадзе чужым і прызнаваўся, што хацеў бы вярнуцца жыць у вёску. Натуральна для пакалення вясковых паэтаў, якіх можна назваць, па трапным выслоўі М. Стральцова, “сенам на асфальце”. Але іменна такое драматычнае светаадчуванне дапамагае рабіць глыбокія філасофскія вывады:

 

Я зведаў нямала дарог

І ўсе палюбіў іх нібыта,

Але без адной бы не змог –

Дарогі

   праз

   жыта.

 

Маленства, як воблак, сплыло,

І колькі ўсяго перажыта!

А я ўсё шукаю сяло

З дарогай

праз

      жыта.

 

Мне кажуць: “Душу не трывож –

Цяпер там асфальт бескапытны”,

А памяць бяжыць басанож

Дарогай

   праз

              жыта.

 

Цэнтральны вобраз гэтага верша, падкрэслены рэфрэнам, графічна і інтанацыйна выдзелены “лесвічкай”, пераклікаецца з вядомым вобразам паэзіі М.Танка: “дарога, закалыханая жытам”. Такое судакрананне ўяўляецца невыпадковым, бо і па філасофскай глыбіні, і па лаканічнасці выказвання, і па спецыфіцы ўмоўна-асацыятыўнага вобраза паэзія А.Пісьмянкова апошніх гадоў моцна наследуе танкаўскія традыцыі. Пры чытанні верша А.Пісьмянкова ўзгадваецца яшчэ і яркі вобраз Аляксея Пысіна: “Мне ў вечнасць хочацца ўвайсці / Мне вечнасцю здаецца жыта”. Вобраз “дарогі праз жыта” ў А.Пісьмянкова, такім чынам, грунтуецца на багатай літаратурнай традыцыі і ўзбагачаны ўласнымі паэтычнымі знаходкамі: у паэта “памяць бяжыць басанож” па “бескапытным асфальце” праз вечную дарогу жыцця.

Заканамерна, што такі эмацыянальна адкрыты, рамантычны паэт, як А.Пісьмянкоў, напісаў нямала выдатных вершаў пра каханне. У першым зборніку каханне жыло як неўтаймаваны парыў, страсць, радасць зліцця вуснаў, шчасце ўзаемнасці і трывожная самаіронія:

 

Я veni,

     vidi,

               vici!1

Адкінь дарэмны страх.

Забіся, як сініца,

У радасных руках.

Ад шчасця анямею –

Пустых не трэба слоў.

Ахмелены, шалею

Ў саломе валасоў.

Сыдуцца вуснаў соты,

Сыдуцца ў соты раз.

Аддам табе пяшчоты

Нястрачаны запас.

Мільгнула ты сініцай,

Рукі ягоны ўзмах...

I veni,

     vidi,

               vici

Рассыпалася ў прах.

 

У інтымных вершах сталага паэта больш спакойнай пяшчоты, ласкавага зажуранага ўспаміну, бязмежнай дабрыні і вернасці:

 

Гэта там было... даўно...

Думаў, што забылася.

Кінуў снежкай у вакно,

І яно разбілася.

 

Выбачай мне, выбачай,

Успамін мой журыцца.

І вядзе яго адчай

Па знаёмай вуліцы.

 

Ля твайго стаіць жытла

Ён да самай раніцы:

Ты ж параніцца магла,

Ты ж магла параніцца...                                                                  (“Прабачэнне”)

 

Адзін з лепшых вершаў А.Пісьмянкова пра каханне прысвечаны жонцы Алене:

Мой сад у снезе па калена

Азяб у золь і снегапад...

Табе не холадна, Алена?

Табе не холадна, Алена?

Табе не хочацца назад?

 

Мой сад зусім не салаўіны –

У ім ахрыплыя вятры.

У ім рабіна ды каліна,

У ім рабіна ды каліна –

Вось і усе яго дары.

 

Мой сад пусцее без дагляду.

Яго сячэ калючы град.

Ён замаркоціўся без свята...

Ён замаркоціўся без свята...

Табе не хочацца назад?

 

Мой сад у снезе па калена.

Над ім і золь, і снегапад...

Табе не холадна, Алена?

Табе не боязна, Алена?

Табе не хочацца назад?

 

Гэты верш прасякнуты сумным, элегічным настроем, ён добра перадае трывогу за каханую, якой лёсам наканавана ісці побач з паэтам яго няпростымі жыццёвымі шляхамі. Што ж гэта за сад, калі ў ім толькі фальклорныя рабіна ды каліна як сімвалы прыгажосці і невясёлай жаночай долі, золь, снегапад, калючы град і ахрыплыя вятры? Пэўна ж, з сабой вядзе трывожны дыялог паэт, хоць і пытаецца ў каханнай: табе не хочацца назад? З жыццёвага саду, які гадавалі разам і які, вядома, не такі змрочны, якім яго палемічна, быццам просячы ў любай прабачэння, малюе паэт, вяртання няма, яно і непатрэбна, таму і не баіцца паэт паўтараць раз за разам сваё трывожнае пытанне. Ён проста добра ведае адказ любай і хоча ўпэўніцца ў ім зноў і зноў, знаходзячы ў каханым сэрцы падтрымку і душэўную апору.

Вершы пра каханне паэта спрадвеку дарылі жанчынам як прыгожы адмысловы сувенір. Такія вытанчаныя па форме творы, як, напрыклад, верш “Чаканне”, ёсць і ў А.Пісьмянкова.

 

Цік-так,

Цік-так,

Цік-так –

Гэта гадзіннік.

Тук-тук,

Тук-тук,

Тук-тук –

Гэта маё сэрца.

Цок-цок,

Цок-цок,

Цок-цок –

Гэта твае абцасікі.

Гадзіннік спяшаецца.

Сэрца хвалюецца.

Абцасікі позняцца.

Цік-так...

Тук-тук...

Цок-цок...

 

Хоць у вершы і ёсць словы “сэрца хвалюецца”, але асаблівага эмацыянальнага напружання ён не выклікае, а захапляе дасканаласцю кампазіцыі, майстэрствам гукапісу, цікавымі форматворчымі знаходкамі, якія, зноў жа, пераклікаюцца з паэзіяй М.Танка.

Стылеўтваральны ўплыў паэзіі М.Танка ўвогуле моцна адчуваўся ў сталай лірыцы А.Пісьмянкова як у агульнай гуманістычнай ідэі, так і ў спецыфіцы ўмоўна-асацыятыўнага вобраза: “Хата вачмі пустымі / Глядзіць у халодны студзень.”; “Афарыстычнасць, лаканічнасць выказвання, схільнасць да паўтору сінтаксічных канструкцый – таксама асаблівасці мастацкай формы, якія лучаць паэзію А.Пісьмянкова і М.Танка. І, як вынік – з’яўленне ў творчасці А.Пісьмянкова верлібраў, якія па форме і нават інтанацыі вельмі блізкія да танкаўскіх, як, напрыклад, верш “Падзяка”:

 

Я вельмі ўдзячны

твайму анёлу:

ён намаляваў мяне

такім вясёлым

і прывабным д’яблам,

што нават ты,

строгая недаткнёнка,

захацела са мной

пазнаёміцца.

 

І ўсё ж А.Пісьмянкоў у параўнанні з М.Танкам больш адкрыта – пачуццёвы і рамантычны, больш традыцыйны ў добрым разуменні гэтага слова. Паэт імкнуўся пісаць, па яго прызнанні, “традыцыйна, каб – жыццёва / Пачуццёва, бо – балюча...”

У вершах А.Пісьмянкова заўсёды было многа разваг, філасофскіх рэфлексій, якія, аднак, заўсёды вырасталі з моцнага пачуцця, сапраўднага ўзрушання душы. Элегічнасць асабліва ўзмацняецца ў апошняй кнізе паэта:

 

Восеньскі одум бусла.

Каліва светлай самоты.

Ціха ў душы ажыла

Згаслая

     некалі

               нота.

Срэбра зялёнай травы,

Думных лясоў пазалота.

Жораў у небе сівым –

Чыстая

     ціхая

               нота.

Востры халодны скавыш.

Рэшта апошняй пяшчоты.

Дзякуй, што ты не маўчыш,

Ціхая

     чыстая

               нота.

 

Элегічнасць А.Пісьмянкова празрыста – светлая, сонечная і спакойная, як паветра ранняй восенню, прасякнутая спрадвечнай для паэта прагай чысціні.

Восеньская, узроставая элегічнасць А.Пісьмянкова натуральная, як выдых паэта ў звычайна-побытавай замалёўцы, паэтычны і філасофскі сэнс якой надае толькі апошняе слова:

 

А заўтра я зноў у восем

Выйду ў сырую восень

 

І буду з пакутным тварам

Жоўты чакаць “Ікарус”,

 

А голас пад парасонам

Пра час запытае сонна,

 

І я замест лічбы восем

Выдыхну ціха:

               “Восень...”

 

Драматычнае светаадчуванне лірычнага героя паэзіі А.Пісьмянкова апошніх гадоў, у якім месціліся ўсе трывогі часу, у тым ліку і чарнобыльская бяда, што не абышла стараной родныя паэтавы мясціны, і клопат за культуру, маральную дэградацыю грамадства, добра выявілася ў вершы “Рабіна над вірам”:

Малюнак знаёмы,

Балючы і шчыры:

Рабіна на строме,

Рабіна над вірам.

 

Застыла ў здранцвенні

Ўдавою пакорнай

У яркім адзенні

Над безданню чорнай.

 

Адкуль столькі гора

У бабіным леце,

З сівога фальклору

Ці з новых трагедый?

 

У стылым блакіце

Зноў журыцца вырай...

Спыніце, спыніце

Рабіну над вірам!

 

Гэты верш дынамічны па інтанацыі, прасякнуты фальклорнымі вобразамі, меладычны і зладжаны па кампазіцыі. Апошнія яго радкі, узмоцненыя паўторам-заклікам, прымушаюць не быць абыякавымі да трагедый свету.

А.Пісьмянкоў з вялікай адказнасцю ставіўся да сваёй паэтычнай творчасці, асэнсоўваў яе ў вершах (“Паэт”, “Трывожна-сцішаны Сусвет...”, “Вечарам...” і інш.), шукаў новыя сродкі паэтычнай выразнасці. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Літаратурнай прэміі імя Я.Куляшова, ён пакінуў адметны след у беларускай паэзіі.

 

 

МІКОЛА МЯТЛІЦКІ

Паэзія Міколы Мятліцкага – лірычная споведзь душы сучасніка, які трагічна перажывае і па-філасофску глыбока асэнсоўвае становішча чалавека ў сённяшнім свеце, атручаным экалагічнымі і духоўнымі катастрофамі. Паэт назвычайнай творчай актыўнасці, якая выявілася ў выданні дзесятка аб’ёмных кніг паэзіі, ён ніколі не здраджваў лірычнаму спосабу самавыяўлення, амаль не звяртаўся да прозы і публіцыстыкі. Лірычнае слова для Міколы Мятліцкага самадастатковае, здольнае ўвасобіць самыя глабальныя праблемы гісторыі і сучаснасці. Аднак такое ўвасабленне магчыма толькі пры багацці духоўнага свету паэта, пры яго гранічным эмацыянальным і інтэлектуальным напружанні. У такім пастаянным духоўным пошуку і творыць паэт.

Мікалай Міхайлавіч Мятліцкі нарадзіўся 20 сакавіка 1954 года ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, у адной з найпрыгажэйшых мясцін поўдня Беларусі. Паэтычны талент, відаць, перадаўся яму ад дзеда Яўхіма Анісімавіча, які складаў гумарыстычныя вершы. Мікола пачаў пісаць вершы ў школьныя годы, яшчэ ў 4 класе, а ў 1969 годзе яго творы былі апублікаваны ў хойніцкай раённай газеце. Сур’ёзна ставячыся да свайго паэтычнага таленту, Мікола Мятліцкі паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дзе актыўна займаўся творчасцю, быў старастам студэнцкага літаб’яднання “Узлёт”. Ужо для студэнцкіх, часам крыху рытарычных, вершаў Міколы Мятліцкага была ўласціва культура паэтычнага мыслення, планетарны, касмічны маштаб вобразаў:

Што яму, летуценніку, трэба?

На планеце маёй дзень пры дні

Чалавек падымае неба

Да касмічнае вышыні.

 

Пасля заканчэння ў 1977г. БДУ Мікола Мятліцкі працаваў у рэдакцыях газеты “Літаратура і мастацтва”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”. З 2002г. – галоўны рэдактар часопіса “Полымя”. Аўтар кніг паэзіі “Абеліск у жыце” (1980), “Мой дзень зямны” (1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі), “Ружа вятроў” (1987), “Горкі вырай” (1989), “Шлях чалавечы” (1989, выбранае), “Палескі смутак” (1991), “Чаканне сонца” (1994, выбранае), “Бабчын” (1996, Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы), “Хойніцкі сшытак” (1999), “Жыцця глыбінныя віры” (2001).

З самага пачатку творчага шляху паэзія Міколы Мятліцкага была ў глыбокім і плённым рэчышчы традыцыйнага беларускага верша з яго ўвагай да канкрэтна-рэалістычных дэталяў, фальклорна-песеннай меладычнасцю і адкрытай пачуццёвасцю. Тэматыка ранняй паэзіі Міколы Мятліцкага таксама традыцыйная: генетычная памяць вайны, родная вёска і яе жыхары, вытокі песні, юнацкае каханне. Не пазбаўленыя дэкларацыйнасці, гэтыя вершы нярэдка ўражвалі шчырай захопленасцю жыццём, юнацкай рамантыкай і экспрэсіўнасцю.

У ранняй паэзіі Мікола Мятліцкі выяўляў сябе як сапраўдны майстар пейзажнай лірыкі, напоўненай светлым любаваннем красой свайго краю:

 

Святло чырвонае калін,

Палескі край,

             пяшчотна-мілы.

І журавоў расстайны клін

У туманах палошча крылы.

 

Світанне...

Водбліскі зары

Сцюдзёна свецяць у крыніцах.

Грыбы апошнія ў бары

Глыбока дрэмлюць пад ігліцай.

 

Яшчэ цяпло не адышло,

Яшчэ зямлі

             не счэзлі сокі.

Ды ўжо трывожнае крыло

Сячэ бухматыя аблокі.

 

Ды ўжо ярчэй святло калін

Над сцежкай стоенай ласінай.

І лета –

   зыркі успамін –

Трымціць асінай.

 

Гэта паэтычная акварэль прасякнута светлымі, няяркімі, нібы размытымі фарбамі (туманы, світанне, водбліскі зары). Спакойная, лагодна-ўдумлівая інтанацыя добра адпавядае жывапіснаму малюнку, а заключная дэталь – трымценне асінавага лістка – кантрастна вяртае нас да “зыркага ўспаміну” пра лета. Спакой удала “падсвечаны” не толькі згадкай пра яркае лета, але і трывогай жураўлінага кліну. Як заўсёды ў сапраўднай пейзажнай лірыцы, верш са звычайнай карціны прыроды перарастае ў роздум пра час чалавечага жыцця, тым больш, што напісаны быў аўтарам на самым пачатку жыццёвай восені.

Кніга “Ружа вятроў” (1987) засведчыла ўзмацненне інтэлектуальнага патэнцыялу паэзіі Міколы Мятліцкага, паглыбленне філасофскай праблематыкі праз далейшае асэнсаванне вобразаў Космасу, Сусвету, Вечнасці, Часу. Як зазначыла Т.Шамякіна, паэт яднае беларускі народны, язычніцкі космас і Космас вялікі, нібы шукаючы ў ім паратунак ад жыццёвых турбот.

Чуйна хвалюецца спелае жыта,

Мроячы вечныя сны.

Чуйна праносіць ля сонца арбіта

Шар жыццядайны зялёны.

 

Ты размініся з сіняй Зямлёю,

Вечнасці чорнай імжа!

Гусне трывога. Спудліва ёю

Зоркі над светам дрыжаць.

 

Такая адцягненная сімволіка магла б падасца другаснай, калі б ні была ўласцівасцю паэтычнага стылю Міколы Мятліцкага, калі б паэт ні знаходзіў яркіх і пераканальных нацыянальных дэталяў для яе ўвасаблення. І ўжо зусім новае гучанне апакаліптычныя прадбачанні, сімволіка Космасу і Вечнасці атрымлівае ў сучаснай, паслячарнобыльскай лірыцы паэта.

Мікола Мятліцкі сам крыху палемічна адзначыў, што паэтам яго зрабіла чарнобыльская трагедыя, выразна падзяліўшы яго творчасць на два этапы – да і пасля 26 красавіка 1986 года. Вёска Бабчын, апетая ў ранняй лірыцы паэта, аказалася ў самым эпіцэнтры бяды – у зоне адсялення. “Апошні Бабчына жыхар” – так вызначае сёння Мікола Мятліцкі сваё светаадчуванне, пастаянна вяртаючыся ў адселеную вёску, каб пахадзіць сцежкамі маленства, пераначаваць у апусцелай бацькоўскай хаце і – пісаць, бясконца пісаць вершы, даючы магчымасць выйсця трагічным пачуццям, што перапаўняюць сэрца. Пасля Чарнобыля Мікола Мятліцкі не можа не пісаць пра гэтую бяду, і няма сэнсу пытацца, ці не паўтараецца паэт, як няма сэнсу пытацца ў таго, хто плача, ці аднолькавыя яго слязіны

Прынцыпова змяніўся характар вобразнасці ў паэзіі Міколы Мятліцкага – у ёй не стала акварэльных фарбаў, яна пабудавана на кантрастах, на колерах чорнай бяды і смертаноснага сляпучага сонца, радыяцыйнага выпраменьвання, на карцінах здзічэння прыроды, “сіроцкіх забытых хацін”, кінутых рэчаў, пустэчы, зарослых гародаў, атручаных крыніц. Гэта апакаліптычны “антыпейзаж”, як трапна вызначыла яго Т.Шамякіна.

Першыя непасрэдныя ўражанні ад чарнобыльскай катастрофы ўвасоблены ў кнізе вершаў “Горкі вырай”, затым трагедыя роднага краю, знішчанага бядой, асэнсоўвалася ў вершах з кніг “Шлях чалавечы” (1989), “Палескі смутак” (1991).

Чарнобыль прынёс карэнныя змены ў паэзію Міколы Мятліцкага, і гэта датычыць нават не столькі тэматыкі, колькі агульнай элегічнай, мінорнай танальнасці, трагедыйнасці светаадчування паэта. Насуперак прывычным уяўленням пра яго творчасць, Мікола Мятліцкі не стаў паэтам адной тэмы, проста яго вершы, аб чым бы ні пісаў, прасвечаны чарнобыльскай радыяцыяй. Ад гэтага – большая відушчасць, мудрасць і элегічны настрой яго паэзіі.

Мікола Мятліцкі падрабязна выпісаў злавесны воблік “чорнай зоны”, мёртвых вёсак, пакалечаных людскіх лёсаў. Даследчык А.Бельскі справядліва ацаніў паэтаву канцэпцыю рэчаіснасці: “Беларуская паэзія хіба толькі ў гады вайны звярталася да такіх чорных фарбаў, такога эмацыянальна-трагедыйнага жывапісу”.1

Унікальнай з’явай у беларускай паэзіі стаў выдадзены ў 1996г. зборнік паэзіі “Бабчын” – своеасаблівы помнік мёртвай вёсцы, загубленай Чарнобылем, які мае, тым не менш, сімвалічнае вызначэнне “кніга жыцця”. Гэта і сапраўды кніга жыцця, але найперш – былога.

Зборнік адкрываецца вершам “Бяссмертнік”, які ярка перадае адметнасць сённяшняй паэзіі Міколы Мятліцкага, насычанай злавеснымі вобразамі чарнобыльскай трагедыі.

 

Бяссмертнік, атручаны лекі твае.

Жыцця тут пагаслага мёртвая стынь.

А шчасце былое жаўцяна ўстае,

Мне дорыць і дорыць жывую святлынь.

 

О, колькі жадана ўвабрала яна

Дыхання каханай, і мрой, і цяпла.

І зараз пакутніца свету адна

Шчыруе над цветам душа, як пчала.

 

Не хоча, аслепшы ад слодычных мрой,

Збалелая, ўбачыць атручаны жах

І цешыцца ўяўна гуллівай ігрой,

Танцуючы танец на чорных крыжах.

 

У вершы пануе жоўты колер – колер развітання і магільнага пяску, злога чарнобыльскага санцапёку, кветкі бяссмертніка, якая некалі была лекавай, а зараз атручана радыяцыяй. Толькі ўзмацняюць песімістычны настрой згадкі пра “шчасце былое”, “дыханне каханай”, “крылаў бусліных размах”, матылька і душу-пчалу, якая танцуе свой “танец на чорных крыжах”. Верш разгортваецца пакутліва доўга, у аднастайных інтанацыях марудлівага анапесту, нібы душа-пчала гудзіць над вухам пра пакуты, боль і хваробы загубленага краю.

Верш настройвае на тое, што чытанне кнігі не будзе лёгкім і хуткім. І гэта сапраўды так, аднак праз суперажыванне пакутам ачышчаецца душа і шукаюцца адказы на значныя пытанні філасофскага і грамадзянскага характару. Прысвечаная адной тэме, кніга тым не менш не робіць уражання аднастайнасці, бо паэт знаходзіць мноства розных ракурсаў яе адлюстравання, цікавых вобразаў, умее прыгледзецца да дэталяў, спалучае рэальнасць і яе абагульненне, разважае і задумваецца над прычынамі і наступствамі трагедыі.

Кніга мае прадуманую кампазіцыю. У першым яе раздзеле, “Глыток чысціні”, мы разам з паэтам ідзем ваколіцай і “мёртвай вуліцай” Бабчына, разам з ім успамінаем тое лепшае, што было звязана з дарагімі мясцінамі: Мазураўка, Грыбовішчы, Гала, вышка, сажалка...

 

Не памяць сцежку ўе –

Сустрэчай сэрца ные.

Ляжаць наўкол мяне

Урочышчы лясныя.

 

Хаджу да ўтомы ног

У жніўнай цішы дня:

Бярозавы Аблог,

У соснах – Каляшня.

 

...Не стрэнеш грыбнікоў,

Блукай хоць да знямогі.

Палкі баравікоў

Кідаюцца пад ногі.

 

Гэты верш напісаны ў лёгкім і бадзёрым рытме хады грыбніка. Але вось мы заходзім у родную хату Міколы Мятліцкага (“Згадкі ў хаце”) – і інтанацыя карэнным чынам мяняецца, калі паэт пачынае развагі – верлібры “Стол”, “Услон”, “Печ”, “Канапа”.

 

Н марыць пра бохан свежы

пад матчыным ручніком,

загнаны ў цямотны кут.

А я анічога не прыхапіў,

калі выбіраўся ў гасціны...

 

Здаецца: пружыцца верхам,

гатовым сарвацца з крэпін,

каб абурыцца гневам.

 

Дошкі памятаюць

цяпло маміных далоняў,

што, патрэсканыя ад сіверу,

апускаліся, як дзве птушкі;

цвёрдыя зліткі

бацькавых кулакоў,

якія патрабавальна

білі па кляёнцы з грукам,

калі ў баршчы

не хапала солі...

 

Кладу далоні на дошкі

і, як у маленстве,

чую, як пальцы працінае

жывое цяпло...

 

Няма на стале хлеба...

А соль,.

якую бацька вымагаў грукатам,

усё наўсцяж пасаліла...

(“Стол”)

 

Хлеб, які заўсёды асацыіруецца з жыццём, паэт кантрастна супастаўляе з соллю – знакам бяды, слязы. Так свядома парушана адвечнае адзінства, сімвал гасціннасці стала – хлеб-соль. Так бяда парушыла спрадвечную, замацаваную ў народнай свядомасці і міфалогіі, гармонію.

Другі раздзел, “Суцемак гладыша”, знаёміць з партрэтамі аднавяскоўцаў. Мы нібы разам з паэтам разглядаем звычайную у вясковай хаце вялікую рамку-карціну, запоўненую фотакарткамі дарагіх людзей, многіх з якіх ужо няма на свеце: Яніха, Антося, Зоя, Нюра, Аксінчык, Макрэна... Жаночых партрэтаў болей, бо і вёска ж нездарма называецца Бабчын – удоў у ёй многа яшчэ з мінулай вайны.

 

Аерам усланы падворак.

Вечар... Мігценне зорак...

І Яніха на падворку

З Богам вядзе гаворку.

 

Сёмуха!

 

У вышыванцы Яніха.

Дастала з матчынай скрыні.

Даўно ў вачах згасла раніца,

Сяброўкі даўно ў дамавіне.

 

“Селішча от уквеціла –

Бога прывеціла...

 

Жывое няхай не зводзіцца...”

Ікона у ручніку.

Ёй сама Багародзіца,

Здалося, дае руку.

 

Хрысціцца ў бліках святла:

“У божай ласцы жыла!”

 

Дагледжана ўсё, уходжана.

Далоні на стол ляглі.

І кажа ёй Матка Божая:

– Пабудзь на зямлі...

(“Яніха”)

 

Гэты верш, у якім суладна пераплецены язычніцкія традыцыі і хрысціянскія матывы, – адзін з найбольш светлых, яркіх і лаканічных партрэтаў, у ім створаны прыгожы і гарманічны народны характар. Вельмі ўдалая жыццесцвярджальная канцоўка верша, якая характарызуе і духоўную дасканаласць, святасць Яніхі, і глыбіню ўнутранага свету самога паэта. Гуманістычны па сваёй ідэі, верш узвышае жаночы вобраз да Боскага: з Яніхай размаўляе Матка Божая, адпрэчваючы смерць, бо без такіх людзей было б пуста і няўтульна на зямлі. Сцвярджаючы прыгажосць чалавечых характараў, Мікола Мятліцкі кантрастна ўзмацняе агульны трагедыйны настрой кнігі.

Раздзел “Безгалосыя дні” напісаны аўтарам непасрэдна ў Бабчыне, дзе “на родным бацькаўскім двары – чатырыста сорак тры” мілірэнтгены. Гэтую лічбу рэфрэнам паўтарае аўтар у аднайменным вершы, яе ён бачыць, паклаўшы дазіметр на магілу маці... Вершы гэтай часткі кнігі – філасофскае абагульненне, асэнсаванне бяды. Цэнтральны верш “Пчала” – прытча з нечакана аптымістычным зместам, у які боязна паверыць: “О цуд! Безнуклідны у Бабчыне мёд!” Паэт уважліва сочыць за шчыраваннем “радзімай пчалы”, раскрывае “палескага мёду найпросты сакрэт” – усё жывое пратэстуе супраць атрутнага зла... Услед за А.Разанавым, які ў адным з вершаказаў заўважыў у слове “пЧАЛа” чалавечы пачатак, Мікола Мятліцкі па-філасофску аб’ядноўвае сэнс пчалінага і ўласнага паэтычнага набытку:

 

Слова маё,

             сабранае ў травах атруты,

Будзь чыстым,

             як бабчынскі мёд!

 

Апошні раздзел кнігі, “Параненая душа”, – развітанне паэта, “апошняга жыхара Бабчына”, з перасяленцамі, з аднавяскоўцамі, якія адыходзяць у нябыт, і адначасова праклён тым, хто вінаваты ў чарнобыльскай трагедыі і духоўнай дэградацыі народа (“Партакратам”, “Праклён”), папярэджанне свету аб тым, што бяда можа паўтарыцца ў яшчэ большым маштабе.

Кнігі “Хойніцкі сшытак” (1999) і “Жыцця глыбінныя віры” (2001) засведчылі, што чарнобыльская тэма застаецца асноўнай у паэзіі Міколы Мятліцкага. Аднак гэта для паэта болей чым тэма, чарнобыльская трагедыя стала для яго магутным штуршком для паглыблення філасофскай думкі, аналітычнага стаўлення да жыцця і гісторыі народа. Паэт больш востра стаў адчуваць адказнасць перад продкамі і нашчадкамі.

Аплочана крывёй і потам

Твая прысутнасць тут.

Жыві!

Хадзі бясстрашным Дон-Кіхотам,

Шугай агнём жывой крыві.

 

Сваю душэўную спагаду

Святлом Айчыны запалі.

Табе аддадзена ва ўладу

Сівая спадчына зямлі.

 

Не будзь прытворліва-харошы,

Жыцця спытаючы праснак,

Не траць свой скарб,

Як траціць грошы

Маной аслеплены юнак.

 

Гучаць твае жывыя гімны

На берагах крутых Няміг.

Спаўна аплочаны другімі

Твой кожны крок,

Твой кожны міг.

 

І ты з айчыннаю журбою

Дакладна ведай напярод:

Усё, што страчана табою,

Не верне заўтра твой народ.

 

У філасофскай лірыцы Мікола Мятліцкі выяўляе міфалагічныя, спрадвечныя асновы светабачання, ствараючы свой гарманічны свет:

 

Пакланяюся агню,

Хай гарыць, як бога вока.

Я агню забараню

З-пад рукі ісці далёка.

 

Пакланяюся вадзе,

Хай журчыць крыніц лагодай.

Я вадзе скажу: нідзе

Не прабудзь ліхой пагодай.

 

Пакланяюся лясам,

Хай плыве іх шум былінны.

Прыйдзе час: адпусціць сам

Лес сасну для дамавіны...

 

Нат у вечнасці на дне

Смуты сэрца не спазнае –

Будзеш грэць цяплом мяне

Ты, гармонія зямная.

 

Верш гарманічны, суладны і па форме: у ім выразная, зладжаная кампазіцыя з аднолькавымі зачынамі трох строф (магічная, казачная траічнасць), лёгкая, аптымістычная мелодыя харэя, дакладныя, поўныя рыфмы (спазнае – зямная, лагодай – пагодай), унутраныя сугуччы ў радку (“я агню забараню”). Гэта ўзор адпаведнасці зместу і формы.

Аднак філасофскаму роздуму ў яшчэ большай ступені адпавядае форма верлібру. І да яе апраўдана звяртаецца Мікола Мятліцкі, калі хоча паказаць не столькі гармонію, колькі супярэчнасць жыцця, часовасць чалавечага існавання.

Зямля,

трымаючы нас

на скарынцы грунту,

жагнаючы штормам-ударам,

перуном,

бліскавіцай,

палохаючы землятрусам,

гаворыць:

часовае ваша быццё!

 

А галаву

ускружваюць колеры і пахі

звабнасцю вечнага існавання:

ты

тут

назаўсёды!

Табе

аднаму

вечна паслужныя

сілы Жыцця!

І гэта ўсё –

Вечнасць.

 

І расступіцца яна, зямля,

пад табой.

А наступнік,

ускружаны яе небам,

нават не скмеціць,

як ты знікнеш

у расшчэпіне Часу.

Ён, адзінотнік на шляху,

абпоены зманлівай верай

у сваю Вечнасць,

ступіць шчэ некалькі крокаў

наперад

да новай расшчэпіны...

 

Сённяшні Мікола Мятліцкі – паэт удумлівы і сталы, са сваім адметным творчым почыркам.

 

ВІКТАР ШНІП

В. Шніп, якога аўтарытэтны крытык і пісьменнік Л. Галубовіч назваў “высокапрафесійным версіфікатарам”, сёння знаходзіцца ў самай плённай і цікавай пары росквіту, калі творчая індывідуальнасць вызначылася, але не застыла, калі паэт працягвае эксперыментаваць, здзіўляючы чытача нечаканымі адкрыццямі, а часам і эпатажам, эстэтычнай правакацыяй. У паэзіі В. Шніпа арыгінальным чынам пераплятаюцца спадчынна-літаратурнае і індывідуальна-адметнае, ён, па словах Я. Гарадніцкага, “традыцыйны ў сваім наватарстве і наватарскі ў сваім традыцыяналізме”[13]. У адрозненне ад тых паэтаў, творчая індывідуальнасць якіх моцна перасякаецца з рэальнай асобай чалавека і яго жыццём, у В. Шніпа такое перасячэнне мінімальнае: спакойны, талерантны і паслухмяны грамадзянін, добры сем’янін, ён нібы пражыве іншыя жыцці ў паэзіі, пераўвасабляючыся ў неўладкаванага бадзяжніка, адзінокага і расчараванага грэшніка. Гэта так званая “сімвалісцкая жыццятворчасць” (тэрмін рускага даследчыка Ул. Хадасевіча), якая была ўласціва паэтам-мадэрністам пачатку ХХ ст. Аднак, творча выкарыстоўваючы папярэдні літаратурны вопыт, В. Шніп цікавы перш за ўсё сваімі ўласнымі паэтычнымі знаходкамі.

Віктар Анатолевіч Шніп нарадзіўся 26 сакавіка 1960 г. у вёсцы Пугачы Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Першыя вершы былі надрукаваны ў 1977 г. у газеце “Чырвоная змена”. Аднак В. Шніп першапачаткова выбраў не філалагічную спецыяльнасць: скончыўшы Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, працаваў цеслярам на будоўлях.

У сярэдзіне 80-х гадоў увогуле стаў прыкметнай з’явай прыход у паэзію не філолагаў, а прадстаўнікоў іншых прафесій (Л. Галубовіч, Л. Рублеўская, Г.Булыка, А. Мінкін, П. Шруб і інш.). Гэтая тэндэнцыя, адчувальная і ў прозе, прывяла да ўзбагачэння літаратуры новымі тэмамі і вобразамі і сведчыла аб сур’ёзным і асэнсаваным пошуку аўтарамі свайго шляху да пісьменніцкай працы.

В. Шніп скончыў у 1987 г. Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, працаваў у рэдакцыях часопіса “Беларусь”, штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, зараз – рэдактар аддзела паэзіі выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Аўтар кніг паэзіі “Гронка святла” (1983), “Пошук радасці” (1987), “Шляхам ветру” (1990), “Горад Утопія” (1990), “На рэштках храма” (1994), “Выкраданне Эўропы” (1996), “Чырвоны ліхтар” (2000), “Воўчы вецер” (2001), “Інквізіцыя” (2002), “Беларускае мора” (2004). зборнікаў вершаў для дзяцей “Сунічкі для Веранічкі” і “Наш Максім гаворыць: гу”.

Першыя зборнікі вершаў В. Шніпа былі, як сведчаць і іх назвы, прасякнуты святлом, радасцю і аптымістычнымі настроямі:

 

І будуць птушкі радасна лятаць,

Яны пазнаюць брата ўва мне.

Калі і заблужуся – не бяда,

Не прападу ў роднай старане.

 

Хай стома пасівее на плячах.

Не ўпадзе вясёлы мой настрой.

Нібы за песню ў паднябессі птах,

За светлы гай трымаюся душой.

 

Танальнасць сённяшняй творчасці В. Шніпа дыяметральна супрацьлеглая – яна, як і беларуская паэзія ў цэлым, прасякнута элегічнымі, песімістычнымі настроямі, якія перадаюць душэўную неўладкаванасць аўтара і трывогі часу: “Наш лёс – пякучая сляза / Ляжыць у д’ябла на далоні”. Сёння паэту прыходзіцца нават нібы апраўдвацца перад чытачамі:

 

Самотных вершаў не пісаць,

Нібыта праўды не казаць,

а танцаваць на рэштках Храма...

 

Аднак самым самотным вершам В. Шніпа надае аптымізм “святло Беларусі”, якім, па словах А. Гуліцкага, напоўнена яго паэзія[14].

Святлом Беларусі азорана патрыятычная лірыка В. Шніпа, у якой выяўляецца гістарызм мастацкага мыслення паэта. Гэтая якасць паэтычнага таленту адчуваецца яшчэ ў ранняй лірыцы, адзін з лепшых вершаў якой – “Буслы Скарыны”.

Усміхнуўся малады друкар.

Кніга, нібы бусел, на руках.

Разгарнула крылы, каб ляцець.

Беларусь свяцілася ў радках.

Не забілі градабоі іх,

Не спалілі лютыя кастры...

І ў слове родным “Беларусь”

Свецяць нам Скарынавы буслы.

 

У вершы, напісаным яшчэ зусім маладым паэтам, створаны ўдалы зрокавы вобразна-асацыятыўны рад: разгорнутая кніга і сапраўды нагадвае крылы бусла ў палёце. Як птушка ў неба, кніга імкне да вяршынь чалавечага духу, да высокага служэння Беларусі і яе народу. Складанасць, ахвярнасць і дзейснасць гэтага служэння падкрэсліваецца анафарай – паўторам дзеясловаў, аб’яднаных унутранай рыфмай (не забілі – не спалілі). За гэтымі словамі ўгадваюцца канкрэтныя факты Скарынавай біягарафіі, кнігі якога былі спалены ў Маскве як ерэтычныя, бо былі набліжаны да народных патрэб, да асветніцкіх мэт.

“Беларусь стаіць на курганах”, – гаворыць В. Шніп і ў новых кнігах працягвае ўвасабленне значных гістарычных постацей: С. Будны, П. Багрым, К.Каліноўскі, М. Багдановіч, Ц. Гартны, М. Гарэцкі, Я. Драздовіч... Сваё прызначэнне як паэта ён таксама асэнсоўвае праз гістарычныя вобразы, як у вершы “Францішак Багушэвіч”:

 

Ён сядзеў каля дарогі,

Як туман, увесь сівы.

– Бурачок, ты ж пахаваны.

– Дудка грае – я жывы.

 

 

– Падкажы мне, што іграці?

– Грай, што маеш на душы,

Толькі ад няшчырай песні

Дудку, браце, беражы.

 

І пайшоў ён па дарозе,

Як туман, увесь сівы.

– Бурачок жа пахаваны.

– Дудка грае – ён жывы.

 

Традыцыйная для беларускай паэзіі дыялагічнасць, увогуле ўласцівая В.Шніпу, у гэтым вершы ажыўляе гісторыю і праецыруе яе на эстэтычныя праблемы.

Праз лёс вечнага вандроўніка Язэпа Драздовіча, асоба якога мае міфалагізаваны сэнс, В. Шніп разважае аб сутнасці і высокім прызначэнні мастацтва. Верш “Язэп Драздовіч” мае баладны характар:

 

Па Белай Русі ў світцы белай,

У пыле зорак і дарог

Ідзе, задумны, пасівелы,

Вандроўнік – мудрых фарбаў Бог.

Чароўны кій вядзе па свеце.

А родны край як родны дом.

– Дзівак! – з яго смяецца вецер. –

Усё што зробіш – стане тлом!

Сядзеў бы дома і партрэты

Жанкам вясковым маляваў,

Меў торбу б грошай ты за гэта,

І не балела б галава

За мову мужыкоў тутэйшых.

Дзівак! Ты верыш у сусвет!

Хапала ў свеце разумнейшых.

Ды дзе яны? Усе ў траве.

Чужых дзяцей любіць – прыгожа.

А дзе свае? Маўчыш, стары?

Павалішся – а хто ж паможа

Устаць? Загінеш без пары!

Не слухаеш – то не разумна!

Хаця ідзі, раз выбраў шлях.

Твой шлях зямны – цяжкі і сумны,

Твой лёс – як поле ў камянях...

Махнуў рукой на гэта смела,

Свой кінуў цень на крыж дарог

І ў люд пайшоў па Русі Белай

Вястун, паэт, мастацтва Бог.

 

Жанр балады з яго магчымасцямі гераізацыі і рамантызацыі мінулага займае ў творчасці В. Шніпа вядучае месца. Часам паэт называе баладамі творы, якія не маюць адпаведных жанравых прыкмет, аднак большасць вершаў з’яўляюцца класічнымі ўзорамі жанру, як “Балада пра нешляхетнага пана”. Праз выразны эпічны сюжэт і падрабязную характарыстыку героя дзеяннем (“Ён кніжкі чытаў і пісаў ў газеты / Аб тым, што патрэбна люзей вызваляць / Ад рабства...”) В.Шніп даследуе гістарычную сітуацыю, паказвае неразуменне народам “нешляхетнага, але неблагога” пана, якога “за дзівацтвы паны пракліналі, / З іконаў з пашанай глядзелі Багі”.

За вобразам “нешляхетнага пана” лёгка ўзгадваецца знакавая, сімвалічная для беларускай паэзіі асоба Кастуся Каліноўскага.

Зáмкі, храмы, крыжы, магілы, груганы – тыя вобразы, якія маюць у вершах В. Шніпа значэнне архетыпа. Праўда, некаторыя з іх, па справядлівай заўвазе А. Бельскага, ад частага паўтарэння становяцца “перапевамі”. Калі ж вобраз не проста называецца, а разгортваецца ў сімвал, знак беларускай гісторыі і нацыянальнага духу, як у “Баладзе Мірскага замка” ці “Баладзе Крэўскага замка”, то паэт дасягае сапраўдных мастацкіх вяршынь:

 

У Мірскім замку сёння светла,

У Міскім замку сёння лета,

І лёт стралы, як лёд, растаў,

Бо замак сонечна паўстаў

На скрыжаванні ўсіх шляхоў,

На скрыжаванні ўсіх вятроў

У гэтым свеце, дзе ёсць мы

І нашы родныя дамы,

З якіх глядзім і бачым свет,

Які любіць нам і ствараць,

Нібыта замак будаваць

Сярод шляхоў, сярод вятроў,

Сярод разбураных муроў,

Што баранілі нас, каб мы

Сярод агню, сярод зімы

Свой мелі шлях, свой мелі сцяг

І роду слаўнага працяг

На скрыжаванні ўсіх шляхоў,

На скрыжаванні ўсіх вятроў,

Як Мірскі замак, не знікаў.

І часу лёт, як лёд сцякаў

На гэты край жывой вадой,

Каб мы сустрэліся з табой

У Мірскім замку ў гэты час,

Які стралой ляціць праз нас...

                     (“Балада Мірскага замка”)

 

Вобраз часу-стралы. адчувальны і ў “Баладзе Крэўскага замка”, якая, аднак, менш аптымістычная, чым мацней адпавядае сённяшняму светаадчуванню паэта.

Яшчэ ў 1985 г. П. Макаль назваў характэрнай асаблівасцю творчага почырку В. Шніпа “імкненне да зрокавасці, рэальнасці вобраза, да метафарычнасці, якая вырастае з убачанага, заўважанага, з высвечанай свядомасцю паэта жыццёвай дэталі”[15]. Думаецца, старэйшы паэт меў рацыю, у чым пераконвае найперш пейзажная лірыка В. Шніпа:

 

Сцяжынка з рэчкі п’е ваду.

Смела гаспадарыць спёка.

За вадою ўслед іду –

Мне свой цень

Цягнуць нялёгка.

 

Спёкай лашчаны пясок

Пад нагою,

Быццам прысак,

І на беразе чаўнок

Без ракі на трэску высах.

 

Верш, які мае назву “Эцюд”, і сапраўды створаны ў жывапіснай манеры. Для сучаснай паэзіі В.Шніпа гэта менш уласціва, у ёй пераважае суб’ектыўна-ўмоўны пачатак, аднак уменне “замкнуць” верш трапнай канкрэтнай дэталлю (стажок залатой саломы), якая лучыць у адзінае цэлае пейзажную замалёўку і філасофскі роздум, уласціва і сённяшняму В.Шніпу.

 

Хутка снегам сады замятуцца

І сцяжыны забудуцца ў сад.

А пакуль што аблокі снуюцца

І шуміць, як агонь, лістапад,

У які я спакойна ступаю,

І плыву па-над садам, як дым,

І ў нябёсах сцюдзёных знікаю,

І з’яўляюся ў свеце чужым,

У якім анішто не знаёма

І ўсё ж светла кранае душу,

Як партрэты бацькоўскія дома,

Як на ружах сузор’і дажджу...

 

Хутка снегам сады замятуцца,

Ды не знікне ніколі той сад,

У якім мне заўсёды вярнуцца,

Быццам бы азірнуцца назад,

Дзе ўсё светла і дзе ўсё знаёма

І дзе родныя побач са мной,

Дзе ў стажку залатая салома

У снягах, быццам сонца, зімой...

 

Сімвалісцкі ўмоўны вобраз дыма, якім знікае лірычны герой верша ў сцюдзёным восеньскім небе, каб з’явіцца ў іншым свеце, – адзнакі новага, сучаснага мысленне паэта, арыентаванага на постмадэрнісцкія тэндэнцыі ў сучасным мастацтве.

Эвалюцыя ад эмацыянальна-насычанага, традыцыйна-лірычнага верша да большай разважлівасці, удумлівасці і рацыянальнай халаднаватасці ўласціва для інтымнай лірыкі паэта. Шчымлівае адчуванне далікатнага, зменлівага і незваротнага пачуцця кахання асвятляла раннюю паэзію В.Шніпа:

І прыйдзе час, і ўсё забудзеш,

І аддасі мой ліст агню.

А для цябе цяпла не будзе –

Падхопіць вецер цеплыню.

 

І панясе яе па свеце...

А я стаю на скразняках

І застаюся ў тваім леце,

І застаюся ў тваіх снах.

 

Мяне сустрэне вецер ветла:

– Яна табе ўсё аддала...

Не адкажу нічога ветру

І не прыму назад цяпла.

 

Скразны вобраз цяпла, які кантрастуе з вобразам ветра і скразнякоў, аднатыпная сінтаксічная будова сказаў, паўторы, унутраныя сугуччы слоў, дакладная рыфма (“ветла-ветру”) ствараюць у гэтым вершы адпаведнае яго зместу адчуванне гармоніі.

Лепшыя вершы з сучаснай інтымнай лірыкі паэта прысвечаны жонцы, паэтэсе Людміле Рублеўскай. Яны адметныя ідэяй не толькі інтымнай, але і больш глыбокай духоўнай, інтэлектуальнай гармоніі, светапогляднага ўзаемаразумення. Многія вершы маюць прысвячэнні Людміле, як і цыкл санетаў “Гісторыя аднаго кахання”.

 

Даўным-даўно на вуліцах Масквы

З табой сустрэўся я, як нарадзіўся,

Як праз асфальт прабіўся шум травы

І цэлы свет травою асвяціўся.

 

І ажылі нябёсы нада мной,

І хмары паплылі, як успаміны

Пра родны дом, пра поле за ракой,

Пра квецень адзінокае рабіны.

 

І ты сказала мне, што я дзівак,

Што я жыву, самотны, тут не так:

Як можна жыць, уцёкшы на чужыну?

 

І пазіраў я ціха на цябе,

Нібы на свечку ў Храме, і ў журбе

Разгледзеў у табе сваю Айчыну.

 

У інтымнай лірыцы В.Шніпа ёсць і вершы іншага плану, грубавата-эпатажнага, дзе вобраз “паненкі” наўмысна развенчваецца ледзь не да мяжы пошласці. Аднак паэт не ўключае іх у кнігі, якія выдаюцца шаноўным выдавецтвам “Мастацкая літаратура” вялікім тыражом, нібы падкрэсліваючы: гэта – для вузкага кола чытача і не варта асаблівай увагі.

Для В.Шніпа характэрна дастаткова рэдкая асаблівасць: ён творыць не проста вершы, а кнігі, “мысліць кнігамі” (Я.Шпакоўскі). Гэта выразна выявілася ў кнізе “Шляхам ветру” (1990), аб’яднанай скразным вобразам пошуку, абнаўлення і трывогі. Цэласнасць кнігі заяўлена і ў яе кампазіцыі: “Сівы вецер” (гісторыя Беларусі), “Вецер ісціны” (асэнсаванне праблем часу і ўласнай грамадзянскай пазіцыі), “Вецер камяніц” (хранатоп горада), “Задумны вецер” (філасофскія рэфлексіі).

“На рэштках храма” – кніга, якой таксама ўласціва канцэптуальная завершанасць, дакладная і прадуманая будова (часткі “Да Бога мая адлятала душа”, “Пакуль гарыць свечка”, “Белы свет, дзе нам канаць”, “Па дарозе бясконцай, як вечнасць зямная”). Назвы раздзелаў сведчаць, што кніга скіравана на філасофскае разважанне аб вечнасці, размову пра душу і Бога, прычым размова гэтая вядзецца на ўзроўні складанай метафарычнасці, рэлігійнай і міфалагічнай сімволікі, з тым абвостраным драматызмам духоўнага пошуку паэта, які добра выявіўся ў вершы “На раздарожжы”:

 

яшчэ не позна

вярнуцца на тое раздарожжа

дзе ляжыць камень

з трыма надпісамі:

пойдзеш налева

будзеш шчаслівы

і багаты

пойдзеш направа

будзеш няшчасны

і багаты

пойдзеш прама

будзеш біты

і бедны

яшчэ не позна

вярнуцца на тое раздарожжа

і зрабіць свой надпіс

але я іду і іду наперад

па той дарозе якую я не выбіраў

а дарога вядзе і налева і направа

адначасова наперад і назад

але мне не вярнуцца на тое раздарожжа

са мной ідуць людзі

яны нясуць сваё былое

і сваё будучае

яны за мной як сцяна

і я перад імі як цень

на нас глядзіць неба

і я не магу вярнуцца

і зрабіць свой надпіс

але...

 

Гэты верш – выразнае сведчанне таго, што духоўная незаспакоенасць паэта непасрэдным чынам звязана і з яго пошукамі стылю. З канца 80-х гадоў В.Шніп актыўна эксперыментуе, звяртаючыся да пераасэнсавання міфалагічных матываў (раздарожжа), да постмадэрнісцкіх цытацый і рэмінісцэнцый (дарога, якая адначасова вядзе налева, направа і назад, чалавек-цень), прыёма незавершанасці твора, які заканчваецца супраціўным злучнікам “але” і шматкроп’ем, што падключае да сатворчасці і дыскусіі чытача. Твор, які пачынаецца з малой літары і амаль не мае знакаў прынынку, увогуле нагадвае выхаплены з плыні свядомасці фрагмент, які, аднак, мае самастойную эстэтычную вартасць.

Постмадэрнісцкія тэндэнцыі ў паэзіі В.Шніпа звязаны і з узмацненнем сімволікі смерці, адзіноты: “мы гінем мы знікаем паміж намі словы сцены гады смерць”. Паэт, які не раз называў і працягвае называць сябе бязбожнікам і грэшнікам, настойліва звяртаецца да біблейскіх матываў:

 

ля царквы старая прадае Біблію

нацельныя крыжыкі

адны падходзяць разглядаюць

пытаюць колькі што каштуе

але нічога не купляюць

другія падходзяць разглядаюць

выбіраюць іконкі крыжыкі

няспешна дастаюць грошы купляюць

нібы хочуць паказаць што яны вераць

і пакуль яны купляюць

гэта павінен заўважыць сам Бог

і ацаніць гэты ўчынак

і адпусціць хаця б адзін грэх

трэція пытаюць пра Біблію

бяруць яе ў рукі гартаюць

быццам шукаюць сваё шчасце

якое ляжыць паміж старонак

вяртаюць назад – вельмі дорага

і ён таксама хоча купіць Біблію

і ў яго на гэта хапае грошай

але старая яму яе не прадае

і ён крычыць я маю права купляць

усё што мне падабаецца

і яму старая дае крыжык на якім няма распяцця

 

Верш дае выразную панараму духоўнага разладу і пошукаў, часта наіўных, часта пакутлівых, уласцівых сённяшняму грамадству. Агрэсіўны вобраз чалавека, які заяўляе правы на тое, каб купіць усё, што яму падабаецца, нясе ў сабе д’ябальскі пачатак, які, аднак, не можа перамагчы: старая падае яму не Біблію, а крыжык, на якім няма распяцця.

Міфалагізмам, угрунтаваным на трывалай глебе нацыянальных культуралагічных традыцый, вызначаецца твор “Два вершы”, у якім праз эмацыянальна-насычаную карціну пахавання блізкага чалавека – бабулі сцвярджаецца эстэтыка смерці як заканамернага завяршэння чалавечага жыццёвага шляху, пазбаўленага змрочна-трагічнага сэнсу (“і не страшна памерці і не страшна жыць”).

У самім жа асэнсаванні жыцця чалавека, што таксама грунтуецца на міфалагічнай аснове і сімвалічнай вобразнасці, нават больш напружанага драматызму:

жыву сярод камянёў

якія могуць быць сцяной

якія могуць быць жорнамі

якія могуць быць помнікамі

у кожнага каменя свой лёс

які зараз залежыць ад мяне

магу збудаваць дом

але баюся атрымаецца турма

магу зрабіць жорны

але няма чаго малоць

магу паставіць сабе помнік

але я не двойчы герой

і я жыву сярод камянёў

і я залежу ад камянёў

як тапелец-самагубца

 

залежыць ад каменя

які ў яго на шыі

 

Выкарыстоўваючы ўмоўна-алегарычную сімволіку, паэт узбагачае выяўленчыя магчымасці верша.

Характарызуючы ў артыкуле “Тры іпастасі паэта” творчыя пошукі В.Шніпа як шлях да ўніверсалізацыі паэтычнага выяўлення мыслення (традыцыйнага і наватарскага), А.Бельскі заўважыў мадэрнізацыю, “еўрапезацыю” паэтычнага радка, схільнасць да “суб’ектыўна-ўмоўнай выяўленчасці”, эксперыменту і форма-творчасці, якія, аднак, часам успрымаюцца “як спроба экстравагантнай тэхнікі пісьма”1 (тэкст “бог...”). Новая кніга паэзіі В.Шніпа “Беларускае мора” засведчыла правільнасць прагнозаў крытыка – у кнізе сапраўды менш знешніх фармальных эксперыментаў, затое моцна выяўленая сімвалістская і рамантычная светапоглядная аснова мастацкага мыслення.

Адметнасць сённяшняга творчага вобліку Віктара Шніпа ў тым, што ён знаходзіцца ў дынамічным руху, мяняючыся і адначасова захоўваючы істотнае. Новая кніга “Беларускае мора”, назва якой сімвалізуе нацыянальны духоўны свет з яго нязменнай прагай недасяжнага, пошукам ідэалу і неўсвядомленай тугой па генетычна ўласцівым, але страчаным багацці, яскравае сведчанне гэтага. Першы раздзел кнігі – гістарычныя балады, схільнасць да якіх заўсёды была неад’емнай рысай таленту Віктара Шніпа, другі – філасофскія рэфлексіі, “ узлёт душы бязбожнае да Бога”, хутчэй да язычніцкага, чым да хрысціянскага ( Я. Гарадніцкі). Гэта тое, чаго мы ад Віктара Шніпа заканамерна чакалі і што вызначае яго індывідуальнасць, увасабляючыся ў сучаснай постмадэрнісцкай, сімвалічнай манеры. Трэці ж раздзел, хоць і падрыхтаваны папярэдняй творчасцю (успомнім словы П.Макаля пра зрокавую дэталь у Віктара Шніпа і вершы з кнігі “На рэштках храма” ), усё ж здзіўляе падрабязным няспешна - філасофскім заглыбленнем у сутнасць прадметаў і рэчаў (“Неба”, “Дрэва”, “Гліна”, “Калодзеж”, “Гаршчок”, “Сячкарня”, “Парог”, “Галавешка”, і інш., амаль тры дзесяткі вершаў), нечаканасцю і свежасцю паэтычных рашэнняў, як  у вершы “Кола”:

                                

Па лугах і палях

                            Коціцца коціцца кола

                            Кола вырвалася на волю

                            І ўсяму здзіўляецца

                            О-О-О-О-О-О-О-О-О-О...

 

У вершы вобразастваральную ролю мае асананс ( паўтор гука “о” ) і зрокавая форма радка, у якім дзесяць разоў паўторана літара “о”.

Паэт творча выкарыстоўвае ўласцівае ўсяму чалавецтву права на “вынаходніцтва кола” хоць пра складанасць стварэння “анталогіі рэчаў” пасля Лукрэцыя, Маркеса і Разанава яго і папярэджвала яшчэ ў размове пра папярэднюю кнігу крытык І . Шаўлякова1 В.Шніп, вядома, ідзе ўслед за А.Разанавым, але адштурхоўваецца не ад гучання і ўнутранага сэнсу слоў, а ад фальклорна-міфалагічнага сэнсу паняццяў; пера- асэнсоўваючы іх не абстрактна, а з праекцыяй на індывідуальны лёс (нездарма ледзь не ў кожным з такіх вершаў ёсць слова “я”):

Парог першым сустракае

                              І апошнім у хаце развітваецца

                              Парог гэта мяжа

                              Якую ахоўваюць дзверы

                              Смела пераходзяць парог

                              Толькі тыя каго помніць парог

                              І хто парог помніць

                              Парог гэта бераг

                              Аб які разбіваюцца

                              Мае трывогі за бацькоў

                              І я пераступаючы парог

                              Вяртаюся ў сваё Запарожжа

                              Каб пісаць табе лісты

                              Парог самотны

                              Ён помніць столькі сустрэч і расстанняў

                              Што лежачы на шляху з хаты

                              Ён часам  гатоў стаць сцяной

                              Каб не выпусціць гаспадара-вандроўніка

                              Які даўно абівае чужыя парогі

                                                                        (“Парог”)

 

“Калюга дачка дарогі і дажджу / Яна лянівая і фанабэрыстая”, “Карані як вужакі / Звязаныя ў адно цэлае хвастамі”; ”Мост кальцавая рыфма паміж двума радкамі берагоў” – гэтыя яркія вызначэнні сведчаць пра раскаванасць і багацце ўмоўна-асацыятыўнага мыслення Віктара Шніпа. Яго паэзія жывіцца вечным і ахвярным памкненнем да ідэалу, якое сцвярджаецца ў вершы “Свечка”, што годна і канцэптуальна завяршае кнігу:

                               У свечкі мяккі характар

                               І светлая душа

                               Свечка ахвяруе сабой

                               І згараючы плача

                               Ад радасці і суму

                               Свечка гэта нож

                               Які лязом агню

                               Разразае цемру

                               Вызваляючы з яе мой пакой

                               У свечкі кароткае жыццё

                               Але яго хапае

          Каб я палюбіў свечку

                                                                                         (“Свечка”)

Для нас жа “палюбіць свечку” – гэта і палюбіць паэзію, якая хоць на імгненне адорвае жыццё дабратой і прыгажосцю душы.

АЛЕГ САЛТУК

 

Віцебскі паэт Алег Салтук нарадзіўся 25 жніўня 1946г. ў вёсцы Рыжэнькі Шумілінскага раёна. Матыў вернасці сваім вытокам, іх жыццядайнай сілы, заўсёдная заклапочанасць лёсам роднай зямлі і землякоў-вяскоўцаў, імкненне зверыць уласнае жыццё з запаветам бацькоў – асноўны ідэйны стрыжань, які надае цэласнасць і значнасць паэзіі А.Салтука, сабранай у кнігах “Пачатак дня” (1974), “Працяг” (1977), “Святло зямлі” (1982), “На далонях жыцця” (1989), “Трывога лёсу” (1996), “Не разлюбі...” (выбранае, 2004).

     Усёй сваёй творчасцю, удумліва-сцішанай і публіцыстычна завостранай адначасова, па-грамадзянску заклапочанай і філасафічна заглыбленай, А.Салтук засведчыў, што ён на роднай зямлі не проста чаканы госць, а і ўдзячны сын, сталы гаспадар, які спраўдзіў надзеі продкаў, а таму мае права на ўласны духоўны запавет дзецям і ўнукам:

 

На ўсё жыццё малітвай стаць павінна,

Дзе б ты ні быў і што б ты ні рабіў:

Не разлюбі Айчыну і Жанчыну,

І Род свой, і Народ не разлюбі!

 

     У гэтым праграмным вершы, які даў назву галоўнай кнізе А.Салтука, са спакойнай і годнай упэўненасцю сцвярджаюцца асноўныя жыццёвыя каштоўнасці, ад асабістага да ўсеагульнага. Нездарма словы Айчына і Жанчына, Род і Народ паяднаны ўнутранымі рыфмамі і напісаны з вялікай літары – яны для паэта святыні, якія неабходна берагчы.

     У наш час такая адкрытая грамадзянскасць магла б успрымацца як нешта устарэлае, рытарычнае, аднак не ў кантэксце творчасці А.Салтука. Яшчэ ў 1983 г. А. Кабаковіч справядліва зазначыла, што “вершы адкрытага грамадзянскага гучання займаюць ў паэзіі А.Салтука сваё пачэснае месца і прадыктаваны самой логікай светаадчування лірычнага героя”[16]. Паэт, які ўваходзіў у літаратуру ўжо сталым чалавекам, ніколі не мяняў сваіх перакананняў, не “перабудоўваўся” пад павевамі часу і не хаваў сваёй пазіцыі, нават калі яна ўспрымаецца некім неадназначна. Ва ўсіх жыццёвых выпрабаваннях А.Салтук, па словах А.Русецкага, – “Асоба з адкрытай і актыўнай творча-грамадзянскай пазіцыяй”[17]. Магчыма, у гэтым і адбітак шматгадовай журналісцкай працы А.Салтука, які і сёння працуе рэдактарам аддзела ў абласной газеце “Віцебскі рабочы”.

Пачаў пісаць вершы А.Салтук у дзяцінстве і добра памятае ўражанні, якія прывялі яго ў паэзію: аднойчы прысніўся цяжкі сон пра смерць, а калі юнак прачнуўся, то здзівіўся і ўзрадаваўся жыццю, сонцу і свежаму ветру, якім была напоўнена хата. Тады быў напісаны першы верш, а адчуванне ранішняга святла і радасці жыцця назаўсёды засталося ў паэзіі і нават увайшло ў назвы кніг. Любоў да літаратуры прывяла А.Салтука на філалагічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута імя А.Куляшова, дзе і адбылося далучэнне да паэзіі. Першы верш А.Салтуком быў апублікаваны ў 1965г. у газеце “Магілёўская праўда” з блаславення яго літаратурнага настаўніка Аляксея Пысіна. І ўжо з першай кнігі стала ясна, што ў літаратуру прыйшоў адметны сваёй адкрытай душэўнасцю, вернасцю класічным традыцыям, удумлівасцю і мяккім лірызмам паэт, які вельмі сур'’зна ставіцца да паэтычнага слова, суадносячы яго з галоўным жыццёвым прызначэннем чалавека:

 

Над зямлёю соннай дождж праліўся...

Не загрукаў каб пярун хаця, –

Першы верш у сябра нарадзіўся,

А ў суседа – першае дзіця.

 

     Клапатліва “гадуючы” свой верш, паэт праз увесь свой творчы лёс шчасліва пазбягаў драбнатэм’я і другаснасці, для яго заўсёды была ўласціва, па словах В.Яраца, “трывожная дабрыня ўспрыняцця жыцця”[18]. Вершы А.Салтука шчодра заселены вобразамі канкрэтных людзей: вясковыя мудрацы – дзяды, ветэраны мінулай вайны, бацька і маці, блізняткі сын і дачка, жонка, сёстры, сябры, равеснікі... І горкія рэаліі сённяшніх дзён: развядзёнкі, жабрáчкі... Сёння, сам ужо сталы, А.Салтук востра разумее каштоўнасць кожнага жыцця, перажывае за нялёгкі лёс старых, якія мелі ад жыцця мала радасці і дажываюць лёс у адзіноце і чаканні ўвагі ад дзяцей альбо ў нязвыклых гарадскіх кватэрах. Паэт нібы звярае з кожным лёсам сваё жыццё, не стамляючыся прасіць: “Не шкадуйце харошых слоў / Для людзей дарагіх...”.

     Матыў вяртання да вытокаў, роднай вёскі, бацькоў гучаў ва ўсіх кнігах А.Салтука, але сёння ён выразна элегічны, што звязана і з асабістым (смерць маці), і з тым, што паміраюць, робяцца бязлюднымі вёскі (“Самота”, “Нічога нідзе не чутно”, “Хоць і дома, але зноў не спіцца”, “Таямніца” і інш.).Уражваюць вобразы шмат разоў паўторанага “абымшэлага саду”, вёскі з “васьмі скасабочаных хат”, пасівелага сяла, па якім “тры начы і тры дні спраўляла памінкі завея”.

     Аднак “элегія вяртання”, такая шчымліва знаёмая ў беларускай паэзіі, пераважна вясковай па сваіх каранях, у А.Салтука ўсё ж не трагічная па гучанні, а прысветлена спакойная, бо па-ранейшаму “свет трымаецца сялом”.

 

Вецер сад чысцютка падмяце,

Адгараць збянтэжана рабіны.

На далёкай стоенай вярсце

Прычакаюць стомленага сына.

 

     Шчырасць і перажытасць пачуцця заканамерна ўвасабляецца ў майстэрства формы: у вершы гучыць ціхая мелодыя, нібы паэт словам баіцца парушыць чаканне і надзею бацькоў на сустрэчу з сынам. Думка падкрэсліваецца акуратна-беражлівымі, дакладнымі вобразамі, сэнсава і настраёва выверанымі ўнутранымі рыфмамі (“стоенай – стомленага), прадуманай, гарманічнай сінтаксічнай будовай страфы (роўная колькасць слоў у рыфмаваных радках, аднолькавыя дзеяслоўныя формы ў іх пачатку).

     Сімвалічны для паэзіі А.Салтука вобраз старога саду ў аднайменным вершы ўдала падкрэслены кампазіцыйнай знаходкай: апошні радок кожнага катрэна паўтараецца як першы ў наступнай страфе. Так у старым, запушчаным садзе пераплятаюцца карані і кроны дрэў, так у жыцці пераплятаецца пачатак і канец, маладосць і старасць, радасць і гора... Убачыць жа гэта дадзена толькі сапраўднаму паэту.

     Менавіта ў “вясковых” вершах паэт выяўляе сябе праз пейзаж, нярэдка напісаны яркімі вясёлкавымі фарбамі, якія падкрэсліваюць аптымістычную ідэю верша.

У косы русявага жыта

Уплялі сваю сінь васількі.

Над рэчкай вясёлка, нібыта

Звісаюць з нябёс ручнікі.

 

Ружовы, блакітны, зялёны –

Вачэй не адвесці ніяк.

Дык будзь жа навек блаславёна

Пад гэтай вясёлкай, зямля.

 

     Вядома, гэта традыцыйна. Аднак колькі ў вершы святла, прастору, якая светлая энергія колераў! Зрэшты, вернасць традыцыі, адсутнасць штучных эксперыментаў – творчая пазіцыя А.Салтука.

     Традыцыйны, настоены на магіі замоў, прасякнуты таямнічай аурай верш “Вечар” проста зачароўвае гармоніяй і стройнасцю кампазіцыі:

 

Цераз поле, цераз бор,

Цераз чыстую дуброву.

І, здаецца, аж з-пад зор

Сум прыходзіць вечаровы.

 

     Еднасць з прыродай і сусветам у гэтым творы перададзена праз таямнічы палёт душы ад парога роднай хаты праз Млечны Шлях да Бога.

     Ад маленькай радзімы паэт нярэдка пераходзіць да тэмы Айчыны, яе слаўнай гісторыі і няпростага сённяшняга дня. У лепшых вершах паэт пазбягае рыторыкі і дэкларацыйнасці дзякуючы шчырасці голаса і высокаму майстэрству вобразна-выяўленчага вырашэння тэмы:

 

Вечарэе сінь над галавой,

Жыта палавее за дарогай.

Курганоў упэўнены спакой –

Пахаваюць ворага любога.

 

Дзедаў тут стаяў калісьці дом.

Тут – таемнасць матчынага слова.

Тут мая Няпрадва,

Тут мой Дон,

Тут маё і поле Кулікова.

 

     У гэтым вершы арганічна зліты і выразны зрокавы малюнак беларускага краявіду, і ўпэўненая, велічная інтанацыя, і асабісты ўспамін пра дзеда і маці, і дарэчная згадка гістарычных славянскіх каранёў.

     Гістарызм мыслення, вернасць славянскім вытокам вызначаюць многія лепшыя вершы А.Салтука (“Беларусы”, “Памяці У.Караткевіча”, “Полацку”, “У вянок М.Багдановічу”, “Купалы Пакроўкі”, яркі і высока ацэнены крытыкай цыкл “Пскоўскія фрэскі”). У асобны набытак, значны як колькасна, так і якасна, вылучаюцца вершы на тэму Вялікай Айчыннай вайны, якая трывала ўвайшла ў генетычную памяць беларускага народа, як ў памяць А.Салтука – праз лёс бацькі, цяжка параненага на вайне: “Яго апошняя атака / Пачаткам стала для мяне.”

     У вершах на ваенную тэму А.Салтук выяўляе сябе сапраўдным майстрам паэтычнай дэталі: асколкі і ржавыя кулі ў дрэве, бацькаў баявы медаль, што стаў цацкай для дзіцяці, пірамідкі помнікаў паабапал віцебскіх дарог, зарослыя акопы ў лясах... Кожная са шматлікіх дэталяў дае пачатак і пачуццёвую аснову разважанню: нашчадкі павінны захаваць тое, за што бацькі змагаліся не шкадуючы жыцця. З палемічнай завостранасцю думка гэтая сцвярджаецца ў паэме “Світальныя росы”.

     І ўсё ж калі ўважліва ўчытваешся ў паэзію А.Салтука, то заўважаеш, што ў ёй пераважаюць, нават і колькасна, не гучныя публіцыстычныя вершы (хоць яны па розных прычынах хутчэй адбіваюцца ў памяці кожнага), а ціхія рэфлексіі, напоўненыя філасофскімі пошукамі сэнсу чалавечага жыцця. Прычым гэта ўласціва паэту з пачатку яго творчай дзейнасці:

 

Міг і вечнасць.

Хто тут разбярэ,

Хто адкажа, як так павялося:

Міг патрэбен зорцы, каб згарэць,

Вечнасць – каб святло яе лілося?

 

     Паэт таленавіта, па-мастацку змястоўна яднае ў сваіх вершах асабістае,

сялянскае, побытавае з вечным, экзістэнцыйным: “жаць і жыць – як дыханне, як міг”. Такое адчуванне, што чалавек у яго паэзіі роўны цэламу Сусвету, ва ўсякім разе, спакойна існуе ў ім: “Вечнасць, нібы першая любоў,/Рукі пакладзе табе на плечы”.           

     Любоў і вечнасць нездарма апынуліся побач у вершы паэта. Лірычнаму герою А.Салтука заўсёды ўласцівы быў талент шчырага і прыгожага інтымнага пачуцця. Але калі малады паэт сцвярджаў “эстэтыку шчаслівага кахання” (А.Кабаковіч), то сёння А.Салтук не хавае ад чытача, што жыццё бывае даўжэйшым за каханне, а сапраўднае шчасце можна сустрэць і ў сталасці, трэба захаваць толькі чулую душу. Эстэтыку позняга кахання сцвярджаць цяжэй, тым больш пры адсутнасці на тое беларускай літаратурнай традыцыі. Аднак інтымныя вершы з новай кнігі паэта – сапраўдная ўдача. Яны напоўнены трапяткім і асцярожна-далікатным пачуццём і напісаны як ціхая прачулая малітва: “Перабіраю пальчыкі, як пацеркі, / Твая рука ў маёй руцэ ляжыць. / ...Адно хачу, каб ты была шчасліваю, / А я змагу спакойна далюбіць”.

Перавага сталасці ў тым, што паэт думае перш за ўсё не пра сябе, а пра каханую, якую называе “і рабыня мая, і княгіня”. Зразумелая і ўнутраная палемічнасць слова “далюбіць”, і сімвалічны сэнс удалага ключавога вобраза, паўторанага ў вершы (пальчыкі – ружанец). А.Салтуку ўдалося захаваць маладую свежасць пачуцця і дапоўніць яе мудрасцю сталасці, “блакітны сон, ружовы дым” юнацкага кахання шчасліва перайшоў у восеньскае “полымя калін”.

     Такім уяўляецца сёння лірычны герой А.Салтука. Яму ўласціва трывожнае светаадчуванне сучасніка (“Я сягоння аж на ста вятрах”), ён палемічна адкрыты ў сваіх грамадзянскіх і палітычных перакананнях (“Я – левы: за сэрца лявей / Няма, мой браток, анічога”), ён мудры ў клопаце пра сваю зямлю, продкаў і нашчадкаў, далікатна-шчыры ў каханні... Ён адбыўся як паэт высокай культуры верша, верны класічнай традыцыі беларускай паэзіі, які выдатна валодае майстэрствам стварэння паэтычнага вобраза, сімвала, мастацкай дэталі, кампазіцыі, гукапісу (“Нема ўскрыкнула чайка ў адчаі, / Не ўцячы, хоць крычы, ад бяды”). Гэта пераважна паэт-лірык, якому не чужы і эпічна-паэмны пачатак (паэмы “Вішнёвы вір”, “Спатканне”, “Смутак памяці”, “Святло і цені”, “Світальныя росы”); перакладчык з рускай і ўкраінскай моў, публіцыст. Алег Салтук – у пары чалавечай і творчай сталасці, яго паэтычная індывідуальнасць адметна і ярка вылучаецца ў сённяшнім літаратурным працэсе.


[1] Краткая литературная энциклопедия. Т.5. М., 1968. С.926-931.

[2] Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. Мн., 1987. С.15.

[3] Наровчатов С. Необычное литературоведение. М., 1981. С.243.

[4] Парандоўскі Я. Алхімія слова. М., 1991. С.32.

[5] Храпченко М.Б. Творческая индивидуальность писателя и развитие литературы. М., 1972. С.61-62.

[6] Грифцов Б.А. Психология писателя. М., 1988. С.121-122.

1 С.Грахоўскі. Лірыка. Мн.: Маст.літ., 1978. С.134.

1 Поспелов Г.Н. Проблемы лит.стиля. М., 1970. С.123.

2 Белинский В.Г. Собр. соч.: В 9 т. М., 1976.Т.1.С.141.

3 Гуляев Н.А. Теория литературы. М., 1985, С.176.

4 Тимофеев Л.И. Советская литература. Метод, стиль, поэтика. М., 1964. С.63.

1 Гніламёдаў У. Ад даўніны да сучаснасці. М., 2001. С.151

[7] Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1980. С.254.

 

1 Гіст.бел.літ. ХХ ст. Т.4. Кн.1. Мн., 2002. С.675

2 Лысенка А.Ф. Лінія гарызонта. Мн., 1986. С.3.

1 Лысенка А.Ф. Лінія гарызонту. С.33.

1 «Страляйце, я і зараз вяду ўрок».

[8] Разанаў А. Адраджэнне. Мн., 1970. С.6.

1 Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. Кн.2. – Мн., 2003. С.595.

[9] Кісліцына Г. Алесь Разанаў: Праблема маст.свядомасці. Мн., 1997. С.126.

[10] Беларусь. 1991. №10. С.31.

1 Янішчыц Я. Выбранае. Мн., 2000. С.5.

[11] Гісторыя беларускай літаратуры XX ст. С. 641.

1 Падліпская З. «Каб застацца ў нязменнай любові – табе!» // Роднае слова. № 11, 2003. С. 11.

1 Бельскі А.Вечныя імгненні хараства, або Паэт, які кахае // Крыніца. 2001. № 7.

[12] Пісьмянкоў А. Думаць вершы... Мн., 2005. С.104.

1 Прыйшоў, убачыў, перамог (лац.)

1 Бельскі А. Краса і смутак. Мн., 2000. С.171.

[13] Гарадніцкі Я. Храм на беразе мора // Літаратура і мастацтва. 2004. 6 жніўня.

[14] Гуліцкі А. Інквізіцыя // Літаратура і мастацтва. 2002. 8 лютага.

[15] Макаль П. Пошук энергіі радка // Літаратура і мастацтва. 1985. 5 красавіка.

1 Бельскі А. Краса і смутак. Мн., 2000. С.198.

1 Шаўлякова І. “Pro” i “contra” не-моднай паэзіі // Крыніца , 1988. № 3

 

[16] Кабаковіч А. Прыручэнне слова // Маладосць. 1983. №5. С.170.

[17] Русецкі А. У трывозе за Радзіму // Полымя. 2003. №8. С.190.

[18] Ярац В. Давяраючы перажытаму // Полымя. 1997. №8. С.309.


Дата добавления: 2018-04-05; просмотров: 759; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!