Беларускі в е ц е р сланяецца па све-



                           це, пераціраючы пацяруху і цярэбячы

                           вецце дрэў.

 

Рускі в е т е р нясе ўсім привет.

 

Польскі w i a t r  ветэран: яго аповеды

вартыя веры.

 

Палабскі v o t r мае непаўторны во-

дар, але гэты водар закаркаваны ў ста-

годдзях.

 

Ніжнялужыцкі w j e t š знявечаны:

нікога не чапаючы, ён чакае, калі ўста-

люецца вечар, які схавае яго ад ста-

ронніх вачэй і старонніх спачуванняў.

 

Славенскі v e t e r надзімае ветразі ў

Ядранскім (Адрыятычным) моры.

 

Славацкі v i e t o r трымаецца аднаго

вектару, на ўсе астатнія накладаючы

вета.

 

Чэшскі v í t r з аднолькавай цікавас-

цю зазірае ў вітрыны і ў вітражы.

 

Македонскі в е т а р інтравертны:

ён вандруе ўнутры адной прасторы, адной

тэрыторыі.

 

Стараславянскі в ђ т р, як бог, мае

тры твары: адзін – для хмараў-аблокаў,

другі – для зямной паверхні ітрэці –

для мора.

 

Нямецкі W i n d працуе: ён круціць

крылы ў вентылятараў і ў ветракоў.

 

Латышскі v ē j š увішны: калі непа-

гадзь – свішча, калі пагода – сушыць

развешаную бялізну.

(“Вецер”)

 

У дванаццаці асобных сказах (лічба з часоў язычніцтва, вядома, магічная) увесь час перагукваюцца словы, збліжаючыся не толькі гучаннем, але і сэнсам (votr – водар, veter – ветразь, vitr – вітрыны і вітраж, Wind – вентылятар і г.д.), што з’яўляецца дадатковым і вельмі дзейсным вобразна-выяўленчым сродкам. Паэт стварае своеасаблівыя пераканальныя нацыянальныя архетыпы, з якіх складаецца карціна свету.

Мова па сутнасці сваёй метафарычная, аднак толькі А. Разанаву даступны ў такой меры яе ўнутраныя, схаваныя часам багацці. Да таго ж паэт умее і мае права ствараць іх сам.

Пчала ніколі не чапае сама, але

калі нехта чапае яе альбо той церам, у

якім жытлуе яе радзіна, яна не шкадуе

жыцця, караючы – і лечачы ад сва-

волі – крыўдзіцеля, апякаючы яго

сваім роспачным пацалункам.

 

Пчала – чалядніца працы, і на ча-

ле летняга дня, ведучы яго за сабою,

яна вылятае ў поле, у луг, у сад, це-

шачы іх сваім прылётам, тым, што па-

чаўся дзень і што яна, пчала, пачала

паломнічаць.

 

Увесь дзень пчала зносіць у вулей,

у яго каморы, падпечкі і ночвы, праз

яго чалеснікі і атворы тое, што яна

возьме ў поля, у луга, у саду, – узя-

так, і тое, што яны ёй дадуць, – узда-

так, адводзячы адпачынку ноч.

 

Пчалу нельга забіваць: яна –

пЧАЛа, у ёй захоўваецца чалавечы па-

чатак, і людзі шануюць яе, як чалавека.

 

Пчала мае справу з самымі прыго-

жымі, з самымі чулымі, з самымі дух-

мянымі стварэннямі – кветкамі, але ў

глыбіні яе існавання тоіцца плач.

                                          (“Пчала”)

 

Пчала – чалядніца, паломніца, у ёй ЧАЛавечы пачатак, але яна і плач. Так асэнсоўваецца слова, і праз яго – агульначалавечая гуманістычная ідэя адзінства сусвету. Вершаказ увесь пабудаваны на алітэрацыях і асанансах, якія нават немагчыма з яго вылучыць. Можна толькі чарговы раз здзівіцца высокаму майстэрству аўтара.

Непаўторнасць стылю А. Разанава відавочная. Аднак яго творчасць абапіраецца на традыцыі Купалы і Багдановіча, унутрана звязана з філасофскай глыбінёй і агульнакультурнай асновай паэзіі М. Танка, з паэтыкай танкаўскага верлібра, з прытчавасцю вершаў А. Вярцінскага і яго ўвагай да ўнутраных моўных паралеляў і гучання слоў. Ды і да А.Разанава ідзе цэлае пакаленне, якое працягвае ўжо яго традыцыі: А. Сыс, А. Мінкін, А. Глобус, В. Слінко, Ю. Пацюпа, Ю. Гумянюк і інў.

Калі дазволіць сабе рызыкоўную справу пайсці следам за Алесем Разанавым у пераасэнсаванні гучання слоў, то і ў яго прозвішчы можна ўбачыць наканаванне. РАЗ – толькі аднойчы нараджаюцца асобы такога маштабу ў нашай паэзіі. Толькі Разанаву ўдаецца разразаць тканіну слова, не парушаючы яго жывога адзінства, і знаходзіць у глыбінях нечаканы, але абсалютна абгрунтаваны сэнс. Раз – яго эксперымент з вершам, энергічны, трагічны, як удар стралы, якая не можа спыніць, змяніць напрамак палёту і паўтарыць яго. АЛЕ – нездарма яго завуць Алесь. Ніякія спробы пераймання яго манеры не дадуць плёну, бо такая індывідуальнасць непаўторная. Адзінае, што належыць пераймаць, – імкненне да пошуку і творчай незалежнасці.

 

РАІСА БАРАВІКОВА

З імем гэтай паэткі, нават з яе нязменна прыгожым праз многія гады знешнім воблікам і голасам, звязана ўражанне прасветленасці, пяшчоты, рамантычна-ўзнёслых адносін да жыцця, эмацыянальнасці і высокай усхваляванасці, якая не можа стрымлівацца ніякімі побытавымі межамі. Такая яна і ў сваёй творчасці, да якой можна без залішняй аглядкі на ўмоўнасць тэрміну прымяніць эпітэт жаночая паэзія. Азначэнне гэтае ў дадзеным выпадку мае высокае ацэначнае значэнне, бо творчасць Р. Баравіковай вызначаецца выразным гуманістычным пафасам, высакароднасцю і мудрасцю, эстэтычнай змястоўнасцю і разнастайнасцю. Працуючы ў межах традыцыйнай беларускай паэзіі, якая грунтуецца на фальклорнай аснове, класічным сілаба-танічным рыфмаваным вершы-маналогу, Р. Баравікова здолела стварыць адметны лірычны характар, раскрыць глыбіні чалавечай душы ў яе разнастайных праявах.

Раіса Андрэеўна Баравікова нарадзілася 11 мая 1947 года ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна. Як і ўсе, для каго паэтычная творчасць стала ў будучым справай жыцця, рана пачала пісаць вершы, якія былі апублікаваны ў раённай газеце, калі аўтарцы споўнілася 13 гадоў. Бярозаўскае літаратурнае аб’яднанне дало шчаслівы старт многім вядомым паэтам, у ліку якіх равеснікі-землякі А. Разанаў і Р. Баравікова, творчыя індывідуальнасці якіх сфарміраваліся ў далейшым як зусім непадобныя, хутчэй палярныя з’явы.

Р. Баравікова атрымала спецыяльнасць мастацкага перакладчыка ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве, затым працавала рэдактарам на кінастудыі “Беларусьфільм”, у газетах і часопісах, была галоўным рэдактарам часопіса для жанчын “Алеся”, а з 2002 г. узначальвае часопіс “Маладосць”, які пад яе кіраўніцтвам за кароткі час стаў адным з самых папулярных беларускіх выданняў.

Р. Баравікова – аўтарка зборнікаў “Рамонкавы бераг” (1974), “Слухаю сэрца” (1978), “Такое кароткае лета” (1981), “Адгукнуся голасам жалейкі” (1984), “Каханне” (1987, Дзяржаўная прэмія імя А. Куляшова), “Пад небам першага спаткання” (1990), “Люстэрка для самотнай” (1992, Дзяржаўная прэмія РБ імя Я. Купалы), кніг для дзяцей, гістарычнай драмы “Барбара Радзівіл”.

У паэзіі Р. Баравіковай створаны адметны жаночы лірычны характар, якому, у адрозненне ад актыўнага і рацыянальнага мужчынскага пачатку, уласцівы пачуццёвасць, мяккасць, абвостраная трывога за ўсё жывое ў свеце, дабрыня і безаглядная ахвярнасць, прага суладдзя і прыгажосці.

У індывідуальным светабачанні паэткі, па словах даследчыцы В.Шынкарэнкі, пераважае жаночы захоплена-сузіральны і адначасова маральна-павучальны падыход. Сапраўды, Р. Баравікова не перастварае свет (як, скажам, А. Разанаў), а адлюстроўвае яго праз люстэрка сваёй, часцей самотнай, душы.

Натуральна, што ідэйна-настраёвай дамінантай паэзіі Р. Баравіковай з’яўляецца тэма кахання, “самай высакароднай, самай узвышанай і самай індывідуальнай з пакут” (Ф. Энгельс). Каханне надае душы чалавека абвостраную, сусветную чуйнасць. актывізуе духоўны патэнцыял асобы, застаючыся “зернем і цэнтрам, на які навіваецца ўсякая паэтычная ніць” (А.Фет).

Інтымная лірыка была і застаецца асновай паэтычнага свету Р. Баравіковай, і крытыка высока яе ацэньвае. Т. Бондар у артыкуле “Чатыры спробы назваць таямніцу” нават расствіла “вехі кахання” па кнігах Р. Баравіковай: ад юнацкіх летуценняў да ўсведамлення адказнасці перад светам, ад упэўненасці ў абранніцтве да разумення складанасці і высокага прызначэння жыцця.

У вершах пра каханне Р. Баравікова можа ўздымацца і да філасофскіх абагульненняў:

Казаў мудрэц: яно – і нараканне,

і сонца, і пякучай цемры сплаў...

“Якія вочы мне дало каханне!”

але... спярша душу яму аддаў.

Гляджу на ўсё вачамі маладымі,

і гнеўнымі, і добрымі ўдвая...

Каханне і прынізіць, і... ўзніме,

пакуль у ім жыве душа мая.

                            

Гэты верш успрымаецца як слова мудрай жанчыны, за плячыма якой немалы і няпросты лёс. Аднак абстрагаваная форма, незвычайна спакойная для экспрэсіўнай Р. Баравіковай інтанацыя хутчэй выключэнне ці сведчанне ўнутранага патэнцыялу яе лірыкі.

Вобраз лірычнай гераіні Р. Баравіковай мае выразную біяграфічную аснову, за ёй – радасць і перажыванні, трагедыі і расчараванні паэткі, якая выбрала складаны шлях: выказванне ўласнага стану душы, увасабленне адценняў жывога, балючага, трапяткога пачуцця. Большасць вершаў яе інтымнай лірыкі разгараюцца “з цяпельца даўняга святла”, у іх – драматычны ўспамін аб былым каханні, “урок няспраўджанай надзеі”, адбалелая мара, па якой “сэрца сумаваць умее голасам пяшчоты і тугі”. Адзінота – стан душы, які, побач з іншымі, мае правы на эстэтычнае ўвасабленне, калі праз яго сцвярджаецца ідэя ўзаемаразумення, пошук духоўнай блізкасці. І хоць інтымная лірыка Р. Барадулінай часам падаецца крытыкам “адным доўгім вершам пра няшчаснае каханне” (Ф.Яфімаў), адзінства настрою, скразны матыў пачуцця з’яўляецца вартасцю лірыкі, бо праз яго сцвярджаецца цэласнасць і маральная прыгажосць асобы. Прайсці “на ўздых” ад кахання, а потым прасіць праз гады і расстанне:

Дазвольце мне вярнуцца

               з лістападу,

З завеі ці з дажджу ў

               будзённы час,

каб доўг аддаць у глыбіню

               пагляду, –

замоўчанае:

“Я КАХАЮ ВАС...”

 

У гэтым, як і ў балючым выдыху: “Без цябе нашто мне неба?” – асоба, душа. Руская паэтка Л.Васільева справядліва гаварыла: “Выплакванне, выказванне бязмежных пакут абсалютна неабходнае жаночаму паэтычнаму характару”.1 Усё ж мужчына і жанчына па-рознаму адчуваюць жыццё, мужчынская інтымная лірыка больш медытатыўная, спакойная, жаночая – экспрэсіўная і нават “надрыўная”.

 

І ўсё ж я не сказала: “Прэч!”,

хоць знала, што душой астынеш...

Дарма ў знак будучых сустрэч

садзіў шыпшыну пры даліне.

 

Не мне душу тваю караць,

будзь ласкавейшай з той,

                             што зараз

яшчэ не ўмее раўнаваць,

яна – твой суд і твая кара...

 

А мне разлука студзіць скронь –

не закліпнуцца б ва ўспаміне...

І палымнее, як агонь,

цвіце шыпшына пры даліне.

                                  (“Шыпшына пры даліне”)

 

Узяты з фальклору скразны вобраз шыпшыны, які пачынае і заканчвае верш, – сімвал калючай і яркай жаночай долі.

Матыў нешчаслівага кахання можа гучаць у Р. Баравіковай і больш спакойна, астыла (нездарма ж у першым радку – снег):

 

Зачэпіцца сонца за снежную горку,

і хлыне ў даліну патокам вада...

Забуду апошнюю нашу гаворку,

а ўсё-такі... нечага трошкі шкада.

 

Ніколі не выспее яблык дачасна,

за радасцю часта прыходзіць нуда,

сказаць не магу, каб была я няшчасна,

ды ўсё-такі... нечага трошкі шкада.

 

Бывае заўважу ў аконным праёме,

пытаюцца, хто ты – такая бяда! –

спакойна адказваю – проста знаёмы,

і ўсё-такі... нечага трошкі шкада.

         

У гэтым вершы – светлы сум, далікатная пяшчота, жаночая мудрасць і годнасць. Лірычная гераіня Р. Баравіковай мае прыгожую, тонкую душу, таму ёй уласціва падзея: “хто знаў каханне, пакахае зноў”. Вытанчанасць, прыгажосць, кампазіцыйную стройнасць гэтаму вершу, музычнаму па сваёй рытмічнай арганізацыі, надае тройчы, як заклён паўтораны рэфрэн, у якім адрозніваюцца кожны раз толькі спалучальныя і супраціўныя злучнікі “а”, “ды”, “і”.

Аднак Р.Баравікову цікавіць не толькі тэма кахання. У яе лірыцы натуральна і ўпэўнена гучаць філасофскія матывы.

Паэтэсу трывожаць той факт, што наш свет губляе нешта важнае, людзі радзей думаюць пра высокае і вечнае. Р.Баравікова праз трапную і ўзвышаную да мастацкага абагульнення дэталь умее перадаць шчымлівае пачуццё пра самае дарагое, роднае, страчанае ў далёкіх гадах. Хоць бы той пасаджаны дзедам на ўспамін ля дарогі куст язміну, што ўбачыла паэтэса з акна цягніка:

Цяпер той куст здаецца

                        дварняком,

што некалі ляцеў усім

                        пад ногі,

ён за любым бяжыць

                        таварняком,

бяжыць... і застаецца ля

                        дарогі.

 

Нязвыклы, смелы, але зрокава і псіхалагічна дакладны вобраз.

Паэтэса ўмее зразумець і па-мастацку перадаць святло сапраўднага таленту ў старэчых вачах (верш “Птушачка”), роспач маці, якая тры дні шукае ў чужым горадзе не надта ўважлівага сына (як многа гаворыць трапная дэталь: зморшчаны яблык упаў з кішэні – сыну везла...). Гэта сведчыць аб сапраўднай чалавечай сталасці, глыбіні душы.

Драме кахання, нялёгкаму лёсу жанчыны прысвечана паэма “Саламея” – пра нашу зямлячку, падарожніцу, лекарку, пісьменніцу ХVІІІ ст. Рэгіну-Саламею Русецкую-Пільштынову. У аснову твора пакладзены дзённікі Пільштыновай. Яны расказваюць аб прыгодах “доктара медыцыны”, якой выпала на жыццёвых шляхах нямала: замужжа ў чатарнаццацігадовым узросце, жыццё ў далёкім Стамбуле, смерць мужа, няўдачы і цудоўныя поспехі ва ўласнай лекарскай практыцы (дарэчы, яна з поспехам выкарыстовала метады народнай медыцыны), уцёкі ад дамаганняў вяльможнага прэтэндэнта на трон Венгрыі князя Ракачы, падарожжа ў Вену, Пецярбург і многае іншае. Як бачыце, падзей і канфліктаў тут больш чым дастаткова для драматычнай паэмы. Але, абраўшы менавіта такую форму, Р.Баравікова зусім не клапоціцца аб чысціні жанру, паэма – лірычны твор. За імем Саламеі, той, “што жыве з агню” кахання, лёгка ўгадваецца асоба самой паэтэсы. Ці не тыповыя для лірычнай гераіні Р. Баравіковай радкі:

 

...пакінь мяне, і я

                        дажджынкай

ўпаду, каханы, у сляды.

...Ах, гэта ноч... Як дыхае

                        спякотай!

Праклала поўня сцежку да

прысад.

Даруй, мой боль, нязвыклая

                        пяшчота

ўпусціла промнік радасці

                        ў пагляд.

...ты – як цяпельца пасля

                        доўгай стыні.

 

Захапленне хараством, стваральны пачатак, уласцівы жаночаму характару, выразна выяўляецца і у гераінь “аб’ектывізаванай” лірыкі Р. Баравіковай, напісанай не “пра сябе”, а пра высакародных, па-народнаму мудрых, цярплівых вясковых жанчын (“Успамін пра цётку Яню”, “Птушачка” і інш.).

Менавіта ў народным характары шукае Р. Баравікова адказ на тое, як трэба захоўваць жаночую годнасць у складаных драматычных паваротах асабістага жыцця:

 

Можа, кляў гаспадарку: гары яна гарам.

Можа, меў гостры зуб на суседа Кузьму.

І аднойчы, ускіпеўшы, яе ён ударыў,

і яна пакланілася нізка яму.

 

...І калі на вазок ён падсажваў другую,

у яе на вачах, як купец на карму, –

адвярнуўся ад слоў: «Як жа я давякую?!»

і яна пакланілася нізка яму.

 

А пасля лугавінай, нібы па кіліме,

да сялібы вяртаўся ён цераз зіму,

задыхаўся ад думкі: «А раптам не прыме?...»

і яна пакланілася нізка яму.

                              («Успамін пра цётку Яню»)

 

На такой вось жаночай цярплівасці і ахвярнасці трымаецца і сям'я, і свет. Адказ на пытанне, ці патрэбная такая пакорлівасць, дае тыповы для паэткі Р. Баравіковай тройчы паўтораны рэфрэн.

Мастацкую дасканаласць гэтаму невялікаму вершу надае прыём сінтаксічнага паралелізму, што падрэслівае фразы жанчыны і мужчыны, якія канцэнтруюць у сабе трывогу за ўесь жыццёвы лёс. Пачуццё адказнасці, мацнейшае ў жанчыны, не дае разбурыць гэты лёс. Народны па мудрасці, гэты верш народны і па форме – як дакладна падае напружанне і крыўдны сэнс сітуацыі параўнанне, узятае з фальклору: падсажваў другую на вазок, як купец на карму, г. зн. напаказ, ганарліва; вяртаўся праз зімовае поле, нібы па кіліме (дарога дадому нібы ўсцелена каштоўным дываном).

Такі ж прыгожы і характар гераіні верша «Птушачка»:


Дата добавления: 2018-04-05; просмотров: 366; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!