Лексічныя сродкі для напісання анатацыі



Установа адукацыі

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

ІНФАРМАТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРОНІКІ

 

 

Секцыя беларускай і рускай моў ФДП і ПА

 

 

Метадычныя рэкамендацыі і кантрольныя заданні

Па беларускай мове

для студэнтаў-завочнікаў І курса БДУІР

 

МІНСК 2002

 

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі

“Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі”

 

Секцыя беларускай і рускай моў ФДП і ПА

 

 

Метадычныя рэкамендацыі і кантрольныя заданні

Па беларускай мове

для студэнтаў-завочнікаў І курса БДУІР

Мінск 2002

 

 

УДК 808.26(075)

ББК 81.411.3я7

     М 54

 

Рэцэнзент:

загадчык кафедры замежных моў №2 БДУІР,

кандыдат філалагічных навук В.У.Пінчук

 

 

Складальнікі:

Л.А.Пятроўская, Л.А.Бондар

 

 

Метадычныя рэкамендацыі і кантрольныя заданні па беларускай мове

М 54 для студэнтаў-завочнікаў І курса БДУІР / Склад. Л.А.Пятроўская,                 Л.А.Бондар, - Мн.: БДУІР, 2002. – 24 с.

 

Метадычныя рэкамендацыі і кантрольныя заданні прызначаны для самастойнай падрыхтоўкі студэнтаў-завочнікаў да выканання кантрольных работ па беларускай мове.

 

 

                                    УДК 808.26(075)

                                      ББК 81.411.3я7

 

                                         ã Л.А. Пятроўская, Л.А. Бондар, складанне 2002

          ã БДУІР, 2002

 

 

Кантрольная работа па беларускай мове

 для студэнтаў-завочнікаў

 

           Заданне 1. Знайдзіце і запішыце разгорнуты адказ на адно з наступных пытанняў і складзіце да яго тэзісны план:

1. Паходжанне беларускай мовы.

2. Гістарычныя этапы развіцця беларускай мовы.

3. Беларуская мова сярод іншых моў свету.

4. Лёс беларускай мовы ў Расійскай імперыі.

5. Беларуская мова ў ХХ стагоддзі.

Узор глядзіце ў дадатку № 1.

 

     Заданне 2. Падбярыце з любога тэксту 10 прыкладаў марфалагічнай інтэрферэнцыі (па пяць форм роднага склону і па пяць форм меснага склону адзіночнага ліку рускіх і беларускіх назоўнікаў другога скланення), а таксама 5 прыкладаў сінтаксічнай інтэрферэнцыі (глядзі дадатак № 2).

     Узор: задолго до восхода солнца – задоўга да ўсходу сонца; писать по адресу – пісаць па адрасе; смеяться над собой – смяяцца з сябе.

 

     Заданне 3. Падбярыце па тры выразы з публіцыстычнага, навуковага і афіцыйна-справавога стыляў і складзіце з імі сказы выразнай функцыянальна-стылявой прыналежнасці.

     Узор.

1. Юбілейная выстава – публіцыстычны стыль.

Папярэдняя, сапраўды юбілейная выстава адбылася ў мастака ў чэрвені на радзіме, у Гомелі, у Палацы фельдмаршала Румянцава (пасля ён належаў графу Паскевічу, а цяпер – абласному краязнаўчаму музею).

2. Ракетныя рухавікі – навуковы стыль.

У ракетных рухавіках паскарэнне рабочага цела можа быць ажыццёўлена за кошт хімічнай, ядзернай, сонечнай ці электрычнай энергіі.

3. Правядзенне інвентарызацыі – афіцыйна-справавы стыль.

           Да пачатку правядзення інвентарызацыі ўсе расходныя і прыходныя дакументы на грашовыя сродкі здадзены ў бухгалтэрыю.

 

     Заданне 4. Выпішыце з артыкула па спецыяльнасці (фізіка, матэматыка, праграмаванне, уводзіны ў спецыяльнасць і інш.) 20 словазлучэнняў (ці слоў) і перакладзіце іх на беларускую мову. У тэрміналагічным слоўніку ці ў слоўніку прафесіяналізмаў знайдзіце тлумачэнні гэтых слоў.

     Узор: 1) сертификат – сертыфікат:

а) дакумент, які пацвярджае той ці іншы факт; б) дакумент аб якасці тавару, выдадзены дзяржаўнымі інспекцыямі;

2) локальные связи – лакальныя сувязі: сувязі, якія не выходзяць за межы пэўнай тэрыторыі.

         

     Заданне 5. Падбярыце тэкст на рускай мове (100 – 120 слоў) па спецыяльнасці, у якім былі б дзеепрыметныя словазлучэнні з суфіксамі -ущ- (-ющ-), -ащ- (-ящ-), -ем- (-им-) і перакладзіце яго на беларускую мову.

     Глядзіце дадатак № 3.

 

     Заданне 6. Напішыце інфарматыўную ці індыкатыўную анатацыю на любы параграф з падручніка па вашай спецыяльнасці.

     Глядзіце дадатак № 4.

 

     Заданне 7. Напішыце адзiн асабісты дакумент (заява, аўтабіяграфія, даручэнне, распіска) і адзiн справавы ліст (ліст-запытанне, ліст-просьба, ліст-прапанова, ліст-напамін, ліст-запрашэнне, суправаджальны ліст).

           Глядзіце спіс літаратуры №№ 19 і 28.

 

 

Дадатак №1

 

           Тэзіс – гэта палажэнне, праўдзівасць якога трэба даказаць.

     Часта за ўсё слова тэзіс ужываецца ў множным ліку, і тады тэзісы – гэта каротка сфармуляваныя асноўныя палажэнні даклада, лекцыі, паведамлення і г.д. У тэксце тэзісаў можа быць прадстаўлена як класіфікацыя з’яў, дзеянняў, характарыстык, так і сцвярджэнне чаго-небудзь.

     Пры складанні тэзіснага плана важную ролю адыгрывае абзац. Абзац – гэта сваеасаблівы знак прыпынку, які выконвае ў тэксце шматлікія функцыі: 1) афармляе пачатак новай думкі і ў той жа час сігналізуе пра заканчэнне папярэдняй; 2) выконвае ў тэксце экспрэсіўна–выдзяляльную функцыю. Чытаючы тэкст, мы як бы атрымліваем папярэджанне ад аўтара: “Спыніцеся! Гэта нешта новае! Вось гэта важна!”

           Але тэзісны план не заўсёды супадае з межамі абзацаў, ён можа ўключаць некалькі абзацаў у адзін пункт. Гэта залежыць ад ступені інфарматыўнасці абзаца, ад важнасці яго сэнсавага зместу.

     Пры складанні тэзіснага плана знімаецца частка інфармацыі, якая дэталізуе, тлумачыць галоўную: аўтарскія адступленні, спасылкі на іншых аўтараў, ілюстрацыі, прыклады, якія не выконваюць важную ролю ў разуменні зместу.

     А зараз уважліва прачытаем наступны тэкст.

 

     Авалодваючы мовай, мы вучымся думаць.

     Сама свядомасць наша будуецца сродкамі мовы. Таму нашы думкі і пачуцці з’яўляюцца да нас у выглядзе думак і пачуццяў таго асяроддзя, якое нас выхавала, грамадства, у якім мы жывем, народа, да якога належым.

     І свядомасць простага чалавека, і геній найвялікшага паэта, што выражаюцца ў адной мове, глыбока звязаны паміж сабой, бо народжаны ў адзіным улонні роднай мовы, сілкуюцца аднымі агульнымі каранямі. Гэтае адзінства асновы і стварае галоўным чынам нацыянальнае адзінства. Мова – адна з асноўных характэрных прымет нацыі. Гэта як бы сама тканіна нацыянальнасці, другая, унутраная радзіма, улонне душы, у якой нараджаецца наша свядомасць і наша асоба.

     Мова народа – цвет усяго яго духоўнага жыцця, якi нiколi не вяне i вечна абнаўляецца, мова бярэ пачатак далёка за межамi гiсторыi. У мове адухаўляецца ўвесь народ і яго радзіма. У мове сілаю народнага духу ператвараюцца ў думку, у карціну і гук неба айчыны, яе лясы і рэкі, навальніцы і буры, увесь той глыбокі, поўны пачуцця голас роднай прыроды, які гучыць так моцна ў любві чалавека да яго часам суровай радзімы. Ён выказваецца так ясна ў роднай песні, у родных напевах, у вуснах народных паэтаў. Але ў светлых празрыстых глыбінях народнай мовы адлюстроўваецца не адна прырода роднай краіны, а і ўся гісторыя духоўнага жыцця народа. Пакаленні народа адыходзяць адно за адным, але вынікі жыцця кожнага пакалення застаюцца ў мове ў спадчыну нашчадкам. У скарбніцу роднай мовы складае адно пакаленне за другім плён глыбокіх сардэчных рухаў, плён гістарычных падзей, свае вераванні, погляды, сляды перажытага гора і перажытай радасці. Словам, увесь скарб свайго духоўнага жыцця народ беражліва захоўвае ў народным слове. Мова ёсць самая жывая, самая багатая і трывалая сувязь, якая злучае пакаленні, што аджылі, жывуць зараз і будуць жыць, у адну велічную, гістарычную, жывую цэласць. Яна не толькі выражае сабой жыццёвасць народа, але ёсць іменна само гэта жыццё.

 

     У прыведзеным тэксце выдзелім важныя палажэнні, падкрэслім ключавыя сказы і складзём тэзісны план. Тут можна вылучыць чатыры сэнсавыя часткі. Асноўную тэму і падтэмы тэксту сфармулюем наступным чынам.

     Функцыі роднай мовы.

1. Авалодваючы мовай, мы вучымся думаць.

2. Свядомасць наша будуецца сродкамі мовы.

3. Мова – адна з асноўных прымет нацыі.

4. Мова – цвет духоўнага жыцця народа:

а) у мове адухаўляецца ўвесь народ і яго радзіма;

б) мова – самая трывалая сувязь паміж пакаленнямі.

 

Дадатак № 2

Праблемы беларуска-рускай інтэрферэнцыі ва ўмовах білінгвізму

 

     Білінгвізм – (лац. bilihguis < bi ( bis) “двойчы”, lingua “мова”), ці двухмоўе, - валоданне i карыстанне дзвюма рознымі мовамі, кожная з якіх выбіраецца ў залежнасці ад канкрэтнай камунікатыўнай сітуацыі. Адрозніваюць білінгвізм індывідуальны (уласцівы толькі асобным членам калектыву), калектыўны (двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы, калектывы), нацыянальны (пашыраны сярод усіх прадстаўнікоў нацыі). Пры нацыянальным білінгвізме ў краіне афіцыйна прызнаюцца дзве дзяржаўныя мовы (у Беларусі – беларуская і руская, у Фінляндыі – фінская і шведская, у Канадзе – англійская і французская).

           Інтэрферэнцыя - (лац. іnter “паміж”, ferens, ferentis “які нясе, пераносіць”) – узаемадзеянне элементаў розных моўных сістэм ва ўмовах білінгвізму. Гэта ўзаемадзеянне выражаецца ў адхіленнях ад нормаў іншай мовы, міжвольным (несвядомым) перанясенні ў яе сістэму асаблівасцей роднай мовы. Інтэрферэнцыя выяўляецца на фанетычным, лексічным, словаўтваральным, марфалагічным, сінтаксічным і іншых узроўнях мовы. Так, носьбіты беларускай мовы вымаўляюць на рускай мове фрыкатыўнае [г] (замест выбухнога), ужываюць выразы накшталт идти в ягоды (замест идти за ягодами), смеяться с Пети (замест смеяться над Петей), благодарить брату (замест благодарить брата), жениться с Марией (замест жениться на Марии).

     Варта зазначыць дзве асаблівасці ўздзеяння рускай мовы пры авалоданні нормамі вымаўлення беларускай мовы.

     Першая праяўляецца ў маўленні тых асоб, якія беларускую мову вывучаюць пасля засваення рускай, а значыць, навыкі маўлення па-беларуску набываюць пасля таго, як добра выпрацаваны навыкі маўлення па-руску. У дадзеным выпадку адбываецца атаясамліванне гукаў беларуcкай мовы з падобнымі гукамі рускай мовы. Так, пад уплывам рускай мовы ў сістэме зычных досыць часта вымаўляецца мяккі [ч’] на месцы нарматыўнага цвёрдага:

[ч’а]лавек, [ч’о]рны, ру[ч’]ка; доўгі мяккі [ш’] ці спалучэнне мяккіх [ш’] і [ч’] на месцы нарматыўнага спалучэння цвёрдага [ш] і цвёрдай афрыкаты [ч]: [ш’ч’і]ра, у[ш’ч’у]ваць; мяккі [т’], які адсутнічае ў беларускай мове, на месцы беларускага [ц’], што чаргуецца з [т]: [т’э]нь, [т’о]мны, све[т’іт’]. 

     Другая асаблівасць уплыву рускага вымаўлення характэрна для маўлення асоб, якія свабодна карыстаюцца і той і другой мовай. У такім выпадку парушэнні вымаўленчых норм датычацца звычайна асобных гукаў у пэўных пазіцыях. Як паказвае практыка, асаблівых намаганняў патрабуе вымаўленне губных перад [j] і ў канцы слоў, вымаўлення [ў] у пэўных умовах і г.д. Пад уплывам рускіх мяккіх губных магчыма памылковае вымаўленне тыпу [б’jу], [п’jу], се[м’], голу[п’], вер[ф’] замест [бjу], [пjу], се[м], голу[п], вер[ф]. У пазіцыі пасля галоснага перад зычным альбо ў канцы слова [ў] можа гучаць так, як у рускай мове [ф], [ф’]: а[ф]торак, любо[ф’], замест а[ў]торак, любо[ў], ці гук [в]: по[в]на, да[в]но, сла[в]ны замест по[ў]на, да[ў]но, сла[ў]ны, ці гук [л]: бы[л], се[л] замест бы[ў], се[ў].

     Генетычная тоеснасць значнай групы слоў у беларускай і рускай мовах спрыяла інтэнсіўнаму пранікненню ў беларускую акцэнтную сістэму рускіх элементаў, пераадольванне якой тоіць у сабе вялікія практычныя цяжкасці. Параўн.: бел. галавý - рус. гóлову, адпаведна: дзéцьмі – детьмú, нагý –нóгу, рукý – рýку, слóвы –словá, бéла – белá, бéдна – беднá, вéзла –везлá і інш.

      У выніку ўплыву рускай мовы суіснуюць не толькі шматлікія нарматыўныя варыянты: верасóвы і вéрасавы, вясéнні і веснавы, гняды і гнéды, нерасчасáны і нерасчэсаны, але побач з імі функцыяніруе значная колькасць ненарматыўных: адзінáццаць побач з адзíнаццаць, адпаведна: апóстраф – апастрóф, бóязь – баязь, валёнак – вáленак, лóпух – лапýх, маладóсць – мóладасць, малы – мáлы, снéжкі – сняжкí. Асобныя ненарматыўныя акцэнтныя варыянты захоўваюць і гукавы склад рускай мовы: удзіць, усы, обруч (замест правiльнага бел. вудзіць, вусы, абруч).

     Пад марфалагічнай інтэрферэнцыяй разумеюцца факты адхілення ад граматычных норм роднай мовы.

     Асноўнай прычынай адхіленняў ад нормы пры вызначэнні роду назоўнікаў з’яўляецца ўплыў рускай мовы, чаму спрыяе аднолькавая ці блізкая аформленасць слоў у роднасных мовах: бел. дроб, запіс, медаль, мазоль, накіп, насып, палын, перапіс, подпіс, сабака, стэп, шынель – мужчынскі род; рус. дробь, запись, медаль, мозоль, накипь, насыпь, полынь, перепись, подпись, собака, степь, шинель – жаночы; бел. настрой, яблык - мужчынскі род; рус. настроение, яблоко – ніякі і г.д.

     Адзначаюцца памылкі, абумоўленыя двухмоўнай сітуацыяй, у прыватнасці разыходжаннем лікавай прыналежнасці асобных назоўнікаў у беларускай і рускай мовах, напрыклад: назоўнікі грудзі, дзверы, каноплі ў беларускай мове не маюць форм адзіночнага ліку, а ў рускай мове адны (конопля, крупа) маюць формы толькі адзіночнага ліку, другія (грудь, дверь) – і адзіночнага і множнага ліку; у беларускай мове чарніла - адзіночнага ліку, у рускай чернила - множнага ліку.

           Найбольш тыповым месцам “аслабленай нормы” у сістэме назоўніка з’яўляецца вызначэнне склонавых канчаткаў. Тлумачыцца гэта некалькімі прычынамі: наяўнасцю варыянтных канчаткаў у беларускай літаратурнай мове, уплывам дыялектнай мовы, роднаснай рускай мовы і самае банальнае – няведаннем нормы, нетрывалым яе засваеннем.

     Так, для назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным склоне замацаваны канчаткі –а(-я) і –у(-ю) у залежнасці ад лексічнага значэння.

     З канчаткам –а (-я) ўжываюцца назоўнікі, якія абазначаюць:

     а) асоб і жывых істот, а таксама часткі цела чалавека і жывёл: брата, сына, філолага, каня, тыгра, носа, рота, зуба, але: твару;

     б) канкрэтныя прадметы рэчаіснасці, якія можна лічыць, канкрэтныя паняцці, навуковыя тэрміны: нажа, мяшка, вугла, дзейніка, перпендыкуляра, косінуса;

     в) грамадскія арганізацыі, прадпрыемствы, установы: камітэта, завода, сельсавета, горада, камбіната;

     г) геаграфічныя і астранамічныя паняцці, неселеныя пункты, назвы мясцовасцей: Мінска, Гомеля, Нёмана, касмадрома, узгорка, бугра;

     д) грашовыя адзінкі, меры вагі, пэўныя прамежкі часу: рубля, франка, кілаграма, года, тыдня, аўторка, верасня.

     З канчаткам –у (-ю) ужываюцца:

     а) абстрактныя назоўнікі, якія абазначаюць разнастайныя апрадмечаныя ьную функцыю. Чытаючы тэкст, мы як бы атрымліваем папярэджанне ад аўтара: “Спыніцеся! Гэта нешта новае! Вось гэта важна!”

     Але тэзісны план не заўсёды супадае з межамі абзацаў, ён можа ўключаць некалькі абзацаў у адзін пункт. Гэта залежыць ад ступені інфар часу, рамантызму, абвалу, выбуху, грукату, шторму, камунізму, сацыялізму, ленінізму, марксізму;

     б) рэчыўныя назоўнікі, якія абазначаюць разнастайныя рэчавы, хімічныя элементы і злучэнні, матэрыялы: гароху, пяску, цукру, снегу, моху, цэменту, мёду, торфу, цынку, алюмінію, вадароду, але: аўса, хлеба;

           в) зборныя назоўнікі: лесу, саду, пырніку, дубняку, чаю, мурашніку.

     “Слабым” месцам з’яўляецца таксама ўжыванне меснага склону назоўнікаў мужчынскага роду, дзе ёсць выбар канчаткаў –е, -у(-ю), -ы, -і ў залежнасці ад характару апошняга зычнага асновы, а часам ад семантыкі, напрыклад: у спісе, у рукаве, аб дзеду, аб Васілю, на шляху, аб дажджы, на рагу (вуліцы), на розе (аленя), на двары (на ўчастку зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, які абгароджаны плотам ці сценамі будынкаў) і на дварэ “на адкрытым месцы; у прыродзе”.

     Парушэнні пры вабары канчаткаў выклікаюцца перш за ўсё незасвоенасцю правіла, нявыпрацаванасцю навыкаў яго ўжывання. Па гэтай прычыне дапускаюцца памылкі тыпу на масту (мост), у спесе (спех), у русе (рух), на Бузе (Буг), на пляцу (пляц), у гаю (гай) заместправiльнага на мосце,
у спеху, у руху, на Бугу, на пляцы, у гаі.

     У асобных выпадках адзначаюцца памылкі як вынік уплыву адпаведных склонавых форм рускай мовы, напрыклад: у дзённіке, у сшытке, на лугу, на снягу, на мітынге замест правiльнага: у дзённіку, у сшытку, на лузе, на снезе, на мітынгу; параўн. рус.: в днев нике, в тетрадке, на лугу, на снегу, на митинге.

     Пад уплывам народных гаворак размоўнага стылю, а таксама рускай мовы адзначаюцца ненарматыўныя, памылковыя варыянты ў творным склоне назоўнікаў жаночага роду з нулявым канчаткам тыпу далонью, солью, гразёю і інш., замест правiльнага: далонню, соллю, граззю.

     У сістэме прыметнікавых марфалагічных норм “слабым” месцам з’яўляецца засваенне форм вышэйшай ступені параўнання. Часта блытаюць вышэйшую ступень параўнання ад прыслоўя і ад прыметніка, асабліва ў перакладах з рускай мовы, паколькі там гэтыя формы падобныя. Напрыклад, ад прыслоўя высоко і ад прыметніка высок и й вышэйшая форма па-руску будзе выше; он стоит выше (прыслоўе), он выше товарища (прыметнік). Так часта і па-беларуску і ў адным і ў другім выпадку перакладаюць словам вышэй, хоць у першым выпадку трэба ён стаіць вышэй (прыслоўе), а ў другім выпадку - ён вышэйшы за таварыша (прыметнік).

     Ужыванне беларусамі-білінгвамі па-руску словазлучэнняў, злучнікавых і бяззлучнікавых канструкцый, якія не ўласцівы рускай мове, прыводзяць да сінтаксічнай інтэрферэнцыі. Напрыклад: Андрей долго с него смеялся. Я женился с ней в мае сорок пятого. С гнезда вылетела ласточка. Вернулся с Киева. Расскажите про ваши отношения в семье. Замест правiльнага: Андрей долго над ним смеялся. Я женился на ней в мае сорок пятого. Из гнезда вылетела ласточка. Вернулся из Киева. Расскажите о ваших отношениях в семье.

     Сінтаксіс вывучае віды сувязей, на аснове якіх арганізуюцца словазлучэнні і сказы. Напрыклад, у сказе дзейнікі і выказнікі каардыніруюцца, прыметнікі ў словазлучэннях звычайна дапасуюцца да назоўнікаў, дзеясловы кіруюць назоўнікамі, а прыслоўі прымыкаюць да дзеясловаў. Усе гэтыя віды сувязі рэалізуюцца ў канкрэтных сінтаксічных канструкцыях, якія і вызначаюць сінтаксічную норму.

     Найбольш пашырана і ўстойліва ўздзеянне рускай мовы выяўляецца ў канструкцыях кіравання. Параўнаем беларускія і рускія канструкцыі: дараваць каму – прощать кого, дзякаваць каму – благодарить кого, кпіць з каго – насмехаться над кем, схадзіць па што – сходить за чем, ажаніцца з кім – жениться на ком.

     Пад уплывам рускіх форм адзначаецца памылковае ўжыванне прыназоўніка па з формай давальнага склону множнага ліку назоўніка замест формы меснага склону: па гарам, па лугам, па лясам, па начам замест правiльнага  па гарах, па лугах, па лясах, па начах.

     На маўленчую практыку значнае ўздзеянне аказваюць унутрымоўныя фактары. У прыватнасці, вынікам унутрымоўнай аналогіі можа быць наступная памылка пры выбары дзеяслоўнага кіравання. Напрыклад, назоўнік увага спалучаецца з рознымі дзеясловамі (звяртаць, удзяляць, праяўляць, засяроджваць), якія па-рознаму паводзяць сябе ў сінтаксічнай канструкцыі: звяртаць увагу на каго, што; удзяляць увагу каму, чаму; праяўляць увагу да каго, чаго; засяроджваць увагу на кім, чым. Па аналогіі з кіраваннем аднаго з гэтых дзеясловаў могуць памылкова будавацца ўсе канструкцыі.

     Часам праблема выбару прыназоўнікавай формы ўскоснага склону звязана з унутрымоўнай варыянтнасцю. Так, у беларускай літаратурнай мове як нарматыўныя варыянты выступаюць формы вінавальнага склону з прыназоўнікам пра і меснага склону з прыназоўнікам аб: думаць пра жыццё і думаць аб жыцці. У апошні час ужыванне гэтых варыянтаў часткова дыферэнцыравана: канструкцыі з прыназоўнікам аб больш характэрны для афіцыйнага і навуковага стыляў, а з прыназоўнікам пра – для размоўнага і мастацкага.

     У вусным маўленні часта назіраецца дубліраванне дзейніка: Гераіня – яна мне вельмі запомнілася; Пятро – ён згодны будзе.

     Характэрныя адступленні ад нормы адзначаюцца пры выкарыстанні аднародных членаў. У рад аднародных членаў нельга ўключаць словы з рознай марфалагічнай характарыстыкай, напрыклад поўныя і кароткія формы дзеепрыметнікаў: Ежа павінна быць смачнай, каларыйнай і прыгожа аформлена, назоўнікі і інфінітывы: Я больш за ўсё люблю маляванне і спяваць. Правiльна: Я больш за ўсё люблю маляваць i спяваць, альбо маляванне i спевы. Нельга аб’ядноўваць у якасці аднародных пэўны член сказа і даданую частку: Настаўніца спытала аб уроках і як маё здароўе. Правiльна: Настаўніца спытала аб уроках і маiм здароўi.

     У рускім маўленні беларусаў можна пачуць: с песни слов не выбросишь, шум из моря, ветер из юга, дым с трубы, рабочие с фабрики, вернулся с загранкомандировки і інш., замест правiльнага: из песни слов не выбросишь, шум с моря, ветер с юга, дым из трубы, рабочиес фабрики, вернулся из загранкомандировки. У гэтым выпадку назіраецца сэнсавая кантамінацыя (появление новой формы, нового значения слова или выражения при непроизвольном объединении) словазлучэнняў, якія ўжываюцца ў рускай мове з прыназоўнікамі из і с.

     Пры больш дэтальным апісанні сінтаксічнай інтэрферэнцыі можна выявіць і іншыя памылкі.

 

 

Дадатак № 3

Утварэнне і ўжыванне дзеепрыметнікаў

Дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы інфінітыва непераходных дзеясловаў закончанага трывання пры дапамозе суфікса –л-: пасталець – пасталелы, пасінець – пасінелы. Разамлелае сонца як быццам застыла ў нерухомай вышыні. (І. Мележ) Ноч над лугамі, расою намоклымі, хмаркі рассоўвае. (Г. Бураўкiн)

Дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу могуць утварацца і з дапамогай суфіксаў -ш-, -ўш- ад асновы інфінітыва пераходных і непераходных дзеясловаў: узнікнуць – узнікшае (пытанне), прыехаць – прыехаўшая (сястра). Нерасквітнеўшыя родныя ліпы попел ад спаленых вёсак абсыпаў. (К. Буйло)

Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы інфінітыва пераходных дзеясловаў закончанага трывання пры дапамозе суфіксаў -н-, -ан-, -ен-, -т-: Я люблю тваю чуйную зімнюю ціш, мой абсыпаны зоркамі горад. (Г. Бураўкiн) Слава летнім яркім дням, і засеяным палеткам, і пакошаным лугам. (П. Глебка) Непатрывожаная жнівеньская ноч усё кружыла над саламянымі стрэхамі стоенай вёскі, як зацяты птах.
(I. Чыгрынаў) 

У беларускай літаратурнай мове не ўсе дзеепрыметнікі аднолькава ўжывальныя. Найбольш пашыраныя дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага і незалежнага стану з суфіксамі -л-, -н-, -ан-, -ен-, -т-: Пад майскім лёгкім сонейкам маўклівы, зачараваны ў мураве стаю. (В.Жук.) Я вершы пішу, бо душа ўстрывожана любоўю і болем за кожнага з вас. (П. Панчанка) Прытоеная цішыня чутка вартавала кожны гук, кожны нясмелы шолах. (Я. Колас) Наўздагон за зніклай чародкай высока ляцеў падбіты журавок. (В.Быкаў.)

Дзеепрыметнікі з суфіксамі -ўш-, -ш- у беларускай мове ўжываюцца абмежавана, у форме мужчынскага роду яны супадаюць з дзеепрыслоўямі і ўспрымаюцца двухсэнсоўна. Параўн.: Паспакайнеўшы вучань пачаў адказваць упэўнена (вучань які? - паспакайнеўшы) – дзеепрыметнік. Паспакайнеўшы, вучань пачаў адказваць упэўнена (пачаў адказваць калі? - паспакайнеўшы) – дзеепрыслоўе.

Рэдкасныя ў беларускай мове i дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану цяперашняга часу. Утвараюцца яны ад асновы дзеясловаў цяперашняга часу незакончанага трывання з дапамогай суфіксаў -уч- (-юч-), -ач- (-яч-), -ем-, -ім-. Ужываюцца ў навуковых працах, у мове газет, пераважна ў складзе тэрмінаў: бастуючыя рабочыя, рухаючыя сілы гісторыі. Большасць з іх страцілі дзеяслоўныя адзнакі, набылі якаснае значэнне і перайшлі ў прыметнікі: неўміручы подзвіг, гаючая вада, кіпучая кроў, стаячая вада, ляжачы камень, дрымучы лес, любімы горад, вядомы вучоны.

                     У беларускай мове зваротныя дзеепрыметнікi адсутнiчаюць.

У нашай мове ёсць сродкі замены неўласцівых ёй дзеепрыметнікаў пры перакладзе з іншых моў (у першую чаргу з рускай). Неўжывальную ў беларускай мове форму рускага дзеепрыметніка можна замяніць:

даданым сказам (азначальным, дапаўняльным, дзейнікавым): Мы шл и по обочине дороги, сплошь покрытой бурыми прошлогодними листьями, еще не выфсохшими после снега . (А. Куприн) Мы ішлі ўскрай дарогі, усцеленай бурым леташнім лісцем, якое не высахла пасля снегу. (Пераклад Л. Салаўя);

дзеепрыслоўем, дзеепрыслоўным зваротам: “Стучит кто-то?” – сказал остановившийся Чуб. (Н. Гоголь) “Стукае нехта?” – спытаў Чуб спыніўшыся. (Пераклад М. Лужаніна);

прыметнікам: Он [Лермонтов] был счастлив своими мыслями, их силой, широтой, своими замыслами, всёпроникающим присутствием поэзии. (К.Паустовский). Ён быў шчаслівы сваімі думкамі, іх сілай, шырынёй, сваімі задумамі, усёпранікальнай прысутнасцю паэзіі. (Пераклад А. Марціновіча);

назоўнікам: будущее – будучыня, купающиеся – купальшчыкі, рассказывающий – апавядальнік. «Неправда!» - выговорила она тихо и умоляющим голосом. (А. Чехов) «Няпраўда!» - вымавіла яна ціха, з мальбой у голасе. (Пераклад І. Грамовіча);

дзеясловам: Ночные костры, светившиеся там и сям по лагерю, увеличивали темноту своим неярким багровым светом. (Л.Толстой.) Начныя вогнішчы свяціліся там і сям па лагеры, павялічвалі змрок сваім нязыркім барвовым святлом. (Пераклад Я.Шарахоўскага);

развітым прыдаткам: вещества, стимулирующие рост растений - рэчывы, стымулятары росту раслін.

 

      Узор перакладу.

Источником оптического излучения принято называть физическое тело, преобразующее любой вид энергии в энергию электромагнитных излучений оптического диапазона. Любой источник, излучающий электромагнитные волны, характеризуется полной энергией, которую он излучает в единицу времени. Эта энергия распределяется неравномерно между волнами различной длины. В общем случае произвольный электромагнитный сигнал состоит из набора различных электромагнитных волн, длины (или частоты) которых можно установить. Подобную процедуру называют спектральным анализом сигнала, а совокупность полученных «простейших» электромагнитных волн – спектром.

Таким образом, спектр – распределение энергии, излучаемой или поглощаемой веществом, по частотам или длинам волн.

Спектральный анализ – метод определения качественного и количественного состава вещества, основанный на получении и исследовании его спектров.

В оптике часто используют понятие спектра в применении к тому или иному веществу. Спектры, полученные от самосветящихся тел, называются спектрами испускания. Они бывают трех типов: линейчатые, полосатые и сплошные.

 

Крыніцай аптычнага выпраменьвання прынята называць фізічнае цела, якое пераўтварае любы від энергіі ў энергію электрамагнітных выпраменьванняў аптычнага дыяпазону. Любая крыніца, што выпраменьвае электрамагнітныя хвалі, характарызуецца поўнай энергіяй, якую яна выпраменьвае ў адзінку часу. Гэта энергія размяркоўваецца нераўнамерна паміж хвалямі рознай даўжыні. Увогуле адвольны электрамагнітны сігнал складаецца з набору розных электрамагнітных хваляў, даўжыні (або частоты) якіх можна вызначыць. Падобную працэдуру называюць спектральным аналізам сігналу, а сукупнасць атрыманых “найпрасцейшых” электрамагнітных хваляў – спектрам.

Такім чынам, спектр – размеркаванне энергіі, якая выпраменьваецца або паглынаецца рэчывам, па частотах або па даўжынях хваляў.

Спектральны аналіз – метад вызначэння якаснага і колькаснага складу рэчыва, заснаваны на атрыманні і даследаванні яго спетраў.

У оптыцы часта выкарыстоўваюць паняцце спектра ў дачыненні да таго або іншага рэчыва. Спектры, атрыманыя ад цел, якія самі свецяцца, называюцца спектрамі выпускання. Яны бываюць трох тыпаў: лінейчатыя, паласатыя і суцэльныя.

 

Дадатак № 4

Анатацыя

 

Анатацыя – гэта кароткая характарыстыка зыходнага тэксту, якая перадае змест у выглядзе пераліку асноўных пытанняў, а часам дае і крытычную ацэнку.

Анатацыя бывае інфарматыўная (поўная), індыкатыўная (больш скарочаная) і анатацыя – бібліятэчная картка.

Інфарматыўная, або апісальная анатацыя ўключае ад 3 да 10 сказаў (ад 60 да 100 слоў). Сярэдні аб’ём індыкатыўнай анатацыі – 30-40 слоў (3-4 сказы). Анатацыя, якая сумiруе тэматычны змест тэксту, можа быць вельмі кароткай і складацца з аднаго-двух сказаў (бібліятэчная картка).

Анатацыя нагадвае сабой вельмі кароткі з усіх магчымых пераказ галоўнага зместу першаснага дакумента, які складзены ў выніку кампрэсіі тэксту арыгінала і перадае ў некалькіх радках яго тэматыку. Яе прызначэнне ў тым, каб даць магчымасць спецыялісту вызначыць мэтазгоднасць больш дэталёвага азнаямлення з дадзеным матэрыялам.

Для анатавання, як і для рэферавання, прапаноўваюцца навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы, манаграфіі па праблемах, блізкіх да спецыяльнасці студэнта.

 

Схема анатацыі

· прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара;

· назва твора;

· месца выдання, выдавецтва, год;

· аб’ём (колькасць старонак, малюнкаў, табліц);

· кароткі змест (пералік асноўных палажэнняў тэксту-крыніцы, можна па главах);

· пытанні, разгледжаныя ў заключэнні і вывадах;

 

· выкарыстанне літаратуры;

· чытацкае назначэнне.

 

Лексічныя сродкі для напісання анатацыі

· структура тэксту: артыкул носіць назву (называецца; прысвечаны; уяўляе сабой аналіз, апісанне, выказванне, абзор, абагульненне);

· кампазіцыя: артыкул дзеліцца на (пачынаецца з; складаецца з; заканчваецца);

· агульная характарыстыка зместу: у артыкуле разглядаецца пытанне (гаворыцца; даследуецца; паказваецца; робіцца спроба даказаць; адзначаецца важнасць; звяртаецца ўвага; даюцца новыя звесткі; разглядаюцца дыскусійныя пытанні; даказана);

· спасылка на аўтарскае выказванне: аўтар гаворыць (аналізуе; характарызуе; разглядае; указвае; адзначае; даказвае; параўноўвае; супрацьпастаўляе; падкрэслівае; апісвае);

· праблематыка: ставіць (закранае, разглядае, асвятляе праблемы, пытанні; спыняецца на пытанні; закранае наступныя праблемы);

· паказ асобных палажэнняў: аўтар прыводзіць прыклад (цытату; факты; звесткі);

· вывад, заключэнне: аўтар прыходзіць да вываду (да заключэння, да думкі; робіць вывад, заключэнне; у выніку, у заключэннi робіцца вывад; у заключэннi гаворыцца);

· значэнне: артыкул мае навуковае значэнне (уносіць пэўны ўклад у навуку; носіць навукова-папулярны характар; разлічаны на спецыялістаў, на шырокае кола чытатоў).

Прыклад анатацыі да тэксту “Дай руку, сябра” у кнізе Загальскага Л.М. Заўтра пачынаецца сёння. – М.: Русский язык, 1986. – 112 с.

У артыкуле рязглядаюцца сучасныя праблемы стварэння прамысловых робатаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца распрацоўцы канструкцый “рук” і “ног” робатаў і вызначэнню сферы іх прымянення ў вытворчасці. Аўтар паказвае, што разлік канструкцый канечнасцяў робатаў — актуальная праблема.

Артыкул носіць навукова-папулярны характар і разлічаны на шырокае кола чытачоў.

 

Прыклад анатацыі на беларуска-рускі слоўнік:

Грабчыкаў С.М. Беларуска-рускі слоўнік. – Мн.: Нар. асвета, 1991. – 349 с.

Слоўнік уключае каля 20000 найбольш ужывальных беларускіх слоў і фразеалагічных спалучэнняў, якія могуць выклікаць цяжкасці пры перакладзе на рускую мову.

Асобным дадаткам дадзены кароткі спіс беларускіх і рускіх асабовых імён.

2-е выданне выйшла ў 1975 г.

 

Прыклад анатацыі на Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.:

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.: Тэксты. Давед. Камент. Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэд.кал.: І.П.Шамякін (гал.рэд.) і інш. – Мн.: БелСЭ, 1989. – 573 с.: іл.

Гэта выданне прысвечана 400-годдзю аднаго з буйнейшых зводаў законаў феадальнага права, які дзейнічаў у Вялікім княстве Літоўскім з 1589 г., а пасля далучэння Беларусi да Расii – у Віцебскай і Магілёўскай губернях да 1831 г., у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях да 1840 г. Кніга складаецца з арыгінальнага тэксту Статута, яго адаптацыі і перакладу на рускую мову, а таксама энцыклапедычнага даведніка па тэрміналогіі Статута, каментарыяў да яго артыкулаў. Разлічана на юрыстаў, гісторыкаў, кнігазнаўцаў, літаратура- і мовазнаўцаў, а таксама на ўсіх тых, хто цікавіцца помнікамі прававой думкі, беларускай мовы і пісьменнасці 16 ст.

 

 

Асноўная літаратура

1. Абабурка М. Культура беларускай мовы. Мн.: Вышэйш.шк., 1984.

2. Адамовіч Я.М., Клачко А.М. Беларуская мова. Мн.: Вышэйшая школа, 1992.

3. Анiчэнка У.В. Асновы культуры маўлення і стылістыкі. Мн.: Універсітэцкае, 1992.

4. Антонюк Л.А. Белорусская научная терминология: (Формирование, структура, функционирование). Мн., 1987.

5. Асновы культуры маўлення і стылістыкі / Пад рэд. У.В. Анічэнкі. Мн., 1992.

6. Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.

7. Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мн., 1994.

8. Беларуская мова ў 2-й палове ХХ стагоддзя. Мн., 1998.

9. Беларуская мова. Як пазбегнуць памылак руска-беларускамоўнай інтэрферэнцыі / Склад. А.І. Манько, П.І.Малько. Горкі, 1999.

10.  Бурак Л.У. Пунктуацыя беларускай мовы. 2-е выд. Мн., 1969.

11.  Бурак Л.У. Сучасная беларуская мова. Мн., 1974.

12.  Веселов П.В. Современное деловое письмо в промышленности. М., 1990.

13.  Веселов П.В. Как составить служебный документ. М.: Экономика, 1982.

14.  Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970.

15.  Граматыка беларускай мовы. У 2-х т. Мн., 1962-1966.

16.  Гурскі М.У. Параўнальная граматыка рускай і беларускай моў. 2-е выд. Мн., 1966.

17.  Дьячков М.В. Проблемы двуязычия (многоязычия) и образования. М., 1991.

18.  Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1992.

19.  Каўрус А.А. Дакумент па-беларуску. Мн., 1994.

20. Кривицкий А.А., Михневич А.Е., Подлужный А.И. Белорусский язык для говорящих по- русски. 3-е изд., Мн., 1972.

21. Культура устной и письменной речи делового человека: Справочник-практикум. М.: Наука, 1997.

21. Лепешаў У.Я., Малажай Г.М., Панючыц К.М. Практыкум па беларускай мове. Мн., 1980.

22. Лепешаў У.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Практыкум. Мн., 1969.

23.  Ляшчынская В.А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка. Мн.: РІВШ БДУ 2001.

25. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1995.

26.  Падлужны А.І. Мова і грамадства., Мн., 1997.

27. Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі. Матэрыялы першай нацыянальнай канферэнцыі. Мн., 1995.

28. Практыкум па беларускай мове: Вуч. дапаможнік для нефілал. вну / Пад рэд. Г.М. Малажай. Мн., 1993.

29. Пытанні культуры пісьмовай мовы / Пад рэд. А.І. Падлужнага. Мн., 1991.

30. Рахманин Л.В. Стилистика деловой речи и редактирование служебных документов:   Учебное пособие. М., 1997.

31. Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі / М.В. Бірыла і інш. Мн.: Ураджай, 1994.

32. Русско – белорусский политехнический словарь. В 2-х т. / Бурак И.Л., Орешонкова А.В., Люштик В.В. Мн.: Беларуская навука, 1997.

33. Сарока У.А., Мальцава Т.М. Беларуска-рускі слоўнік справаводчай і архіўнай тэрміналогіі // Русско-белорусский словарь делопроизводственной и архивной терминологии / В.А. Сорока и др. – Мн.: Полымя, 1997.

34. Слоўнік іншамоўных слоў. У 2-х т. / А.М. Булына Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1999.

35. Сямешка Л.У., Шкраба У.Р., Бадзевич З.У. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

36. Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. Мн., 1989.

37. Яўневіч М.С. Беларуская мова. Мн.: Вышэйшая школа. 1991.

Дадатковая літаратура

1. Бірыла М.В. Беларуская антрапамія: Уласныя імёны – мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы. Мн., 1966.

2. Красней В. Стылістычныя рэсурсы лексікі // Роднае слова. 1990. № 11-12.

3. Лаўрэль Я. Мова –найважнейшы сродак зносін // Роднае слова. 1996. № 3. С. 110-121.

4. Малажай Г. Лінгвістычны аналіз тэксту // Роднае слова. 1998. № 3. С. 70-72.

5. Мартынаў В. У мовы роднай – моцнае карэнне. Беларуская мова сярод іншых славянскіх моў // Роднае слова. 1993. № 1-2.

6. Міхневіч А. Чалавек, які гаворыць // Роднае слова. 1996. № 9. С.120-127.

7. Наркевіч А. Моўны стандарт і штамп. Характар сувязі і праяўленняў // Роднае слова. 1997. № 2.

8. Станкевіч С. Русіфікацыя беларускай мовы ў БССР. Мн., 1994.

9. Цыхун Г. Беларуская мова і моўная экалогія // Полымя. 1994. № 11. С.176-182.

10.  Шакун Л. Карані нашай мовы // Роднае слова. 1996. № 9. С.108-119.

11.  Шчэрбін В. Факты і міфы. Рэформа беларускага правапісу 1933 г. // Роднае слова. 1989. № 9. С.14.

12.  Яновіч А. Беларуская граматыка Браніслава Тарашкевіча // Роднае слова. 1990. № 9. С.16-17.

 

                                                                                                                                      Зв. план 2003, паз. 124

 

 

Вучэбнае выданне

 


Дата добавления: 2019-02-13; просмотров: 176; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!