Мастацкі вобраз як аснова выканальніцкай інтэрпрэтацыі



Вялікі Антон Рубінштэйн гаварыў сваім вучням: “Я ўпэўнены, што усякі творца піша не толькі ў якім-небудзь тоне, у якім-небудзь памеры ноты, а ўкладвае вядомы душэўны настрой, гэта значыцца, праграму ў свой твор, з упэўненасцю, што выканаўца і слухач змогуць яе пазнаць” 1.

Фактычна, работа педагога з вучнем і заключаецца ў тым, каб, па-першае, навучыць яго чуць і разумець індывідуальна непаўторны змест кожнага вывучаемага твору; па-другое, каб у захапленні (абавязкова ў захапленні!) гэтым зместам ён ў працэсе яго ўсебаковага абдумвання змог “зляпіць” характэрны вобраз, які будзе зразумелы шырокай аўдыторыі. Толькі пры гэтай умове музыкант будзе здольны выканаць свае прызначэнне - адчыніць людзям багаты свет Музыкі, якая паляпшае і ўпрыгожвае будзённае жыццё.

Спрэчкі аб тым, што больш важна - работа над мастацкім вобразам, або тэхнічным яго ўвасабленнем бессэнсоўны. Толькі спалучэнне таго і другога можа прывесці да каштоўных вынікаў. Тэхнічнае майстэрства - толькі сродак, але сродак неабходны. Выяўленне мастацкай задумы - гэта мэта, але дасягнуць яе магчыма толькі тады, калі для гэтага маюцца адпаведныя сродкі. Такім чынам, першае без другога бязмэтна, другое без першага нязбытна.

Але на жаль, далёка не кожны выканаўца здольны зразумець характар твору, які ён выконвае, адзначыць дакладна тыя мастацкія вобразы, якія запалілі творчы агонь аўтара, разгадаць мастацкую задуму кампазітара, адчуць розніцу паміж лірычнай і драматычнай музыкай. Далёка не кожны можа распазнаць гераічную або пяшчотную тэму, аддзяліць натхненны, гарачы захапляючы парыў ад спакойнага або жартаўлівага настрою. Толькі некаторыя абраныя артысты здольны раскрыць у сваім выкананні ўсё багацце адценняў гукавых фарбаў таксама, як гэта робіць натхненны мастак на палітры, перш чым ён перанясе фарбы на палатно. Аднастайнасць, бясколернасць, адсутнасць адценняў здольны парушыць прыгажосць самага цудоўнага музычнага твору.

Мы, людзі карыстаемся словамі і паняццямі, гэта значыцца называем любыя ўспрынятыя намі з’явы знешняга і ўнутранага свету, даем ім імёны, нягледзячы на тое, ці гэта будзе далёкая зорка, ці малюсенькая казюлька, душэўны стан, або фізічнае дзеянне. Ці дапушчальна, каб музыкант не змог назваць таго, што ён чуе, што ён стварае? Чым глыбей укараніцца гэта простая ісціна ў разуменні, у свядомасці вучняў, тым лягчэй будзе вучыць іх музыцы і мастацтву і тым больш проста будзе ім авалодаць выканальніцкай тэхнікай.

Звычайна кажуць, што калі словы бяссільныя перадаць пачуцці чалавека, ён выказвае іх праз спевы і музыку. Гэта на самой справе так. Аднак сістэма запісу музыкі (музычная натацыя) далёка не дасканалая, нягледзячы на шматвяковую гісторыю развіцця. Эмоцыі і думкі чалавека, яго пачуцці і перажыванні, якія адлюстроўвае музыка, настолькі шматлікія, тонкія, а часам, няўлоўныя, што нотныя знакі не могуць іх дакладна зафіксаваць. Нотны тэкст замацоўвае эмацыянальна вобразны змест настолькі прыблізна, што кожны з выканаўцаў трактуе яго індывідуальна, творча, выступаючы як сааўтар кампазітара. Так можа быць музыка наогул няздольная перадаваць дакладна нашы думкі і пачуцці, можа змест музыкі не грунтуецца на аб’ектыўных жыццёвых рэаліях і не мае пэўнай матэрыяльнай падставы?

Але музыка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці і з’яўленне яе тлумачыцца жыццёвай сацыяльнай неабходнасцю. Музыка выконвала ў жыцці грамадства такія важныя функцыі, што абыходзіцца без яе было проста немагчыма. Яна выкарыстоўвалася ў абрадава-магічнай, сігнальна-камунікатыўнай, працоўна-гаспадарчай, эмацыянальна-арганізуючай і іншых важных прыкладных функцыях і была фактычна часткай жыцця. Паступова складаліся групы, якія аб’ядналіся пэўным колам вобразаў, характарам выразнасці. Але асноўнай прыкметай, якая аб’ядноўвала групы сходнай музыкі была практычная, прыкладная функцыя, якую выконвала тая ці іншая музыка.


Дата добавления: 2015-12-21; просмотров: 68; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!