Другая палова ХХ ст. – пач. ХХІ ст.

Другая палова ХІХ ст. – пач. ХХ ст. (дакастрычніцкі час)

Гэта перыяд фарміравання галоўных напрамкаў беларускага мовазнаўства ў традыцыях тагачаснай лінгвістычнай думкі: апісальнага і гістарычнага.

 У другой палове ХІХ ст. разгарнулася даследчыцкая праца таленавітых беларускіх этнографаў, фалькларыстаў і мовазнаўцаў П.М.Шпілеўскага, Е.Р. Раманава, Паўла Міхайлавіча Шэйна, І.І.Насовіча і інш., якіх цікавіла гісторыя беларускага народа і яго мовы. У сваіх публікацыях яны падавалі кароткія слоўнічкі, у якіх тлумачылі незразумелыя словы, што сустракаліся ў сабраных фальклорных матэрыялах. Таму даследаванні дадзенага перыяду носяць больш этнаграфічны характар, але ў іх сутракаецца і шмат цікавага лінгвістычнага матэрыялу.

Адным з найбольш буйных вучоных другой паловы ХІХ ст. з’яўляецца вядомы этнограф, фалькларыст і лексікограф Іван Іванавіч Насовіч. Сваю навуковую дзейнасць ён распачаў даволі позна, у 55 гадовым узросце, калі выйшаў у адстаўку, усё жыццё прапрацаваўшы педагогам.

І.І. Насовіч многа падарожнічаў па Беларусі, асабліва па Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерніях, што дало яму магчымасць сабраць багаты лексічны, фразеалагічны і фальклорны матэрыял з розных рэгіёнаў Беларусі, адчуць жывыя асаблівасці беларускіх гаворак. Асабліва высокую ацэнку грамадскасці атрымала галоўная праца Насовіча – “Словарь белорусского наречия” (1870). Падрыхтоўцы Слоўніка І.І.Насовіч аддаў 16 гадоў напружанай работы. Гэта самы вялікі і дасканалы з выдадзеных у дарэвалюцыйны час беларускіх слоўнікаў. У яго ўвайшло звыш 30 тыс. рэестравых слоў. Паводле будовы і прынцыпаў распрацоўкі семантыкі Слоўнік спалучае ў сабе рысы тлумачальнага і перакладнога беларуска-рускага слоўніка.

Мовазнаўцы не без падстаў параўноўваюць І.І. Насовіча з Уладзімірам Іванавічам Далем, выдатным знаўцам рускай славеснасці. У гэтым параўнанні перш за ўсё высокая ацэнка зробленага і пакінутага нашчадкам на ніве моўнай культуры беларускага народа, яго фальклору. Усё сваё жыццё ён прысвяціў высакароднай справе вывучэння духоўнага багацця свайго народа, прапагандзе невычарпальных крыніц жывой народнай гаворкі.

На канец гэтага перыяду прыпадае дзейнасць акадэміка Я.Ф.Карскага. Яўхім Фёдаравіч Карскі – філолаг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф. Вяршыняй навуковай дзейнасці Карскага з’яўляецца манаграфія “Беларусы”, прысвечаная даследаванню беларускай мовы, літаратуры і народнай творчасці з 13 па першую чвэрць 20 ст. Манаграфія складаецца з 3 тамоў, але сямі кніг, таму што 2 і 3 тамы маюць па тры выпускі.

Праца “Беларусы” займае выключнае месца як у беларускай, так і ў славянскай філалогіі. Яе па праву лічаць сапраўднай энцыклапедыяй беларусазнаўства, таму што тут можна знайсці поўнае навуковае апісанне беларускай мовы канца 19 – пач. 20 ст., гісторыю развіцця беларускага фальклору, а таксама беларускай літаратуры. У сваёй працы Карскі грунтоўна паказаў і даказаў, што беларусы – гэта самабытны народ, які мае сваю самастойную мову, багатую гісторыю і культуру.

 

Я гады – 30-я гады ХХ ст.

Гэта быў перыяд сістэматызаванага вывучэння беларускай мовы, калі яна набыла статус дзяржаўнай і павінна была абслугоўваць усе сферы жыцця народа.

Ствараюцца навуковыя ўстановы, якія спецыяльна займаюцца вывучэннем беларускай мовы. У лютым 1921 года была створана Беларуская навукова-тэрміналагічная камісія, якая павінна была распрацаваць тэрміналогію ва ўсіх галінах навук ў аб’ёме сярэдняй школы. У студзені 1922 года на базе гэтай камісіі быў заснаваны Інбелкульт, мэтай стварэння якога было плпнпвае даследаванне Беларусі з боку яе мовы, этнаграфіі, гісторыі, літаратуры. У выніку гэтай працы павялічваецца колькасць беларускіх спецыялістаў-мовазнаўцаў, выдаецца вялікая колькасць слоўнікаў па розных галінах навук. У 1921 годзе адкрыты БДУ, які з’явіўся вядучай ўстановай па падрыхтоўцы навуковых кадраў.

Яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны беларускімі вучонымі былі створаны падручнікі для сярэдняй і вышэйшай школы, перакладныя і тэрміналагічныя слоўнікі, была распачата работа над акадэмічнай граматыкай, тлумачальным і гістарычным слоўнікамі.

На гэты перыяд прыпадае дзейнасць такіх вядомых беларускіх мовазнаўцаў, як Б.Тарашкевіч – аўтар першай беларускай граматыкі, Я.Лёсік – аўтар шматлікіх дапаможнікаў па беларускай мове для школ, педістытутаў і для саадукацыі, С.Некрашэвіч – бацька беларускай нацыянальнай тэрміналогіі, якога называюць “беларускім Далем”, заснавальнік беларускай Акадэміі навук, Пётр Апанасавіч Бузук – даследчык у галіне беларускай дыялекталогіі, аўтар першага беларускага лінгвістычнага атласа, Іосіф Васільевіч Воўк-Левановіч, Вацлаў Ластоўскі, Янка Станкевіч і інш.

Распачалася праца па збіранню скарбаў народнай мовы розных рэгіёнаў Беларусі. Вынікам плённага вывучэння дыялектнай мовы стала выданне краёвых слоўнікаў: “Віцебскага краёвага слоўніка” М.І. Каспяровіча (1927), “Краёвага слоўніка Чэрвеньшчыны” М.В. Шатэрніка.

Але гэта быў час не толькі вялікіх здабыткаў, але і непапраўных страт у беларускім мовазнаўстве, калі лепшыя лінгвісты ў 30-я гады былі рэпрэсіраваны ўладамі. Іх працы былі забаронены і на доўгі час сталі недаступнымі шырокай грамадскасці. На некалькі гадоў распрацоўка гісторыі беларускага мовазнаўства, па сутнасці, была спынена. У савецкім мовазнаўстве запанавала так званае “новае вучэнне аб мове”, з яго нецярпімымі адносінамі да ўсякага “іншадумства”, рэзкім адмаўленнем навуковай спадчыны.

У 30 -я гады па тэрыторыі Беларусі праходзіць хваля рэпрэсій, якія былі скіраваны супраць нацыянальна-культурных кадраў Беларусі. Былі арыштаваны і сасланы вядомыя беларускія мовазнаўцы такія, як Сцяпан Некрашэвіч, Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Воўк-Левановіч. Многія настаўнікі беларускай мовы апынуліся ў турмах або ссылцы. У гэты час былі спынены ўсе мовазнаўчыя даследаванні. У гэтай сітуацыі, калі не стала найважнейшых мовазнаўцаў Беларусі, была праведзена рэформа беларускага правапісу 1933 года.

26 жніўня 1933 года Савет Народных Камісараў без папярэдняга абмеркавання шырокімі коламі грамадскасці прыняў вядомую пастанову “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”, якая ўпершыню афіцыйна ўзаконіла правапісныя і граматычныя нормы беларускай літаратурнай мовы.

Ідэйна-палітычны накірунак пастановы яскрава быў выказаны ў яе прэамбуле, дзе сцвярджалася, што змены ў існуючы правапіс уносяцца “ў мэтах рашучага выгнання з беларускага правапісу нацыянал-дэмакратычных уплываў і скажэнняў, палягчэння шырокім працоўным масам вывучэння бкларускай пісьменнасці, у мэтах далейшага развіцця культуры беларускай мовы і поўнага падпарадкавання беларускага правапісу задачам выхавання працоўных мас у духу пралетарскага інтэрнацыяналізма”. Гэтая пастанова радыкальна павярнула беларускі правапіс і граматычныя нормы беларускай мовы ў бок збліжэння з рускай мовай.

Пастанова 1933 года закранула не толькі правапіс, але таксама асобныя з’явы нармалізацыі граматычных сродкаў беларускай літаратурнай мовы і беларускага літаратурнага вымаўлення. Яе палажэнні ўпершыню ў гісторыі беларускага мовазнаўства падаваліся ў якасці афіцыйнага закона г.зн. з’яўляліся абавязковымі ў дзелавой перапісцы, кнігадрукаванні, школьным выкладанні, радыёвяшчанні і іншых сферах грамадскай дзейнасці. Пастанову з-за яе рашаючага ўздзеяння на далейшае развіццё беларускай літаратурнай мовы назвалі рэформай беларускага правапісу і граматыкі.

 

 

Другая палова ХХ ст. – пач. ХХІ ст.

Вялікая Айчынная вайна на некаторы час перарвала плённую працу беларускіх мовазнаўцаў. Пасля вайны спатрэбіўся не адзін год на падрыхтоўку маладых кадраў, аднаўленне картатэк, якія загінулі падчас ВАВ. Паступова вывучэнне беларускай мовы зноў ажывілася. У Інстытуце мовазнаўства АНБССР была створана Арфаграфічная камісія на чале з Я.Коласам і К.Крапівой. Вынікам працы гэтай камісіі з’явілася выданне “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1959). Сталі выдавацца новыя падручнікі па беларускай мове для сярэдняй школы, вучэбныя дапаможнікі для ВНУ. Была выдадзена акадэмічная “Граматыка беларускай мовы” у 2 т. Буйнейшым дасягненнем беларускіх дыялектолагаў стала выданне “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы” (1963).

Актывізавалася работа па выданню розных тыпаў лінгвістычных слоўнікаў: перакладныя слоўнікі, ТСБМ ў 5т., дыялектныя слоўнікі (“Тураўскі слоўнік”, “Дыялектны слоўнік Брэстчыны”, “Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча” і інш. У 60-я гады пачалася праца над фундаментальнымі даследаваннямі, якія належаць да важнейшых лексікаграфічных набыткаў сучаснага мовазнаўства. Гэта “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” і “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы”. Стварэнне такіх прац мае важнае значэнне для выхаду Беларусі на міжнародную навуковую і культурную арэну.

     У беларускім мовазнаўстве акрэсленага перыяду створана вялікая колькасць навуковых прац, прысвечаных праблемам паходжання беларускай мовы, яе вывучэння на розных этапах гістарычнага развіцця, па даследаванню структуры беларускай мовы. З’явіліся новыя галіны лінгвістыкі (псіхалінгвістыка, сацыялінгвістыка).

Такім чынам, вялікія дасягненні беларускага мовазнаўства за апошнія гады былі падрыхтаваны ўсім папярэднім развіццём беларусістыкі.

 

3 Крыніцы вывучэння гісторыі беларускага мовазнаўства.

     Гісторыя навукі адлюстроўваецца найперш і самым непасрэдным чынам у тых працах, што ёю назапашаны. Спробы падсумаваць тое, што было зроблена на працягу пэўных адрэзкаў гісторыі беларускага мовазнаўства, рабіліся яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Па-першае, гісторыкамі мовазнаўства былі прааналізаваны тыя філалагічныя працы, якімі карысталіся нашы продкі ў часы Вялікага княства Літоўскага: розныя буквары, слоўнікі, граматыкі, што з’яўляліся на Беларусі і Украіне ў XVI – XVII cт. Зранніх прац, якія падсумавалі здабыткі папярэднікаў, варта назваць капітальную працу аб’ёмам звыш тысячы старонак рускага вучонага С.Буліча “Очерк истории языкознания в России” (18 в. – 1825 г.). У гэтай працы разглядаюцца слоўнікі Л. Зізанія, П.Бярынды, граматыкі Л.Зізанія і М.Сматрыцкага. гэты ж аўтар зрабіў агляд выказванняў аб беларускай мове вучоных ХІХ ст.

     Агляд прац па беларускім мовазнаўстве быў зроблены польскім вучоным А.Ельскім у артыкуле на польскай мове “Слаўцо пра матэрыялы, што служаць да вывучэння беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры”, змешчаным у кракаўскай газеце за 1886 год.

Затым нарысы навуковай распрацоўкі беларускай мовы вучонымі ХІХ ст. апублікавалі А.Н.Пыпін – аўтар працы “История русской этнографии” (1892) і П.В.Уладзіміраў – аўтар артыкула “Научное изучение белорусского наречия за последние десять лет (1886 – 1896)”, што выйшаў у 1898 годзе.

Найбольш грунтоўны нарыс гісторыі вывучэння беларускай мовы ад першых выказванняў пра яе да прац канца ХІХ ст. даў Я.Ф.Карскі ў 1-м томе сваёй манаграфіі “Белорусы”. Гэтай тэме тут непасрэдна прысвечаны дзве главы: сёмая – “Очерк изучения живого белорусского языка и народной поэзии”; восьмая – “Очерк постепенного ознакомления учёных с памятниками старого западнорусского языка. Изучение самого языка”. Пэўны матэрыял па гэтай тэме змешчаны і ў заключнай дзевятай главе – “Ненародные произведения на современном белорусском наречии”. Карскі, які вызначаўся выключнай навуковай добрасумленнасцю і скрупулёзнасцю ў працы, у сваім нарысе не прапусціў ніводнай кнігі, ніводнага артыкула, якія маюць якое-небудзь дачыненне да гісторыі беларускага мовазнаўства: ці гэта апісваецца беларуская гаворка, ці ўпамінаюцца нейкія з’явы беларускай мовы, ці проста прыводзяцца выказванні аб ёй. Кожная праца атрымала ў Карскага належную ацэнку адносна яе вартасці як крыніцы вывучэння беларускай мовы. Адзначыўшы, што першапачаткова вывучэнне беларускай мовы пачалося польскімі даследчыкамі, Карскі спыніўся на іх працах, але асаблівую ўвагу звярнуў на працы рускіх вучоных, бо менавіта яны, займаючыся вывучэннем роднай мовы, з цягам часу ўсё часцей і часцей сталі звяртацца да беларускай мовы, выкарыстоўваць яе факты ў сваіх даследаваннях. Прааналізаваў таксама Карскі і нешматлікія працы па беларускай мове вучоных іншых краін. Атрымаўся даволі вялікі пералік імёнаў даследчыкаў і іх прац.

У паслякастрычніцкі час вывучэнне навуковай спадчыны працягвалася і гісторыя беларускага мовазнаўства перыядычна дапаўнялася аглядам новых прац. У навуковы ўжытак уводзіліся новыя імёны, больш глыбокае асэнсаванне атрымалі здабыткі мінулага. Новы падыход да асэнсавання лінгвістычнай спадчыны выявіўся, напрыклад, у вялікім артыкуле дацэнта Беларускага дзяржаўнага універсітэта Я.В.Воўка-Левановіча “Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі (гістарычна-метадычны нарыс)”, змешчаным у “Працах Беларускага дзяржаўнага універсітэта”. Аўтар пашырыў агляд беларускага дарэвалюцыйнага мовазнаўства за кошт аналізу беларускамоўнага матэрыялу ў працах такіх рускіх вучоных, як І.І.Сразнеўскі і А.А.Патабня. Даволі падрабязна спыніўся ён на разглядзе тэорыі А.А.Шахматава аб паходжанні ўсходнеславянскіх моў.

     Агляд дасягненняў беларускай лінгвістыкі за першыя паслякастрычніцкія гады і пералік тых задач, якія паўсталі перад ёю ў новых гістарычных умовах, зрабіў С.М.Некрашэвіч у дакладзе “Сучасны стан вывучэння беларускай мовы” на скліканай у 1926 годзе Беларускай акадэміяй навук лінгвістычнай канферэнцыі.

     Каштоўны матэрыял па гісторыі беларускага мовазнаўства падаў краязнаўца М.Каспяровіч у сваёй працы “Арганізаванае вывучэнне Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя”, змешчанай у часопісе “Полымя” (1928 г.).

 

     У якасці асноўных крыніц вывучэння гісторыі беларускага мовазнаўства неабходна назваць наступныя:

1. Спецыяльныя бібліяграфічныя даведнікі “Беларускае мовазнаўства”: “Беларускае мовазнаўства. Бібліяграфічны ўказальнік (1825 –1965)”. Мн., 1967 (складальнікі – А.Д.Васілеўская, М.А.Жыдовіч, Я.М.Рамановіч, А.К.Юрэвіч); “Беларускае мовазнаўства. Бібліяграфічны паказальнік (1966 – 1975)”. Мн., 1980. (складальнікі – А.Д.Васілеўская, Я.М.Рамановіч), у якіх даецца поўны пералік прац беларускага мовазнаўства, ад самых ранніх да 1975 года. Большасць з пададзеных у даведніках прац маюць кароткія анатацыі. Не падаюцца анатацыі да прац, якія ўскосна закранаюць праблематыку беларускага мовазнаўства, і тых, што выдаваліся за межамі былога Савецкага Саюза.

     У 1993 годзе з’явіўся яшчэ адзін бібліяграфічны даведнік “Беларускае мовазнаўства: бібліяграфічны паказальнік (1976 – 1985) Мн., 1993. І, нарэшце, у 2004 годзе выйшаў апошні даведнік “Беларускае мовазнаўства: бібліяграфічны паказальнік (1986 – 1991) Мн., 2004.

2. М .Г.Булахаў (Міхаіл Гапеевіч) “Восточнославянские языковеды. Библиографический словарь “ Мн., 1976 – 1978. Гэта трохтомная праца, якая пабудавана ў форме слоўнікавых артыкулаў пра найбольш буйных усходнеславянскіх моваведаў. Пра кожнага вучонага прыводзяцца кароткія біяграфічныя звесткі, даецца пералік і крытычны разгляд яго навуковых прац, а ў канцы змяшчаецца літаратура аб ім. У разгляд уключаны вучоныя пачынаючы з XVIст. і заканчваючы 70-мі гадамі нашага стагоддзя: П.Бярында, Л.Зізаній, Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, І.П.Ужэвіч, І.І.Насовіч, А.В.Байкоў, І.К.Бялькевіч, Я.Ф.Карскі, С.М.Некрашэвіч, Б.А.Тарашкевіч і інш.

3. І.К.Германовіч “Беларускія мовазнаўцы. Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці”. Мн., 1985 -- праца , прысвечаная персаналіям. Асвятляецца дзейнасць беларускіх вучоных розных часоў: ХІХ ст. – П.М.Шпілеўскага, Е.Р.Раманава, ХХ ст. – Каруся Каганца, А.К.Сержпутоўскага, затым М.Я.Байкова, Я.В.Воўка-Левановіча, А.В.Багдановіча, М.І.Каспяровіча, М.В.Шатэрніка і інш.

4. Асобныя манаграфіі, прысвечаныя даследчыкам беларускай мовы. Гэта наступныя: “Евфимий Фёдорович Карский. Жизнь, научная и общественная деятельность” – М.Г.Булахава; “П.А.Бузук” – Я.Рамановіча , А.Юрэвіча, “Б.Тарашкевіч” – А.Ліса. Ёсць асобныя манаграфіі пра навуковую і грамадскую дзейнасць М.І.Гарэцкага, М.Я.Нікіфароўскага, А.К.Сержпутоўскага, П.В.Шэйна.

Энцыклапедычныя даведнікі.

     Кароткія агляды развіцця беларускага мовазнаўства, побач з персаналіямі многіх беларускіх лінгвістаў, падаюцца ў адпаведных артыкулах у “Беларускай савецкай энцыклапедыі”, “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі, энцыклапедычным даведніку “Беларуская мова”.

         


Дата добавления: 2022-12-03; просмотров: 18; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:




Мы поможем в написании ваших работ!