Правапіс літары “у”. Правапіс мяккага знака і апострафа



Правапіс у, ў:

Нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем пасля галосных:

пры чаргаванні [у] з [ў]:

· у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць), сонца ўзімку (месяц узімку), крыкі «ўра» (крык «ура»), для ўніята (з уніятам), ва ўніверсітэце (перад універсітэтам), на ўзвей-вецер (сцяг узвіўся), ледзьве ўчуў (раптам учуў);

· у сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыенцыя, саўна, фаўна, аўдыякасета, аўра, даўн, джоўль, каўчук, маўзер, маўр, паўза,раўнд; але: траур;

· пры чаргаванні [л] з [ў]: даў, мыў, казаў, змоўклі, воўк, шоўк, шчоўк, поўны, коўзкі, моўчкі, паўметра, боўтаць; але: палка, памылка, сеялка,Алдан, Алжыр, Албанія, Волга, Валдай, Балгарыя;

· пры чаргаванні [в] з [ў]: лаўка (лава), крыўда (крывы), зноўку (новы), аўса (авёс), бацькаў (бацькавы), кроў (крыві), любоў (любові), кароў(карова), гатоў (гатовы), аўчына, аўторак, каўбой, аўгур, Аўстрыя, Аўдоцця, Аўрора, Каўказ, Боўш, Роўда, аўгіевы стайні; але: краіна В’етнам, рака Влтава, армія В’етконга, змаганне за В’енцьян.

У канцы запазычаных слоў ненаціскное у не скарачаецца: фрау, Шоу, Ландау, Каратау, Дахау, Цеміртау, ток-шоу, ноу-хау.

Гук [у] пад націскам не чаргуецца з [ў]: да у'рны, Брэсцкая у'нія, групоўка у'льтра, норма і у'зус, насілі у'нты, чулася у'ханне, ау'л, бау'л, ау'каць,у выклічніках у (у, нягоднікі!), ух (ух ты!), уй (уй, які смешны!).

Гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх.

Гук [у] на пачатку ўласных імён і назваў заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае без надрадковага значка: ва Узбекістан (для ўзбекаў), на Уральскіх гарах (на ўральскіх дарогах), на Украіне (за ўкраінцаў), за Уладзіміра, каля Уладзіслава, да Усяслава.

Правапіс мяккага знака і апострафа

Змякчальны мяккі знак

Літара ь (мяккі знак) ужываецца для абазначэння мяккасці зычных з, л, н, с, ц, дз:

· на канцы слова: столь, верасень, мядзведзь, мазь, вось;

· у сярэдзіне слова перад цвёрдымі зычнымі: пісьмо, вазьму, дзьмуць; літара ь пішацца і тады, калі пры змяненні слова цвёрды зычны чаргуецца з мяккім: пісьмо – у пісьме, вазьму – возьмеш, дзьмуць – дзьме;

· пасля мяккага [л’] перад зычным (цвёрдым або мяккім): пальцы, гульня; выключэнні – словы з падоўжанымі зычнымі: галлё, ралля, вяселле.

Літара ь (мяккі знак) пішацца ў некаторых граматычных формах:

· перад канчаткам -мі ў назоўніках творнага склону множнага ліку, а таксама перад суфіксам -чык, калі слова без гэтага суфікса канчаецца на -нь:людзьмі, калясьмі, агонь – агеньчык, камень – каменьчык;

· перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў: чэрвеньскі, ліпеньскі, студзеньскі; а таксама ў слове восеньскі;

· у суфіксах прыметнікаў -еньк-, -эньк-, аньк-: маленькі, старэнькі, свежанькі;

· у складаных лічэбніках: пяцьдзесят, дзевяцьсот;

· у дзеясловах загаднага ладу перад суфіксам -ся ў зваротных дзеясловах і перад суфіксам -це ў форме 2-ой асобы множнага ліку, калі гэтыя дзеясловы ў адзіночным ліку загаднага ладу канчаліся на ь: сустрэнься, гляньце; перад канчаткам 1-ай асобы множнага ліку -ма: гляньма, едзьма;

· у няпэўных займенніках і прыслоўях: хтосьці, кагосьці, кудысьці, калісьці; а таксама у слове ледзьве.

Літара ь (мяккі знак) не пішацца:

· пасля мяккіх зычных перад мяккімі, калі пры змене слова абодва зычныя становяцца цвёрдымі ці застаюцца мяккімі: дзве – два, збіраць – зборы, песня – песні;

· пры перадачы падоўжаных зычных: жыццё, калоссе, насенне;

· перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -нь, калі гэтыя назоўнікі – не назвы месяцаў: любанскі, разанскі, цянь-шанскі;

· пасля літар ж, ш, дж, ч, р, якія абазначаюць зацвярдзелыя гукі; б, п, м, ф, якія абазначаюць губныя гукі: рэжце, Сібір, рэч, верф, восем, стэп.

Раздзяляльны мяккі знак і апостраф

Для абазначэння раздзельнага вымаўлення зычных з галоснымі е, ё, ю, я, і выкарыстоўваюцца ь (раздзяляльны мяккі знак) і ’ (апостраф).

Раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля зычных дз, з, с, л, н, ц перад е, ё, ю, я, і, калі яны абазначаюць два гукі - [йэ], [йо], [йу], [йа], [йі]: паштальён, мільярд, парцье; але булён.

Апостраф пішацца:

· пасля прыставак, якія канчаюцца на зычны, перад е, ё, ю, я, перад націскным і: з’езд, раз’юшаны, аб’інець;

· у сярэдзіне слоў пасля зычных перад тымі самымі галоснымі: бар’ер, сям’я, вераб’і;

· у складаных словах пасля частак двух-, трох-, чатырох-: двух’ярусны, чатырох’ярусны.

Пасля ў (нескладовага) апостраф не пішацца: салаўі, здароўе.

 


Дата добавления: 2018-02-28; просмотров: 1256; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!