УРОКІ ПЕРШАГА КАХАННЯ. УРОК 1: АПОВЕСЦЬ ВАЛЕРЫЯ ГАПЕЕВА «ПЕРШЫ БОЛЬ, АБО ДОКАЗ ЗАКОНУ ПРЫГАЖОСЦІ»



Лівіцкая Т.А.,

студэнтка 4 курса УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Русілка В.І., канд. філал. навук, дацэнт

 

Пераходны ўзрост – складаны перыяд жыцця кожнага чалавека. Так закладзена прыродай. Ціхан Чарнякевіч заўважае: «Школьнікі якраз і любяць вырвацца з гэтага т. зв «жыцця» ў свет фантазій, казак, мрояў» [3]. Каб школьнік захацеў прачытаць пра такога як ён, пісьменніку трэба валодаць не столькі майстэрствам псіхалагічнага аналізу, колькі, найперш, уменнем зацікавіць, заінтрыгаваць чытача, закрануць за балючае, надзённае. Мы паспрабуем прааналізаваць сучасную беларускую літаратуру для падлеткаў на прыкладзе аповесці Валерыя Гапеева «Першы боль, або Доказ закону прыгажосці».

Валерый Гапееў у аповесці «Першы боль, або Доказ закона прыгажосці» бярэцца апісваць самае складанае – першае каханне, першую фізічную блізкасць. Твор увайшоў у зборнік пісьменніка «Урокі першага кахання». Значэнне твора ў сучаснай беларускай літаратуры супярэчлівае. З аднаго боку, Гапееў імкнецца «адарваць» маладога чытача ад камп'ютара, засяродзіць увагу на сапраўдным жыцці. З іншага боку, як мяркуюць крытыкі, аўтару не хапае вопыту, ведаў з жыцця падлетка. Па прафесіі В. Гапееў тэхнолаг і не звязаны ні з філалогіяй, ні з журналістыкай.

Сюжэт твора на першы погляд нескладаны. Кацярына, вучаніца адзінаццатага класа, пасля смерці бацькі ўзяла амаль увесь цяжар клопату пра маці і малодшых брата і сястру на сябе. Яна шчыруе на летніку, каб, прадаўшы садавіну і гародніну, набыць неабходныя рэчы для сябе і сям’і. Усё змяняецца, калі ў жыцці маці з’яўляецца мужчына. Ён пачынае клапаціцца пра сям’ю, а Каця атрымлівае вольны час для сябе. Яна таемна кахае аднакласніка Юру і пад выглядам іншай дзяўчыны інтрыгуе яго ў сеціве. Лічачы, што Каця і дзяўчына ў сеціве – гэта два розныя чалавекі, хлопец мае блізкасць з Кацяй, але бачыць сваё будучае з віртуальнай незнаёмкай. Усё заканчваецца трагічна для дзяўчыны: яе пачуцці раздаўлены і падарвана вера ў людзей.

Звернем яшчэ раз увагу на тое, што ў цэнтры ўвагі падлеткі. Старэйшае пакаленне амаль адсутнічае ў творы. В. Гапееў бярэцца распрацаваць паўнавартасныя характары хлопца і дзяўчыны. «Месца твора ў літаратуры, як сведчыць мастацкая практыка, у вялікай ступені вызначаецца здольнасцю пісьменніка стварыць яскравыя паўнакроўныя характары, што праблематычна без узнаўлення сутнасных унутраных якасцяў асобы. Класікі сусветнай і нацыянальнай літаратуры за вельмі рэдкім выключэннем з’яўляюцца тонкімі псіхолагамі, выдатнымі знаўцамі чалавечай душы. «Челавек – гэта ж свет, адна істота – неабхватны прастор, і разглядай яго, калі ўмееш,» – пісаў Кузьма Чорны ў на пачатку мінулага стагоддзя. «Светам» чалавека робіць яго ўнутранае жыццё, якое выяўляецца праз самарух свядомасці, праз змену душэўных станаў, настрояў, эмоцый» [1, с. 521]. Героі аповесці дынамічна актыўныя. Гэта чытач можа заўважыць праз даволі хуткае развіццё сюжэту. У творы амаль няма лірычных адступленняў. За выключэннем, бадай, аднаго, амаль містычнага моманту, калі Кацярына мые люстэрка і ўсведамляе сваю прыгажосць.

Самае цікавае, на нашу думку, гэта зварот Валерыя Гапеева да сучаснай размовы з маладым чытачом праз сеціва, інтэрнэт. Дыялогі ў «асьцы» можна назваць вынаходніцтвам аўтара. Яны прысутнічаюць ва ўсіх трох творах зборніка «Урокі першага кахання». У аповесці «Першы боль, або Доказ закону прыгажосці» такім дыялогам у сеціве з'яўляецца размова паміж Юрам і невядомай Менеджэр:

Юрый: Самарэалізацыя – не адасобленая мэта. Гэта праграма дзеяння. Гэта рухавік і адначасова – вяршыня, на якую гэты самы рухавік павінен чалавека ўзняць. Але, калі ты назвала мой пункт гледжання лухтой, спадзяюся, ў цябе ёсць што сказаць сваё. Інакш не бачу сэнсу працягваць размову. Тады гэта толькі тая ж спроба самарэалізацыі, не больш.

Менеджэр: Вядома. Ёсць што сказаць. Здаецца, ты ўспамінаў і Юма, і Фрэйда. І нават, я бачыла, цытаваў Ніцшэ. Дык вось, я таксама працытую напамяць: «У жанчыны мноства загадак, аднак усе яны маюць адну адгадку – цяжарнасць». Табе патлумачыць сэнс гэтага выказвання?

Юрый: Не трэба. Ты збіраешся мне сказаць, што сэнс жыцця ў сексе?

Менеджэр: Не сэксе, а ў прадаўжэнні роду. І гэтаму служыць тая самая самарэалізацыя.

Юрый: Рассмяшыла і пацешыла. Выходзіць, што б я ні рабіў, усё скіравана на тое, каб урэшце атрымаць жанчыну ў ложак? [2, с. 37].

Такім чынам можна адзначыць, што Валерый Гапееў не імкнецца павучаць падлеткаў доўгімі разважанням пра добрае і дрэннае. Ён імкнецца гаварыць з юнакамі і дзяўчатамі на зразумелай ім мове, пра зразумелыя ім рэчы. Чытачу прадстаўлены героі, якія цікавяцца жыццём і імкнуцца разабрацца ў ім, знайсці адказы на вечныя пытанні, зразумець сваё прызначэнне. Варта звярнуць увагу на тое, што Каця і Юра інтэлектуальна вельмі развітыя, бо не ўсякі падлетак у 10-м класе пачне цікавіцца філасофіяй Юма, Ніцшэ, Фрэйда? На нашу думку, такі паварот сюжэта не толькі зацікавіць юнага чытача, але і заахвоціць яго самаму пазнаёміцца з глыбокай літаратура і, хаця б праз інтэрнэт.

 

Літаратура:

1. Беларуская дзіцячая літаратура: вучэб. дапам. / А.М. Макарэвіч [і інш.]; пад агул. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б. Яфімавай. – Мн.: «Выш. шк.», 2008. – 688с.

2. Гапееў, В.М. Урокі першага кахання: аповесці / В.М. Гапееў. – Мн.: «Літататура і мастацтва», 2010. – 192 с.

3. http: // gapeev.info? category=vadguki 1&altname=cihan charnyakevich lim 2009.

 

 

АЙКОНІМЫ ВІЦЕБШЧЫНЫ, СУАДНОСНЫЯ З НАЗВАМІ ЎЗВЫШАНАСЦІ

Літвінава Г.А.,

студэнтка 5 курсаУА ”ВДУ імя П.М. Машэрава”, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Грачыха Т.А., канд. філал. навук, дацэнт

Рэльеф Віцебскай вобласці характарызуецца наяўнасцю ўзвышшаў, што знайшло непасрэднае адлюстраванне ў назвах населеных пунктаў. У дадзеную групу ўваходзіць 81намінацыя. Гэтыя найменні ўтвараюць дзве падгрупы ландшафтна-геаграфічных айконімаў Віцебшчыны, суадносныя з назвамі ўзвышанасці: 1) назвы населеных пунктаў, якія паходзяць ад агульнавядомых геаграфічных тэрмінаў; 2) назвы, у аснову якіх пакладзены дыялектныя ландшафтна-геаграфічныя тэрміны. Мэта працы – з дапамогай апісальна-параўнальнага метаду даследавання разгледзець словаўтваральныя асаблівасці вызначаных падгруп айконімаў.

1. Айконімы, словаўтваральнай базай для якіх паслужылі агульнавядомыя геаграфічныя тэрміны:

Гара – падняцце зямной кары з яскрава выражанымі схіламі, падэшвай і вяршыняй. Як вядома, на тэрыторыі Віцебскай вобласці не існуе прыродных аб’ектаў, якія дакладна падыходзяць пад апісанне такога тыпу. Таму верагодна, што гэты агульнавядомы тэрмін у якасці словаўтваральнай асновы для айконімаў мае семантычнае адценне дыялектнага значэння тэрміна: гара – узвышша, любое высокае месца, высокі ўзгорак. Такія айконімы, як Гара, Горка, Горкі, Горкі І, Горкі ІІ, Горнава, Горнава І, Горнава ІІ, Горнае Крапіўна, Горная Веравойша, Горныя, Горныя Дзядзенкі, Горныя Жукі, Горныя Ходцы, Горы, Загор’е, Загараны, Загоршчына, Касагор, Ключагорская, Казігорка, Лесагорская, Лысагорка, Пагорныя Чарэмушнікі, Цёплая Гара, Братняя Гара, Чырвоная Горка, Ясная Гара, Ясная Горка [1], утвораны не ад канкрэтнага агульнавядомага паняцця, а ад сінтэзу значэнняў тэрмінаў.

Града – агульная назва выцягнутых, адносна невысокіх узвышшаў. Тэрмін паслужыў базай для называння некалькіх айконімаў Віцебшчыны: Града, Градзякі, Градзянец [1]. Названыя населеныя пункты поўнасцю адпавядаюць семантыцы словаўтваральнай базы.

2. Айконімы, словаўтваральнай базай для якіх паслужылі дыялектныя геаграфічныя тэрміны.

Дадзеная падгрупа змяшчае вялікую колькасць айконімаў, непасрэдна звязаных з мясцовай ландшафтна-геаграфічнай тэрміналогіяй. У яе ўвайшлі айконімы, блізкія па значэнні з агульнавядомымі тэрмінамі, і назвы населеных пунктаў, словаўтваральнай базай для якіх сталі вузкадыялектныя найменні:

Гараваткі – ‘гараваткі’ – узгорачкі, пагоркі; Бугры – ‘бугор’ – узгорак, пагорак, невялікая гара; узвышанасць; высокае месца; Буй, Буйкі – ‘буй’ – узгорак, адкрытае ветранае месца; Гомель – ‘гомля’ – узвышэнне закругленай формы; Горбава, ГорбаваІ, Горбава ІІ – ‘горб’ – невялікая пакатая горка, высокі пагорак; Нанос – ‘ нанос’ – пясчаны ўзгорак, намыты вадой; Лоўжа – ‘лоўж’ – курган [1; 2].

Асобную мікрагрупу ў дадзенай падгрупе складаюць айконімы Віцебшчыны, утвораныя ад тэрміна высокі: Высокае, Высокая Гара, Высокая Горка, Высокі Гарадзец, Высокія, Высоты, Высоцкае.Прычым, айконімы Высокая Гара, ВысокаяГорка, Высокі Гарадзец адлюстроўваюць не толькі асаблівасці ландшафту мясцовасці, але і характарызуюць пэўныя памеры аб’ектаў [1; 2].

Наступная мікрагрупа прадстаўлена запазычаным паланізмам gura, які з’яўляецца адпаведнікам беларускамоўнага наймення гара. Тэрмін гура пададзены ў слоўніку І.Я. Яшкіна ў якасці дыялектнага мясцовага тэрміна са значэннямі: 1. Гара; 2. Невялікая горка [2]. Дадзены тэрмін паслужыў базай для ўтварэння айконімаў Гурка, Гуркі, Гурніца, Гуры-Дразды, Гуры Казаковы, Гурына, Гуры [1]. Прадстаўленыя назвы таксама характарызуюць узвышанасці.

Варта адзначыць некаторыя назвы, якія характарызуюць ландшафт мясцовасці – Гаравое, Гаравыя, Гаравыя І, Гаравыя ІІ,Гаравыя Паршні, Гарывец [1].Словаўтваральнай базай для прыведзеных вышэй айконімаў стаў мясцовы геаграфічны тэрмін гаравы – гарысты, узгоркавы ландшафт [2].

Такім чынам, група айконімаў, утвораных ад назваў узвышаных мясцін, змяшчае ў сабе падгрупы і мікрагрупы, якія адлюстроўваюць разнастайныя асаблівасці ўзвышанасці на даследуемай тэрыторыі. Колькасць адзінак дадзенай групы складае 18% ад агульнай колькасці ландшафтна-геаграфічных айконімаў Віцебшчыны. Многія айконімы характарызуюць не толькі мясцовасць, да якой адносіцца населены пункт, але і канкрэтныя аб’екты, якія належаць гэтай мясцовасці.

 

Літаратура:

1. Рапановіч, Я.Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці / Я.Н. Рапановіч; рэд. П.П. Шуба. – Мн.: «Навука і тэхніка», 1977. – 176 с.

2. Яшкін, І.Я. Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў.Тапаграфія. Гідралогія / І.Я. Яшкін. – Мн.: «Беларуская навука», 2005. – 808 с.

 

 


Дата добавления: 2018-02-18; просмотров: 2337; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!