Коска пры адасобленых азначальных зваротах 2 страница



 

Напрыклад:

Турсевіч – гэта мой настаўнік і мой зямляк, прынамсі, аднае воласці (Я. Колас).

Валодзька выпрасіў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён (Я. Брыль).

Спазніліся, аднак, на вялікае спатканне, трэба было раней (В. Быкаў).

Мікола быў, між тым, дома (К. Чорны).

З другога боку, Ядвісі было цікава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе настаўнік... (Я. Колас).

– У нас знойдзецца сёе-тое для атрада. У прыватнасці, ёсць у нас зброя, боепрыпасы, харчаванне, медыкаменты, адзенне (І. Новікаў).

Па крайняй меры, для яго нічога ўжо не будзе (В. Быкаў).

Такім чынам, усе няяснасці, сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся (Я. Колас).

 

8. Калі слова нарэшце не выконвае функцыі пабочнага слова і выражае часавае значэнне, то яно коскамі не выдзяляецца.

 

Напрыклад:

Нарэшце да Панаса падыходзіць шырокі чалавек з жорсткімі вусамі (Я. Колас).

Тым часам поезд з кожнай хвілінай набліжаўся да вакзала і нарэшце спыніўся (Я. Колас).

 

Калі слова аднак у пачатку сказа ці другой часткі складаназлучанага сказа і пры аднародных членах ужываецца як супраціўны злучнік (не пабочнае слова!), яно коскай не аддзяляецца: Свеціць сонца. Аднак на дварэ холадна (Т. Хадкевіч). Турку стала лягчэй ад тае пахвалы, аднак ён прастадушна прызнаўся (В. Быкаў). Паходня лёг у пасцель, аднак яшчэ не спіць (Т. Хадкевіч).

9. Спалучэнні слоў між тым, тым не менш, да таго ж, якія ўжываюцца ў пачатку сказа або другой часткі складанага сказа, выконваюць функцыю злучніка і коскай не аддзяляюцца.

 

Напрыклад:

У вас на мястэчка многа сілы не патрабуецца, між тым вакол вялікая патрэба ў людзях (Ц. Гартны).

На дварэ ноч. Між тым спаць не хочацца (І. Мележ).

Тым не меней ён [Лабановіч] устаў і рушыў у той бок, куды паехала дзяўчына (Я. Колас).

Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў (Я. Колас).

 

10. Коскамі выдзяляюцца словы і спалучэнні слоў, якія не маюць уласна сінтаксічнага значэння і ўводзяцца ў сказ без якой-небудзь матывацыі: гэта, гэта самае, ну, вот, само сабой, знацца, значыцца, стала быць, так сказаць, брат ты мой, тудэма-сюдэма, каліна-маліна і інш.

 

Напрыклад:

Зусім не тое выйшла, зусім не тое, што трэба было нашай, значыцца, вёсцы (М. Лынькоў).

Проста, ну, сімпатызуюць адзін другому маладыя, хіба ж ім і не пагаварыць, хіба ж ім і не пасмяяцца (М. Лынькоў).

Усё роўна, як мы год тут цэлы, вот што, знацца (С. Баранавых).

Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, паўвярсты ад дому... (Я. Купала).

Чаго яны, каліна-маліна, там? (І. Мележ).

 

11. Коскамі выдзяляюцца пабочныя словы і спалучэнні слоў, якія ўваходзяць у склад іншых пабочных ці ўстаўных сказаў, адасобленых зваротаў, удакладняльных ці іншых выдзеленых знакамі прыпынку частак сказа.

 

Напрыклад:

Немцы, як ты, мабыць, ведаеш, аднавілі завод у Гудове (Б. Сачанка).

Боты – і выцер іх, здаецца! – усё ж такі наслядзілі на чыстай чырвонай падлозе (Я. Брыль).

Не будку мае Жук – палацы (хоць не свае, вядома, працы) (К. Крапіва).

Людзі слухалі ўважліва, баючыся, відаць, прапусціць хоць адно слова (П. Пестрак).

Мы зайшлі ў крайнюю хату, пабудаваную, напэўна, пасля вайны.

Не чакаючы, як відаць, далейшай размовы, жанчына хутка выйшла з хаты (П. Галавач).

 

12. Калі пабочнае слова стаіць перад адасобленым зваротам, пабочным сказам або ўдакладняльнай канструкцыяй, то яно ўваходзіць у склад іх і коскай не аддзяляецца.

 

Напрыклад:

Старшыня імкліва абыходзіць вакол машыны, няйначай прыглядаючыся неспакойным вокам да яе паклажы (І. Шамякін).

Плылі ў вясновую сінь за акно мяккія акорды, уздыхала мора, і, можа заслухаўшыся гэтай музычнай вясной, не падавалі свайго голасу гарматы (І. Навуменка).

Аднекуль, мабыць з печы, да іх кінулася жанчына (В. Быкаў).

 

13. Паміж пабочнымі словамі, спалучэннямі слоў і сказамі, якія ідуць адно за адным, ставіцца коска.

 

Напрыклад:

Словам, на наша шчасце, хата нейкім чынам уцалела (З. Бядуля).

Само сабой, канечне, паставілі мы і хату (Б. Сачанка).

 

14. Пабочныя словы, спалучэнні слоў і сказы аддзяляюцца коскамі ад папярэдніх злучнікаў, якія звязваюць члены сказа або часткі складанага сказа.

 

Напрыклад:

Санкоўскі з ходу далучыўся да песні, і, можа, ад таго яна загучала яшчэ энергічней (П. Пестрак).

Твае [маці] у мяне бровы, твой лоб і нос. Твой неспакой. І, пэўна, твой лёс (А. Вярцінскі).

Маёр спыніўся каля дзвярэй, заплюшчыў вочы і, здалося мне, пахіснуўся (І. Шамякін).

Тады спрэчкі не разлучалі іх, а, наадварот, яшчэ болей умацоўвалі (Я. Колас).

 

15. Злучнік а, калі ён складае адно цэлае з наступным пабочным кампанентам сказа, не аддзяляецца ад апошняга коскай: а можа, а магчыма, а значыцца, а між іншым, а па-другое і пад.

 

Напрыклад:

– І штаб па кіраўніцтву партызанскім рухам будзе? – пытаў Багавік.

– Будзе. А можа, ён ужо і ёсць (В. Быкаў).

 

16. Не аддзяляецца коскай ад пабочных кампанентаў узмацняльная часціца і.

 

Напрыклад:

І сапраўды, гэта не кепская думка! (Я. Колас).

Дожджык, і праўда, так і поўз за каўнер (Я. Брыль).

 

17. Коска не ставіцца паміж пабочнымі словамі і часціцамі, якія да іх адносяцца і стаяць пасля іх.

 

Напрыклад:

Можа б ты даў мне хоць кавалачак хлеба ў дарогу? (Я. Колас).

Ну, напэўна ж ёсць прычына, калі кпіць з цябе яна? (Я. Колас).

 

18. Коскамі выдзяляюцца ўстаўныя словы, спалучэнні слоў і сказы, якія выконваюць удакладняльную функцыю (тлумачэнні, заўвагі, дадатковыя звесткі і інш.).

 

Напрыклад:

Такую каманду – польскае «падній», лажыся, абсечанае на свой лад, і зручнае, да брэху адшліфаванае «аўф», устань, – як аўтамат, нястомна і бяздушна паўтарае гітлераўскі старшы унтэр Шранк (Я. Брыль).

Іван Пратасаў, родамзЯраслаўля, камандаваў тады партызанскай спецгрупай (М. Паслядовіч).

 

Коска пры зваротку

1. Коскамі выдзяляюцца звароткі ў пачатку, у сярэдзіне і канцы сказа разам са словамі, якія адносяцца да іх.

 

Напрыклад:

Сонца, умыйся расою на світальнай зары (А. Бялевіч).

Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!.. (Я. Купала).

Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваім (М. Танк).

Дык уздымі свой голас-звон з глыбінь душы, пясняр свабоды (К. Буйло).

Відаць, па сур'ёзных справах да нас, Надзя? (М. Лынькоў).

 

2. Калі зваротак раздзяляецца на часткі іншымі словамі, то кожная з іх выдзяляецца коскамі.

 

Напрыклад:

Ой ты, мая рыбка, спі, залатая!

 

3. Калі паміж звароткамі-паўторамі ёсць займеннік ты або вы, то ён адносіцца да першага зваротка і коска ставіцца пасля займенніка.

 

Напрыклад:

Лета ты, лета прыгожа-квяцістае, колькі ты ўносіш аздобы з сабой! (Я. Купала).

Бярозы вы, бярозы, чаму не шуміце? (У. Хадыка).

Ой, хлопцы вы, хлопцы! (Т. Хадкевіч).

§ 53. Коска пры выклічніках і гукаперайманнях

 

1. Коскамі аддзяляюцца выклічнікі, калі яны не маюць падкрэсленай клічнай інтанацыі і знаходзяцца ў пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказа.

 

Напрыклад:

Ах, дружа-клён! Ну як яго не ўспомніць?.. (П. Трус).

Мілая! О, колькі радасці даеш майму ты сэрцу маладому! (Я. Купала).

Ох, нашто ж ты, ночка, так прыгожа-міла? (Я. Колас).

Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! (Я. Колас).

Эй, дзяцюк малады, не тужы, не глядзі ты скрозь слёзы на свет... (Я. Купала).

 

2. Не аддзяляюцца коскамі выклічнікі перад асабовымі займеннікамі.

 

Напрыклад:

Ой ты, ночка, чарнявая ноч, агарні цеплынёю мяне... (П. Панчанка).

– Эх ты, –- кажа яна, – лепш вось дахаты ідзі, а то будзе табе ад маці (Я. Брыль).

 

3. Не з'яўляецца выклічнікам і не аддзяляецца коскай часціца о пры зваротку, адмоўі, сцвярджэнні.

 

Напрыклад:

Я не для вас, паны, о не, у час вольны песенькі складаю... (Я. Купала).

О так, так, планы маюць выключную ролю ва ўсякай справе (М. Лынькоў).

 

4. Не выдзяляюцца коскамі ўзмацняльныя часціцы, аднолькавыя па гукавым складзе з выклічнікамі.

 

Напрыклад:

Міколу ж аднаму ай-ёй як цяжка (Я. Брыль).

Я яшчэ ого які дужы! (І. Шамякін).

 

5. Коскамі раздзяляюцца выклічнікі або гукаперайманні, калі яны знаходзяцца ў сярэдзіне або ў канцы сказа ці паўтараюцца.

 

Напрыклад:

Раздолле ў лузе, эх, раздолле! (Я. Колас).

Шкада, ай, як шкада Іліко (Э. Самуйлёнак).

Які гэта быў чалавек, ого! (І. Гурскі).

Колькі ў лесе грыбоў, ай-яй-яй! (З. Бядуля).

– Ну, ну, пашавельвайся, – падганяў ён Алеся (К. Крапіва).

Толькі ў другой палавіне, дзе спяць гаспадыня і яе дачка-вучаніца, размашыста і глуха стукаюць ходзікі: як-так, як-так... (І. Шамякін).

«Др-р-р, др-р-р, др-р-р», – пракрычаў паблізу дзяркач... (Т. Хадкевіч).

 

§ 54. Коска пасля сцвярджальных, адмоўных і пытальных слоў і перад імі

 

1. Коскай выдзяляюцца сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў пачатку сказа, калі яны цесна звязаны са сказам, які раскрывае, канкрэтызуе іх сэнс: так, але, ага, ну, што ж, як жа, не, што, як і інш.

 

Напрыклад:

Не, ты проста скажы, прыедзеш ці не? (Э. Самуйлёнак).

Што, грыбоў яшчэ няма? (Я. Колас).

 

Калі пры такіх словах стаяць узмацняльныя часціцы, то коскай яны аддзяляюцца разам.

 

Напрыклад:

Ой не, пакідаць таварыша ў бядзе нельга (Я. Маўр).

 

2. Калі сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы паўтараюцца, то яны аддзяляюцца коскамі адно ад аднаго.

 

Напрыклад:

Так, так, пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носіць (Я. Купала).

Але, але, яго маці і мне паказвала ліст, у якім ён піша, што няйначай мусіць прыехаць на свята (Ц. Гартны).

– Не, не, – адагнаў ад сябе змрочныя думкі Іван (Б. Сачанка).

 

3. Сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў сярэдзіне сказа выдзяляюцца коскамі з абодвух бакоў.

 

Напрыклад:

Не загасне, не, ніколі светач праўды на зямлі (М. Машара).

Работа, што ж, у лес не пабяжыць (Ц. Гартны).

 

4. У канцы сказа перад сцвярджальнымі, адмоўнымі і пытальнымі словамі ставіцца коска, а пасля – знак прыпынку ў адпаведнасці з агульнымі правіламі.

 

Напрыклад:

Я цяжкасцей не баюся, не! (І. Грамовіч).

Цяпер ты пойдзеш спаць, так? (І. Мележ).

ГЛАВА 14

КОСКА Ў СКЛАДАНЫМ СКАЗЕ

 

§ 55. Коска ў складаназлучаным сказе

 

1. Коскай аддзяляюцца часткі складаназлучаных сказаў, якія аб'яднаны злучнікамі і, ды (у значэнні «і»), дый (ды і), або (альбо), ці.

 

Напрыклад:

Ідуць ад кожнага перона на ўсход і захад цягнікі, і ад апошняга вагона далёка свецяць аганькі (С. Грахоўскі).

Праплыве гук баязліва па-над лугам, па-над нівай у знямелы свет, ды зноў ціха-ціха стане (Я. Колас).

Ад завеі не было відаць агнёў нават недалёкіх вёсак, ды і блізкія ішлі ў цемры ледзь прыкметнымі мутнымі знакамі (І. Мележ).

Выпадковыя гэта здарэнні, ці яны звязаны паміж сабой? (Т. Хадкевіч).

 

2. Перад злучнікамі і, ды, або коска не ставіцца:

 

калі ў складаназлучаным сказе (звычайна ў пачатку) ёсць агульны член, які адносіцца да першай і да другой частак, або агульная часціца ці пабочнае слова;

 

Напрыклад:

Дзе-нідзе ў гародчыках, ля ганкаў чырванелі вясновыя кветкі і зацвітаў бэз (В. Быкаў).

Праз нейкі час вецер разагнаў хмары ў вышыні і дождж сціх (І. Мележ).

На кожным чоўне льецца песня або гучыць гармонік (А. Чарнышэвіч).

Толькі верхавіны соснаў гудзелі ледзь чутна ды шалясцелі няўмоўчныя трапяткія асіны (М. Лынькоў).

 

калі часткі складаназлучанага сказа з'яўляюцца безасабовымі (аднароднымі па значэнні), няпэўна-асабовымі або намінатыўнымі сказамі, а таксама калі маюць форму пытальных, пабуджальных ці клічных сказаў.

 

Напрыклад:

Шуміць у галаве і хочацца спаць (І. Мележ).

Цішыня і прастор (Э. Агняцвет).

Колькі працы і колькі сумлення! (Б. Мікуліч).

 

3. Коскай аддзяляюцца часткі, якія аб'яднаны ў складаназлучаны сказ злучнікамі але, а, ды (у значэнні «але»), ж (жа), аж, аднак, затое, толькі і інш.

 

Напрыклад:

Наводдалек чуліся стрэлы, але тут было ўжо ціха (І. Мележ).

Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знік з вачэй, расплыўся ў цемрадзі (Я. Колас).

І чужому навучайся, ды свайго не цурайся (Прыказка).

Мікіта моцна пастукаў у дзверы, аднак з кабінета ніхто не азваўся (М. Зарэцкі).

На вуліцы скрыпка грае, мяне ж маці не пускае (Народнае).

Завярнуўся [Бруй] і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас: «Хто там?» (Я. Колас).

Ападала лісце з ліп, бяроз і клёнаў, толькі дубы стаялі нечапаныя і непаўторныя ў сваёй прыгажосці (А. Чарнышэвіч).

 

4. Коскай аддзяляюцца часткі, якія аб'яднаны ў складаназлучаны сказ пры дапамозе паўторных злучнікаў і... і, ні... ні, то... то, не то... не то, або (альбо) ... або (альбо), ці... ці, ці то... ці то.

 

Напрыклад:

І хвалюецца пшаніца, і дрыжыць пяшчотна гай (П. Броўка).

Ні колас на ніве не ўскалыхнецца, ні ліст на дрэве не ўзварухнецца (Я. Колас).

То грузавая машына прамчыцца, то нехта пройдзе з клункам (А. Пальчэўскі).

Або іх [птушак] тут не было, або яны проста не адважваліся падаваць голасу (Я. Колас).

Ці то стогне бура, ці то віхор гуляе.

 

§ 56. Коска ў бяззлучнікавым сказе

 

Коскай аддзяляюцца часткі складанага бяззлучнікавага сказа, якія па сэнсе і інтанацыйна звязаны паміж сабой.

 

Напрыклад:

Цвітуць лугі, жаўцее проса, уздымае жыта каласы (С. Грахоўскі).

Неба сеяла цяпло, цёплы дожджык церушыў, у думках радасна было, беглі песні ад душы (Я. Купала).

Ад зямлі да самых чубоў на дрэвах не было ніводнай галінкі, сляды ад усіх колішніх галінак даўно заплылі жывой смалою, згладзіліся, кара над імі самкнулася (В. Карамазаў).

Ноч, лес, глухмень. Пагана адчувае сябе Саўка (Я. Колас).

§ 57. Коска ў складаназалежным сказе

 

1. Коска ставіцца:

паміж галоўнай і даданай часткамі складаназалежнага сказа, а калі даданая частка стаіць у сярэдзіне галоўнай, яна выдзяляецца коскамі з двух бакоў;

 

Напрыклад:

Пасаджу каля вёсак сады маладыя, каб ты вечна цвіла і ў шчасці расла, дарагая мая Беларусь (П. Панчанка).

Яны выехалі з двара, калі апошняя жоўтая палоска зары дагарала на захадзе (У. Караткевіч).

Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць... (А. Ставер).

Дзяды і бацькі нашу мову стваралі, каб звонка звінела, была як агонь (П. Броўка).

Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела песня ляснога жаваранка (Я. Колас).

 

паміж даданымі часткамі, якія адносяцца да адной і больш галоўных частак.

 

Напрыклад:

Глянь туды, дзе машыны спяваюць, дзе палае ў горане сталь, дзе рабочыя песні складаюць пад сталёвы напеў малатка (П. Трус).

А там, дзе разам мы прайшлі, вясенні гул не моўкнуў, газоны пышна расцвілі, зазіхацелі вокны (М. Танк).

 

2. Калі аднародныя даданыя часткі звязваюцца пры дапамозе адзіночных злучнікаў і, ды (у значэнні «і»), або, ці, то паміж імі коска не ставіцца.

 

Напрыклад:

Я люблю часіну навальніцы, калі б'е пярун па ўсіх ладах і злуюцца ў хмарах бліскавіцы (П. Панчанка).

Некаторыя ішлі далей, дзе было начальства і дзе раздаліся гэтыя нечаканыя выбухі (В. Быкаў).

Як толькі разднела і ўзышло сонца, пачалі збірацца вучні (Я. Колас).

Там, дзе раней ляжалі хмызнякі або жаўцеў голы пясок, раслі стройнымі радамі маладыя сасонкі (А. Чарнышэвіч).

Люблю твае, Нарач, затокі і тоні, як вецер густыя туманы развеіць ці снежная пена на хвалях зазвоніць (М. Танк).

 

Перад супраціўнымі злучнікамі і перад злучнікам і, які паўтараецца паміж аднароднымі даданымі часткамі, коска ставіцца:

 

Напрыклад:

Нарадзіўся я ў маі, як сады вакол цвілі, а ў наднёманскім гаі распявалі салаўі (А. Русак).

Цяпла, аднак, вялікага ўжо не чулася, бо і сонца было няяркае, нібы астуджанае, і паветра прыкметна ўжо настаялася асеннімі скразнякамі, і зямля астыла, страціла цяпло ад першых замаразкаў (Г. Далідовіч).

 

3. Коска не ставіцца перад злучнікамі і, ды (у значэнні «і»), або, ці, што звязваюць дзве галоўныя часткі, да якіх адносіцца агульная даданая частка.

 

Напрыклад:

Ужо сонца праглядвала праз вершаліны хвой і пачынала адчувацца гарачыня летняга дня, калі настаўнікі падышлі да балота (Я. Колас).

Калі наступае глыбокая восень, над зямлёй нізка сцелецца туман або імжыць дробны дождж (К. Чорны).

 

4. Калі даданая частка звязваецца з галоўнай пры дапамозе састаўных падпарадкавальных злучнікаў (перш чым, затым што, пасля таго як, для таго каб, па меры таго як, да таго часу пакуль, з прычыны таго што, нягледзячы на тое што, дзякуючы таму што, у сувязі з тым што і пад.), то коска ставіцца:

паміж даданай часткай і галоўнай, калі даданая пачынаецца такім злучнікам і стаіць перад галоўнай (злучнік не разрываецца);

 

Напрыклад:

Пасля таго як гітлераўскія войскі генерал-фельдмаршала Модэля не здолелі затрымаць нашы войскі на Беразіне, яны паспрабавалі арганізаваць абарону на ўсход ад беларускай сталіцы на лініі Даўгінава – Лагойск – Чэрвень (А. Васілеўскі).

З той пары як пайшлі на аблаву, цягнецца іх паляванне да сённяшніх дзён (А. Куляшоў).

Для таго каб праца давала плённыя вынікі, трэба прывучыць да сталых і сур'ёзных адносін да яе з малых гадоў (Я. Колас).

Па меры таго як неба святлела, цемра змянялася рэдкім лёгкім змрокам... (І. Мележ).

 

калі даданая частка сказа стаіць пасля галоўнай, коска ставіцца або перад другой часткай састаўнога падпарадкавальнага злучніка, або перад гэтым злучнікам у поўным яго складзе ў залежнасці ад сэнсу.

 

Напрыклад:

Я гэту мову ўзяў сабе таму, што зашмат у ёй было гаротных песень (М. Танк).

Параўн.: Бабка была спагадлівая да чужога гора, таму што сама перажыла шмат пакут і нягод (Ю. Пшыркоў).

Малады патрыёт пакляўся біцца з ворагам да таго часу, пакуль родная зямля не будзе ачышчана ад фашысцкай погані (К. Крапіва).

 

5. У залежнасці ад сэнсу коска можа ставіцца пасля першай часткі састаўнога падпарадкавальнага злучніка.

 

Напрыклад:

Перад тым, як ісці ў поле, яна прыбірала ў хаце, мыла падлогу, лавы (Б. Сачанка).

Па меры таго, як прыпыняўся дзе ў вёсцы Ельскі са сваім атрадам, прыпыняўся і Сцяпан (П. Пестрак).

У той час, калі ішлі жорсткія баі пад Віцебскам, галоўны ўдар войск 2-га Беларускага фронту быў скіраваны на Магілёў («Маладосць»).

Нягледзячы на тое, што давялося несці на плячах тол і боепрыпасы, адстаючых не было (І. Мележ).

Можа нават таму, што навокал было многа прастору, хлопцу раптам стала няўтульна (І. Чыгрынаў).

 

6. Коска не ставіцца перад як, калі, што і пад., якія ўваходзяць у склад устойлівых выразаў тыпу як лепш не трэба, як ні ў чым не бывала, калі б то ні было, што б там ні было, як вады ў рот набраўшы і пад.

Але: не хто іншы, як...; не што іншае, як... і пад.

7. Калі побач стаяць два падпарадкавальныя злучнікі (ці злучнік іадноснае слова), а таксама злучальны і падпарадкавальны злучнікі (ці злучальнае слова), то паміж імі ставіцца коска.

 

Напрыклад:

Брыгадзе рабочых сказалі, што, калі своечасова будзе закончаны аб'ект, яны атрымаюць прэмію.

Наперадзе былі ўжо добра відаць зарнічныя выбліскі ад стрэлаў батарэй, якія, як агні маякоў, указвалі напрамак танкістам (І. Мележ).

Пот заліваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасці, хлопец не кідаў вёслаў (І. Шамякін).

 

8. Перад другім злучнікам коска не ставіцца, калі галоўная частка пачынаецца словамі дык, то.

 

Напрыклад:

А яшчэ помніць ён [Алесь], што калі прыходзілі жаўнеры ў вёску, дык насміхаліся з усіх, абзываючы «мужыкамі» (П. Броўка).

Ён чалавек дарма што сур'ёзны, а калі разгаворыцца, дык люба слухаць (К. Крапіва).

Трэба было адпачыць, але Іван адчуваў, што калі ўпадзе ў снег, то напэўна болей ужо не ўстане (В. Быкаў).

 

9. Калі перад падпарадкавальным злучнікам ці адносным словам стаіць адмоўе не або злучальны злучнік (і, ці, або і інш.), які цесна зліваецца з даданай часткай, то яна не аддзяляецца коскай ад галоўнай часткі.

 

Напрыклад:

Нам трэба ведаць не дзе ты быў, а што ты за дзень зрабіў.

Ён спакойны і калі заўзята працуе, і калі адпачывае.

 

10. Даданая частка ў пазіцыі пасля галоўнай, выражаная толькі адным адносным словам або спалучэннем слоў, коскай не аддзяляецца.

 

Напрыклад:

А я хаджу і радуюся. Ведаеш чаму? (І. Шамякін).

Яны паехалі і не сказалі куды.

Моўчкі стаялі, не ведаючы што рабіць (Ф. Шкірманкоў).

Невядома хто тут гаспадар.

ГЛАВА 15

КРОПКА З КОСКАЙ

§ 58. Правілы пастаноўкі кропкі з коскай

 

1. Кропка з коскай ставіцца паміж адносна незалежнымі састаўнымі часткамі сказа, якія аб'ядноўваюцца ў адзін складаны сказ без дапамогі злучнікаў, калі такія састаўныя часткі значна разгорнутыя і маюць свае знакі прыпынку.

 

Напрыклад:

Чарнеецца сажаю вечар. Дождж б'ецца аб хвалі ракі; гуляе, гудзе над ёй вецер, заводзіць, што ў полі ваўкі (М. Багдановіч).

Ручай застаўся недзе ўбаку, гоман яго прыціх; мацней і выразней сталі шумець яліны; свежы вецер скрозь гойдаў верхавінамі; сонца схавалася; змаркатнелае неба ўсё далей і шырэй абкладвала хмара (В. Быкаў).

 

Кропка з коскай можа ставіцца на стыку частак бяззлучнікавага сказа з адносна незалежнымі часткамі, калі паміж імі знаходзіцца пабочнае слова. У гэтым выпадку кропка з коскай паказвае, да якой з частак адносіцца пабочнае слова.

 

Напрыклад:

Але якое гэта запрашэнне – адзін сказ у канцы, як бы між іншым, для ветлівасці; можа, спадзявалася, што ён не адважыцца прыехаць (І. Шамякін).

 

2. Кропка з коскай ставіцца паміж часткамі складанага сказа, якія звязваюцца паміж сабой:

далучальнымі злучнікамі але, толькі, аднак, усё ж, тым не менш і пад., асабліва калі гэтыя часткі значна разгорнутыя або маюць свае знакі прыпынку;

 

Напрыклад:

Марозік крэпіць, лёд таўшчэе, і рэчка вольная нямее, да дна вадзіца вымярзае і ходу, бедная, не мае, і цесна там ёй, і няміла яе халодная магіла; але дарма: жывую сілу не запраторыш ты ў магілу, мароз бязжаласны і люты! (Я. Колас).

Гойдалася ў цэбры вада, льючыся праз край, і твару свайго выразна разгледзець у вадзе Агата не магла; толькі бялелі ў вадзе рукі, і гэта цешыла яе (К. Чорны).

 

далучальнымі злучнікамі і і ды (у значэнні «і») толькі ў тым выпадку, калі яны аб'ядноўваюць дзве састаўныя часткі, якія без гэтых злучнікаў былі б самастойнымі сказамі, раздзеленымі кропкай: На ёй [ялінцы] валоскія арэхі, а з пазалочанай паперкі глядзяць панадныя цукеркі; і больш на ёй няма нічога, ды хіба ж дзецям трэба многа (Я. Колас).

3. Перад злучнікам а кропка з коскай ставіцца толькі ў тым выпадку, калі састаўныя часткі, якія звязваюцца гэтым злучнікам, значна разгорнутыя і абавязкова маюць свае знакі прыпынку, у прыватнасці коскі.

 

Напрыклад:

Ён невысок, не надта ёмак, ды карчавіты і няўломак, а волас мае цёмна-русы, і зухаўскія яго вусы ў меру доўгі, густаваты, угору чуць канцы падняты; а вочы шэры, невялічкі, глядзяць прыветна, як сунічкі, але раптоўна і адразу не расчытаеш іх выразу... (Я. Колас).

 

4. Кропка з коскай ставіцца паміж развітымі аднароднымі членамі, калі пры адным з іх ёсць коскі.

 

Напрыклад:

Хлопец злёгку задрыжаў і ўзяў скрыпку паслухмяна; струны звонкія наладзіў, раз-другі смычком правёў і аддаўся ўвесь абладзе, чарам струнных галасоў (Я. Колас).

Я выйшаў на вуліцу і адчуў, як сцюдзёнае марознае паветра апаліла мне твар; пачуў, як звонка рыпіць снег; убачыў, як гарыць на сонцы аснежанае поле... (А. Астапенка).

Наталля то ўскладала на палку рэчы, то перастаўляла іх; то адкрывала сумку, то закрывала; то зашпільвала на сабе кофтачку, то, як ад гарачыні, расшпільвала яе (Я. Скрыган).

Цягнуцца з усіх дарог – з куфэркамі, з клункамі; з ботамі, з лапцямі, босыя; з праважатымі і адны; без слёз і з плачам; п'яныя і цвярозыя; каханыя і забытыя – на станцыю (Я. Скрыган).

 

5. Кропка з коскай ставіцца паміж значна разгорнутымі даданымі часткамі складаназалежнага сказа, падпарадкаванымі адной і той жа галоўнай, калі паміж даданымі няма злучальнага злучніка, асабліва калі ўнутры такіх даданых ёсць, у сваю чаргу, даданыя часткі.

 

Напрыклад:

Калі з-пад завялых шыпулек паказаліся і смачна запахлі спачатку маленькія шэра-сінія струменьчыкі дыму, а потым, вельмі хутка разросшыся, вялікімі клубамі паплылі над бульбоўнікам; калі, нарэшце, праз голле прабіліся жвавыя і белаватыя на ранку языкі полымя, на ўчастку неяк адразу ўсё змянілася (А. Кулакоўскі).

Нягледзячы на тое, што крыўда раз-пораз загаралася ў душы Кляновіча, яго цешылі перспектывы, што вось ён зоймецца даследаваннем глебаў; што будзе арганізоўваць севазвароты, адкрываць розныя курсы; што ён наладзіць справу ўпарадкавання гною; што ён едзе ў такую вобласць, дзе яшчэ не звялася мясцовая чырвоная парода кароў, аб якой Кляновіч даўно думае; што гэтую пароду няслушна закінулі; што ў свой час знаходзіліся і такія разумнікі, што ў мэтах падрыву прадукцыйнасці жывёлагадоўлі гэтую пароду назвалі «нацыяналістычнай» (П. Пестрак).

 

6. Кропка з коскай ставіцца паміж групамі адносна незалежных састаўных частак бяззлучнікавага сказа, а таксама паміж групамі даданых частак, якія адносяцца да адной галоўнай, калі неабходна паказаць граніцы паміж групамі частак у адрозненне ад граніц паміж асобнымі састаўнымі часткамі.

 

Напрыклад:

Цёмны бор, кусты, балоты, кучы лоз і дубняку, рэчкі, купіны, чароты, мора траў і хмызняку; мосцік, зложаны з бярвенняў, брод і грэбля кожны крок, на дарозе рад карэнняў, крыж, пахілены набок; пералескі, лес, паляна, старасвецкі дуб з жарлом, хвоя-веліч на кургане з чорным буславым гняздом; гразь, пяскі, лужок зялёны, шум крынічкі з-пад карча, шэлест лісцяў несканчоны, крык у небе крумкача; вербы, груша-сіраціна, нізкарослы цёмны гай... Гэта ты, балот краіна! Гэта ты, палескі край! (Я. Колас).


Дата добавления: 2015-12-17; просмотров: 15; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!