ТЭМА XI.   “Работа над касцюмамі  свята. Рэквізіт, бу-



Тафорыя, мэбля “.

 

 

Пытанні: 1. Касцюм як выразны сродак святочных дзей на вольным

                   паветры і  нетрадыцыйных пляцоўках.

            2. Спосабы касцюміравання ўдзельнікаў свята, этапы

                  работы мастака

                  ў працэсе стварэння касцюма. 

            3. Паняцці “ рэквізіт”, “ бутафорыя”, “ мэбля”.

            4. Работа над падрыхтоўкай рэквізіта, бутафорыі, мэблі.

 

 

Мэта:    раскрыццё выразных магчымасцей касцюма, рэквізіта, бутафорыі і мэблі і этапаў іх падрыхтоўкі да выкарыстання ў святочных дзеях.

 

 

 

1.1. Касцюм — важная частка сцэнаграфii масавых свят i прадстаўленняў. У тэатралiзаваных масавых вiдовiшчах на адкрытым паветры акцёр у многiх выпадках знаходзiцца на вялiкай адлегласцi ад гледача, з прычыны гэтага мiмiка, нюансы жэстаў не заўсёды ўспрымаюцца. У той жа час кiдкi, буйны, яркі па колеры касцюм здольны зрабiць бачнай для соцень i дзесяткаў тысяч гледачоў вобразную сiстэму прадстаўлення.

Работа над мастацкiм рашэннем касцюма пачынаецца з вызначэння тэмы дзеяння i звышзадачы пастаноўшчыкаў, а таксама прасторы, у якой разгортваецца святочная дзея. Парк, Палац культуры, стадыён, вулiца, плошча — кожная тэрытарыяльная зона дыктуе свае патрабаваннi. Так, распрацоўваючы касцюмы для прадстаўлення на стадыёне, мастак павiнен улiчваць, што на полi падрабязна разглядзець асобнага чалавека практычна немагчыма i вопратка асобнага выканаўцы тут перастае быць касцюмам у сапраўдным сэнсе гэтага слова. Вобраз узнiкае толькi ў з’яднаннi iх у агульную карцiну. Гэтая мазаiчная цэласнасць валодае вялiзным патэнцыялам пластычных трансфармацый. Магчымасцi iмгненных вiдазмяненняў вобраза часцей за ўсё забяспечваюцца кан- струкцыяй касцюма. Так, у адным з эпiзодаў свята закрыцця ХII Сусветнага фестывалю моладзi i студэнтаў у Маскве канструкцыя касцюмаў дала магчымасць усяго аднаму балетнаму калектыву тройчы паўстаць у новым вобразе. У пачатку па полі велiчна “плылi” павы ў какошнiках i блакiтных сарафанах. Затым iмгненна атрыбуты старажытнарускага касцюма знiкалi i баярышнi пераўтваралiся ў сучасных дзяўчат. Рытм iх танца падхоплiваўся вiхурам апiсваючых кругi спаднiц. А калi танец заканчваўся, дзяўчаты выпроствалi тканiны спаднiц, i ўзнiкаў буйны, яскравы малюнак. Поле пераўтваралася ў вялiзны кветнiк.

Але касцюм на стадыёне можа мець свой сумарны вобраз i без прымянення спецыяльных канструктыўных прыёмаў. Патэнцыяльная магчымасць такiх трансфармацый прадумваецца мастаком у колерах касцюма, яго дэталях, здольных у пэўныя моманты дзеi ствараць нечаканыя эфекты. Напрыклад, белыя пальчаткi ў касцюме масоўкi (прадстаўленне “Мiр пераможа вайну”) увогуле не прыцягвалi ўвагу да таго часу, пакуль выканаўцы разам не ўскiдвалi рукi, якiя трапяталi i лiтаральна ператваралiся ў чараду белых галубоў.

Свята на вулiцы сярод натоўпу патрабуе ад касцюма большай дэталiзацыi, таму што глядач часта аказваецца ўдзельнiкам святочнага дзеяння разам з выканаўцамi. Але i тут важныя буйны маштаб, яскравая каларыстычная гама, якія забяспечваюць iмгненны эфект. Касцюм павiнен успрымацца ўсiмi прысутнымi, а не толькi тымi, хто знаходзіцца ў першых радах.

На нетрадыцыйных сцэнiчных пляцоўках (у парку, Палацы спорта, на плошчы i інш.), дзе гледачы знаходзяцца на значным аддаленнi, персанаж ацэньваецца перш за ўсё па яго знешнім выглядзе, i ў такiх умовах вопратка акцёра вырашаецца як касцюм-вобраз, якi канцэнтруе ў сабе сутнасць персанажа. Змястоўнай насычанасцю i характарам пластычнага рашэння касцюм-вобраз ушчыльную наблiжаецца да лялькi. Ён да непазнавальнасцi мяняе не толькi выгляд акцёра, але i характар яго iгры [5, 34-35].

Падобныя касцюмы-вобразы на тэрыторыi Беларусi з’явiлiся яшчэ ў старажытныя часы: касцюмы-маскi дзеда-пачынальнiка, казы, каня, мядзведзя, жорава, чорта, смерцi ў калядных гуртах, аформленыя на кiвiлах акцёра-маскi ў прадстаўленнях кiрмашовага тэатра, жывыя батлеi ў касцюмах-масках i iнш. У цяперашні час творчыя здабыткi спадчыны нашых бацькоў i дзядоў атрымалi далейшае развiццё ў касцюмах-вобразах тэатралiзаваных шэсцяў i карнавальных дзей, ляльках-кукерах у лялечных прадстаўленнях i інш.

Гiсторыка-бытавыя касцюмы, насупраць, патрабуюць дэталёвай канкрэтызацыi ў адпаведнасцi з эпохай, жанрам, стылем, i перш чым прыступiць да стварэння эскiзаў касцюмаў, мастаку неабходна правесцi стараннае вывучэнне дакументаў: музейных экспанатаў, карцiн старых майстроў, лiтаратуры навуковай i фальклорна-этнаграфiчнай, даследаванне тканiн, характэрных для дадзенай эпохi.

 1.2. Пры падрыхтоўцы любога свята перад арганiзатарамi заўсёды паўстае праблема касцюмiравання ўдзельнiкаў, асаблiва ў тых выпадках, калi ў праграме святкаванняў ёсць эпiзоды гiстарычнай, карнавальнай накiраванасцi, масавыя вiдовiшчы i прадстаўленнi спартыўнага плана з выступленнямi гiмнастаў і сцяганосцаў, дзе iснуе неабходнасць апрануць сотнi людзей.

Пачынаючы распрацоўваць праграму касцюмiравання ўдзельнiкаў, галоўны мастак сумесна з загадчыкамi пастановачнай часткі на аснове вывучэння зацверджанага сцэнарыя павiнны дакладна высветлiць наступныя пытаннi:

1. Колькi чалавек трэба апрануць у кожным канкрэтным святочным дзеяннi?

2. Якiя канкрэтна i якога колеру касцюмы, абутак, панчохi, галаўныя ўборы патрэбны для матэрыяльнага забеспячэння святочнага дзеяння ў вызначаных мерапрыемствах?

3. Якiя арганiзацыi, установы, прыватныя асобы могуць садзейнiчаць рашэнню пытання касцюмiравання ўдзельнiкаў?

У тым выпадку, калi ў аргкамiтэта ёсць магчымасць пашырыць пэўную колькасць неабходных касцюмаў (гiсторыка-бытавыя, карнавальныя, спартыўныя, для галоўных дзеючых асоб), то галоўны мастак распрацоўвае эскiзы касцюмаў для кожнага канкрэтнага персанажа i тыповыя эскiзы для ўдзельнiкаў масавых выступленняў i дзеянняў. “Звычайна мастак прыступае да работы над касцюмамi адразу пасля здачы эскiзаў дэкарацый. Вобраз, знойдзены мастаком у эскiзе, павiнен задавальняць не толькi самога аўтара i быць прынятым рэжысёрам-пастаноўшчыкам, але i таго, каму гэты касцюм прызначаны, — акцёра. У працы над касцюмам мастаку прыходзiцца ўлiчваць асаблiвасцi фiгуры акцёра, яго iндывiдуальнасць, густы, яго асабiстае бачанне дадзенага персанажа” [1,  203-204].

Пры распрацоўцы эскiзаў галоўны мастак павiнен суадносіць на аснове кантрастнага прынцыпу колеры касцюмаў з колерамi архiтэктурнага i ланшафтнага асяроддзя, дзе адбываецца дзеянне, каб яны не злiвалiся, а набывалi яскравае, выразнае адценне, зручнае для ўспрымання гледачамi.

Падрыхтаваныя эскiзы зацвярджаюцца галоўным рэжысёрам на агульным пасяджэннi аргкамiтэта. Затым дырэктар або загадчык пастановачнай часткі дамаўляецца з пэўнымi арганiзацыямi (майстэрнямi тэатральнага таварыства, быткамбiнатамі, атэлье мод, кааператывамі i iнш.) аб пашыве неабходных касцюмаў згодна вырабленых эскiзаў. На рахунак вызначанай арганiзацыi пералiчваюцца грашовыя сродкi i высвятляюцца тэрмiны вырабу заказу, выкананне якiх кантралююць загадчык пастановачнай часткі i галоўны мастак.

У працэсе пашыву касцюмаў меркаваннi мастака з’яўляюцца вызначальнымi. Яго прысутнасць неабходная на ўсiх этапах гэтага працэсу — ад зацвярджэння канкрэтных тканiн, з якiх будуць вырабляцца касцюмы, дэкаратыўных упрыгожванняў бiжутэрыi i да канчатковых прымерак i прыёму касцюмаў.

Iншым спосабам забеспячэння касцюмiравання свята можа быць запрашэнне да ўдзелу ў яго праграме тых творчых калектываў, у якiх ужо ёсць неабходныя касцюмы.

Карнавальныя касцюмы можна прапанаваць зрабiць самiм удзельнiкам. Для гэтага звычайна аб’яўляецца конкурс на выраб i абарону карнавальнага касцюма з выдачай пераможцам грашовых прэмiй i каштоўных прызоў. У гэтым выпадку калектывам прадпрыемстваў, арганiзацый, устаноў даецца заданне аб падрыхтоўцы пэўнай колькасцi карнавальных касцюмаў пэўнай тэматыкi, але многія касцюмы вырабляюць непасрэдныя ўдзельнiкi карнавальных дзей з матэрыялу арганiзацыi або ўласнага. Часам набыццё матэрыялаў для вырабу такiх касцюмаў прадугледжваецца ў каштарысе, а вырабляюць iх удзельнiкi саматужным спосабам, што значна скарачае выдаткi агульнага каштарыса свята. Такая практыка даволi распаўсюджана, i яе вопыт мае сэнс выкарыстоўваць.

Калi ў аргкамiтэта зусiм адсутнiчае магчымасць для пашыву або арэнды касцюмаў, то забеспячэнне iмi ўдзельнiкаў адбываецца на аснове падбору з запасных гардэробаў у касцюмерных клубаў, Дамоў i Палацаў культуры.

Пашытыя, арандаваныя або падабраныя ў гардэробах культ-асветустаноў касцюмы мэтазгодна перадаць у цэнтральную касцюмерную свята, якую неабходна стварыць пры пэўнай установе цi арганiзацыi. Касцюмеры-апранальшчыкi забяспечваюць iх захаванасць i належны выгляд. У мэтах захавання касцюма месцы, якiя найбольш часта забруджваюцца ад грыму, трэба падшыць белымi стужкамi тканiны. Каб пазбегнуць блытанiны, а таксама для зручнасцi работы на ўсiх са- стаўных частках касцюма неабходна напiсаць прозвiшча выканаўца.

Наступны этап работы, якi ажыццяўляецца памочнiкамi рэжысёра пад кiраўнiцтвам галоўнага мастака, — распрацоўка для касцюмераў выпiскi на касцюмы, абутак i галаўныя ўборы ўдзельнiкаў свята. Гэтая выпiска адлюстроўвае назву свята, дзеючых асоб выканаўцаў, а таксама назвы i колеры касцюмаў, абутку i галаўных убораў, якiя будуць атрымлiваць удзельнiкi свята. Распрацаваная выпiска зацвярджаецца галоўным рэжысёрам свята.

 

 

Узор выпіскі

Касцюмы, абутак i галаўныя уборы для навагодняга свята

 

№ п/п Дзеючыя асобы i выканаўцы

Касцюм

і яго памер

Абутак

і Яго памер

Галаўны убор

і яго памер

1 Дзед Мароз —М.П. Кажух белы Пояс чырвоны Кашуля Штаны белыя 58/4   58/4 58/4 Валенкi белыя 43 Шапка белага колеру 57
               

 

Касцюмы ўдзельнiкам выдаюцца ў арганiзаваным парадку, за некалькi дзён да правядзення свята. Атрымлiваючы касцюм, удзельнiк свята павiнен даць касцюмеру распiску, у якой абавязваецца зберагчы яго i здаць у вызначаныя тэрмiны ў касцюмерную, або здаць пашпарт цi iншы дакумент.

Напярэдаднi свята, звычайна перад генеральнай рэпетыцыяй, у спецыяльна вызначаны час галоўны рэжысёр, мастак i касцюмеры праводзяць прагляд касцюмаў. Звычайна прагляды арганiзоўваюць на канкрэтным месцы святочнага дзеяння (стадыён, плошча, парк i да т.п.). Пажадана, каб выканаўцы розных роляў на праглядах касцюмаў паказвалiся не паасобку, а групамi. Справа ў тым, што асобны касцюм ва ўмовах архiтэктурнага або ландшафтнага асяроддзя, паказаны самастойна, глядзiцца iнакш, чым у агульным ансамблі. У групавым паказе найбольш вылучаюцца каларыстычныя адносiны памiж касцюмамi, дэкарацыямi i асвятленнем. На агульным фоне якая-небудзь дэталь аднаго касцюма можа выглядаць надта назойлiвай i засяроджваць увагу гледачоў, перашка- джаючы агульнаму ўспрыманню дзеi, або губляцца i не адлюстроўваць задачу мастака.

У вынiку прагляду адзначаюцца недахопы касцюмiравання, удзельнiкам i касцюмерам робяцца заўвагi, на аснове якiх здзяйсняецца замена цi пераробка касцюмаў.

У час правядзення свята касцюмеры павiнны быць у спецыяльна вызначаным месцы, каб у экстрэмальных сiтуацыях прыйсцi на дапамогу ўдзельнiкам свята: зрабiць дробны бягучы рамонт касцюмаў, адпрасаваць iх, памагчы апрануцца     i інш.

Вельмi важна прасачыць, каб адразу пасля завяршэння святочнага дзеяння выканаўцы здалi касцюмы (асаблiва арэндаваныя ў iншых арганiзацыях) у цэнтральную касцюмерную свята або непасрэдна касцюмеру на месцы святочнага дзеяння ў спецыяльна вызначаным для гэтай мэты памяшканнi.

 

1.3. Рэквiзiт, бутафорыя, мэбля з’яўляюцца важнымi выразнымi сродкамi мастацка-дэкаратыўнага афармлення свята. Яны дапамагаюць стварыць вобраз эпохi, удакладніць прыметы месца дзеяння, вылучыць асобныя рысы характару дзеючых асоб.

Слова «рэквiзiт» паходзiць ад лацiнскага requisitum, што азначае — “патрэбнае, неабходнае”. Рэквiзiт — гэта сукупнасць абсталявання i рэчаў, неабходных выканаўцам па ходу дзеяння. Часам рэквiзiт з’яўляецца дапаўненнем да сцэнiчнага касцюма (парасоны, кiйкi, партфелi, упрыгожваннi        i iнш.).

Рэквiзiт падзяляецца на зыходны, жывы, касцюмны, асабiсты i каштоўны.

Зыходным рэквiзiтам, гэта значыць рэквiзiтам, якi ўжываюць або знiшчаюць па ходу дзеяння, называюць ежу, напоi, тытунь, кветкi i iнш.

У жывы рэквiзiт уваходзяць жывёлы, птушкi, якiя ўдзельнiчаюць у свяце.

Да касцюмнага рэквiзiту адносяцца аксэсуары касцюма (завушнiцы, гадзiннiкi, пацеркi, кольцы, парыкi i iнш.).

Асабiстым рэквiзiтам называюць прадметы, якiя належаць выканаўцу.

Каштоўны рэквiзiт — прадметы, вырабленыя з каштоўных матэрыялаў, сапраўдныя аксэсуары якой-небудзь эпохi, прадметы, якія маюць мастацкую каштоўнасць.

Бутафорыя — несапраўдныя прадметы (скульптура, посуд, мэбля, дэталi касцюма i iнш.), што ўжываюцца ў святах, тэатралiзаваных прадстаўленнях, спартыўных i гульнёвых праграмах замест сапраўдных рэчаў. Электрычная бутафорыя — гэта прадметы бутафорыi, якiя ўяўляюць сабой асвятляльную арматуру светлавых i святлоэфектыўных прыбораў (люстры, лямпачкi, вогнiшчы, свечкi i iнш.). Механiчная бутафорыя — гэта прадметы, якія маюць механiзм, што прыводзiць iх у рух.

1.4. Работа над падрыхтоўкай рэквiзiту, бутафорыi i мэблi пачынаецца пасля канчатковага зацвярджэння сцэнарыя свята.

На пачатковым этапе асiстэнты рэжысёраў асобных эпiзодаў, зон дзеяння або фрагментаў на падставе аналiзу сцэнарнай асновы робяць пералiк рэчаў, якiя будуць ужывацца ў свяце. Пры неабходнасцi да гэтай работы далучаецца мастак, якi распрацоўвае эскiзы, чарцяжы i тэхналагiчнае апiсанне прадметаў рэквiзiту, бутафорыi, мэблi.

Складзеная з пералiкаў асобных зон дзеяння агульная выпiска на рэквiзiт, бутафорыю i мэблю (з абавязковым падзелам па эпiзодах цi зонах) зацвярджаецца галоўным рэжысёрам i перадаецца загадчыку пастановачнай часткі або дырэктару. Такая выпiска складаецца з некалькіх граф. У першай адзначаецца месца дзеі; у другой — персанажы i iх выканаўцы або назвы асобных калектываў; у трэцяй запiсваюць рэчы, якiя павiнны быць на пляцоўцы дзеяння; у чацвёртай — рэчы, якiя нарыхтоўваюць за межамi пляцоўкi або за кулiсамi; у пятай — рэчы, якiя выдаюць выканаўцам на рукi.

Пасля першых нарад складаецца каштарыс на набыццё, арэнду i выраб неабходнага рэквiзiту, бутафорыi i мэблi, якi перадаецца ў бухгалтэрыю свята.

У аргкамiтэт свята дырэктар падае спiс арганiзацый, якiя могуць вырашыць пастаўленыя пытаннi, дзе i размяшчаецца заказ пасля зацвярджэння каштарыса. Выраб, арэнда цi падбор i набыццё неабходных прадметаў адбываюцца пад кантролем загадчыка пастановачнай часткі або дырэктара свята. Падабраныя рэчы паказваюць рэжысёру i мастаку, якiя выяўляюць, цi можна iх выкарыстоўваць у прадстаўленым выглядзе, што патрабуецца перарабiць або адрамантаваць.

Для абслугоўвання рэпетыцыйнага працэсу рэквiзiтар рыхтуецца загадзя, падбiрае ўмоўны рэквiзiт i ўмоўную мэблю. На гэтай стадыi падрыхтоўкi свята няма патрэбы ў выкарыстаннi сапраўдных прадметаў, таму што яны ў час рэпетыцый могуць сапсавацца або страцiць свой вонкавы выгляд цi тэхнiчныя якасцi. Таму, напрыклад, пры рэпетыцыях спартыўных фрагментаў сцяганосцам замест сцягаў выдаюцца толькi шасты; гiмнасткам, якiя выступаюць з гiрляндамi, — дротавую аснову гiрлянды. Што датычыцца сцэнiчных баявых паядынкаў, то тут замест мячоў, шабляў i кiнжалаў   удзельнiкi атрымлiваюць адпаведныя сапраўдным прадметам драўляныя вырабы — палкi, дубiны i інш. Да пачатку рэпетыцый рэквiзiтару трэба высветлiць, якiм транспартам неабходныя рэчы будуць дастаўлены на рэпетыцыi i пасля іх заканчэння — да месца iх захоўвання, а таксама, хто будзе займацца пагрузачнымi работамi.

Непасрэдна на рэпетыцыi трэба наладзiць цэнтралiзаваную выдачу ўдзельнiкам неабходных прадметаў. Адначасова неабходна ўлiчваць, што гэты працэс кожны раз павiнен адбывацца ў адным i тым жа месцы — там, дзе будзе знаходзiцца рэквiзiтарскi пункт непасрэдна на свяце. Пасля кожнай рэпетыцыi выканаўцам (асаблiва ўдзельнiкам спартыўных выступленняў — гiмнасткам, сцяганосцам) трэба абавязкова напамiнаць аб здачы выкарыстанага на рэпетыцыi рэквiзiту, бутафорыi. Часта здараецца так, што пастаноўшчыкi i кiраўнiкi калектываў не надаюць належнай увагi гэтаму арганiзацыйнаму моманту, i таму некаторыя ўдзельнiкі забываюць свой рэквiзiт. У вынiку губляецца частка гiрляндаў, шастоў, мячоў, парасонаў, жэрдак, кветак i арганiзатары вымушаны шукаць дадатковыя сродкi для iх набыцця, што выклiкае незапланаваныя выдаткi i павялiчвае агульны каштарыс свята. Таму пасля заканчэння рэпетыцыi трэба на некалькi хвiлiн затрымаць удзельнiкаў, каб яны пад кiраўнiцтвам трэнераў, настаўнiкаў, асiстэнтаў рэжысёраў здалi рэпетыцыйны рэквiзiт.

На рэквiзiтара ўскладаюцца таксама абавязкi па дагляду жывёл i птушак, неабходных па ходу дзеi. Гэта работа ажыццяўляецца iм у садружнасцi з трэнерамi спартыўных школ, прадстаўнiкамi адпаведных аматарскiх аб’яднанняў i прыватнымi асобамi, запрошанымi да ўдзелу ў свяце. Колькасць прызначаемых рэпетыцый з жывёламi i птушкамi ў кожным канкрэтным свяце вызначаецца па-рознаму. Напрыклад, для конных груп, якiя выконваюць нескладаныя дзеi, дастаткова двух—трох рэпетыцый, звычайна прагонных, i генеральнай. Для правядзення паказальных выступленняў коннiкаў спачатку трэба наладзiць спецыяльныя рэпетыцыi, а затым ужо падрыхтаваны нумар праглядзець на прагонных рэпетыцыях або на генеральнай. Пры ўвядзеннi ў структуру прадстаўленняў выступлення дрэсiраваных птушак i жывёл (мядзведзяў, малпаў, сабак, кошак i iнш.) на рэпетыцыю можна запрасiць толькi iх гаспадароў, якiм растлумачыць усе аспекты iх дзеяння, паказаць месцы выхаду, выступлення, эвакуацыi, а затым пад адпаведную фанаграму правесцi прагон гэтых нумароў з удзелам гаспадароў птушак i жывёл. Запуск у паветра галубоў i iншых птушак трэба ажыццяўляць непасрэдна на свяце, растлумачыўшы iх гаспадарам на рэпетыцыi толькi характар дзеяння, яго месца i час. У гэтым выпадку непасрэдна на свяце запуск птушак у паветра з вызначанага месца i ў прызначаны час павiнен пракантраляваць асiстэнт рэжысёра, спецыяльна замацаваны за гэтым фрагментам святочнага дзеяння.

Арганiзатарам неабходна ўлiчваць, што да ўдзелу ў свяце дапускаюцца толькi тыя жывёлы i птушкi, якiя знаходзяцца пад ветэрынарным кантролем, адпаведным чынам выдрэсiраваны i падрыхтаваны да дзеяння.

На рэпетыцыях, як i на свяце, для жывёл i птушак трэба адвесці асобнае месца, якое павiнна знаходзiцца ў зоне iх дзеяння непасрэдна на свяце. Пры гэтым дзеля пазбягання розных непаразуменняў нi ў якiм разе не трэба размяшчаць побач без шчыльнай агарожы сабак i кошак, кошак i птушак, нестэрылiзаваных разнаполых жывёл i інш.

Жывёл перад пачаткам выступлення трэба непрацяглы час патрымаць на галодным пайку або даць узмоцненую фiзiчную нагрузку («абагнаць»), каб яны маглi апаражнiць свае страўнiкi. Гэта неабходна для таго, каб у час святочнага дзеяння ўсё тое, што змяшчаецца ў iх страўнiках, жывёлы ў вынiку ўзбуджанага стану не апаражнiлi на пляцоўку. Такiя выпадкi на свяце заўсёды выклiкаюць незапланаваную рэакцыю гледачоў, што адмоўна адбiваецца на агульным ўспрыманнi дзеi i часта перашкаджае яе далейшаму правя-   дзенню, асаблiва, калi пасля жывёл выступаюць харэаграфiчныя i пластычныя групы, спартыўныя калектывы. Але калi ўсё ж такi на свяце такое “дзеянне” жывёл адбылося, арганiзатарам на гэты выпадак трэба прадугледзець падрыхтоўку спецыяльных прыбiральшчыкаў з мятлой i рыдлёўкай, якiя хутка выправяць казуснае здарэнне.

У склад рэквiзiту, якi падаецца на пляцоўку дзеяння або акцёрам на рукi, часам уваходзяць ежа, напоi, цыгарэты, посуд, папера, паветраныя шары i iншыя рэчы, якiя ўжываюць або знiшчаюць па ходзе дзеяння. Гэты рэквiзiт, якi называюць зыходным, павiнен фiнансавацца з каштарыса свята. У тым выпадку, калi поўнасцю фiнансаваць гэты артыкул выдаткаў не ўяўляецца магчымым, частку рэквiзiту, напрыклад паперу, цыгарэты, можна прапанаваць удзельнiкам выкарыстаць з асабiстых запасаў.

Зыходны рэквiзiт падаецца выканаўцам у дзень свята. Пры гэтым неабходна ўлiчваць, што паветраныя шары, метэаралагiчныя зонды, лялькi на аснове шароў рэкамендуецца на-   дзьмуць непасрэдна перад пачаткам свята лiтаральна за паўгадзiны—гадзiну да пачатку дзеяння. У адваротным выпадку яны могуць раней тэрмiну здзьмухнуць, згубiць сiлу пад’ёму i не ўзляцець у паветра. Ежа, пiтво i іншае падаюцца выканаўцам непасрэдна ў час святочнага дзеяння або за некалькi хвiлiн да пачатку таго цi iншага фрагмента.

Увесь рэквiзiт, акрамя зыходнага, а таксама бутафорыю неабходна выдаваць пад распiскi кiраўнiкоў груп тэатралiзацыi або асобных выканаўцаў. У гэтых распiсках удзельнiкi павiнны пералiчыць атрыманыя рэквiзiт i бутафорыю i даць абавязацельствы аб вяртаннi іх у вызначаны тэрмiн (звычайна адразу пасля заканчэння свята). За своечасовай здачай рэквiзiту павiнны прасачыць асiстэнты рэжысёра.

Пасля заканчэння свята галоўны рэжысёр, дырэктар свята, бухгалтар i рэквiзiтар складаюць акт спiсання зыходнага рэквiзiту, якi быў выкарыстаны або знiшчаны ў час правядзення святочных дзеянняў. Акт спiсання рэквiзiту зацвярджаецца старшынёй аргкамiтэта.


Дата добавления: 2018-04-04; просмотров: 256; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!