Трасянка як лінгвістычная з'ява
У сітуацыі двухмоўя на тэрыторыі Беларусі ўзнікла і функцыянуе такая лінгвістычная з’ява, як трасянка, прамежкавая форма змешанага маўлення, своеасаблівы моўны гібрыд. Назва ўяўляе тэрміналагічную метафару, створаную ў выніку пераносу зыходнага слова з бытавой сферы ў сферу лінгвістычнай тэрміналогіі. Трасянка – гэта сумесь сена з саломай для кармлення жывёлы, якая па якасці моцна саступала сену. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена, ён дадае салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і з’ядае трасянку. Сэнс «недабраякасная сумесь» і быў перанесены ў моўную сферу.
Што такое трасянка з лінгвістычнага пункту погляду? Гэта моўны прадукт, які ўзнік шляхам механічнага змешвання ў розных прапорцыях элементаў рускай і беларускай моў. Гэта сродак камунікацыі гарадскога насельніцтва Беларусі, русіфікаваны варыянт беларускай мовы. Ад літаратурнай мовы трасянку адрознівае поўная адсутнасць норм: беларуска-рускае маўленне не падпарадкоўваецца строгім правілам і ўяўляе сабой механічнае змяшэнне розных моўных элементаў. Акрамя таго, трасянка характарызуецца малой прадказальнасцю. З’яўленне тых ці іншых слоў у вялікай ступені залежыць ад канкрэтных умоў камунікацыі. Большасць лінгвістаў лічыць, што ў аснове трасянкі ляжыць руская лексіка і беларуская фанетыка, г.зн. рускія словы вымаўляюцца па законах беларускага маўлення. Параўн.: трас. гавару – рус. говорю – бел. кажу; трас. – заработаў – рус. заработал – бел. зарабіў. Сітуацыя двухмоўя патрабуе пэўных намаганняў пры засваенні норм рускай і беларускай літаратурнай моў. Значна лягчэй з пункту гледжання неадукаванага чалавека выкарыстоўваць своеасаблівы моўны «гібрыд». Часцей за ўсё трасянка ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы людзьмі, якія былі выхаваны ў вясковым асяроддзі і апынуліся ў горадзе ў сувязі з перасяленнем, павышэннем грамадскага статуса і інш. З’яўленне трасянкі абумоўліваецца некаторымі прычынамі. Яна ўзнікае найперш з неабходнасці падтрымання камунікацыі ва ўмовах абмежаваных кантактаў паміж карэнным беларускамоўным насельніцтвам, з аднаго боку, і рускамоўным адміністрацыйным чыноўніцтвам, што мае больш высокі грамадскі статус, з другога. Небывалая міграцыя вяскоўцаў у горад таксама пашырае сферу выкарыстання трасянкі, паколькі яна ўжо стала ўспрымацца як неабходны элемент гарадской моўнай сітуацыі.
|
|
Аднак ва ўспрыманні саміх носьбітаў трасянка ацэньваецца як «некультурная мова», бо напамінае пра іх вясковае паходжанне. У працэсе маўлення індывіда цяжка прадказаць, якія рысы беларускай і рускай моў будуць змешвацца, аднак найбольш устойлівымі застаюцца фанетычныя асаблівасці. Як з'ява выключна індывідуальная трасянка ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы так званым прамым метадам, гэта значыць у працэсе моўных зносін з носьбітамі, а не ў працэсе паступовага навучання. Дрэннаму валоданню другаснай моўнай сістэмай спадарожнічае пагарда і нянавісць да роднай мовы, яе лічаць асноўнай прычынай такога стану. У выніку разбураецца і валоданне першаснай сістэмай, таму становіцца складаным і маўленне па-беларуску. Такім чынам, трасянка – гэта паўмова, яна ненарматыўная, узнікае і функцыянуе стыхійна, рэалізуецца выключна ў вусным маўленні, пераважае ў гарадскіх сітуацыях камунікацыі.
|
|
Трасянка з’яўляецца на сучасным этапе дамінуючым маўленнем на Беларусі (на ёй размаўляе аля 70% насельніцтва). Чыстая беларуская літаратурная мова існуе, але яе можна часцей пачуць па радыё, тэлебачанні, у тэатры, а не ў паўсядзённым ужытку. Гэта, найперш звязана з адсутнасцю старых носьбітаў беларускай літаратурнай мовы. Уменне размаўляць на беларускай літаратурнай мове ў большасці яе носьбітаў выпрацоўваецца не ў працэсе індывідуальных кантактаў (дома, на вуліцы, на працы), а шляхам спецыяльнага навучання.
|
|
III. ЛІТАРАТУРА ПА ТЭМЕ ЗАНЯТКАЎ:
1. Беларуская мова: энцыклапедыя / Пад рэд. А.Я. Міхневіча; рэдкал. Б.І. Сачанка (гал. рэд.). – Мінск: БелЭН, 1994. – 655 с.
2. Курс беларускай мовы: падручнік / Л.І. Сямашка, І.Р. Шкраба, З.І. Бадзевіч. – Мінск: Універсітэцкае, 1996. – 654 с.
3. Лыч, Л. Гісторыя культуры Беларусі / Л. Лыч, У. Навіцкі. – Мінск: НКФ “Экапеспектыва”, 1996. – 453 с.
4. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Беларуская Энцыклапедыя; гал. рэд. Б.І. Сачанка. – Мінск: БелЭН, 1995. – 671 с.
5. Шакун, Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы: вучэбны дапаможнік / Л.М. Шакун. – 2-е выд., перапрац. – Мінск: Універсітэцкае, 1984. – 319 с.
Дата добавления: 2015-12-18; просмотров: 120; Мы поможем в написании вашей работы! |
Мы поможем в написании ваших работ!