Чытанне з ліста як магчымасць засваення музычнай літаратуры



Многія вядомыя выканаўцы і выкладчыкі ў нашай краіне ў за мяжой, гаворачы аб першапачатковым знаёмстве з музычным творам, надаюць першаступеннае значэнне хуткаму азнаямленню з матэрыялам. Гэта звязана з тым, што чым больш свядома і хутка чытае музыкант з ліста, тым хутчэй і лягчэй фарміруецца ў яго ідэальны вобраз твору і выканальніцкі план яго інтэрпрэтацыі.

Чытанне класічных твораў айчынных і замежных кампазітараў, а таксама апрацовак і перакладаў ўзораў народнай музыкі — найважнейшы акт творчай дзейнасці выканаўцы, звязаны з яго “начытанасцю” і прафесійным інтэлектам музыканта. Менавіта таму уменне правільна і хутка чытаць з ліста можа разглядацца як адзін са сродкаў павышэння ўзроўню прафесійнай свядомасці музыканта.

Звычайна ў навучальным працэсе вучні дэманструюць чытанне ў павольным тэмпе, які не адпавядае дадзенаму твору і не забяспечвае паўнацэннага ўспрымання асобных мастацкіх вобразаў і зместу твору ў цэлым. Павольнае чытанне, як правіла, звязана з фіксацыяй ўвагі на асобных нотах, меладычных інтанацыях і матывах, іх паўторным прайграваннем і з вялікімі энергетычнымі і часовымі стратамі, зніжэннем інтарэсу да чытання нотнага тэксту і хуткім стамленнем вучня.

Пад хуткім чытаннем разумеецца чытанне ў тэмпе, неабходным для стварэння гукавога і мастацкага вобразаў дадзенага твору.

Да распрацоўкі методыкі хуткага чытання, фарміравання навыкаў чытання нот з ліста звярталіся многія вядомыя музыканты. Сёння не без падставы лічыцца, што з’яўленне гуказапісваючай апаратуры і зніжэнне інтарэсу да хатняга музіцыравання значна знізіла тэмпы і якасць фарміравання навыку хуткага чытання нот з ліста. Усё радзей сустракаюцца музыканты, якія без напружання чытаюць нотныя тэксты любой складанасці, як гэта рабіў, напрыклад, ў канцы ХІХ ст. вядомы музыкант Ф.Блуменфельд. У мемуарнай літаратуры сустракаюцца ўспаміны яго сучаснікаў, якія адзначаюць ўражваючае ўменне Блуменфельда чытаць з ліста ў тэмпе складанейшыя партытуры, пры тым не толькі друкаваныя, але і рукапісныя.

Нотны запіс адчыняе для ўдумлівага выканаўцы бязмерную прыгажосць і змястоўнасць музычнага мастацтва. Менавіта нотны тэкст становіцца галоўнай і бясспрэчнай крыніцай ведаў. Усё астатняе — веды пра кампазітара, яго творчасць, метадычныя парады, выканальніцкія традыцыі — гэта толькі дадатак да таго, што ўспрынятае з нотнага тэксту. Чытанне яго — не перавод “бачнага ў рухомае”, але заўсёды раскрыццё ўнутранага сэнсу праз пранікненне ў значэнне кожнага элементу тканіны, кожнай “музычнай падзеі”, праз глыбока эмацыянальнае перажыванне яго драматургіі, зместу.

Вучань, які авалодаў тэхнікай чытання нот з ліста, падчас ігры як быццам бы не бачыць ноты, а вачамі “чуе” зашыфраваны” ў іх гукавы вобраз. Нотныя знакі ўспрымаюцца не самі па сабе, а гучаць, ажываюць па меры таго, як перад выканаўцамі раскрываецца багаты свет эмацыянальных вобразаў. Таму сфарміраваць уменне хуткага чытанне — раскрыццё бязмернага свету музыкі розных эпох і народаў, музыкі розных стыляў і жанраў, музыкі, без якой немагчыма ўявіць паўнацэннае жыццё музыканта любога ўзроўню.


Дата добавления: 2015-12-21; просмотров: 272; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!