Вобраз ракі як захавальніцы памяці і яе інтэграцыйны фактар

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

ФІЛАЛАГІЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ

Кафедра славянскіх літаратур

ТЭМА ПАЎСТАННЯ 1863-1864 ГГ. У РАМАНЕ

Э. АЖЭШКІ “НАД НЁМАНАМ” І РАМАНЕ

У. С. КАРАТКЕВІЧА “КАЛАСЫ ПАД СЯРПОМ ТВАІМ” (ВОБРАЗНА-СІМВАЛІЧНЫ АСПЕКТ)

Курсавая работа

 

 

Агрэніч Аліны Аляксандраўны,

 

студэнткі  2 курса, спецыяльнасці

«славянская (польская і беларуская)

філалогія»

 

Навуковы кіраўнік:

кандыдат філалагічных навук,

дацэнт М.М. Хмяльніцкі

 

Мінск, 2014

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ.. 3

ГЛАВА 1. ПАЎСТАННЕ 1863-1864 ГГ. У ЖЫЦЦІ І ТВОРЧАСЦІ Э. АЖЭШКІ І У. С. КАРАТКЕВІЧА.. 6

1.1.Gloria victis: паўстанне ў жыцці і творчасці Э. Ажэшкі 6

1.2.“У рабстве гіне дух”: паўстанне 1863-1864 гг. у жыццёвай і творчай дарогах У.С. Караткевіча. 10

ГЛАВА 2. ІДЭЙНА-МАСТАЦКАЕ АСЭНСАВАННЕ ПАЎСТАННЯ Ў РАМАНАХ Э. АЖЭШКІ “НАД НЁМАНАМ” І РАМАНЕ “КАЛАСЫ ПАД СЯРПОМ ТВАІМ” У. С. КАРАТКЕВІЧА: ТЫПАЛОГІЯ ВОБРАЗАЎ-СІМВАЛАЎ.. 13

2.1. Вобраз ракі як захавальніцы памяці і яе інтэграцыйны фактар. 14

2.1.1. “На Нёман, прашу на Нёман!”: вобраз Нёмана ў рамане Э. Ажэшкі 15

2.1.2. “Ухіляюся табе, рэчачка!”: вобраз Дняпра ў рамане У. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. 18

2.2. Сімвалічнае значэнне могілак. 20

2.2.1. Могілкі ў рамане Э. Ажэшкі “Над Нёманам”. 21

2.2.2. Вобраз-сімвал магільні Загорскіх у рамане У. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. 23

2.4. Вобраз-сімвал дрэва ў межах канцэпцыі паўстання. 24

2.3.1. “Ой, беднае дрэўца, што ліст не шкадуе!”: сімвалічнае значэнне вобразу дрэва ў рамане Э. Ажэшкі “Над Нёманам”. 25

2.4.2. “ Сякера пры дрэве”: сімвал дрэва ў рамане У. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. 27

ЗАКЛЮЧЭННЕ. 30

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ.. 32

 

УВОДЗІНЫ

Літаратура наша – добра гэта ці дрэнна – рэдка была толькі літаратурай, звычайна яна была адначасова грамадскай службай.

А. Драгашэўскі [8, c. 8 ]

Даследаванне твораў пісьменнікаў, якія прадстаўляюць розныя народы, на прадмет знаходжання пэўных падабенстваў з’яўляецца ў выключнай ступені цікавым  відам  навуковай дзейнасці ў рэчышчы параўнальнага літаратуразнаўства. Прычым не толькі ў галіне гэтай навукі. Як вядома, літаратура зазвычай з’яўляецца яскравым  адлюстраваннем пэўных гістарычных падзей, настрояў, якія пануюць у грамадстве, а таксама культуры і менталітэту народа.

Беларусь і Польшча блізкія не толькі паводле цяперашняга геаграфічнага становішча ці з пункту гледжання прыналежнасці моў краін да сям’і славянскіх. Можна сцвярджаць, што беларусы і палякі таксама роднасныя на духоўным узроўні: мы маем шмат у чым агульную гісторыю, фальклорную спадчыну; падобны і ментальны код жыхара Польшчы і жыхара Беларусі. Нават імёны многіх выбітных постацяў належаць адначасова дзвюм культурам.

І калі ў гісторыі палітычных стасункаў паміж Польшчай і Беларуссю здараліся і могуць здарацца непаразуменні, нацыянальныя літаратуры яскрава маніфеставалі і маніфестуюць братэрства нашых народаў.

Акурат імкненне ў чарговы раз звярнуць увагу на роднаснасць беларусаў і палякаў праз прызму літаратуры з’яўляецца адным з чыннікаў, які абумовіў выбар тэмы дадзенай курсавой работы.

Паўстанне 1863-1864 гг. засталося ў народнай памяці як адно з самых драматычных у айчыннай гісторыі як Беларусі, так і Польшчы, і дагэтуль яго свяшчэнныя мэты не перастаюць захапляць і натхняць.

Калі Э. Ажэшка выдала свой раман роўна праз 25 гoд пасля паўстання ў знак пашаны да гэтых падзей, а У. С. Караткевіч скончыў свой раман у 100- ую гадавіну, то дадзеная курсавая работа дастаткова дарэчна прыпадае на 150-ую гадавіну пасля трагічнага паражэння народнага змагання ХІХ-га стагоддзя за роўнасць і братэрства ў грамадстве.

Так, аб’ектам прапанаванага даследвання сталі два творы: раман Э. Ажэшкі “Над Нёманам” („Nad Niemnem”) і раман У. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Прадмет даследавання – вобразы і сімвалы, непасрэдна звязаныя з паўстаннем, якія ўтрымліваюцца ў абраных аўтарам курсавога праекта творах.

Мэтай курсавой работы з’яўляецца выяўленне агульнага і адрознага ў адлюстраванні тэмы паўстання 1863-1864 гг. у вобразна-сімвалічным аспекце ў рамане Э. Ажэшкі “Над Нёманам” і ў рамане “Каласы пад сярпом тваім”  У. С. Караткевіча. Вобразы-сімвалы з’яўляюцца вельмі важнай часткай літаратурнага твора:  менавіта яны ўзмацняюць ідэйны і мастацкі эфект твораў, надаюць ім абагульненую сілу. Вектар даследавання будзе скіраваны не толькі  на падобныя ў двух раманах вобразы-сімвалы паўстання з лагічным тлумачэннем іх ідэйна-мастацкай вартасці і значэння,  але і на характарыстыку  некаторых асаблівасцей адлюставання падзей у творах па-за межамі абазначанага ў тэме вобразна-сімвалічнага ракурса, паколькі аўтар  лічыць вартым найперш  разгледзець творы у больш шырокім кантэксце, каб закласці пэўны падмурак для даследавання на ўзроўні вобразаў-сімвалаў.

Для дасягнення дадзенай мэты былі пастаўлены наступныя задачы:

- раскрыць ролю паўстання 1863-1864 гг. у жыццёвай і творчай дарогах Э. Ажэшкі і У. С. Караткевіча і адзначыць перадумовы для стварэння абраных для даследавання твораў;

- адзначыць агульныя характарыстыкі адлюставання падзей у раманах, творчы метад аўтараў;

- разгледзець вобраз ракі як захавальніцы памяці і інтэграцыйнага фактара;

- ахарактарызаваць вобраз-сімвал Магілы;

- даследаваць вобраз дрэва на прадмет сімвалічнага значэння у межах канцэпцыі паўстання;

- супаставіўшы і даследаваўшы творы на прадмет вулучаных вобразаў-сімвалаў паўстання 1863-1864 гг., зрабіць адпаведныя высновы.

Падчас падрыхтоўкі курсавога праекта аўтар карыстаўся крытычнымі выданнямі як беларускіх (А. Мальдзіса, А. Вераб’я, Г. Кісялёва), так і польскіх даследчыкаў (Я. Дэткі, А. Драгашэўскага, Г. Баркоўскай), а перадусім тэкстамі абраных для курсавога праекта твораў. Бібліяграфічная даведка ўтрымліваецца ў апошнім раздзеле працы.

Праца складаецца з уводзінаў, агульнай часткі, дзвюх глаў,  заключэння і спісу выкарыстанай літаратуры (12 пазіцый).

 

 

 


ГЛАВА 1.  ПАЎСТАННЕ 1863-1864 ГГ. У ЖЫЦЦІ І ТВОРЧАСЦІ Э. АЖЭШКІ І У. С. КАРАТКЕВІЧА

1.1.Gloria victis: паўстанне ў жыцці і творчасці Э. Ажэшкі

Вядомая польская раманістка, навелістка, публіцыстка, а таксама палітычны і грамадскі дзеяч Э. Ажэшка нарадзілася 6 чэрвеня 1841 года на Гродзеншчыне. Потым ёй давялося пераехаць у Варшаву. Доўгі час жывучы ў Польшчы, яна заўсёды памятала месца свайго нараджэння, была натхнёная прыгажосцю гэтай зямлі, таму пасля разрыву з мужам ахвотна вярнулася зноў у Гродна і менавіта там у выніку знайшла вечны спачын 18 мая 1910 года.

Пераломным момантам у жыцці пісьменніцы, як потым тая сама прызнавала ў сталасці, было паўстанне 1863-1864 года, якое прыпала на маладосць Э. Ажэшкі: пісьменніцы ішоў 21 год. Яна апекавалася партызанамі, дапамагала ў пошуках ежы, адзення. Летам 1863 г. кіраўнік паўстання Рамуальд Траўгут знайшоў надзейны прытулак у маёнтку мужа Э. Ажэшкі – у Людвінове. Гаспадыня апекавалася неспадзяваным госцем, лячыла яго, калі той захварэў, а потым сама адвезла яго да мяжы Каралеўства Польскага, што, безумоўна, было вельмі небяспечна і рызыкоўна для маладой жанчыны. Калі патруль рускіх жаўнераў затрымаў картэдж, Э. Ажэшка захавала спакой і стрымана  сказала салдатам, што вязе хворага кузына да доктара. Пасля паражэння паўстання маёнтак мужа Э. Ажэшкі быў канфіскаваны, а сама жанчына вымушана была выехаць у родны маёнтак на Мікалаеўшчыне.

Сама Э.Ажэшка так пісала пра ролю паўстання 1863-1864 гг. у сваім жыцці: “Той момант рашуча паўплываў на ўсю маю будучыню. З яго ў маёй душы з’явіліся сур’ёзнасць і ніколі поўнасцю не згаснае шкадаванне, якое мяне назаўсёды адхіліла ад свету бляску, забаў і пустой весялосці. Той момант нарадзіў ува мне прагу да служэння Айчыне па меры сілы і прыроды маіх здольнасцяў; з яго агню і яго слёз ува мне паўстала жаданне закласці хоць маленькую цаглінку у той выратавальны мост, па якім народ мусіў прайсці над шырока адкрытай пад ім прорвай. Прыйшлі потым розныя сумненні, але ў любові да Айчыны і абавязку служэння ёй я не сумнявалася ніколі; прыйшлі потым розныя болі, але ніводны не быў роўны болю яе няшчасця, прыходзілі потым доўгім-доўгім шэрагам розныя пісьменніцкія ідэі , але не было сярод іх ніводнай, як з першакрыніцы, што нараджала думкі пра Айчыну. Гэта ўсё ўчыніў са мной і ўва мне год 1863. Калі б не яго молат і долата, лёсы мае былі б, дакладней за ўсё, іншыя і, хутчэй за ўсё, я не была б пісьменніцай” [10, c. 244-245].

Безумоўна, развагі Э. Ажэшкі наконт паўстання 1863-1864 гг. не маглі застацца незанатаванымі, бо інакш гэта разглядалася б як здрада пісьменніцы самой сабе. Тэма была небяспечная, і прысвячаць свае творы ёй значыла ствараць для сябе вялікія праблемы. Але пісьменніца не магла не рызыкнуць.

Летам 1884 Марцін Гавалевіч, рэдактар “Ілюстраванага штотыднёвіка” (“Tygodnika Ilustrowаnego”), замовіў у Э. Ажэшкі раман, які –  тое становіцца зразумелым з эпісталярнай спадчыны пісьменніцы – мусіў датычыць стасункаў маладога і старога пакаленняў, а таксама стасункаў паміж жыхарамі горада і вяскоўцамі. І ўжо ў канцы таго ж года рэдакцыя часопіса засведчыла чытачам, што хутка выйдзе новы раман з-пад пяра Э. Ажэшкі пад назвай “Мезальянс”(“Mezaljans”). Але так сталася, што і ў 1885-ым годзе праца над раманам не распачалася. Пісьменніца разумела ўсю небяспеку звароту ў рамане да тэмы, якую планавала ўзняць. Для яе было прынцыпова рэалізаваць сваю ідэю паўнавартасна, не надта арыентуючыся на магчымыя заўвагі цэнзуры, а гэта прадугледжвала дадатковую падрыхтоўку: “Знаходжуся ў вёсцы на працягу двух месяцаў… Спачатку не займалася нічым, акрамя таго, што дыхала поўнымі грудзьмі і наталялася добрым летнім надвор’ем і вясковай цішынёй. Аднак ужо некалькі тыдняў таму сабралася пісаць вялікі двухтомны раман, які будзе называцца “Над Нёманам” (“Nad Niemnem”), і ў якім маю вялікія, хоць мо і марныя, спадзяванні ” [9, c. 29].

Э. Ажэшка прыехала ў Міневічы пасля пажару ў Гродне ў 1885 годзе. Акурат у той час туды вярнуўся з катаргі адзін з найвыбітнейшых дзеячаў паўстання 1863-1864 гг., Ян Каменьскі, якому і належалі Міневічы. Яго фальварак быў спалены рускімі яшчэ ў 1863 годзе, а маёмасць канфіскавана. Паколькі дочкі Каменьскага выйгралі судовы працэс, які разглядаў справу іх бацькі, частку Міневічаў засталося выкупіць, частку атрымаць пазней: “Уладальнік Міневічаў, спадар Ян Каменьскі, разам з жонкай і дочкамі сёлета вярнуўся з Сібіры ў краіну. Ведала гэтых  людзей з ранняй маладосці, з радасцю іх вітала, але сапраўднае захапленне справіў выгляд гэтага высакароднага і смелага чалавека, сапраўднага пакутніка высокай ідэі і любові, які вітаў родныя мясціны пасля сваёй адсутнасці, што працягвалася больш за дваццаць гадоў, які вольна дыхаў пасля кайданоў і катаржніцкіх падзямелляў, пасля лягчэйшага, але яшчэ цяжкога, смутку пасяленца (!) - родным паветрам, роднымі гукамі і краявідамі. У рэвалюцыйных часах ён быў адным з найгарачэйшых і найуплывовейшых паплечнікаў справы люду на Літве, гэтаксама сяляне віталі яго ўсёй грамадою, расчуленныя да глыбіні душы, з  прыкметамі памяці і ўдзячнасцi [9, c. 30].

Акурат побыт у Міневічах, доўгія размовы з іх гаспадаром, бясконцыя ўспаміны пра мінулыя часы, само наваколле паўплывалі і на змену назвы, і на сістэму вобразаў, і на пэўныя ўдакладненні ў сюжэце будучага рамана.

“Раман будзе трохтомны і калі не мастацкі, то, прынамсі, поўны вельмі новых рэчаў. Галоўнай крыніцай яго сюжэту будзе паўстанне 1863 года. Абыходжанне цэнзуры таксама ўскладняе пісанне, але без распачынання датэрмінова нічога ясным не можа быць” [11, c. 28]

Раман “Над Нёманам” у выніку стаў вырашальным у творчасці пісьменніцы. Звярнуўшыся ў ім да тэмы паўстання, яна не толькі ўзгадала трагічныя падзеі мінулых дзён, якія не маглі не закрануць пачуцці сучаснікаў, але і скіравала ўвагу на важнасць адзінства вёскі і засценка, такім чынам сцвярджаючы адзін з неабходных фактараў  выйсця Польшчы са стану крызісу на той момант. І надалей не бачачы зрухаў на паляпшэнне ў сучаснасці, Э. Ажэшка працягвала звяртацца ў сваёй творчасці да недалёкай, хоць і трагічнай, але парадаксальна жыццясцвярджальнай мінуўшчыны. У мэтах паўстання 1863-1864 гг., самім спосабе барацьбы за волю пісьменніца знаходзіла тыя ідэалы, да якіх варта было імкнуцца суайчыннікам, тую праграму развіцця дзяржавы ў цэлым, якую неабходна было ажыццяўляць для мадэрнізацыі Айчыны. Менавіта таму тэма паўстання не знікла з творчасці Э. Ажэшкі  пасля напісання “Над Нёманам” і лягла ў аснову шэрагу новых твораў.

 Так, у рамане “Два полюсы” (“Dwa bieguny”) Э. Ажэшка на прыкладзе галоўнай гераіні Севярыны паказвае, якім чынам мусіць быць выкананы своеасаблівы нямы наказ паўстанцаў народу: жанчына, адданая сваёй малой Радзіме, спрабуе мадэрнізаваць гаспадарку маёнтка, а не кідае яго ў цяжкую хвіліну, яна неабыякавая да лёсу простых людзей, адмаўляецца ад асабістага шчасця ў імя народнага абавязку. Яна памятае свайго брата-паўстанца, ганарыцца ім, спрабуе рэалізаваць тое, што ён хацеў бы па яе меркаванні ўвасобіць у жыццё.

Варта ўзгадаць і зборнік навел “Gloria victis”,  дзе пісьменніца ў чарговы раз акрэсліла сэнс паўстання 1863-1864 гг. і ацаніла значэнне яго паражэння. У загалоўнай навеле “Gloria victis” пісьменніца звярнулася да вобразаў магіл, выказаўшы пашану паўстанцам, якія загінулі ў драматычным няроўным змаганні. Навелы маюць жыццясцвярджальны характар:  нягледзячы на паражэнне паўстання (нават хутчэй дзякуючы яму), народны дух стаў мацнейшым (“Звышпераможца Дух”(“Arcyzwycięzca Duch”) ).

Такім чынам, для Э. Ажэшкі паўстанне 1863-1864 гг. стала пачаткам яе пісьменніцкай дзейнасці і пунктам дасягнення маральнай спеласці. І праз дзясяткі гадоў ёй, чалавеку паслялістападаўскай эпохі, не ўдалося забыцца пра паўстанне, яна знаходзіла ў ім натхненне, працягвала захапляцца постацямі тагачасных герояў, разумела важнасць гэтых падзей, таму і ўсклала на сябе свяшчэнную місію нагадаць суайчыннікам пра мужнасць паўстанцаў, абумоўленую бязмежнай любоўю да Радзімы і ўсведамленнем неабходнасці адстаяць уласную чалавечую годнасць. І з гэтай місіяй пісьменніца выдатна справілася і паспрыяла будаванню таго самага “выратавальнага моста, па якім народ мусіў прайсці над шырока адкрытай пад ім прорвай” [10, c. 245]. Нездарма ўдзячныя спадкаемцы празвалі Э. Ажэшку “пісьменніцай сумлення”.

1.2.“У рабстве гіне дух”: паўстанне 1863-1864 гг. у жыццёвай і творчай дарогах У.С. Караткевіча

Па іроніі лёсу,  выбітнага беларускага пісьменніка ХХ ст. У. С. Караткевіча (1930 – 1984 гг.) даволі часта называюць “беларускім Г. Сянкевічам”. І такое акрэсленне насамрэч справядліва ўжываць у дачыненні да чалавека,  які лічыў, што асобы няма без продкаў, а народ не можа называцца народам, калі ён забыўся сваю гісторыю.

Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка, літаратурная крытыка, перакладчыцкая дзейнасць і кінематограф – усё гэта з’яўлялася полем дзейнасці  Уладзіміра Сямёнавіча. Але найперш ён быў сапраўдным сынам сваёй Бацькаўшчыны, улюбёным у беларускую зямлю і яе людзей, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Беларусі, абужэнню нацыянальнага гонару ў сэрцах суайчыннікаў.

Ён знаходзіў крыніцу натхнення ў беларускай гісторыі, але асаблівую увагу надзяляў паўстанню 1863-1864 гг. і ў прыватнасці асобе К. Каліноўскага, што знайшло адлюстраванне ў шэрагу вершаў, п'есе “Кастусь Каліноўскі”, пралогу да рамана “Нельга забыць”, які вядомы яшчэ пад назвай “Паром на бурнай рацэ”, аповесці “Зброя” і, нарэшце, самым значным творы ў спадчыне пісьменніка – рамане “Каласы пад сярпом тваім”.

Прычым нават з пункту гледжання радаводу У. С. Караткевіча можна сцвярджаць, што пісьменніку такое захапленне было проста наканавана. Сярод яго прашчураў “па кудзелі” годнае месца займае імя Тамаша Грыневіча, які ў паўстанні 1863-1864 гг. быў камандзірам атрада, а потым яго схапілі і расстралялі па загадзе Мураўёва. А. Мальдзіс піша: “А як узрадаваўся Караткевіч, калі потым, у час камандзіроўкі ў Польшчу, я знайшоў у Варшаве рукапісныя “Нататкі паўстанца 1863 года ў Магілёўскай турме”. Сярод іншых прозвішчаў там упамінаўся і той жа Тамаш Грыневіч. Больш таго, прыводзіўся напісаны ім верш “Песня прыгаворанага да смерці…”, дзе выказана цвёрдая ўпэўненасць у тым, што справа свабоды не загіне, “пакуль жыве славянскае племя”. Дзеля вызвалення, гаворыцца ў вершы, трэба паказаць народу прыклады гераізму і самаахвярнасці” [5, c. 18].

Нават выбар тэмы, якую У. С. Караткевіч узяў пасля паспяховай здачы кандыдацкага мінімуму для сваёй дысертацыі, абумоўлены захапленнем паўстаннем 1863-1864 гг. І хоць яго мара напісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах так і не ажыццявілася, сабраны матэрыял не быў марна закінуты, а пайшоў на напісанне рамана. “Задума, – расказвае У. Караткевіч у інтэрв’ю А. Мальдзісу, – з'явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага ўніверсітэта. Замест таго каб хадзіць на лекцыі – сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачыма паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў  –  мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх – паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за “нашу і вашу свабоду”. А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць. Пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні. Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя “мосцікі” ў Вільню, Пецярбург, Варшаву” [5, c.71].

Рупліва і ўважліва працаваў У. С. Караткевіч са старымі дакументамі: “Мы многа сядзелі ў гістарычным архіве на Добрай Радзе. Кісялёў прыносіў Караткевічу, здаецца, нават без належнага афармлення, дакумнты пра паўстанне 1863 года, Кастуся Каліноўскага. Валодзю было цікава ўсё: і папера, і подпісы, і паўстанцкія пячаткі. Здавалася, што ён бачыць тых, хто іх ставіў, і нават размаўляе з імі, варушачы засмяглымі ад курэння губамі” [5, c. 30].

Трэба адзначыць, што Уладзімір Сямёнавіч планаваў напісаць яшчэ дзве кнігі рамана, дзе б утрымліваліся “крах усіх спадзяванняў, усіх ілюзій і – нават у гэтых абставінах – чалавечая нязломнасць! Паўстанне пацярпела паражэнне, але мужнасць – засталася. А значыць, засталося і спадзяванне, што чалавек, свабода і народ – выжывуць” [5, c.74].Таксама аўтар планаваў увесці ўласныя ацэнкі тагачасных падзей з пункту гледжання яго сучаснасці, роздумы яго сяброў. Ён прызнаваўся, што маральна складана пісаць апошнія часткі рамана, паколькі забіваць герояў, якія паспелі стаць яму роднымі, вельмі нялёгка.

На пачатку васьмідзясятых У. С. Караткевіч публікуе аповесць “Зброя”, якая з’яўляецца своеасаблівым працягам першай і другой частак рамана. Паводле А. Мальдзіса, стылёвыя асаблівасці сведчаць, што аповесць была напісана яшчэ ў шасцідзясятых, але Уладзімір Сямёнавіч ніколі не казаў пра яе, паколькі разумеў, што тагачасная крытыка успрыме апісанні маскоўскіх нораваў як ганенне  рускага народа ўвогуле [5, c. 79].

Як вядома сучаснаму чытачу, трэцяя і чацвёртая кнігі “Каласоў…” у друк так і не выйшлі. Адам Мальдзіс упэўнены ў тым, што рукапіс існаваў, але быў скрадзены грабежнікамі з кватэры У. С. Караткевіча летам 1982-ага.

Такім чынам, Э. Ажэшка і У. С. Караткевіч жылі ў розны час, размаўлялі і пісалі свае творы на розных мовах. Але іх яднае любоў да сваёй зямлі і глыбокая пашана да змагароў за яе волю. Паўстанне 1863-1864 гг. адыграла вырашальную ролю ў жыцці і творчасці і Э. Ажэшкі, і У. С. Караткевіча.


ГЛАВА 2. ІДЭЙНА-МАСТАЦКАЕ АСЭНСАВАННЕ ПАЎСТАННЯ Ў РАМАНАХ Э. АЖЭШКІ “НАД НЁМАНАМ” І РАМАНЕ “КАЛАСЫ ПАД СЯРПОМ ТВАІМ” У. С. КАРАТКЕВІЧА: ТЫПАЛОГІЯ ВОБРАЗАЎ-СІМВАЛАЎ

Для агульнай, у некаторым сэнсе нават выключна накіднай характарыстыкі раманаў аўтар звяртае ўвагу толькі на тыя нешматлікія крытэрыі па-за межамі абазначанага ў тэме курсавой работы аспекта, якія лічыць важнымі для далейшага разгляду твораў на ўзроўні вобразаў-сімвалаў.

Раман Э. Ажэшкі паўстаў у канцы 1880-ых, і падзеі , апісаныя ў творы, належаць да таго ж часу. Гэта значыць, польская пісьменніца звярнулася да сваёй сучаснасці. Але ў рамане ўтрымліваецца шэраг рэтраспекцый, якія адносяць чытача да падзей дваццацігадовай даўнасці (яны найбольш уплываюць на сучаснасць дзеяння рамана), да часоў напалеонскай агрэсіі, войн ХVІІ ст. са шведамі, а таксама да часоў панавання Жыгімонта ІІ Аўгуста ў ХVІІ ст.

Раман У. С. Караткевіча быў напісаны ў сярэдзіне 1960-ых, але асноўнае дзеянне адбываецца ў 1850-ых – пачатку 1861-ага гг. Рэтраспекцыі ж пераносяць дзеянне ў кацярынінскія часы канца ХVІІІ ст. і пачатак ХІХ ст., азнаменаваныя вайной з Напалеонам. Аўтарскія адступленні пра мора [3, c. 241-243] ўвогуле пазбаўлены часавых маркераў, бо час застаецца неакрэсленым.

Такім чынам, і у рамане Э. Ажэшкі, і ў рамане У. С. Караткевіча час з’яўляецца шматмерным.

Дзеянне ў рамане польскай пісьменніцы не пераходзіць тэрытарыяльныя ўмоўныя межы, абазначаныя аўтарам у назве твора: непасрэдна дзеянне мае месца быць на калянёманскіх сядзібах. У. С. Караткевіч у сваю чаргу пасылае галоўнага героя рамана  не толькі далей у межах сучаснай Беларусі (на Гродзеншчыну), але і за яе межы: у Вільню, Пецярбург. Такім чынам, дзеянне ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” тэрытарыяльна не абмяжоўваецца Прыдняпроўем.

Раман “Над Нёманам” належыць да жанру рэалістычнага рамана. Наратар тут выступае як трэцяя асоба, якая знаходзіцца па-за межамі дзеяння, дзесьці звонку, і іншым разам выказвае выключна свае думкі, уласнае стаўленне да герояў.

Раман  “Каласы пад сярпом тваім” жанрава можна акрэсліць як сацыяльна-гістарычны, прычым улічваючы той факт, што сам У. С. Караткевіч упарта не пагаджаўся са званнем пісьменніка рамантычнага складу, аўтар курсавой работы не возьме на сябе смеласць сувярджаць, што твор прасякнуты рамантычным пафасам. Больш слушна будзе далучыцца да Г. Кісялёва, які пісаў, што «"Каласы пад сярпом тваім" не толькі гісторыка-рэвалюцыйны або сацыяльна-гістарычны раман, але і раман пра жыццё, раман філасофскі» [4, c. 242]. Наратар у “Каласах…” падобны да наратара ў рамане Э. Ажэшкі, толькі за выключэннем абсалютных адступленняў ад аповеду галоўнага дзеяння, калі чытач застаецца адзін на адзін з наратарам  (гэта датычыць урыўка пра мора [3, c.241-243], які адарваны ад дзеяння зусім).

Вобраз ракі як захавальніцы памяці і яе інтэграцыйны фактар

І Э. Ажэшка, і У. С. Караткевіч мелі вялікую пашану да ракі, на беразе якой былі ўзгадаваныя. Калі для польскай пісьменніцы такой ракой быў бацька Нёман (яна звярталася да яго вобразу ў аповесці “Хам”, нарысах "Людзі і кветкі над Нёманам"), для класіка беларускай літаратуры – Дняпро, які з’яўляецца ў шматлікіх вершах класіка беларускай літаратуры(“Дзе мой край”, “Зімняя элегія” і інш.), і ў разнастайных празаічных творах(“Нельга забыць”, “Ладдзя роспачы”, “Сівая легенда” і інш.).   

У хранатопах абодвух даследуемых раманаў вобраз ракі адыгрывае важную ролю.

2.1.1. “На Нёман, прашу на Нёман!”: вобраз Нёмана ў рамане Э. Ажэшкі

Ужо сама назва твора – “Над Нёманам – указвае на тое, што вобраз ракі з’яўляецца своеасаблівым стрыжнем у рамане Э. Ажэшкі. Стрыжнем, які аб’ядноўвае герояў, падзеі і навакольныя мясціны. Рака ў творы польскай пісьменніцы – вобраз амбівалентны: рака бурлівая і зменлівая, але ў той жа час спакойная і статычная. Э. Ажэшка зрабіла Нёман паўнавартасным героем рамана, які з’яўляецца маўклівым сведкам здарэнняў усіх часавых перыядаў, адлюстраваных у творы.

Ідучы ўслед за наратарам, чытач знаёміцца з Нёманам, захапляецца яго прыгажосцю і спасцігае мудрасць вялікай ракі, спрадвечнай і ачышчальнай. І бацька Нёман сам так ці інакш  апавядае сваю гісторыю.

“Воз з вясковымі дзяўчатамі пакаціўся між шэрых пабудоў і густых садоў, што доўгім ланцугом рассыпаліся па схіле высокай гары, ля самага падножжа якой плыў спакойны і ціхі Нёман, адбіваючы ў сваіх водах блакіт неба і цёмны бор”[1, c. 10], – вось так паказвае Э. Ажэшка Нёман у самым пачатку твора. Падчас сустрэчы Яна і Юстыны  Нёман “спакойны і ціхі”: ён знаходзіцца ў чаканні паўтарэння гісторыі, якую ўжо некалі бачыў і адбівае ў сваіх водах “блакіт неба і цёмны бор”, як рабіў гэта заўсёды. Нёман не мае нагоды для неспакою, бо ўжо паспеў пабачыць столькі, што згубіў здольнасць здзіўляцца.

Э. Ажэшка і пры наступнай сустрэчы Яна і Юстыны таксама звяртаецца да вобразу ціхага Нёмана. Час быццам бы спыняецца разам са спакоем воднай плыні. Не пакідае адчуванне таго, што мудрая рака ведае, як будуць развівацца падзеі, куды лепш за людзей: “На Нёмане рух спыніўся. Тратвы праплылі, рыбацкія чоўны зніклі, над блакітнай вадой запанавала ціша, часам у асляпляльна яркім сонечным святле імкліва, з выкрутасамі праносіліся бліскучыя, як атлас, крачкі” [1, c. 25].

Воды Нёмана нясуць у сабе тую невідочную, але адчувальную кожнай клеткай цела энергію, што з’яўляецца невытлумачальна важнай для ўзгадаваных на калянёманскіх сядзібах людзей. Гэта і ёсць тыя самыя ўспаміны, ад якіх немагчыма адмовіцца сумленнай асобе. Калі Бенедыкт Карчыньскі думаў пераязджаць да брата, які ўладкаваўся далёка па-за межамі сваёй малой радзімы, ён спачатку параіўся з маленькім Вітольдам, спытаўшы, ці любіць яго сын Нёман. Вітольд у сваю чаргу адказаў: “Татачка, каб ты толькі ведаў, як добра плысці на чоўне і лавіць рыбу!.. Я з Юлікам сёння плаваў…”[1, c. 38]. І тут Нёман выступае найперш як локус, што  акрэслівае межы родных мясцін. Сапраўды, усё, што знаходзіцца па-за блакітнай дугой Нёмана,  з’яўляецца чужым, а людзі, што свядома перайшлі гэтую мяжу, – здраднікамі (Дамінік Карчыньскі, Зыгмунт Карчыньскі).

І ў такім кантэксце вобраз Нёмана сугучны вобразу магіл, пра які больш падрабязна гаворка пойдзе пазней. Вельмі паказальна, што месца, дзе знаходзіцца магіла Яна і Цэцыліі, акаймляе  Нёман [1, c. 88]. Прынцыповая розніца паміж гэтымі вобразамі, якія з’яўляюцца своеасаблівымі якарамі сумлення  для жывых і сімвалізуюць народную памяць, заключаецца ў тым, што рака – як бы дзіўна гэта ні гучала – вобраз абсалютна жывы, рухомы, адухоўлены, чаго нельга сказаць пра магілы.

Э. Ажэшка дастаткова спецыфічна паказвае душу Нёмана. Цікавасць выклікае постаць Юліка, які знітаваны з ракой настолькі моцна, што ўжо сціраецца мяжа паміж паняццямі “чалавек” і “нежывы аб’ект прыроды”: “Дзіўны гэта быў хлопец. З дзяцінства называлі яго дурнем, нават бацька часта біў за непаваротлівасць, і ў сям'і ён заўсёды быў апошнім. Таму, відаць, і прырос да Нёмана; здаецца, і душу сваю ў гэтай рацэ пакінуў, бо так хацелася яму вяртацца да яе. Рэдка пакідае Нёман.  На вадзе есць, на вадзе альбо ля вады часта і начуе. Да гаспадарскай працы лянівы і няздатны, ловіць шмат рыбы, прадае яе ў бліжэйшым мястэчку, а грошы заўсёды аддае бацьку... Калі тры гады таму меў ісці ў войска, то цэлымі днямі лямантаваў, як ён без Нёмана выжыве. І вось вам, скурчыліся ў яго пальцы на правай руцэ. Без дай прычыны скурчыліся, стаў калекай. Але ўсе добра ведаюць, што пра гэтае калецтва думаць. На гэта розуму хапіла...” [1, c. 162].

Дык ці не ёсць Юлік спробай аўтара часткова  персаніфікаваць саму пасляпаўстанніцкую раку ў яе сімвалічным значэнні? Знявечаны, патрапаны жыццём хлопец моцна прырос да сваіх родных мясцін. Ён не бачыць сябе нідзе, акрамя іх, нешта вышэйшае трымае яго тут, ён адданы ім цалкам і поўнасцю. З аповеду Анзэльма пра Яна і Цэцылію вынікае, што ў тыя далёкія часы “рака была не такой, як цяпер. Глыбіні велізарныя, а цячэнне вельмі быстрае. Вада была тады магутная і гнеўная. Разлівалася шырока і тачыла бераг, прабіваючы сабе новыя руслы, сведчаннем чаго і застаўся гэты яр. Падчас разводдзя крыгі плылі велізарныя, як статкі ўздыбленых коней…” [1, c. 91] Даўніна для Нёмана азнаменавана веліччу,  бо велічнымі былі тады гэтая зямля і яе жыхары, а рака неадрыўная ад гісторыі, яна і ёсць тая самая гісторыя краю. Паражэнні, якія церпяць яе гадаванцы, накладаюцца на некалі магутную і гнеўную плынь.

Адсюль, з вялікай трагедыі паўстання, і генерыруецца вобраз Юліка, шчырага, простага ў сваіх зацікаўленасцях і суадноснай з імі абмежаванасцю маўклівага хлопца, што ў выніку прывіў любоў да ракі і Вітольду. Хіба іх сяброўства, якое знаходзіла сабе месца найперш на Нёмане, не з’яўляецца ўвасабленнем таго, што сацыяльнае становішча ператвараецца ў прах перад ракой, перад Іх Вялікасцю Памяццю і Часам?

Нёман і Юстыну з Янам аднойчы раз і назаўсёды ахрысціў роўнымі, калі ў навальніцу малады Багатыровіч кіраваў чаўном насупор стыхіі, бо добра ведаў раку,  любіў яе і перадаў  паненцы сваю непахісную ўпэўненасць у тым, што рака не можа чыніць зла, калі даверыцца ёй і ўпусціць у сваё сэрца [1, c. 175].

Такім чынам, вобраз Нёмана выконвае інтэграцыйную функцыю не толькі ў прасторавым аспекце, але і на ўзроўні адносінаў герояў, бо перад ракой яны становяцца роўнымі нават нягледзячы на сацыяльны статус.

Нёман памятае стагоддзі, і застаецца жывым, і фіксуе новыя падзеі ў сваёй памяці, працягваючы рабіць нататкі ў летапісе наваколля. Ён спрабуе ачуняць пасля апошніх падзей, што знявечылі яго, спарадзілі Юліка. Яго паверхня  пакрытая бясконцымі маршчынамі [1, c. 162], і ён жыве. І жыць будзе: “ Над далёкім выгібам Нёмана, як бы з вады, выплыў агністы беражок месяца. Ён хутка рос, круглеў, каціўся на неба, аж пакуль не павіс над ракой вялізным светлым дыскам” [1, c. 330].

 

2.1.2. “Ухіляюся табе, рэчачка!”: вобраз Дняпра ў рамане У. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”

“Не бачыў Нёмна, але, думаю, што Дняпро ля Рагачова не горшы. Ён, мне здаецца, больш першабытны. Гліністыя, пясчанікавыя, сланцавыя адхоны. Крыніцы выбіваюцца з-пад іх, шастае трава. Так і здаецца, што зараз з’явіцца над ракою табун дзікіх коней” [6, c. 72–73], – пісаў У. С Караткевіч у адным з лістоў да Я. Брыля.

 Аўтару з перспектывы асобы, што выбрала для даследавання творы, дзеянне ў якіх адбываецца на Прыдняпроўі і на Панямонні, застаецца толькі пагадзіцца з класікам беларускай літаратуры, бо Дняпро ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” адыгрывае не менш важную ролю, як  Нёман у рамане Э. Ажэшкі.

Дняпро ў рамане моцны, бурлівы, неўтаймаваны:  “Дняпро падбiраўся да яе [грушы] спакваля, патроху, як разбойнiк. У вечным сваiм iмкненнi скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусiм блiзка да яго, руйнаваў адхоны, зносiў, каб пасадзiць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкi берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлi. Потым адступаў, да наступнай вясны, i трава лiтасцiва спяшалася залячыць раны, нанeсеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў i з часам абкружыў грушу амаль з усiх бакоў” [6, c. 7].

Такім чытач бачыць Дняпро на самым пачатку твора, такім ён застаецца да апошняй старонкі. Энергія, скаваная берагамі, просіцца вонкі. Дняпро гатовы змяніць наваколле, ён адчувае сваю моц як ніколі. Тут у ім увасоблена само паўстанне, якому наканавана паглынуць усё і ўся: “За кручай і вышэй яе Дняпро шырэў,  разліваючыся. Круча стрымлівала яго, не давала прарвацца ўніз і змыць усё на сваім шляху” [6, c. 190]. Гатоўнасць да змен і прага змен бяруць верх над ракой, яна ўжо не можа чакаць, вымушанасць бегчы па звычайнай сваёй дарозе ёй абрыдла.

Уражвае майстэрства, з якім У. С. Караткевіч перакшталтоўвае трактоўку вобраза Дняпра, захоўваючы агульны настрой і кожны раз беручы за аснову тое, што Дняпро – “вялікая рака”, родная рака, рака, да якой вядуць усе дарогі яе дзяцей:  “Але плыве i плыве вялiкая рака. Нас не было, а яна ўжо несла свае хвалi мiма заток, пушчаў i буславых гнёздаў. А калi нас не будзе, яна ўсё яшчэ будзе бегчы далей i далей, да апошняга, далёкага мора” [6, c. 12]. Тут Дняпро адназначна выступае ў якасці захавальніка народнай памяці, бо рака памятае, што было задоўга да сучаснасці, і праз гады ёй наканавана несці ў сваіх водах гэтую інфармацыю, паступова набываючы новую.

І Дняпро здольны дзяліцца гісторыямі мінулых дзён з людзьмі, пра што сведчыць наказ Юрыя сыну падчас яго пострыгу: “Усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных” [6, c. 75]. Гэта тая непамерная пашана рацэ, якую Дняпро заслугоўвае, гэта тая адзнака важнасці народнай памяці (тут: у сімвалічным значэнні Дняпра), якой У. С. Караткевіч аддаваў асаблівае месца на працягу ўсяго жыцця, гэта тая любоў да  роднага кута, якая прымушала людзей ісці на смерць за яго.  

Перад Дняпром усе яго гадаванцы роўныя, ён будзе несці ўспаміны пра кожнага з іх: “Гэта ж была тая самая рака, што і за тысячу год да іх дзён, тыя ж берагі і тыя ж дубы на іх. Ён [Алесь] блытае сваіх продкаў, а яго далёкія нашчадкі будуць блытаць яго з Андрэем, а іх – з тымі, што жылі на гэтых берагах даўно-даўно. Таму што пройдуць такія вялікія тысячы год, што ўсім будзе ўсё адно... I гэта неяк страшнавата наблізіла яго, Алеся, да ўсіх людзей, нават да тых, чые курганы стаяць вось ужо колькі стагоддзяў па берагах вялікай ракі. Ягоны курган зблытаюць з іхнімі. Пройдуць вялікія тысячы год, і людзям будзе ўсё адно” [6, c. 215-216].

Паказальна, што цела Стафана вязуць на могілкі менавіта па рацэ [6, c. 716]. Старэйшага сына Кагутоў, пры жыцці сумленнага і бяскрыўднага чалавека, плаўна нясуць хвалі вялікай ракі, каб запомніць яго назаўсёды.

Смерць Данілы Кагута таксама суправаджае вобраз Дняпра, і менавіта ў гэтым фрагменце рамана рака ў поўнай меры набывае свой неаспрэчны сакральны сімвалічны сэнс. Мудры Даніла схіляе галаву перад Дняпром у апошнія хвіліны свайго жыцця, бо  “косці стануць зямлёй, і вырастуць дрэвы, і пацякуць з іх кроплі дажджу. Проста туды, у раку. І ён стане ракою, рака – ім. І нават самы мудры, нават Бог, іх не адрозніць” [6, c. 768]. Стары становіцца тоесным Дняпру, яны разам утварацюць нешта непадзельнае ў сваёй вечнасці. Даніла сыходзіць у нябыт фізічна, а дух яго далучаецца да дняпроўскіх вод, становячыся яшчэ адным успамінам вялікай ракі, якую Даніла перад смерцю папрасіў: “Бяжы сабе ды бяжы. Нясі сабе ды нясі” [6, c. 786].

Дняпро ў рамане У. С. Караткевіча – гэта сімвал роднай зямлі, людской непрымірымасці з абставінамі, і, канечне, сімвал народнай памяці, якую Дняпро нёс праз гады, якую будзе несці і далей. З такіх рэк, уласна кажучы, і складаецца ўсеагульная гісторыя чалавецтва, якую пісьменнік увасобіў у вобразе мора: “Гэта тое самае мора, у якое ўпадае мой Дняпро. І ён, і яшчэ тысячы, тысячы рэк, ручаін і проста струменьчыкаў аддаюць мору ваду, адбіткі берагоў, якія яны бачылі на ўсім сваім шляху, каламуць, колер вод, галіны, лісце сваіх лясоў і траў і, нарэшце, саміх сябе, сваё жыццё” [6, c. 242].

Сімвалічнае значэнне могілак

Згодна з хрысціянскай культурай магіла з’яўляецца месцам будучага ўваскрашэння чалавека. Па гэтай прычыне магілы шануюцца, захоўваюцца ў чысціні, сакралізуюцца.

І ў рамане Э. Ажэшкі, і ў “Каласах…”  У. С. Караткевіча прысутнічае вобраз могілак, які не зусім адпавядае класічнаму ўвасабленню могілак сучаснага чалавека. Сімвалічныя значэнні, якія былі ўкладзеныя пісьменнікамі ў гэтыя вобразы ў сваіх раманах, даволі падобныя, аднак ніяк не з’яўляюцца аднолькавымі.

2.2.1. Могілкі ў рамане Э. Ажэшкі “Над Нёманам”

Вобраз могілак у рамане Э. Ажэшкі “Над Нёманам” сустракаецца двойчы: гаворка ідзе пра магілу Яна і Цэцыліі і пра Магілу, дзе ляжаць паўстанцы, што загінулі ў недалёкім мінулым. Гэтыя вобразы не з’яўляюцца тоеснымі па сваім сімвалічным значэнні, але своеасаблівым чынам дапаўняюць адзін аднаго.

Ян і Цэцылія – пачаткоўцы роду Багатыровічаў, іх часткова містыфікаваныя продкі. Як сцвярджае сямейная гербавая легенда, Цэцылія была панскага паходжання, Ян – простага. Безумоўна, тут прасочваецца алюзія на Яна і Юстыну, саюз якіх з прычыны прыналежнасці герояў да розных слаёў грамадства здаецца амаль немагчымым, але прыклад прашчураў дэманструе адваротнае. Ян і Цэцылія пражылі доўгае жыццё разам, і былі пахаваныя таксама разам. Значыць, іх магіла – гэта сімвал кахання, якое не зважае на сацыяльную няроўнасць? Канечне, адмаўляць гэтую відавочную трактоўку не мае сэнсу, аднак сімвалічнасць гэтага вобразу мае пад сабой не толькі рамантычны падмурак.

Ян і Цэцылія прыйшлі здалёк у наднёманскі край, іх прывабіла пушча, дзе яны маглі схавацца ад пагоні. Аднак неабжытыя мясціны вымагалі ад людзей працы, каб наваколле стала насамрэч прыдатным для жыцця. І закаханыя рупліва працавалі, не шкадуючы сваіх сіл. Ян і Цэцылія перайначылі гэты край для сябе ўласным мазалём.

Іх магіла – гэта сімвал змагання, сімвал паспяховай, спакойнай, сумленнай барацьбы за свой дабрабыт, помнік моцнаму чалавечаму духу, яго нязломнасці. Жыццё Яна і Цэцыліі – увасабленне першага своеасаблівага паўстання ў гэтым краі і за гэты край, сакральнага ў сваёй бяскрыўднасці ў дачыненні да іншых людзей, бо здабытае здабыта “не мячом і крывёй, а працай сваёй і потам” [1, c. 94].

Ян і Цэцылія даказалі не толькі магчымасць існавання кахання паміж няроўнымі па сацыяльным становішчы людзьмі, але і тое, што людзі рознага паходжання ў згодзе  здольныя на вялікія справы: “Хлопамі быць ці панамі – хіба не ўсё адно; але ў быдла ператварыцца – гэта цяжка і крыўдна…” [1, c. 95].

Калі Ян і Цэцылія пражылі жыццё ў спакойным, памяркоўным змаганні за спрыяльныя ўмовы жыцця, якое азнаменавалася ў выніку перамогай рупліўцаў і вялікай ўдзячнасцю з боку нашчадкаў, то героі паўстання мусілі змагацца зусім па-іншаму, як таго вымагалі час і абставіны, і змаганне гэтае скончылася для іх трагічна.

 “Раней урочышча называлася Ельнікам, бо і сапраўды там расло шмат елак і соснаў, цяпер жа стала называцца Магілай. Хто першы ўжыў гэтую назву і чаму яна адразу паўсюдна прыжылася, цяжка адказаць; але новая назва запанавала ў тутэйшым асяроддзі і стала адзіным помнікам старэйшаму з братоў Карчыньскіх. Іншага не паставілі яму ніколі…” [1, c. 29].

Магіла, дзе знайшлі вечны спакой сорак загінулых падчас бойкі паўстанцаў, ужо знешне не адпавядае вобразу магілы ў яе звычайным выглядзе, паколькі ўяўляе сабой пусты пагарок. І толькі праз тое, што некаторыя жывыя памятаюць падзеі не так даўно мінулых дзён, гэтая мясціна сакралізуецца. Калі Дажэцкі звяртаецца да Карчыньскага з прапановай прадаць частку лесу, дзе знаходзіцца згаданае ўрочышча, Бенедыкт адразу ўспамінае пра Магілу: “Усё гэта мінулая і вядомая рэч, мо і згадваць пра яе не варта. Але, ведае швагер, часам, калі пагляджу на тое… тамтое… калі мінулае ажыве ў памяці, здаецца мне, што гэта святыня…” [1, c. 123].

Бенедыкт не можа пайсці супраць свайго сумлення і прадаць гэты кавалак зямлі , бо занадта шмат ён для яго значыць. Ды і не толькі для яго.

Юстына да наведвання Магілы “ніколі не чула пра геройства і самаахвярнасць, пра добраахвотную смерць за ідэю, пра барацьбу, сэнс якой вымяраўся б не заваяваным памерам багацця альбо шчасцем адзінкі, а мэтай якой былі б інтарэсы чалавецтва, народа, ідэі” [1, c. 168], і Магіла ўмомант стала ўвасабленнем гэтага ўсяго і для яе асабіста.

Вобраз Магілы выклікае герояў на экзістэнцыянальны пошук сябе сапраўднага, бо хтосьці ў выніку ўсвядомлівае ўласныя патрыятызм, глыбокую павагу да загінулых, а хтосьці адмаўляецца ад гэтага ўсяго, паўстаючы адрачэнцам, як Зыгмунт [1, c. 259].

Безумоўна, Магіла з’яўляецца сімвалам барацьбы за праўду, чалавечай самаахвярнасці, патрыятызму, роўнасці, салідарнасці і братэрства, паколькі апошні прытулак там знайшлі і паны, і мужыкі, што плячом да пляча змагаліся за свабоду. І пакуль людзі памятаюць, што за трагічная гісторыя звязана з тым пагоркам, да тых часоў будзе жыць у сэрцах прага волі, якую не здолеў і не здолее знішчыць аніякі рэжым: людзі успрымаюць як свяшчэннае месца той самы кавалак зямлі, які афіцыйна лічыцца  пустым пагоркам.

Наяўнасць Магілы з’яўляецца фактычным доказам, што паўстанне было і гаворка ідзе пра яго ахвяр, бо цэнзура не дазваляла Э. Ажэшцы наўпрост згадваць канкрэтныя даты ці ўжываць слова “паўстанне”.

 “Ці не быў гэта агонь, што гарэў калісці ў грудзях тых, хто спачывае цяпер у адзінокіх забытых магілах? А мо ўзамен не атрыманых лаўровых вянкоў іхнія косці набылі дар вечнага гарэння, якое выбухала ў свет нябачнымі іскрамі?” [1, c. 168]

2.2.2. Вобраз-сімвал магільні Загорскіх у рамане У. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”

У рамане “Каласы пад сярпом сваім” адным з этапаў пострыгу Алеся з’яўлялася наведванне магільні Загорскіх. Сорак доўгіх жыццяў ляжала паміж Алесем і продкам, якога пахавалі там першым. Сорак пакаленняў – гэта  хіба што немагчыма, бо атрымліваецца, што пахаванні там адбываліся на працягу тысячагоддзя. Аднак за кошт гэтай неверагоднай лічбы сама магільня здаецца ячшэ больш велічнай, таямнічай, значна   й.

Пісьменнік звяртаецца да вобразу магіл толькі аднойчы. Пазней будзе згадка пра курганы ля Дняпра, але сама фамільная магільня яскрава паўстае толькі падчас пострыгу, у пачатку рамана, што нясе сэнс, не пазбаўлены сімвалічнага сэнсу: дарога, якую выбраў для сябе Алесь, вымагае таго, каб ён азірнуўся спачатку на тое, што было раней. Ён хоча змагацца за свой родны край, а кожны з тых, хто спачывае на магільні, з’яўляўся і з’яўляецца часткай яго.

Магільня сімвалізуе моц і мудрасць былых пакаленняў, на якія варта абапірацца паслядоўнікам. Герою ж наканавана не толькі ўзводзіць штосьці новае, але і працягваць тое добрае, што было запачаткавана некалі прашчурамі: “Калісьці мы, напэўна, маглі быць вялікія, але не здолелі. Наша палітычнае быццё скончылася. У нас – толькі магілы. Толькі адны магілы, раскіданыя па гэтай зямлі” [3, c. 77].

Алесь бачыць на магільні нішу, прызначаную для яго самога, што ўражвае і пужае хлопчыка,  але ў той жа час робіць яго бліжэйшым да прашчураў духоўна, назаўсёды звязвае яго з імі непарыўнымі ніткамі.

Глыбокая пашана да даўніны, да продкаў гучыць у клятве, якую дае Алесь на магільні: “Я клянуся абараняць вашы магілы мячом і зубамі, нават калі мая магіла будзе далёка ад вас” [3, c. 79]. І такім чынам магілы становяцца для Алеся сімвалам непахіснасці і велічы яго роду, сімвалам роднага краю, які трэба абараняць, якому ён ніколі не зможа здрадзіць, бо ў яго нічога, акрамя яго, няма, бо яго “нельга аддзяліць ад іх [магіл], пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі” [3, c. 79].

 2.4. Вобраз-сімвал дрэва ў межах канцэпцыі паўстання

Вобраз дрэва з’яўляецца досыць папулярным у славянскім фальклоры. Гэта абумоўлена знітаванасцю славян з прыродай, адмысловым бачаннем свету, калі ў вобразе дрэва славянін пазнаваў чалавека:  “Паводле беларускіх павер’яў, у дрэве часта пасялялася чалавечая душа, дрэвы могуць хадзіць, размаўляць, ператварацца ў чалавека” [2, c. 151]. У даследуемых творах вобраз дрэва прымае падобнае значэнне.

2.3.1. “Ой, беднае дрэўца, што ліст не шкадуе!”: сімвалічнае значэнне вобразу дрэва ў рамане Э. Ажэшкі “Над Нёманам”

Пейзажныя замалёўкі займаюць важнае месца ў рамане Э. Ажэшкі “Над Нёманам”. Адлюстраванне краявіду спрыяе не толькі арыентаванню чытача ў створанай пісьменніцай прасторы, але і дапамагае лепей зразумець ўнутраны свет героя, паколькі пейзаж з’яўляецца адным з прыёмаў псіхалагізму. Асаблівае месца ў творы Э. Ажэшкі займае вобраз дрэва, якому пісьменніца надае сімвалічнае значэнне. 

Дрэвы ў Э. Ажэшкі – як і ў павер’ях славянскага фальклору – надзеленыя рысамі людзей. Прычым у рамане рэдка выступае адзінкавае дрэва, яны паўстаюць хутчэй своеасаблівай грамадой: лес, гай, сад і інш, – якая стараецца жыць у адзінстве і згодзе: “За адчыненымі насцеж шклянымі дзвярыма ўзвышалася высокая зялёная сцяна клёнаў, вязаў, ліп і явараў, якія сваімі магутнымі галінамі перапляліся так, што, здавалася, падтрымлівалі адно аднаго” [1, c. 45].

Э. Ажэшка стварае альтэрнатыўны свет, дзе праз сімвалічныя вобразы дрэў адлюстроўвае тое, што адбываецца ў грамадстве на дадзеным этапе ці чаму варта было б адбывацца: з працытаваных радкоў відаць, што дрэвы жывуць ува ўзаемадапамозе, у той час як паміж засценкам і вёскай узнікаюць непаразуменні.

У вобразах дрэў раскрываюцца постаці, што належаць да постпаўстанніцкай рэчаіснасці. Асобы, што прымалі ўдзел у барацьбе дваццаціпяцігадовай даўнасці, пакрысе старэюць, адчуваюць, што іх час мінуў. Каля хаты Анзэльма расце стогадовая груша, якая “сваімі галінамі, ужо бясплоднымі, але ўкрытымі непранікальнай гушчынёй лістоты, датыкалася да сцен і вокнаў хаты” [1, c. 70]. Яна, як і Анзэльм, жывая і не збіраецца пакуль паміраць, адкідае цень, абдымаючы галінамі хату, але груш ад яе чакаць не даводзіцца, як і ад Анзэльма нельга чакаць паўтарэння подзвігаў маладосці.

Анзэльм узвёў свой сад. Ён не надта разбіраўся ў гэтай справе, але яму падабалася даглядаць дрэвы, ён адчуваў, што патрэбны ім. І гэты вобраз адсылае чытача да Яна і Антолькі, якіх Анзэльм у свой час узяў на выхаванне. Стары па меры сваіх магчымасцей справіўся, але новы час патрабуе новага падыходу: “Вітольд ахвотна і ўважліва аглядаў маладыя дрэўцы, часта рабіў заўвагі з нагоды не вельмі добрага іх догляду. То галінкі не былі абрэзаны як след, то пакінута зашмат маладых пабегаў, то варта паабрываць пупышкі, якія аслабляюць дрэва” [1, c. 154]. Анзэльм прымае заўвагі маладога Карчыньскага, бо ён як ніхто іншы ўсведамляе, што цяпер рэй вядзе моладзь.

 “Бачыў я старыя спарахнелыя дрэвы, якія падалі ў лесе, сваё аджыўшы, але вакол іх вылузваліся з зямлі маладзенькія парасткі і ў сваю чаргу вырасталі ў магутныя дрэвы. Вось і пан зараз гэткі ж малады парастак, які новы лес абяцае, і калі пану ў нейкіх цяжкіх сітуацыях ці ў якіх-небудзь задумах спатрэбіцца дапамога, то не ад мяне яе пан атрымае, а ад майго Янка, які таксама з'яўляецца парасткам, што вырас на магіле магутнага дуба” [1, c. 155].

У гэтым звароце Анзэльма да Вітольда тое, што дрэва з’яўляецца сімвалам чалавека, выяўляецца найбольш яскрава. Праз вобраз дрэў старому ўдаецца згадаць загінулых паўстанцаў (“спарахнелыя дрэвы”), асобна вылучыць свайго брата Ежы (“магутны дуб”) і выказаць думку пра тое, што жыццё працягваецца, бо новае пакаленне (“маладыя парасткі”) пакрысе набіраецца сілы (“вырастаюць у магутныя дрэвы”).

Варта адзначыць, што вобраз-сімвал дрэва ў рамане цалкам пазбаўлены негатыўнай канатацыі, бо ён дапамагае раскрыццю тых постацяў(як наяўных дакладна ў рамане, так і акрэсленых умоўна: група паўстанцаў і г.д. ), якім сама Э. Ажэшка выказвае прыхільнасць. Такім чынам, вобраз дрэва ў рамане польскай пісьменніцы выступае як сімвал чалавека.

2.4.2. “ Сякера пры дрэве”: сімвал дрэва ў рамане У. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”

Дрэва ў рамане У. С. Караткевіча таксама пазбаўлена негатыўнай афарбоўкі. Пісьменнік ідзе ўслед за логікай народнага светаўспрымання: дрэва ў “Каласах…” сімвалізуе чалавека. Толькі не чалавека самотнага,  а цэлага народа, паколькі дрэва адзінкавае ў рамане набывае адрознае значэнне, пра якое гаворка пойдзе пазней.

“Дняпро ў гэтым месцы быў просты, як страла, і як страла імчаўся паміж берагамі – высокім і нізкім. А круча на тым беразе была самым дзіўным, што калі-небудзь ён свавольна ўтвараў. <...> І на гэтай строме, карэннямі ўгору, там-сям віселі сосны з залацістымі стваламі і свежай гліцай, віселі паміж небам і зямлёй, скарлючаныя, перавітыя, як вязка змей, няскораныя ў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто” [3, c. 190].

Пад вобразам дрэў тут паўстае беларускі народ, абяздолены і сказаны на пакуты, але тым не менш жывы і не пазбаўлены ўласнага гонару ды прывабнасці: “сосны з залацістымі стваламі і свежай гліцай”. У гэтым вобразе адчуваецца вялікае высакародства, неўтаймаванасць, а не прыстасаванасць да абставінаў. Так, Дняпро (пад яго плынню разумеем той шэраг падзей, што прыпаў на жыццё народа, яго гісторыя) свавольнічаў, змусіў сосны скарыцца сабе, але не змог забіць іх, паколькі сосны трымаліся адна за адну, каб толькі ўтрымацца там, дзе яны хацелі жыць, і дзе ніхто, акрамя іх, жыць не змог бы. У. С. Караткевіч пазней вяртаецца да гэтага глыбокага сімвалу: калі Алесь губляе маці, стаіць у адным кроку ад страшэннай дэпрэсіі, пісьменнік праз старога Вежу просіць свайго героя ўспомніць сосны на Доўгай Кручы.

“Алесь успомніў. …Імклівы, дрыготкі, як страла ў палёце, Дняпро… Доўгае, з вярсту, і высокае, сажняў у пяцьдзясят, урвішча… Крывава-чырвоная гліна… І на строме, карэннямі ўгору і свежымі шатамі ўніз – сосны…Вісяць…Бітыя, страшна скарлючаныя…Перавітыя, непрыступныя, самотныя…Няскораныя ў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто” [3, c. 637]. Тут гэты вобраз выглядае больш драматычна, як у першым варыянце, бо выгляд соснаў мадэфікаваўся, дрэвы сталі страшнейшыя, значыць, і народны боль зрабіўся больш моцны. Але жаданне сосен, пад вобразам якіх разумеем беларусаў, заставацца ў родных мясцінах нягледзячы ні на што нікуды не знікла. 

Дрэва ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” прымае яшчэ адно сімвалічнае значэнне, якое, па сутнасці, з’яўляецца дамінуючым. Гэтае значэнне ўкладзена ў дрэва адзінкавае. Раман пачынаецца “паэтычным апісаннем грушы, якая апошні год буяна цвіла на крутым беразе Дняпра – наступная повень павінна была кінуць яе галавой у хвалі. І гэтая груша ўспрымаецца як алегорыя, як сімвал усяго таго лепшага, што павінна было загінуць у хвалях паўстання” [5, c. 41]. Пісьменнік падказвае ўважліваму чытачу, што наперадзе вялікае паражэнне, трагічнае ў тым, што пра яго не падазравалі: “Чарговая з мільёнаў паводак, якія бачыў Дняпро, спадала. Наступная павінна была кінуць дрэва ў хвалі, разам з квеценню. Але яна не ведала аб гэтым. Яна цвіла ў віраванні пчол, і пялёсткі падалі на быстрыню ракі” [3, c. 12].

Пісьменнік на некаторы час зноў дае пэўную надзею на лепшае нават пасля таго, як старая груша патанула ў Дняпры, ствараючы новы вобраз: “Там расла маленькая яшчэ груша, а вакол было залаціста-асмужанае паветра канца жніўня. Ён [Алесь] сеў на камень, узняў вочы і застыў: груша цвіла вялізнымі залатымі кветкамі. <...> Здалёк здавалася, што гэта груша расквітнела казачнымі залатымі агнямі. І ён не здзівіўся, бо ўсё было для яго, і гэта было толькі першым здзяйсненнем немагчымага. Грушы цвілі для яго залатымі агнямі” [3, c. 217-218]. У. С. Караткевіч даў чытачу магчымасць паглядзець вачыма Алеся Загорскага. Герой верыць у перамогу і іншых варыянтаў проста не бачыць. Маладая  груша ў залатых агнях  з’яўляецца сімвалам рамантычнай веры ў лепшую будучыню, у тое, што вясна надзеі падорыць лета з цудоўнымі пладамі.

Але ў самым канцы першай часткі пісьменнік робіць страшнае папярэджанне сваім героям пры дапамозе зноў жа вобразу дрэва: “Аглушаныя, залітыя сляпучым святлом, яны [Алесь і Майка] не разумелі, дзе яны і што з імі. А калі расплюшчылі вочы – убачылі, што пярун кінуў свой распалены молат проста ў вялізны сухі дуб, які стаяў ля дарогі, за нейкі дваццаць крокаў ад іх. Сухадрэвіна раскалолася ад верхавіны і амаль да кораня, расчапілася трохі і асталася стаяць. А полымя заліло дрэва, нібы лаваю, і па расколіне паліўся ўгору паток агню… ” [3, c. 398]. Чытач тут ужо мае справу не з грушай, поўнай кветак, якая мае патануць у раце, не падазраючы пра гэта, а з сухадрэвінай, пазбаўленай соку, якой наканавана далей пакутаваць, ужо знявечанай перуном. І складана сказаць, ці жывое гэтае дрэва, ці мёртвае: яно быццам бы і не нясе жыцця, але ўсё адно стаіць. Гэта сімвал таго, што чакае паўстанцаў пасля паўстання. Хтосьці памрэ, а камусьці наканавана несці цяжар паражэння далей, знаходзячыся ў незайздросным стане паміж светам жывых і светам мёртвых. Народ чакаюць крах спадзяванняў у выглядзе руін-сухадрэвін.

Другую кнігу “Каласоў…” пісьменнік называе “Сякера пры дрэве”, беручы за эпіграф да яе ўрывак з Евангелля ад Лукі: “Ужо і сякера пры корані дрэва ляжыць: кожнае дрэва, што не прыносіць добрага плода, ссякаюць і кідаюць у агонь” [3, c. 399]. Пісьменнік праз гэты сімвал забірае ў чытача усялякую надзею на добрае заканчэнне гісторыі канчаткова. Ля камля дрэва, што сімвалізуе спадзяванні паўстанцаў, ляжыць страшная сякера, гатовая гэта ўсё знішчыць. На вялікі жаль, паўстанню наканавана цярпець паражэнне.

Такім чынам, У. С. Караткевіч пашырае сімвалічнае значэнне вобразу дрэва: у рамане “Каласы пад сярпом тваім” яно сімвалізуе не толькі чалавека (народ), але і шэраг мар і планаў, якім суровая рэчаіснасць не дазволіць стаць праўдай.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

Праведзенае параўнальна-тыпалагічнае даследаванне вобразаў-сімвалаў дазваляе зрабіць  аргументаваныя і навукова абаснаваныя высновы:

Паўстанне 1863-1864 гг. адыграла важную ролю ў жыцці і творчасці Э. Ажэшкі і У. С. Караткевіча з розніцай у тым, што Э. Ажэшка была непасрэдным сведкам і ўдзельнікам падзей, а У. С. Караткевіч быў вымушаны шукаць інфармацыю пра паўстанне ў архівах. Тым не менш, напісанне раманаў “Над Нёманам” і “Каласы пад сярпом тваім” абумоўлена глыбокай пашанай пісьменнікаў да падзей 1863-1864 гг. і асабістай зацікаўленасцю ўзнятай тэмай.

Калі Э. Ажэшка пісала пра сучасную ёй постпаўстанніцкую эпоху, згадваючы перажытае ўласна ёю паўстанне, У. С. Караткевіч адлюстраваў хоць і грунтоўна даследаваны, але не спазнаны на сабе, вядомы толькі па пэўных крыніцах час напярэдадні паўстання. Але ў абодвух раманах час з’яўляецца шматаспектным за кошт шэрагу рэтраспекцый. У сувязі з акрэсленым часам у тым ліку вызначаецца і творчы метад аўтараў, які адрозніваецца адно ад аднаго: пяру Э. Ажэшкі належыць рэалістычны раман, У. С. Караткевіч у сваю чаргу напісаў раман сацыяльна-гістарычны. Асноўнае дзеянне ў абодвух раманах генерыруецца вакол вобразу ракі, толькі калі Э. Ажэшка пакідае сваіх герояў выключна ў калянёманскіх мясцінах, беларускі пісьменнік не абмяжоўвае перамяшчэнні сваіх герояў Прыдняпроўем.

І Э. Ажэшка, і У. С. Караткевіч у раманах некаторыя вобразы надзялілі сімвалічным значэннем ці значэннямі.

Так, вобраз ракі і ў рамане “Над Нёманам”, і ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” перадусім з’яўляецца сімвалам захавальніцы памяці, але ў той жа час выконвае інтэграцыйную функцыю як у аспекце прасторы, так і ў адносінах герояў. Толькі калі ў Э. Ажэшкі Нёман досыць спакойны, мудры, Дняпро У. С. Караткевіча неўтаймаваны, ён прагне змен.

У вобраз могілак Э. Ажэшка ўклала шырэйшае значэнне, як У. С. Караткевіч, бо для галоўнага героя “Каласоў…” магільня Загорскіх была перадусім сімвалам радзімы, пашаны да продкаў, велічы яго роду. Э. Ажэшка праз вобраз Магілы падала саму трагедыю паўстання, яго вынік як страшнае паражэнне. Але ў той жа час магілы ў Э. Ажэшкі становяцца сімвалам братэрства, мужнасці, самаахвярнасці.

А вось вобраз дрэва ўжо У. С. Караткевіч надзяліў некалькімі сімвалічнымі значэннямі, у той час як у рамане польскай пісьменніцы яно сімвалізуе толькі чалавека (але найчасцей гаворка ішла пра грамаду). Гэтае значэнне прымае і дрэва “беларускага Г. Сянкевіча”, аднак дамінуючае значэнне прымае асуджанае на выпрабаванні дрэва адзінкавае, якое сімвалізуе ўсё тое добрае, што мусіць знішчыць паўстанне.

Такім чынам, раман Э. Ажэшкі “Над Нёманам” і раман У. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” з’яўляюцца дастаткова сугучнымі ў вобразна-сімвалічным аспекце адлюстравання тэмы паўстання 1863-1864 гг.

Але для даследавання была выбрана толькі невялікая колькасць найбольш яскравых на думку аўтара сімвалічных вобразаў у творах, прычым вобразаў агульных для раманаў, у той час як рэшта вобразаў падобнага кшталту і выключных засталася неразгледжанай. Аўтар курсавой работы паспрабуе даследаваць гэтыя вобразы на прадмет сімвалічнага значэння ў сваёй далейшай навуковай дзейнасці.

 

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

 

1. Ажэшка Э. Над Нёманам / Э. Ажэшка. – Мінск.: Мастацкая літаратура, 2003. – 444 с.

2. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / рэд. С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. - Мінск: Беларусь, 2004. — 592 с.

3. Караткевіч У. С. Каласы пад сярпом тваім / У. Караткевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. — 814 с.

4. Кісялёў, Г. В. Героі і музы : Гісторыка-літаратурныя нарысы / Г. В. Кісялёў. — Мінск : Маст. літ., 1982. — 255 с.

5. Мальдзіс А. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Партрэт пісьменніка і чалавека / А. Мальдзіс. – Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2010. — 208 с.

6. Уладзімір Караткевіч і Янка Брыль. Перапіска 1958- 1983 гг. / уклад. У Казберука. – Мінск, 1990. – 122 с.

7. Detko J. Eliza Orzeszkowa / J. Detko. – Warszawa: PWN, Wiedza Powszechna. – 1971. – 468 s.

8. Drogoszewski A. Eliza Orzeszkowa 1841 – 1910 / A. Drogoszewski. – Warszawa: Towarzystwo im. Elizy Orzeszkowej, 1933. – 124 c.

9. Orzeszkowa Е. Listy zebrane: w 9 t. / Ossolineum; oprac. E. Jankowski – Wrocław, 1954 – t. IІ.

10. Orzeszkowa Е., Listy zebrane: w 9 t. / Ossolineum; oprac. E. Jankowski – Wrocław, 1954 – t. IІ.

11. Orzeszkowa Е. Z prowincji / E. Orzeszkowa // Kraj. – 1886. – №.6. – С. 28-30.

12.     Верабей А. Рыцар Беларусі: Роздум пра творчасць Уладзіміра Караткевіча. [Электронны рэсурс] http://elib.bsu.by/ 25.01.2011  Рэжым доступу: http://elib.bsu.by/handle/123456789/37619Дата доступу: 15.04.2014

 

 


Дата добавления: 2020-11-23; просмотров: 1442; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:




Мы поможем в написании ваших работ!