ИСТОРИЧЕСКАЯ ДИНАМИКА И ДУХОВНАЯ КУЛЬТУРА ОБЩЕСТВА: РЕГИОНАЛЬНЫЙ И ГЛОБАЛЬНЫЙ КОНТЕКСТ



 

 

АСНОЎНЫЯ НАПРАМКІ І ФОРМЫ ДЗЕЙНАСЦІ

ПРАТЭСТАНЦКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ У БССР (1944–1985 гг.)

Балтрушэвіч Н.Г.,

УА “ВДМУ”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

 

За постсавецкія гады айчынная гістарычная навука дасягнула сур’ёзных вынікаў у пераадоленні негатыўных адносін да рэлігійнага светапогляду, пераасэнсаванні тых высноў па праблемах канфесій, якія не адпавядалі сучаснаму навуковаму ўзроўню і не ўлічвалі шырокае кола архіўных крыніц. Тым не менш, у сучаснай беларускай навуцы, нягледзячы на дастаткова актыўную распрацоўку гісторыі дзяржаўна-царкоўных адносін, многія аспекты гэтай праблемы застаюцца нявывучанымі. Адным з такіх з’яўляецца гісторыя пратэстанцкіх арганізацый у БССР.

Пратэстанцкія арганізацыі, якія з’явіліся ў Беларусі ў другой палове ХVI ст., маюць шматвяковую гісторыю [1, с. 568]. На сучасным этапе пратэстанцкія накірункі, якіх у краіне налічваецца 14, развіваюцца даволі хутка. Мадэрнізацыя дагматыкі, культу і абраднасці дазваляе пратэстантызму адаптавацца да грамадскіх працэсаў. У масавай свядомасці яго накірункі нярэдка характарызуюцца як дэструктыўныя, іх веравучэнне – непажаданая для Беларусі форма духоўнасці. У некаторай ступені гэта абумоўлена арганізацыйнай раздробленасцю пратэстантызму і неадназначным тлумачэннем хрысціянскіх дагматаў. Тым не менш, пратэстанцкія каштоўнасці арганічна ўваходзяць у жыццё грамадства, іх абшчыны больш памяркоўна прыстасоўваюцца да сучасных сацыякультурных і сацыяльна-эканамічных умоў, асаблівасцяў паўсядзённага жыцця людзей [2, с. 765]. Пратэстанты шмат увагі надзяляюць індывідуальнай рабоце з моладдзю, выкарыстоўваючы такія формы, як нядзельныя школы, правядзенне маладзёжных канферэнцый, семінараў, фестываляў духоўнай музыкі, летніх лагераў адпачынку і інш. У гэтым яны апярэджваюць традыцыйныя хрысціянскія канфесіі. Такім чынам, сёння колькасць пратэстантаў значная ўзрасла, яны актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх сферах жыцця Беларусі.

Асобым перыядам у гісторыі пратэстанцкіх арганізацый быў перыяд з 1944 па 1985 гг. Нягледзячы на адносную нешматлікасць вернікаў, пратэстанцкія арганізацыі БССР праводзілі актыўную дзейнасць па захаванні і павелічэнні сваіх прыхільнікаў. Пратэстанты аднымі з першых актыўна выступілі за дэмакратызацыю рэлігійнага жыцця, за адмену многіх палажэнняў савецкага заканадаўства ў галіне рэлігіі, якія абмяжоўвалі правы вернікаў.

У дзейнасці пратэстанцкіх арганізацый БССР у 1944-1985 гг. вылучаюцца два асноўныя напрамкі: рэлігійна-місіянерскі і грамадска-прававы. Яны пастаянна мяняліся пад уплывам знешніх і ўнутраных фактараў, прадугледжвалі выкарыстанне як дазволеных форм і метадаў дзейнасці, так і не дазволеных. Паміж легальнай і нелегальнай дзейнасцю пратэстанцкіх арганізацый не заўсёды можна вызначыць дакладную мяжу. Так, рэлігійна-місіянерская дзейнасць была скіравана на распаўсюджанне пратэстанцкай веры, прапаганду маральных каштоўнасцей і барацьбу з заганнымі з’явамі ў грамадстве. Асноўнымі яе формамі былі: прапаведніцкая дзейнасць на вуліцах, у малітоўных дамах, нядзельныя і евангельскія школы, біблейскія курсы, юнацкія і падлеткавыя гурткі, арганізаваныя хоры, аркестры. Акрамя гэтага, вернікі арганізоўвалі экскурсіі, бібліятэкі, збіралі сродкі для адраджэння малітоўных дамоў, выдавалі і распаўсюджвалі рэлігійную літаратуру, а галоўнае – ажыццяўлялі мэтанакіраваную індывідуальную работу, якая забяспечвала колькасную стабільнасць абшчын і вернікаў у пратэстанцкіх арганізацыях. Значную ролю ў захаванні пратэстанцкіх арганізацый адыгрывала сям’я, дзе з пакалення ў пакаленне перадаваліся пратэстанцкія каштоўнасці.

У абарону правоў грамадзян на свабоду веравызнання, супраць жорсткага адміністрацыйнага кантролю пратэстанты ажыццяўлялі грамадска-прававую дзейнасць, якая праходзіла ў два этапы. Да 1970-х гг. ажыццяўлялася ў асноўным матэрыяльная і маральная падтрымка пратэстанцкіх сямей, зварот вернікаў са скаргамі ў дзяржаўныя структуры, арганізацыя нелегальных тыпаграфій. Пад уздзеяннем Хельсінкскага працэсу з сярэдзіны 1970-х гг. пачалі стварацца праваабарончыя арганізацыі – Савет сваякоў вязняў евангельскіх хрысціян-баптыстаў, вернікі актыўна змагаліся за дазвол на выезд з СССР, адкрыта выступалі перад уладамі і грамадствам на дэманстрацыях аб спыненні рэпрэсій супраць пратэстантаў.

 

Літаратура:

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд) [і інш ]. – Мінск, 1999. – Т.5. М – Пуд. – 592 с.

2. Современная Беларусь: энциклопедический справочник: в 3 т. / редкол.: М.В. Мясникович [и др]. – Минск: Белорус. наука, 2007. – Т.3: Культура и искусство. – 778 с.

 

 


Дата добавления: 2018-02-18; просмотров: 630; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!