Вызначыць жанравую прыналежнасць твора.



Даць характарыстыку формы.

Аркадзь Куляшоў

АДЗІНЫ СЕРП

НА СЁННЯШНІМ ЖНІВЕ

Заглух той дом, што быў маім гняздом,

Што ў свет пусціў і радасць і бяду маю.

Не вечна ўсё пад месяца сярпом,

Хоць ён не зжаў нікога, – так я думаю,

Сялом і полем ідучы з кійком.

Мой след, што пяцьдзесят гадоў назад

Знаёмы быў з вясёлай сцежкай школьнаю,

Пакрыла заьыццё травой няўмольнаю.

Ды смешна прагай папракаць няўтольнаю

Зялёную траву, якой я рад.

Электрастанцыя над рэчкай сіняю,

Магутнасцю на сорак кілават,

Не свеціць больш, хоць ёй гадоў няшмат.

Ніхто, апроч высакавольтнай лініі,

У змрочнасці яе не вінават.

Камбайн, жніва гарачага ўладар,

Давёў сярпы да стану непрыгоднасці,

Не вечна ўсё.Конь хоць не страціў годнасці,

Але і ён ва ўладзе неабходнасці

Таго, што сеў на трактар гаспадар.

Старэючы, і я сачу з трывогаю

За часам, што мяне перажыве.

Тут месяц ні пры чым. Няхай плыве

Ягоны серп над палявой дарогаю –

Адзіны серп на сённяшнім жніве.

Г.

Прааналізаваць асаблівасці зместу і формы твора.

Аркадзь Куляшоў

                   ***

Ёсць у паэта свой аблог цалінны,

Некрануты прастор для баразён,

Дзе ён працуе з першае хвіліны

І да апошніх вечаровых дзён;

Ёсць думак прагавітае насенне,

У жменю назбіранае з дарог,

Што спелага чакае ўвасаблення,

Заліўшы хваляй жытняю аблог;

Ёсць сэрца маладое, без якога –

Без палкага, жывога пачуцця –

Няма ў яго нічога: ні аблога,

Ні плённых дум, ні самаго жыцця;

І ёсць адказнасць перад строгім вершам,

Перад яго пачаткам і канцом –

Каб баразну, радком пачаўшы першым,

У сноп звязаць шаснаццатым радком.

Г.

1. Вызначыць форму літаратурнага ўзаемадзеяння.

Рыгор Барадулін

                   ***

Певень першы раз прапяяў,

Змрок параніўся злосцю дзідаў.

Ты спрыяў праяве з праяў,

Ты свайго Каліноўскага выдаў.

І другі раз голас падаў

Певень,

Золаку моцы стала.

Утаропіўся лёс-удаў,

Не збярог ты свайго Купалу.

 

Пракрычаў певень трэці раз,

Забалела святлу на ўсходзе.

Голас твой нематой захрас,

Ты адрокся ад мовы, народзе.

Здзірванелі скрылі араллі,

Разагнуўся загнуты полаз.

Ці ўваскрэснеш духам калі,

Ці прыпомніш,

Які быў твой голас?

Вызначыць жанравую прыналежнасць твора.

Раскрыць змест.

Вацлаў Ластоўскі

 У ЧАС АБЛОГІ

На грудзе, акружаным глыбокаю вадой, я горад збудаваў. Замацаваў яго дубоваю сцяной, байніцамі, на зводах мост уздымны палажыў.

У клеці звёз усякага дабра, – калі б на грод лягла аблога...

І вояў здрадных, лжывых я разлічыў, каб з вернаю дружынай толькі дзяліць мой белы й чорны дзень...

І от нахлынуў вораг многі.

Ударыў я у звон трывожны.

Дзынеў патужна цяжкі спіж1...

Аднак на клік мой зоўны ніхто ка мне не паспяшыў:

У горадзе маім – такім мацоўным – адзін я быў!..

____________________________________

Спіж (польс.) – бронза

Назваць асаблівасці стылю пісьменніка.

Іван Пташнікаў

“ЭФКА”

“Эфку” знайшоў Пашка Жарскі ў кароўніку пад саломай пасля дубаўцаў.

Дубаўцы – партызаны брыгады Дубава, – выйшаўшы з блакады з Паліка, перайшлі праз раку Дзвінасу і сталі ў Замошшы: панабіваліся бітком у хаты і хлявы; на ферме занялі два пустыя з пачатку вайны доўгія кароўнікі пад лесам. Кароўнікі былі затолены жэрдзем і саломай, старой, даваеннай – уцеплены на зіму; салому, рассунуўшы жэрдзе ў адным і ў другім кароўніку, дубаўцы паскідалі на цвёрды, убіты яшчэ калгаснай скацінай дол, узгаілі і ляглі на яе аблогай на цэлы тыдзень. Змучаныя пасля прарыву, яны храплі на ўсю ферму, днём на гарачым чэрвеньскім сонцы пад чыстым сінім небам яны, падняўшы з-пад плота старое доўгае пашчапанае карыта, вычасанае з сасновага камля, з якога да вайны паілі скаціну і якое, лежачы высака пад плотам, не згніло, раздзяваліся дагала і мыліся, як у лазні. Мылі і адзежу, шэрую, жоўтую, бурую ад крыві, і сцялілі яе на дзядзінцы на дзірван – сушылі на сонцы.

Замошша было, лічы, пустое: ратуючыся ад немцаў, пайшло перад блакадай за Дзвінасу на Палік і цяпер пасля прарыву варочалася домоў па адным, па два чалавекі ў дзень – перасохлы ручай пасля навальніцы збіраўся па кропельцы, і было відаць, што не збярэцца…

Вызначыць жанравую форму твора.

Прааналізаваць змест.

Уладзімір Жылка

МЕЧ

Яго ў зямлі знайшоў маёй разлогай,

Аручы прадзедаў вузкі загон.

Вясёлым звонам аказаўся ён,

Калі чапіў канцом майго нарога.

Абцёр набожна йржу часу благога,

І заблішчаў старых стагоддзяў сон,

І надпіс на клінку, нібы закон, –

“Дарэшты бой!” – зірнуў загадам строга.

І вось няма нясмеласці, разваг.

Для сэрца вернага – чужынцам страх:

Радзімы схоў вартуйце, маткі, сёстры!

Я з грамадой іду па шчасце нам.

Мой меч зіхціць, непераможны, востры.

Змагуся сам – дык сотням перадам!

 1924 г.

 

1.Вызначыць жанравыя характарыстыкі віланэлы.

Рыгор Крушына

ВІЛЯНЭЛЬ

Цёплы сьпеў віялянчэлі,

Струнаў ціхі перазвон...

Ласкі-пешчы загучэлі.

Вобраз твой – у акварэлі.

Перадаў мне патэфон

Цёплы сьпеў віялянчэлі.

Гукі ў стройнасьці мякчэлі,

Віўся з альтам барытон –

Ласкі-пешчы загучэлі.

Мае вочы заблішчэлі,

Як пачуў я дзіўны звон,

Цёплы сьпеў віялянчэлі.

А ў душы маёй ярчэлі

І валошка, і рамон.

Ласкі-пешчы загучэлі.

Можа з гэтай вілянелі

Зьвяжа нас з табою кон –

Цёплы сьпеў віялянчэлі...

Ласкі-пешчы загучэлі.

 

1. Вызначыць жанравыя характарыстыкі газеля.

Рыгор Крушына

ГАЗЭЛЯ

Няўсьцішна-горача люблю цябе, мой край.

Твой голас з далечы лаўлю ў журбе, мой край.

Даўней ня ведаў я, што хараством

Мяне пачнеш ты вабіць да сябе, мой край.

Заклятым злом завязаны залом...

І маё сэрца памятку скубе: мой край!

Згарэла маладосьць, згарэў мой дом,

Але я захаваў жывым цябе, мой край.

Паміж чужых не буду чужаком.

Куды я ні зірну – крыніцай б’е мой край.

Хай адгукнецца роднае цішком:

На сьціплых васількох і на вярбе – мой край.

І кожнай цьвет-галінкай і лістком

Крушына мне прыгадвае ў жальбе мой край.

Яшчэ ў маленстве піў я з малаком

Тваёй пяшчоты мёд. Люблю цябе, мой край.

 


Дата добавления: 2018-05-13; просмотров: 634; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!