Асаблвасці развіцця эпіграмы як літаратурнага жанру



Век у эпіграмы не такі малы. Перш чым стаць літаратурным жанрам, яна мусіла прайсці вялікі гістарычны шлях, каб сцвердзіцца ў той якасці, якую мы мае сёння. Узнікла эпіграма ў Старажытнай Грэцыі прыблізна дзве тысячы васемсот гадоў таму назад. У перакладзе з грэчаскай мовы слова “эпіграма" азначае “надпіс”. Яна ўзнікла як надпіс (дарункавы ці хвалебны) на трынозе, шчыце, глінянай вазе. Яе паслядоўніцай пасля сталася эпітафія: надпіс на магільным камені. Праца разьбяра на цвёрдым матэрыяле патрабавала і кароткага, лаканічнага тэксту ўвасаблення. І той, хто браўся прыдумваць надпіс, вядома ж, гэта ўлічваў. Паколькі надпіс часцей за ўсё сведчыў толькі сам факт жыццёвага існавання і адыходу з жыцця, то ён быў сціслым і інфармацыйным. Але паступова сцісласць пачала пераходзіць у радкі, якія маглі быць сагрэты і пачуццём любові, добрым чалавечым шкадаваннем, нават досціпам. Гэта дазволіла эпіграме пазней з мемарыяльнага функцыянавання перайсці ў самастойны жанр літаратуры.

Эпіграма паступова багацее новым зместам. Факт саступае месца філасофскаму роздуму над існасцю чалавечага жыцця. Паэт ужо меў магчымасць выказаць сваю адзіную думку як мага арыгінальней, ён імкнуўся надаць асаблівае значэнне канцоўцы. У эпіграме павінна была абавязкова быць нечаканая развязка, соль самой эпіграмы ці па латыні - клаўзула. З цягам часу сам жанр набывае сатырычны адценак, элементы жартоўнага. Добры ўзлёт эпіграма атрымала дзякуючы геніяльнаму Марцыалу.

Трэба, аднак, адзначыць, што шлях эпіграмы не быў гладкім і роўным. Былі ў яе і ўзлёты, і падзенні. Так, з развіццём хрысціянства, з узнікненнем цэркваў і манастыроў “слова божае" пацясніла сатырычную эпіграму і зусім пазбавіла яе існавання.

Другое жыццё эпіграма атрымала дзякуючы пісьменнікам еўрапейскага Адраджэння. Што да беларускай эпіграмы, то яна, як і руская, узнікла значна пазней. Але глеба для яе ўзнікнення была самая выдатная - яе падрыхтаваў сам фальклор.

У народнай прыпеўцы, жарце было заўсёды тое, што і сёння ўласціва эпіграме як літаратурнаму жанру. Гэта - і лаканічнасць, і вастрыня, і дасціпная ўсмешка, а то і падтэкст, які потым атрымаў шырокае распаўсюджванне і ў лірычным жанры.

Наш народ заўсёды славіўся нечаканым вострым словам на самы розны выпадак. Тут варта прывесці толькі некалькі прыкладаў: “Уцёк я тады, каб не ўцёк, то даў бы ім дыху"; “На адно вока глухаваты, на адно вуха слепаваты”; “Гаворыць як у торбу кладзе".

Першы літаратурны вопыт рускай эпіграмы знаходзім у нашага земляка Сімяона Полацкага, запрошанага царом Аляксеем Міхайлавічам на жыхаства ў Маскву. А ўласна беларускія вострыя сатырычныя матывы з элементамі эпіграмічнага прасочваем у ананімнай паэме “Тарас на Парнасе". Але паўнакроўнае літаратурнае жыццё беларускай эпіграмы пачынаецца ад Купалы, Коласа, Багдановіча.

Варта зазначыць, што ў развіцці беларускай эпіграмы заўсёды існавала пэўная стыхійнасць. А адценні яна заўсёды мела і палітычныя, і бытавыя, як таго вымагалі і момант, і жыццё. Сённяшняя эпіграма часта нараджаецца як ржакцыя на нейкі твор, з’яву або недахоп у літаратурным працэсе, як шарж, часта сяброўскі, на самога творцу. А часцей яна ўзнікае як экспромт у нейкім застоллі, у добрай сябрыне ці ў дарозе.

Як не дзіўна, да эпіграм часта звярталіся не толькі слынныя паэты. Вершаванымі жартамі-экспромтамі сыпалі і многія іншыя нашыя славутасці. Вядома, што багата эпіграм трымаюць у сваёй памяці сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, вучоны Ромаш Лядаховіч-Тамілін. Пісалі эпіграмы і празаікі. Многія з нашых паэтаў маглі б пацягнуць на цэлыя зборнікі гэтага жанру. Тут маюцца на ўвазе Рыгор Барадулін, Максім Лужанін, Ніл Гілевіч.

Добрая кніга эпіграм ёсць у літаратурнай спадчыне таленавітага Анатоля Вялюгіна. І яна чакае свайго часу. Таму невыпадкова ўжо даўно выспявала думка аб выданні анталагічнага зборніка беларускай эпіграмы. У іншых краінах такія выданні ўжо даўно прыйшлі да свайго чытача.

У зборнік беларускіх літаратурных эпіграм, які быў выдадзены яшчэ ў 30-я гг. ХХ стагоддзя была ўключана, напрыклад, такая эпіграма Цішкі Гартнага на Міхася Чарота:

 

Скажы, Марына, сваё слова,

Паведай нам, бо знаць ахвота, -

Ці жджэш яшчэ ты песні новай

І стрэчы новай ад Чарота?

 

У сучасным зборніку беларускіх эпіграм аўтарамі ўключаныя вядомыя ў шырокіх літаратурных колах эпіграмы, а таксама тыя, што з’явіліся толькі нядаўна на старонках нашага друку. У асобныя раздзелы ў згаданым зборніку вылучана і ўсё тое лепшае з народнага досціпу, што мае эпіграмічны характар.

Такім чынам, у нашым сённяшнім, часта неўладкаваным жыцці, матэрыялу для эпіграмы больш чым дастаткова. Таму, можна пажадаць паспяховага развіцця гэтаму літаратурнаму жанру.


Глава ІІ. Пародыя і эпіграма ў беларускай літаратуры

2.1 Працэс станаўлення і развіцця жанру пародыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя

 

На пачатку ХХ стагоддзя парадыяванне як спосаб сатырычнай тыпізацыі вявілася не толькі ў паэзіі, але і ў прозе. Прыкладам вострай празаічнай пародыі, дзе перададзены водгукі тагачаснай дыскусіі па нацыянальна-палітычных і літаратурных пытаннях паміж прадстаўнікамі прагрэсіўнага і рэакцыйнага чарнасоценнага друку, з’яўляецца апавяданне Ядвігіна Ш. “Пратэст". Напісана яно ў форме адкрытага ліста ў рэдакцыю “Нашай нівы” ад імя вясковых сабак Лыскі, Разбою і Жука. Сабакі выказваюць пратэст супраць таго, што нібыта ў названай газеце часта ўпамінаецца слова “брахня" ў дачыненні да рэакцыйных пісьменнікаў, якія распаўсюджваюць выдумкі і “лгарства" за грошы. Яны не могуць пагадзіцца з гэтым, на іх думку, брэшуць толькі сабакі. Далей аўтары ліста агаворваюцца, што і сярод сабак бываюць правакатары і ляпайлы, але з імі брахуны нічога агульнага не маюць і, у адрозненні ад людзей, з такімі не вітаюцца і грошы такім не плацяць.

Станаўленне парадыявання як спосабу сатырычнай тыпізацыі адбывалася ў ХХ стагоддзі на аснове абвостранага ўспрымання рэчаіснасі, новага сэнсавага напаўнення традыцыйных жанравых формаў, адваротнага тлумачэння асноўнай ідэйнай думкі арыгіналаў. Так, у вершы Якуба Коласа “Малебен” форма малебну напаўняецца іншым сэнсам і зместам. Замест таго, каб услаўляць цара, маліцца за яго здароўе, як патрабуе жанр, сатырык свядома знізіў яго вобраз. Знарок ужываючы простанародную лексіку, паэт дэгераізаваў цара, панізіў “божага памазаніка” да ўзроўню звычайнага чалавека, які робіць не надта прыстойныя рэчы. Асаблівага камічнага эфекту дасягну аўтар дякуючы трапным параўнанням:


Ці ж цар нам патрэбен?

Патрэбен ён, братцы,

Як прус у аладцы,

Як у мосце дзірка,

Як з гразі зацірка,

Як скула балячцы.

 

Якуб Колас высмеяў самадзержца, у карыкатурным плане паказаў яго “высокую дзейнасць”, у першую чаргу яго знешнюю палітыку, вайну з Японіяй. У канцы верша аўтар фамільярна назваў цара другім і апошнім Міколам, падкрэсліваючы сваю пагарду да яго:

Пануй, Мікалае,

Часіна такая,

Трымайся прастола,

А будзе вас гола.

Закончан малебен,

Ты нам не патрэбен,

Другі і апошні Мікола!

 

Верш Янкі Купалы “Ісцінна чорнае трыо” напісаны ў форме размовы Дубровіна, Пурышкевіч і Іліядора, вядомых лідэраў чарнасоценнага руху. Форму іх гутаркі аўтар наўмысна напоўніў такім зместам, каб высмеяць таго, хто заўзята праводзіў палітыку вялікадзяржаўнага шавінізму. Так, Дубровін, звяртаючыся да Пурышкевіча, прамаўляе:

Сып, калега, сып “вовсю”!

Цяпер наша жніва, -

Збунтаваную зямлю

Як стой ашчаслівім.

Пад свой чорны ўчэрнім хрэст

Права і законы,

Наш цяпер кірмаш і фэст,

Баль у нас “чырвоны".

 

Асаблівага росквіту літаратурная пародыя дасягнула ў 1920-я гады, калі ў паэзію прыйшлі Кандрат Крапіва, Паўлк Трус, Андрэй Александровіч [1; С.213].

У парадыйных творах Кандрат Крапіва звяртаўся да літаратурнага жыцця. Так, у вершы “Нібы сатыра на нібы паэму “Гвалт над формай” Міхася Грамыкі, які імкнуўся для новага зместу вынайсці і новую форму, адмаўляючыся ад рэалістычных традыцый літаратуры. Такі літаратурны занятак быў тады модным сярод значнай часткі маладых паэтаў.К. Крапіва высмеяў бессэнсоўную фарматворчасць, фальшывае разуменне сутнасці наватарства:

І без ліку. І без нормы

Лье Грамыка свае формы...

Скінуў порткі й апранаху:

Кій схапіў ды - бух! З размаху:

“Завастрыў” свой востры “меч”

І пачаў ім “формы” сеч.

 

Пазней, на жаль, пародыя стала сродкам барацьбы супраць многіх пісменнікаў і паэтаў, абвінавачаных у нацыянальным дэмакратызме.

Найбольшага росквіту парадыяванне як спосаб сатырычнай тыпізацыі дасягнула ў 1960-я гг., калі факты літаратуры сталі ўзводзіцца ў ступень грамадскіх з’яў. А росквіт пародыі адбываецца ў перыяды росквіту літаратуры, яе стылістычнага асвяжэння, прытоку новых сілаў. Названы перыяд адзначаны прыходам у літаратуру маладых пісьменнікаў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Георгія Юрчанкі і іншых. Развіццю парадыявання таксама садзейнічала нармалізацыя становішча мастацкай крытыкі, развіццё яе разнастайных жанраў.

Расейскі даследчык А. Марозаў вылучыў тры віды літаратурнай пародыі:

Гумарыстычная, ці жартоўная, пародыя, якая адрозніваецца аслабленай накіраванасцю ў адносінах да другога плана, што збліжае яе з камічнай стылізацый і якая займае нейтральную пазіцыю ў адносінах да свайго арыгінала, не імкнучыся яго дэскрэдытаваць;

Сатырычная пародыя, якая вылучаецца дакладнай накіраванасцю супраць прадыяванага аб’екта і займае рэзка крытычную пазіцыю ў адносінах да свайго арыгінала;

Парадыйнае выкарыстанне, якое змяняе сваю накіраванасць і мае пазалітаратурныя мэты.

У літаратараў-шасцідзесятнікаў найбольш пашырана гумарыстычная пародыя і парадыйнае выкарстанне. Напрыклад, у вершы “Кантора” Ніла Гілевіча раскрыццё характараў аналагічнае развіццю падзей у народнай казцы “Дзедава рукавічка". Прадмет сатырычнага высмейвання - амаральнае асяроддзе штату адной канторы. Аўтар адштурхнуўся ад фабулы казкі і стварыў новых герояў: Патап - вялікі хап, Аўдзей - Скубі з людзей, Мікола - круці кола, Мікіта - шыта-крыта, Параска - калі ласка, Абросім - Колькі просім, Міхалка - Папіхалка. Мянушкі герояў выразна вытлумачваюць сутнасць кожнага з іх. Аб’ект парадыявання, зразумела, не народная казка, а менавіта рэчаіснасць, амаральнасць герояў, якая складае норму іх жыцця. У гэтым выпадку мае месца парадыйнае выкарыстанне, таму што аўтар ні ў якай меры не закрануў у сатырычных мэтах самой мастацкай сістэме выкарыстанага твора.

Аналагічны прыём уласцівы і вершам Н. Гілевіча, напісаным у форме замоў: “Замова ад падхалімства", “Замова п’яніцы", “Замова ад тупасці", “Замова ад хабарніцтва". Аб’ект высмейвання ў іх - ганебныя з’явы рэчаснасці. Выкарыстоўваючы стылістычныя прыёмы народнай вершатворчасці, характэрныя для фальклору, аўтар паказаў пэўную адмоўную з’яву знутры, выявіў грамадзянскю сумленнасць і бескампраміснасць сваёй пазіцыі. Так, у замове ад падхалімства” сатырычны вобраз падхаліма створаны пры дапамозе камічнай стылізацыі малітвы і пералічэння забароненых дзеянняў:

Першым разам,

Добрым часам!

Зара-зараніца,

Ранішняя і вячэрняя,

Памажы, царыца,

Чалавеку нікчэмнаму.

Хоць не божы ён - ды раб,

Хоць здароўем не аслаб,

Не ломіць паясніца

І не баляць вантробы, -

Ратуй яго, царыца,

Ад нелюдскай хваробы:

Каб не лізаў так часта

Ён роднаму начальству

Ні наскі, ні пяткі,

Ні ля пупа складкі,

Ні хрыбтовай косці,

Ні сярэдняй часці,

Ні спераду забягаючы,

Ні збоку заглядаючы,

Ні ззаду даганяючы,

Ні знізу падпаўзаючы!

Хай адчуе, што ён чалавек

Ныне і прысна,

І навек!

 

Гумарыстычныя пародыі выяўляюць слабасці аргінала, але не адмаўляюць яго. У іх ёсць крытыка, але крытыка добразычлівая. Так, у пародыі “Незацугляны бег" Банадыся Кастрыцы падкрэсліваееца залішняя “залітаратурнасць" стылю верша “Конь незацугляны" Генадзя Бураўкіна:

Мне б с людзьмі пагаманіць

І навокал глянуць, -

Ды, як той віхор, імчыць

Конь незацугляны.

 

У сучаснай літаратуры пашыраны сатырычныя пародыі, прыкладам якіх з’яўляецца верш “Я за грыбы" Рыгора Барадуліна, напісаны ў форме прамовы ўпаўнаважанага па нарыхтоўцы транспарціроўцы грыбоў. Удала выкарыстоўваючы афіцыйна-справавы стыль прамовы, канцылярызмы, штампы, аўтар вымейвае такія з’явы, як дэмагогія і бюракратызм. Канцылярскі шаблон у творы Рыгора Барадуліна суседнічае з высокім стылем, што стварае камічную сітуацыю.

Такім чынам, парадыяванне як адзін са спосабаў сатырычнай тыпізацы мае ў нашай літаратуры сталую традыцыю. Яго зараджэнне звязана з перыядам барока, а ідэйна-тэматычнае і жанрава-стылёвае ўзбагачэнне пародыі паспяхова адбывалася ў ХІХ - ХХ стагоддзях. Асабліва папулярнымі сталі парадыйныя творы ў другой палове ХХ стагоддзя. Яны ў значнай ступені вызначаюць творочую індывідуаьнасць Ніла Гілевіча, Георгія Юрчанкі, Рыгора Барадуліна, Міхася Скоблы і іншых.


Дата добавления: 2019-07-15; просмотров: 125; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!