Парадыйная спадчына Г. Юрчанкі



 

Аб’ектам гумарыстычных і старырычных твораў Г. Юрчанкі становяцца не толькі адсутнасць значных грамадскіх думак, дробязнасць тэматыкі, надуманасць сюжэтных збудаванняў, неглыбокае пранікненне ў сутнасць жыццёвых працэсаў, але і галдкапіс, штампы, голая рыторыка, моўная эквілібрыстыка, рыфмагонства, цяплічнасць, безаблічнасць, бяскрыласць, другаснасць і інш. Адчуванне агульнага літаратурнага працэсу дазваляе парадысту свабодна пачуваць сябе пры парадзіраванні розных літаратурных жанраў. Парадыст умее закранць тыповыя з’явы, раскрыць іх сэнс, абагульніць. У гэтым яму садзейнічаюць назіральнасць, тонкае адчуванне аўтарскага стылю, дакладнае разуменне індывідуальнасці пісьменніка, уменне пранікнуць у творчую лабараторыю, высветліць псіхалогію творчага працэсу, уменне дасягнуць дзейснага камічнага эфекту. Таму адчуваецца, што за пародыяй стаіць кваліфікаваны майстар, мастак, улюбёны ў сваю справу - паэт-энтузіяст. У яго асобе ўдала спалучаюцца даследчык, пісьменнік і крытык. Парадыст валодае пачуццём гумару. І гумар гэты па-сяброўску шчыры і добразычлівы, хоць можа быць калючым і з’едлівым. Яго пародыі выклікаюць іронію, добры настрой, смех, што называецца да душы.

Даследчык Наркевіч А. Так гаворыць пра парадыяванне Юрчанкі: “Парадыст па-свойму адкрывае аўтара, падае буйным планам яго індывідуальна-творчы воблік і перадае асаблівасці стылю твора настолькі дакладна, трапна, што можна і не пазначаць, на каго напісана пародыя. Вось адзін з такіх урыўкаў: “Раскажу я вам, уюнашы, якія справы мы рабілі ў свой час, аж гула-дрыжала зямля ад спраў тых неспакойных, бунтарных ды геройскіх. Праўда, даўнавата гэта было. Час тады называўся царызмам, паганым царызмам, прападзі ты ропадам. Багатыя ў той час жылі багата, а бедныя - бедна". Хто чытаў М. Лынькова, адразу пазнае яго маладнякоўскую квяцістасць з інверсіямі і паўторамі, чыста лынькоўскі вобразны і рытмічны лад. Дакладна, з лагоднай усмешкай перададзены моўны каларыт [наркевіч;].

Дакладна схоплены і паэтычны тэмперамент П. Панчанкі ў пародыі “Па Пега-а-асах! ”. А каму незнаёма русакоўская песня “Бывайце здаровы! ”. Песня выдатная. І парадыст звярнуў увагу не на вонкавыя прыкметы, а на сутнасць - пэўную тэматычную аднастайнасць песень А. Русака. І зроблена гэта артыстычна, з тонкай мерай жарту і досціпу:

 

На грэблі дубовай

Дарога заўецца.

Мне сорак гадоў

Адно й тое ж пяецца.

 

Наогул, чым ярчэй творчая індывідуальнаць аўтара, тым дакладней гучыць і пародыя. Па-майстэрску нязмушаны і лагодны гумар у пародыях на В. Палтаран, М. Ткачова, С. Шушкевіча, А. Русецкага, Т. Бондар, Н. Мацяш. Парадыст пераўвасабляецца ў парадзіруемага, гаворыць за яго, ацэньвае стан рэчаў. Уменнем пераўвасабляцца Г. Юрчанка валодае бездакорна. Вось узор перадачы твора У. Мехава “Патаемнае” з залішнім захапленнем аўтара старой лексікай і прыёмамі пісьма таго часу: “Хто аз есм? - чалавек аз есм. Уладзімеж, отрак Няхамскіх, кліканы Мехаў. Барзо нязнатны, худародны. Аталі ж пацягнула грэшным дзелам на небывальшчыну - занятак дзівачлівы, справу нязнаную, - пісаць” Стрымунку не маю. Цалкам захвоціўся”.

У І. Пташнікава адчуваецца празмерная цяга да дэталізацыі з’яў, якая запавольвае развіццё сюжэта. Г. Юрчанка піша пародыю “Сняжня на павуцці", у якой дзве старонкі заняло паведамленне пра тое, як вераб’ю пашанцавала паласавацца павуком. Добразычлівую ўсмешку выклікае рамантычна-ўзнёслы настрой І. Грамовіча (“Воблакі над авечкамі”): “Воблакі і авечкі. Ці знайсці што больш цудоўнейшае? Дзе воблакі? Яны сабраліся на сінім-сінім полі і плывуць паціхусеньку. Хто іх кліча? Хто прымушае рухацца невядома адкуль, невядома куды і чаго!. Воблакі на небе. Авечкі на зямлі. Як гэта захапляльна! Гэта хвалюе, непакоіць, зварушліва аддаецца ў самых патаемных кутчках сэрца... ”. З жартоўнай усмешкай прагучалі пародыі на С. Законнікава, Г. Пашкова, І. Сіпакова, Х. Лялько.

Удала перададзена аўтарам сентыментальная туга па юнацкіх прыгодах М. Ракітнага (“Гарадскі сялянчык”), напаўдзіцячыя мроі-ўспаміны А. Васілевіч (“Каханне”), бытавая гаворка са стылізацыяй пад народнасць М. Лобана (“Ілья Шэмет”), студэнцкі энтузіязм І. Навуменкі (“Бульбе не дано загінуць”). У творчасці А. Бажко парадыст заўважыў сюжэтную ўскладненасць (“Моцны вузел”), а ў другім месцы філасофскае “адкрыццё”: “На кожным дрэве пад лісцем - сукі..." і іранічна развіў “знаходку" паэта:

Ішлі гады, праходзілі вякі,

Але, бясспрэчна, першым я прыкмеціў:

На кожным дрэве пад лісцём - сукі

І птушкі спорна гнёзды ўюць у вецці.

 

Уяўная глабакадумнасць крытыкуецца таксама ў пародыях “На дровы", “Покліч", “Наперад” і інш. Часам у паэзіі сустракаецца надуманы пафас, што таксама не праходзіць незаўважаным: пародыі “Ода пра чыгунок", “Трымай". Ёсць пародыі, накіраваныя супраць прымітывізму: “Вясна”, “Каханне і крупнік”, “Слёзы радасці". Супроць аблегчанага, павярхоўнага падыходу да жыцця скіраваны пародыі “Болей святаў”, “У фінале суму".

Арыгінальна падмечана імкненне адклікацца на розныя кампаніі, заклікі ўладных структур, пра што сведчыць пародыя “Поўная гатоўнасць” М. Калачынскага:

Я слаўлю выкасы, папасы

І пульхнай глебы харашбу.

Я ганю брыцу і макрыцу,

Пырэц, свірэпу і асот.

 

Адклікнуўся парадыст на захапленне тэхніцызмамі ў паэзіі і прозе, лішкам навуковых, спецыяльных тэрмінаў. Герой пародыі “Паўнакроўнасць" “яшчэ на мінулым тыдні вызначыў памеры зазораў у рубашцы цыліндра і ступень ціску на педаль тормаза пры асінхронным гідрапрыводзе".

Не заўсёды належнай якасці прыгодніцкія творы, і ў пародыі на У. Шыціка “На ўлонні сусвету" парадыст піша пра прыгоды піфпафлётаўцаў на планеце Сымонаўка, на якой яны апынуліся з дапамогай аўтамотаэлектроналёта з пазасветлавой хуткасцю і на якой гераіня “з натугай паклала на плячо лом і стомлена пайшла да кар’ера”. Дэтэктыўная тэма распрацавана ў пародыях на творы П. Кавалёва, А. Капусціна, А. Шышкова.

Сустракаецца легкаважнасць, павярхоўнасць у песенных тэкстах, пра што засведчана ў пародыях на тэксты А. Дзеружынскага, У. Карызны.

Маладыя калі-некалі перабіраюць меру ў апісанні маленства і ледзь не пішуць мемуары пра ўчарашні дзень. Г. Юрчанка гэта тонка адлюстраваў у пародыі “З мемуараў некаторых маладых паэтаў". Здараецца, што не заўсёдыўдаецца мемуарнасць і сталым майстрам (пародыі “Незабыўнае", “Усё ў мінулым”).

Як памятаецца, існуе такое правіла: для дзяце трэба пісаць так, як і для дарослых, толькі яшчэ лепш. Тым не менш, творы для дзяцей нярэдка неглыбокія па задуме, спрошчаныя, з іх востра вытыркае павучальнасць. Парадыст крытыкуе просталінейнасць, знешнюю займальнасць (пародыі “Вянок і вершы", “Выкрыццё”). Супраць сюсюкання скіравана пародыя “Калыханачка". Звышмера ў памяншальна-ласкальнай лексіцы стварае смешную калізію.

Аддаючы належнае таленту, вопыту, моўнаму слыху Я. Скрыгана, парадыст выступае супраць яго некаторых улюбёных форм, якія трапна, праўда, у іншай сітуацыі, назваў скрыганізмамі, супроць падкованы, адукованы, бракованы, апрацованы, усталёванасць. Над захапленнямі дыялектнай лексікай паэт падсмейваецца ў пародыях “Бабкавічы", “Па дарозе ў Стараградак", “Бабровыя ловы".

Аддаючы перавагу памяркоўнаму гумару, парадыст можа быць і з’едліва-вострым, бязлітасна едкім.

Перападае ад яго сябрам па сатырычным цэху. Неяк здрабнела ў апошні час байка. Прытупілася яе вастрыня, адчуваецца коўзанне па паверхні. І з-пад пяра Г. Юрчанк з’явілася байка “Кузьма і штаны". Гэта ўзор антыбайкі, узор, якой байка не мае права быць. Ужо загаловак насцярожвае. І сапраўды, пародыя паведамляе, як праз ранішнюю мітрэнгу “Кузьма Кузьміч, памначканторы" пайшоў на слжбу без штаноў. Сапраўды, якая патрэба пісаць байку да наступнай высновы:

Мараль? Калі выходзіш з хаты,

Не забывай надзець штаны.

 

У гумарытсычным плане паказваюцца выдаткі крытычнай прадукцыі - акадэмізм, завучоненасць, доўгія разважанні, славесная эквілібрыстыка. Лёгкай усмешкай суправаджаецца захапленне А. Клышкі “белым” вершам, падмечана шматслоўе Д. Бугаёва. Часам парадыст “прымушае" крытыкаў аналізаваць уласныя мастацкія творы (пародыі на М. Барсток, І. Ралько, У. Юрэвіча).

З пародый Г. Юрчанкі вдаць яго дасведчанасць, глыбокая праніклівасць у сутнасць з’яў, уменне дапоўніць творы пісьменніка шматлікімі дэталямі. Так, пералік прадметаў традыцыйнай сялянскай хаты ў пародыі “Вярні-і-ся-а-а!" варты ведаў добра падрыхтаванага этнографа: начоўкі, лазабка, кубел, вушат, цэбар, ступа, грэбень, матавіла, набілкі, бёрда, дзежка, вечка, клёпкі.

Г. Юрчанка напісаў шэраг трапных эпіграм. Лаканічна і дакладна даецца ў іх ацэнка пісьменнікаў, яго творчасці ці літаратурным з’явам. Арыгінальныя мініяцюры на літаратурныя тэмы “Узор байкі", “Узор рэцэнзіі", “Сааўтарам", “Белы верш і папера”.

Парадыст актыўна працуе над словам. Ён нястомны збіральнік моўных самацветаў роднай гаворкі. Гэты прафесійны занятак мовай дапамагае ў працы над пародыямі, дапамагае знайсці самыя тонкія адценні слова. Таму такі шырокі моўны дыяпазон у яго пародыях - мова і вясковай бабулькі, і сталага інтэлігента, і прафесіянала-тэхнара, і вытанчаная паэтычная, і літаратуразнаўчая. Бездакорная моўная чуйнасць дапамагае яму заўважыць недакладна выказаную думку, няўдала ўжытае слова. Нямала рассыпана ў яго пародыях трапных моўных знаходак. Агульнавядомы фразеалагізм махнуць рукой. А пад пяром Г. Юрчанкі коні “на працу махнулі хвастамі". Паэт у яго ходзіць на словапаляванне.

Жанр пародыі, побач са зборам народнай лексікі стаў асноўным заняткам літаратара Г. Юрчанкі. Высокая культура яго творчасці. Ён не пабочны назіральнік, усюды адчуваюцца яго адносіны да напісанага. І яшчэ варта адзначыць яго бескампраміснасць. Пісьменнік не зважае на тытулы, званні, пасады, сяброўства.

Пародыя - жанр ёмісты і зручны. Крытык А. Яскевіч, заклікаючы не баяцца яе насмешлівага вока, пісаў, што парадыст “спрыяе, падказвае часам там, дзе не падкажа сябар, змоўчыць крытык, употай парадуецца зласлівец". Многія адзначылі, што Г. Юрчанка нярэдка пераўзыходзіць арыгіналы, піша лепш, чым парадзіруемыя аўтары. Пародыям яго ўласцівы лаканізм, афарыстычнасць, уменне ў час у патрэбным месцы паставіць кропку. Ён лічыць, што нельга парадзіраваць адзін верш, тым больш страфу ці радок. Трэба імкнуцца ахапіць усю творчасць ці, прынамсі, яе значную частку памерам не меншым за кніжку. А эпіграф у вершаваных пародыях - гэта даніна традыцыі.

З творчасцю Г. Юрчанкі пародыя набыла ў беларускай літаратуры поўныя правы грамадзянства. А гэта немалое дасягненне. Пародыя на танкаўскі белы верш стала, што называецца, хрэстаматыйнай, увайшла ў даведнікі па тэорыі літаратуры. Ва ўсёй працы парадыста заўважаецца неабыякавасць, актыўнае ўмяшанне ў літаратурны працэс. Ён піша не дзеля смеху, а з больш сур’ёзным прыцэлам: каб дапамагчы аўтару пазбавіцца тых ці іншых хібаў. Парадыст сам вызначыў мэту свайго ўдзелу ў літаратурным жыцці:

Каб у будучым літплехаў

На літніве менш было,

Я прайшоў па літагрэхах

Па-сяброўску з літмятлой.


Заключэнне

 

Прааналізаваўшы літаратуразнаўчую і крытычную інфармацыю, што існуе ў сучаснай літаратуры, а таксама разгледзеўшы працы мастакоў слова ў галіне парадыйнага жанру, можна прыйсці да наступных высноў:

З пункту погляду вызначэння месца сатырычных твораў у сістэме родаў і відаў літаратуры, сатыра і гумар уключаюцца ў мастацкі твор як пафас і уплываюць на від жанру, на яго асаблівасці. Кожны з родаў літаратуры мае сатырычныя, гумарыстычныя, сатырыка-гумарыстычныя жанры.

Парадыяванне як адзін са спосабаў сатырычнай тыпізацы мае ў нашай літаратуры сталую традыцыю. Яго зараджэнне звязана з перыядам барока, а ідэйна-тэматычнае і жанрава-стылёвае ўзбагачэнне пародыі паспяхова адбывалася ў ХІХ - ХХ стагоддзях. Асабліва папулярнымі сталі парадыйныя творы ў другой палове ХХ стагоддзя. Яны ў значнай ступені вызначаюць творочую індывідуальнасць Ніла Гілевіча, Георгія Юрчанкі, Рыгора Барадуліна, Міхася Скоблы і іншых.

Асаблівасцю беларускай эпіграмы стала тое, што развівалася яна значна пазней за еўрапейскую і рускую і ў адрозненні ад іх брала свій пачатак з вуснай народнай творчасці. У галіне эпіграмы плённа працавалі такія мастакі слова як Анатоль Вялюгін, Рыгор Барадулін, Максім Лужанін, Ніл Гілевіч і інш.

Сваю творчую дзейнасць цалкам прысвяціў пародыі Г. Юрчанка. Пародыям яго ўласцівы лаканізм, афарыстычнасць, уменне ў час у патрэбным месцы паставіць кропку. Ён лічыць, што нельга парадзіраваць адзін верш, тым больш страфу ці радок. Трэба імкнуцца ахапіць усю творчасць ці, прынамсі, яе значную частку памерам не меншым за кніжку. Акрамя таго, многія даследчыкі заўважаюць, што часам пародыі Г. Юрчанкі аказваюцца больш таленавітымі, чым арыгіналы.


Спіс літаратуры

 

1. Арочка М. Паэзія сатырычнага складу // М. Арочка, Полымя. - 1969. - №5. - с. 209 - 217.

2. Багрова Д. Беларуская сатырычная літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны // Полымя. - 1956. - №9. - С.128 - 137.

3. Вашко П. Аповед пра Сатуры, альбо адкуль да нас прыйшла сатыра // П. Вашко, Роднае слова. - 1996. - №3. - С.43.

4. Вашко П. “Жартаўлівая сатыра або што такое гумар…”. Тэорыя сатыры і гумару // П. Вашко, Роднае слова. - 1996. - №10. - С.42 - 47.

5. Гілевіч Н. Смех злосны, добры і …ніякі. Думкі аб сучасным стане сатыры і гумару. - У кн.: Вобразы. Літ. - крыт. артыкулы. - Мн.: Мастацкая літаратура, - 1980. - С.74 - 84.

6. Даніліна І.Л. Прыметы, віды і роды камічнага як мастацкая з’ява // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. - 2008. - №1. - С.109 - 112.

7. Запольская Т. Слова пра беларускую пародыю // Беларускі час. - 2001. - 1 чэрвеня. - С.5.

8. Зянько А.І. Сатырычны аркан на злабадзённыя праблемы свайго часу. Дакастрычніцкія апавяданні Якуба Коласа // Бел. литература и мировой литературный процесс. - Полоцк. - 2007. - С.166.

9. Літвінава Ю. Сатыра і гумар у паэзіі Уладзіміра Караткевіча // Роднае слова. - 2006. - №12. - С.18-20.

10. Наркевіч А. Зайздросны талент пераймальніка (літаратурная пародыя як жанр мастацкай творчасці) // ЛіМ. - 1996. - 7 чэрвеня. - №23. - С.6-7.

11. Падстаўленка В. Крывое люстэрка трагедыі: тэндэнцыі развіцця беларускай сатырычнай прозы 1920-1930-х гадах // В Падстаўленка, Роднае слова. - 2005. - №2, - С.10 - 12.

12. Сатырычныя творы новай беларускай літаратуры ў сістэме родаў і відаў // М.І. Яніцкі. - Брэст, БрДУ. - 2005. - С.93-97.

13. Ткачова П. Сатыра і гумар у сістэме родаў, жанраў, відаў літаратуры // Роднае слова. - 1998. - №7. - С.23-28.

14. Усікаў Я. Маштабнасць сатырычных характараў. У кн.: Усікаў Я. Грамадзянскае сумленне мастака. - Мн.: “Маст. літ”, - 1976. - С.241 - 259.

15. Фролов В. Очистительное пламя сатиры: Советская сатирическая комедия: заметки и размышления о жанре // Неман, - 1977, - №6, - С.166 - 179.

16. Шчэрба С. Парадыяванне як спосаб сатырычнай тыпізацыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя // Роднае слова, - 2002, - №10, - С.18-20.

17. Шчэрба С.М. Станаўленне сатырычнай плыні ў беларускай літаратуры ў кантэксце суседніх славянскай культуры. - У кн.: Праблемы сучаснай беларусікі, - Брэст, - 1999. - С.30-32.

18. Шчэрба С.М. Вершаваная сатыра // Матэрыялы навуковай канферэнцыі. Сучасныя праблемы беларусістыкі. - Брэсцкі Дзяржаўны ун-т. - 2000. - С.63 - 66.

19. Яніцкі М. Малыя формы сатырычнай паэзіі ў польскамоўнай плыні новай беларускай літаратуры // Матэрыялы навуковай канферэнцыі. Сучасныя праблемы беларусістыкі. - Брэсцкі Дзяржаўны ун-т. - 2000. - С.79 - 82.


Дата добавления: 2019-07-15; просмотров: 186; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!