Жанрава-стылявыя асаблівасці прозы Ядвігіна



Уступ

 

Мэта працы:

1. Прааналізаваць шлях развіцця беларускага рамана.

2. Прасачыць творчы і жыццёвы шлях аўтара рамана “Золата” – Ядвігіна Ш.

3. Даследаваць жанрава-стылявыя асаблівасці яго розы.

4. Стварэнне і гісторыя рамана “Золата”.

5. Ахарактэрызаваць вобразы галоўных герояў рамана.

Задачы працы:

- азнаёміцца з фактычным матэрыялам;

- зрабіть тэарытычны агляд асноўных палажэнняў;

- прааналізаваць месца і ролю рамана ў беларускай літаратуры;

Крыніцай даследвання я абрала раман “Золата”, а таксама біяграфію і творчасць Ядвігіна Ш. Паколькі раман “Золата” – гэта першы твор буйной жанравай формы нашай літаратуры, ён аказаў значны ўплыў на дальнейшае станаўленне, як жанра аповесці, так і жанра рамана, таму тэма курсавой працы бачыцца актуальнай. Да таго ж, у рамане “Золата” закранаюцца надзвычай актуальныя праблемы для нашага часу, такія як: улада грошай, шлюб па разліку. Так сама мы адзначым ролю Ядвігіна Ш. у беларускай літаратуры.


Дараманная” творчасць Ядвігіна Ш.

 

1.1 Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Станаўленне творчай індывідуальнасці.

Ядвігін Ш. – адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы – жыў на пераломе двух стагоддзяў, двух сацыяльных эпох. Вучань Дуніна-Марцінкевіча, ён быў паплечнікам Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, старэйшым сучаснікам Цішкі Гартнага, М. Гарэцкага, З. Бядулі.

Своеасаблівы і складаны быў жыццёвы шлях гэтага чалавека, нялёгкай была яго творчая біяграфія.

Нарадзіўся Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі) ў 1868 г. у маёнтку Добасня Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (зараз Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці), дзе ў той час яго бацька служыў упраўляючым. Неўзабаве бацька змяніў месца працы, і сям’я пераехала на Міншчыну. Закончыў Мінскую гімназію. Нейкі час вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, але за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Некаторы час правёў у “Бутырках”.

Пасля вызвалення з турмы Ядвігіну Ш. не давялося вярнуцца ва ўніверсітэт, бо вышэйшыя навучальныя ўстановы старанна ачышчаліся ад асоб, якія знаходзіліся на падазрэнні паліцыі. Ён здаў экзамен на аптэкарскага практыканта. Прайшоў практыку ў адной з маскоўскіх аптэк, выехаў у Беларусь і стаў працаваць памочнікам правізара ў мястэчку Радашковічы, недалёка ад якога знаходзіўся фальварак Лявіцкіх Карпілаўка, дзе жыла заўдавелая ўжо маці пісьменніка.

Літаратурную дзейнасць пісьменнік распачаў яшчэ ў турме. Там ён пераклаў на беларускую мову апавяданне Гаршына “Сігнал”, якое было выдадзена ў Маскве ў 1891г. Гэта быў час, калі на фарміраванне грамадска-палітычных ідэалаў моладзі асноўны ўплыў усё яшчэ аказвала народніцтва. І як пісьменнік, і як грамадзянін Ядвігін Ш. складваўся пад самым непасрэдным уздзеяннем ідэй народніцтва. Паводле яго ўласнага сведчання, народніцтва зрабіла яго, маскоўскага студэнта-медыка, адным з актыўных удзельнікаў студэнцкіх хваляванняў. Гэта яно, народніцтва, дапамагло юнаку з Мінскага зямляцтва ўпершыню прычасціцца роднай песняй, адчуць сваю нацыянальную прыналежнасць. Гэта яно, тое самае народніцтва, выкрасаючы ў душы першыя іскры нацыянальнага самаўсведамлення, павяло яго ў родную вёску пазнаваць сапраўдны воблік свайго краю, вывучаць жыццё свайго народа ў самых розных праявах.

Пад уплывам народніцтва Ядвігін Ш. у сваіх творах прымушаў мужыка высмейваць свае недахопы – някемнасць, п’янства і г.д.

Народніцкая тэорыя малых спраў, асабліва ва ўмовах Беларусі, многімі ўспрымалася тады як справа патрэбная, нават надзённая. І ўсё ж не гэта, як паказаў час, вызначала тады агульную тэндэнцыю руху беларускай вёскі ў будучыню.

У 1892 г. Ядвігін Ш. напісаў камедыю “Злодзей”, але п’еса не прайшла цэнзуры і была забаронена. П’еса не была ў свой час надрукавана і прапала ў рукапісу.

Забарона спектакля была балюча ўспрынята Ядвігіным Ш. і выклікала доўгае творчае маўчанне. Неўзабаве па стану здароўя ён вымушан быў адмовіцца ад работы ў аптэцы, некаторы час загадваў магазінам запаснога насення землеўласнікаў, а ў 1897г. перабраўся з сям’ёй у фальварак Карпілаўка і заняўся садоўніцтвам. Тут ён працягвае пісаць, аднак доўгі час не робіць спробы надрукаваць напісанае. Творы яго, закончаныя і незакончаныя, “адлежваюцца ў стале”.

І толькі ў 1903 – 1904 гг. прозвішча пісьменніка з’яўляецца на старонках віленскіх і мінскіх рускіх прагрэсіўных газет. Беларускага друкаванага органа тады яшчэ не было. Ядвігін Ш. выступае з апавяданнямі, публіцыстычнымі артыкуламі і карэспандэнцыямі мясцовага характару. Ён піша на рускай мове, але піша пра Беларусь, пра беларускага селяніна, знаёміць чытача з беларускім фальклорам, узнімае набалелыя пытанні нацыянальнага жыцця.

Пераломнай вяхой у гісторыі ўсёй беларускай літаратуры і ў жыцці і творчасці Ядвігіна Ш. была рэвалюцыя 1905 года. Пісьменніка захапіў той грамадска- палітычны і нацыянальны ўздым, які панаваў на Беларусі. З вялікім энтузіазмам бярэцца ён за літаратурную працу, уключаецца ў культурна-асветніцкую работу.

У газеце “Наша доля” (1906, №3) надрукавана першае апавяданне Ядвігіна Ш. на беларускай мове “ Суд”. З гэтага часу пісьменнік становіцца актыўным супрацоўнікам першых беларускіх легальных газет “Наша доля” і і “Наша ніва”. Так пачаўся яго самы актыўны ўдзел у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнік устанавіў сувязі з многімі беларускімі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі, выступаў на старонках беларускага перыядычнага друку. Усё гэта хоць нейкім чынам не магло не аказаць уплыву на светаўспрыманне Ядвігіна Ш., на яго творчасць.

Перыяд з 1906 па 1914г. быў самым плённым у творчай біяграфіі празаіка. Ён друкуе шмат апавяданняў, цікавых артыкулаў, выступае з успамінамі, піша нататакі з падарожжа па роднаму краю.

Цяжка па сборніках меркаваць аб мастацкай і ідэйнай эвалюцыі пісьменніка. Тым не менш відавочна, што яго творчасць развівалася ў агульным рэчышчы ранняй дэмакратычнай беларускай прозы. Гэта проза вырастала непасрэдна з фальклору і па сваіх стылявых якасцях мела шмат агульнага з народнай казкай, а першыя апавяданні Ядвігіна Ш. часта прадстаўлялі сабою проста літаратурную апрацоўку народных паданнняў, казак, анекдотаў. Пісьменнік пераказвае паданні, апрацоўвае легенды, апісвае камічныя сітуацыі, анекдатычныя выпадкі з жыцця людзей.

Так, у апавяданні “Суд” расказваецца пра тое, што суддзя немец дрэнна ведае мову, на якой вядзе судовую справу сялян-беларусаў. З-за гэтага ўзнікаюць непаразуменні, і трошкі дзівакаватыя, запалоханыя афіцыйнымі прадстаўнікамі ўлады мыжыкі трапляюць у недарэчнае становішча.

Пісьменнік жыў патрабаваннямі і клопатамі эпохі, у першую чаргу праблемамі беларускага нацыянальнага адраджэння, але разумеў гэтыя патрабаванні і клопаты па-свойму. Ён імкнуўся быць максімальна патрэбным краю. І ў тых выпадках, калі яго найбольш “раздзіраюць” унутраныя сумненні, стараўся акунуцца ў мора народнага жыцця.

У 1910г. Ядвігін Ш. здзейсніў сваю даўнюю мару – зрабіў падарожжа па роднаму краю. 27 мая ён выбраўся з Вільні і пешшу накіраваўся па Ашмянскім тракце. Падарожжа цягнулася да канца верасня. Пісьменнік прайшоў больш 5400 вёрст, наведаў шмат вёсак, мястэчак і хутароў, пазнаёміўся з рознымі людзьмі.

Свае пісьменнніцкія ўражанні, грамадзянскі роздум над эканамічнымі нацыянальнымі праблемамі жыцця беларускага селяніна ён выклаў у нататках “Лісты з дарогі”. Гэта твор маладога ў беларускай прозе жанру – публіцыстычны нарыс.

У час падарожжа Ядвігіна Ш. цікавіць мова, быт селяніна, эканамічнае становішча вёскі, краю. Вельмі засмучае аўтара беднасць беларускіх вёсак. Прычыну гэтай беднасці ён бачыць або ў нядбайнасці мужыцкай, або ў неўраджайнасці зямлі. І кожны раз прыходзіць ў захапленне, калі сустракаецца з сельскагаспадарчай вынаходлівасцю селяніна, прапагандуе яе, сам дае парады.

Пісьменнік свабодна і ўпэўнена адчувае сябе ў жанры празаічнай байкі. Аднак псіхалагічнае апавяданне увесь час прыцягвала яго ўвагу магчымасцю больш глыбока адлюстраваць сучасную рэчаіснасць, багатымі складанымі грамадскімі ўзаемаадносінамі, вострымі праблемамі маральнага, сацыяльнага і нацыянальнага парадку. Ён спрабуе свае сілы ў жанры ўласна апавядання.

Вясной 1914г. Ядвігін Ш. пераехаў у Мінск, дзе да пачатку першай імперыялістычнай вайны быў адным з арганізатараў і тэхнічным рэдактарам штомесячных часопісаў “Саха” і “Лучынка”. Вайна спыніла гэтыя выданні, але пісьменнік застаўся ў Мінску. Ён быў арганізатарам беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, ставіў спектаклі ,выступаў на сцэне, на свой кошт выдаў зборнік “Беларускія жарты” (1915), некалькі сельскагаспадарчых брашурак. І ўсё гэта ў свабодны ад надзённай працы час, бо даводзілася неяк зарабляць на хлеб, працуючы то ў Мінскім цэнтральным бюро працы, то кіраўніком пашывачных майстэрняў па ваеннаму абмундзіраванню.

Празмерная работа, дрэнныя матэрыялы і кватэрныя ўмовы далі пачатак цяжкой хваробе (сухоты горла). Кастрычнік 1917г. Ядвігін Ш. сустрэў зусім хворы. Лібералізм пісьменніка ў вырашэнні асноўных сацыяльных пытанняў, цяжкая хвароба прывялі яго ў стан глыбокай разгубленасці. Ядвігін Ш. не зразумеў сутнасці кастрычніцкіх падзей.

Зімой 1918г. Ядвігін Ш. вымушан быў легчы ў Мінскі шпіталь, а як трошкі ачуняў, паехаў у сваю Карпілаўку і амаль нікуды не выязджаў з дому. У час грамадзянскай вайны загінулі рукапісы пісьменніка, усе тыя закончаныя і незакончаныя творы, што “адлежваліся” ў стале.

 

Жанрава-стылявыя асаблівасці прозы Ядвігіна

 

Яркі талент Ядвігіна Ш., дэмакратызм яго сацыяльных перакананняў, абстаноўка палітычнага і нацыянальнага ўздыму на Беларусі ў “нашаніўскі” перыяд дапамаглі пісьменніку ў мастацкай творчасці ўзняцца вышэй звычайнай займальнасці і знайсці сябе як мастака-рэаліста ў распрацоўцы актуальнай для свайго часу тэмы: беларускі селянін, яго гаротнае эканамічнае становішча, палітычнае і нацыянальнае бяспраў’е.

Пісаў Ядвігін Ш. пераважна пра людзей працы. І цяперашняга чытача не можа не ўсхваляваць да глыбіні душы лёс, напрыклад, Ганулькі і Адамкі, герояў апавядання “Зарабляюць”. У гэтым творы праблема адчужанасці паміж людзьмі – асноўная праблема класавага грамадства – пастаўлена надзвычай востра. Сапраўды, хіба маглі яны, неспрактыкаваныя ў жыцці падлеткі, супрацьпаставіць сябе свету, дзе ўсё купляецца і прадаецца, і захаваць за сабой права заставацца людзьмі.

Прыгнятальнікаў і эксплуататараў пісьменнік называе павукамі і каршунамі. Яму ненавісны лад іх жыцця. Яго гнеў і трывога асабліва выразна выявіліся ў так званых байках у прозе. Тое, што падобныя людзі ёсць на белым свете, не дае пісьменніку спакою.

Ядвігін Ш. – вялікі чалавекалюб. Аднак увага да чалавека працы ў яго творчасці ніколі не абмяжоўвалася пасіўным спачуваннем, бо пісьменнік добра разумеў прычыны несправядлівасці і жорсткасці існуючага ладу жыцця.

Як толькі з’явіліся першыя апавяданні Ядвігіна Ш., аб ім загаварылі як аб арэгінальным празаіку, тэленавітым сатырыку і гумарысту. Ён хутка становіцца вядомым за межамі Беларусі.

Ядвігін Ш. пачаў пісаць задоўга да таго, як з’явілася магчымасць друкаваць напісаннае на беларускай мове. Яго зборнікі “Бярозка” (1912) і “Васількі” (1914), выдадзеныя адзін за другім, з’яўляюцца вынікам працы не аднаго дзесяцігоддзя.

Як і ўсе беларускія апавядальнікі, Ядвігін Ш. на працягу сваёй мастацкай дзейнасці адчуваў моцны ўплыў народнай творчасці. Ядвігін Ш. – пісьменнік-сатырык і гумарыст. Яго таленту больш блізкім аказаўся сатырычна-гумарыстычны струмень у беларускім казачным эпасе. Пераважная большасць алегарычных апавяданняў Ядвігіна Ш. па форме, стылю, па сатырычнай накіраванасці нагадвае байкі ў прозе. Творы гэтыя вылучаюцца сапраўднай глыбінёй вобразаў, цікавым сюжэтам, добрай, дакладнай мовай. У іх адзінкавае адкрыта намякае на ўсеагульны сэнс. Такія суадносіны адзінкавага і ўсеагульнага з’яўляюцца тыповымі для алегарычнага вобраза.

Алегорыі Ядвігіна Ш., як лічыць [ складаюць лепшую частку яго мастацкай спадчыны. Гэта невялічкія па памеру апавяданні-байкі, разнастайныя не толькі па тэматыцы, але і па эмацыянальнай афарбоўцы. Для іх характэрны, то лёгкі гумар, то з’едлівая палітычная сатыра, то пранікнёны лірызм.

У баечным стылі напісаны амаль усе алегарычныя апавяданні Ядвігіна Ш. У адпаведнасці з асаблівасцямі баечнай апавядальнай манеры пісьменнік стварае то гумарыстычную сцэнку, то злую сатырычную камедыю. Ён старанна выпісвае характары герояў сваіх невялічкіх твораў, пры гэтым карыстаецца таксама баечнымі сродкамі мастацкай тыпізацыі: характары тыповыя, яны пададзены ў складаных грамадскіх узаемаадносінах, аднак не маюць індывідуальных рыс, пазбаўлены рэалістычнай канкрэтызацыі, псіхалагізм у іх у значнай ступені абагульнены.

Асвета, навука, лічыць Ядвігін Ш., - адзін з самых асноўных сродкаў паляпшэння жыцця народа. Зрабіць беларускага мужыка пісьменным і свядомым – такая, на думку пісьменніка, бліжайшая мэта нацыянальнай інтэлігенцыі. І ўвесь пафас сваёй сатыры пісьменнік накіроўвае супраць тых сацыяльных умоў, якія параджаюць ненармальныя грамадскія з’явы, ствараюць свайго рода зачараванае кола – каб выбіцца з галечы, селяніну трэба пазбавіцца сваёй духоўнай цемнаты, неадукаванасці, але перашкодай на шляху да адукацыі стаіць та самая галеча, матэрыяльная незабяспечанасць.

Апавяданні-байкі Ядвігіна Ш. узбагацілі маладую беларускую прозу цэлай гамай сродкаў мастацкай сатыры. Сатырычна-гумарыстычная афарбаванасць апавядання Ядвігіна Ш. ствараецца і трапнай камічнасцю сюжэтных сітуацый, і яркай моўнай характарыстыкай дзеючых асоб, і ўменнем паказаць унутраную сутнасць з’явы праз раскрыццё яе знешніх супярэчнасцей і г.д.

Пачатковы этап у развіцці жанру беларускага апавядання з’яўляецца па сутнасці перыядам станаўлення апавядальнай культуры нашай прозы і ў першую чаргу літаратурнай мовы.

Ствараючы алегарычныя апавяданні, беларускія пісьменнікі яшчэ не адчувалі пільнай патрэбы ў пашырэнні лексічнага складу мовы. Яны бралі матэрыял для алегарычных вобразаў з сялянскага быту, з прыроды, тэматыка і праблематыка алегорый амаль цалкам былі звызаны з жыццёвымі абставінамі беларускага селяніна. Псіхалагічная ж характарыстыка дзеючых асоб у алегарычным апавяданні ў значнай ступені абмежавана ўмоўнасцю самаго жанру. Таму развіццё літаратурнай мовы ў прозе на першай стадыі праходзіла не столькі ў напрамку яе лексічнага ўзбагачэння, колькі ўзбагачэння яе тропамі, іншымі словамі, адбывалася мастацкае асэнсаванне і ўпарадкаванне семантычных змяненняў слоў.

Гэта быў працяг той стылявой работы, якая стагоддзямі праводзілася ў жывой размоўнай практыцы народа, у народнай паэтычнай творчасці, у творчасці паэтаў XIX ст.

Ядвігін Ш. – майстар моўных характарыстык. Яго алегарычныя апавяданні – жывы прыклад багатай сінанімічнасці, метафарычнасці беларускай мовы, сведчанне яркасці і свежасці яе тропаў.

Пісьменнік-гуманіст шчыра спачувае бедам народным, і ў яго апавяданнях гучыць вялікая павага да чалавека працы і пратэст супраць сацыяльнай несправядлівасці. Голас пісьменніка становіцца гнеўным, калі ён расказвае пра абяздоленных людзей.

Звяртаючыся да псіхалагічна-бытавога апавядання, Ядвігін Ш. павінен быў знайсці такія суадносіны агульнага і адзінкавага ў структуры літаратурнага вобраза, каб за прыватнасцямі непрыкметна, але выразна адчувалася дзеянне ўсеагульных жыццёвых заканамернасцей. Такая задача стаяла перад усёй беларускай прозай, якая на сваім раннім этапе станаўлення характэрызавалася пэўнай апісальнасцю, прыземленасцю, што ішлі да маладосці і нявопытнасці яе майстроў.

Кожны з празаікаў шукаў сваіх шляхоў гэтым напрамку. Я. Колас амаль адразу знайшоў патрэбны для рэалістычнай тыпізацыі сінтэз агульнага і прыватнага ў мастацкім вобразе. У З. Бядулі, які прыйшоў да рэалізму праз пэўны перыяд рамантычнага ўспрыняцця рэчаіснасці, гэтыя пошукі зацягнуліся. Не адразу авалодаў сакрэтамі рэалістычнай тыпізацыі і Ядвігін Ш. Адметная рыса яго псіхалагічных апавяданняў, нават лепшых, - выключнасць і саміх герояў, і тых абставін, у якіх яны жывуць і дзейнічаюць. Індывідуальнае ў мастацкіх вобразах бытавых апавяданнях Ядвігіна Ш. выступае настолькі выключным і непаўторным, што за ім цяжка ўбачыць аб’ектыўную жыццёвую заканамернасць. Жыццёвыя факты, учынкі герояў, іх паводзіны падаюцца пісьменнікам як нічым не растлумачаныя выпадковасці. У гэтым слабасць Ядвігіна Ш. як рэаліста.

Імкненнем да псіхалагічнага аналізу ў мастацкай прозе, майстэрствам будаваць востры драматычны сюжэт Ядвігін Ш. унёс прыкметны ўклад у развіццё беларускай прозы наогул і жанру апавядання і прыватнасці.


Дата добавления: 2019-07-15; просмотров: 245; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!