Тэма 3. Тэатр Беларусі XIX – пачатку XX стст.



Дзейнасць маёнткавых аматарскіх тэатраў беларускіх магнатаў Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах, Сапегаў у Ружанах. Выступленне перасоўных тэтральных труп у гарадах Беларусі. Арганізацыя гарадскіх літаратурна-музычных гурткоў і таварыстваў у апошняй чвэрці XIX ст. (Мінск, Пінск, Гродна, Вільна і інш.). Іх роля ў эстэтычным выхаванні, распаўсюджанні мастацкіх ведаў і адукацыі на Беларусі. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – пачынальнік беларускага нацыянальнага тэатра. Творчы шлях драматурга. Дзейнасць аматарскага тэатра В.Дуніна-Марцінкевіча ў фальварку Люцынка. Яго творы: аперэты “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, “Спаборніцтва музыкаў”, “Чарадзейная вада”, камічная опера “Сялянка” (“Ідылія), сатырычная камедыя “Пінская шляхта”, камедыя “Залёты”. Супрацоўніцтва з С.Манюшка. Развіццё тэатральных традыцый Дуніна-Марцінкевіча ў беларускім нацыянальным тэатры пачатку ХХ ст.

Актывізацыя тэатральнага жыцця на Беларусі ў 1905-1907-я гг. Гастрольныя выступленні ў беларускіх гарадах вядомых рускіх акцёраў В.Камісаржэўскай, К.Варламава, А.Яблачкінай і інш. Распаўсюджанне беларускіх вечарынак. Першая публічная беларуская вечарына (Вільна, 1910) і яе роля ў развіцці нацыянальных тэатральна-музычных прадстаўленнях. Узнікненне ў гарадах (Мінск, Магілёў, Орша і інш.) і мястэчках беларускіх нацыянальных аматарскіх тэатраў. Ігнат Буйніцкі – адзін з арганізатараў беларускіх вечарынак, стваральнік беларускага прафесійнага тэатра. Першая беларуская трупа І.Буйніцкага. Асаблівасць яго тэатральных пастановак – беларускія народныя песні, танцы, дэкламацыя вершаў і апавяданняў, п’есы, выкарыстанне элементаў беларускага народнага выяўленчага мастацтва ў сцэнічным афармленні. Рэпертуар тэатра – творы К.Каганца, М.Крапіўніцкага, Э.Ажэшкі, А.Чэхава, вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Я.Лучыны і інш. Роля І.Буйніцкага ў распаўсюджанні беларускай культуры, літаратуры і мовы, народнага мастацтва.

Тэма 4. Тэатр Беларусі XX ст.

 

Актывізацыя тэатральнага руху пасля 1917 г.; дзейнасць перасоўных тэатральных труп, агітацыйных і калгасна-саўгасных тэатраў, беларускіх трамаў. Дзейнасць клуба мінскай інтэлігенцыі “Беларуская хатка” і арганізацыя на яе аснове Першага таварыства беларускай драмы і камедыі (1917-1920) на чале з Ф.Ждановічам. Першыя пастаноўкі Таварыства – спектаклі “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо” Я.Купалы, “У зімовы вечар” Э.Ажэшкі і інш. Супрацоўніцтва У.Галубка як драматурга, рэжысёра і акцёра з Таварыствам драмы і камедыі. Роля Таварыства ў развіцці прафесійнага тэатральнага мастацтва на Беларусі. Фларыян Паўлавіч Ждановіч– беларускі тэатральны дзеяч, акцёр, кіраўнік і рэжысёр Першага Таварыства беларускай драмы і камедыі.

Творчасць Еўсцігнея Афінагенавіча Міровіча – акцёра, рэжысёра, драматурга і педагога, аднага са стваральнікаў беларускага савецкага тэатра. Драматургічныя творы Е.Міровіча: сатырычныя мініяцюры і п’есы (“Графіня Эльвіра”, “Машэка”, “Каваль-ваявода”), драмы (“Кастусь Каліноўскі”, “Перамога”) і інш. Роля Е.Міровіча ў фарміраванні беларускай нацыянальнай акцёрскай школы і рэжысуры.

Творчасць Уладзіслава Іосіфавіча Галубка – тэатральнага дзеяча, стваральніка самабытнага нацыянальнага беларускага тэатра, драматурга, рэжысёра, акцёра, першага народнага артыста Беларусі. Галубок-драматург (каля 40 п’ес) – аўтар гістарычных і сучасных твораў з жыцця беларускага народа, меладрам, камедый, вадэвіляў, фарсаў. Яго творы: “Пісаравы імяніны”, “Бязродны”, “Суд”, “Ганка” і інш. Культурна-асветніцкая і рэжысёрская дзейнасць У.Галубка, яго роля ў развіцці беларускага прафесійнага тэатральнага мастацтва. Дзейнасць У.Галубка ў Беларускім трэцім дзяржаўным тэатры (1920-1937, з 1932 – БДТ-3). Тэатр таксама называўся: Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка (ці Трупа Галубка). Галубок – мастак і музыкант-афарміцель спектакляў.

Нацыянальны акадэмічны тэатр ім.Я.Купалы (1920-1925 – БДТ, з 1926 –БДТ-1, з 1945 – тэатр ім.Я.Купалы). На раннім этапе дзейнасці – апора на традыцыі Першага таварыства беларускай драмы і камедыі ў рэпертуары, акцёрскай ігры, дэкарацыйным і музычным афармленні. Рэарганізацыя тэатра з прыходам Е.Міровіча (з 1921), фарміраванне новага рэпертуару: пастаноўкі п’ес М.Чарота, У.Галубка, М.Крапіўніцкага, Е.Міровіча, замежнай драматургіі, сучаснай тэматыкі. Творчыя дасягненні акцёраў У.Крыловіча, Г.Глебава, У.Уладамірскага, І.Ждановіч, Л.Ржэцкай. Пошукі тэатрам “свайга арыгінальнага аблічча” у 1930-я гг. Пастаноўкі п’ес К.Крапівы, У.Біль-Белацаркоўскага, увасабленне на сцэне рускай і замежнай класікі (п’есы А.Астроўскага, М.Горкага, Ж.-Б.Мальера і інш.).

Дзейнасць БДТ-1 у гады Вялікай Айчыннай вайны і першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Звяртанне да ідэйна-патрыятычнай і гераічнай тэматыкі: “Фронт” А.Карнейчука, “Рускія людзі” К.Сіманава, “Канстанцін Заслонаў” А.Маўзона, “З народам” К.Крапівы, “Цытадэль славы” К.Губарэвіча і інш. П’есы Я.Купалы на сцэне тэатра (“Раскіданае гняздо” і “Паўлінка”). Увасабленне на сцэне твораў сусветнай і рускай класікі (п’есы У.Шэкспіра, Р.Шэрыдана, Ф.Шылера, А.Пушкіна, А.Астроўскага, А.Чэхава), сучаснай савецкай драматургіі (К.Крапіва, А.Макаёнак, К.Губарэвіч).

Пошукі новых сродкаў сцэнічнай выразнасці, жанравае і тэматычнае пашырэнне рэпертуару тэатра, асваенне пераважна сучаснай драматургіі ў 1960-я гг. (п’еса А.Макаёнка “Лявоніха на арбіце”, В.Розава “Традыцыйны збор”, Б.Брэхта “Што той салдат, што гэты”, інсцэніроўка рамана І.Мележа “Людзі на балоце” і інш). Увасабленне на сцэне тэатра ў 1970-1980-х гг. сучасных твораў беларускай драматургіі: “Амністыя”, “Мудрамер” М.Матукоўскага, “Зацюканы апостал”, “Трыбунал”, “Таблетку пад язык”, “Верачка” М.Макаёнка, “Брама неўміручасці” К.Крапівы, “Парог”, “Вечар”, “Радавыя” А.Дударава і інш.

Адметнасць творчага жыцця тэатра ў 1990-2000-я гг.; спалучэнне розных стыляў, плыняў і кірункаў, жанравая і тэматычная разнастайнасць рэпертуару. Пастаноўкі беларускай класікі (“Тутэйшыя” Я.Купалы і “Ідылія” В.Дуніна-Марцінкевіча, “Сымон-музыка” Я.Коласа); гістарычных спектакляў (“Князь Вітаўт”, “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава; “Дзікае паляванне караля Стаха” У.Караткевіча; “Сны аб Беларусі” У.Караткевіча); рускай і замежнай класічнай драматургіі (“Свае людзі – паладзім” А.Астроўскага, “Дзеці Ванюшына” С.Найдзёнава, “Эрык XIV” А.Стындберга, “Сон у летнюю ноч”, “Макбэт” У.Шэкспіра, “Восеньская саната” І.Бергмана, “Лысая спявачка” Э.Іанэска, сучасных аўтараў (“Смак яблыка” А.Дзялендзіка, “Згублены рай” А.Курэйчыка, “Маэстра” М.Ладо) і інш. Рэжысёрскія работы В.Раеўскага, М.Пінігіна, А.Гарцуева, У.Савіцкага. Знакамітыя акцёры тэатра ім.Я.Купалы народныя артысты СССР Г.Глебаў, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, С.Станюта, У.Уладамірскі, Г.Макарава, М.Яроменка, Г.Аўсяннікаў і інш.; народныя артысты Беларусі Г.Грыгоніс, І.Ждановіч, П.Кармунін, В.Белахвосцік, Г.Гарбук, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў і інш.; заслужаныя артысты Беларусі: У.Крыловіч, Р.Філіпаў, З.Белахвосцік, Г.Давыдзька, С.Краўчанка, В.Манаеў і інш.; маладыя артысты тэатра. Роля тэатра ў развіцці беларускай нацыянальнай тэатральнай культуры.

*Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр ім.Я.Коласа (Віцебск, 1926 г., былая назва – БДТ-2). Дзейнасць тэатра ў даваенны перыяд – першыя эксперыментальныя пастаноўкі (“Вакханкі” Еўрыпіда, “Сон у летнюю ноч” У.Шэкспіра і інш.), звяртанне да твораў сучаснай тэматыкі (“Разлом” Б.Лаўранёва, “Першая Конная” У.Вішнеўскага, “Качагары” І.Гурскага і інш.), твораў класічнай драматургіі (“Беспасажніца” А.Астроўскага, “Мяшчане” М.Горкага і інш.), сучаснай беларускай драматургіі (“У пушчах Палесся” Я.Коласа, “Ірынка” К.Чорнага і інш.). “Візітная картка” тэатра – спектакль “Несцерка” В.Вольскага. Дзейнасць акцёрскай студыі (з 1928) тэатра. Работа тэатра ў час Вялікай Айчыннай вайны і першыя пасляваенныя гады.

Фарміраванне рэпертуару тэатра ў 1950-я гг., зварот да ўзораў сусветнай і беларускай літаратуры. Пастаноўкі п’ес Л.дэ Вегі, П.Кальдэрона, А.Астроўскага, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, А.Макаёнка (“Выбачайце, калі ласка”) і К.Крапівы (“Людзі і д’яблы”) і інш. Накіраванасць тэатра на нацыянальную драматургію (1970-я гг.): “Трыбунал”, “Зацюкны апостал”, “Таблетку пад язык” А.Макаёнка; “Амністыя” М.Матукоўскага, “Званы Віцебска” У.Караткевіча і інш. Пастаноўкі 1980-х гг. (“Генрых VI” У.Шэкспіра, “Хам” Э.Ажэшкі і інш.).

Адметныя спектаклі тэатра на мяжы XX-XXI стст.: адноўленны спектакль “Несцерка” В.Вольскага, “Залёты” В.Дуніна-Марцінкевіча, “ЧП-1” і “ЧП-2” (“Рэвізор”) паводле М.Гогаля, “Дзядька Ваня” А.Чэхава і інш. Сучасны рэпертуар тэатра складаюць пастаноўкі класікі і сучаснай драматургіі: “Вішнёвы сад” А.Чэхава, “Грахі бацькоў” па п’есе Г.Ібсена “Здані”, “Любоўны карагод” А.Шніцлера, “Шагал…Шагал…” У.Драздова, “Таму што люблю” А.Паповай, “Чорная нявеста” А.Дударава і інш. Знакамітыя рэжысёры тэатра: В.Мазынскі, І.Папоў, В.Баркоўскі і інш. Славутыя акцёры-коласаўцы: народныя артысты СССР А.Ільінскі, Ф.Шмакаў; народныя артысты Беларусі П.Малчанаў, З.Капапелька, Я.Глебаўская, Г.Дубаў, Я.Шыпіла, А.Трус, Т.Кокштыс і інш.; заслужаныя артысты Беларусі А.Мельдзюкова, Б.Сяўко, А.Лабанок, Т.Ліхачова, Г.Шкуратаў і інш.


Дата добавления: 2018-02-15; просмотров: 723; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!