Тэма 1.2. Задачы музычнай методыкі на розных этапах развіцця музычнага выканальніцтва.



1. Методыка выкладання ў сістэме музычнага фальклору (на прыкладзе Беларусі)

Асновы выкладання музычных дысцыплін закладваюцца яшчэ ў межах народнай педагогікі. Разгледзім на прыкладзе Беларусі, якія асаблівасці мае традыцыйная методыка навучання музычнай творчасці.

Што тычыцца беларускай песеннай традыцыйнай культуры, то для авалодання ёй спецыяльная методыка не была патрэбна — кожны навучаўся спевам сам па сабе, запамінаючы песні з голасу — ад бацькоў, родных, суседзяў. А вось ў інструментальным фальклоры сфарміравалася спецыяльная методыка навучання ігры на народных інструментах, якая шліфавалася стагоддзямі. На Беларусі існавалі розныя нацыянальна-характэрныя формы засваення музыкантам традыцыйнай інструментальнай музычнай культуры:

? самастойнае авалоданне інструментам і рэпертуарам — навучанне “самавукам”, “сам праз сябе”;

? перадача традыцый у сям’і (“патомныя музыкі”);

? спасціжэнне традыцый праз мэтанакіраваны кантакт з вядомым мясцовым музыкантам, праз своеасаблівую сістэму народнай “музычнай адукацыі”.

На Беларусі працэс навучання ігры на скрыпцы, цымбалах, гармоніку меў па большай частцы прафесійны характар. Гэтаму вучыліся як і ўсякаму іншаму рамяству. Умельства ігры на музычным інструменце спасцігалі ад славутага мясцовага музыканта, які часам з’яўляўся заснавальнікам рэгіянальнай выканальніцкай школы. Такім, напрыклад, “славутым майстрам”, у якога вучыліся амаль ўсе музыканты Чэрвенскага раёна Мінскай вобласці, быў Захар Свірыдовіч з в. Ганута. І дагэтуль яшчэ жыве памяць аб ім, як аб выканаўцы-віртуозе на скрыпцы, кларнеце, цымбалах, балалайцы, бубне. Скрыпач В.Ладуцька, які спачатку вучыўся іграць на цымбалах, ўспамінаў, што жыў у Свірыдовіча два тыдні і заплаціў яму за вучобу тры пуды ржы. Акрамя таго, яшчэ на працягу трох тыдняў іграў з “майстрам” вяселлі і вячоркі.

Па словах цымбаліста М.Н.Мірона з вёскі Дзягільна Дзяржынскага раёна, ён вучыўся у “вядомага на ўсю Беларусь” М.Рыжэўскага, які, у сваю чаргу, быў вучнем патомнай цымбалісткі Зіны Харлап з Мінска. (У яе іграла ўся сям’я). Як адзначаў Мірон: “На першых занятках Рыжэўскі спачатку іграў памаленьку сам, паказваў, як зводзяцца струны, як трымаюць і б’юць палачкамі. Я назіраў, слухаў. Потым браў мяне за рукі, паводзіў імі разы два-тры па струнах і адсылаў са словамі: “Ідзі дамоў і вучыся, а заўтра каб сыграў”. Трэніруюся цэлы дзень, бо без труда, вядома, і лапця не спляцеш. Назаўтра пакажу яму, і калі ён скажа, што добра, іграем ужо другое. Вучыў Рыжэўскі з самага цяжкага танца—полькі. Казаў, калі возьмеш, то і далей пойдзе. Потым вучылі вальс, кадрылю, Лявоніху, Крыжачок”.

Вось як расказвае аб сваім шляху ў прафесійныя музыкі А.Свірыдовіч з в. Аляксандраўка Чэрвенскага р-на, Мінскай вобл.: “Бедна мы жылі. Маці рана заўдавела, не было за што купіць гармонік. Павёз я раз жыта на мельніцу, там я ад маці паўтара пуда мукі стаіў і ў адной цёткі гармошку купіў. Было мне год чатырнаццаць. Навучыўся іграць сам ад сабе і праз нядзелю-другую пайшоў вечарынкі іграць. А потым за які месяц каторыя музыканты былі, я ўсіх пабіў па ігры. Так ішоў у рост быстра. Іду на танцы без гармоніка, лаўлю новы маціф (захавана арфаграфія арыгінала — Н.Я.) танца і, пакуль іду дадому, высвішчу яго і дома абавязкова сыграю. Так яно прадвігаецца і зараз: абы сыграў хто-небудзь, і я ўжо іграю”2. Шлях, які прайшоў Свірыдовіч, тыповы для многіх музыкантаў.

Вось як успамінае сваю вучобу скрыпач Антон Адольфавіч Высоцкі з вёскі Пярэбневічы Смаргонскага раёна: «Пайшоў бацька па скрыпку. Купіў усё ж. Ды вось бяда, ані звесці не магу, не ведаю як. Ваджу смыкам па адной струне, а другія не звяду ніяк. Дома злуюць, кажуць: «До ўжо піліць, вушы запіліў усім». Я ў хлеў тады і там вучуся. Бацька бача такое дзела, пайшоў у Крэва да Магера. А той Магер быў музыка з музык. Дамовіўся бацька з Магерам, каб ён мяне вучыць узяўся. За пуд жыта, трох баранаў, ды каб па хаце памагаў. Я рады. Жыць у яго не жыў, але хадзіў пешком да свайго настаўніка. Хатка ягона маленькая, цёмная, ды ў кожным куце хлопцы сядзяць ды пілюць хто што. Як ён, той Магер, не адурнеў ад такой вучобы…

І я таксама пачаў вучыцца. Першае, што я там навучыўся, добра помню — “Цяцёрку”, там адно за адно і пайшло… Вучыў ён нас так: прайграіць польку — мы за ім паўторваем. А калі што больш складанае, дык адзін — некалькі разоў, затым па частках пачатак запамінае, другі—другое калена, трэці — трэцяе, пакуль усё не завучым.”1. Як бачым народная музычная педагогіка, нягледзячы на своеасаблівыя ўмовы, мела, ўсё ж, сваю методыку. Але, методыка прафесійнага навучання развівалася ў працэсе развіцця музычнай еўрапейскай выканальніцкай культуры.


Дата добавления: 2015-12-21; просмотров: 19; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!