Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

Лексіка беларускай мовы

 

1. Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Адназначныя і мнагазначныя словы

2. Амонімы, сінонімы, антонімы, паронімы ў лексічным складзе беларускай мовы

3. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

4. Актыўная і пасіўная лексіка

5. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага выкарыстання

 

 

Рэкамендаваная літаратура:

1. Баханькоў, А.Я. Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / А.Я. Баханькоў. – Мінск, 1994.

2. Лепешаў, І.Я. Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі / І.Я. Лепешаў, М.А. Якалцэвіч. – Гродна, 2001.

 

Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Адназначныя і мнагазначныя словы

Усе словы беларускай мовы ўтвараюць яе лексічны склад – лексіку (ад грэч. lexis – слова). Тэрмінам «лексіка» называюць таксама сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў творчасці пісьменніка (лексіка Я. Коласа, У. Караткевіча і інш.), у пэўнай мясцовай гаворцы (дыялектная лексіка), у якой-небудзь сферы дзейнасці (прафесійная лекcіка) і г.д. Менавіта ў лексіцы адлюстраваны змены, якія адбываюцца ў палітычным і культурным жыцці грамадства, здабыткі ў галіне навукі, тэхнікі і вытворчасці. Вывучэнне лексікі роднай мовы ўзбагачае слоўнікавы запас чалавека, павышае культуру яго вуснай і пісьмовай мовы, пашырае веды пра навакольную рэчаіснасць.

Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца лексічны склад мовы, называецца лексікалогіяй (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова, слоўнікавы і logos – вучэнне, навука). У задачу лексікалогіі ўваходзіць таксама вывучэнне слова як асноўнай адзінкі мовы, высвятленне сувязі значэння слова з паняццем, выдзяленне розных тыпаў значэння слова. Лексікалогія даследуе шляхі развіцця і папаўнення слоўнікавага складу, вызначае сферы ўжывання слоў.

Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая асноўная адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і служыць сродкам моўных зносін. Слова мае шэраг асаблівасцей: аднаўляльнасць, устойлівасць, ізаляванасць. Ужываючы ў сваім маўленні словы, мы не ўтвараем іх кожны раз, а выкарыстоўваем як гатовыя, вядомыя нам адзінкі мовы, г.зн. аднаўляем. Устойлівасць слова выражаецца ўстойлівасцю яго гукавога складу, марфемнай будовы і значэння. Паколькі слова з’яўляецца назвай пэўнага аб’екта рэчаіснасці і носьбітам цэласнага значэння, яно можа быць вычленена з кантэксту. У гэтым праяўляецца яго ізаляванасць [1].

Слова ўяўляе сабой адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў. Граматычнае значэнне ўласціва цэламу класу слоў. Яно выражаецца канчаткам або канчаткам і прыназоўнікам адначасова, націскам, праяўляецца ў граматычных катэгорыях роду, ліку, склону, трывання, часу, ладу і інш. Лексічнае значэнне – гэта ўнутраны, рэальны змест слова. Большую частку лексікі беларускай мовы складаюць паўназначныя словы (самастойныя часціны мовы), якія выконваюць намінатыўную функцыю, г.зн. называюць пэўныя з’явы аб’ектыўнай рэчаіснасці: прадметы, дзеянні, прыметы. Службовыя словы і выклічнікі не выконваюць намінатыўнай функцыі і маюць толькі граматычнае значэнне.

У залежнасці ад таго, можна ці не вызначыць характэрную рысу, спецыфічную прымету, якая была пакладзена ў аснову назвы, выдзяляюць матываваныя і нематываваныя назвы. Для нематываваных назваў нельга вызначыць, на аснове якіх рыс, прымет яны ўзніклі, нельга растлумачыць іх з дапамогай іншых слоў. Нематываванымі звычайна бываюць словы з невытворнай асновай: стэп, луг, нос, год і пад. Аднак трэба памятаць, што калі перад вамі слова мнагазначнае, то ў ім матывацыя мае зусім іншы характар і не залежыць ад марфемнага складу слова. Так, у слове ‘дуб’ першае значэнне (‘буйное лісцевае дрэва з моцнай драўнінай’) нематываванае, а іншыя значэнні (‘драўніна гэтага дрэва’, ‘высокі моцны чалавек’) павінны кваліфікавацца як матываваныя (матывуюцца першым, зыходным значэннем). Словы з вытворнай асновай – матываваныя. Можна лёгка вызначыць, на аснове якой прыметы яны ўзніклі, і матывуюцца, тлумачацца яны з дапамогай іншых слоў: буслянка – ад слова бусел, падбярозавік – ад бяроза, дзялянка – ад дзяліць і інш.

Выкарыстанне назвы з тым значэннем, якое за ёю замацавалася ў працэсе развіцця мовы, – галоўнае правіла словаўжывання. Ніколі нельга карыстацца словам, калі сэнс яго дакладна невядомы. Трэба высветліць значэнне слова ў тлумачальным слоўніку і толькі тады ўжываць яго вусна або на пісьме.

Адрозніваюць два асноўныя тыпы лексічных значэнняў слова: прамое і пераноснае. Прамое значэнне – гэта першаснае, зыходнае значэнне слова, якое непасрэдна паказвае на прадмет, дзеянне, якасць і замацавалася за ім як асноўнае. Так, у сказе На гэтых прасторах рос густы і незвычайна высокі чарот (Колас) усе словы ўжываюцца ў прамым значэнні. Пераносным называецца такое значэнне, якое развіваецца ў выніку пераносу назвы з аднаго прадмета, дзеяння, з’явы, працэсу на іншыя, чым-небудзь падобныя. Такое значэнне слова набывае пры свядомым вобразным яго ўжыванні, напрыклад: усміхацца – 1) выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь паспявае адказваць (Васілевіч); 2) перан. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак... (Панчнка). У мове твораў мастацкай літаратуры ўжыванне слоў з пераносным значэннем – яркі сродак стварэння вобразнасці і маляўнічасці апавядання [1].

Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначнымі, ці монасемантычнымі (ад грэч. monos – адзін і semantikos – той, што абазначае), напрыклад: івалга, дудар, грубка, гуслі, учора і інш. Адназначныя словы заўсёды маюць толькі прамыя значэнні. Здольнасць слова ўжывацца з некалькімі значэннямі называецца мнагазначнасцю, або полісеміяй (ад грэч. рolysemos – мнагазначны). Першапачаткова ўсе словы ўжываюцца як адназначныя. Мнагазначнасць развіваецца пазней, паколькі моўных сродкаў недастаткова для таго, каб кожная з’ява рэчаіснасці атрымала асобнае слова-назву (у мове дзейнічае закон эканоміі). І тады па аналогіі, асацыяцыі, падабенству адбываецца перанос назвы аднаго прадмета, з’явы, прыкметы і г.д. на другі. Некаторыя даўнія па часе ўзнікнення словы маюць вельмі многа значэнняў (напр., слова ‘біць’ – 18 значэнняў, слова ‘ісці’ – 28 і інш.).

Аднак не варта думаць, што мнагазначных слоў больш, чым адназначных. Як слушна заўважае прафесар І.Я. Лепешаў, «у любой мове мнагазначных слоў не больш, а куды менш, чым адназначных. Так, у 1-м томе «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» з 16 354 слоў на долю мнагазначных прыпадае толькі 3908 слоў, у 2-м томе з 19 269 слоў толькі 4222 мнагазначныя словы. Прыкладна такія колькасныя паказчыкі мнагазначнасці і адназначнасці выяўляюцца і ў іншых мовах (напрыклад, рускай і французскай): толькі чацвёртая частка слоў – мнагазначныя» [2].

Вылучаюцца наступныя спосабы пераносу значэнняў: на аснове метафары, метаніміі і сінекдахі.

Метафарычныя (ад грэч. metaphora – перанясенне) значэнні ўзнікаюць у слове ў выніку пераносу назвы аднаго прадмета ці з’явы на другі прадмет ці з’яву на аснове падабенства формы (напр., слова конь: ‘жывёла’; ‘шахматная фігура’; ‘гімнастычны снарад’), колеру (белыя палотны і белыя ночы), функцыі (слова дворнік: 1) ‘работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома’ і 2) ‘прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу’). Часам слова набывае мнагазначнасць паводле дзвюх якіх-небудзь прымет. Так, слова крыло: ‘крыло птушкі і крыло самалёта (падабенства і па форме, і па функцыі); слова іголка: 1) ‘прыстасаванне для шыцця’, 2) ‘тонкі металічны стрыжань, звычайна з завостраным канцом, рознага прызначэння (патэфонная іголка, іголка ў медыцынскім шпрыцы для ін’екцый, іголка насоса і інш.)’, 3) ‘ліст хвойных дрэў і кустоў’, 4) ‘тонкі востры крышталь чаго-небудзь (іголкі інею)’, 5) ‘тонкая калючка на целе некаторых жывёл’ (падобныя па форме і сваёй уласцівасцю калоцца) і г.д. Усе прыведзеныя вышэй прыклады – прыклады агульнамоўных метафар. Існуюць і т.зв. сцёртыя (або мёртвыя, акамянелыя) метафары са страчанай вобразнасцю: ідзе дождж, сонца садзіцца, прыйшла вясна, корань слова і мн. інш. Пры частым ужыванні пераноснае значэнне становіцца прывычным, семантычная двухпланавасць яго сціскаецца. Самымі ж вобразнымі сярод метафар з’яўляюцца паэтычныя (параўн.: гарыць вогнішча і гараць гронкі рабіны і інш.). Як бачым, метафара – гэта словазлучэнне, якое мае семантыку прыхаванага параўнання.

Метанімічныя (ад грэч. metonymia – перайменаванне) значэнні ўзнікаюць у словах на аснове пераносу назваў адных прадметаў ці з’яў на другія, калі асацыяцыі, аналогіі ўзнікаюць па сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці. Сумежнасць можа быць такой:

1) матэрыял і вырабы з яго (ваза са шкла – шкло зараз не ў модзе); 2) ёмістасць і рэчыва, якое ўтрымліваецца ў гэтай ёмістасці (купіць міску – з’есці міску баршчу, тут ‘пасудзіна’ і ‘колькасць стравы’); 3) працэс і вынік гэтага працэсу (праводзіць дыктант – раздаць дыктанты); 4) памяшканне, установа, прадпрыемства і людзі, якія ў ім знаходзяцца, працуюць (напр., светлая аўдыторыя – аўдыторыя слухала ўважліва, новы завод – заводы бастуюць); 5) выкарыстанне прозвішчаў пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў і г.д. для абазначэння іх твораў (творы Багдановіча – перачытваю Багдановіча); 6) прадмет, уласцівасць і той, хто валодае гэтай уласцівасцю (ён меў прыгожы тэнар – выступае тэнар). Звычайна метанімія менш заўважаецца, чым метафара, бо такія вытворныя значэнні перайшлі ў сталыя назвы прадметаў.

Сінекдаха (ад грэч. synecdoche – суаднесенасць) – замена назвы цэлага назвай асобнай яго часткі або наадварот. Нярэдка сінекдаха разглядаецца як від метаніміі. Выдзяляюцца дзве разнавіднасці сінекдахі: 1) называнне замест цэлага часткі, якая ў пэўнай сітуацыі мае сэнс цэлага: У сям’і з’явіўся лішні рот; Ён у іх за галаву; 2) ужыванне аднаго ліку замест другога: У маі 1945 года немец быў канчаткова разгромлены; Ем вішню і пад.

У выяўленні і канкрэтызацыі значэнняў мнагазначнага слова галоўную ролю адыгрывае кантэкст. Звычайна пад кантэкстам падразумяваецца славеснае, моўнае акружэнне. Разам з тым у паняцце «кантэкст» уключаюцца і пазамоўныя фактары, у прыватнасці, сітуацыя, у якой адбываецца маўленне [1].

 

2. Амонімы, сінонімы, антонімы, паронімы ў лексічным складзе беларускай мовы

Амонімы. З’яву аманіміі можна праілюстраваць адной з загадак Кандрата Крапівы: Я касой траву кашу ў зялёным лузе, а другую я нашу пастаянна ў пузе. Трэцюю, я вам скажу, носіць мая дочка, на чацвёртай я ляжу – грэюся ў пясочку. Тут лёгка адгадваецца аманімічная група з чатырох ‘кос’ са значэннямі: ‘прылада для кашэння’, ‘селязёнка’, ‘доўгія заплеценыя валасы’, ‘доўгая вузкая мель, якая ідзе ад берага’. Амонімы (ад грэч. homos – аднолькавы, onyma – імя) – словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць зусім розныя, не звязаныя паміж сабой значэнні. Напр.: тур (‘першабытны дзікі бык’ і ‘перыяд, этап гульні, спаборніцтва’), гасцінец (‘шырокая, бойкая дарога, шлях’ і ‘рэч, ласунак, які госць падносіць як падарунак’), лама (‘будыйскі манах-свяшчэннік у Тыбеце’ і ‘ўючная паўднёваамерыканская жывёліна сямейства вярблюдаў’), бот (‘абутак з высокімі халявамі’ і ‘невялікае вёсельнае, паруснае або маторнае судна’) і мн. інш. Амонімы складаюць значны пласт лексікі (іх каля 4000).

Шляхі ўзнікнення амонімаў

1. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку гукавога супадзення этымалагічна розных беларускіх (уласнабеларускіх або агульнаславянскіх) слоў. Напр.: абора ‘вяровачка для лапцей’ і абора ‘вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік’; ласка ‘выражэнне пяшчоты’ і ласка ‘невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых’; слаць ‘адпраўляць, пасылаць’ і слаць ‘рассцілаць, засцілаць’ і інш.

2. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення спрадвечна беларускіх і запазычаных слоў. Напр.: бел. байка ‘кароткі літаратурны твор’ і галанд. байка ‘мяккая баваўняная тканіна’; бел. бор ‘стары сасновы лес’, лац. бор ‘хімічны элемент’, ням. бор ‘свярло для лячэння зубоў’; бел. лава ‘прадмет сялянскай мэблі’, італ. лава ‘вулканічная маса’, пол. лава ‘баявы парадак конніцы’ і інш.

3. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення запазычаных слоў з розных моў. Напр.: грэч. грыф ‘драпежная птушка’, ням. грыф ‘дэталь струннага музычнага інструмента’, франц. грыф ‘штэмпельны адбітак чыйго-небудзь подпісу’ і пад.

4. Амонімы, запазычаныя з якой-небудзь адной мовы. Напр.: фр. міна ‘выбуховы снарад’ і ‘выраз твару’; англ. танк ‘баявая бронемашына на гусенічным хаду’ і ‘спецыяльны бак для захоўвання і транспарціроўкі вадкасцей’ і інш.

Ад лексічных амонімаў (прыклады прыведзены вышэй) трэба адрозніваць наступныя групы слоў, сумежныя з амонімамі: 1) амафоны – словы, якія аднолькава гучаць, але пішуцца па-рознаму (напр.: род і рот, код і кот, грыб і грып, казка і каска і пад.). Да амафонаў павінны быць аднесены і такія апазіцыі слоў, як вера ‘ўпэўненасць у чым-небудзь’ і Вера ‘ўласнае імя’, раман ‘жанр літаратурнага твора’ і Раман ‘уласнае імя’ і г.д.; 2) амаформы – словы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем у адной ці некалькіх граматычных формах. Такое супадзенне можа адбывацца ў межах як адной, так і розных часцін мовы: соты (васкавыя ячэйкі) і соты (парадкавы лічэбнік); румяны (касметычная фарба) і румяны (ярка-чырвоны, ружовы); люты (злы, крыважэрны) і люты (другі месяц каляндарнага года) і інш.; амографы – словы, якія аднолькава пішуцца, але ў вымаўленні адрозніваюцца пастаноўкай націску (напр.: а́тлас – атла́с, вя́ла – вяла́, ка́паць – капа́ць, ка́ра – кара́, па́ра – пара́ і інш.). Яркія прыклады амографаў знаходзім у «Каламбурах» Ніла Гілевіча: Барсукі ў глыб нары, баючыся ка́ры, Нацягалі шмат кары і зрабілі на́ры. Там жа: Што ні хвіля, ні гадзина – лезе з скуры га́дзіна. Увесь век яму гадзі́ла, А ён кажа: га́дзіла!

Амонімы трэба адрозніваць ад мнагазначных слоў. Калі мнагазначнае слова, нягледзячы на рознасць сваіх значэнняў, захоўвае іх адзінства, то амонімы такой сэнсавай сувязі не маюць, значэнні іх зусім розныя. У тлумачальных слоўніках кожны амонім падаецца асобным слоўнікавым артыкулам і пазначаецца надрадковай арабскай лічбай: бабка1, бабка2, бабка3... і г.д., а ўсе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным артыкуле [1].

Сінонімы (ад грэч. synonymos – аднайменны) – гэта словы, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, але маюць тоеснае або блізкае значэнне (напр.: многа, шмат, багата, безліч, процьма і г.д.). Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. У ім выдзяляецца асноўнае, стылістычна нейтральнае слова – дамінанта. Яно выражае агульнае для ўсіх слоў гэтага рада значэнне.

Так, у сінанімічным радзе акружыць, абступіць, ачапіць, аблажыць, блакіраваць дамінанта – акружыць, яна мае прамое, стылістычна нейтральнае значэнне. У залежнасці ад характару семантычна-стылістычных адносін паміж кампанентамі сінанімічнага рада вылучаюцца наступныя групы сінонімаў: абсалютныя, семантычныя і стылістычныя.

1. Абсалютныя (або поўныя) сінонімы не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: маланка – бліскавіца, іслам – мусульманства, ацэнка – адзнака, арфаграфія – правапіс, намінатыўны – назыўны, кантынент – мацярык і інш.

2. Семантычныя (або ідэаграфічныя) сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі. Так, у сінанімічнай пары страх – жах паняцце жах (‘моцны страх да здранцвення’) поўнасцю ўключае ў сябе ўсе прыметы паняцця страх і разам з тым мае дадатковыя семы ‘моцны’ і ‘да здранцвення’. Семантычнымі сінонімамі будуць такія словы, як акцёр – артыст, ісці – крочыць, касынка – хусцінка, малады – юны, чырвоны – кумачовы – пунсовы і інш. Адрозненне ў семантыцы сінонімаў гэтай групы праяўляецца ў несупадзенні спалучальнасці кожнага члена сінанімічнага рада з іншымі словамі. Параўн.: ісці/крочыць па вуліцы, але: асцярожна ісці па балоце (не крочыць).

3. Стылістычныя сінонімы – гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Прыклады радоў стылістычна розных сінонімаў: асілак – сілач – волат – атлет – здаравяк – здаравіла – бугай (тут асілак і сілач – стылістычна нейтральныя словы, волат і атлет – кніжныя, здаравяк і здаравіла – размоўныя, бугай – размоўна-грубае); ілгаць – брахаць – плесці; украсці – сцягнуць – сперці – сцібрыць, гультай – абібок – лянівец – лайдак – лежабока – труцень – гультаіна – завала і інш.

Як адну з разнавіднасцей сінонімаў разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. euphemia – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі. Напр., замест спазняецца гавораць затрымліваецца, папрасілі замест выгналі, поўны замест тоўсты і інш. Сваімі каранямі эўфемізмы адыходзяць у далёкае мінулае. Іх узнікненне цесна звязана з лексічным табу – забаронай у першабытных народаў ужываць словы, што служылі назвамі багоў і духаў, смерці, хвароб, некаторых жывёл, сонца, агню і пад. [1].

Антонімы (ад грэч. anti – супраць і onyma – імя) – словы адной часціны мовы, якія маюць палярна супрацьлеглыя значэнні: верх – ніз, белы – чорны, вясёлы – сумны, звонка – глуха, увайсці – выйсці, усход – захад, экспарт – імпарт, вясна – восень і інш. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў.

Антонімы могуць абазначаць прасторавыя і часавыя паняцці (неба – зямля, верх – ніз, дзень – ноч, лета – зіма, поўдзень – поўнач, пачатак – заканчэнне, імгненне – вечнасць і інш.); пачуцці, эмоцыі, настрой, стан чалавека (шчаслівы – няшчасны, п’яны – цвярозы, любоў – нянавісць, актыўнасць – пасіўнасць, весялосць – паныласць, смеласць – баязлівасць, удача – няўдача, упэўненасць – няўпэўненасць і інш.); стан прыроды (світанне – змярканне, мароз – спёка, усход – захад, шторм – штыль і інш.); якасць і ацэнку (трывалы – нетрывалы, моцны – слабы, якасны – няякасны, высакародны – подлы, станоўчы – адмоўны і інш.) і г.д.

Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, доўгі – кароткі, вайна – мір, паміраць – нараджацца, лёгка – цяжка, аналіз – сінтэз і інш. У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм, гармонія – дысгармонія, праўда – няпраўда, увезці – вывезці, адчыніць – зачыніць, упісаць – выпісаць і інш.

Акрамя агульнамоўных антонімаў, важную ролю для выражэння кантрастаў адыгрываюць кантэкставыя антонімы (антонімы маўлення) – словы, якія ў звычайнай моўнай сітуацыі не выражаюць супрацьлеглых значэнняў, але набываюць іх у індывідуальных аўтарскіх кантэкстах. Напр.: Прайсці нялёгка год за годам, Бо шлях – то шоўк, а то асцё... Хто ж меру ведае заўсёды, Шчаслівы той на ўсё жыццё (П. Броўка); Вось так хлопец, вось так ён, Слухай яго, голь! На славах магутны слон, А на дзеле – моль (Я. Купала); Я да цябе звяртаю слова: Ты паглядзі на тых між нас, Каму дзяржавы нашай мова – Кусок руды, а не алмаз (Н. Гілевіч) і інш.

Семантычныя асаблівасці антонімаў шырока выкарыстоўваюцца для стылістычных мэт у мастацкіх творах, публіцыстычнай літаратуры, розных жанрах вуснай народнай творчасці і г.д.

Паронімы (ад грэч. para – побач, блізка і onyma – імя) – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя сваім гучаннем і напісаннем і розныя па значэнні. Напр.: чарнець ‘станавіцца чорным, чарнейшым’ і чарніць ‘рабіць што-небудзь чорным, чарнейшым’; карыслівы ‘прагны да нажывы, карысталюбівы’ і карысны ‘які прыносіць карысць’; адрасат ‘той, каму адрасавана паштовае адпраўленне’ і адрасант ‘той, хто пасылае паштовае адпраўленне; адпраўнік’; абагуліць ‘зрабіць асабістае, уласнае калектыўным, грамадскім’ і абагульніць ‘знаходзіць агульнае ў розных думках, фактах, выказваннях і на падставе гэтага рабіць вывад’; дыпламат ‘службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі’ і дыпламант ‘удзельнік конкурсу, агляду і пад., узнагароджаны дыпломам’ і інш.

Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець і бяліць, крыўдлівы і крыўдны, літарны і літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка і дрэўца, вянец і вянок, стралец і стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент і абанемент, статут і статус, эканомія і эканоміка, сталактыт і сталагміт і інш.).

У адрозненне ад амонімаў, лексічнае значэнне паронімаў не столькі вынікае з моўнага кантэксту, колькі, наадварот, служыць удакладненнем сэнсу выказвання. Ад сінонімаў у сэнсавых адносінах паронімы адрозніваюцца тым, што ў іх значэннях заўсёды ёсць прыметы, якія робяць паронімы семантычна самастойнымі, рознымі, узаеманезамяняльнымі словамі. Сінонімы як тоесныя ці вельмі блізкія па значэнні словы звычайна могуць замяняцца адзін другім.

Паронімы ў адным кантэксце ўжываюцца вельмі рэдка. Для сінонімаў, наадварот, характэрна сумежнае размяшчэнне ў тэксце, калі аўтарам ставіцца задача дасягнуць большай паўнаты і выразнасці апісання.

З’явы полісеміі, аманіміі, сінаніміі, антаніміі, параніміі назіраюцца не толькі ў агульнамоўнай лексіцы, але і ў тэрміналогіі.

 

Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

Лексічны склад беларускай мовы фарміраваўся на працягу многіх стагоддзяў, няспынна развіваўся і ўдасканальваўся. Менавіта ў лексіцы адлюстравалася і гісторыя развіцця беларускага народа. Вылучаюцца два вялікія пласты нашай лексікі паводле паходжання: спрадвечная і запазычаная.

Спрадвечная лексіка складаецца з чатырох пластоў слоў:

1) індаеўрапейскія словы (самыя старажытныя, ≈ III–I тыс. да н.э.). Абазначалі жыццёва важныя прадметы жывой і нежывой прыроды: Бог, душа, вера, неба, вечар, зіма, дзень, маці, брат, дзед, сын, воўк, зерне, мёд, соль, салома, балота, гарэць, драмаць, есці; лічэбнікі два, тры, сто; займеннікі вы, сам, ты і мн. інш.;

2) агульнаславянскія (праславянскія) словы ≈ II тыс. да н.э. – I тыс. н.э.): дзіця, бабка, сірата, удава, заяц, бык, конь, лебедзь, крыўда, ласка, праўда; назвы прадуктаў харчавання: блін, піва, сала, квас, каша, масла, крупа, дрожджы і інш.; ваенныя тэрміны: абарона, бой, вайна, дружына, кап’ё, лук, полк, страла і інш.; колеры: белы, жоўты, зялёны, русы, рыжы, светлы, чорны, сіні і інш. Пласт агульнаславянскай лексікі хоць і нешматлікі (≈ 2000 слоў), але з’яўляецца ядром слоўніка кожнай славянскай мовы;

3) агульнаўсходнеславянскія словы (VІІІ – ХІІІ стст.): сям’я, ваявода, дань, воласць, выкуп, пастух, бондар, знахар, мельнік, селянін, клык, жаваранак, снягір, грэчка, качарга, лыжка, сарочка, рэпа, адзінаццаць, дванаццаць, дзевяноста і інш.;

4) уласнабеларускія словы (ХІV – ХVІІ стст.): асілак, вадзянік, вайсковец, араты, працаўнік, вясковец, сейбіт; бусел, берасцянка, алешнік, ваўчкі, заранка, вясёлка, надвор’е, золак, світанне, спёка, цемра, сакавік, красавік; спадніца, хустка, абрус; дранікі, зацірка; пакута, пяшчота, хвароба, байка, выказнік, дзейнік і інш. Менавіта ўласнабеларускія словы складаюць нацыянальную спецыфіку лексічнай сістэмы нашай мовы [1].

Да запазычаных адносяцца словы іншамоўнага паходжання, якія ў выніку семантычнага і фанетыка-марфалагічнага асваення зрабіліся лексічнымі адзінкамі беларускай мовы. Асноўная прымета запазычанага слова – яго функцыянальная значымасць, якая заключаецца ў тым, што слова абазначае прадметы і паняцці, якія не маюць адэкватнага абазначэння ў самой беларускай мове або з’яўляюцца семантычнымі ці стылістычнымі сінонімамі да адпаведнага беларускага слова. З іншых моў у беларускую мову такія словы пранікаюць як вусным шляхам (г.зн. перш трапілі ў жывую гаворку, а пазней пашырыліся ў пісьменнасці), так і кніжным (пачыналі ўжывацца ў пісьменнасці і літаратурнай мове, а потым паступова пераходзілі ў гаворку). Выдзяляюцца дзве вялікія групы запазычаных слоў: са славянскіх моў і з неславянскіх. Прывядзём прыклады.

Са славянскіх моў:

а) стараславянізмы (або царкоўнаславянізмы): вобраз, вочы, воблака, храбры, продак, раб, цвярдыня, уладыка, храм, чэсны, благаславенне і інш.;

б) з рускай мовы: ссылка, пераварот, забастоўка, подзвіг, гадавіна і інш.;

в) з украінскай мовы: бацькаўшчына, вербалоз, ежа, агортваць, боршч, прыкмета, заляцанне, хутар, варэнік, побыт, журыцца, галушка, забабоны, лунаць і інш.;

г) з польскай мовы: касцёл, скарб, вяндліна, відэлец, гузік, карысць, сродак, скарга, рахунак, гатунак, здрада, апека, сукенка, літасць, айчына, пісар, кабета, хлопец, шчыры, дранцвець і інш.;

д) з чэшскай мовы адзінкавыя прыклады: калготы, блакіт.

З неславянскіх моў:

а) балтызмы (літоўскія і латышскія словы): жвір, пуня, клуня, свіран, коўш, бурбалка, клыпаць, жуда і інш.;

б) цюркізмы (пераважна з татарскай мовы). Пачалі пранікаць у мову ўсходніх славян яшчэ ў старажытныя часы з мовы цюркскіх плямёнаў, што рабілі набегі на землі славян: арда, баран, калчан, сарафан, балван, балда, лафа (салдацкае жалаванне; выгода), атаман, кінжал, халва, плоў, айва, гарбуз, бархан, туман, буран, торба, чамадан і інш.;

в) грэцызмы трапілі ў нашу мову яшчэ ў старажытнасці ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Пераважна гэта словы навукі, асветы, культуры, мастацтва, адукацыі: ікона, царква, алфавіт, арфаграфія, графіка, кафедра, бактэрыя, дыягназ, трахея, мікроб, іон, істэрыя, філалогія, лексіка, алебастр, акіян, кіт, дэльфін, эпоха, элегія, камедыя і інш.;

г) лацінізмы ў нашу мову прыйшлі праз польскую, чэшскую і іншыя заходнееўрапейскія мовы: каляндар, прафесія, доктар, літара, нацыя, тэкст, легенда, ангіна, вакцына, інфаркт, вірус, бацыла, біцэпс, імпульс, інстытут, лекцыя, глобус, экзамен, абітурыент, аратар і інш.;

д) германізмы: афіцэр, маўзер, лагер, штаб, фронт, фланг, алкаголь, бутэрброд, цукар, вафля, гальштук, партвейн, паштэт, бінт, аспірын, гантэлі, цэйтнот, гросмайстар, штраф і інш.;

е) галіцызмы (з французскай мовы): акардэон, баль, вальс, вернісаж, жанр, журы, раяль, бігудзі, памада, адэкалон, гарнітур, бра, вітрына, атэль, кавалер, какетка, камандор, гараж, кабіна, сапёр, баржа, міна, маршал, карабін, лікёр, кампот, марынад і інш.;

ё) англіцызмы: аўт, бокс, гандбол, футбол, клуб, трактар, мічман, снайпер, бар, піжама, плед, вельвет, джынсы, віскі, пунш, джэм, бекон, крэкер, кактэйль, кекс, джунглі, лідар, мітынг і інш.;

ж) італізмы: акорд, арыя, бас, флейта, опера, маэстра, карнавал, гірлянда, саната, палац, вермішэль, макарона, памідор, лаванда, інтанацыя, кар’ера, бандыт, фашызм і інш.;

з) з галандскай: бакен, баркас, боцман, канвой, марціра, дамкрат, брас, краб, апельсін і інш.;

і) з іспанскай: арлекін, балеро, гітара, румба, танга, самбрэра, какаін і інш.;

к) з фіна-ўгорскіх (фінскай, карэльскай, эстонскай, комі): кілька, навага, салака, сёмга, тундра, нарты, сані і інш.;

л) з кітайскай: чай, жэньшэнь;

м) з японскай: івасі, соя, кімано, самурай, цунамі, каратэ, дзюдо і інш.

Пранікненне іншамоўных слоў – з’ява заканамерная для любой мовы. Гэта вынік палітычных, гандлёвых, эканамічных і культурных сувязей, цесных моўных кантактаў народаў свету. Запазычанні не парушаюць нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, яны ўзбагачаюць яе лексічную сістэму.

4. Актыўная і пасіўная лексіка

Змены, якія адбываюцца ў грамадска-палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах жыцця, адлюстроўваюцца ў лексіцы, мяняюць слоўнікавы склад мовы. Адны прадметы, з’явы, паняцці існуюць спрадвечна, і словы, якія іх называюць, актыўна выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы; другія – адміраюць, а з імі знікаюць і іх назвы; трэція – узнікаюць, і разам з’яўляюцца новыя словы для іх абазначэння. З улікам гэтага вылучаюцца дзве катэгорыі слоў: словы актыўнага ўжытку і словы, якія застаюцца ў пасіўным запасе.

Актыўную лексіку складаюць самыя ўжывальныя словы, значэнне якіх зразумела ўсім носьбітам мовы. Пераважна гэта стылістычна нейтральныя словы найбольш шырокага ўжывання, звязаныя з жыццём чалавека наогул. Найбольш часта сустракаюцца словы, якія абазначаюць асоб (чалавек, мужчына, дзіця, мама, дзед і інш.), назвы асоб па прафесіі (доктар, рабочы, настаўнік і інш.), назвы адрэзкаў часу (дзень, год, вечар і інш.), назвы надвор’я (вецер, дождж, снег і інш.), ландшафту (балота, лес, поле, рака і інш.), назвы жылля, раслін і жывёл, назвы адзення, ежы, побыту, розныя віды дзейнасці чалавека і многае іншае.

Да пасіўнай лексікі адносяцца словы, якія рэдка ўжываюцца ў працэсе моўных зносін людзей і маюць адценне ўстарэласці або навізны. Таму ўсю пасіўную лексіку можна падзяліць на два разрады: устарэлыя словы і неалагізмы.

Устарэлыя словы ў сваю чаргу падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы. Гістарызмы – гэта такія ўстарэлыя словы, якія з’яўляюцца назвамі тых паняццяў і прадметаў, што зніклі з рэчаіснасці (напр., войт, баярын, рэкрут, феадал, ваявода, бурлак, парабак, лёкай, гайдукі, маёнтак, шляхта, кальчуга, алебарда, мушкет, жупан, земства, эсэр і інш.). Архаізмы – гэта ўстарэлыя назвы прадметаў і з’яў, якія існуюць і ў наш час, але называюцца новымі словамі (напр., бортнік – пчаляр, лемантар – буквар, вакацыі – канікулы, чало – лоб, лік – твар, раць – войска, лілея – лілія, падлоўчы – ляснічы, модлы – малітва, бібліялогія – кнігазнаўства і інш.).

Устарэлыя словы выкарыстоўваюцца і як нейтральныя словы (у навуковых працах па гісторыі, этнаграфіі, археалогіі), і як стылістычны сродак у творах мастацкай літаратуры для перадачы каларыту адпаведнай эпохі.

Неалагізмы (грэч. neos – новы, logos – слова) гэта словы, якія з’явіліся ў мове як назвы новых прадметаў ці з’яў рэчаіснасці і не страцілі адцення навізны (напр., кансэнсус, бартэр, брокер, лецішча, брыфінг, менталітэт, параза, вертыкальшчык, рэфлексія, маніторынг і інш.). Паколькі неалагізмы абазначаюць, як правіла, важныя для грамадства паняцці, прадметы, з’явы, яны хутка страчваюць адценне навізны, свежасці і становяцца спачатку словамі ў пэўнай ступені прафесіянальнымі, а затым і агульнаўжывальнымі. Так, новыя словы 60–80-х гадоў ХХ ст. сваёй разнастайнай тэматыкай звязаны з асваеннем космасу (касманаўт, касмадром, касмапорт, баракамера, касмалогія і інш.), з развіццём новых галін навукі (вірусалогія, геранталогія, мікраэлектроніка, наркалогія, псіхалінгвістыка і інш.), навукова-тэхнічнага прагрэсу (лазер, нейлон, ратапрынт, бойлер, батыскаф, электрамабіль і інш.), спорту (аўтаралі, біятлон, юніёр і інш.), медыцыны (алергія, стрэс, халестэрын, канцэраген і інш.) і г.д., сёння ўспрымаюцца як прывычныя, звычайныя. Усе яны знаходзяцца ў нарматыўным тлумачальным слоўніку і ўваходзяць у актыўны пласт лексікі. Пашырэнню неалагізмаў у мове садзейнічаюць сродкі масавай інфармацыі.

Ад неалагізмаў трэба адрозніваць наватворы асобных пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў. Такія выпадковыя наватворы называюць аказіяналізмамі (ад лац. occasio – выпадак) або індывідуальна-аўтарскімі (індывідуальна-стылістычнымі, кантэкстуальнымі) неалагізмамі. Напр.: небазор, вечнабыт, прасветач, нязгледны (Я. Купала); жаўтацвецень, светазор, шаўкарунны, вольнаплынны (Я. Колас) і інш. Аказіяналізмы ствараюцца з пэўнай стылістычнай мэтай і, як правіла, не выходзяць за межы мастацкага твора. Іх значэнне можна высветліць толькі ў кантэксце [1].

 

5. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага выкарыстання

У адносінах выкарыстання словы беларускай мовы не з’яўляюцца аднолькавымі: адны з іх ужываюцца ўсімі носьбітамі мовы незалежна ад іх пражывання, прафесіі, узросту, роду заняткаў, адукацыйнага і культурнага ўзроўню; другія – актыўна ўжываюцца толькі на пэўнай тэрыторыі, прадстаўнікамі асобных прафесійных ці сацыяльных груп насельніцтва, г.зн. з’яўляюцца тэрытарыяльна, прафесійна ці сацыяльна абмежаванымі. З гэтага вынікае, што лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы выкарыстання падзяляецца на дзве вялікія групы: агульнаўжывальную і абмежаванага ўжывання.

Агульнаўжывальная (агульнанародная) лексіка з’яўляецца асновай слоўнікавага складу беларускай мовы: без гэтых слоў нельга сфармуляваць і выказаць думку, без іх немагчыма далейшае развіццё і ўдасканаленне самой лексікі. Сюды адносяцца такія словы, якія вядомы ўсім носьбітам і шырока выкарыстоўваюцца імі без усякіх абмежаванняў. Гэта словы розных часцін мовы і розных стылістычных разрадаў (дзень, каліна, заўтра, хадзіць, гаварыць, весела, мы, свой, два і многія іншыя) [1].

Лексіка абмежаванага ўжывання падзяляецца на дыялектную, жаргонную і спецыяльную. Коратка спынімся на гэтых лексічных разрадах.

Дыялектную лексіку складаюць словы, ужыванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй, гэта словы мясцовых гаворак (дыялектызмы). На тэрыторыі Беларусі выдзяляюць наступныя дыялекты: паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні (асноўныя), сярэднебеларускі (цэнтральныя гаворкі) і заходнепалескі (брэсцка-пінскі).

Кожны з гэтых дыялектаў мае свае асаблівасці, якія адрозніваюць іх адзін ад аднаго і ад літаратурнай мовы. Дыялектызмы, безумоўна, вядомы не ўсім носьбітам мовы, а толькі тым, хто жыве на той тэрыторыі, дзе гэтыя словы бытуюць. Напр., савяк (замест літ. падбярозавік), вятроўкі (замест літ. басаножкі), казлы (люцікі), пасоля (фасоля), ля, паля (паглядзі, глянь), гуліца (вуліца), тамака (там), настольніца (настольнік), барыла (бочка) і інш.

Сярод дыялектызмаў вылучаюць параўнальна невялікую групу абласных слоў, г.зн. такіх, якія ўжываюцца на больш-менш значнай тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваюцца ў мастацкіх тэкстах многіх аўтараў, але яшчэ не сталі літаратурнымі ў поўным сэнсе гэтага слова. Абласныя словы падаюцца ў слоўніках літаратурнай мовы з паметай абл. (абласное): нацяты (нацягнуты), нябож (пляменнік), оступам (цесна абступіўшы, вакол), гучок (парастак), гуля і гула (гуз), жбан (збан), заложна (бесперапынна, настойліва, упарта) і інш.

Дыялекты – гэта самыя старажытныя моўныя адзінствы, нават больш старыя, чым сама беларуская мова. У дапісьмовы перыяд дыялекты былі адзінай формай зносін. У наш час дыялекты не ўтвараюцца, а паступова разбураюцца. Тым не менш, для нацыянальнай мовы яны – скарбніца, якую неабходна захоўваць (дастаткова ўспомніць, што менавіта з дыялектаў «вырастала» новая беларуская літаратурна-пісьмовая мова). Узбагачэнне літаратурнай лексікі за кошт народна-дыялектных слоў – гэта такі ж гістарычны працэс, як і папаўненне яе шляхам запазычання іншамоўных слоў.

У творах мастацкай літаратуры пісьменнікі выкарыстоўваюць дыялектызмы з мэтай стварэння мастацкага вобраза, для характарыстыкі дзеючых асоб, перадачы моўнага каларыту мясцовасці, у якой адбываецца дзеянне.

Жаргонная лексіка (фр. jargon – умоўная гаворка) – гэта гутарковая мова пэўнай групы людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча і г.д. Жаргонная лексіка (адвольна выбраныя моўныя элементы) фарміруецца на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі. Так, у мове моладзі, вучняў, студэнтаў можна пачуць такія жаргонныя словы, як продкі, шнуркі (бацькі), ажур (парадак), гнаць (гаварыць няпраўду), базар (размова), бомбы, шпоры (шпаргалкі), халтурыць (нядобрасумленна выконваць працу), філоніць (ухіляцца ад працы), бабкі (грошы ўвогуле), зелень (долары), драўляныя (айчынная валюта) і інш.; у мове спартсменаў: рамка (вароты), гарчычнік (жоўтая картка), вольнік (барэц вольнага стылю) і інш.; прыклады армейскіх жаргонаў: салага (увогуле малады салдат), дух, чарпак (ці чайнік), слон, дзед (радавы салдат у залежнасці ад часу знаходжання на тэрміновай службе), старлей (старшы лейтэнант), кусок (прапаршчык), самаход (самавольна пакінуць воінскую часць), дэмбель (дэмабілізацыя), адкасіць (ухіліцца ад воінскай службы) і інш. У часы Вялікай Айчыннай вайны склаўся франтавы жаргон: самавары (мінамёты), сабантуй (артабстрэл), кацёл (акружэнне), гасцінцы (снарады, міны) і інш.

Пэўным жаргонам карыстаюцца людзі, звязаныя агульнасцю інтарэсаў, часам негатыўнага характару (напр., у лексіконе аматараў выпіць сустракаюцца наступныя жаргонныя словы: налізацца, завязаць, пузыр, чарніла, фауст, псіхатроп, балбанэс і інш.).

Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца арго (фр. аrgot – замкнуты). Асноўная функцыя арго – быць сродкам адасаблення, аддзялення яго носьбітаў ад іншых людзей. У строга тэрміналагічным сэнсе арго – гэта мова дэкласаваных груп грамадства і крымінальнага асяроддзя: зладзеяў, карцёжных шулераў, кантрабандыстаў, наркаманаў і пад. У Расіі арго пачало складвацца ў 2-й палове ХІХ ст. пераважна ў гандлёвых цэнтрах, партовых гарадах, месцах ссылак. Аргатычная лексіка стваралася на базе натуральных моў. Аднак, каб ізалявацца ад грамадства, антысацыяльныя элементы выпрацавалі спецыяльны моўны код, незразумелы для іншых людзей. Дасягалася гэта шляхам скажэння і пераасэнсавання агульнанародных слоў: вышка (вышэйшая мера пакарання), стукач (даносчык), сціркі (ігральныя карты), макруха (забойства), дзірка (турма), вывеска (твар), пазычыць (украсці), шырмач (кішэнны злодзей), раскалоцца (прызнацца); выкарыстання запазычаных слоў (напр., бан у мове зладзеяў ‘вакзал’ з ням. bahnhof), а таксама шляхам перастаноўкі складоў у словах або дабаўлення да слоў новых элементаў (напр., чуха замест хачу, шывар замест тавар і інш.).

Жарганізмы не ўваходзяць у лексіка-семантычную сістэму літаратурнай мовы, але могуць выкарыстоўвацца ў мастацкіх і публіцыстычных творах для характарыстыкі персанажаў, сацыяльнага асяроддзя [1].

Спецыяльнай лексікай карыстаюцца прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі ці роду заняткаў. Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі з’яўляюцца тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы. Спынімся на азначэннях гэтых паняццяў і прывядзём прыклады.

Тэрмін (ад лац. terminus – граніца, мяжа) – гэта афіцыйна ўзаконенае слова або словазлучэнне, якое ўваходзіць у тэрміналагічную сістэму пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, спорту і г.д., абазначае спецыяльнае паняцце і мае дакладнае лагічнае азначэнне (напр., інтэграл, атмасфера, сінтэз, марфема, гіпотэза, афсайд, пенальці і інш.). Тэрміны могуць быць як агульнанавуковыя (аналіз, дослед, працэс, мадэль, тэорыя і інш.), так і вузка-спецыяльныя (напр., у генетыцы: храмасома, ген, зігота і інш.; у мовазнаўстве: постфікс, фанема, сінтаксіс, тапонімы і інш.; у плаванні: батэрфляй, кроль, брас і г.д.). Заўважым, што словы агульнай лексікі засвойваюцца людзьмі стыхійна, па меры авалодання мовай, ствараюцца для патрэб усяго грамадства. Тэрміны ж прыдумваюцца штучна і патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі ў той ці іншай сферы дзейнасці.

Па сваім функцыянальным значэнні блізка да тэрмінаў стаяць прафесіяналізмы. Гэта словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў якой-небудзь прафесіі або сферы дзейнасці. Калі тэрміны маюць больш упарадкаваны, унармаваны характар, то прафесіяналізмы з’яўляюцца паўафіцыйнымі лексічнымі адзінкамі, якія выкарыстоўваюцца вузкім колам спецыялістаў, прычым пераважна ў гутарковым стылі (напр., у мове пчаляроў сустракаюцца такія прафесіяналізмы, як дымар, вашчына, раёўня, пропаліс). Рэзкай мяжы паміж тэрмінамі і прафесіяналізмамі няма, і часта прафесіяналізм можа існаваць як сінонім тэрміна. Многія мовазнаўцы ўвогуле не вылучаюць прафесіяналізмы ў асобны разрад слоў спецыяльнай лексікі.

У адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць назваў канкрэтных аб’ектаў, якія вывучаюцца рознымі навукамі, ужываюцца ў тэхніцы, спорце і пад. Па складзе наменклатура велізарная. Так, толькі наменклатура медыцынскай тэхнікі (інструменты, апаратура і пад.) налічвае звыш 3000 назваў. Тэрміны маюць абстрактныя, адцягненыя значэнні, а наменклатурныя назвы абазначаюць даволі канкрэтныя з’явы. Параўн.: арфаграфія, прэфікс, марфема, злучнік і інш. (прыклады мовазнаўчых тэрмінаў) і най-, без-, пад-, за- і інш. (наменклатурныя назвы канкрэтных прыставак). Сярод наменклатуры сустракаюцца і абрэвіятуры: ЭВМ, ЗІЛ, ЗІС і пад.

 


 

1. Да лексікі абмежаванага ўжывання адносяцца:

1) сінонімы, амонімы, антонімы;

2) гістарызмы, архаізмы, неалагізмы;

3) дыялектызмы, жарганізмы, тэрміны;

4) адназначныя, мнагазначныя словы;

5) наменклатура, прафесіяналізмы, слэнгізмы.

Устанавіце адпаведнасць

А. Бескарысны – бескарыслівы. 1. Антонімы.
Б. Адвага – баязлівасць. 2. Дыялектызмы.
В. Картопля, пасоля. 3. Сінонімы.
Г. Сумны, тужлівы, маркотны. 4. Амонімы.
  5. Паронімы.

 

3. Эўфемізмы – гэта разнавіднасць:

1) амонімаў;

2) сінонімаў;

3) неалагізмаў;

4) жарганізмаў;

5) паронімаў.


 

Заданне 1. Ці ўсе пададзеныя словы маюць лексічнае і граматычнае значэнне і выконваюць намінатыўную функцыю. Адказ абгрунтуйце.

Студэнт, універсітэт, дэкан, дэканат, стыпендыя, але, магчыма, ён, той, экзамен, пад, сто, ой, мужнасць, які, дарога, горад, смелы, спяваць, на, гарадскі, маляваць, прыгожы.

 

Заданне 2. Выпішыце словы, якія ўжыты ў пераносным значэнні. Асобна ўкажыце іх прамое значэнне.

Глядзіць у вокны зімні вечар. Кладзецца змрок на цесны двор. Мароз – мастак рукой старэчай на шыбах піша свой узор (Я. Колас). Маўчала возера ў тумане, ды вербы плакалі ў цішы, на дне сінеючае твані, лілеі вецер варушыў. (П. Трус).

 

Заданне 3. Выпішыце метафары, метаніміі і сінекдахі, выявіце сярод іх агульнамоўныя, вобразна-паэтычныя і індывідуальна-аўтарскія.

Плылі марудна дні за днямі (Я. Колас). Спеў неўзабаве сціх. Цяпер ляжала ў Куранях вялі кая, халодная ноч (І. Мележ). Гэта быў не той зялёны хлопец, які вадзіў касою з гонарам (І. Мележ). У лузе вербы гаманілі, маўчала поле за сялом, і ў сініх зорах небасхілу зарою неба зацвіло (П. Трус). Людзей залатых атрымалі вы (І. Мележ). Я табун сцерагу, а ў ім сто галоў (М. Лынькоў). Потым Віктар чытаў Ясеніна (І. Навумовіч). “Каму адсунуцца?” –крыкнула рагатая шапка (І Пташнікаў). Ганна была задаволеная, што школа жыла з ранку да вечара (І. Мележ). Ці багатыя тут лясы і рознай птушкай і звярамі, арэхам, ягадай, грыбамі? (Я. Колас). Як ты (кветка), пастаўленая ў крышталь, будзіш у сэрцы і радасць, і жаль (М. Арочка).

 

Заданне 4. Якія з падкрэсленых слоў з’яўляюцца мнагазначнымі, а – якія амонімамі?

Піла ваду – піла вострая, ліпкі ліст – ліпкі маладыя, палявы стан – стан дзяўчыны, жартуе чалавек – жартуе прырода, крыло самалёта – крыло птушкі, варожая міна – сур’ёзная міна, рукаў паліто Заданне – рукаў ракі, касса пясчаная – каса кляпаная.

 

Заданне 5. Складзіце і запішыце сказы са словамі-амонімамі, якія маюць наступныя значэнні: стан¹ – тулава чалавека; стан² – лагер, месца стаянкі; стан³ – вялікая машына для буйных металічных вырабаў; стан4 – становішча, у якім што-небудзь знаходзіцца. Бабка1 – матчына або бацькава маці, бабуля; старая жанчына; бабка2 – страва з дранай бульбы, запечанай у форме; бабка3 – некалькі снапоў збожжа, састаўленых пэўным чынам на ніве.

 

Заданне 6. Складзіце словазлучэнні, падабраўшы да кожнага назоўніка прыметнік у патрэбнай форме.

1. (Шаўкавісты, шаўковы) трава, гальштук, сукенка, валасы.

2. (Пясчаны, пясочны) бераг, дно, глеба, скрыня, камень.

3. (Перадавы, пярэдні) рад, калгас, кола, брыгада, сцяна.

4. (Лясны, лясісты) мясцовасць, ягады, звер, глухамань, паветра, трава.

5. (Даходлівы, даходны) тлумачэнне, месца, гаспадарка, манера, галіна.

6. (Дробны, дробавы) каменне, групы, лік, лічэбнікі, лісточкі, пясок, гандаль.

7. (Дымны, дымавы, дымчаты) завеса, хмары, колер, паветра, порах.

8. (Класны, класічны, класавы) сход, баі, твор, журнал, спадчына, вагон, дошка, барацьба.

 

Заданне 7. Пры дапамозе прыставак утварыце новыя словы. Складзіце 8-10 сказаў з утворанымі антонімамі (на выбар).

1) у-, вы- : лятаць, вадзіць, лазіць, ехаць, хадзіць, бегаць, капаць;

2) неда-, пера- : выканаць, браць, варыць, даць, сыпаць, саліць;

3) пры-, ад- : ганяць, несці, везці, каціць, цягнуць;

4) раз-, з- : вязаць, чакаць, складваць, стаўляць, кляпаць, біць.

 


Дата добавления: 2018-10-26; просмотров: 634; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:




Мы поможем в написании ваших работ!