ОПРЕДЕЛЕНИЕ СОЦИАЛЬНОЙ РОЛИ, ЗАКОНОМЕРНОСТЕЙ ФУНКЦИОНИРОВАНИЯ ЯЗЫКОВ, ЛИТЕРАТУР, ФОЛЬКЛОРА БЕЛАРУСИ В КОНТЕКСТЕ РАЗВИТИЯ ЕВРОПЕЙСКОЙ И МИРОВОЙ КУЛЬТУР



 

Прасторава-часавы кантынуум у сучаснай філасофскай лірыцы

Бараноўскі А.А.,

студэнт 5 курса УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, г. Гомель, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Брадзіхіна А.В.,канд. філал. навук, дацэнт

 

Усе культуры свету ставілі ў першапачатковую заслугу сваім багам, культурным героям менавіта арганізацыю жыцця, ператварэнне хаосу ў космас, упарадкаванасць, якая найперш праступае праз катэгорыі часу і прасторы. Мэта дадзенага артыкула – высвятленне заканамернайсцей рэалізацыі хранатопу ў творчасці сучасных беларускіх паэтаў-філосафаў. Метады даследавання: структурна-аналітычны, герменеўтычны.

Аналіз часу ў фізіцы спарадзіў, прынамсі, тры мадэлі. Першая мадэль разглядае яго адначасова і як меру, і як вымераную колькасць. Такі погляд на час ляжыць у аснове ньютанаўскай механікі. У другой мадэлі аналізуюцца накіраваныя працэсы і падзеі, адлюстраваныя ў законах тэрмадынамікі ці ў тэорыі дысіпатыўных структур. Квантавая тэорыя прапануе трэцюю мадэль фізічнага часу, лічачы апошнюю рэальнасць фундаментальна часовай. Сучасныя паэты-філосафы таксама не ўспрымаюць акаляючую рэальнасць вечнай, але разам з тым не разглядаюць яе і як адзіна магчымую.

Адной з асаблівасцей мастацкай свядомасці А. Разанава з’яўляецца хісткасць, няўлоўнасць мяжы, якую праводзіць паэт паміж мінулым і сучаснасцю, паміж мёртвым і жывым: «З левага боку – поле, і з правага – / поле, а проста – мяжа: / на ёй божыя слёзкі, на ёй свінец, / і бацька, панурыўшы галаву, стаіць / на мяжы з касою» [1, с. 244]. Відавочная падкрэсленая ўвага паэта да рэчыўнасці ў спалучэнні з дэфармацыяй хранатопу мастацкай рэальнасці. Гэта назіраецца не толькі ў жанрах вершаказаў і квантэм, але і версэтаў. Рэчы, што па словах паэта, «апошняе цела людзей, якое жыве найдаўжэй» [1, с. 254], ствараюць адметную свет-прастору, якая, гэтаксама як і чалавечая, існуе па сваіх законах: «Гліна – «мгліна»: яна спіць у імглістай глыбіні і / сніць свае запаветныя «мглівасці» [2, с. 3].

У межах паэзіі І. Бабкова можна гаварыць пра паняцце мультыверсуму – светабудовы, якая разглядаецца як сістэма паралельна існуючых рэальнасцей (светаў), што адлюстроўвае шматстайнасць варыянтаў усіх падзей, якія ў іх адбываюцца. Аўтар спрабуе разабрацца, што ёсць жыццё. Адказ знаходзім ў адным з вершаў: «Жыццё – сон» [3, с. 85]. Паэт стварае прастору, дзе супрацьлегласці не варагуюць: ёсць пекла і рай, жыццё і смерць, ноч і дзень, ёсць людзі, якія падпарадкоўваюцца законам іншасвету. Яны лічаць сябе яго ўладарамі, а па сутнасці, з’яўляюцца ўсяго толькі «марыянеткамі» ў руках лёсу: “Смерць, азірнуўшыся, фігуркі рассыпала ў пыл / Часе мой прагны, ці бачыш / Крывёй набрынялыя, сляпыя твае сляды / Смяесся, плачыш?! [3, с. 37].

Для паэзіі А. Аркуша тыповымі становіцца вобразы аўтаномнай прасторы і пустэльніка. Герой марыць «пра сваю замкнёную прастору» [4, с. 14], якая, дарэчы, не абавязкова супадае з канкрэтным месцам ці памяшканнем. У аднайменным вершы паэта яна роўная восені – часу, калі герой адчувае сябе максімальна камфортна. Але «йдзе час / і чым менш застаецца ў восені дзён / тым больш цьмянеюць шклінкі-лісце / …і ты зноў пачынаеш марыць / пра жоўта-чырвоны вітраж / пра сваю замкнёную прастору» [4, с. 14]. Іншымі словамі, катэгорыі прасторы і часу ў лірыцы А. Аркуша могуць узаемаўзбагачацца характарыстыкамі-каардынатамі. У працытаваным вершы, як бачым, першая надзяляецца тэмпаральнымі атрыбутамі.

Сон-мара як адмысловая прастора характэрны і лірыцы Г. Дубянецкай. Ён выступае пераходнай з’явай, у аснову якой пакладзены звышматэрыяльныя характарыстыкі «іншасвету» і фізічныя характарыстыкі ўласна быцця: «і памкнешся кудысці / і зноўку закружаць блуканні / і ніводны ніколі / дарэшты не спраўдзіцца сон» [5, с. 33]. Але анейрасфера не адзіная прастора ў паэзіі аўтаркі, ёсць і іншыя – вера-зняверанасць, каханне-нялюбасць: «…светабудова / светаруйнаванне / між быльнягоў / заклятымі завулкамі / маўчання / блукае / беспрытульная / любоў» [5, с. 31].

Такім чынам, прасторава-часавы кантынуум у сучаснай беларускай філасофскай лірыцы нярэдка дэфармуецца. Самы папулярны спосаб яго мадыфікацыі звязаны са стварэннем паэтамі ўласных іншасветаў, нярэдка ідылічных. У якасці альтэрнатыўнай рэальнасці ў лірыцы можа выступаць анейрасфера (І.Бабкоў), «каханне-нялюбасць» (Г. Дубянецкая), рэчыўны свет (А. Разанаў) і інш.

 

Літаратура:

1. Разанаў, А. Танец з вужакамі [Тэкст] / А. Разанаў. – Мн.: «Маст. літ.», 1999. – 462 с.

2. Разанаў, А. Пчала пачала паломнічаць [Тэкст]: вершаказы / А. Разанаў. – Мн.: «Логвінаў» 2009. – 132 с.

3. Бабкоў І. Герой вайны за празрыстасць [Тэкст] / І. Бабкоў. – Мн.: «БГАКЦ», 1998. – 92 с.

4. Аркуш, А. Проста ў сярэдзіну [Тэкст] / А. Аркуш. – Мн.: «Маст. літ.», 2001. – 30 с.

5. Дубянецкая, Г. Анадыямэна [Тэкст] / Г. Дубянецкая. – Мн.: «Медисонт», 2008. – 96 с.

 

 


Дата добавления: 2018-02-18; просмотров: 619; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!