Яму Хірасіму, Асвенцім, яму, замест імя, —



Nbsp; Вольга Русілка   Сучасная беларуская паэзія:

Творчыя індывідуальнасці

 

Вучэбны дапаможнік

 

 

Віцебск

2005

 

УДК 882.6 – 1(075.8)

ББК 83.3 (4Беи)6я73

Р 88

 

Аўтар: кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры УА “ВДУ імя П.М.Машэрава” В.І.Русілка.

 

 

Рэцэнзент: кандыдат філалагічных навук, прарэктар па вучэбнай рабоце УА “Віцебскі абласны дзяржаўны ІПК і ПКР і СА” Ю.У.Маханькоў.

 

 

        

 

 

У вучэбным дапаможніку акрэсліваецца змест паняцця “творчая індывідуальнасць паэта” і даюцца літаратурныя партрэты найбольш яркіх прадстаўнікоў сучаснай беларускай паэзіі.

Вучэбны дапаможнік адрасаваны студэнтам філалагічных спецыяльнасцей ВНУ, настаўнікам і аматарам беларускай літаратуры.

 

УДК 882.6 – 1(075.8)

ББК 83.3 (4Беи)6я73

                                                                                          © Русілка В.І., 2005

©УА “ВДУ імя П.М.Машэрава”, 2005.

 

ТВОРЧАЯ ІНДЫВІДУАЛЬНАСЦЬ ПАЭТА

 

“Паэзія – самы няўлоўны сакрэт, які не будзе нікім рассакрэчаны”. Гэтыя словы П.Панчанкі часта цытуюць тыя, хто спрабуе разгадаць таямніцу паэтычнага слова, якое надзіва трапна знаходзіць шлях да чалавечага сэрца, выклікаючы высокую ўсхваляванасць, сугучныя пачуцці ў самых розных людзей. У творчасці кожнага паэта можна знайсці яркія вобразныя ўвасабленні разваг пра паэзію, аднак усе згаджаюцца з тым, што сутнасць яе сфармуляваць немагчыма. Але ёсць сэнс у самім працэсе спасціжэння, тым болей, што ён прыносіць радасць далучэння да сапраўднай прыгажосці і гармоніі.

Даследчыкі ж імкнуцца даць дакладнае азначэнне з’яве. Фармулёвак вялікае мноства, ад самага шырокага, як у Р.Бялінскага, разумення: паэзія – мысленне ў вобразах, і тады да яе можна аднесці ўсю мастацкую літаратуру, да болей дакладнага, як у “Кароткай літаратурнай энцыклапедыі”, якая вызначае сутнасць паэзіі праз суаднесенасць яе з прозай: “Паэзія і проза – два асноўныя тыпы, дзве формы мастацтва слова, якія знешне адрозніваюцца арганізацыяй, будовай мовы мастацкай: ...у паэзіі маўленне выразна дзеліцца на суразмерныя адрэзкі – вершы, у прозе – рухаецца суцэльным патокам... Рух слоў у вершы, іх узаемадзеянне і супастаўленне ва ўмовах рыфмы і рытму, выразнае выяўленне гукавога боку мовы, якое дае вершаваная форма, узаемаадносіны рытмічнай і сінтаксічнай будовы – ўсё гэта тоіць у сабе невычэрпныя сэнсавыя магчымасці, якіх пазбаўлена проза... Цалкам заканамерна, што паэзія новага часу – перш за ўсё лірычная паэзія: менавіта ў лірыцы аказваюцца выключна важнымі гэтыя сэнсавыя магчымасці вершаванай формы”[1].

Дакладнае і сціслае вызначэнне паэзіі дае В.Рагойша: “эмацыянальна-вобразная вершаваная творчасць”, падкрэсліваючы яе асабісты характар: “У лірыцы ў дыялектычным адзінстве выступаюць асабістае перажыванне творцы, якое стновіцца сфераю мастацтва, і раскрыццё гэтым мастацтвам непаўторнай чалавечай індывідуальнасці”[2]. Даследчык справядліва заўважае, што паэзія нашага часу – пераважна лірычная. Гэтую ж думку сцвярджаюць многія іншыя даследчыкі, у прыватнасці, С. Нараўчатаў: “Верш з самага пачатку становіцца асноўнай прыметай і формай лірыкі, а лірыка прымае імя паэзіі”[3]. Таму з поўнай упэўненасцю і будзем весці гаворку пераважна пра лірыку як спосаб выяўлення паэтычнай індывідуальнасці.

Спецыфіка паэзіі ў тым, што яна выражае духоўны свет асобы, яе ўсхвалявана-ўзвышанае. індывідуальнае ўспрыманне жыцця, з’яўляючыся своеасаблівай музыкай душы. І душа гэтая, адкрытая чытачам, павінна быць багатай, светлай, цікавай. Кожны літаратар ведае, як цяжка прывыкнуць да таго, што цябе называюць паэтам. Гэтае слова нясе ў сабе станоўчую ацэнку, якой неабходна адпавядаць. Бо, гаворачы пра аўтара паэтычных твораў, мы звычайна атаясамліваем паняцці рэальнай асобы, творчай індывідуальнасці і нават лірычнага героя. Між тым гэта паняцці розныя. Вядома, вялікую ролю адыгрывае асабісты жыццёвы вопыт чалавека, яго рысы характару, схільнасці і перакананні, прафесія, асяроддзе і іншае. Таму і ёсць сэнс знаёміцца з жыццём і творчым шляхам аўтара, шукаючы крыніцы творчасці і яе імпульсы. Аднак творчая індывідуальнасць – гэта асоба аўтара ў працэсе мастацкага пераўтварэння свету. А з’ява гэтая часта бывае невытлумачальнай (многія паэты гавораць, што творчы працэс непрадказальны, яго нельга запланаваць, што натхненне прыходзіць нечакана і паэзія, “госця нябесная”, нібы дыктуецца нейкай вышэйшай сілай). Польскі даследчык Ян Парандоўскі ў кнізе “Алхімія слова” прыводзіць шматлікія прыклады такой непрадказальнасці і гаворыць нават аб тым, што творчасць дае магчымасць пражыць іншае жыццё, надаўшы свайму герою, у тым ліку і лірычнаму, рысы, якіх у рэальнасці якраз не хапае аўтару. Творчая фантазія аддаляе паэтычную індывідуальнасць аўтара ад яго як рэальнага чалавека, робіць свабодным ад побытавых рэалій. Да таго ж чытач з’яўляецца “сааўтарам” паэтычнага слова, ад чытацкага ўспрымання залежыць наша ўяўленне пра паэта. Трэба мець багатае ўяўленне, каб зразумець і разам з аўтарам стварыць яго паэтычны свет, мець літаратуразнаўчую падрыхтоўку і эстэтычны густ, каб ацаніць паэтычныя вобразы і атрымаць ад іх асалоду прыгажосці, трэба быць душэўна чуйным, каб перажыць разам з паэтам хваляванне і адкрыць мудрасць думкі. А для таго, каб зразумець унутраны сэнс слова, якое і само па сабе стварае вобраз, а ў вершы набывае асаблівае значэнне, каб пачуць і ацаніць багацце гукапісу, асэнсаваць унутранае сугучча слоў, трэба яшчэ і добра ведаць і адчуваць родную мову. Адным словам, успрыманне паэзіі, як і яе напісанне, з’ява творчая і складаная, і чытач таксама своеасаблівая творчая індывідуальнасць. Аднак і ўзнагарода за працу чытача вялікая: паэзія паглыбляе эмацыянальны свет асобы, выхоўвае “культуру пачуцця” (К.Ушынскі), вучыць разумець пачуцці іншых людзей і дае надзею на ўзаемаразуменне.

Паэзія існуе тысячагоддзі, і ўвесь час людзі задумваюцца аб прычынах, якія падштурхоўваюць да паэтычнай творчасці. Людзі заўсёды ставіліся да паэзіі з павагай і звярталіся да паэтычнага слова ў моманты асаблівага ўзрушання. У старажытнасці паэзія – ars santissima poesis (найсвяцейшае мастацтва паэзіі) – і малітва былі з’явамі аднаго парадку. Паэтычныя творы выконваліся публічна пад музыку, і сённяшняя лірыка захавала сваю музычную прыроду.

 У наш непаэтычны, рацыянальны, інфарматыўны час паэты выглядаюць ледзь не дзівакамі. Але, як ні дзіўна, паэзія існуе нават на інтэрнэтаўскіх сайтах, дзе размяшчаюцца кнігі вершаў і праводзяцца паэтычныя конкурсы (як некалі на плошчах старажытнай Грэцыі). Аб тым, чаму людзі пачынаюць пісаць вершы, звыш ста гадоў таму добра сказаў эстэтык М.Гюйё: “Гаварыць вершам – значыць самой мернасцю свайго маўлення нібы выказваць: “Я занадта пакутую ці занадта шчаслівы, каб выразіць тое, што адчуваю, звычайнай мовай”.

Абсалютная большасць з тых, хто прафесійна займаецца паэтычнай творчасцю, пачыналі пісаць вершы ў дзяцінстве. Не дзіўна, бо ў гэты час пішуць многія. Ёсць нават своеасаблівы “кантрольны ўзрост”, які звычайна супадае з першымі выступленнямі ў друку: 13-14 гадоў. “Паэзія адкрываецца ў тым перыядзе жыцця, калі пачуцці яшчэ свежыя, зачараванне светам наймацнейшае, калі ўсё ўяўляецца новым і незвычайным. Маладосць суб’ектыўна лірычная...”[4]. Аднак не кожны ў маладосці піша вершы, не кожны з тых, хто піша, становіцца паэтам. Патрэбны асаблівы талент, прыроджаны, нярэдка спадчынны, дар паэтычнага ўспрыняцця свету.

 Для пачатку літаратурнага шляху вельмі важныя крыніцы паэтычнай творчасці: уражанні маленства і юнацтва, прыгажосць родных мясцін, першае каханне і г.д. Жыццёвы лёс аўтара, безумоўна, накладвае адбітак на яго творчасць, аднак па-рознаму ўвасабляецца ў залежнасці ад тыпу мастацкага мыслення (рэалістычнага ці рамантычнага, аб’ектыўна-выяўленчага ці суб’ектыўна-выразнага). Суб’ектыўны вопыт у паэзіі толькі штуршок для напісання твора, тыпізацыі фактаў у агульназначныя мастацкія вобразы.

Як справядліва зазначае М.Храпчанка, “роля творчай індывідуальнасці вызначаецца не проста своеасаблівасцю, ...а той своеасаблівасцю, якая выражаецца ў стварэнні агульназначных мастацкіх каштоўнасцей. ...Сваё набывае важнае значэнне не ў сілу толькі непадобнасці з іншымі праявамі індывідуальнага ў літаратуры, а тады, калі яно ўзбагачае свет чалавека, мастакую культуру народа”[5].

Такім чынам, паняцці “творчая індывідуальнасць паэта” і “рэальная асоба аўтара” ўзаемазвязаныя, але не тоесныя. Калі пра гэта гавораць самі аўтары, да такіх прызнанняў ставяцца з недаверам: маўляў,паэт проста “хаваецца” за літаратуразнаўчы тэрмін, не хоча раскрываць да канца свой унутраны свет. Аднак паслухаем аўтарытэтнага даследчыка Б.Грыфцова: “Як часта пішуць па зборы лірыкі біяграфію паэта. Як рэдка і асцярожна трэба гэта рабіць! З разнастайнага матэрыялу, што ўваходзіць у душэўны вопыт паэта, для вершатворчасці адбіраецца толькі невялікая і дастаткова спецыфічная частка”[6]. А Гётэ і ўвогуле палемічна сцвярджаў, што ў сапраўднага творцы прыроджанае веданне свету і яму залішні асабісты вопыт. Аднак нельга адмаўляць ролю асяроддзя, назіральнасці, вучобы, азнаямлення з гісторыяй, культурай, прафесіі, жыццёвых абставін – усяго таго, што называецца біяграфіяй і ў вельмі апасродкаванай форме фарміруе творчую індывідуальнасць. Паняцці “рэальная асоба”, “творчая індывідуальнасць” перасякаюцца, як дзве акружнасці, што маюць агульную частку, памер якой індывідуальны ў кожным канкрэтным выпадку.

 

 

Нас цікавіць перасячэнне, у якім і нараджаецца сапраўдная паэзія. І ў гэтым сэнсе без біяграфіі, без асабіста перажытага, няма паэзіі.

Паэтычная творчасць пачынаецца ад натхнення, жадання выказаць сябе. Сталая паэтычная дзейнасць немагчыма без пафасу (у перакладзе з грэчаскай – пачуццё, пакута, страсць) – эмацыянальна насычанай, палымянай асноўнай ідэі, якая вызначае праблематыку і змест творчасці. Пафас неаддзельны ад асобы паэта, яго грамадзянскай пазіцыі, у пафасе, па словах В.Бялінскага, творца выяўляецца “ўсёй паўнатой і цэласнасцю свайго маральнага быцця”. Можна гаварыць і пра вядучую ідэю, пафас часу, які аб’ядноўвае паэтаў: так, для Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча гэта была ідэя нацыянальнага і сацыяльнага адраджэння беларускага народа. Вядучым пафасам сучаснай паэзіі з’яўляецца ідэя гуманізацыі грамадства, сцвярджэння агульначалавечых каштоўнасцей. У творчасці ж кожнага паэта гэтая ідэя выяўляецца індывідуальна, праз уласныя паэтычныя знаходкі.

Непасрэднай формай выяўлення пафасу творчасці з’яўляюцца вершы, у якіх асэнсоўваецца тэма паэта і паэзіі, ставяцца паэтычныя звышзадачы. Да гэтай тэмы звяртаюцца практычна ўсе паэты. Да багацця хрэстаматычных вершаў, у якіх заяўлена паэтычнае крэда аўтара (Я.Купалы, М.Багдановіча, Я.Коласа, А.Куляшова, М.Танка, Л.Галубовіча і інш. твораў школьнай праграмы) далучым верш С.Грахоўскага, у якім пафас выяўлены нягучна і някідка, але пераканальна:

Каб пісаліся вершы,

Трэба быць закаханым

У жанчыну, у неба,

У добрых людзей.

І ад шчасця заўсёды

Быць крышачку п’яным

І ніколі, ніколі

Не траціць надзей.

 

Трэба быць закаханым

У гоманы бору,

У світанкі над полем,

У дождж на сяўбе,

Трэба быць закаханым

У сінія зоры

У ніколі, ніколі –

У самога сябе.1

                                          

Агульны пафас выяўляецца ў творах індывідуальна, непаўторна. Ад верша С.Грахоўскага ідзе імпульс спакойнага разважання, светлага і суладнага з усім існым светаадчування ў ім выяўлена асоба сталага, і, нягледзячы на ўсе складанасці лёсу, аптымістычнага чалавека, які найперш думае пра іншых, імкнецца да вышыні (неба, світанкі, зоры), да ідэалаў. Гэта, як і асаблівасці паэтычнага сінтаксісу (траічныя паўторы ключавой фразы, 2 аднатыпныя сінтаксічныя перыяды, якія складаюць архітэктоніку верша, аднолькавы пачатак радкоў і інш.) – адзнакі індывідуальнага стылю.

Стыль – індывідуальная непаўторнасць творчасці паэта, ён уключае ў сябе і змястоўны, і фармальны аспект, гэта “адзінства ўсіх прынцыпаў мастацкага выяўлення і выразнасці, якое адпавядае ідэйнаму зместу твора.”1

У шматлікіх тэарэтычных даследаваннях аб сутнасці паняцця “стыль” вучоныя нязменна цытуюць афарызм французскага прыродазнаўцы XVIII ст. Ф. Бюффона з яго “Прамовы пра стыль”: “Стыль – гэта чалавек”. Між тым гэта была толькі міжвольная цытата з антычнасці, так гаварыў яшчэ Дыянісій Галікарнакскі і іншыя філосафы: “Які стыль, такі характар” (Платон), “Стыль ёсць аблічча душы” (Сенека).

Паколькі стыль вызначаецца індывідуальнасцю чалавека, на яго ўплываюць, паводле Г.Паспелава, такія фактары, як прыродныя інтэлектуальныя здольнасці, эмацыянальная і валявая актыўнасць, творчая таленавітасць, разумовая і эстэтычная адукаванасць.

Пры ўсёй індывідуальнасці паняцця “стыль”, у яго генезісе можна заўважыць тыпалагічна агульныя сутнасныя асновы. Гаворка ідзе пра вылучаныя В. Бялінскім два тыпы мастацкай свядомасці: “Паэт або перастварае жыццё па ўласнаму ідэалу, альбо ўзнаўляе яго”2. У адпаведнасці з гэтым М.Гуляеў адзначае два тыпы творчасці: рэалістычны (аб’ектыўны ў сваёй аснове) і рамантычны (суб’ектыўны)3. Сапраўды, стыль Я. Купалы, М. Багдановіча, напрыклад, мае выразны рамантычны характар, Я. Коласа – рэалістычны. Гэтыя азначэнні супадаюць і з назвамі мастацкіх метадаў, і тут няма супярэчнасці, бо, па вызначэнні Л. Цімафеева, “стыль – гэта і ёсць індывідуальнае праяўленне метаду”4. Асновай, ядром стылю з’яўляецца тып творчасці, ён канкрэтызуецца праз мастацкі метад і знаходзіць канчатковае ўвасабленне ў індывідуальных асаблівасцях творчасці кожнага аўтара.

Вызначыць стыль паэта, гэта значыць, тое, чым яго творчасць адрозніваецца ад іншых, можна толькі праз канкрэтны аналіз твораў. Аднак пры такім аналізе стылёвыя асаблівасці нярэдка зводзяцца да аналізу формы, канкрэтных прыёмаў вершавання, паэтычнай мовы. Гэта зразумела, бо кола тэм і праблем, якія ўздымае лірыка, дастаткова абмежаванае, паэты, здавалася б, пішуць, у асноўным, на адны і тыя ж вечныя тэмы. Аднак стыль – гэта асаблівасці зместу і формы ў іх адзінстве. Праз стыль выяўляецца светапогляд аўтара (філасофскія, маральна-этычныя, эстэтычныя прынцыпы) і яго схільнасць да пэўных мастацкіх прыёмаў і сродкаў мастацкай выразнасці. Кожны паэт стварае ўласную вобразна-выяўленчую сістэму, занава адкрываючы паэтычную лексіку, знаходзячы арыгінальныя эпітэты (мастацкія азначэнні, якія маюць пераносны сэнс), метафары (перанос якасцей адной з’явы на другую на аснове іх падабенства), сімвалы (умоўнае абазначэнне з’явы слоўна-вобразным знакам), гіпербалы і літоты (рэзкае перавелічэнне ці змяншэнне якасці прадмета), аксюмараны (спалучэнне несумяшчальных паняццяў), метаніміі (перанясенне назвы адных паняццяў на другія не на аснове іх падабенства, а па знешняй ці ўнутранай сувязі) і іншыя тропы (г.зн. словы, ужытыя ў пераносным значэнні). Але калі тропы могуць паўтарацца ў творах розных аўтараў, то інтанацыя – найбольш індывідуальная адзнака. Верш можа гучаць узмоцнена экспрэсіўна, а можа суцішана-сузіральна, удумліва, разважліва, перадаючы разнастайныя рухі чалавечай душы.

Інтанацыю стварае верш як цэласная сістэма, і ў гэтым працэсе вялікае значэнне мае рытм як абавязковая адзнака паэтычнага твора. Рытм (у перакладзе з грэчаскай мовы – суразмернасць) – раўнамернае чаргаванне нейкіх з’яў. У вершы могуць раўнамерна чаргавацца націскныя і ненаціскныя склады (так утвараюцца памеры: ямб, харэй, дактыль, амфібрахій і анапест), апорныя націскі і паўзы, словы, радкі, строфы ці нават цэлыя фразы, сінтаксічныя перыяды. Рытм – гэта “тэмперамент радка” (М.Святлоў), а тэмперамент – справа выключна індывідуальная.

Магутнымі вобразастваральнымі, сэнсавызначальнымі сродкамі верша з’яўляюцца гукапіс (алітэрацыя і асананс, паўторы пэўных зычных ці галосных гукаў), паэтычны сінтаксіс (адметная будова сказаў; інверсія, паўторы слоў, рытарычныя пытанні, звароты і г.д.). Нават адмова ад знакаў прыпынку можа быць вобразастваральным сродкам. Асаблівае значэнне мае такі распаўсюджаны прыём, як паўтор, які выдзяляе сэнсава важнае слова (у залежнасці ад таго, у пачатку ці ў канцы радка або страфы стаіць паўторанае слова, выдзяляюцца анафары ці эпіфары).

Мы ўспомнілі тэарэтыка-літаратурныя паняцці з прыкладной мэтай: каб падрыхтавацца да знаёмства з канкрэтнымі творчымі індывідуальнасцямі. Ніводзін паэт не задумваецца ў працэсе напісання верша над выбарам вобразна-выяўленчых сродкаў, многія нават і не ўяўляюць сабе іх спецыфіку. Творчасць – працэс інтуітыўны, аднак падрыхтаваны папярэднім, нават неўсвядомленым, жыццёвым і эстэтычным вопытам. Гётэ параўноўваў гэты працэс са зборам дроў для кастра, які можа загарэцца толькі ад іскры натхнення. Каб касцёр усё ж разгарэўся і не пагас, павінен мець пэўную эстэтычную падрыхтаванасць, мастацкі і літаратурны вопыт, любімых пісьменнікаў і літаратурных настаўнікаў. Успомнім, як старанна авалодваў багаццямі фальклору, міфалогіі, набыткамі сусветнага мастацтва і літаратуры М. Багдановіч, наколькі дасведчаным у сусветным культуралагічным кантэксце быў М. Танк. Прычым яны ніколі, да апошніх дзён свайго жыцця, не спынялі актыўнага назапашвання ведаў і ўражанняў. Тую ж літаратурную падрыхтаванасць можна заўважыць і ў маладзейшга пакалення паэтаў, пра якіх будзе ісці гаворка: А.Разанава, А.Пісьмянкова, Л. Дранько-Майсюка і інш.

Немалаважным для разумення паэтычнай індывідуальнасці з’яўляецца і пытанне пра любімых пісьменнікаў і літаратурных настаўнікаў (успомнім хрэстаматыйны прыклад уплыву паэзіі А.Твардоўскага на творчасць А.Куляшова). Тут няма прамой залежнасці, але ёсць ўплывы і эстэтычныя арыенціры. Так, у індывідуальна адметнай творчасці А.Пісьмянкова, які праз усё жыццё пранёс удзячнасць свайму літаратурнаму настаўніку Аляксею Пысіну і нават сына назваў у яго гонар, адчуваюцца асобныя паралелі, рэмінісцэнцыі, творчае пераасэнсаванне матываў і прыёмаў, уласцівых старэйшаму паэту.

Стыль паэта знаходзіцца ў няспыннай эвалюцыі, узбагачаючыся і паглыбляючыся з часам. Нялішне нагадаць, што слова “стыль” у перакладзе з грэчаскай мовы абазначае завостраную палачку з шарыкам на канцы, якой карысталіся для таго, каб пісаць на воскавай дошцы і адначасова сціраць напісанае. Антычны паэт Гарацый раіў: “saepe stilum vertes” (часцей паварочвай стыль). Запавет гэты варты ўвагі: стыль неабходна не толькі адточваць, але і мяняць, шукаючы новае.

З часам так і адбываецца. Мяняецца стыль, і нават яго суаднесенасць з жанрам у творчасці: маладыя паэты часцей выяўляюць прыхільнасць да лірычных маналогаў у жанры інтымнай і пейзажнай лірыкі, з гадамі з’яўляецца цікавасць да паэмнага мыслення, сталасць – пара філасофскай і грамадзянскай лірыкі, заканамернага звароту да лірычнай прозы, драматычных і нават эпічных твораў. Дынаміка гэтага пошуку ў кожным выпадку індывідуальная.

Творчая індывідуальнасць паэта існуе і развіваецца толькі ў суаднесенасці з літаратурным працэсам, два гэтыя паняцці проста немагчымыя адзін без аднаго. Пры ўсім багацці творчых абліччаў у сучаснай беларускай паэзіі, у ёй можна вылучыць два асноўныя стылявыя пачаткі: аб’ектыўна-выяўленчы і суб’ектыўна-выразны. На нашу думку, першы з іх найбольш ярка ўвасобіўся ў творчасці П.Панчанкі, другі – у паэзіі М.Танка, і менавіта ад іх ідзе магутнае стылеўтваральнае ўздзеянне. Багацце ж творчых індывідуальнасцей у сучаснай паэзіі вызначае правамернасць больш дэталёвага падзелу на стылявыя плыні. Найбольш сістэмна стылявыя плыні ў сучаснай беларускай паэзіі вызначыў У.Гніламёдаў, ахарактарызаваўшы шэсць асноўных1: лірыка-апавядальная (С.Грахоўскі, Я.Янішчыц, Р.Баравікова, Л.Галубовіч і інш.), рамантычная (У.Караткевіч, Я.Сіпакоў і інш.), лірыка-публіцыстычная (П.Панчанка, Г.Бураўкін, М.Мятліцкі і інш.), філасофска-аналітычная (А.Куляшоў, А.Пысін, П.Макаль, М.Стральцоў, А.Вярцінскі і інш.), мастацка-сінкрэтычная (М.Танк, Р.Барадулін, В.Зуёнак і інш.), інтэлектуальная (А.Разанаў). Вядома, такі падзел вельмі ўмоўны, ён не ахоплівае ўсяго багацця творчых індывідуальнасцей, ды і літаратурны працэс – з’ява надзвычай рухомая і зменлівая. Да таго ж у творчасці аднаго аўтара могуць свабодна суіснаваць прыкметы розных стылявых плыняў. Аднак у цэлым прапанаваная У.Гніламёдавым класіфікацыя дапамагае арыентавацца ў літаратурным працэсе.

У творчай індывідуальнасці паэта суіснуюць, выяўляючыся ў рознай меры і своеасаблівай форме, традыцыі і наватарства. Беларускую паэзію традыцыйна звязваюць з класічным сілаба-танічным вершам у форме лірычнага маналога, рэалістычным характарам і канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю. Наша паэзія ў аснове сваёй мае фальклорную, а не кніжную, традыцыю, наследуючы яе як у светапоглядзе, так і ў стылістычных сродках і прыёмах. Аднак беларуская паэзія абапіраецца і на вопыт сусветнай літаратурнай класікі, што знаходзіць выяўленне і ў мастацкай цытацыі зместу, і ў наследаванні ўстойлівых страфічных форм (санеты, трыялеты, актавы, рандо, рандэлі, хоку і інш.). На засваенне традыцый абапіраецца і паэтычнае наватарства. Адзін з самых наватарскіх сучасных паэтаў, А.Разанаў, так гаворыць пра гэты працэс: “Традыцыя – сувязь, доўгае “замыканне...”. Каб быць дастаткова традыцыйнымі, неабходна стаць дастаткова творчымі.” І тут няма парадоксу – тут дыялектыка існавання творчай індывідуальнасці паэта.

 

АНАТОЛЬ ВЯРЦІНСКІ

 

Анатоль Вярцінскі — паэт, які трывала абраў адзін з самых перспектыўных і малараспрацаваных у беларускай паэзіі шляхоў — інтэлектуальна-філасофскае асэнсаванне быцця ва ўсім багацці і шматграннасці яго праяў, інтэграцыю нацыянальнага ў агульначалавечы кантэкст.

Мастацкая мадэль свету ў паэзіі А.Вярцінскага грунтуецца на ідэі прыярытэту дабра і чалавечнасці, усёперамагаючай любові, увагі і павагі да асобы, якая разам з тым павінна самаўдасканальвацца і арганізоўваць жыццё па прынцыпах справядлівасці, разумнай мэтазгоднасці і высокай духоўнасці. Творы Вярцінскага, як правіла, свядома зарыентаваны на дыдактызм, перакананне. Паэт не стамляецца вучыць чалавечнасці, патрабаваць высокамаральнага і сумленнага стаўлення да жыцця, выкарыстоўваючы напрацаваны тысячагоддзямі духоўны вопыт біблейскіх прытчаў, старажытных міфаў і філасофскіх канцэпцый, архетыпы і мастацкія сімвалы фальклору і літаратуры. А.Вярцінскі надзвычай чуйны да сутнаснага, умее ўзняць дэталь альбо канкрэтны характар да ўзроўню агульначалавечых сэнсавобразаў, сфармуляваць думку ў скандэнсавана змястоўнай форме афарызму ці, наадварот, трапна раскрыць алагізм сітуацыі, разбудзіць разумовую актыўнасць чытача, падключыць яго да працэсу сатворчасці.

Вытокі творчага светапогляду кожнага паэта — у яго біяграфіі і найперш у эмацыянальным вопыце дзяцінства.

Анатоль Ільіч Вярцінскі нарадзіўся 18 лістапада 1931 г. у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Наймацнейшая дамінанта ўспамінаў пра маленства — ваенныя ўражанні, адчуванне сусветнай бяды. Як успамінае паэт, побач з трагічным вайна настройвала і на "гераічна-ратны" лад (адзінаццацігадовы хлапчук, мала ўсведамляючы сур'ёзнасць і небяспечнасць сваіх дзеянняў, праводзіў партызан у пушчу і расклейваў па вёсцы наіўную, не вельмі пісьменна напісаную лістоўку з заклікам "біць немцаў"). Драматызм падобнай сітуацыі добра перададзены А.Вярцінскім у вершы "Яны да вайны гулялі ў вайну". Боль вайны прыходзіць у сны паэта і сёння, і звязаны ён з вострай памяццю пра начныя баі, пажары, пагрозу смерці і няўпэўненасць у заўтрашнім дні. "Вайна наклала глыбокі адбітак на нашу псіхалогію, на наша светаадчуванне, вызначыла ў значнай ступені нашу маральна-філасофскую арыентацыю, вядома, не толькі ў негатыўным, але і ў станоўчым сэнсе, у сэнсе нашай большай жыццястойкасці, больш устойлівага аптымізму"[7].

Пачаў пісаць вершы А.Вярцінскі дастаткова позна, у 1951 годзе. Калі паэт вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, яго вершы друкаваліся ў перыядычным друку. Закончыўшы універсітэт, А.Вярцінскі працаваў журналістам, быў галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”, дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Выдаў кнігі паэзіі “Песня пра хлеб” (1962), “Тры цішыні” (1966), “Чалавечы знак” (1968), “Выбранае” ( 1973), “З’яўленне” (1975), “Час першых зорак” (1976), “ Ветрана” (1979), “Святло зямное” (1981), “Хлопчык глядзіць” (1992). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988).

Пачатак творчай біяграфіі А.Вярцінскага быў няпростым. Кніга "Песня пра хлеб" (1962), у цэлым прыхільна сустрэтая крытыкай, мела адзнакі дэкларатыўнасці і апісальніцтва, хоць, вядома, у зборніку былі і ўдалыя вершы. Поспех кнігі быў звязаны ў асноўным з паэмай "Песня пра хлеб", якая знаходзілася ў плённым для беларускай паэзіі рэчышчы "Новай зямлі" Якуба Коласа і вызначалася народным поглядам на хлеб і працу, сакавітымі, падрабязна і з любоўю выпісанымі дэталямі побыту, апісаннямі, што ішлі ад "магіі народнай абрадавасці" (Т.Чабан).

Першы зборнік А.Вярцінскага даў падставу даследчыкам назваць яго аўтара традыцыяналістам, які вальней адчувае сябе ў свеце эмоцый, а не думкі. Аднак лінія творчай эвалюцыі А.Вярцінскага ішла ў зусім іншым накірунку, і наступныя кнігі "Тры цішыні" (1966) і "Чалавечы знак" (1968) ні ў чым не паўтаралі папярэднюю. Гэтыя зборнікі засведчылі надыход творчай сталасці паэта, станаўленне яго паэтычнай індывідуальнасці. Паэзія А.Вярцінскага знаходзілася ў самым пачатку плённай для тагачаснай літаратуры тэндэнцыі да ўзмацнення рацыянальнага, паглыблення асацыятыўнасці, шматзначнасці і эстэтычнай змястоўнасці вобраза. Напружаны інтэлектуальны пошук, філасофскае даследаванне маральна-этычных праблем, высокая ступень абстрагаванасці і сэнсавай канцэнтрацыі паэтычнага слова — тыя новыя рысы, якімі вызначалася паэзія А.Вярцінскага ў канцы 60-х гадоў. ІІаэт бачыў у жыцці каштоўнасці, якія не залежаць ад палітычнай кан'юнктуры і штодзённых патрэб.

“Дзівак”, які не можа змірыцца з няпраўдай, які марыць сумленна і годна прайсці свой шлях і не здаецца перад нягодамі, — такі лірычны герой паэзіі А.Вярцінскага і такі ж абагульнены воблік Чалавека:

 

Дзівак чалавек...

Яму Хірасіму, Асвенцім, яму, замест імя, —

асвенцімскае таўро.

А ён паўтарае, што ёсць дабро на свеце;

што будзе дабро

і што пераможа дабро...

 

Унутрана-палемічны і пафасны верш “Дзівак чалавек” пабудаваны на супрацьпастаўленні, тыповым для А.Вярцінскага прынцыпе антытэз, праз які аналізуецца сітуацыя маральнага выбару (“сцяжынка гладкая” ці “цярністы шлях”). Дадатковую падтэкставую “падсветку” вершу надаюць настойліва, шматразова падкрэсленыя анафары, вылучаныя і іранічна-роздумнай інтанацыяй, і “ламаным” радком, які нібы расколваецца ад укладзенага ў яго супрацьлеглага зместу. Такім, расколатым і канфліктным, светаадчуванне чалавека і паэта было ва ўсе часы і эпохі, аднак асабліва абвастраецца яно ў атмасферы хлусні і няшчырасці.

Актыўнасць аўтарскай маральнай пазіцыі, яе максімалізм нярэдка знаходзілі выйсце ў адкрыта публіцыстычных пытаннях, у імкненні да ўнутранай і знешняй дыялогавасці: “дзе расцём, а дзе абрастаем?”, “як памагчы чалавеку?”, “а ці па-брацку мы ў жыцці жывём?” На некаторыя з пытанняў, якімі шчодра насычаны вершы А.Вярцінскага, паэт сам дае адказ, большасць жа абуджае думку, патрабуе самастойнага вырашэння, працягвае ўздзеянне верша ў творчым уяўленні чытача.

Згадваючы біблейскую прытчу пра тое, што трэба падставіць правую шчаку, калі б'юць па левай, А.Вярцінскі ўздымае важную думку аб грамадзянскай актыўнасці дабра, аб тым, “каб гордасці нашай і годнасці ніхто не наносіў абраз, каб не было неабходнасці рашаць: ці біць у адказ?”

Вершы А.Вярцінскага былі інтэлектуальна-рэфлексіўным адказам на двудушнасць і замаскіраваную подласць (“Пра воўка памоўка”), на манію велічы (“Акіян і лужына”), на двайную, зручную мараль (“Бунт анёла”) і прыстасаванскае нежаданне думаць і жыць сваім розумам (“Хунвэйбіны”).

Паэта востра хвалюе праблема ўзаемаразумення паміж людзьмі, раз'яднанасць чалавечых душ. Шукаючы паралелі ў свеце навуковых ісцін (“падаюць бар'еры гукавы, светлавы, зямных гравітацый”), паэт трывожна пытаецца: “ці хутка дойдзе чарга да бар'еру глухой адчужанасці людской, неразумення і недаверу?” (“Бар’еры”). У вершы “Дзве паралельныя прамыя” сімвалам раз'яднанасці людзей выступаюць матэматычныя паняцці. Выкарыстанне навуковай лексікі, свабодная апеляцыя да паняццяў, тэрмінаў, лагізаваная манера выкладу думкі (тэзіс – аргументы – вывад) — гэтыя ўласцівасці навуковай паэзіі былі нязвыклымі, наватарскімі для беларускай літаратуры і актывізавалі ўспрыняцце ідэйнага зместу, таксама новага, незвычайнага па гуманістычнай абвостранасці і аналітычнай глыбіні. Ачышчальным подыхам абнаўлення, надзеяй на заўтрашні дзень прасякнуты адзін з самых аптымістычных па грамадзянскай ідэі вершаў А.Вярцінскага — "Навагодні тост", у якім глыбока асэнсоўваецца філасофская катэгорыя добрага, мудрага Часу, што "ставіць ўсе кропкі над "і".

 

Нам памагае ўбачыць Час:

тут толькі попел,

там — алмаз,

тут — зерне,

там — палова,

тут — пустазвонства гучных фраз,

там — ісціннае слова.

 

Сказаныя ў канцы 60-х гадоў афарыстычныя радкі сёння ўспрымаюцца як прадбачанне, выказанае ў дасканалай эстэтычнай форме. Матыў Часу-сааўтара, галоўнага героя (П.Антакольскі) быў распаўсюджаны ў тагачаснай паэзіі, аднак верш А.Вярцінскага, сацыяльны падтэкст якога амаль не зашыфраваны ў мастацкую ўмоўнасць, вылучаўся сярод іншых. Ён быў, як сведчыць сам паэт, “выпакутаваны”, але, на жаль, амаль не заўважаны (калі не лічыць віншавальнага званка А.Куляшова).

Надзею наблізіць жаданы час дапамагае найперш “высокае неба ідэала” — тыя асноўныя маральна-філасофскія прынцыпы, якія даюць чалавеку сілы жыць годна і прыгожа. Верш “Высокае неба ідэала” — адначасова і споведзь, і пропаведзь, дзе аўтар раскрывае свой духоўны свет, поўны трывог і ўнутранай барацьбы, і разам з тым вучыць бачыць у жыцці “новы сэнс”, якім асвятляе яго вера. Вера ў ідэал дае чалавеку ўсё: мудрасць і моц, сяброў і каханне, дарогу і мэту, і жыць трэба так, каб

 

Зноў уздымала і вяло,

зноў хвалявала, бунтавала,

давала сілы і святло,

усяму нізкаму назло,—

высокае неба ідэала!

Нават смерць аказваецца пераможанай, толькі б і ў “халодных зрэнках ззяла высокае неба ідэала”. Вечная і заўсёды плённая для літаратуры (асабліва сацрэалістычнай, якая існавала ва ўмовах таталітарнага грамадства) сітуацыя маральнага выбару даследуецца ў гэтым вершы з пазіцый агульнафіласофскіх, і яе вырашэнне ўзнята да значэння экзістэнцыяльнай ісціны. Верш, у якім свабодна і арганічна, не перашкаджаючы самаразвіццю думкі, чаргуюцца пяці-, шасці-, васьмірадковыя строфы, “агучаны” адпаведнай велічнай, роўнай інтанацыяй, якая ўздымаецца толькі на рэфрэне.

Вядома, высокая ступень абстрагаванасці, імкненне да абагульнення фактаў, некаторы адрыў ад канкрэтна-пачуццёвых рэалій давалі крытыкам падставу для вываду аб перавазе рацыянальнага ў творчасці паэта. Аднак мера пачуцця і думкі не можа быць строга рэгламентавана, і стылёвыя адзнакі паэзіі А.Вярцінскага 60-х гадоў: цвярозы і часам усмешлівы рацыяналізм, засяроджаны на роздуме, шырокае выкарыстанне лагічнай аргументацыі — якраз і сталі тым адметным і каштоўным, што вызначае асобу паэта і сёння.

Увогуле, як трапна заўважыла даследчыца Тамара Чабан, А.Вярцінскі — “увесь з шасцідзесятых”, калі мець на ўвазе ідэалы часу, рыцарскую вернасць ісціне і дабру, аналітычны пафас і інтэлектуальную культуру верша. Паэт больш чуйны да болю, чым да радасці, таму так натуральна ўспрымаюцца спакойныя і зажураныя радкі яго верша "Гора не бяда, бяда не гора..."

Я спасціг, што беды — непазбежнасць,

немінучы спадарожнік мой.

Я прызнаў жалезную залежнасць

ад прыроды — мёртвай і жывой.

Я сцярплю усе яе няміласці,

і капрызы, і сюрпрызы ўсе.

Толькі аднаго —

несправядлівасці чалавечы дух мой не знясе,

 

Адчуваннем унутранай еднасці з прыродай, сінкрэтычнасцю мастацкага мыслення, драматычным, балючым напружаннем духоўнага пошуку ўражвае верш "Косім траву — яна не крычыць...":

 

Косім траву — яна не крычыць,

Яна маўчыць адчайна.

Мы пачынаем камень крышыць —

зацятае тое ж маўчанне...

 

У арганічнай форме свабоднага маналогу, не абмежаванага класічнай строфікай і рытмоўкай, паэт сцвярджае надзвычай важную для ўласнай канцэпцыі свету філасофскую думку аб адказнасці чалавека за будучае прыроды. Вобразы верша “ўключаюць” мысленне чытача: і людзі часам “цішэй вады, ніжэй травы”, цвёрдыя, як камень, маўчаць, як рыба... Ды гэта не значыць, што ім не баліць і што іх боль не адзавецца крыкам у сэрцы бліжняга ці катастрофай у сусвеце, дзе ўсё цесна пераплецена па законах вышэйшай, мо толькі паэту ў яго азарэнні відавочнай, мэтазгоднасці.

Уласцівае паэзіі А.Вярцінскага канца 60-х гадоў імкненне да агульнага, сусветнага арганічна лучылася з уменнем задумацца над канкрэтным факгам, стварыць трапны, псіхалагічна дакладны характар. Асабліва выразна гэтыя рысы, якія сведчылі пра эпічныя адзнакі таленту паэта, пра схільнасць да аб'ектывізаванай манеры пісьма, выявіліся ў зборніку "Тры цішыні" (1966), і найперш у вершы "Дынамік", лепшым з цыкла ваенных. У гэтым творы, адназначна і заслужана высока ацэненым крытыкай, даецца, здавалася б, звычайная бытавая сцэнка: у старой адзінокай жанчыны, трох сыноў якой забрала вайна, сапсавалася радыё, і яна ідзе за дапамогай да радыста. “А ў радыста сын нарадзіўся, сын нарадзіўся і крычыць”. За спакойнай, лагоднай інтанацыяй верша схаваны вялікай унутранай сілы канфлікт маўклівай, горкай адзіноты і неадольнай радасці новага жыцця. Усё ў гэтым вершы эстэтычна выверана, нават адкрытасць, незавершанасць канцоўкі. Ніякія высновы з гэтай трагічнай у сваёй безвыходнасці сітуацыі не патрэбны — іх робіць само жыццё.

Глыбокае асэнсаванне фактаў, эпічны маштаб паэтычнага мыслення былі ўласцівы для вершаў “Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня” і “Рэквіем па кожным чацвёртым”. А.Вярцінскі абагульняе маштаб страт і праецыруе трагічны вопыт мінулага на наш сённяшні дзень. Нездарма эпілог да “Рэквіема...” напісаны ў форме ўрока спражэння: вайна — своеасаблівая страшная навука аб тым, чаго не павінна быць на зямлі.

Не павінна быць на зямлі і горкай жаночай адзіноты, незапатрабаванай пяшчоты, няспраўджанага кахання — гэта скразны матыў любоўнай лірыкі, і найперш лірычнага маналогу “Эдзіт Піяф хоча любві”, у якім аб'ектывізаваны псіхалагічны стан чалавека праз унутраныя маналогі і звернутыя да чытача развагі, рэплікі.

Пра каханне А.Вярцінскі піша не толькі з глыбокім разуменнем жаночага характару (“Мною забыта нямала”, “Сведчылі месяц, ноч і я”), але і з “перахопленым дыханнем” (менавіта такую назву мае цыкл вершаў з кнігі “Чалавечы знак”), бо для паэта гэтае пачуццё — знак вечнасці, далучанасці да таямніц жыцця:

Я быў улюблёны.

Я быў, як усе мы.

І я, як звяно,

уключаўся ў ланцуг

любові, яе ўсепланетнай сістэмы.

 

Адзін з лепшых вершаў пра каханне складаецца толькі з чатырох радкоў:            Пра месца ў жыцці, як дзеці,

Гадаем, думаем, снім.

Месца маё ў свеце –

Месца ў сэрцы тваім.

Сцверджаная паэтам “усепланетная сістэма любові”, трымаецца найперш на бязмежнай самаахвярнасці Маці, вобраз якой створаны з асаблівым драматычным лірызмам і сімвалічнай узвышанасцю.

Сканцэнтраваны ў паэтычных вобразах за некалькі год пасля смерці маці, пакутлівы матыў бяды і віны ўвасобіўся ў паэме “Заазер’е” — ліра-маналагічным творы, у якім жалоба і роздум узаемна абвастраюць і паглыбляюць гуманістычную аўтарскую канцэпцыю. Воблік роднага чалавека паўстае праз шчымліва-светлыя згадкі дзяцінства, успаміны пра трывожна-клапатлівае гасцяванне маці ў горадзе (“як яны там без мяне — тата, хата і карова?”), добрыя словы, што гаворацца на памінках “вясковаю ўсёю сябрынай”. Лагічным і трагічным падагульненнем лёсу матулі ўспрымаецца заключная частка паэмы — некралог, напісаны не афіцыйнымі асобамі, а сынам, які ўспамінае матчыны вясковыя “пасады” і справы.

Паэтычнай звышзадачы твора — эпічнаму ўзвелічэнню народнага характару — добра служаць выкарыстаныя аўтарам абрады памінання, фальклорныя прыёмы галашэння, псіхалагічнага паралелізму, адухаўлення прыроды, жывёлы, рэчаў. Як заўсёды, бліскуча выкарыстоўвае А.Вярцінскі паўторы, анафары, пераасэнсаванне гучання і зместу слоў, што надае ім магічную сілу замовы, загадкавую таямнічасць.

Памяці маці прысвечана і паэма “Дажынкі”, у якой уздымаецца праблема міласэрнасці, увагі і павагі да жанчыны-працаўніцы. У адрозненне ад лірычнага маналогу, якім з’яўляецца паэма “Заазер’е”, “Дажынкі” — твор больш аб'ектывізаваны, сюжэтны, падзеі апісваюцца падрабязна і паслядоўна. Аўтар нібы імкнецца захаваць храналагічную дакладнасць, прасачыць кожны крок пакутніцкага шляху галоўнай гераіні Аксінні за два дні хваробы. Вялікая ўвага надаецца ўнутраным маналогам жанчыны, яе перажыванням і ўспамінам, лірычным адступленням.

Паэма “Даруйце!”, якая ў свой час выклікала неразуменне і нават раздражнёна-негатыўную ацэнку афіцыйнай крытыкі, увасобіла агульны для беларускай паэзіі 60-х гг. матыў віны і пакаяння (А.Куляшоў, П.Панчанка) у найбольш публіцыстычна абвостранай форме. Ацэньваючы з пазіцый маральнага максімалізму найперш уласную віну і адказнасць за ўвесь свет, паэт фармулюе закон захавання чалавечай сутнасці, які дзейнічае ў любым грамадстве і нават у самы неспрыяльны час:

 

Сумленне — заўсёды

на лаўцы падсудных.

Само сябе садзіць,

само сябе судзіць.

Тым самым ратуе

яно сваю сутнасць ...

Усе мы за ўсіх

і ўсё ў адказе,

і ўсе вінаваты

ва ўсякім разе.

Паэме шкодзіла празмернае нагнятанне эмоцый, клічных інтанацый, змяшэнне высокага і сентыментальна-чуллівага стыляў, аднак грамадзянская ідэя яе была надзвычай мужнай і сумленнай, як і ў вершы “Пасмяротна рэабілітаваным”, напісаным у 1964 годзе і, на жаль, не апублікаваным у тагачасных зборніках. У вершы віна перад лепшымі сынамі народа ўсведамляецца больш канкрэтна, ён у многім дапаўняе пафасна-ўзнёслую паэму “Даруйце!”

Вершам А.Вярцінскага 60-х гг., якія не ўвайшлі ў тагачасныя зборнікі і былі апублікаваны пазней, уласцівы выразна выяўлены сацыяльны падтэкст і алегорыя (“Казка пра белага бычка”, “Перасцярога”, “Не дражніце гусей”, “Вялікі атракцыён”). Аўтар пратэставаў супраць “пакорнасці сляпой”, моцнага “статкавага” пачатку, заклікаў берагчы і паважаць асобу, індывідуальнасць.

Зборнікі А.Вярцінскага 70-х гадоў (“З'яўленне”, 1975; “Час першых зорак”, 1976; “Ветрана”, 1979) — працяг і творчае развіццё набыткаў паэзіі шасцідзесятых.

Сутнасны для паэта канфлікт дабра і зла, чалавечнасці і жорсткасці, любові і нянавісці вырашаецца па меры ўзрастання абстрагаванасці і філасофскага абагульнення, выводзіцца ў вялікія прасторава-часавыя абсягі, даследуецца з пазіцый агульначалавечых этычных і культурных традыцый. Паэтычны свет А.Вярцінскага ўзбагачаецца не толькі за кошт далейшага засваення асноў народнай духоўнасці (“Цётка плакала па ўсім свеце”), але і за кошт выкарыстання маральна-філасофскага вопыту антычнай міфалогіі (“Варыяцыі на тэму “Гефест — друг Праметэя”) і кітайскай філасофіі, усходняй рэлігіі (“Каментарый да карана”), пашыраецца змястоўнымі гістарычнымі паралелямі (“Адлучэнне Талстога ад царквы”) і новымі прасторавымі ўяўленнямі (“3 польскіх уражанняў”, “Балгарыі”, “Драугістэ”, амерыканскі цыкл вершаў).

У той час, калі афіцыйна дазволеная грамадзянскасць знаходзіла сваё ўвасабленне ва ўслаўляльна-сцвярджальным, уяўна-наступальным выказванні, крытычны пафас якога не падымаўся вышэй традыцыйнага бічавання мяшчанства і проціпастаўлення яму наіўна-ідэалізаванай, бязгрэшнай асобы лірычнага героя, А.Вярцінскі звярнуўся да вечных агульначалавечых тэм, да пошуку самага істотнага ў жыцці і характары чалавека. Заканамерна, што такая творчая арыентацыя прывяла да далейшага ўзмацнення рацыянальнага пачатку і павелічэння сэнсавызначальнай ролі падтэксту, асацыяцыі, актыўнага выкарыстання лагічных канструкцый, сілагізмаў. Паэтычная думка ўсё часцей увасабляецца ў форме чыста "мысліцельных" катэгорый, А.Вярцінскі імкнецца не толькі інтуітыўна “намацаць”, пазначыць, але і сфармуляваць заканамернасці, па якіх жыве свет (“Закон шчодрасці”, “Вясновы закон”, “Ёсць сіла — будзе справа”, “Любоў адкрывае скарбы”). Паэт знаходзіць галоўны закон гарманічнага існавання чалавецтва — закон любові як дзейснай і актыўнай сілы, якая ўзвышае і вядзе наперад.

 

— Што значыць дарогу ў жыцці не згубіць?

— Любіць.

— Што значыць зямное шчасце здабыць?

— Любіць,

 

У самой лагічнай выверанасці, разумнай дакладнасці, якімі вызначаецца паэзія А.Вярцінскага, дзейнічае закон эстэтычнай гармоніі, вялікай стваральнай сілы прыгажосці.

Маштабнасць паэтычнага мыслення, бездакорны эстэтычны густ і глыбіня асацыятыўнага падтэксту вызначаюць верш “З’яўленне” — адзін з лепшых у аднайменным зборніку. Велічная і ўнутрана напружаная інтанацыя зачыну, выдатна падкрэсленая анафарай, падрыхтоўвае да таго, што павінна адбыцца незвычайна важная падзея, якую бласлаўляе сусвет:

 

З'яўленне зор і сонца ў вышыні.

З'яўленне сокаў з глыбіні карэння.

З'яўленне траў у веснавыя дні...

I вось тваё, і вось маё з'яўлснне.

 

Паэт не раскрывае сэнс гэтага з'яўлення, аб якім дамовіліся “глыбіні цёмныя і залатыя высі”, а дае чытачу магчымасць самастойна пазнаць, хто ці што прыйшло “як ранняе святло”: жанчына, краса, ісціна, паэзія, каханне? Гэты асацыятыўны рад можна свабодна дапаўняць іншымі эмацыянальна блізкімі сэнсавобразамі, якія складаюць аснову мастацкага свету А.Вярцінскага і аб'яднаны адным ключавым паняццем — дабро.

Карані такога касмаганічнага імкнення да ідэалу можна знайсці ва светаўспрыманні творцаў Адраджэння, якія ўславілі дзейсную сілу любові і прыгажосць чалавечай душы. 3 антычнасці і Адраджэння, кандэнсуючы ў сабе лепшыя здабыткі чалавечага розуму, існуе архетып самаахвярнай любові — вобраз Праметэя, увасоблены ў творах Авідыя і Кальдэрона, Вальтэра, Гётэ, Байрана і Камю, Э.Межэлайціса, Ю.Марцінкявічуса, М.Карыма. Як і папярэднікам, А.Вярцінскаму вобраз Праметэя дапамагае ўвасобіць ідэю духоўнага разняволення і ўнутранай гармоніі чалавека. Выратавальны агонь — “агонь любві... нябеснай ці зямной”, якая перамагае цемру і смерць, эгаізм і страх, надае высокі сэнс зямному існаванню. Ахвярнасць Праметэя, на першы погляд, абсурдная:

 

“Арол піць будзе кроў тваю!”

“Арла таго я палюблю...”

“Святла пазбаўлю, асляплю!”

“А я змрок вечны палюблю...”

 

Праметэй у А.Вярцінскага нясе ў сабе нейкую пасіўнасць, непрыймальную безабароннасць перад сіламі зла. Гэтым трактоўка вобраза адрозніваецца ад класічнай і, у прыватнасці, ад канцэпцыі Чалавека ў Э.Межэлайціса, аўтара цэлай тэорыі праметэізму як актыўнага дабра.

А.Вярцінскі настойліва і бескампрамісна дзеліць людзей на “праметэяў” і “непраметэяў”. Імкненне самаахвярна служыць людзям аб’ядноўвае многіх, здавалася б, непадобных герояў ягонай лірыкі: маці і сціплых вясковых жанчын, герояў Вялікай Айчыннай вайны і ахвяраў рэпрэсій, Праметэя і ўкрыжаванага Спартака. Агульнае ў гэтых характарах — светланосны пачатак, які, паводле А.Вярцінскага, вызначае сапраўдную сутнасць асобы. Лагер “непраметэяў” таксама немалы: мяшчане і зайздроснікі, Гефест і бяздушныя ваяўнічыя хунвэйбіны. Гэта асяродак цемры, якая, аднак, ніколі не зможа перамагчы святло і дабрату.

Да праметэеўскага архетыпу ўзведзены А.Вярцінскім і вобраз сонца ў паэме “Начны бераг”, прысвечанай сур’ёзным філасофскім праблемам: гармонія чалавека і прыроды, сэнс жыцця і мэта творчасці.

Моцны дыдактычны пафас творчасці А.Вярцінскага заканамерна прывёў да пашырэння ў ёй жанру прытчы, для якога ўласціва перавага інтэлектуальнага элемента над вобразным, пэўная зададзенасць сканструяваных сітуацый, апасродкаваная праекцыя на жыццёвы вопыт чалавека (“Каментарый да карана”", “Тры браты”). Прытчы А.Вярцінскага канцэнтруюць у сабе роздум паэта над сапраўднай і ўяўнай прыгажосцю, крытэрыямі маральнай дасканаласці (“Дурман”). У іх выразна адчуваецца схаваны за алегорыяй публіцыстычны напал: пратэст супраць самазаспакоенасці і інертнасці (“Арол галодны і сыты”), заклік бачыць за матэрыяльнымі каштоўнасцямі духоўную вартасць іх творцаў (“Мы, мёд і пчала”). Прытчы створаны А.Вярцінскім у адпаведнасці з законам класічнага жанру, аднак паэт дадае да іх сваё, адметнае — стыль іранічнага рацыяналізму, афарыстычную дакладнасць слова.

Прыкметнай асаблівасцю паэзіі А.Вярцінскага стала і пераасэнсаванне багаццяў вуснай народнай творчасці, асабліва прыказак і прымавак.

Кніга “Ветрана” (1979), у самой назве якой — трывога і надзея на абнаўленне, сведчыла пра далейшае паглыбленне ў філасофска-медытатыўную сферу, узмацненне абстрагаванасці і інтэлектуальна-культуралагічнай насычанасці паэтычнага слова. Гістарычныя паралелі, аналогіі, факты, якія раней узнаўляліся ў вершах непасрэдна, цяпер існуюць у падтэксце, актывізуючы думку чытача, ствараючы непаўторную атмасферу праніклівай дапытлівасці і ўнутрана-засяроджанага роздуму. Новым, больш драматычным гуманістычным падтэкстам напаўняецца і ключавое для паэта паняцце любові як філасофскай асновы быцця:

 

Любоў нараджае не толькі дзяцей.

Любоў нараджае не толькі надзеі.

Любоў апрача дзяцей і надзей

прыносіць сумненні і падзенні.

Свету явіўшы плады залатыя,

самазнішчае яна сябе, і разам з ёю

знішчаюцца тыя, хто яе носіць...

Рэчыўнасць, пластычнасць амаль поўнасцю знікае з мастацкай палітры А.Вярцінскага, канкрэтна-зрокавы вобраз, калі ён зрэдку і з'яўляецца ў вершы, служыць толькі штуршком для паэтычнай медытацыі. Затое ўзбагачаюцца магчымасці асацыятыўнага верша, без якога паэт, па яго прызнанні, не ўяўляе развіццё нашай літаратуры. Мастацкая ўмоўнасць у А.Вярцінскага — вынік творчай эвалюцыі паэта, сведчанне высокай культуры паэтычнага мыслення, звернутага да даследавання філасофскага вобраза сучаснасці. Анатоль Вярцінскі ведае самыя складаныя формы іншасказання, шматзначнасці, у якіх цэнтральны вобраз-перажыванне вынікае з асацыятыўнага збліжэння з’яў і паняццяў, знешне часта далёкіх і несуадносных. Умоўнасцю такога роду адзначаны цэнтральны твор кнігі — паэма “Колькі лет, колькі зім!” (першая назва “Усе чатыры вятры”), дзе грамадска-палітычныя праблемы знаходзяцца ў такім дыялектычным адзінстве з філасофіяй, гісторыяй, светам асобы, эквівалент якому — само жыццё. Паэма ўяўляе сабой, па словах М.Арочкі, арыгінальны камбінавана-мантажны тып буйнога паэтычнага твора, надзвычай разгалінаванага, ледзь не глабальна-шматахопнага, і складаецца з асобных маналогаў (Ф.Багушэвіча, Напалеона, чэрвеньскай навальніцы), гістарычных і геаграфічных экскурсаў (“Апошні дождж камунара Мільера”, “Абмен надвор’ем жартам і ўсур’ёз), філасофскіх эцюдаў і рэфлексій на маральна-этычныя тэмы, дзённікавых запісаў. Пэўная фрагментарнасць, знешняя выпадковасць тэматыкі стварае ўражанне несупыннай і непрадказальнай плыні жыцця, у якім на самой справе складана адрозніць істотнае ад дробязнага. Паэт збліжае часавыя і прасторавыя вымярэнні, рознамаштабныя падзеі і аб'ядноўвае іх па прынцыпе кантрапункта вядучым матывам вятроў стагоддзя , у якіх гучаць змястоўныя рэмінісцэнцыі з класічнай літаратуры (“Слова пра паход Ігаравы”, паэмы А.Блока і інш.). “Паэма надвор’я”, як вызначае яе жанр сам аўтар, выдатна перадае атмасферу часу, неабходнасць веснавога абнаўлення, навальнічнага ачышчэння і нясе вядучую ідэю актыўнай адказнасці чалавека за чысціню сваёй душы і клімат агульнага жыцця, “за лёс наш адзіны зямны”.

Адметнай адзнакай творчай манеры А.Вярцінскага з’яўляюцца гумар, дасціпная іронія, сарказм — якасці, што арганічна спалучаюцца з рацыянальным, інтэлектуальна заглыбленым даследаваннем жыцця. Асабліва ўзмацнілася гэтая рыса ў кнізе “Ветрана” (цыклы “Смешныя вершы”, “Лясныя прымаўкі”). Публіцыстычная вастрыня праблематыкі ў А.Вярцінскага часта паглыбляецца і адцяняецца шматзначнай і тонкай іроніяй, гульнёй у слова (“Не будзе для свету вялікім ударам, калі станеш блытаць катарсіс з катарам, Сезана з сезамам, а “макра” з “мікра”...). Нярэдка асновай для публіцыстычнага вобраза, прасякнутага іроніяй і сарказмам, становяцца эпіграфы — канкрэтныя факты з газет, прыказкі, прымаўкі і г.д. Так, штуршком для верша “Свята на бабровых тонях” стала газетная заметка, у якой паведамлялася, што “ўдасканаленыя пасткі для лоўлі баброў больш зручныя як для паляўнічых, так і для самога звярка”. Іранічна ўслаўляючы НТР (“весела ў пастку бабёр папёр...”), А.Вярцінскі нязмушана накіроўвае думку чытача на экалагічныя праблемы.

Пра імкненне А.Вярцінскага да пашырэння жанравых абсягаў творчасці, цікавасць да сцэнічнага ўвасаблення паэтычнага слова, схільнасць да яго драматызацыі сведчаць вершы-зонгі з лібрэта оперы па матывах аповесці В.Быкава”"Воўчая зграя і п’есы для дзяцей “Дзякуй, вялікае дзякуй” і “Скажы сваё імя, салдат”. П’есы А.Вярцінскага наватарскія па мастацкім увасабленні тэм, маюць добрыя сцэнічныя якасці і з поспехам ідуць на сцэне Дзяржаўнага тэатра лялек Беларусі.

А.Вярцінскі — з тых мастакоў, якія патрабавальна і прынцыпова ставяцца да сваёй творчасці і не спяшаюцца выносіць на суд чытача новыя кнігі. Апошні зборнік выбраных твораў паэта “Хлопчык глядзіць” (1992), складзены ашчадна і самакрытычна, уключае сапраўды лепшае з напісанага аўтарам. Вершы А.Вярцінскага дазваляюць зрабіць выснову аб устойлівасці яго эстэтычнай сістэмы, яе заўсёднай зарыентаванасці на маральна-этычную і філасофскую праблематыку, на ідэалы духоўнасці і дабра. “Верх мудрасці нашай — гэта ўсё ж дабрыня”, — не стамляецца паўтараць паэт. А.Вярцінскі актыўна выкарыстоўвае знойдзеныя раней ідэйна-мастацкія прыёмы: сацыяльную алегорыю і прытчавасць, інтанацыйную гнуткасць фразы і выразны гукапіс, афарыстычную сцісласць верша:

 

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

Маральны самы, самы натуральны

пачатак гэты вось жыццесцвярджальны.

Інакш — якая ад жыцця карысць?

Тварыць!

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, —

Тварыць!

 

Побач з уласцівай сучаснай беларускай паэзіі тэндэнцыяй да публіцыстычнай актыўнасці слова, у сучаснай творчасці А.Вярцінскага вылучаюцца новыя і адметныя тэндэнцыі. Мацнее імкненне да асваення розных жанраў паэзіі (оды, байкі, вершы-прысвячэнні), тэндэнцыя да празаізацыі паэтычнага слова. А.Вярцінскі адзін з першых у беларускай літаратуры стварыў новы жанр прозапаэзіі (“Яблыня ў горадзе”, “Ствараецца новая казка...”, “Ода магчымасцям мірнага жыцця...”), для якога характэрны свабодны пераход ад вершаванай да празаічнай мовы, сціранне ўмоўных жанравых межаў.

Новыя тэндэнцыі ў творчай эвалюцыі Вярцінскага дазваляюць прагназаваць яго зварот да эпічных, празаічных жанраў ці драматургіі (тым больш, што ў колішнім інтэрв’ю з А.Гардзіцкім сам паэт гаварыў пра задумы п’ес, раманаў, пра тое, што жанравае абнаўленне для яго — “пошук самога сябе”).

 

 

ЯНКА СІПАКОЎ

Творчасць Я.Сіпакова, аб якім даследчык Д.Санюк гаворыць як аб “унікальнай творчай індывідуальнасці”1, дае арыгінальны прыклад суіснавання і ўзаемаўзбагачэння двух розных родаў літаратуры – эпасу і лірыкі, прычым як у паэтычнай, так і ў празаічнай форме. Глыбокая інтэлектуальнасць яго творчасці вынікае з ведання фальклору, міфалогіі, гісторыі народаў свету і ўвасабляецца ў надзвычай шырокай жанравай палітры, якая ўключае і класічныя формы, напісаныя сілаба-танічным вершам (санеты, трыялеты, балады), і верлібр, і прозу (лірычныя мініяцюры, апавяданні, аповесці), і публіцыстыку (нарысы, артыкулы). Аднак якімі б разнастайнымі па родава-жанравым выяўленні ні былі яго творы, па ўзрушана-рамантычным адчуванні жыцця ён застаецца паэтам. “Паэтычнасць светаадчування вызначае стылявую дамінанту вершаў, апавяданняў, аповесцей, нарысаў Я.Сіпакова і адпаведна – месца гэтага пісьменніка як прадстаўніка лірычнага напрамку ў сучаснай беларускай літаратуры.”2

Янка (Іван Данілавіч Сіпакоў) нарадзіўся 15 студзеня 1936 г. у в.Зубарэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. За сувязь з партызанамі яго бацькі былі закатаваны ў гестапа, а шасцігадовы Іван і дзве яго сястры засталіся сіротамі і выхоўваліся ў цёткі. Сваю аўтабіяграфію паэт назваў “Замаразкі на першацвет” і падкрэсліваў, што, на яго думку, фарміраванне біяграфіі закачваецца разам з дзяцінствам, а далей чалавек толькі развівае тое, што закладзена з малых год. Магчыма, так адбываецца не ў кожнага, але характар Я.Сіпакова і сапраўды вызначыла трагедыя дзяцінства – вайна, якая дала яму праз лёс бацькоў трагічны ўрок грамадзянскасці і гуманізму, што праз усё жыццё вызначала жыццёвую і творчую пазіцыю паэта.

Пісаць вершы Я.Сіпакоў пачаў у школьным узросце, а надрукаваў першы верш у раённай газеце ў 16 гадоў. Яшчэ ў школьныя гады ён стаў працаваць паштальёнам, каб матэрыяльна дапамагаць сям’і, затым скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дзе вучыўся разам з А.Вярцінскім, Р.Барадуліным, М.Стральцовым і іншымі прадстаўнікамі “філалагічнага” пакалення, шліфуючы ва ўзаемадачыненнях свой талент. Затым працаваў у часопісах “Вожык”, “Маладосць”, “Беларусь”, выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя”.

Аўтар зборнікаў паэзіі “Сонечны дождж” (1960), “Лірычны вырай” (1965), “Дзень” (1968), “З вясны ў лета” (1972), “Веча славянскіх балад” (1973, Дзяржаўная прэмія БССР), “У поўдзень, да вады” (1976), “Вочы ў вочы” (1978), “Усміхніся мне” (1984), паэм у прозе “Ахвярны двор” (1991), прытчаў “Тыя, што ідуць” (1993), аповесцей і апавяданняў “Крыло цішыні” (1976), “Жанчына сярод мужчын” (1980), “Усе мы з хат” (1982), “Спадзяванне на радасць” (1983), “Пяць струн” (1984), “Сад людзей” (1985), “Журба ў стылі рэтра” (1990).

Дамінантай лірычнага характару ў паэзіі Я.Сіпакова з’яўляецца душэўнасць, прага дабрыні і ўзаемаразумення, трывога за чалавека. Сцвярджаючы гуманістычныя ідэалы, паэт нібы бярэ на сябе боль другога чалавека:

Дзе нам баліць, там і душа,

З душы ўвесь чалавек сатканы.

Дзе нам баліць, там ідуша:

З душы ўвесь чалавек сабраны.

Мы адчуваем нечакана:

Дзе нам баліць, там і душа.

Таму чым большая душа, –

Даўжэй шчымяць і ныюць раны.

Дзе нам баліць, там і душа:

З душы ўвесь чалавек сабраны.

 

Гэты верш Я.Сіпакова напісаны ў форме трыялета – васьмірадкоўя, у якім два першыя і два апошнія, а таксама першы і чацвёрты радок аднолькавыя. Асаблівая, сэнсавая рытмічная нагрузка падае, такім чынам, на радок, які паўтараецца тройчы (адсюль і назва “трыялет”). Апорны радок у трыялеце Я.Сіпакова перадае балючую трывогу за чалавека, ахвярны сэнс яго прадназначэння ў свеце.

Класічная “цвёрдая” форма надае гэтаму вершу Я.Сіпакова асаблівую кампазіцыйную строгасць, выверанасць, гармонію. Калі ўспомніць, што ў музычнай актаве таксама восем нот і паспрабаваць суаднесці кожны радок з пэўнай нотай, можна нават пачуць мелодыю гэтага верша, у якім так шчымліва перададзены душэўны стан лірычнага героя.

Сугучны па настроі, замесце і ідэі і наступны трыялет Я.Сіпакова:

 

Не ведаю, што робіцца са мной:

Ад дабраты я плачу чалавечай,

Заўсёды плачу ад спагады нечай –

Не ведаю, што робіцца са мной!

А крыўда не ўгінае мае плечы,

Не нікну перад подласцю самой...

Не ведаю, што робіцца са мной –

Ад дабраты я плачу чалавечай.

 

Тут апорны радок прымушае задумацца над тым, што дабрата і спагада, на жаль, сустракаюцца ў чалавечых узаемаадносінах не часцей, чым крыўда і подласць. З крыўдай і подласцю чалавек вымушаны змагацца, а вось дабрату і спагаду трэба ўмець заўважаць і цаніць, што бывае рэдка. Таму расчуленасць і сляза паэта вельмі зразумелыя і выклікаюць шчырае разумення чытача.

У творчасці Я.Сіпакова жывуць спагада да чалавека, звера, расліны – спадчынная, традыцыйная рыса беларускай літаратуры – вызначаючы характар лірычнага героя яго паэзіі.

Прыхільнасць Я.Сіпакова да строгіх класічных форм, многімі стагоддзямі развіцця сусветнай літаратуры, выражаецца і ў звароце да больш складанай формы санета – чатырнаццацірадковага верша, напісанага ямбам, у якім спалучаюцца два чатырохрадкоўі і два трохрадкоўі, аб’яднаныя пэўнай рыфмоўкай (звычайна рыфмаграма санета наступная: абба абба ввг дгд). Як зазначыў М.Багдановіч, у першых васьмі радках развіваецца тэма, а ў наступных робіцца заключэнне. Асаблівая сэнсавая нагрузка прыпадае на апошні радок санета (“санетны замок”), нават на яго апошняе слова. Я.Сіпакоў, звяртаючыся да гэтай класічнай формы верша, ужывае яшчэ болей складаную структуру – вянок, у які ўваходзяць 15 санетаў. Як кветкі ў вянку, гэтыя творы пераплятаюцца радкамі: кожны санет пачынаецца апошнім радком (“замком”) папярэдняга твора. Пятнаццаты санет (магістрал) складаецца з першых радкоў папярэдніх санетаў.

Абраўшы такую вытанчаную і прыгожую форму, Я.Сіпакоў прысвячае яе, натуральна, жанчыне. Вянок санетаў “Жанчына” ўзвышае яе на вышыню ідэалу, услаўляючы дабрыню, красу, каханне, высокае прадназначэнне жанчыны ў свеце. Вось магістрал гэтага вянка:

Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх

Няма нічога ласкавей на свеце.

З’яднала нас прырода удваіх,

У мы дабрэем пры табе, як дзеці

 

Тваё жыццё – як бліскавіцы міг,

Твая усмешка век нам цёпла свеціць.

Спяшаем да цябе з нягод усіх,

Як на кругі свае спяшае вецер.

 

А ты – святая, як сама любоў –

Раджала фараонаў і рабоў,

Каб жыццядайнасць не магла спыніцца.

 

Ты – маці, жонка; ты – дачка, сястра,

Твая заўсёды гожая пара.

Дазволь, жанчына, у ногі пакланіцца.

 

Арыгінальнасць гэтага санета, як і вянка санетаў Я.Сіпакова, не ў змесце (ідэя вершаў даволі простая: выказаць удзячнасць жанчыне), а ў незвычайнай форме. Аднак ніхто не будзе аспрэчваць і важнасць звычайнага добрага, спагаднага слова.

Папулярнасць санета ў беларускай паэзіі яўна павялічваецца (М.Танк, П.Макаль, С.Шах, З.Марозаў і інш.), і трэба заўважыць, што гэтая форма пераважна захоўвае змест, прадназначаны ёй гісторыяй (санет узнік у ХІІІ ст. у Італіі і спачатку выкарыстоўвашся тоьлкі для выказвання інтымных пачуццяў), хоць нярэдка напаўняецца і філасофскімі разважаннямі. Традыцыйным інтымным зместам, напрыклад, прасякнуты цыкл санетаў П.Макаля “Таемны покліч пекнаты”.

У творчай манеры паэта нечакана суіснуюць палярныя формы верша: класічныя “цвёрдыя” жанры і сучасная разняволеная форма верлібра (свабодны ад рыфмы і традыцыйнага памеру верш, у аснове рытму якога – чаргаванне аднатыпных вершаваных інтанацыйна-сэнсавых перыядаў). Верлібр з’яўляецца тыповым для Я.Сіпакова спосабам паэтычнага мыслення.

 

Марозікам пахне капуста,

Жаўруковаю песняй – яблык,

Вераснем – сопкая бульба,

Расой – агурок крамяны,

Селядзец – глыбінёй акіяна,

Сонцам – акраец хлеба,

Ветрам і небам – піва...

А стол пахне добрай вячэрай.

Прыходзь да мяне, свет, вячэраць!

 

У гэтым вершы спалучаюцца канкрэтна-пачуццёвыя вобразы (стравы) з умоўна-асацыятыўнымі (яблык пахне жаўруковай песняй). Умоўнае запрашэнне ўсяго свету на вячэру перадае шырыню душы лірычнага героя і яго аптымістычнае светаадчуванне, усмешлівы, лагодны настрой, цэльнасць натуры.

Верлібры, у адрозненне ад класічных форм, сведчылі пра наяўнасць рацыянальнага пачатку у прыродзе таленту Я.Сіпакова і яго схільнасць да прозы.

Вынікам арганічнага суіснавання лірычнага і эпічнага спосабаў адлюстравання свету і паглыблення гістарычнага мыслення Я.Сіпакова стала незвычайная для беларускай літаратуры кніга “Веча славянскіх балад”, якая стала галоўнай кнігай паэта і заслужыла справядліва высокую ацэнку даследчыкаў. У “Веча славянскіх балад” увайшло 96 балад самых розных славянскіх народаў, некаторыя з якіх ужо не існуюць. Паэт асэнсоўвае ў мастацкай форме гісторыю славянства, заглыбляючыся паслядоўна ў кожнае стагоддзе, пачынаючы з ХХ ст. і заканчваючы І ст. (праславянская балада). На канкрэтных гістарычных сітуацыях паэт паказвае сутнасць славянскага характару і славянскага феномену ўвогуле ў сусветнай гісторыі.

Я.Сіпакоў сведчыў, што задума кнігі выспела тады, калі ён нечакана адкрыў для сябе, што славяне на працягу ўсёй сваёй гісторыі амаль ніколі не нападалі самі, а ўвесь час бараніліся ад ваяўнічых захопнікаў.1 Крыніцай матэрыялу для паэта быў найперш фальклор розных народаў, а таксама кнігі і даведнікі па гісторыі. Аднак фактычны матэрыял неабходна было асабіста пераасэнсаваць, і тут паэту як найлепш прыдаўся жанр балады – невялікага ліра-эпічнага твора, у якім праз напружаны сюжэт перадаецца легендарна-гераічны або казачна-фантастычны свет. У баладах А.Сіпакова асаблівая, незвычайная атмасфера, узвышаная танальнасць, моцная пачуццёвая аснова, якая ўтварае адзінае з чытачом эмацыянальнае поле.

У баладзе “Грунвальд” ярка ўвасоблена ідэя аб’яднання славян у барацьбе супраць агульнага ворага – немцаў-“крыжакоў”:

 

Клінам войска гордым

На багной паляне

Расшчапляюць ордэн

Рыцарскі славяне.

 

Каб было вядома,

Дзе свае яскрава, –

Па пучку саломы

Пачапілі славы.

 

Ордэн ціха вяне,

Тонуць воі ў твані...

І куды ні глянеш –

Скрозь адны славяне.

 

Аднаўляючы паэтычным словам гераічныя падзеі XV ст., Янка Сіпакоў захоўвае жанравыя адзнакі балады: рамантычны пафас, значнасць апісаных падзей, дынамізм сюжэту.

Як і балада «Грунвальд», балада «Урок» напісана на гістарычнай аснове і расказвае пра рэальны факт расстрэлу гітлераўскімі захопнікамі трохсот вучняў разам з настаўнікам Мілае Паўловічам (успамін, у сувязі з гэтым такі ж лёс рэальнага польскага настаўніка Януша Корчака і героя аповесці «Сотнікаў» В.Быкава настаўніка Алеся Іванавіча Мароза, лёс многіх светароў, якія загінулі разам з тымі, каго вучылі дабру.

Урок

Сербская балада. ХХ стагоддзе

 

“Пуцайце, я і сада држым час”1, –

словы Мілае Паўловіча, настаўніка

з Крагуевацца, сказаныя фашыстам,

калі яны расстрэльвалі 300 школь-

нікаў...

Дзеці, супакойцеся,

Мы правядзём сягоння з вамі

Апошні свой урок...

Па-першае, давайце мы паўторым

Мінулае.

Хто ведае, скажыце мне,

Што значыць радасць, воля, смех, Радзіма?

О, столькі рук –

Засвоілі вы добра урок мінулы.

А цяпер давайце запішам тэму новага урока...

Прабачце, не запішам, а запомнім.

Увага, Глішыч! Не глядзі спалохана

На аўтаматы...

Не круціся...

Значыць, тэма:

“Звяры дваццатага стагоддзя”.

Мэта:

Вас навучыць хачу я ненавідзець

Такіх звяроў...

 

Страляйце ж крывасмокі!

 

Чакаеце...

Ну што ж, тады прадоўжым

Урок наш, дзеці... Перад вамі экспанаты,

Не выкапнёвыя – жывыя экспанаты

І жорсткасці, і трусасці звярынай:

Яны ж баяцца нават вас, малечы, –

Безабаронных,

Вяснушчатых,

Кволых,

Хоць кулачкі адны – ўся ваша зброя...

Цішэй, не шморгай носам, Йовановіч!

Баяцца...

А таму, зірніце, абчапляўшыся

Гранатамі,

Нажамі,

Кулямётамі,

З дзяцьмі ваююць смела, неданоскі...

Не чысці, Крсціч, у фашыста боты –

На іх дыміцца кроў тваіх бацькоў...

 

Страляйце ж, ваўкаўё!

 

Марудзяць кулі...

Пойдзем тады далей,

Каб лепей разабрацца ў нашай тэме.

Звярніце ўвагу, дзеці:

У фашыстаў

Тупыя, абыякавыя твары,

А ў галаве пустой

(Хоць і такой вялікай!)

Не хопіць месца і маленькай думцы...

Не плач на ўроку, чуеш, Мілаевіч!..

Зірніце:

Вось – вышэйшай расы людзі,

Ніжэйшыя па думках за жывёлу,

Бо нават і ў сабачаняці вашага,

Вы помніце,

Якая мордачка разумная была...

Урок вы зразумелі, дзеці?

Можа,

Пытанні ў каго будуць? Задавайце.

Бо зараз зазвініць званок...

 

Званок той быў чаргою кулямётнай, –

Яго ўжо дзеці не змаглі пачуць...

 

Гэтая балада творча пераплятаецца з “Рэквіемам” па кожным чацвёртым А.Вярцінскага.

Кніга “Веча славянскіх балад” Я.Сіпакова вылучае агульнае ў славянскім характары: гуманізм, дабрату і ахвярнасць, нязломнасць у самых трагічных гістарычных сітуацыях.

Падобная ідэя вызначае і змест паэмы “Одзіум”, прысвечанай чарнобыльскай трагедыі. Твор, напісаны на мяжы паэзіі і прозы, стаў значнай з’явай у беларускай літаратуры, засведчыўшы той факт, што творчая індывідуальнасць Я.Сіпакова аднолькава свабодна выяўляецца і ў паэтычных, і ў празаічных жанрах. І ўсё ж Я.Сіпакоў – перш за ўсё паэт па спосабе рамантычнага ўспрымання жыцця.

 

 

ПЯТРУСЬ МАКАЛЬ

Паэзія П.Макаля вызначаецца філасофскай глыбінёй думкі, інтэлектуальнай вытанчанасцю, імкненнем не толькі да вобразнай канстатацыі, але і да сур’ёзнага аналізу з’яў рэчаіснасці, публіцыстычнай вастрынёй пастаўленых праблем, якія даследуюцца ў вершах, дасканалых па форме, адметных па прыёмах стварэння вобраза, меладычных і мілагучных. Паэт умела “абжываў” у вершах свет звычайных прадметаў, рэчаў, якія пад яго пяром раскрывалі зусім нечаканы сэнс, становячыся сімваламі, знакамі, “кодамі” чалавечага роздуму і перажывання. Вершы П.Макаля даюць класічныя ўзоры віртуознага выкарыстання гукапісу, рыфмы, унутранага сугучча слоў і паэтычнага сінтаксісу.

Пятро Міхайлавіч Макаль нарадзіўся 23 жніўня 1932 г. ў вёсцы Крушыняны Беластоцкага ваяводства (цяпер Польша) ў сялянскай сям’і. У 1964 г. яго бацька быў рэпрэсіраваны і высланы ў Комі АССР, а сям’я пераехала на Гродзеншчыну. І хоць напачатку жыццёвага шляху П.Макаль абраў тэхнічную прафесію, паступіўшы ў Гродзенскі будаўнічы тэхнікум, натура юнака з маланства была паэтычная, і ў пятнаццацігадовым узросце ён надрукаваў у абласной газеце “Гродзенская праўда” свой першы верш. Захапленне літаратурай прывяло яго на вучобу ў Гродзенскі педінстытут, а затым на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў у рэдакцыях газеты “Літаратура і мастацтва”, часопіса “Маладосць”, выдавецтве “Мастацкая літаратура”, а з 1983 г. стала займаўся толькі творчасцю. Дзень нараджэння і дзень смерці паэта аддзяляюць усяго толькі 6 дзён – П.Макаль раптоўна памёр 31 жніўня 1996 г. Творчая спадчыны П.Макаля ўражвае як якасцю, так і колькасцю кніг: “Першы след” (1955), “Вятрам насустрач” (1958), “Вечны агонь” (1960), “Круглы стол” (1964), “Акно” (1967), “Дотык да зямлі” (1975), “Поле” (1977, прэмія імя А.Куляшова), “Заручыны” (1979), “Смак яблыка” (1981, Дзяржаўная прэмія імя Я.Купалы), “Калыска долі” (1984), “Асенняя пошта лістоты” (1987), “Азбука любві” (1989), “Лада” (1992), “Твар і душа” (1995).

Духоўныя далягляды героя лірыкі П. Макаля неабсяжныя і азораныя святлом сучаснасці. Ён імкнуўся асэнсаваць гісторыю, «дуэль дабра і зла», і папярэдзіць апошні пажар на зямлі, вітаў дэмакратычныя змены ў грамадстве, ад якіх у позірках людзей «вышыня адбіваецца». У душы яго звінелі «званы людскіх трывог» – рэха вайны і сумленне чалавецтва, змагаліся супярэчнасці жыцця, клікалі да спасціжэння высокага рэальнасць і мара. Менавіта актыўнасць духоўнага пошуку дапамагала лірычнаму герою П. Макаля адчуваць сябе «працягам вялікага бяссоння праваты», паўнапраўным звяном у ланцугу пакаленняў, якое звязвае «надзейным словам... наш дзень з наступным днём». Канцэпцыя лірычнага героя П. Макаля вызначаецца гуманістычнай глыбінёй.

Цэнтральным вобразам паэзіі П. Макаля з'яўляецца вобраз аратага і сяўбы. Вернасць долі аратага паэт падкрэсліваў вершамі ў кодным паэтычным зборніку. Асабліва ярка гэта выявілася ў кнізе «Асенняя пошта лістоты». У першым раздзеле — «Крокі» — лірычны герой ідзе за плугам, «вырастае з баразны», каб у наступным, у «Верасовым полымі», цешыцца ўраджаем.

Вобраз аратага, з якім «цэлы сусвет... дзеліць зямныя турботы», па сімвалічнай узбуйненасці ў П. Макаля нагадвае межэлайцісаўскага чалавека: «На галаве — неба, а на нагах — боты, якія мне дорыць глеба». I клопаты ў яго адпаведныя — звязаць баразною, нібы струною, поле i небасхіл, пасеяць «надзею на добрае», дабегчы «глыбокаю разорынаю да сонца». Вобраз яркі, створаны ў лепшых традыцыях гуманістычнай літаратуры, але вобраз далека не новы як у лірыцы П. Макаля, так i ў беларускай паэзіі наогул. Значыць, патрабуецца яго лірычная актывізацыя, «падсветка» новымі паэтычнымі знаходкамі, новымі ідэямі.

І П. Макаль нязменна іх знаходзіць. Сяўба — гэта заўсёды трывога i надзея, таму як заканамернасць успрымаецца ўзмацненне драматычнага светаадчування лірычнага героя, душа якога, «бядою вымытая», па вышыні «нясцерпна смягне». Сяўба — гэта філасофія жыцця, таму i засяроджаны сталы роздум аб тым, «што у страце не заўжды бяда, i не заўжды ў набытку — радасць», таксама арганічна ўспрымаецца ў кантэксце яго паэзіі. I рамантычны ўзлёт інтымнай лірыкі (увогуле для П. Макаля не надта характэрны) — верш «Ёсць у кахання...» — нездарма будуецца на «сялянскай вобразнасці, якая «небам i зямлёю пахне»: «ты дай мне, ноч, сярпом маладзіковым дажаць маёй любові паласу». Усе мэтанакіравана «працуе» на адзіную канцэпцыю лірычнага героя.

Крыху нечаканым і ўсё ж даволі арганічным для П. Макаля з'яўляецца цыкл вершаў «Кухонная кантата». Ад «сялянскай арыентацыі» яго паэзіі ідзе рэчыўнасць, сакавітая пластычнасць, жывапісная яркасць aпicaння страў, удала адцененая крыху скептычнай усмешкай. У адным з ранніх вершаў П. Макаля прадметы хатняга ўжытку выступалі ўпачварным, пагражальным выглядзе, што, як справядліва заўважыў А. Лойка, спрашчала праблему адноciн чалавека да жыцця i, у прыватнасці, да рэчаў. Сёння адбылася пераакцэнтацыя матываў. Стол, лыжка, талеркі і iншае — не толькі неабходныя чалавеку рэчы, але і сродак асэнсавання і матэрыяльнага быцця, і чалавечай сутнасці: «нажы -–як людзі: з іх адзін – сякач, другі – натхнёны творца». Многія вершы цыкла адметныя такой значнасцю думкі.

Для П. Макаля ўласціва імкненне сфармуляваць філасофскія заканамернасці, якія звязваюць абстрактныя паняцці. Адсюль ідуць тыповыя для паэта прыёмы разважання: «яснасць, ты сталасці ўласнасць», «адсутнасць — заўсёды падсуднасць»; пераўвасаблення ў сімвалічныя вобразы: «я — ручай...», прынцыпы лірычнай кампазіцыі, калі эмпірычнае разважанне заканчваецца абстрактным заклікам або зваротам. Форма, знойдзеная аднойчы паэтам, можа быць найбольш зручнай для развіцця яго паэтычнай ідэi, таму не дзіўна, што паэт паўтарае аднойчы знойдзенае.

Верш «Звон» П. Макаля – адзін з самых моцных па паэтычнай ідэі. У ім паэт віртуозна выкарыстоўвае магчымасці гукапісу: «Вы адкуль? — Мы — ад куль. Мы — з вайны. Мы званы». Праўда, гэтыя радкі выкарыстоўваліся і ў ранейшых творах паэта, як і сам прыём сэнсавага збліжэння слоў, блізкіх па гучанні.

Вызначальным для паэзіі П. Макаля з'яўляюцца інтэлектуальная сіла верша, ідэйна-тэматычнае багацце і эстэтычная пераканальнасць лірыкі. Ці частае ў нашай «пагоні за даляглядам» такое майстэрства верша:

 

Я адкрываў

у гэтай пагоні

галактьгкі гордыя гарадоў,

пажатыя полымем жытнія гоні,

роспач cipoт i смутак удоў.

 

Гэтыя радкі заварожваюць веліччу інтанацыі, майстэрству гукапісу.

Драматычная паэма «Людзі i гузікі» патрабуе размовы асобнай i грунтоўнай. Haпicaная паводле апавядання А. Маравія «Помнік» (1944), паэма П. Макаля аналізуе карані i антыгуманную сутнасць фашызму, трывожна папярэджвае аб небяспецы яго адраджэння, абараняе дэмакратыю i правы асобы на свабоднае, творчае развіццё. П. Макаль выключна глыбока зразумеў i прыроду таленту A. Mapaвія (сам італьянскі пісьменнік прызнаваўся, што яго «цягне» да твораў з выразнай тэатральнай структурай, хоць ніколі не пicaў п’ес), i тое, што засталося ў падтэксце апавядання, i гістарычныя перспектывы, якіх А. Маравія не мог бачыць. П. Макаль максімальна блізкі да тэксту апавядання, узнаўляючы тыя ж рэаліі часу: гузікі, зробленыя з чалавечых касцей, канцэнтрацыйныя лагеры, газавыя камеры. Захаваны i важнейшыя для разумення ідэі«разважанні» гіда аб сутнасці фашызму, дакладна перададзены ipoнiя і сарказм, якія вызначаюць атмасферу апавядання «Помнік». Разам з тым П.Макаль ні ў ідэі, нi ў форме паэмы не паўтарае А. Маравія. Калі апавяданне напісана ў форме дыялогу «я — гід», то у паэме з’яўляюцца новыя дзеючыя асобы: Герой, Сяброўка, Кантралёр, Натоўп, які лёгка выстройваецца ў свастыку, i Галасы «сумлення іпраўды людской», што пратэстуюць супраць дэгуманізацыі жыцця.

 

 

АЛЕСЬ РАЗАНАЎ

 

Адметнасць, выключная глыбіня і непаўторнасць паэтычнага таленту А.Разанава прызнаны не толькі ў Беларусі. Без гэтага імені сёння нельга ўявіць сабе еўрапейскую паэзію ўвогуле: яго творы выдаюцца і атрымалі прызнанне ў Расіі, Германіі, Літве, Латвіі, Балгарыі і ўсіх славянскіх краінах. Нездарма нямецкі даследчык Хорст Ролінг сказаў, што з А. Разанавым беларуская літаратура дасягае еўрапейскага маштабу. Калі можна пра асобу сказаць: “чалавек сусвету”, то А. Разанаў – паэт сусвету, і не па фармальных прыкметах папулярнасці, а па сучаснасці і глабальным маштабе мыслення, па незвычайнай для любога іншага мастака культурнай і, у прыватнасці, філалагічнай эрудыцыі, па здольнасці адшукваць і пераствараць глыбінны сэнс слова ў агульначалавечым філасофскім і культуралагічным кантэксце. З самага пачатку творчай дзейнасці імя А. Разанава было сінонімам наватарства, адметнасці і абсалютнай унікальнасці паэтычнага голасу. І ў спробе спасцігнуць яго непаўторнасць трэба ставіць адметную задачу: калі ў гаворцы пра паэтаў мы імкнуліся вызначыць, чым творчась аднаго аўтара адрозніваецца ад іншых, то ў дадзеным выпадку будзем імкнуцца зразумець і адчуць душою нязнанае, нязвыклае, таемнае, далучыцца да высокага палёту думкі і “ўпісаць” паэзію А. Разанава ў вядомую нам беларускую нацыянальную літаратурную традыцыю.

Аляксандр Сцяпанавіч Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці, Надзея Іванаўна, усё жыццё займалася самай высакароднай з прафесій – была фельчарам-акушэркай. Ёй прысвечана паэма А. Разанава “У поцемках, з ліхтаром”, святлом мацярынскай душы азораны жыццёвы шлях паэта. Бацька паэта, Сцяпан Іванавіч. у вайну быў партызанам, трапіў у канцэнтрацыйныя лагеры Заксенхаўзен і Маўтхаўзен, дзе, як ні дзіўна, ён пачаў пісаць вершы: відаць, нечалавечыя ўмовы існавання абудзілі роздум пра сэнс жыцця. неабходнасць споведзі і прагу прыгажосці. Паэтычны дар ад бацькі перадаўся Алесю, які ўжо з шостага класа актыўна выступаў з вершамі ў рэспубліканскіх дзіцячых часопісах і газетах.

Калі А. Разанаў быў яшчэ старшакласнікам вясковай школы, яго вершы былі надрукаваны ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. А. Вярцінскі, які тады быў рэдактарам гэтай газеты. успамінаў, што ўражанне ад гэтых твораў было такое, як ад сустрэчы з цудам.

Скончыўшы школу з медалём, А. Разанаў вучыўся на філалагічным факультэце спачатку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, затым у Брэсцкім педагагічным інстытуце. У 1970 годзе, калі А. Разанаў ужо працаваў настаўнікам у вясковай школе, выйшла яго першая кніга “Адраджэнне”, наватарская па зместу і форме, у якой аўтар заявіў сваё творчае крэда:

Я маю права

ўсё закрэсліць

і потым

нанава пачаць[8].

 

З 1972 г. А.Разанаў прафесійна займаецца літаратурнай дзейнасцю: працуе ў рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, выдавецтве “Мастацкая літаратура”, часопісе “Крыніца”, Скарынаўскім цэнтры.

А.Разанаў – аўтар кніг “Назаўжды” (1974), “Каардынаты быцця” (1976), “Шлях – 360” (1981), “Вастрыё стралы” (1988), “У горадзе валадарыць Рагвалод” (1992), “Паляванне ў райскай даліне”, “Рэчаіснасць” (1998), “Танец з вужакамі” (1999, выбранае).

Актыўная ўласная паэтычная творчасць узаемадзейнічае з перакладчыцкай дзейнасцю і ўзбагачаецца праз яе: А.Разанаў многа перакладае з нямецкай, англійскай, польскай, чэшскай, балгарскай, латышскай, грузінскай і іншых моў Свету. Складае анталогіі замежнай паэзіі. Гэта спрыяе інтэлектуальнаму ўзбагачэнню асобы, робіць аўтара дасведчаным у сусветнай мастацкай культуры, дазваляе пераасэнсоўваць моўныя паралелі, заглыбляцца ў сэнс і гучанне слоў.

А.Разанаў – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1991 г.) за кнігу “Вастрыё стралы”. З 2001 г. паэт жыве ў Германіі і займаецца творчай працай.

З першых кніг А.Разанаў выявіў непаўторную індывідуальнасць не столькі праз форму, колькі праз змест твораў, адзначаных гістарызмам мыслення, рамантычным пафасам пошуку гармоніі і справядлівасці, узнёсласцю пачуцця. Гэтым, а таксама трагедыйнасцю аўтарскага адчування нацыянальнай гісторыі, вершы А.Разанава “Радзіма”, “Рагнеда”, “Арышт Кастуся Каліноўскага” і яго балады лучацца з традыцыямі Купалы і Багдановіча.

Пачынаючы з кнігі “Назаўжды”, кожны наступны зборнік твораў А.Разанава быў адметны не толькі асацыятыўнасцю мыслення, глыбінёй філасофскіх разваг, але і адкрыццём новых, нязвыклых для беларускай літаратуры вершаваных форм. У кнізе “Назаўжды” гэта пункціры – невялікія (часцей 5-6 радкоў) лірычныя мініяцюры, якія не малююць, а хутчэй пазначаюць абрысы, арыенціры вобраза, тонкай графічнай лініяй падкрэсліваюць адну думку, фіксуюць пачуццё. І тым самым выконваюць сваё прадназначэнне: адключаюць чытача да творчасці, даючы штуршок яго разважанням, чаму сказана менавіта так:

 

Не вернецца воін,

вандроўнік не вернецца,

вернецца сейбіт...

Заўсёды

вяртаецца сейбіт.

 

Крытыкі, якія часта цытуюць гэты верш, бачаць у яго аснове парадокс. Аднак тут хутчэй выяўленне заканамернасцей жыцця: доля воіна – забіваць ці быць забітым, вандроўніка – шукаць зменлівую мэту. І адно і другое нясе ў сабе пагрозу шляху ў нікуды, і толькі доля сейбіта прадугледжвае вяртанне, бо пра зерне ў глебе трэба клапаціцца ў надзеі на ўраджай. І толькі доля сейбіта шчаслівая, бо заключае ў сабе веру ў вечнасць (на гэтую выснову скіроўвае слова “заўсёды”, вынесенае ў асобны радок). Пункцір воін-вандроўнік-сейбіт выклікае змястоўныя асацыятыўныя вобразы і філасофскія развагі пра сэнс чалавечага жыцця.

Многія пункціры і на самой справе грунтуюцца на парадоксах, аднак толькі знешніх, якія падштурхоўваюць чытача да выяўлення заканамернасцей:

Сцежка па-над абрывам:

па ёй прывабна ісці,

на ёй кожны крок

змястоўны.

 

Кожнаму чалавеку знаёмая парадаксальна прыцягальная сіла небяспечнай сітуацыі, таму канкрэтна-пачуццёвая аснова гэтага вобраза вельмі моцная, аднак з яе вырастае ўмоўна-асацыятыўны план: сцежка па-над абрывам – жыццёвы шлях чалавека, які не павінен баяцца рызыкі, калі мае перад сабой высокую мэту. Сцежка пад абрывам – гэта і шлях самога паэта-наватара, бунтара і змагара.

У лаканічных, гранічна сканцэнтарваных радках пункціраў амаль заўсёды ёсць паўторы ключавых слоў. У першым з працытаваных твораў чатыры разы паўтораны дзеяслоў “вяртацца” стварае адчуванне руху і акцэнтуе ідэю твора, у другім пункціры паўтор таксама падкрэслівае галоўны вобраз жыццёвага шляху. Абавязковае ў разанаўскіх пункцірах і вынясенне ключавых слоў ў асобны радок – гэта стварае графічнае ўражанне перарывістай лініі, што ўзмацняе ўздзеянне твора.

Наватарскай і нязвыклай для беларускай літаратуры была кніга паэм А.Разанава “Каардынаты быцця”, якая дазволіла крытыкам папракаць аўтара за следаванне прынцыпам заходняга мадэрнізму. Аднак, даючы высокую ацэнку смеламу эксперыменту А.Разанава па стварэнні новага вобразу свету, даследчыца яго творчасці Г.Кісліцына адзначае, што агульнай з мадэрнісцкай канцэпцыяй быцця была “сама адмова ад прынцыпу адлюстравання і замена яго прынцыпам стварэння новай рэальнасці.

 

Запісаныя на вадзе,

на воблаках спадарожных,

на вольным дыме, на кветках,

гайдаюцца і жывуць

нашы метапытанні

і нашы метаадказы,

абняўшыя, быццам дужкі,

сабою ўсю рэчаіснасць,

якая заўсёды з намі,

што азначае – аднойчы... –

 

такім бачыцца паэту свет у “Паэме святла”.1

Прынцып стварэння свету сапраўды мадэрнісцкі, але каардынаты яго канкрэтныя і зразумелыя кожнаму: вобраз бацькі, фальклор (“Паэма рыбіны”), асоба і творчасць М.Багдановіча (“Паэма вяхі), сусветная міфалогія (“Паэма калодзежа”).

Кніга “Шлях-360”, назву якой даследчыкі вызначалі як “шлях ад нараджэння да смерці, панараму быцця” (Г.Адамовіч), “замкнёны круг вяртання да Я” (А.Сідарэвіч), пацвердзіла нязвыкласць разанаўскага глыбокага інтэлектуалізму і дала ўзор новага жанру паэзіі – квантэмы. Назва гэтай адкрытай А.Разанавым вершаванай формы – ад слоў “квант паэтычнай энергіі” (Я.Гарадніцкі). Гэта хутчэй не завершаны паэтычны твор, а імпульс да творчасці чытача.

сам-насам з незавершанасцю

што

пярэчыць перамогам

бездань ззаду.

 

Наўмысная фрагментарнасць твора, “вырванасць” яго з актыўнага інтэлектуальнага пошуку падкрэсліваецца тым, што пачынаецца ён з малой літары і не мае знакаў прыпынку (між іншым, гэтая распаўсюджаная ў сусветнай літаратуры традыцыя ідзе яшчэ ад французскага паэта Апалінэра). Даследчыца Г.Кісліцына адзначае, што рытмічная арганізацыя квантэмы “будуецца на ўліку колькасці часу, неабходнага для сэнсаакцэнтаванага вымаўлення слова ці групы слоў”[9] і, заўважаючы сувязь такой формы вершаскладання з фальклорам, лічыць непатрэбнымі ў дадзеным выпадку знакі прыпынку, якія маглі б парушыць сувязь паміж словамі. Дададзім, што чытач, спасцігаючы сэнс верша, усё роўна вымушаны вызначыць яго інтанацыйную будову і, робячы гэта самастойна, становіцца сааўтарам паэта. Сапраўды, ключавое слова “што” можа ўяўляцца злучальным словам, а можа азначаць зададзенае сабе і свету пытанне. Такая шматзначнасць робіць глыбінным, бяздонным сэнс апошняга мікравобраза верша. Бездань ззаду – гэта пераадоленыя цяжкасці, трагедыі свету і асобы ці надзея на будучае, якая грунтуецца на невычэрпным вопыце мінулага? Незавершанасць і павінна пярэчыць перамогам, каб чалавек не спыняўся ў сваім шляху наперад. У тым ліку і незавершанасць квантэм, у “загадкавай цьмянасці” якіх, па словах У.Калесніка, “невычэрпнасць і паэтычнасць”.[10]

Кніга “Вастрыё стралы” была адметная найперш тым, што ў ёй дамінавала яшчэ адна надзвычай ёмістая для ўвасаблення філасофскага зместу форма – версэт. Трэба зазначыць, што версэт мае ў беларускай літаратуры даўнюю традыцыю, да яго звярталіся Я.Колас, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., М.Гарэцкі, сустракаецца ён і ў творчасці сучаснікаў (У.Арлоў, У.Някляеў і інш.).

Версэт – твор прытчавага, шматзначна-павучальнага характару, які па-філасофску пераасэнсоўвае свет звычайных рэчаў і паняццяў.

Версэт “Палёт стралы” цэнтральны ў кнізе, што падкрэсліваецца пераклічкай назваў.

 

Напружваецца цеціва: паўакруж-

                  насць лука ўраўнаважваецца паўак-

                        ружнасцю цецівы.

 

                           Упарцься, лук!

                           Супрацьдзенічай, цеціва!

                           Вы ўтрымліваеце ў сабе звышвый-

                        сце: палёт стралы.

 

                           Я ў хаты ўваходзіў і з хат выходзіў,

                        уваходзіў у гарады і выходзіў з іх – і

                        ўсё адно апынаўся то ў паўкружнасці

                        дня, то ў паўкружнасці ночы, самім

                        сваім існаваннем дзелячы свет надвое і

                        з’ядноўваючы іх у адно.

 

                           Пакуль я жыву, я абкружаны не-

                         бакраем,

                           пакуль я жыву, я не магу дасягнуць

                         небакраю:

                           ён – там, дзе спынюся,

                           ён – там, дзе ўпаду.

                           Жыццё ідзе кругам, вяртаючыся да

                         пачатку,

                            смерць – нацянькі.

 

                           І ляціць нацянькі страла, выніка-

                         ючы безупынна з сябе самое, вызваля-

                         ючыся ад сябе самое, каб зрэшты

                         зрабіцца палётам самім.

 

У гэтым версэце, як і ў большасці іншых, гаворка ідзе ад першай асобы. Аўтар асэнсоўвае ўнутраны змест прадметаў – лука і стралы, якія сімвалізуюць супрацьдзеянне, барацьбу і рух. Адначасова асэнсоўваецца лёс чалавека, які, як і страла ў луку, жыве ў паўкружжах дня, ночы, небакраю. Асацыятыўнымі сувязямі (паўкружжа і прамая) звязаны канкрэтныя і абстрактныя паняцці, развагі пра жыццё і смерць.

Версэт складаецца з пяці сінтаксічных перыядаў, якія ствараюць яго рытмічную карціну. Апошні з іх падагульняе разважанні і замацоўвае вывад: страла – чалавек, які ў няспешным палёце імкнецца, урэшце, да вышэйшых духоўных сфер.

У версэтах выразна выявілася індывідуальная асаблівасць стылю А.Разанава – ён не карыстаецца асобнымі метафарамі, эпітэтамі, параўнаннямі, метафара для яго – арганічны спосаб паэтычнага мыслення.

Кніга “У горадзе валадарыць Рагвалод” адметная з’яўленнем чарговай нечаканай формы верша, які набліжаецца ў ёй да свайго антыпода – прозы. Гэта вершаказы, у якіх няма лірычнага героя, звыклых вобразна-выяўленчых сродкаў, а рытмастваральнымі адзінкамі выступае чаргаванне сінтаксічных перыядаў, паўторы, інверсі і аднолькавая (ці блізкая) будова фраз. Але вершаказ мае магутны ўласны сродак паэтычнай выразнасці: увагу да гучання і ўнутранага сэнсу слоў, марфем, складоў. Адшукваючы і асэнсоўваючы іх супадзенні ў розных словах (часам значымыя, часам, на першы погляд, выпадковыя), паэт стварае ўласную карціну свету.

 


Дата добавления: 2018-04-05; просмотров: 1628; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!